A R C H E A d a m H l o b u s № 5 (10) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


52000
» да Зьместу «

 


АДАМ ГЛОБУС
 


альбомная проза

 
Вокладка ARCHE Adam Hlobus 5-2000. На вокладцы выкарыстаныя фотаздымкі Алены Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Францішак Хлус (Уладзіслаў Ахроменка)
Марцін Юр (Максім Клімковіч)

Здані і пачвары Беларусі
Тэхнатронныя здані

Блуд метрапалітэнны

Даследчыкі пячораў і сутарэнняў даўно заўважылі, што ў чалавека, які апынуўся пад зямлёй, назіраюцца адхіленні ў псіхіцы: парушаецца часова-прасторавае ўспрыманне свету, блытаюцца лева і права, перад і зад. Але калі раней, да навукова-тэхнічнае рэвалюцыі, пад зямлю апускаліся хіба што спелеолагі, скарбашукальнікі ды аматары смяротнае рызыкі, то цяпер пасажыраплыні метрапалітэнаў зацягваюць долу штодня мільёны людзей. Сітуацыя пагаршаецца тым, што людзі, збітыя ў натоўп, у чаканні цягнікоў нервуюцца, а іхнія адмоўныя і агрэсіўныя імпульсы не знаходзяць выйсця ў замкнёнай прасторы жалезабетонных лёхаў станцыі. Бетонныя сцены экрануюць гэтыя імпульсы і ўзмацняюць, вяртаючы іх у натоўп.

З даўніх часоў невытлумачальныя і змрочныя падзеі пачалі адбывацца і ў мінскім метрапалітэне. Вось што паведамляецца ў афіцыйным рапарце дзяжурнага па станцыі „Кальварыйская“ на імя міністра падземных камунікацыяў і сховішчаў:

„31 лютага мінулага году ад станцыі ў гадзіну ночы адышоў у бок Аўтазаводскай апошні цягнік, але праз пяць хвілінаў мне затэлефанаваў дзяжурны па дэпо — да яго цягнік так і не прыйшоў. Мы абследавалі ўвесь тунэль з ліхтарамі, але ніякіх слядоў гэтага цягніка намі знойдзена не было. Тэлефонныя размовы з дзяжурнымі па ўсёй лініі таксама не далі аніякіх вынікаў. На падставе гэтага прашу спісаць з майго падуліку казённыя ватоўку і боты, якія ляжалі ў кабіне машыніста“.

Далейшае расследаванне аддзелу транспартнай міліцыі паказала, што ватоўку і боты дзяжурны занёс дахаты, але цягнік знік сапраўды. Знайшоўся ён толькі на трэці дзень, нечакана апынуўшыся на запасных шляхах. Машыніст быў п’яны страшэнна і абсалютна не мог растлумачыць сваёй трохдзённай адсутнасці. Справу хацелі закрыць, але следчага зацікавілі паказанні пацярпелага пасажыра, нейкага пісьменніка-дэтэктыўшчыка А., які сцвярджаў, што падобныя рэчы здараліся і раней, але ніхто, нават нешматлікія сябры, не давалі яму веры, бо лічылі, што ён, вялікі аматар позніх застолляў у рэстарацыях і ў бары Саюза Пісьменнікаў ды распусты ў кватэрах самотных паненак, спрабуе падобным чынам апраўдацца. Спраўдзіць словы А. было цяжка; следчыя эксперыменты, тым не менш, не далі аніякіх вынікаў. Пра гэтую гісторыю ўспомнілі ў сувязі з наступным.

 
   

Той А. стала займаўся літаратурным вывучэннем полавых адхіленняў і стэрэагамных парадоксаў, апісваючы іх у галоўнай працы жыцця, кнізе пра хцівых пачвараў. Ён і ягоная лабарантка, не маючы прыдатнага месца для літаратурнай навукі, вырашылі правесці пазалабараторныя літаратурныя даследаванні ў экстрэмальнай сітуацыі — у апошнім цягніку метро.

На канцавой станцыі яны не пакінулі вагон, а схаваліся пад сядзеннямі. Дэтэктыўшчык і лабарантка моцна здзівіліся, калі прайшло паўгадзіны, а цягнік не прыехаў у дэпо — ён імчаў па, здавалася, бясконцым тунэлі. Кнопка выкліку машыніста не працавала.

Нарэшце цягнік прыйшоў на нейкую незнаёмую станцыю, якая не была пазначана на ніводнай схеме. З дынаміка прагучаў д’ябальскі рогат, у якім пераляканаму пісьменніку-дэтэктыўшчыку пачуліся словы: „Канцавая станцыя — „Блуд“. Цягнік далей не ідзе. Просьба пакінуць вагоны.“

А. і лабарантка выйшлі на платформу і агледзеліся. На станцыі не было ані эскалатараў, ані нават прыступак. Літаратар са спадарожніцай, не маючы іншага выйсця, вырашылі выбірацца праз тунэль. Яны ішлі па рэйках цэлую гадзіну і, убачыўшы наперадзе святло, прыспешылі крок. Але якім было іхняе расчараванне, калі небаракі пабачылі тую самую станцыю! Стомленыя блуканнем у цемры, цікаўнікі селі ў вагон. Лабарантка была ў роспачы, А. — таксама, і, не бачачы іншага выйсця, разумеючы, што жыццё скончана, лабарантка прапанавала А. аддацца блуду.

„Гары яно гарам, такое каханне“, — згадаў А. свой паэтычны радок, але вырашыў не пярэчыць.

Апрануўшыся, А. і ягоная памагатая спачатку не заўважылі, што яны не толькі памяняліся майткамі, але і надзелі іх навыварат.

„Што ні раблю, адны памылкі спрэс“, — згадаў дэтэктывіст яшчэ адзін уласны радок, але ж майткі ўсё ж вырашыў не пераапранаць.

Пасля акту небаракі паспрабавалі зрабіць другую спробу выбрацца са станцыі „Блуд“. Гэтая спроба была паспяховай — неўзабаве дэтэктыўшчык з лабаранткай апынуліся на станцыі „Кальварыйская“, дзе здаліся дзяжурнаму міліцыянту.

 
   

А праз тры дні цягнік зноў з’явіўся на запасным шляху дэпо. Гэтым разам таксама машыніст не мог даць верагодных тлумачэнняў гэтаму здарэнню. Станцыю „Блуд“ так і не змаглі адшукаць, а выяўленая анамалія была падобная да тых, што назіраюцца ў зачараваных урочышчах і заклятых гаёх, якія ў народзе носяць назоў Блуд. Старыя людзі гукаюць, што з іх можна выбрацца, толькі надзеўшы вывернутую вопратку, — інакш заўсёды будзеш вяртацца на тое месца, з якога выйшаў. Цікавае, але спрэчнае думкі наконт знікнення цягнікоў прытрымліваецца адзін маскоўскі навуковец, добраахвотны памочнік следчага, вядомы сваімі юдафобскімі настроямі: ён сцвярджае, нібыта вядучы інжынер праекту мінскага метрапалітэну Х.Шапіра запраектаваў разваротнае кола для цягнікоў у форме кальца Мёбіюса, праехаўшыся па якім, цягнік трапляе ў іншае вымярэнне. Падставамі для такога сцвярджэння з’яўляецца тое, што Х.Шапіра, спраектаваўшы мінскае метро, не дачакаўся завяршэння будаўніцтва і адразу ж з’ехаў ці то ў сектар Газа, ці то на заходні бераг ракі Ярдан.

Што тычыцца дэтэктыўшчыка А., тая прыкрая гісторыя так уразіла яго, што ён, па чутках, кінуў не толькі вытанчаную распусту з самотнымі паненкамі, але і значна большыя заганы — паленне тытуню і ўжыванне алкаголю. Зрэшты, зласліўцы сцвярджаюць, што А. кінуў распусту, алкаголь і нікатын адно з прычыны паталагічнае сквапнасці, якая з узростам пачала прагрэсаваць.

З гэтага фантастычнага, але праўдзівага здарэння вынікае, што нават выпадкова надзетыя навыварат майткі могуць уратаваць не адно пісьменніцкае жыццё…

1995

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (10) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-08-2000