|
|
Зьміцер Лапцёнак Нататкі пра менскіх падлеткаў
Менскае выхаваньне
Расказваў мой брат. Летам сядзеў ён, рыхтаваўся да экзамэну. І тут са двара пачуўся танюсенькі дзіцячы голас:
— Ба-бу-ля! Ба-бу-ля!
І так пранізьліва, што за душу кранае. І раз за разам. Малое ўсё кліча ды кліча. Усе думкі павыкідала. Брат зачыніў вокны, хаця і было вельмі сьпякотна. Не дапамагае. Відаць, тая бабуля таксама за зачыненымі вокнамі жыве. Тады брат паставіў Scooter.
— Ба-бу-ля! Ба-бу-ля!
Урубіў Nirvana. Дарма. Пайшоў схаваўся ў туалет. Плаксівы галасочак усё просіць і просіць.
— Ба-бу-ля! Ба-бу-ля!
Праз дваццаць хвілін мой брат „зламаўся“, пабег на балькон, каб накрычаць на гэтага румзу. Але тутака акурат малое змоўкла. Брат паглядзеў на двор і ўбачыў: бабуля з трэцяга паверху спускае ўніз на нітачцы нейкую цацку, а малое стаіць унізе і пляскае ў далоні.
Менскі нацы(яналі)зм
Перад нашым домам — невялікая, неарганізаваная стаянка машын. Нехта збоку ад стаянкі насыпаў купу друзу — мо хацелі дарогу паасфальтаваць, дзіркі пазалепліваць, але, як звычайна, дачакалі восеньскіх дажджоў. Гуляў я неяк са сваім малым на двары. Малы ў калысцы, сьпіць. Я ARCHE чытаю і адною рукою калыску пагойдваю. Тут лямант чуецца. Бачу — трое хлапчукоў гэтымі камянюкамі шпуляюцца. Адзін стаіць акурат на той крушні і бароніцца ад двух, якія праводзяць вызваленчую апэрацыю супраць захопніка, грунтуючыся на тым, што орган, на якім сядзяць, у яго чорнага колеру. Малыя змагары шпурлялі каменьне і з кожным каменем дасылалі такія словы, якія нат я не ўжываю і нават ня ведаю.
Малы „захопнік“ (сапраўды трохі смуглявы) моўчкі браў з крушні жменю і чаргою пасыпаў ува ўсе бакі. Тымчасам праходзіў яшчэ адзін хлопчык, даволі добра апрануты. Убачыўшы бойку, ён у адным сказе паўтарыў усе тыя словы, якія я толькі пачуў ад малых. У прыблізным перакладзе на літаратурную мову гэта было: „Што вы робіце!? Тут жа ж машына майго бацькі!“. Яму адказалі, што „дык ... гэты ... чорны ...“ Ён, зразумела, стаў дапамагаць суайчыньнікам. Пасьля да іх далучыліся яшчэ колькі „вызваліцеляў“.
Дарослыя калі-нікалі папракалі гэтых хлапчукоў: „Спыніце гэты лямант!“ ці „Глядзіце: пападзеце ў машыну — ногі-рукі паабломваю!“. Але бачу, падыходзіць да іх стары дзядок. „Мужыкі, — кажа, — вы вельмі добра кідаецеся. Але хто з вас найлепшы?“ Паставіў нейкае палена на амаль рассыпаную крушню і кажа: „Давайце па адным шпурляйце ў палена“. Малыя пачалі закідваць раскіданыя каменьчыкі назад. Ужо лічаць, „я трапіў 5 з 8“, „а я лепш, нават 7 з 9“. Зноў наблізілася пагроза сваркі. Тады дзядок кажа: „Вы ўсе добра кідаеце. Але ж кожны паасобку вельмі слаба. Ці можаце вы перакуліць палена?“ Сапраўды, адным каменем — немагчыма. „Паспрабуйце ўсе разам!“ Вось такім спаборніцтвам было спынена этнічнае ганеньне, а раскіданыя камяні сабраны ў кучу.
Менскае сяброўства
Ёсьць у менскім мэтро асаблівая станцыя, „Першамайская“, выдатная тым, што дзьверы там адчыняюцца з правага боку. На „Нямізе“ зайшла групка вясёлых падлеткаў, праціснуліся да правага боку і пачалі аб нечым прыколвацца. На „Кастрычніцкай“ народу паменшала. І вось пад’ехалі да правабокай. Дзьверы адчыніліся, і хлапцы, шуткуючы, пачалі выштурхоўваць адзін аднога з вагону. Апошні, якога выпіхнулі, убіўся ў вагон адначасова з закрыцьцём дзьвярэй. Але — бяда! Край паліто застаўся знадворку. Ён цягне — патроху выцягнуў. Толькі кішэню ня можа. Нешта (мо запалкі ці цыгарэты) не дае ўцягнуць паліто ўнутро. Сябры яго аж паляглі ад сьмеху. Яны весяляцца, а той хлапчук усё хмурнее. Ну, вось і апошняя станцыя, „Просьба пакінуць вагоны“, зноў намаганьні адчапіцца ад халерных дзьвераў. Але дарэмна. Дзьверы зачыняюцца, цягнік з хлапчуком едзе ў цемру, а яго сябры, узрушаныя і задаволеныя, спакойна йдуць на выхад. „Сам прападай, а таварыша выручай“, ці „Прападай ты сам“.
Менскія гульні
Расказваў былы супрацоўнік. Ішоў раз мужык са сваёю жонкаю. Мужык такі асілак, як кажуць, два на два, боксам ці барацьбой нейкай займаецца. Было ўжо позна, поначы, зіма. Ідуць яны, насустрач трое хлапчукоў. Усё па схеме. „Мужык, дай закурыць!“ Мужык дужы такі, здаравідла, ён і чатырох дарослых не збаяўся б. А тут — малалеткі, да пупа ледзь дастаюць. Ён дастае запальнічку, працягвае. Далейшае адбываецца за тры сэкунды. Раз. Адзін хлопчык хапае мужыка за руку й ламае яму вялікі палец. Другі б’е яму паміж ног. Трэці штурхае гэтае ўжо безабароннае цела ўбок. Два. Мужык з рыкам валіцца ў сьнег. Хлапчукі хапаюць сумачку ў кабеты, шапку і запальнічку ў мужыка. Тры. Вуліца пустая. Стаіць ашарашаная цётка. Ды ў сьнезе корчыцца волат, плачучы ад крыўды, што яго „зрабілі“ нейкія недаросткі.
|
|