A R C H E A d a m H l o b u s № 5 (10) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


52000
» да Зьместу «

 


АДАМ ГЛОБУС
 


 

 
Вокладка ARCHE Adam Hlobus 5-2000. На вокладцы выкарыстаныя фотаздымкі Алены Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Ян Максімюк
Прыручэнне дэманаў

Дамавікамерон“1 Адама Глобуса выйшаў у 1994-м годзе у…

Але, сапраўды, дзе ён выйшаў? Калі браць фармальна — у Беластоку, бо там быў надрукаваны. Хаця напісаны быў у Менску, а адрэдагаваны ў Вільні. Гэтыя тры месты пазначаныя ў выходных звестках выдання. Але яго цяжка прыпісаць да нейкага пэўнага месца ў традыцыйным сэнсе. У духу канца стагоддзя і тысячагоддзя, аплеценага павуціннем Iнтэрнэту, можна было б сказаць, што кніга з’явілася на сэрвэры „беларуская літаратура“, назвы ж трох гарадоў выступаюць тут толькі ў якасці тэхнічных дадзеных, нечага накшталт кампутарнага адрасу.

Казус з кнігай Адама Глобуса яшчэ раз пераканаўча сведчыць, якая сітуацыя склалася ў беларускай літаратуры і культуры, паказвае яе „віртуальны адрас“ у часапрасторы, не прыпісаны да пэўнага „абжытага“ месца. Бо няма такога фізічнага месца, дзе б беларуская літаратура адчувала сябе паўнавартасным гаспадаром ці жыхаром. Акрамя беларускай мовы, зразумела. Аднак мова — не фізічная прастора. Але яна не ёсць і проста інструментам. Нішто не цэментуе сучаснай беларускай нацыі мацней і не з’яўляецца найважнейшай яе асновай, як мова, нават калі большасць беларусаў усё яшчэ не ўсведамляе таго факту і застаецца ў атамізаваным і аморфным стане homo sovietikus’aў. Мова ўсё яшчэ дае беларусам шанец знайсці шлях да ўласнай тоеснасці, наноў стацца гаспадарамі шэрых загонаў нічыйнай зямлі, якія сёння завуцца Рэспублікай Беларусяй. Ніякія іншыя нацыянальныя чыннікі не могуць і блізка споўніць гэтую ролю.

Пакаленне Адама Глобуса, выхаванае ў расійскамоўных гарадах Савецкай Беларусі, сярод чужых галасоў і чужых сцен, адшукала шлях да ўласнага дому акурат дзякуючы роднай мове. Расійская мова, нягледзячы на тое, што ёю ў Беларусі карыстаюцца як удома, так і ў публічным жыцці, для нацыянальнай культуры ўсё яшчэ застаецца мёртвай мовай. Гэта правінцыйны, другасны від расійскай мовы, адарваны ад жывых народных гаворак і таму асуджаны на неаўтэнтычнасць і маргінальнасць насуперак высілкам тутэйшых русіфікатараў. Расійскамоўная літаратура, што ствараецца ў Беларусі, гэта прадукцыя другога і трэцяга гатунку не толькі ў „імперскім“ маштабе, але і ў лакальным, „<пост>каланіяльным“, вымярэнні. Так было цягам цэлага перыяду беларускай савецкай літаратуры, калі рэй у ёй вялі Максім Танк, Янка Брыль, Уладзімер Караткевіч і Васіль Быкаў, якія пісалі па-беларуску. Тое самае назіраем і цяпер, калі на першыя месцы заступілі Алесь Разанаў і Уладзімер Арлоў ды маладзейшыя Ігар Бабкоў і Адам Глобус.

Адам Глобус (у рэчаіснасці Уладзімер Адамчык) нарадзіўся ў 1958 годзе ў мястэчку Койданава (у савецкай рэчаіснасці Дзяржынск) каля Менску. Пра сваё паходжанне сам ён кажа наступным чынам: У мяне класічная біяграфія пісьменніка ў другім пакаленні. Мой бацька нарадзіўся ў вёсцы пад Наваградкам, які на той час быў пад Польшчай. Стаў класікам беларускай літаратуры. Усюды ў нас знаны і паважаны. Мая ж маці — бібліятэкарка. Таму нарадзіўся я ў тыповым літаратурным клімаце. Выхоўваўся ў сяброўстве з шырока вядомымі беларускімі літаратарамі, зрэшты не толькі з імі, але і расейскімі, казахскімі і наагул савецкімі, бо ў свой час бацька вучыўся на вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Рос у літаратурным асяроддзі, аж пакуль нарэшце сам не стаў пісьменнікам (Kartki 1/97, Беласток). Удакладнім, што бацька Адама Глобуса — празаік Вячаслаў Адамчык, аўтар, як і належыцца класіку, тэтралогіі, у якой разгортваецца шырокая панарама падзеяў у Заходняй Беларусі напярэдадні і пад час другой сусветнай вайны. Брат Адама таксама бавіцца літаратурай, ён напісаў пару цікавых тэатральных п’есаў ды празаічных твораў з мяжы дэтэктыўнага і прыгодніцкага жанраў.









1 У перакладзе на польскую мову назва кнігі гучыць як „Дэманакамерон“.
Дамавік (які мае цэлы шэраг рэгіянальных найменняў: дамавы, хатнік, гаспадар, падпечнік, хоплік) у беларускай народнай дэманалогіі азначае хатняга духа (д’ябла), якому ў польскай народнай дэманалогіі няма дакладнага адпаведніка.
   

 
Перш чым стаць аўтарам „Дамавікамерону“, Адам Глобус скончыў Менскі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) па спецыяльнасці, што тады называлася „манументальная графіка“. А ў 1988 годзе з’явілася дэбютная кніга 30-гадовага аўтара: паэтычны томік „Парк“2. Потым у менскіх дзяржаўных выдавецтвах выйшлі яшчэ дзве кніжкі яго апавяданняў: „Адзінота на стадыёне“ (1989) і „Смерць-мужчына“ (1992). Пачынаючы са зборніку паэзіі „Скрыжаванне“ (1993) Глобус пачаў выдаваць свае кнігі ў недзяржаўных выдавецтвах і ўвогуле за свае грошы. Тады ўжо ён мог сабе гэта дазволіць фінансава.

Першыя кніжкі Адама Глобуса ўвогуле выклікалі ўмераную зацікаўленасць крытыкі і чытачоў. Вядома, пісьменніка добра ведалі ў Менску, але хутчэй праз бацьку, чым праз уласную творчасць. Выданне „Дамавікамерону“, на нашу думку, адной з найцікавейшых з’яваў у беларускай прозе 90-х, таксама прайшло амаль незаўважаным. Толькі тагачасны орган Саюзу Пісьменнікаў Беларусі штотыднёвік „Літаратура і мастацтва“ назваў кнігу агіднай, а самога аўтара аднёс да каршуноў, якія жыруюць на найпадлейшых інстынктах постсавецкай публікі, што прагне чарнухі і парнухі пасля доўгага прымусовага чытацкага посту.

Больш несправядлівую ацэнку „Дамавікамерону“ і Глобуса — беларускамоўнага пісьменніка — і прыдумаць цяжка. Бо цяжка жыраваць у Беларусі на чым-кольвек, што звязанае з беларускай мовай. Наклад кнігі ў 1994 годзе не перасягнуў 1000 асобнікаў, але няма сумневу, што яшчэ й сёння ў аўтара ў хаце знайшлося б досыць нераспакаваных пачкаў з „Дамавікамеронам“. Рэч у тым, што ў пасляваенны перыяд беларуская справа ў Савецкай Беларусі павярнулася на 180 градусаў і абясцэнілася літаральна на вачах. Ад беларускай мовы — якую ў 60-х скрозь лічылі ганебным кляймом мужыцкага (калгаснага) паходжання — на працягу наступных двух дзесяцігоддзяў масава адмаўляліся як у публічным, так і ў прыватным жыцці. Выжыла мова адно ў артыстычных ды інтэлектуальных асяродках. Сёння выкарыстанне беларускай мовы ў Менску з’яўляецца самай пэўнай адзнакай, што адрознівае інтэлектуальную эліту ад плебсу. Эліта вымагае элітарнай літаратуры, і Глобус не можа не ведаць пра тое. Таму што дакладна ведае, што чытае плебс.

Бо ж Адам Глобус — ці не найбуйнейшы вытворца масавай літаратуры на абшары былога Савецкага Саюзу. На расійскай мове, зразумела. Попыт на гэткага роду літаратуру не абмінуў і Польшчы, а таксама многіх іншых краінаў былога лагеру. Насуперак чаканням, не эротыка і не парнаграфія завалодалі ўяўленнямі і сэрцамі мільёнаў кнігалюбаў на тэрыторыях толькі што здабытай выдавецкай і чытацкай свабоды, а Hollywood-made dreams, увасоблены ў безлічы harlequin-аў, romance’аў, judith-kranz’аў i danielle-steele’аў. На постсавецкай прасторы, апроч таго, неверагоднай папулярнасцю карысталіся бразільскія тэлесерыялы. Напачатку Глобус працаваў сам, пішучы працягі папулярных літаратурных хітоў ды штампуючы раманы паводле тэлесерыялаў, што дэманстраваліся на расейскім тэлебачанні. Іх наклады сягалі мільёну асобнікаў. Рынак і попыт раслі, таму Глобус стварыў нешта накшталт цэху менскіх пісараў, якія заняліся перанясеннем на паперу тэлевізійных гісторыяў і пісаннем працягаў самых розных заходніх бестселераў. Гэты працэс быў пастаўлены на шырокую нагу і даваў добрыя грошы. Пры даволі напружаных выдавецкіх тэрмінах (тэлесерыялы ўвогуле паказвалі пару разоў на тыдзень) даводзілася карыстацца дыктафонамі і наймаць спецыяльных кур’ераў, якія аператыўна дастаўлялі стужкі з запісамі ў Маскву.

Слынны жалезны сейф Глобуса, у якім сабраныя звыш 100 тамоў тварэнняў фірмы „Глобус & Со“, стаў легендаю менскага літаратурнага асяроддзя. Мяркую, што не толькі дачка Скарлет са „Знесеных ветрам“, але і яе ўнучка патрапілі ў новыя версіі кніжных лёсаў з-пад пяра, так бы мовіць, калектыўнай беларускай Маргарэт Мітчэл. Ігар Бабкоў, менскі паэт і празаік, гэтак выказаўся пра ўсюдыіснасць свайго сябра Адама Глобуса на постсавецкім выдавецкім рынку: „Калі бачу новую заходнюю назву на паліцы менскай кнігарні, маім першым памкненнем з’яўляецца патэлефанаваць да Адама і запытацца, ці гэта кніга ягоная, ці нейкага рэальнага аўтара“ (з выступу на літаратурным семінары „Бязмежжа“ ў Гайнаўцы ў 1996 г.). Несумненна, у гэтай дзейнасці не ўсё ў парадку з аўтарскімі правамі, але не ўздымаецца ў мяне пяро, каб напісаць хоць слова асуджэння на адрас Глобуса і ягонай фірмы. Бо апроч масавай прадукцыі Глобус займаецца і сапраўднай літаратурай, а яго фірма дае сталы заробак добраму груду менскіх літаратараў, якія ў іншым выпадку мусілі б зарабляць сабе на жыццё значна далейшымі ад літаратуры заняткамі.

Згаданая непрыхільная (і адзіная) рэакцыя менскага штотыднёвіка „Літаратура і мастацтва“ на „Дамавікамерон“ тлумачылася, як падаецца, дзвюма асноўнымі прычынамі. Першая з іх звязана з успадкаваным ад савецкай эпохі суцэльным табу на эротыку і секс у літаратуры. Другая палягае ў неадэкватным прачытанні паслання кнігі і прыпісванні аўтару інтэнцыяў, якіх ён у сапраўднасці не меў.

Відавочна, „Дамавікамерон“ выкарыстоўвае эратычна-сексуальныя матывы настолькі шчыра і непасрэдна, што можа вымагаць пэўных агаворак не толькі ў беларускага чытача, які не меў ніякага ўзору такой літаратуры на сваёй мове, але і ў звычайнага польскага чытача, які мае багаты выбар літаратуры „на гэтую тэму“, як у перакладах, гэтак і ў айчынным пісьменстве. Прынцып, што „ў Савецкім Саюзе сексу няма“, які ўмацоўваўся дзесяцігоддзямі, падрыхтаваў грунт для аўтаматычнай грамадскай рэакцыі ў Беларусі: закрананне сексуальнай тэматыкі, не звязанай з натуральнай рэпрадукцыяй, з’яўляецца праявай маральнага разлажэння, калі не парнаграфіі. Гэта набыты ўмоўны рэфлекс, які выступае незалежна ад розуму.

Я перакананы, што нельга сур’ёзна абгрунтаваць і тую тэзу, быццам мэта аўтара ў „Дамавікамероне“ была выклікаць сексуальнае ўзбуджэнне ў чытача, інакш кажучы, пад літаратурнай шыльдай працягці парнаграфію. У такім сэнсе нашмат больш парнаграфічнымі будуць жаночыя раманы, нягледзячы на тое, што тэхналогія іхнай вытворчасці выключае выкарыстанне пэўных даслоўнасцяў і сцэнаў тыпу hard core. Але інтэнцыі soft-core’авых жаночых раманаў несумненна больш непрыстойныя, чым даслоўнасці Глобуса.

Глобус ступіў у зону, якой раней не наведваў ніводзін з беларускіх пісьменнікаў, і падрабязна апісаў сваё падарожжа. Здаецца, апісанне тутака — дакладнае слова, бо людзі, што ў курсе справы, без усялякіх сумненняў сцвярджаюць, што не менш за 80 працэнтаў гісторый, апаведзеных у „Дамавікамероне“, здарыліся на самай справе ці то з удзелам аўтара, ці то яго знаёмых, якія пасля апавялі яму пра свае прыгоды (натуральна, калі выжылі). (Астатнія 20 працэнтаў гісторый адносяцца да такіх выпадкаў, у якіх ніводзін сведка не выжыў.)

Вартая адзначэння яшчэ адна вонкавая прыкмета прозы Глобуса: тапаграфія месцаў апісаных падзей пададзена з абсалютнай дакладнасцю. З „Дамавікамеронам“ можна зведаць Менск значна лепш, чым з афіцыйным планам гораду, які застаўся наўмысна скажоны, каб заблытаць арыентацыю заходніх разведчыкаў у беларускай сталіцы.

Секс з’яўляецца інтымным заняткам, у якім чалавек акрамя вопраткі скідае таксама ўсялякія іншыя маскі, дазваляе сабе пабыць „дэманам пажады“. У таталітарным грамадстве ён быў той сферай свабоды і натуральнасці, над якой дзяржава не мела кантролю, а таму спрабавала выракчы яе на неіснаванне, выкрасліць з грамадскай свядомасці. Глобусу ўдалося ўвайсці ў яе, зазірнуць пад штодзённую афіцыёзную маску homo sovieticus’a і паказаць глыбока схаваную чалавечнасць у яе прыродных камічна-жаласна-ўзнёслых разнавіднасцях і сітуацыях. Паказаць з суперажываннем. Магчыма, акурат з той прычыны ў кароткіх апавяданнях Адама Глобуса найрэльефней з усёй беларускай літаратуры спаўняюцца рэалістычныя пастулаты. Усе гісторыі не толькі адпавядаюць жыццёвай праўдзе (як мы вызначылі, усе яны маюць сваёй крыніцай рэальныя падзеі), але і літаратурнай праўдзе, г.зн. ствараюць пэўную літаратурную рэальнасць, у якой часткі і цэлае не супярэчаць і якая фармуе літаратурна замкнёны і самадастатковы свет. Гэта адна з асноўных характарыстык добрага пісьменства.

Уключэнне ў кантэкст менскіх эратычна-сексуальных гісторый (дый не толькі такіх) цэлага легіёну беларускіх дэманаў, д’яблаў і русалак некаму можа падацца залішне адвольным і штучным, арыентаваным на дасягненне сумнеўных эстэтычных мэтаў. Хачу рашуча запярэчыць. Няма нічога больш літаратурна і жыццёва апраўданага, чым такое намаганне ў стасунку да Менску. Бо Менск той горад, дзе genius loci не ўвасобіўся ні ў Големa, ні ў Цмока Вавэльскага. Ён быў заселены зборышчам лесавікоў, палевікоў, хутаў, вупыроў, русалак і кадукоў з балатоў, азёраў, лугоў, рэк, бароў, урочышчаў і гаёў блакітнавокай Беларусі. Уся гэтая чартаўшчына асела ў горадзе разам з перасяленцамі з вёсак, якія прынеслі ў сталіцу свой напалову паганскі светапогляд разам з сялянскімі забабонамі, прымхамі і страхамі. З пачатку 60-х да пачатку 90-х насельніцтва Менску павялічылася амаль на мільён жыхароў. І перадусім міграцыя з вёскі, а не якісьці ўсплёск нараджальнасці абумовілі натуральны рост сталіцы. Дык вось, секс для тых перасяленцаў быў адной з праяваў дэманічных сілаў прыроды, якіх належала хутчэй засцерагацца, чым шанаваць. Таму дэманічная метафара Глобуса ў адносінах да беларускага эратызму ёсць трапнай і адэкватнай.

У „Дамавікамероне“ Адам Глобус паддае беларускага чытача двайному выпрабаванню — не толькі правярае ягоныя маральна-звычаёвыя ўстоі, але й прымушае яго пры чытанні кнігі прызвычаіцца да сексуальна-эратычнай лексікі, якой карыстаецца аўтар. З гэтага пункту гледжання Глобус — амаль піянер у беларускім пісьменстве. Пераклад на польскую мову не сустрэў вялікіх цяжкасцяў — яна ўжо вывучыла і пайменавала сексуальна-эратычную сферу крыху далей і шырэй. З беларускай мовай горш. Досыць нагадаць, што два ключавыя словы для вырашэння мастацкай задумы Глобус мусіў папросту прыдумаць, каб пазбегнуць выкарыстання агульнавядомых у славянскіх мовах вульгарызмаў, медычных тэрмінаў ці эўфемізмаў, запазычаных з мовы добра выхаваных дзяцей. А шмат якія іншыя словы і выразы у пэўных кантэкстах упершыню з’явіліся толькі на старонках кнігі Глобуса. Мяркую, што гэтыя лінгвістычныя эксперыменты аказаліся бясспрэчным поспехам аўтара.

Наапошку варта абмовіцца параю словаў пра назву кнігі Адама Глобуса, якая ўзыходзіць, бясспрэчна, да „Дэкамерону“ Джавані Бакача. У „Дамавікамероне“ не толькі актыўна выкарыстоўваюцца эратычныя матывы ў якасці рухаючай сілы апавяданняў, ён мае таксама значна больш істотнае падабенства з неўміручай кнігай вялікага тасканца. Як і Бакача, Глобус ахапіў сваёй увагай шырокую галерэю самых розных грамадскіх постацяў і тыпаў. „Дамавікамерон“, як і „Дэкамерон“, гэта спроба выявіць сугучную свайму часу „чалавечую камедыю“. Твор тасканца адзначыў канец Сярэднявечча і пачатак Рэнесансу ў Італіі. Аповеды Глобуса, будзем спадзявацца, адзначылі канец панурай эпохі homo sovieticus’а і пачатак нацыянальнага рэнесансу ў Беларусі.

Кніга, як было згадана, прайшла незаўважанай у Беларусі. Магчыма таму, што з’явілася не ў самы лепшы час для літаратуры наагул, калі большасць людзей заклапочана эканамічнай, а не літаратурнай, рэчаіснасцю. А магчыма таму, што заўчасна з’явілася ў беларускай літаратуры, спрабуючы як хутчэй скрышыць бастыёны эстэтычных схільнасцяў мінулай эпохі. У любым разе, толькі ў адным месцы „беларускай віртуальнай культурнай прасторы“ кнігу Глобуса прынялі з энтузіязмам і задавальненнем: якраз у Беластоку, дзе кніга друкавалася па-беларуску, а цяпер выходзіць у перакладзе на польскую мову. Некаторыя выразы з „Дамавікамерону“ сталі чымсьці накшталт своеасаблівых пароляў, якія выклікаюць культуралагічныя і этналінгвістычныя асацыяцыі, а таксама выбухі дэкамеронаўскага смеху сярод беластоцкіх беларусаў (тых, зразумела, хто яшчэ ў стане чытаць па-беларуску). Іх група нешматлікая, але затое заўзятая. Доказам таму — гэтае выданне.

Прага, май 1998

Гэты тэкст быў упершыню надрукаваны па-польску
як пасляслоўе да польскага выдання кнігі Адама Глобуса Demonokameron.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by





2 У практыцы беларускай савецкай літаратуры гэта быў зусім не позні век для дэбютнай кніжкі. На схіле 80-х незалежных выдавецкіх ініцыятыў амаль не існавала, а бюракратычная машына Саюзу Пісьменнікаў Беларусі маладымі лічыла 30—40-гадовых пісьменнікаў і толькі такім выдзяляла паперу і грошы на друк з афіцыйнага фонду.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (10) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-08-2000