A R C H E A d a m H l o b u s № 5 (10) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


52000
» да Зьместу «

 


АДАМ ГЛОБУС
 


Адам Глёбус

 
Вокладка ARCHE Adam Hlobus 5-2000. На вокладцы выкарыстаныя фотаздымкі Алены Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Адам Глобус
Настаўнікі
Аўтапартрэтныя эцюды

1958(?) год. Баба Ядзя і начоўкі

Ляжу ў начоўках каля печы, ногі спавітыя пялюшкаю. Баба Ядзя рукою палівае мне на грудзі цёплую ваду і кажа: „А-ці-ці, а-ці-ці… Пасмейся, Валодзя. Усміхніся…“. Усміхаюся. „Ён смяецца!“ Да мяне нахіляецца блакітнавокі твар.

1959 год. Бацька і насавая хустачка

Мне купляюць вялікі шматок цукровай ваты. Ем. Салодкая да пякучасці тая залацістая вата. „Які ты мурзаты!“ — бацька дастае насоўку, слініць ражок і выцірае мае шчокі. Хустка пахне вільготным тытунём. Непрыемна. Крыўлюся. „Нельга хадзіць такім мурзатым“, — кажа бацька майму крыўлянню.

1960(?) год. Маці і горкія лекі

Цёмны кабінет акуліста. Выгнутае люстэрка накіроўвае сляпуча-балючае святло мне ў вока. Дакторка закапвае лекі ў вочы. Рэжа так, што ледзь не сікаюся. На вуліцы не лепш. І самы страх ахоплівае ў прадуктовай краме. Процьма людзей у белых халатах. „Баюся, баюся, баюся…“ Маці суцяшае: „Не бойся, гэта не дактары, а прадаўцы“. Дома яна ўгаворвае піць горкую мікстуру з лыжачкі. Каўтаю стаічна і кажу: „Калі трэба, дык трэба“. Сказ пра „трэба“ жыве ў сям’і і дагэтуль.

1961 год. Прабаба Маня і абрабаваныя могілкі

„Ніколі не біце каменнем партрэты на могілках і крыжы не ламіце, а то рукі адсохнуць па самыя плечы. Адсохнуць рукі і паадвальваюцца. Да вайны хлопцы з Латышавых паадломлівалі крыжы з помнікаў; рукі ў іх адваліліся. Потым маці з лыжачкі карміла. І жыдоўскія камяні не чапайце, не перакульвайце, не сядзіце на іх“, — так вучыць мяне і Толіка Кісяля прабаба Маня. Толік, старэйшы за мяне на два гады, верыць, а я не веру.

Цяпер Толік ходзіць у царкву, сведчыць праўду Хрыстову, перажывае, што я не патраплю ў Рай, а я не магу ўявіць, як я сяджу ў Пекле, а Толік глядзіць на мяне з Райскага парку. І тых адсохлых рук уявіць я не магу.

1962 год. Дзед Бронік і насценны гадзіннік

Каля печы вісіць гадзіннік з чорнымі стрэлкамі і срэбнымі гіркамі ў форме яловых шышак. Па гэтым гадзінніку дзед вучыць мяне распазнаваць час. Мы сядаем снедаць, і дзед доўга і старанна расказвае пра палажэнні стрэлак у адпаведнасці з часам. Мне нават дазваляюць указальным пальцам круціць вастрадзюбыя стрэлкі. Першае, што я запомінаю, — 6 гадзін, вялікая ўгору, а маленькая долу.

 
   

 
1963 год. Дзед Бронік і забытая мянташка

Зранку, як усталі, ідзём з дзедам Бронікам касіць траву трусам. Ён з касою, а я з посцілкаю. Адышліся ад дому мо з кіламетр, як дзед згадвае, што забыўся мянташку. Я бягу па яе. І туды, і назад — усё бегма. „Добра ты, Валодзя, бегаеш — роўна. Так і бегай. І рабі ўсё роўненька, не спяшайся“. Каб жа так і атрымлівалася — бегма і роўна.

1964 год. Мама і запалкі

Маці дае ў дарогу запалкі. Запалак сем, як і станцый, што мінаю на цягніку: Мінск-Таварная, Памыслішча, Пціч, Воўчкавічы, Фаніпаль, Бярэжа, Станькова. На кожнай станцыі, калі кранаецца цягнік, я ламаю запалку напалам. А калі цэлых запалак не застаецца, сыходжу на наступнай станцыі Койданава і іду да бабы Ядзі, якая і прыдумала даваць у дарогу запалкі.

1964 год. Эма і Клаўдзія

У дзіцячым садку мяне вучаць адрозніваць навобмацак дрэвы, мыць рукі „кружочкам“, не саромецца, калі прашуся ў прыбіральню, любіць паркі і скверы. Я ўдзячны выхавацелькам Эме і Клаўдзіі.

1965 год. Бацька і насавая хустачка

Тата прыводзіць мяне ў дзіцячы сад. Каля брамы развітваемся. О, як мне не хочацца ісці ў сад. І раптам згадваю, што забыўся ўзяць насавую хустачку. Бягу праз сквер. Даганяю бацьку. Ён аддае мне сваю насоўку. Яна смачна пахне папяросным тытунём. „Нельга быць такім забыўчывым“, — кажа бацька да маёй стрыжанай патыліцы.

1966 год. Тата і лісты Ван Гога

Тата збіраецца адведаць сваіх бацькоў. Ён бярэ ў мамы грошай, каб набыць сандалі для бабы Броні. Ідзе ў краму і вяртаецца з кніжкаю замест абутку. Бацька прыносіць шыкоўнае, па тым часе, выданне лістоў Ван Гога. У бацькі сентымент да творчасці геніяльнага галандца. Ён нават аўтабіяграфію пачынае са сказа пра Вінцэнта: „Каб я меў шчыры талент Ван Гога, я б намаляваў сваю вёску не ў жоўта-сініх, а ў шарых танах“. Сандалі, вядома, набываюцца і завозяцца ў шарую вёску. А ў нашай кватэрнай бібліятэцы Ван Гог — адна з найдаражэйшых кніжак, па якой я вучуся маляваць, пісаць і любіць брата.

1967 год. Міша Пракоф’еў і намаляваны тралейбус

У трэцім класе 1 верасня да нас прыводзяць другагодніка — Мішу. Ён зусім не ведае арыфметыкі і піша на двойкі. Чытае кепска — па складах, як дашкольнік. А вось малюе Пракоф’еў фенаменальна. Крэйдаю на ўсю дошку ён выкрэслівае тралейбус у перспектыве, з коламі, штангамі і вадзіцелем за шклом. Мне даручаюць вучыць Мішу рашаць задачы і прыклады, а Пракоф’еў бярэцца навучыць мяне маляваць. Малюем мы разам, а арыфметыку я раблю за дваіх. Мастацтва, дзякуючы Мішу Пракоф’еву, захоплівае маю душу.

1967 год. Сяргей Каткоў і Ганна Соладава

Настаўніца ў маіх першых класах — ідыётка, добразычлівая дэбілка і генеральская жонка. Завуць яе Ганна Соладава. Бацькі лічаць, што прыроднай дабрыні дастаткова для пачатковай адукацыі, такое меркаванне трымаецца да той пары, пакуль у маім сшытку не з’яўляюцца сказы: „Кравец кроіт кровлю“ і „Маша памыла раму і шыбініцу“. Беларускую мову прыходзіць выкладаць іншы добры цяльпук па мянушцы Фантамас, які ўрокі навылёт чытае вершыкі і апавяданні з кнігі „Арляняты“. Пэўна, таму я з радасцю езджу на трамваі ў студыю да мастака Сяргея Каткова і малюю індзейцаў, якія самаахвярна змагаюцца за незалежнасць з бледнатварымі бандытамі-акупантамі. Калі гутарка заходзіць пра першага настаўніка, я згадваю Сяргея Пятровіча Каткова.

1968 год. Каміля Мілько і Пражская вясна

Сястра матчынага айчыма — цётка Каміля — у 1968 годзе выходзіць з камуністычнай партыі. І не проста выходзіць, а з гвалтам на ўсё Койданава. І хто б мог падумаць, што ў нашым мястэчку пачнуцца хваляванні з-за ўводу савецкіх салдат у Прагу! Цётка Каміля ваявала: абараняла Піцер, а потым прайшла палову Еўропы. Якраз Прагу яна й вызваляла. Чэхі віталі савецкае войска. А тут раптам чэхі сталі здраднікамі, і савецкія танкі едуць па пражскім бруку. Каміля Мілько, дырэктарка гатэлю, надзяе пінжак з медалямі ды ідзе ў райкам партыі. „Чэхі не маглі здрадзіць!“ — „А вось і здрадзілі“. — „Не веру! А калі яны здраднікі, дык вось вам мой партбілет!“ Кідае і сыходзіць. У яе забіраюць прэстыжную працу. Але яна ніколі не пашкадуе пра свой учынак. Яна робіць з паперы вянкі на магілу. Уся Каміліна хата ў тых вянках. Мужны чалавек — цётка Каміля. Я вучуся ў такіх жанчын.

 
   

 
1969 год. Святлана і дуля з пальцаў

У трэці клас я хаджу на трэцюю змену, у 16.15. У класе 57 вучняў, і мы сядзім па трое за двухмеснай партаю. Школа перапоўненая. Вучоба ідзе абыяк. Маладзенькая настаўніца Святлана не спраўляецца з дысцыплінай і ставіць калы па паводзінах. Тых калоў толькі я збіраю поўны дзённік. І апошні атрымліваю за фігу. На вачах у класа я паказваю Святлане дулю. Яна бяскрыўдна разважае пра тое, што разумныя хлопцы ажэняцца з разумнымі дзяўчатамі… „Адамчык возьме замуж Стэльмах“. „Во на!“ — кажу я і скручваю з пальцаў кукіш. Пасля заняткаў Святлана просіць правесці яе дамоў. Зусім нечаканая прапанова. Па дарозе яна кажа, што любіць мяне і не хацела пакрыўдзіць, а самае галоўнае – я мушу змяніць свае хамскія паводзіны. Я слухаюся і больш не паказваю настаўнікам хвігаў.

1970 год. Дзед Валодзя, камень і пуга

„Валодзя, ты на Кумагеравых і Лазовікавых не глядзі, яны дурнаватыя і будуць цябе падвучваць каменем карову запыняць, не слухай, лепш падбяжы і пугай яе джыгні. А каменем можна карову скалечыць, вока выбіць. Бяды не абярэшся. Ты лёгкі і бегаеш добра, табе прабегчыся — толькі сілы набрацца“. Слухаю я дзеда Валодзю, а сам думаю: нічога той карове не будзе, калі каменем упяку па скабах; думаць думаю, але запыняць лётаю з пугай.

1971 год. Анатоль Александровіч і дарослыя малюнкі

Мой сваяк Анатоль Александровіч вучыцца на мастака. Я захапляюся ягонымі малюнкамі. І, як магу, пераймаю Анатолеву манеру. Менавіта ў Александровічавых акварэлях я бачу розніцу паміж дарослым і дзіцячым малюнкамі. Дзякуючы Анатолю я станаўлюся дарослым.

1972 год. Мама і Жан-Батыст Сымон Шардэн

Ад першага наведвання Эрмітажу, куды мяне прыводзіць маці, застаецца яркі ўспамін пра невялікае палатно Шардэна „Нацюрморт з атрыбутамі мастацтва“. Я набываю паштоўку з рэпрадукцыяй сціплага рэчавіка і падоўгу разглядаю яе. Пазней, у гісторыі мастацтва, я вычытваю сказ: „На вастрыі пэндзля ў Шардэна было само жыццё“. Так-так, менавіта тое жыццё і ўражвае маю душу школьніка.

 
   

 
1973 год. Барыс Забораў і Поль Сэзан

Бацька не верыць у мае мастакоўскія здольнасці і адгаворвае паступаць у вучэльню. „Скончы школу, а там пабачым“. Я ўпіраюся. Бацька запрашае свайго перакладчыка на расейскую Навума Кісліка і мастака Барыса Заборава, каб ацанілі мае малюнкі. Забораў хваліць восеньскія краявіды. Кажа: „Калі ў яго на кніжнай паліцы стаіць альбом Сэзана, ён на правільным шляху“. Дзякуючы Сэзану і Забораву бацька пагаджаецца на маё паступленне ў мастацкую вучэльню.

1974 год. Святлана Шчамялёва і кавалачак крэйды

Калі не люблю які з прадметаў, дык гэта фізіку. Ненавіджу фізіку, так званую навуку аб прыродзе, з вельмі простай прычыны: у фізіку, як у сметніцу, скінулі ўсё, што не трапіла ў іншыя дакладныя навукі. Промні, вага, хуткасць, атамы, вектары блытаюцца ў маёй галаве. На апошнім іспыце па фізіцы я вярзу суцэльную абракадабру. Выкладчыца, жонка мастака Шчамялёва, задае мне дадатковае пытанне, і нервы мае ўспыхваюць. У руках я трымаю кавалачак крэйды, які разломваю напалам. Белыя драбочкі пырскаюць з пальцаў. „Валодзя, нашто так хвалявацца, я стаўлю табе чацвёрку“. Паводле законаў той самай фізікі разламаць маленькі кавалак крэйды я не павінен быў бы, а вось жа трушчу.

1975 год. Аляксей Марачкін і жодзінскія сутарэнні

Мастак Аляксей Марачкін ніколі не выкладаў у мяне, але ягоны прыклад — мастак павінен быць сумленны перад самім сабою — натхняе. Першы раз я бачу Аляксееву майстэрню ў жодзінскіх сутарэннях. Уражвае. Вядомы мастак, а працуе ў сутарэннях. Толькі як працуе... Колькі вучняў мае… З Жодзіна ў мастацкай вучэльні займаецца процьма студэнтаў, і ўсе яны абіралі творчы шлях дзякуючы Марачкіну. Гэты перыяд — жодзінскі-падземны — я дагэтуль лічу найбольш плённым у творчасці Аляксея.

1976 год. Уладзімер Караткевіч і крэслы

З дому № 68 на вуліцы Апанскага, які стаіць насупраць Кальварыйскіх могілак, я з бацькамі і братам пераязджаю на вуліцу Маркса ў дом № 36. Пасля бруднага пад’езду, што смярдзіць смеццеправодам, мяне радуе не столькі чысціня новага пад’езду, колькі крэслы на кожнай лесвічнай пляцоўцы. Крэслы паставіў Караткевіч для сваёй старэнькай маці. Тады яшчэ не было кодавых замкоў і дамафонаў, таму крэслы намёртва прымацоўваюцца дротам да батарэяў. Вось такая ўвага да любімага чалавека застаецца мне прыкладам. А што больш за ўсіх на свеце Уладзімер Караткевіч любіў сваю маці, скажа кожны, хто яго ведаў.

1976 год. Сандзя Адамчык і фізкультура

Бацькаў стрыечны брат — Сандзя — хацеў стаць савецкім генералам, але ў савецкіх маршалаў і генералаў ёсць свае дзеці, якія не адмаўляюцца стаць наследнымі генераламі. І колькі Сандзя ні намагаецца, генералам не становіцца, хоць і вучыцца ў Маскве, і служыць у Казахстане, дзе мае ядзерную ракету. „За колькі ты прабягаеш 100 метраў?“ — пытаецца Сандзя. Я не ведаю, як не ведаю, на якую вышыню і даўжыню магу скочыць. „Што ж ты за мужчына, калі не ведаеш?“ Спрачацца з палкоўнікам Адамчыкам я не хачу, але войска вельмі не люблю, таму зазначаю, што гранату кідаю на сорак пяць метраў. „Гранату на 45 — гэта добра. Толькі трэба бегаць!“ І я пачынаю бегаць і бегаю ў парку амаль штодня.

1977 год. Міхась Савіцкі і інстытут

Каб паступіць у інстытут, на аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, даводзіцца шукаць падтрымкі. Такая завядзёнка: рэкамендацыі, паручыцельствы, пераправеркі. Тым больш, што мой выкладчык жывапісу Альгерд Малішэўскі настойліва раіць паступіць вучыцца на графіка. „Будзеш кніжкі афармляць, булку з маслам есці“, — агітуе мэтр. Ён не толькі кажа, ён дапамагае арганізаваць мне і Валодзю Сцепаненку выставу. Запрашае на адкрыццё галоўнага інстытуцкага графіка — Васіля Шаранговіча з галоўным жывапісцам Пятром Крахалёвым. І рэкамендуе Сцепаненку і мяне. І вось тут маё: „А я ўсё адно буду манументалістам“. Карацей, чыста ў сваім стылі, на роўным месцы спатыкаюся і нажываю ворага. Каму патрэбны студэнт, які пярэчыць выкладчыку? Высветлілася — Савіцкаму. Міхась Савіцкі разам з драматургам Мікалаем Матукоўскім глядзяць мой дыплом і тэлефануюць да Вашчанкі — галоўнага манументаліста. У інстытут мяне бяруць.

1977 год. Алег Хадыка і свядомасць

Філосаф Алег Хадыка пераконвае мяне, што свядомасць чалавека ўтвараюць чатыры рэчы: мастацтва, эротыка, рэлігія і навука. Абвергнуць гэтую тэзу не магу. Пакуль што не магу.

 
   

 
1978 год. Баба Броня і ведзьмакі

Баба Броня кажа, каб не даваў рукі старым людзям, як яны маюць паміраць. Тлумачыць тым, што чортава сіла не дае лёгкай смерці, а праз руку можна гэтую сілу перадаць іншаму чалавеку, што жанчыне лягчэй перадаваць хлопцу, а мужчыну лягчэй, калі руку падасць дзяўчына. Баба Броня, калі тое расказвае, сядзіць на ложку, а я тым часам, седзячы за сталом, малюю чырвоныя дзверы дзедавай хаты. Праходзіць, можа, хвілін пяць, я і забываю пра бабіны словы. А яна раптам на ўсю хату: „Прасіць будуць, а ты не давай рукі!“. Так і запамінаецца папярэджанне.

1978 год. Алесь Жук і першая публікацыя

Алесь Жук прачытвае мае вершы і кажа: „Надрукую“. Кажа і нешта пазначае ў нататніку. І выдрукоўвае мае опусы ў тыднёвіку „Літаратура і мастацтва“. Ніводная публікацыя не прынесла больш радасці за тую першую. Ніводзін з рэдактараў не ўмее так трымаць слова, як Алесь Жук. Толькі я ўсё саромеюся папытаць, а што ён пазначаў у сваім чароўным нататніку.

1978 год. Іван Стасевіч і мая амбітнасць

У падручніку па гісторыі ёсць фотаздымак: на фоне спаленага ў 1945 годзе берлінскага Рэйхстагу стаіць сын палка Іван Стасевіч. Легендарны чалавек выкладае ў мяне жывапіс. Аднаго разу, пастаяўшы каля майго палатна, ён гаворыць: „Я ўсё думаю, чаму гэта ты нікога не слухаеш, а малюеш так, як захочаш. А цяпер вось разумею: ты хочаш, каб пра цябе ўсе гаварылі. І табе неістотна, што скажуць — кепскае ці добрае. Можа, так і трэба. Малюй сабе, што хочаш…“

1979 год. Баба Броня і палітыка

У вёску да бабы Броні я прывожу паказаць свае вершы з фотаздымкам, надрукаваныя ў часопісе „Маладосць“. „Вось і ты, як і твой бацька Чэсь, пачаў займацца вершыкамі. А я й яму казала, і табе скажу… Кепскі гэта занятак. Палітыка. А палітыкаваць не трэба. Не палітыкуй, Валодзя. Уся гэта палітыка заканчваецца аднолькава, давядзецца ўцякаць у Польшчу ці куды далей. Мой брат, Ян Шайбак, таксама палітыкаваў, а цяпер каля мора ў Польшчы жыве і сюды прыехаць не можа…“

1979 год. Гіём Апалінэр і Радзіма

Вершамі Апалінэра я захапляюся доўга. Чытаю і перачытваю па-беларуску ў перакладах Эдзі Агняцвет, па-расейску, па-польску і нават знаёмага француза Бруна Баду ўгаворваю пачытаць уголас арыгіналы. Я збіраю ўсё, што магу знайсці пра геніяльнага лірыка ХХ стагоддзя. Я малюю сто, а можа і болей партрэтаў Гіёма Апалінарыя Кастравіцкага, нашчадка тых, хто са зброяю ў руках адстойваў польскую і беларускую дзяржаўнасць. Малюю забінтаваную галаву чалавека, параненага пры абароне Радзімы. Апалінэр мне падабаецца ўвесь цалкам з цёплымі кальсонамі, якія вельмі любіў насіць.

1980 год. Уладзімер Ракіцкі і маляванне

Мастак Уладзімер Ракіцкі вучыць мяне маляваць. Уласна малюнку ён мяне і не вучыць. Мы разам малюем увечары. Калі ў маіх малюнках ёсць хоць кропля мастацтва, дык дзякуючы таму, што я малюю поплеч з Ракіцкім.

1980 год. Міхась Раманюк і барока

Нармальныя адносіны з мастацтвазнаўцам Раманюком складаюцца ў мяне, толькі калі станаўлюся літаратарам. Студэнтам я канфліктую з ім. І Раманюк помсціць. На іспыце па гісторыі мастацтва я ўсё выдатна распавядаю яму пра барока, стыль, якім захапляюся. А ён ставіць чацвёрку, за мае фанабэрыстыя паводзіны на лекцыях. Помсціць. Зрэшты, за паводзіны мне ставяць і тройкі па малюнку, і калы па архітэктурнай кампазіцыі… Варта ўсё ж вярнуць адзнаку па паводзінах ва ўсіх навучальных установах. А то выдатна ведаеш барока, а табе заніжаюць адзнаку з-за паводзінаў — крыўдна.

1981 год. Уладзімер Караткевіч і алкаголь

Аднойчы, прачытаўшы мае пачаткоўскія вершыкі, Уладзімер Караткевіч кажа: „Ніколі не пішы ў п’яным стане“. І я не пішу ніводнага нецвярозага радка. Гэтую параду я выконваў і выконваю. А вось другую яшчэ трымаю пра запас. „Надыдзе дзень, калі не зможаш напісаць ні радка: ні прозы, ні вершаў, ні крытыкі… Тады сядай і пішы фантастыку. У цябе можа атрымацца фантастыка“, — раіць Караткевіч. Я ж уласна фантастыкі так ні разу і не пісаў. Казкі пісаў. Фантастыка чакае свайго часу.

1982 год. Уладзімер Караткевіч і мой першы зборнік вершаў

Уладзімір Караткевіч дапамагае мне стаць афіцыйна прызнаным паэтам. Ён піша рэцэнзію на першы рукапіс майго зборніка пад непаэтычнай назваю „10 на 10“. Адзіная вартасць тых вершаў, што пісаліся яны па-беларуску. А Караткевіч знаходзіць яшчэ некалькі станоўчых якасцяў.

1985 год. Уладзімер Коўзусь і паэзія

Майстар манерных роспісаў — Уладзімір Коўзусь — здзіўляе мяне сваім тонкім стаўленнем да паэзіі… Сустракаемся мы выпадкова ў кавярні. Ён пытаецца, чым я займаюся. А я ганарыста адказваю: пішу вершы. Коўзусь дастае з кішэні нататнік і кажа, што сам вершаў не піша, а толькі перапісвае чужыя. „Вось верш-грэгерыя пра цябе на глобусаўскую тэму: “У жылах геаграфічных картаў цячэ блакітная кроў”“. Дзякуючы Коўзусю і я пачынаю перапісваць чужыя думкі ў нататнік, і яны дзіўным чынам робяцца маімі.

1986 год. Міхась Стральцоў і цэнзура

Міхась Стральцоў піша прадмову ўжо да 101-га варыянту зборніка вершаў „Парк“. Караткевіч памёр. Ратуе зборнік Стральцоў і выратоўвае. Кніга выходзіць праз сем гадоў ад таго, як была напісаная. За гэтыя сем гадоў я ўзненавіджваю савецкі лад і ягоную сабачую цэнзуру.

1987 год. Уладзімер Някляеў і канец майго андэграўнду

Някляеў выцягвае мяне з андэграўнду ў літаратурна-чыноўніцка-дзяржаўны свет. Ён больш хоча выцягнуць Анатоля Сыса. Толькі Сыс непад’ёмны, а я сам лезу з сутарэнняў, дзе працую мастаком камісійных крамаў. Чаму я вучуся ў Пракопавіча, дык пазбягаць ягоных памылковых крокаў. Да прыкладу, не сябрую з маладзейшымі за сябе, з такіх стасункаў адны непрыемнасці.

1988 год. Анатоль Сідарэвіч і дамавікі

„Прачытаў я тваіх „дамавікоў“ у „Літаратуры“ і скажу так: пазабаўляўся, і досыць, болей не пішы ты, хлопча, гэтых брыдкасцяў“, — раіць крытык Сідарэвіч.

І кожнага разу, дапісваючы чарговую показку пра сучасніка-дамавіка, думаю — вось гэты апошні, і можна будзе сказаць Анатолю: „Больш не пішу пра суайчыннікаў-пачварнікаў…“. І такім чынам больш за сто разоў.

1988 год. Павал Якубовіч і капейкі

Лёс зводзіць мяне з Якубовічам у рэдакцыі часопіса „Крыніца“. І не проста зводзіць, Павал Якубовіч загадвае аддзелам сацыяльных праблемаў, а я адзіны ягоны падначалены. З трохгадовай сумеснай працы я запамінаю тры рэчы: у кожным тэксце павінна быць хоць бы адна дакладна сфармуляваная думка; трыццаць капеек лепш за дваццаць капеек; іерархію неабходна ствараць, паважаць і любіць, без іерархіі пачынаецца хаос і бязладдзе. Менавіта з Якубовічам я раблю газетку накладам 13 000 000 асобнікаў, з думкамі ў тэкстах і коштам 30 капеек.

1988 год. Максім Танк і праўда з гумарам

Сям’я адной высокапастаўленай асобы бачыць у героях майго апавядання „Койданава“ сябе і ўсчынае гвалт на ўвесь Менск. Калі я ўступаю ў Саюз пісьменнікаў, да мяне падыходзіць Максім Танк і кажа: „Чытаў тваё “Койданава”. Так і пішы. Праўду з гумарам“. Больш з Танкам я ні разу пра творчасць не гавару. Адно вітаюся.

1988 год. Анатоль Ярмоленка і беларускі кліп

Кіраўнік ансамбля „Сябры“, спявак Анатоль Ярмоленка, выконвае песню на мае словы. „Сябры“ нават кліп здымаюць з песняю „Гары яно гарам, такое каханне“. Тады ўсім падабалася. Цяпер успамінаю — смешна робіцца.

1988 год. Каміля Мілько і касцёл

Вяду я на тэлевізіі публіцыстычную перадачу „Крок“, расказваю, паказваю і каментую злабадзённыя тэмы. Тады й прыязджае да мяне цётка Каміля. „Дапамажы, Валодзя, касцёл у Койданаве вярнуць вернікам“. Цётка Каміля — старшыня суполкі па вяртанні касцёла. Старая кабета, а вось першая ідзе за справядлівасць змагацца. Я ў жывым эфіры і кажу, што койданаўскія камуністы не аддаюць каталікам сабор. Тлумачаць тым, што ў касцёле музычная школа і дзетак няма куды дзець. Я раю ім перавесці музшколу ў райкам партыі, а касцёл вярнуць тым, хто яго будаваў. Дзейнічае. Бо цётка Каміля ўжо і подпісы сабрала, і ўсе інстанцыі абышла, і TV у маёй асобе арганізавала… Павучыцца варта. Касцёл вяртаецца вернікам.

1989 год. Леанід Галубовіч і бацькава проза

Выпадкова сустрэўшы Лёню Галубовіча каля галоўпаштамту, я чую самыя грунтоўныя кампліменты пра бацькаў раман „Год нулявы“. Афіцыйная крытыка лічыць той раман за горшы. А Лёня хваліць і заклікае мяне вучыцца ў бацькі і браць за ўзор менавіта „Год нулявы“. Дзякуючы Галубовічу я два разы перачытваю той таўсценны том пра 1940 год у Беларусі.

1990 год. Алесь Асташонак і мае апавяданні

Свае першыя творы я чытаю сябрам Сцяпану, Клімковічу, Шайбаку, Сіўчыкаву… У нас выдатны літаратурны семінар. Потым семінар пачынае развальвацца, а жаданне пачуць нейкае слова пра свой твор не ад рэдактара, а ад сябра застаецца. Я пачынаю даваць апавяданні Алесю Асташонку. Ён, як старэйшы таварыш, вельмі тактоўна робіць заўвагі і хваліць. О, як патрэбна маладому пісьменніку гэтая пахвальба, каб хто ведаў… Асабліва Алесь вылучае маё апавяданне „Акадэмічны адпачынак студэнта Дз.“. Акрамя яго, ніхто на „Дз.“ не звяртае ўвагі дагэтуль.

1990 год. Лявон Барткевіч і амерыканская кружэлка

Незадоўга да ад’езду Лявона Барткевіча ў ЗША мяне з ім знаёміць кампазітар Яўген Магаліф. Барткевіч запісвае песню на мае словы, і яна выходзіць на кружэлцы ў Штатах. Кружэлка ў мяне прападае, як прападае і прайгравальнік для вінілавых дыскаў.

1990 год. Аляксандр Кішчанка і мая апошняя карціна

Я кідаю выяўленчае мастацтва. Пішу палатно з амбітнай назваю „За два імгненні, як чымсьці стаць“, дзе жывапіс імкнецца ператварыцца ў графіку, а графічныя элементы намерваюцца скласціся ў літары… Пішу і кідаю. І вось па журналісцкіх справах апынаюся ў майстэрні Аляксандра Кішчанкі, які раптам пачынае агітаваць мяне вярнуцца ў мастацтва. Ён расхвальвае мае студэнцкія працы, а я думаю: ёсць у тым рацыянальнае зерне. Трэба маляваць. Я малюю і зараз, але выключна для сябе, і вельмі дзіўлюся, калі малюнкі купляюць.

1990 год. Казлоў і комікс

Ка-а-злоў… Ну і прозвішча. Не адзін казёл, а шмат казлоў. Ну, проста казёл, і тое лепш. І гэты Казлоў дзеліць грошы, што ў выдавецтве „Юнацтва“ ідуць на мастацкае афармленне кніжак, вялікія грошы за савецкім часам. І на калідоры гэтага выдавецтва Казлоў падносіць да майго вуха свой свіны нос і шэпча: „Ад такіх, як ты, мы пазбаўляемся адразу. Больш не прыходзь!“ А я набычваюся і адпрэчваю: „Не ты вырашаеш, хто кнігі афармляе. Маляваў і буду маляваць!“ І малюю я з Уладзімірам Сцяпанам дзевяноста шэсць малюнкаў у комікс па матывах аповесці Караткевіча „Дзікае паляванне“. І выходзіць наш комікс накладам 250 тысячаў. Даводжу я казловым, што не такія кабанчыкі, як яны, вырашаюць лёс беларускай кнігі, але менавіта такім я ўдзячны за навуку: бяздарных трэба сапраўды адпрэчваць, а здольны дарогу знойдзе.

1991 год. Валеры Панамароў і тутэйшыя

З кінарэжысёрам Валер’ем Панамаровым я экранізую „Тутэйшых“ Янкі Купалы. З-за свайго характару я не трапляю ў тытры. Ну і чорт з імі, з тытрамі. Поўнаметражны каляровы фільм для школьнікаў усё ж атрымліваецца, як сказаў бы школьны настаўнік, на „моцную тройку“. Зрэшты, самае трывалае ў жыцці робіцца на „тройку“.

1992 год. Сяргей Дубавец і грошы

У кожнага літаратара мусіць быць рэдактар, неабвержная аксіёма. Мне шанцуе. У мяне ёсць рэдактар, Сяргей Дубавец. Аднойчы ён прагаворваецца: „Каб у мяне былі грошы, я б скупіў усю тваю творчасць наперад і друкаваў толькі тое, што лічу патрэбным!“ Цікава, а колькі грошай патрэбна, каб мяне скупіць на карані? Шмат! А шмат, гэта колькі?

1993 год. Вера Маркава і заняткі

„Калі не знойдзеш добрага занятку, кепскія думкі, намеры і ўчынкі самі знойдуць цябе“, — кажа мне Вера Маркава. І сапраўды так, не трэба змагацца з кепскімі заняткамі, бо на месца кепскага можа стаць яшчэ горшае. Колькі п’яніцаў ператвараецца ў наркаманаў? Рыторыка. Варта шукаць дастойныя заняткі, знаходзіць і прысвячаць ім сваё жыццё. Так Вера Маркава ўвесь свой доўгі творчы шлях прысвячае пераўвасабленню класічнай японскай літаратуры на расейскую мову, лепш за яе гэта не робіць ніхто, ні тады, ні цяпер.

2000 год. Бацька і ягоныя нататкі

Калі я прыходзіў да бацькі за некага прасіць ці прыносіў опус, напісаны з кімсьці разам, ён казаў: „Валодзя, глядзі сябе, пішы сваё, займайся сабою“. І паўтаралася тое шматкроць. А тут я чытаю ў бацькавых лірычных запісах: „Які гэта страшны выраз — глядзі сябе“.

Менск, 1999—2000 гады

 

Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (10) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-08-2000