A R C H E A d a m H l o b u s № 5 (10) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


52000
» да Зьместу «

 


АДАМ ГЛОБУС
 


Расейскі погляд
на Адама Глёбуса

 
Вокладка ARCHE Adam Hlobus 5-2000. На вокладцы выкарыстаныя фотаздымкі Алены Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Андрэй Савіцкі
Пашпартызацыя бесаў,
або Койданаўскі Глобус

Адам Глобус нагадвае мне бронзаўку — ёсць такі жук, бліскучы, цяжэнькі. На яго вельмі цікава глядзець, але чамусьці гідка браць у рукі. Гэты жук да людзей дэманстратыўна абыякавы — у адрозненне, прыкладам, ад вясёленькай божай кароўкі. Цяжка сказаць, наколькі супастаўныя літаратура і энтамалогія, але ад тэкстаў Глобуса застаецца адчуванне не зусім чалавечага бачання свету. Не тое, каб узвышанага — анёльскага! дэманскага! — не, БІЯЛАГІЧНА не зусім чалавечага.

З пункту гледжання „генезісу творчасці“ Глобус своеасаблівы. У ягоным выпадку ход быў пра „ўшчыльненне“ беларускай літаратуры. Я разумею Глобуса ў тым, што эпас пра меліяратараў і трагічны шэпт хворых на рак архітэктараў, якія, седзячы перад кінутай у маладосці дачкой, успамінаюць апошні партызанскі бой пад Ашмянаю, — спрыкрыліся.

Адаму Глобусу „выпала жыць у цікавы гістарычны час“. І цяпер ужо няма розніцы, стаў бы ён добрым лагерным дзесятнікам ці дрэнным сакратаром партарганізацыі Саюзу пісьменнікаў, каб ён жыў у зусім іншую гістарычную эпоху. Адзінае правіла гульні цяпер — гэта гульня без правілаў. І чалавек Уладзімер Адамчык, і пісьменнік Адам Глобус гэта і разумее, і здольны ажыццявіць — як у жыцці, так і ў працах, мастацкіх працах. Хоць, між іншым, называць Глобуса пісьменнікам не хочацца — насуперак ягонаму жаданню. Для мяне ён мастак — не толькі па старой памяці, але і паводле тыпу вобразнага мыслення.

— мастак, публіцыст, адна з самых скандальных постацяў артыстычнага жыцьця беларускай сталіцы. У 1995 годзе публічна падтрымаў захады Аляксандра Лукашэнкі па зьмене замежнапалітычных і культурных прыярытэтаў разьвіцьця Беларусі, але ўжо ў 1996-м гэтаксама публічна дыстанцыяваўся ад палітыкі А.Лукашэнкі. Праніклівы і бескампрамісны, часам да безапэляцыйнасьці, літаратурны крытык. У ARCHE друкуецца ўпершыню, піша па-расейску ў традыцыях расейскай крытычнай школы. Сын жывапісца Міхаіла Савіцкага, аднае з цэнтральных фігураў беларускага мастацтва 60-90-х.
   

Я не люблю тэкстаў, дзе аўтар доўга і грунтоўна падводзіць чытача да высновы, якая самому аўтару была вядомая ад самага пачатку — і ён трымаў яе, як фігу ў кішэні, каб пасля з захапленнем прад’явіць: во бачыце, да чаго мы прыйшлі.

Куды больш годныя тыя тэксты, дзе скрыптар, ідучы за зменаю адчуванняў, не маніць — і часта сам здзіўляецца выніку. Яшчэ сумленнейшыя матэматыка, тэарэмы: маем — трэба даказаць. А яшчэ лепшая аксіёма: маем, і пайшлі ўсе да д’ябла. Хоць самы цікавы занятак — даказванне аксіёмаў. У сучаснай беларускай літаратуры — калі прыпусціць, што такая ёсць — Глобус з’яўляецца беспасярэднім нашчадкам сацыяльна арыентаванай, „па-грамадзянску актыўнай“ літаратуры. Літаратуры сацыяльнага і крытычнага рэалізму. Літаратуры, якая своеасабліва памяняла свой выгляд, каб захаваць сутнасць.

Тое, што Глобус — рэаліст, для мяне аксіёма. Якую варта даказаць, як аксіёму паралеляў. Хоць у Сярэднявеччы яго, хутчэй за ўсё, назвалі б наміналістам.

Наагул Глобус — вялікі майстар блытаніны. І цалкам відавочна, што гэтым задаволены. У ягонай змрачнаватай блытаніне — адлюстраванне таго часу, у якім ён жыве. Не ў „які“, а менавіта ў „якім“ — бо стылістыка, сюжэты, персанажы, мова — укарэненыя ў гэтым часе і іх ужо не выцягнуць і не перанесці — нярэдка ўва ўсіх сэнсах гэтага слова.

Абыякавасць Глобуса да людзей — зваротны бок вялікай цікавасці да таго, што чалавек хавае ад сябе і іншых, пры нязручным пытанні прымаючы выгляд карэктнай няўважлівасці. Усе зручныя, карэктныя і ўзвышаныя пытанні даўно зададзены — і адказы на іх атрыманыя ў залатых капальнях Калымы, у Бухенвальдзе, у тыфозным бараку, а рысу падводзіць саркома хворага на AIDS. Спроба максімальнай рэалізацыі ўласнае няздатнасці, у кожны з момантаў якой вы цалкам упэўненыя ў непахіснасці сваёй рацыі. Найбольш поўна праблемы культуры былі вырашаны ў Кампучыі дактарамі Сарбоны Пол Потам і Енг Сары. Дзесяткі тысяч чарапоў, прабітых цвікамі, у мэтах эканоміі патронаў, — вычарпальнае вырашэнне многіх праблемаў „Паэтыкі“ Арыстоцеля і трактата Псеўда-Лангіна „Аб узнёслым“.

Для мяне неаўтэнтычнасць Фройда яшчэ і ў тым, што ён унікнуў магчымасці даследаваць праблему лібіда ў газавай камеры, аддаўшы перавагу смерці ад раку на сваім ложку — вось і ўсё, што можна сказаць пра „Эрас і Танатас“. А Аліўе Мэсіян, прайшоўшы праз Верхні лагер Бухенвальду, усё ж напісаў свой „Квартэт на скон вечнасці“.

 
   

Сапраўды дастойныя людзі Ўсходняй Еўропы і Расіі маюць троху адрозны анталагічны досвед. І таму для іх захапленне „праблемай полу“ неўласцівае — неістотнае. Гэта для іх толькі субстрат, на якім можна даследаваць больш сур’ёзныя праявы чалавечага быцця.

А вось фрайдысты-амерыканцы — усяго толькі сексуальна заклапочаныя пераросткі. Акселераты, што вырашаюць праблему „рая“.

Перш чым заняцца працамі Глобуса, ягонымі тэкстамі — нават ставячыся да яго як да сучасніка, г.зн. не зусім сур’ёзна — варта ўдакладніць яшчэ пару вызначэнняў. Не пра тое, што Глобус робіць са словамі, а пра тое, што словы робяць з ім. У ягоных тэкстах — як удалых, так і няўдалых — ёсць відавочная цяга да волі. Не да беларускай „волі“, па якой можна тужыць, якую можна страціць або „ўзяць“ ці то ў пана, ці то ў маскаля*, як нешта, чаго ты спрадвеку спадзяваўся, але не поўніцай табе ўласцівае. Не, прага волі польскай і расійскай — якое пазбавіць і якою абдараваць немагчыма. Волі, што перасягае цераз усе катэгорыі Шапэнгаўэра і топіць іх, сама таго не заўважаючы. „Ваяваць палякі не ўмеюць, але бунтава-аць...“ — трапна вызначыў Мандэльштам. Як, зрэшты, і расійцы, узбагачаныя вугра-фінскім і цюркскім этнічным субстратам — ваююць ды бунтуюць без сэнсу ды літасці. Для Глобуса гэтая прага бессэнсоўнага і бязлітаснага, прага волі — цяжкая: яна ўскладненая стагоддзямі гадаванай тутэйшай, койданаўскай скрытнасці. Але імкненне зладзіць у царкве шабас замест фэсту ды пакачаць па пожні іерадыяканаў і архірэяў, на мой погляд, несумненна, прысутнічае.

Гэта не эпатаж — гэта прага не-за-висимости. Нежаданне вісець на чыімсьці „за“ ў чужым хляве. Хоць гэтая прага высілкамі дурняў вырадзілася ўва ўсяго толькі незалежнасць. Магчымасць ляжаць, ні ад каго не залежачы. Увогуле праблемы беларускага адраджэння робяцца гранічна простымі: чым больш свядомыя журналісты спяваюць пра Басаева, тым відавочней, што ім адно ўласціва: ілюстрацыя да радка Высоцкага — „Лежу — так больше расстоянье до петли“. Глобус ні ляжаць, ні вісець не жадае. У гэтым — ягонае процістаянне таму, што завецца беларускай літаратурай. Беларускай літаратурай, у якой гістарычна значэнным прызнавалася тое, з чым згаджаліся — цудоўнае слова — і заўсёды непрымальнай лічылася неадпаведнасць звычным, і таму агульнапрызнаным, прынцыпам і нормам.

Наагул, у тэкстах Глобуса цімала гульні — часам занадта: яна выклікае пярэчанне і псуе тэкст. Гульня робіцца натуралістычнай — і ёсць рызыка перабору, шкоды для густу. Усё ж такі гэта ўказвае на неабыякавасць аўтара да таго існавання, якое ён апісвае ў такіх не-быццёвых формах. Чартаўшчына — як люстэрка сучаснасці. Чаму б і не, калі сучаснасць — выражэнне чартаўшчыны.

У наш час мастакі сталеюць позна. Замнога дадатковага досведу трэба набраць. Дадатковага — бо да традыцыйнага разумення чалавека гэты досвед нічога не дадае, але ставіць яго пад сумнеў. Невырашальнае сумненне: калі кандыдат навук гвалціць уласную дачку, а афіцэр б’е гумавай палкай старога дзеда па твары — і ў гэтую палку натыканыя аскялепкі брытваў. Вобраз і падабенства Божыя — ці дэвіз Алімпійскіх гульняў: „Шпарчэй, вышэй, мацней“. Можна, безумоўна, займацца інтэлектуальным ананізмам і пісаць пра Гайдэгера, але ад будучыні гэта не пазбавіць.

Ці можна ўявіць сабе ў музеі плачучага бальшавіка? — спытаўся Маякоўскі. Ці можна ўявіць сабе чарговага дамавіка сярод людзей, што жылі некалі ў Койданаве? — спытаюся я, не параўноўваючы Глобуса з Маякоўскім і Койданава з музеем. Параўнаю толькі — плачучага бальшавіка з дамавіком. І той, і другі — інфернальныя, ірэальныя. Людзі койданаўскіх апавяданняў менш рэалістычныя, чым плачучы бальшавік, як і дамавік рэальнейшы за музей. Рэальныя, жывыя людзі, жыхары мястэчка, Бабкі Тэклі, местачковыя п’янтосы і школьныя вучыцелькі сапраўды жылі: яны знікаюць, вагаюцца, паміраюць ці здатныя памерці. Тады як „дамавік“ у зялёным палітоне і плачучы бальшавік несмяротныя: яны, як чэрці, здольныя назаўсёды застацца ў памяці.

Твар ціхай правінцыйнай бабулькі сціраецца ў памяці — слёзы на твары вусатага пралетара, які нідзе, акрамя ўяўлення аўтара, не існаваў, застаюцца. Прастрэленае паліто Леніна не больш рэальнае, чым бес, што жыве ў тэлефоне. Толькі гэты бес можа і матэрыялізавацца — прыйсці да вас у зялёнай балонні і прад’явіць пасведчанне. А з ім — другі, мокры, з аўтаматам.

На шчасце Глобуса, ён не асвоіў шырокага пласту магчымых „дамавікоў“: „ахоўнікаў“, „нарнікаў“, „разводнікаў“, „бамжатнікаў“ і „аператыўнікаў“. Але ад гэтага асваення нікому не варта заракацца.

Рэалістычнасць Глобуса — у адчуванні ірэальнасці таго, што адбываецца. Рэальнасць, дадзеная нам у адчуваннях і ўспрыманнях, можа выбухнуць фантасмагорыяй: „Штаны і трусы, блядзь, ніжэ кален. Дакументы! Ах, член? Гэта там ты член, а тут ты хуй. Мордай к сцяне, рукі назад“. Вы што, думаеце, гэтая фантасмагорыя не вечная?

 
   

Рэалізм у тым жа й заключаецца, што чалавека можна за тры тыдні ператварыць у стогнучае мяса, у нешта, жахлівейшае за жывёлу, — а ўкормленыя бесы застануцца. Можна і хутчэй зрабіць чалавека ценем уласных вантробаў, але для гэтага патрэбныя спецыялісты, а таксама неабходнасць у такой сістэмнай трансфармацыі. Усё гэта — справа тэхнікі. У выпадку з Глобусам — справа тэхнікі пісьма. Ён усведамляе — ці адчувае — гэтую магчымую перамену быцця, магчымую заўсёды і скрозь. Магчымую таму, што яна закладзена ў прыродзе самога чалавека. Напэўна, таму Глобус так і ўпадабаў чарцей. Або яны яго.

Досвед „дамавікоў“ Глобуса — досвед звар’яцелага побыту, хама з цемры, домакіраўніка з апраметнай. Дробнага беса, які набыў сотавік — і забыўся нумар Звера. Гэта досвед сацыяльнай смерці і вычварнага духу, на якія пачэпленая маска гіперсексуальнасці. Глобус адстараняецца не толькі ад сваіх герояў, але і ад аўтара ўласных тэкстаў — Сальеры ў джынсах, які штангенцыркулем вымярае чэрап сатаны і павярае гармоніяй памеры іншых ягоных органаў.

Бесы Булгакава — убачаныя, перажытыя. У іх ёсць пакінутая ў спадчыну аўтарам калі не спагада, дык павага да пакутаў. Глобусавы чэрці — пры ўсёй розніцы культураў, роляў і масак аўтараў — рацыянальныя і бязлітасныя, неміласэрныя, як касір гастраному.

Разбэшчанасць аўтара „Дамавікамерону“ — яго нельга цалкам атаясамліваць з самім Глобусам, бо аўтар нярэдка й сам уваходзіць у тэкст — у раскошы, з якой асэнсоўваецца зло: у зацішку, ля настольнай лямпы. Можа і добра, што Глобус не задумваецца над тым, што словы, у якія ён гуляе, ужо сталі жыццём, а не гульнёй. Таварышаванне з бесамі — справа цяжкая.

Што трывожыць мяне — павярхоўнае стаўленне Глобуса да смерці. Дэманстратыўнае, са спробай прыхаванага цынізму. Так гаварыць пра Яе маюць права толькі тыя, хто паміраў, і тыя, хто памірае. Але першыя — не стануць, а другім не да таго.

Сваім разуменнем задачы прозы як абавязанай глядзець у нерухомыя вочы трупа Глобус нагадвае расійскага пісьменніка Шаламава, вязня Калымы, — але ўсё ж прынцыпова, бясконца далёкі ад яго. Я ўжо не кажу — біяграфіяй. Досведам асабістай смерці і бесстароннім усведамленнем уласнага знікнення, несмяротнай злосцю да чужога табе чалавека. Але ўсё ж, як і для Шаламава, для Уладзімера Адамчыка адчуванне знікнення разам з сабой і ўсяго свету ёсць апраўданнем тэксту.

Шаламаву сказалі ў дзень вызвалення: пабыў у малой „камандзіроўцы“ — пабудзь у вялікай. Глобусаў свет — не ведаю, ці ўсведамляе ён гэта сам, — свет вялікай камандзіроўкі, дзе бесы — выведнікі, вертухаі, канваіры.

Ды ўсё ж на месцы Глобуса „Дамавікамеронам“ я б назваў кнігу пра Койданава. Гэтыя людзі — яго людзі — жылі ў хатах, але большай часткай ужо не жывуць: засталіся толькі ў ягоных апавяданнях. Там яны працягваюць жыць, але ўжо ў ІНШЫМ Койданаве, якое там, „недзе, некалі, мабыць“. „Койданава“ ў нашмат большай ступені „выклікае цені“, чым абодва „Дамавікамероны“. „Тата, а чаму ты босы?“ — несамавітае, спрадвечнае пытанне. Колькі разоў і ў якіх няведамых мясцінах яго прамаўляла невядомае дзіця? „Тоня хварэла ўсё сваё доўгае жыццё на чыста беларускія хваробы: млявасць, агульную слабасць і каўтун.“ Гэта не проста крэпка збітая фраза — гэта вечная паўтаральнасць успамінання ценяў страчанага жыцця — якое і ў ноч ідзе, і плача, сыходзячы.

А ў кожнага дамавіка можна запатрабаваць пасведчанне асобы — калі пакажа, натуральна.

 
   

„Койданава“ напісана сухой прозай чалавека, які ўспамінае пра страчаны свет і які страціў больш, чым трэба, каб успомніць слова „шчасце“. Бабы Тэклі і Стэфы, дзядзькі Стасі, п’яніцы і агароднікі — ужо ірэальныя постаці і твары, што сыходзяць, — з таго свету, як сцені, моляць Адысея пазнаць і згадаць іх. Хоць Глобус — не Адысей. І няма ў яго Наўзікаі.

Вось жа дамавікі такія ж паўнакроўныя, як фізкультурнікі Дайнэкі і Заваёўнікі космасу са знаёмымі тварамі ідэйных стукачоў. Зрэшты, Глобусавы бесы — яшчэ дробныя бесы. Яны лезуць у чужы ложак, у чужую размову, гвалцяць пры ўзаемным задавальненні хатніх гаспадынь і — у самым жудасным выпадку — здатныя апоўначы зжэрці дурніцу-цётку на мосце. У што й сам аўтар, шчыра кажучы, не верыць.

Бесы Глобуса — заўважаныя ім цені тых, хто прымушаў ламамі драбіць граніт у залатых капальнях і працаваць шуфлямі на даху Чацвёртага энергаблоку. Яшчэ ніводзін дамавік у Глобуса не гаркнуў: „Праца ў Беларусі — справа гонару, справа мужнасці і геройства!“ Ці гэта немагчыма?

Я сам быў бесам — калі ў 87-м годзе на загад райваенкамату разносіў начамі позвы з чырвонай палоскай — павесткі ліквідатараў. Я запомніў гэтыя твары, як яны мяняліся пры ўручэнні позвы: „Пастаўце подпіс“. Магчыма, Глобусу патрэбны новы бес — Пазоўнік? Магу пракансультаваць.

Дамавікі Глобуса — не бунт цела, узбуджанага чытаннем Фройда. Гэта паўсядзённасць, вызваленая ад правілаў прыстойнасці. Не ў коітусе справа, не ў лібіда — усведамленне „апушчанасці“ людзей у іх „даплыванні“ да поўнага трызнення — гэта і выклікае ў свядомасці вусцішны карагод: „Дамавікамерон“.

Героі Глобуса — не зусім людзі. Яны існуюць у некалькі іншай сістэме каардынатаў, у іншым адліку „першага“ і „апошняга“. Што б яны ні рабілі — пісалі карціны, спароўваліся, бязмоўнічалі на п’яную галаву, тэлефанавалі — аўтар глядзіць на іх як на крыху іншых істот — біялагічна іншых. Адстароненасць і аналітычны холад — асаблівасць прозы Глобуса. Свядома стрыманы валявы парыў пераўтвараецца ў нешта якасна іншае: не гасне, а зазнае дзіўнай метамарфозы — застывае. І таму ў шматлікіх спалуках „персанажаў“ няма ні эротыкі, ні парнаграфіі. Як можна ўважаць за парнаграфію грунтоўнае апісанне капуляцыі хатніх мухаў або лускакрылых?

Глобус піша пра людзей, бы энтамолаг — нат калі робіць гэта са шчырасцю, як у „Койданаве“. Або самі людзі паўстаюць перад Глобусам у выглядзе напаўнасякомых, або сам аўтар вывучае свет нерухомым позіркам празрыстых вочак дзіўнага багамола. Хутчэй за ўсё, і тое, і тое.

Магчыма, самае цікавае ў жыцці тое, што ўсё мае паўтор — новай можа быць толькі абалонка. Усё існае застаецца. Ацтэкскія гекатомбы ці гаранінскія расстрэлы, п’яніца Лі Бо, які патануў, шукаючы адлюстравання месяца, ці Інакенці Аненскі, што сканаў на брудных прыступках вакзалу.

Тое, пра што піша Глобус, — не новае, у сутнасці. Вядомае ўсім, вядомае здаўна. Нават у амерыканцаў дыяпазон гэтага светаадчування — ад простае фразы „неба блакітнае, вада мокрая, жыццё гаўнянае“ да фільмаў Джыма Джармуша.

У літаратурнай традыцыі заўсёды жыве адчуванне — чаканне, што прывід Смердзякова можа пастукаць да вас у дзверы. Тэма Глобуса — дробныя бесы рэалізму і рэалізм дробных бесаў. Сёння і цяпер.

 
* Курсівам вылучаныя словы, ужытыя па-беларуску ў арыгінале.

Пераклад з расійскай Алеся Векі

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (10) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-08-2000