A R C H E | A d a m H l o b u s | № 5 (10) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Сяргей Шыдлоўскі
|
— выкладчык гісторыі культуры ў Полацкім унівэрсытэце. Сталы аўтар „Нашай Нівы". Сярод надрукаванага ім за апошні год — эсэ „Горад мансардаў" пра Наваполацак. Належыць да наймалодшага пакаленьня беларускіх літаратараў. |
Ліза Менавіта Ліза паказала музэйнікам месца, дзе ў Дзьвіне, ніжэй за Экімань, быў затоплены Барысаў камень — цяпер ён стаіць ля Сафійкі — апошняй вяхой на шляху вясельных картэжаў перад „рубіконам“ сямейнага жыцьця. Гэты факт, як і Лізіна адлюднасьць, ейныя дзіўныя апранахі, штодзённае корпаньне на сьметніках ды няздатнасьць старэць — нітаваліся ў адзін павучальны вобраз, амаль алегорыю, вартую пантэону местачковых цнотаў, дзе побач з постацьцю якойсьці пэнсійнай Кунегі яна б сымбалізавала сабой сакральную Бзікаватасьць. Зь няўзоркімі вачамі за тоўстымі дыёптрыямі, у расшлэпках-чаравіках са сьметніку, з пульхнымі рукамі, што клеіліся да кожнай ламачыны — была Ліза як ніхто падрыхтаваная, каб перахаваць для музэйных „мэнэсаў“ таямніцу Барысавага каменя. Мела яна глумаватага братушку, што падпускаў на хаду галубоў ды клічнікі, — ён не адставаў ад яе ні на крок, падобны да палоннага эсэсаўца — гэткі ж здаравезны, рыхтык брылішча, і цалкам ёй паслухмяны. Мо ён і быў палонным эсэсаўцам, — бо ж ані слова па-наску ня ўмеў — немец немцам. Жыла Ліза пад самым Цьвінтаром — зь некарыснага гародчыка, які месьціўся на тэрыторыі колішніх ганчарных вытворчасьцяў старажытных экіманцаў — зямля тут была аж чырвоная ад керамічных аскепкаў. Ліза змагалася зь імі штодня, выносячы вёдры друзу на вуліцу — падсыпаць калдобіны. Маючы кепскі зрок, яна часам разам з чаропкамі выкідала сапраўдныя нумізматычныя пэрліны, чым карысталіся ахвотнікі, папаўняючы свае калекцыі — чаго там толькі не было — ад бурацінак з грошамі-чворкамі да дзенег з капейкамі.
|
Тося-мандавося Прыбышы тут блага прыжываліся, але Тося паставіла рэкорд, ня вытрымаўшы і лецейка таварышаваньня з экіманкамі, якія, як на ліха, нічога ня чулі пра палітычную карэктнасьць. У першы ж тыдзень перабываньня Тосі ў Экімані ўсім сталася вядома, што „гэтая пасьлячына падмываецца кожны дзень“. Кампрамат быў агалошаны Тосінай кватэрнай гаспадыняй — Лагуніхай, аб якой пойдзецца ў нас пасьлей. Калі Тося выходзіла з тазам, каб выліць ягонае зьмесьціва пад плот, экіманкі пераглядаліся, а выказаўшыся па сушчастве, — хапаліся раптам і сарамліва адкышвалі ад сябе дзяцей, прыціхлых за ператраўленьнем дарослых трылюдаў. Мужчыны дык былі ня супраць пашкадаваць Тосю за ейную непрыспасобленую, але ўсё яшчэ вызываюшчую жаноцкасьць, адной з праяваў якой зьяўлялася ейная неабачлівая гаварлівасьць, — яна любіла, седзячы сярод местачковых баб у ружовым пэнюары, распавядаць аб сваім гераічным немаўляцтве, праведзеным з бацькам-камісарам у Туркестане. Мяркую, гэтыя кіношныя камісары-туркестаны абуджалі ў экіманках папраўдзе басмачы дух, адпрэчны цывілізацыі пэрманэнту ды пракладак. Яны яе не панаравілі — тут быў вырак — напрыканцы лета яна адваліла. Мо вярнулася ў свой Туркестан.
|
Лагуніха Лагуніха — ці ня самая высокая сярод сваіх таварышак — баламуціла самадыйна Экімань, ладзіла Купальле, ставіла „рагаткі“ вясельным паяздом, ваявала-лагодзілася і вызначала накірунак грамадзкай апініі. Яна не задавальнялася камэнтарамі з лаўкі, ствараючы гісторыі сама, лепячы конікаў ды кулі з падножнага матар’ялу, па той бок дабра і плоту мераючы сьмехам кожнага сустрэчнага. Перахілы ейных жартаў былі хібаю стылю, а не характару, — вось жа і сабакі Лагуніху любілі — узаемна. Яе праз тое лёгка можна пазнаць на фотаздымках — яна заўжды зь цюцькамі (ейнае слова). Дзяцей у яе не было, мела ружовы куст, які квітнеў увесну, падабала партвэйн, што атрымлівалася ў яе, як напісаў бы адзін літаратар, „правільна і жыцьцесьцьвярджальна“.
|
Зямлячка з Уралу Міхайлаўна належала да таго пакаленьня экіманцаў, якіх ня трэба вучыць любіць свой край па фільме „Адважнае сэрца“ са знаным шатляндцам у галоўнай ролі. „Як у маскаля сьнег зімой пазычаць“ было зачынам і маральлю ці ня ўсіх ейных гавэндаў. Дваццацігадовае перабываньне сярод чалдонаў толькі ўмацавала ў ёй крывіцкі зацін, дадаўшы яму, што праўда, нейкую ўсходнюю „адпіленасьць“. Пасіянарнасьці гэнай было аж зацесна ў Экімані, — наладзіўшы на падворку самагонную вытворчасьць у буйных памерах, яна спаліла ўшчэнт свой дом разам зь пяцьцю суседзкімі сядзібамі, што сталася пачаткам капца падцьвінтарнай Экімані, — дамы тыя так і не адбудаваліся. Прыяжджалі таварышы з выканкаму і тлумачылі, што ў плянах тут мусіць будавацца хутка мост, таму пажар — аб’ектыўна зьява прагрэсіўная. Міхайлаўна любіла прагрэс — яна ўрочыла, што незабавам Полацак і Наваполацак зьнітуюцца ў адзін вялікі Наваполацак — у гэтым футурыстычным парадоксе яна ўся. І дзеці ейныя, як капаныя, — колькі жылі тутака — усё разводзіліся, судзіліся, рэзалі вены, зашморгваліся на гарышчы і хлабысталі шклянкамі воцат (мусіць, яблычны), напіваючыся ўдрэнг. Захаваліся ў экіманцаў ад Міхайлаўны бюсьцікі Маркса. Яна любіла дарыць на Акцябарскія правадыроў, а на Вялікдзень — фарбаваныя яйцы і буськацца: „Хрыстос уваскрос!“ Сапраўды ўваскрос.
|
Западніца Дом Смаленчыхі стаяў на Цьвінтары, у чым бачылі фундамэнтальную праяву ейнай западніцкай разваротлівасьці, — меркавалася, што па начох яна рые Цьвінтар і цягае адтуль золата. Вось жа і зубы ў яе былі залатыя. Як толькі яна падыходзіла да калодзежу — месца жаночых „сьпевак“ — эмацыйная гамана ўваходзіла ў рэчышча культурнага абмеркаваньня разьлікаў на ўраджай або ціку дыктара праграмы „Ўрэмя“. Ёй пакуль не давяралі — прыглядаліся. Вось ужо пяць год. Яна і сама трымала дыстанцыю, скалячыся залатымі зубамі. Было ў гэтым узаемным прыгляданьні нешта ад дэжавю — кожны пазнаваў адно ў адным собскія патэнцыі, гледзячы нібыта на белавік „работы над памылкамі“ ўласнай натуры. І сапраўды, хто зашкодзіў экіманцам паставіць побач дом ды таксама цягаць па начох золата.
|
Ведзьма Тонька Усе здохлыя куры ў Экімані былі на ейным сумленьні. Крэйдавыя крыжыкі па-над дзьвярыма хлявоў не дапамагалі — куры з году ў год здыхалі, а Тонька хадзіла хоць бы хны сабе, нібыта гледзячы скрозь экіманскіх баб. Аб тым, што яна іх усё ж заўважала, сьведчыла шаволеньне ейных вуснаў. Хто знаходзіўся побач — далучаўся да такой ненармаванай аўтэнтыкі, што ўспадкоўваў назаўжды вялізную лінгвістычную веду, прыдатную для любой мужчынскай кампаніі. Бабы адплочвалі ёй менш вынаходліва, але шчыранька, разьвіваючы пераважна тэмы вядзьмарства ды курвельства з фашыстоўцамі. Палітыку яны прыклепвалі, верагодна, ужо не зусім давяраючы эфэктыўнасьці абвінавачваньняў у вядзьмарстве — гэтай крыху састарэлай жаночай тэхналёгіі абясшкоджваньня небясьпечных і больш удатлівых суперніц. Часам баб апаноўвала нейкая ўжо запраўдная параноя, разьвярэджаная грызотамі пляткарскага сумленьня, і тады яны пачыналі літаральна замятаць за сабою сьляды на вуліцы, асьцерагаючыся Тоньчынага суроку. Пра абмываньне твару дзіцячымі сікамі ды абярогі з шпілек няма чаго і казаць, — пры такіх жарсьцях справа бязь іх мела б проста трагічны вынік — вядзьмарскія чары несумненна ператварылі б баб у жаб. Што да Тонькі, то яе гэта нібыта і не чырыкала, — сваю славу вядзьмаркі і жонажэркі яна несла з годнасьцяй вось ужо восьмы дзясятак гадоў.
|
Гарадзкая Яна прыехала з Таліну — поўначы ўсяго, што я ведаў, — паўночней, як меркавалася, жылі адно белыя мядзьведзі. Геаграфічная недасьведчанасьць мая, выбачальная для вучня пятай клясы, была раўнавялікая захапленьню, што ўрочыла мне гэтая істота сваім нетутэйшым пахам, жартамі і развадкай. Загадкавасьць ейнага позірку я тлумачыў сабе адлюстраванымі ў іх фіёрдамі і выдмамі, а калі яна чырванела пад прылівамі гарачай чухонскай крыві — то быў морскі прыбой. Ваколіцы Полацку рассунуліся да спаконвечных межаў на Балтыку, ад якога Экімань адцінаў цяпер толькі найбліжэйшы лясок ды 8-10 гадзінаў сну, што разводзіў нас па дамох. Астатні час мы бавіліся разам, але я пазьбягаў зьвяртацца да яе па імені, — з тых жа, мусіць, гледжаньняў, чаму і старажытныя ўнікалі вымаўляць імёны сваіх божышчаў. Геапалітычны раман наш працягваўся да жніўня. Калі яна зьехала, пырхнуўшы марай на абсягі Балтаскандыі, Экімань страціла сваю самадастатковасьць, сьвет абрынуўся, але гэта быў сьвет местачковых стрэх і страхаў — трагедыі не адчувалася. Проста ваколіцы расхінуліся за бачны на даляглядзе лясок.
|
Чаго тут няма Тут няма пахаваньняў. Экіманцы — людзі паджылыя — ці не штотыдня звозілі сваіх мерцьвякоў на клады, каля якіх месьціўся наш дом — не люблю таму духавыя аркестры ды цюлевыя гардзіны, над якімі вытыркваліся вострыя насы наўцоў. Няма тут увогуле ані сьмерці, ані страху перад ёй, што прыходзіў на зьмярканьні. Няма курыцы Хахлаткі, якая кеўкала як котка. Ані знаку тут ад выбітых роварных сьпіцаў, латвійскіх гумак ды кукурузных палачак з цытрынавай глязурай, як няма і Агашкі, Арсеньніхі, туняядца Бельскага, Шыкаў, Фрузкі, Зыбараў ды Іваніхі зь ейнымі кабачковымі аладкамі. Няма піратэхнічных досьледаў, якія калечылі не адно пакаленьне экіманцаў, уталентаваных ня толькі чуйнасьцю на езуіцкія скарбы, але і на тол. Няма тут дзядоў.
|
Дзяды Дзядоў, як таковых, і не было. Раўналеткі экіманскіх бабулек згінулі на войнах, у гулагах ды за пошукамі лепшай долі. Аб дзядах тут згадвалі хіба толькі на Дзяды і Радуніцу. Гэта быў „лысагорскі“ сьвет неўтаймаванай з гадамі жаноцкасьці. Дзеці экіманскіх бабулек — нашыя бацькі — былі забаўленыя ў горадзе — на працы, вучобе, на першамайскіх шпацырах ды ў сацыялістычных спаборніцтвах, перадаручыўшы сваім маткам захоўваць местачковыя парадкі, узвычаеньні і сакрэты якіх былі перададзены празь іхныя галовы непасрэдна нам — унукам — відаць, як кампэнсацыя адсунутага ў школьнай праграме „Роднага карэньня“ — Гарэцкі ж напісаў гэтую працу, каб нашчадкам не вяртацца потым да местачковых матываў. Дзіўна, за гэты матыў яго найбольш і запомнілі.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (10) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |