A R C H E | A d a m H l o b u s | № 5 (10) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Пятро Васючэнка
|
— літаратуразнаўца, загадчык катэдры беларускае мовы і літаратуры Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. У свой час сябар літаб'яднаньня „Тутэйшыя". У 1999 годзе выйшла ягоная кніга прозы „Прыгоды аднаго губашлёпа (Аповеды пра Валентага)" (Рэдакцыя газэты "Частный детектив"). |
Скаталёгіяй нараклі эстэтызацыю жыцьцёвага бруду, смакаваньне брыдкага ў мастацтве. Узоры літаратурнае скаталёгіі ў розныя эпохі стварылі Пэтроні, Рабле, маркіз дэ Сад, Заля, Сартр, Генры Мілер. Блізкія да такіх твораў „Млосьці“ й „Амстэрдам“ Адама Глёбуса. Часам ахвочыя пагідзіцца чытачкі гэтых твораў прызнаюцца, што ня могуць без ванітаў дачытваць іх да апошняе кропкі. Але ж дачытваюць. Лічыцца, што насалоду ў брыдкім знаходзяць адно хворыя людзі. Аднак жа бруд у красным пісьменстве найчасьцей зьяўляецца наступствам вонкавае хваробы. Хварэе калялітаратурнае асяродзьдзе зь ягонымі чарнобылямі й постчарнобылямі. Яно спараджае сваіх монстраў, якіх Глёбус спраўна апісвае ў „пачварніках“ ды „басэйніках“. Ён тут выступае, бы „санітар“ гарадзкіх джунгляў, паляўнічы на зданяў. Дарма казаць, што ў гэтых творах даволі бруду. У хворым асяродзьдзі пачынае пакутаваць літаратура, чуйная да дысгармоніяў жыцьця. Гэта засьведчыў Юры Гумянюк у слынным двухрадкоўі: Блішчаць яе вочы празь сіняе шкельца. Літаратура задыхаецца ў бруднай, тлустай абалонцы жыцьця. Згадайма, што фізычная хвароба ды яе брудныя праявы ўсьведамляліся йшчэ „нашаніўцамі“ як сымбаль нездароўя нацыі. Пра што паведамляў у допісе з Горак нашаніўскі карэспандэнт, мала яшчэ каму вядомы Максім Гарэцкі? „Ужо другі месяц у Горках працуе лятучы атрад па вачавых хваробах. І кожны дзянёк каля земскай бальніцы вялікая таўпа людзей, хворых на вочы, найбольш бедных сялян. Беларусь сьлепа й душой, і целам...“ А гэтае Купалава, споўненае надзвычайным трагізмам і скрухай: Быдлём, сьляпнём жыве і гіне. Ніжэй няма куды й апусьціцца. Чыстая скаталёгія. Пакуль „празаікі“, паводле выказваньня Купалы ў артыкуле „Чаму плача песьня наша?“, яшчэ не ачысьцілі жыцьцё ад мярцьвечыны й бруду, літаратуры даводзіцца гэны бруд эстэтызаваць. А што ёй яшчэ застаецца рабіць? Калісьці я прапанаваў наступную формулу мастацтва XX стагодзьдзя: гэта кветкі, якія прарасьлі праз асфальт, сьмецьце, бруд і друз, і закрасавалі над імі. 1996 |
Моц Мілера ў наступным: на самым дне кляакі ягоны герой-рабак шукаў людзкасьці й знаходзіў яе, і пераконваў, што ўсюды жыцьцё, нават у коле дзявятым скаталягічнага пекла. Ягоныя творы споўненыя нейкай шалёнай вітальнасьцяй, прагай жыцьця, што працінае ўсе дзевяць колаў навылёт. А рабак, не зважаючы ні на што, марыць зьмяніцца ўсё ж у чалавека. У параўнаньні зь Мілерам асобныя ягоныя пасьлядоўнікі (прыкладам, небарака Эдзічка Лімонаў) выглядаюць недаросткамі. У той жа час прыхільнікаў беларускае скаталёгіі я не магу назваць адэптамі Мілера. Яны цярэбяць шлях празь беларускія рэаліі — фальклёрныя, этнаграфічныя, псыхалягічныя, і, пэўна, дасягнуць адметных вынікаў. Карэньнямі беларуская скаталёгія палягае ў нацыянальнай аўтэнтыцы. Рыгор Барадулін згадвае ў „Здубавецьці“ паганскага бажка Юра, які распальвае беларусаў у сакральна-непрыстойных прыпеўках ды показках. У прозе Адама Глёбуса грахаводнічаюць дамавікі, лесуны, русалкі. Беларусь — краіна з гісторыяй ды міталёгіяй, што сягаюць у пракаветныя часы, і яе літаратары падступаюць да скаталягічнай тэмы больш грунтоўна. Іронія згладжвае брутальнасьць іхных твораў. 1999 |
Надзвычай цікава Адам Глёбус тлумачыць паходжаньне назвы „Дамавікамэрона“. Выводзіць яе не ад Бакача. З адказаў на пытаньні Раісы Мшар для „ЛіМу“: „— Слова „дом“ мае для мяне безліч прачытанняў: адсюль і „Дамавікамерон“, адсюль і „дамавік“, тут і „дамавіна“... — Адсюль і закапаны аўтобус? Вы ж пісалі: „Я нават марыў закапаць у лесе аўтобус і ў ім жыць. Хай у лесе, хай пад зямлёю, хай не дом, а аўтобус, але ж асобны і мой“. — І закапаны аўтобус таксама. Абсалютна нармальна, што чалавек, які нават мае ўласны дом, шукае дом лепшы, ідэальны... Касмічны карабель — гэта ж таксама дом“ (ЛіМ, 1998, 25 верасьня. С.7). Архетып дому ў нашай літаратуры — не навацыя. Адам Міцкевіч паставіў у цэнтар свайго сусьвету шляхецкі маёнтак, Колас — лесьнікову хату. Мяркую, кожны зь беларускіх літаратараў будуе свой сьвет як дом. Мне асабіста хацелася, каб у маім літаратурным доме было ўсё — абраз на сьцяне, мышы ў падпольлі й кілбасы з кумпякамі ў каморы. Закапаны аўтобус — спынены рух, затарможаны мадэрн. Колісь Казімер Малевіч замарозіў мастацтва ў сваім „Чырвоным квадраце“. Гадаванец мастацкае вучэльні, Глёбус пераймаў досьвед кубістых ды супрэматыстых, рэалізоўваў яго сьпярша ў жывапісе, пасьля ў літаратуры. Інтэр’ер, адлюстраваны ў аповедзе „Вова Вова“, — цалкам кубістычны: „У плане пакой квадратны. Вышыня сцяны супадае з яе даўжынёю. Акно і дзверы зачыненыя. У пакоі цёпла. Пахне шпалерным клеем. Падлога акуратна засланая абгортачнай папераю. На паперы, пасярэдзіне пакоя, стосам ляжаць стужкі шпалераў. Стужкі аднолькавай даўжыні, якая адпавядае вышыні сценаў. Сцены, з якіх знялі старыя шпалеры, падобныя да геаграфічных картаў, а дзіркі ад цвікоў — да абазначэнняў населеных пунктаў. Аконная рама ахоплівае чатыры фрагменты мікрараённага клятчастага краявіду. Аконная рама белая, як столь і дзверы. У адным з чатырох кутоў стаяць драбінкі, каля іх — табурэт. Калі па столі з кутоў пакоя пракрэсліць уяўныя дыяганалі, якраз у кропку перакрыжавання ўбіты крук, на якім вісіць шкляны шараабрысны свяцільнік. Шар не гарыць. У пакоі светла. За акном дзень. На падвоканні ляжаць каўпакі ад дзвюх разетак і выключальніка, зашрубка і шэсць шрубак. Шыбы пацеюць, зацягваюцца мутнасцю. Кубічная прастора адгароджаная ад свету — стандартным акном, пабеленай столлю, дашчанай падлогаю і гладкімі дзвярыма“. Гэты літаратурна-кубістычны баль ладзіцца дзеля таго, каб на стэрыльна чыстай прасторы шасьцігадовы шпунт мог двойчы вывесьці імя большага брата — Вова Вова. Наватвор, аднак жа, потым схаваецца пад наклеенымі шпалерамі. У адным з раньніх вершаў Глёбус пацьвердзіў, што „ў квадрата чатыры вуглы“ і здолеў вобразна ўпісаць у гэты квадрат беларускую „Пагоню“: Час ляціць, Час імчыць. Не стрымаць, Не спыніць, Не разбіць... Росквіт вызначыць заняпад. Застаецца нязменным квадрат. А вокладку альманаха „Тутэйшыя“ Глёбус згабляваў таксама пад „Пагоню“, адно кубістычную. Кубістычны вершнік атакуе кубістычнага цмока; замест мяча ў руцэ вершніка кубістычная галінка. Кубістычны вершнік не пакрыўдаваў. На ім заехала ў літаратуру цэлая каманда Глёбуса — Уладзімер Сьцяпан, Уладзімер Сіўчыкаў, Максім Клімковіч, Міраслаў Шайбак. „Глёбусятня“, як мы называлі іх за часамі „Тутэйшых“. Стыль „глёбусятнікаў“ адрозьніваўся сваёй нефілялягічнасьцю. Адразу бачна было, што піша не філёляг, а мастак, — вэрбальны тэкст замяняўся выявай. Яны ж навучылі, як на літаратуры зарабляць капейчыну і пры гэтым ня кланяцца дзяржаве. 1998—2000 |
Згадайце, зь якой бессаромнасьцю нас разглядаюць дзеці. Яны ўважліва й бесцырымонна абмерваюць нас позіркам, зважаюць на кожную загану, кожную хібіну ў нашым абліччы. Дарослыя ад гэтага позірку часам угінаюцца й курчацца. Можна падумаць, што дзеці самыя бездакорныя — але гэта ня так. Бездакорным можна назваць хіба гэты дапытлівы бессаромны позірк. Глёбус у шэрагу твораў праяўляе гэткую ж дзяціную цікаўнасьць. Самаагаленьне бяз сораму — таксама прыкмета інфантыльнасьці. „Толькі не гавары маёй маме“, — на ўсялякі выпадак просіць „я-герой“ Глёбуса, бо мама, пэўна, некаторыя рэчы не ўхваліла б. „Дамавікамэрон“, трэба думаць, трэба хаваць не адно ад дзетак, але й ад строгай мамы. Але ж дзеці любяць назіраць за дарослымі, у тым ліку й за дарослымі ў спачывальні. Глёбусаў герой-назіральнік паводзіць сябе часам як ліхі чэхаўскі хлопчык, enfant terrible. У шэрагу аповедаў герой Глёбуса згадвае сваё маленства. Ён то адпачывае ў Артэку, то забівае ката (апошняе на мяжы літаратурнага фолу). Зь нядаўняга часу назіральны герой Глёбуса ўзяў на сябе місію літаратурнага кантралёра1 , што выкрывае чужыя грахі й грашкі. Пры гэтым закранаюцца рэальныя асобы зь беларускага культурніцкага бамонду. Падобны герой бегаў калісь па старонках „Вожыка“. і наколваў на свае іголкі савецкіх грахаводнікаў. Вобраз маралізатара ў гэтых аповедах сам крыху камічны — як Чорт з „Камэдыі“ Марашэўскага, што навучае Дзёмку, як трэба жыць. З гэтае нагоды калегі трывожацца за творчы лёс самога Глёбуса: маўляў, цяжка рухацца далей з такой ношкай — наколатай на вілы чалавечай недасканаласьцю. Але ж гэтую ношку лёгка й скінуць... Нехта ўзьвядзе Глёбуса ў ранг „культавай постаці“ — як раней рабілі пісьменьніка „народным“, нехта абурыцца ім, але першы й другі сьпярша яго прачытаюць. 2000
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (10) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |