Алесь Анціпенка. “Канструкцыя” чалавека, альбо пяць узроўняў памылковай самаідэнтыфікацыі
by абдзіраловіч · 10.09.2020
фрагмэнты кнігі “Веданта на далоні”
Звычайна чалавека апісваюць ў двух ракурсах, — функцыянальным і структуралісцкім. Што гэта азначае?
Першая альбо функцыяналісцкая мадэль цьвердзіць, што чалавек, хоць і мае біялягічную прыроду, аднак, сутнасна зьяўляецца прадуктам соцыюму. Такое апісаньне можна назваць соцыяцэнтрыскім. Грамадства тут – поле, на якім і дзякуючы якому чалавек актуалізуе сваю сацыяльную сутнасьць. (Такую мадэль рэпрэзентуе, да прыкладу, марксізм).
Другая мадэль, структуралісцкая, факусуе ўвагу на тым, як “сканструяваны” чалавека, г.зн., на “узроўнях”, “блёках” і “элемэнтах”, зь якіх ён складаецца. І мае на мэце адказаць на пытаньне: а што ён, чалавек, з сябе ўяўляе, калі абстрагавацца ад яго сацыяльнасьці? Якая яго сапраўдная прырода?
Падобную “мадэль” знаходзім у Веданце. Называецца яна “панча коша”, дзе слова “панча” азначае “пяць”, а “коша” — “заслона”, “покрыва”. “Кошы”, альбо заслоны, тут — розныя ўзроўні чалавека (часам іх называюць яшчэ “целамі”). І калі я пачынаю атаясамліваць сябе зь якімі небудзь зь іх, яны ператвараюцца ў заслону маёй сапраўднай ідэнтычнасьці.
Што гэта за ўзроўні? Кожны зь іх, параўнальна з папярэднім, характарызуецца больш тонкай арганізацыяй. Першы і самы відавочны называецца анамайякоша і ёсьць па-просту фізычным целам.
Другі, пранамайякоша, — яго энгергетычны “дублікат” (“прана” — жыцьцёвая сіла, энергія). У фізічным целе чалавека пранамайякоша выяўляе сябе праз вялікую колькасьць актыўных энергетэчных кропак і каналаў. На іх можна ўзьдзейнічаць. І такі прынцып як раз і ляжыць у аснове шэрагу сыстэм альтэрнатыўнай медыцыны, напрыклад, акапунктуры.
Наступны, больш тонкі, узровень — маномайякоша, мэнтальная структура чалавека. Цялесным рэпрезентантам гэтага ўзроўня зьяўляюцца, напрыклад, органы пачуцьцяў. Але што да здольнасьці бачыць, чуць, адчуваць, то гэта ўжо функцыя і праява мэнтальнасьці.
Яшчэ больш тонкі ўзровень вігнянамайякоша. Гэта поле нашага інтэлекту.
І, нарэшце, анандамаякоша, узровень, на якім спыняецца функцыянаваньне мысьленьня і зьнікае ўсялякая мэнтальная актыўнасьць. Гэта – покрыва цемры. Далей, за гэтым покрывам сапраўдная ідэнтычнасьць чалавека. Успрымацца яна (анандамаякоша) можа як ціша альбо ўнутраная пустата. І калі мы спрабуем наўпрост “прабіцца” скрозь гэты стан, то выразна адчуваем абмежаванасьць і недапасавальнасьць усіх сродкаў, якія маем: інтэлекту, мысьленьня і нават інтуіцыі. Гэта скрайняя мяжа бачнага чалавека.
Як я ўжо казаў, часам гэтыя ўзроўні называюць яшчэ “целамі”. Гаворка тут пра тую ж самую канструкцыю, толькі пададзеную ў іншай клясыфікацыі. Такіх целаў тры.
Стула шарыра альбо “грубае цела” адпавядае ўзроўню анамайякошы, нашай цялеснай арганізацыі. Яно – інструмэнт узаемадзеяньня са зьнешнім сьветам.
Сукшма шарыра – “тонкае цела”. Улучае ў сябе частку пранаямайкошы, маномайякошу і вігнянамайякошу. Сукшма шарыра – інструмэнт нашых здольнасьцяў бачыць, чуць і г.д. Альбо мысьліць, рабіць высновы, прымаць рашэньні і дзейнічаць. Іншыя яго назвы “астральнае цела” альбо “лінга шарыра”. У эўрапейскай традыцыі гэтае цела называюць часам аўрай чалавека.
І, нарэшце, “каўзальнае (прычыннаснае) цела” альбо “карана шарыра”. Яно — схаваная індывідуальная матрыца чалавека, крыніца, з якой паўстаюць фізічнае і тонкае целы. Звычайна карана шарыру параўноўваюць з насеньнем, маленькім зярняткам, з якога вырастае, напрыклад, дрэва. “Ціша” і “пустата” ўнутры мяне, пра якія я казаў вышэй, гэта і ёсьць мая “карана шарыра”, нябачнае “зярнятка”, зь якога “прарастае” чалавек. Зайсьці ў гэтае цела немажліва. Але толькі да моманту, покуль чалавек ня станецца прасьветленым.
Нагадаю, што мы пачалі аналізаваць “Дрг Дршыя Вівеку”, якая цьвердзіць, што сапраўдная ідэнтычнасьць чалавека ня можа быць аб’ектаваная. Відавочна, што ўсе названыя узроўні чалавека – толькі “убачанае” (“дршыя”), убачанае як аб’ект. У той час як “я” (“той, хто бачыць” (“дрк”), — “аўтар” убачанага.
А таму ніводны з названых узроўняў альбо “целаў” ня можа быць маёй Самасьцю, ня ёсьць сапраўдным рэпрэзентантам майго “я”. А атаясамленьне чалавека з фізічным ці мэнтальным целам — звычайная памылка самаідэнтыфікацыі.
Каб прасунуцца глыбей у разуменьньні згаданага тэкста (і нас саміх), разгледзім яшчэ некалькі важных паняткаў.
Антахкарана, манас, чытта, будхі і ахамкара
Усе пазначаныя гэтымі паняткамі рэчы тычацца нашага тонкага цела альбо сукшмы шарыры. Адрозна ад фізічнага цела, якое прысутнае ў вонкавым сьвеце і відавочнае для ўсіх, хто нас бачыць, сукшма шарыра – аб’ект інтрасьпекцыі. То бок, “бачыць” наўпрост уласныя думкі, намеры ці жаданьні магу толькі я сам, а ня хтосьці іншы. (Дарэчы, выраз “душа чалавека – прыцемкі” як раз і кажа пра іх невідавочнасьць з пазыцыі зьнешняга назіральніка).
Антахкарана – агульны панятак; даслоўна азначае “унутраны орган”. Але чаму “ўнутраны” і чаму “орган”?
Веданта (як і некаторыя іншыя школы індыйскай філязофіі) разрозьнівае пяць зьнешніх органаў спазнаньня (джаніндрыя): вуха, скура, вока,язык, нос і манас. А таксама пяць органаў дзеяньня (карміндрыя): рука, нага, органы маўленьня, полавыя органы і органы экскрэцыі.
Адносна першых, антахкарана – інструмэнт апрацоўкі сенсорных дадзеных і мысьленьня, што адбываюцца, як вядома, ўнутры чалавека. А адносна органаў дзеяньня яна – “камандны” цэнтар, які, зноў жа, знаходзіцца ўнутры.
Сутнасна антахкарана — гэта “мэнтальная структура чалавека”, якая, паводле сваіх функцый, выяўляе сябе як манас, чытту, будхі і ахамкару. Падкрэсьлю, што ў індуізме маем справу з адрозным разуменьнем ментальнай канструкцыі чалавека. І, адпаведна,– з паняткамі, якія не заўсёды супадаюць з тымі, што знаходзім у эўрапейскай традыцыі мысьленьня.
Пачнем з манас. У беларускай мове самыя блізкія паняткі — “інтэлект” і розум”. Але ніводны з іх не пасуе. На расейскую мову тэрмін перакладаюць як “ум”. Але і гэтае слова не дакладнае. (Беларускі індоляг Міхаіл Баярын перадае яго як “мысел”. Гл.: https://abdziralovic.by/mixal-bayaryn-pra-dva-rozumy/).
Як бы там ні было, але мы можам апісаць, што такое манас. Гэта – частка нашай псыхікі, якая няспынна рэагуе на зьнешнія і ўнутраныя раздражняльнікі.
То бок, з аднаго боку, манас мае справу з сыгналамі, што прыходзяць ад пачуцьцёвых органаў. І ператварае іх у пачутыя гукі ці візуальныя вобразы. А, з другога, – гэта мэнтальнае поле, у якім я ўспрымаю свае адчуваньні (кшталту “мне халодна”), жаданьні (“я хачу есьці”, напрыклад) альбо страхі, фобіі, разрозьненныя думкі і ўспаміны.
“Месцам-сховішчам”, адкуль гэтыя думкі-успаміны і страхі-фобіі ўсплываюць на паверхню, зьяўляецца чытта. Абазначае гэты тэрмін “памяць”. Але і “падсьвядомае”.
А таму зьмест чытты складаюць ня толькі ўспаміны, а і забытыя імпрэсыі, эмацыйныя рэакцыі, аўтаматызмы, устойлівыя комплексы “падабаек” і “непадабаек”, рысы характару і інстынкты. Гэткім чынам, з аднаго боку, манас– “сканэр” першаснай інфармацыі, што ідзе ад пачуцьцёвых органаў, а, з другога, — інструмэнт распазнаваньня сыгналаў, зьвязаных з нашымі патрэбамі, звычкамі, эмацыямі, жыцьцёвым досьведам, набытымі ведамі і г.д.
Праявай функцыянаваньня манас з’яўляецца асацыятыўнае мысьленьне, якое звычайна паўстае з якой-небудзь імпрэсыі, эмоцыі ці чагосьці забытага, але раптам узгаданага. І выяўляе яно сябе як паток думак, успамінаў, пачуцьцяў, што чапляюцца адно за адно. Часам у такіх выпадках кажуць: “ды лезуць у галаву розныя думкі”. (Такое “мысьленьне” не бывае і ня ёсьць арганізаваным).
Што да другой функцыі манас, апрацоўкі дадзеных пачуцьцёвых органаў, то Кант тут зноў будзе дарэчы. Як памятаем, ён разрозьніваў эмпірычную і чыстую апэрцепцыю.
Эмпірычная апэрцэнцыя – гэта як раз і ёсьць тое, чым “займаецца” манас, калі апрацоўвае і распазнае сыгналы, што ідуць ад пачуцьцёвых органаў. У тэрміалёгіі Кнта, манас – гэта “эмпірычная самасьвядомасьць”, “унутранае адчуваньне”, “унутраная перцэпцыя”. І вынікам гэтай “унутранай перцэпцыі” зьяўляецца ўсьведамленьне вобразаў прадметаў і рэчаў зьнешняга сьвету.
Увогуле ж, манас і ўся мэнтальная канструкцыя чалавека (антахкарана), паводле Веданты, — прадукт авідзьі, аведы альбо Майі.
Па-над манас знаходзіцца яшчэ адна здольнасьць чалавека – будхі. Перакласьці гэты тэрмін можна як інтэлект альбо розум. Але, каб пазьбегнуць некаторыя непажаданыя канатацыі слова “розум”, буду ўжываць “інтэлект”.
Будхі, паводле Веданты, — здольнасьць нашага “ўнутранага органу” разрозьніваць (вівека), прымаць рашэньні і аддаваць каманды. Са словам “вівека” мы ўжо знаёмыя. (Пра яго ішла гаворка ў другой частцы кнігі “Шлях да Рэальнасьці: падрыхтоўка” (параграф 1).
Але тут гэты панятак паказвае на працэдуру мысьленьня, якую называем аналізам. І вось у якім сэнсе.
Ёсьць такое знакамітае выслоў’е. У кагосьці са скульптараў запыталіся, як ствараецца скульптура? Той адказаў: “Бяру каменную глыбу і адсякаю ўсё лішняе”. Вівека – адсячэньне альбо аддзяленьне “ўсяго лішняга” ад таго, што для гэтай зьявы ці працэсу ня сутнаснае і не істотнае. Гэткім чынам, вівека — працэдура прасьвятленьня таго, што да пэўнага моманту бачылася цьмяным ці не да канца зразумелым.
Як і манас, будхі разгорнуты ў два бакі – да манасу і да таго “Сьвятла”, якое Дрг Дршыя Вівека называе Сакшы.
Каапэруючы з манас, будхі забясьпечвае лягічнае і сыстэмнае мысьленьне. А адкрытасьць да Сакшы – патэнцыя альбо магчымсьць разуменьня. Звычайна гэтую патэнцыю альбо здольнасьць называем “сьвятлом розума”.
Калі у нейкай сытуацыі трэба зразумець, што мне рабіць і як паводзіцца, то будхі выяўляе сябе як развага і пэўнае рашэньне. Рашэньне — вынік развагі, якая ўтрымлівае ў сабе імпульс да дзеяньня. Альбо, калі гаворка пра каскад ці пасьлядоўнасьць неабходных дзеяньняў, тады будхі трансфармуе сябе ў волю чалавека.
І, нарэшце, ахамкара. Азначае гэты панятак “эга”, ніжэйшае “я”. “Я-эга” – вынік самаабмежаваньня чалавека. І адначасова пачуцьцё самапрыналежнасьці, непаўторнасьці кожнага з нас, маёй індывідуальнасьці. Формула гэтай непаўторнасьці і ўнікальнасьці: “я — гэта я”. Таўталягічнасьць цьверджаньня азначае тут, што ідэя майго “я” надалей не раскладаецца на часткі ці элемэнты.
“Я-эга” працінае ўсю мэнтальную канструкцыю чалавека, ад чытты да будхі. На ўзроўні манас “я-эга” – неабходная ўмова майго індывідуальнага пачуцьцёвага (сэнсорнага) і эмацыйнага досьведу, г.зн., досьведу ад імя першай асобы.
А на ўзроўні будхі “я-эга” – неабходная ўмова мысьленьня. Інакш кажучы, мысьленьне, як такое, мажлівае адно ў межах самасьвядомасьці.