Андрэй Дудко. Восеньскі маніфэст
by абдзіраловіч · 08.10.2019
1.
Мастацтва, рэлігія, іх вытворныя затапілі свет ілюзіямі. Канструктыўны імпульс вязне ў інэрцыі, яго асімілюе спектакль, апранае ў парадны касцюм і адводзіць месца ў сваёй мудрагелістай цырымоніі. Дэструктыўны патэнцыял мае свабодная творчасць. І толькі ад сіл, таленту ды меры раскрыцця мастака залежыць рэалізацыя гэтага патэнцыялу.
2.
Справа мастака – разгіпнатызаваць. Справа даўняя, але з развіццём культуры для яе выканання трэба прыкладаць усё больш высілкаў. Толькі той есць мастаком, хто выйшаў з-пад гіпнозу культуры і вылучыў жылу сапраўднага. Толькі той, хто перакульнуў культуру. Усе астатнія – млява імітуюць.
3.
Бог – функцыя свядомасці. Матэрыя – функцыя свядомасці. Літаратура – грамадскі інструмент картаграфіі свядомасці.
4.
Творчасць – аўтамутацыя. Каб зрабіць свой твор лепшым, трэба змяніць сябе і зрабіцца лепшым самому. Творчасць – самапазнанне. Каб уздзейнічаць на успрыманне, трэба разумець законы успрымання. Розум будуецца са здольнасці любіць і здольнасці успрымаць прыгажосць. Твая творчасць – тое, наколькі моцна ты здольны любіць.
5.
Думка павінна вытрымліваць усе ракурсы, агортваць увесь спектр свядомасці. Тады яна трапная і канкрэтная. Філасофія – забаўка, што вырабляе фантомы. Без самакрытыкі дзейнасць каснее і робіцца догмай. Догма робіцца установай. Установа ня мае будучыні. Нават тое, что я пішу гэта зараз – яшчэ адзін цыкл неадэкватнага выказвання.
6.
Адзінае злачынства – гвалт, адзіны грэх – праца. Улада – праява гвалту. Грошы – інструмент здзяйснення ўлады. Дзяржава – перажытак. Інтэрнэт скасаваў патрэбу у дэпутатах і прэзідэнтах, і гэта толькі пачатак таго, што павінна быць.
7.
Трэба кінуць спробы далучыцца да устарэлых, неэфектыўных інстытутаў, заснаваных на інэрцыі. Мы павінны ствараць будучыню. Ўвесь свет развернецца і пойдзе наўслед.
8.
Эксперымент, пошук, самапазнанне, самакрытыка. Кожны дзень – апошні. Галоўны вораг індывіда – страх камунікацыі.
9.
Сума вектараў сіл цывілізацыі – абагачэнне. Грошы – фантом, эканомія грошай – злачынства. Эканомія вуглявадародаў, прырода, чалавек. Вазіць самалётамі адзенне і харчы з Кітая – злачынства. Прадаваць за грошы ежу, жыллё і медыцыну – злачынства. Суму вектараў трэба раскласці і накіраваць у грамадства.
10.
Уся літаратура – паэзія. Не павінна быць лішніх слоў. Думка мусіць быць сціслай і канкрэтнай, мусіць выказваць найбольш пры найменшых сродках, біць у свядомасць як маланка.
11.
Большасць вобразаў ня мае слоў – космас свядомасці. Стол ёсць стол, а “пасынкі сусвету”–недакладнасць, набліжэнне да гарызонту падзеяў. Каб назваць, прыходзіцца браць любое слова, блізкае да гарызонту. Мат – сінгулярнасць мовы. Мат – па-за гарызонтам. Ёўбалы сусвету, смуроды сусвету, гаўно сусвету. Ябаная халера сусвету. Мова паходзіць з сінгулярнасці.
12.
Творчасць – самаразбурэнне ўверх. Карта свядомасці мусіць быць поўнай.
13.
Пачуцці аўтара не важнейшыя за пачуцці чытача, мы кіруемся агульнай мэтай і не гуляемся ў рытуал шанавання. Не трэба жывіць ілюзіяў. Адзінае, что павінна цікавіць – авангардны бок свята.