Алесь Анціпенка. Веданта на далоні
by абдзіраловіч · 17.02.2020
Падрыхтоўка і кваліфікацыя
Зразумела, Рэальнасьць, пра якую кажа Веданта, – покуль толькі гіпотэза. Звычайная (навуковая) веда і мысьленьне Яе не адкрываюць. Але ёсьць шлях, кажа Веданта.
Найлепшы варыянт, канешне, гэта – калі маем настаўніка, гуру, які ведае гэты шлях. І можа паказаць яго.
Але ўсё ж паспрабуем зразумець яго. Ён – асаблівы. І перадусім таму, што “пралягае” праз мяне і без мяне немажлівы.
Што гэта азначае?
А азначае, што я адначасова – і мэта, і шлях, і “інструмэнт”, з дапамогай якога шукаю і рухаюся да мэты.
Як так?
Каб прасьвятліць гэтую формулу , параўнаю яе са старажытнагрэцкай максімай “Спазнай самога сябе!”. Відавочна, што, калі я спрабую сябе спазнаць,то “я” і аказваюся адначасова мэтай, сродкам і шляхам!
Мэта шляху, паводле Веданты, – адкрыцьцё сапраўднага “Я”, Самасьці. Вызваленьне ад памылковай веды пра сябе, пакутаў і страху сьмерці, якія й маюць сваёй прычынай гэтыя памыковыя уяўленьні. І, нарэшце, вынікам шляху ёсьць прасьвятленьне, інсайт, Мокша (Свабода), альбо тое, што Хрыстос называе “Валадарства Божае ўнутры нас”.
У санскрыце шлях гэты называецца “марга” альбо, як бы сказалі сёньня, “дарожная мапа”, якая ў кожнага свая. Але якую заўсёды найлепей ведае прасьветлены, гуру.
І, нарэшце, “сродкі” і “інструмэнты” ( навыкі і ўменьні), якія спатрэбяцца на шляху.
Пачну з самага фундамэнтальнага ўменьня.
Вівека
У перакладзе з санскрыту вівека азначае “разрозьненьне”, “аддзяленьне” альбо бачаньне адрознымі рэчаў, якія могуць падавацца аднолькавымі ці падобнымі.
Неабходнасьць такой працэдуры базуецца на разуменьні, што ня толькі сама Рэальнасьць, а і рэчы гэтага сьвету не выяўляюць сябе такімі, якімі яны ёсьць. І, напэўна, кожны сутыкаўся з сытуацыяй, калі нашыя пачуцьці і мысьленьне (якім бы крытычным тое ні было) ўводзяць у зман.
Элемэнтарны прыклад такога “зману” – заход сонца, калі назіральніку падаецца, што яно “садзіцца”, а потым і зьнікае за даляглядамі. Цяжка паверыць, але цягам тысячагоддзяў людзі былі перакананыя, што сонца рухаецца менавіта так, – вакол зямлі, а не наадварот. Яшчэ адзін прыклад з больш сур’ёзнай сфэры: шмат хто і да сёньня перакананы, што матэрыя існуе. Але для сучаснай фізыкі яна ўжо даўно “зьнікла”!
Гэткім чынам, з гледзішча Веданты, самі прадметы і рэчы, як фэномэны бачнага сьвету, у пэўным сэнсе “хаваюць” сябе і ня ёсьць такімі, як падаюцца. А сам гэты сьвет пастаянна мяняцца. У кожны наступны момант ён не такі, якім быў нядаўна. І адбываецца тое ня толькі таму, што ў ім дзейнічаюць розныя сілы: варта зьмяніць пункт гледжаньня, і гэты сьвет пачынае рабіцца іншым!
Да таго ж, часам не ўсьведамляючы, праектуем на рэчы і зьявы зьнешняга сьвету нашыя ўяўленьні і лічым іх сапраўдным яго адлюстраваньнем. “Па інэрцыі” накладваем засвоеныя раней паняткі, знаёмыя нам ідэі і канструкты, афарбоўваем яго ў нашыя настроі, прыпісваем яму нашыя ўяўленьні. І ўсе гэтыя праекцыі (разам з навуковай ведай) складаюць карціну нашага ўспрыняцьця і адчуваньня сьвету.
Апісаная з’ява называецца ў Веданце адным словам “майя”, ілюзыя, калі гаворка ідзе пра падманлівае ўспрыняцьцё сьвету. І тое ж самае азначае слова “авідз’я”, “аведа”, калі гаворка пра нашае індывідуальнае мысьленьне у дачыньньні да гэтага сьвету і сябе.
Веда і аведа ня толькі суіснуюць у мысьленьні, але і вызначаюць яго. Перафразуючы Бэкана, можна сказаць, што, з гледзішча Веданты, ня толькі веда, але і авідзья з’яўляецца сілай, здольнай вызначаць паводзіны як асобных індывідаў, так і цэлых сацыяльных груп. Красамоўны прыклад — дамінаваньне цягам дзесяцігоддзяў камуністычначнай ідэалегіі ў галовах мільёнаў людзей.
Усьведамляючы гэтую сытуацыю як базавую эпістэлягему чалавечага існаваньня Веданта пачынае са спэцыфічнай працэдуры мысьленьня, — вівекі, г.зн., — аддзяленьня сапраўднага ад фальшывага, падробнага ад арыгінальнага, зьменлівага і бягучага ад таго, што ніколі не зьнікае, ілюзорнага ад рэальнага, часавага і прасторавага ад Адвечнага.
Галоўнае прызначэньне вівекі – дэгіпнатызаваць чалавека, калі мы паступова пачынаем ясна разрозьніваць галоўнае ад другаснага, сапраўдныя каштоўнасьці ад таго, што толькі блішчыць. Зазначу, вівека – не абстрактная, а надзвычай канкрэтная працэдура мысьленьня. Гаворка ідзе тут пра разрозьньваньне не наўогул, а датычна майго ўласнага досьведу. Гэта мая канкрэтная праца над сабой, маім мысьленьнем, сьветаўспрыняцьцём і сьветаадчуваньнем.
Як такая праца можа адбывацца? Вось вельмі канкрэтны прыклад. Час ад часу ў стужцы ФБ я разьмяшчаю свае і не свае думкі пра сьмерць. Некаторыя мае сябры могуць запытацца, ці ўсё у мяне ў парадку? Так, канешне, усё нармальна!
Нішто так не дапамагае разрозьніваць важнае ад неістотнага, Адвечнае ад часавага як усьведамленьне ўласнай канцовасьці. Memento mori, – казалі старажытныя. Сьмерць мабілізуе, а яе адчуваньне дазваляе лёгка ўбачыць пустое і непатрэбнае для жыцьця. Канцовая мэта вівекі – яснае бачаньне высокага і нізкага, Адвечнага і зьменлівага, Боскага і зямнога.
Вайраг’я
Вайраг’я – наступства вівекі і азначае яна “аддзяленьне сябе”, “нечапляньне”, “непрывязанасьць”,” адсутнасьць залежнасьці”.
Аддзяленьне ад чаго?
Калі ў выпадку вівекі мы разьдзяляем істотнае і неістотнае, адрозьніваем базавае ад павярхоўнага. То вайраг’я – гэта аддзяленьне мяне самога ад неістотнага, непатрэбнага, павярхоўнага, зьмелівага, фальшывага і несапраўднага.
Але як даведацца, што фальшывае, а што не, – можа запытацца чытач. У кожнага ж свае ўяўленьні. Гэта так. Але можна.
Шляхоў можа быць некалькі. Самы просты. Вы пачалі заўважаць, што ў вашым жыцці нарастаюць праблемы, што вы робіцеся раздражнёным, што вам хочацца “ўсё кінуць і некуды з’ехаць”, што ўсе надакучылі і, нарэшце, у вас ДЭПРЭСЫЯ. Усё пералічанае – дакладныя сымптомы, што ў нейкім фрагмэнце жыцьця мы пераблыталі важнае і няважнае, праўду і фальш, сапраўды каштоўнае і тое, што толькі блішчыць…
Трэба паспрабаваць разблытаць. Найлепшая магчымасьць – застацца “сам-насам” і пачаць шукаць. Дарэчы, сама прырода падказвае: “з’ехаць бы куды да чортавай матры”! То бок, трэба проста пашукаць адзіноты для самааналізу.
Другі шлях – зьвярнуць увагу на тое, што называецца рэлігійнай этыкай. Праўда, маючы да яе адмысловы падыход, – а менавіта этыка – гэта ня толькі і ня столькі пра “кепскае-добрае”. Яна перадусім запрашэньне рухацца ўглыб самога сябе. (Памятаеце Канта: зорнае неба нада мной і маральны закон ува мне).
Этыка – “інструмэнт” разрозьненняў у маіх паводзінах, думках, матывацыях і пачуцьцях праўдзівага і фальшывага, сутнаснага і пустога, жывога і мёртвага, вядомага нам пра саміх сябе і невядомага. Практычна ўсе сыстэмы рэлігійнай этыкі абсалютна дакладна вызначаюць зьмест кожнага з названых палярных паняткаў.
Вайраг’я ў Веданце, аднак, ня толькі гэта. Яна тасама і дзеяньне.
Якое дзеяньне?
Калі я навучыўся разрозьніваць і аддзяляць сапраўднае ад фальшывага, сэнсоўнае ад бессэнсоўнага, наступны крок – пазбавіцца таго, што сутнасна прашкаджае мне быць самім сабой (ад фальшывага, бессэнсоўнага і несапраўднага ўва мне).
І тут пачынаем заўважаць, што гэта ня так проста. Таму што ўжо даўно прызвычаіліся, напрыклад, ленавацца ці хлусіць, калі нам тое выгодна…
Вайраг’я, гэткім чынам, – дзеяньне, скіраванае на тое, каб пазбавіцца чапляньня, каб выдаліць зь сябе кепскія звычкі, стэрыятыпы мысьленьня, пазбавіцца ўсяго, што не дазваляе бачыць сьвет такім, якім ён есьць. Бачыць яго бяз хоць якіх праекцый і ідэялягем, пустых вобразаў і, нарэшце, быць вольным ад пошуку задавальненьняў у гэтым сьвеце.
Вівека і вайраг’я – шлях станчэньня мысьленьня і паглыбленьня ў самога сябе, адмовы шукаць навонкі вырашэньня хоць якіх сур’ёзных праблем (напрыклад, шчасьця ці праблемы сьмерці). Іхнае вырашэньне, кажа Веданта, ляжыць унутры нас.
Вялікі кітайскі містык Лао Дзы (Lǎozi) перадаў сэнс вівекі і вайраг’і адным сказам: “Зразумеўшы, што усё ў гэтым сьвеце – зьменлiвае, убачыш, што ня мае сэнсу за штосьці чапляцца ў ім “.