Андрэй Строцаў. Пра сімвалічную безадказнасьць
by абдзіраловіч · 09.12.2019
Мы жывем у сьвеце сімвалаў. Любое нашае дзеяньне мае сімвалічную нагрузку, усьведамляем мы гэта, або не. Любое палітычнае дзеяньне сімвалічнае па вызначэньні. Палітык – гэта насамперш той, хто стварае сэнсы і зьместы. Незалежна ад таго, усьведамляе ён гэта, або не. Гэтае сімвалічнае напаўненьне палітычных жэстаў мае свае наступствы, і іх аўтары нясуць за гэтыя наступствы адказнасьць. Адпаведна, яны могуць паводзіць сябе з сімваламі адказна або безадказна.
Незалежна ад таго, як мы ўяўляем сабе свой лёс пасьля сьмерці або чым займаемся раніцай па нядзелях, усе мы ў Еўропе знаходзімся ў прасторы, адфарматаванай юдэйскім і хрысьціянскім міфам. Ён палягае на тым, што “Сказаў Бог “Хай будзе сьвятло!” І сталася сьвятло” а таксама “Слова сталася целам і пасялілася між намі”. Слова, вобраз, думка, ідэя – першасныя. Якімі яны будуць, такім будзе і ўцелаўленьне. Не наадварот. Маркс проста крыху пахуліганіў і паспрабаваў перагарнуць гэты прынцып дагары нагамі са сваімі базісам і надбудовай. І ў выніку самога ж сябе аспрэчыў, таму што ягоная марксісцкая ідэя зрабілася тым самым словам, тым самым міфам, які ўжо хутка два стагодзьдзя як натхняе тысячы людзей на самыя розныя фізічныя дзеяньні – ад біцьця вокнаў да будаўніцтва Беламорканалаў. Не наадварот.
Словы робяцца рэальнасьцю. Сімвалы робяцца рэальнасьцю. Як ты сьпяеш альбо станчыш – так і будзе. І тут мала падставаў да легкадумнага аптымізму – усё будзе так, як я хачу. Нашы словы маюць сілу, якую мы насамрэч не кантралюем. Мы ня ведаем, што мы хочам казаць. Мы хочам прасьпяваць адно, а сьпяваем іншае. Мы баімся намаляваць тое, што хочам. А атрымліваецца ў выніку тое, што мы кажам, пяем, выяўляем. Мы ўсе закладнікі нашага няўменьня працаваць з сімваламі. Мы ўсе пакутуем ад таго, што мы не паэты і не мастакі. Старажытны чалавек выдатна разумеў гэтую сілу сімвалаў, таму меў малітвы і рытуалы. Маліцца – значыць прамаўляць не сваімі словамі. Зьдзяйсьняць рытуал – значыць паўтараць чужыя жэсты і рухі. Толькі так старажытны чалавек быў пэўны, што сьвет не перакуліцца. Сучасны чалавек ад гэтага нарэшце вольны. Таму цяпер адзін недарэчны твіт можа ў вокамгненьне зьнішчыць яму рэпутацыю на ўсё жыцьцё, а адна няўдалая рэклама можа пахаваць шматмільённую кампанію.
Адно з такіх словаў, што аднойчы было прамоўленае і сталася рэальнасьцю –”Беларусь”. У яго ёсьць гісторыя, яно не існавала адпачатку. Гэтая гісторыя падрабязна апісаная шматлікімі дасьледчыкамі. Што ж адбываецца паміж тым, як нехта ўпершыню прамаўляе слова, і зьяўленьнем такой вось Беларусі на дзьвюхстах тысячах квадратных кіламетраў і з дзевяцьцю мільёнамі жыхароў? Адбываецца праца з сімваламі. Стварэньне новых і перазагрузка старых. Пісаньне вершаў, шыцьцё вайсковай формы, маляваньне гербаў. Ні ў водзін момант гісторыі гэтай краіны не было такога, што з-за гор або з-за мора зьявілася арда беларусаў, захапіла яе і назвала Беларусьсю. Проста аднойчы гэтую краіну пачалі так называць унукі людзей, якія ня ведалі такога слова, але жылі на гэтай жа зямлі. А калі яны пачалі яе так называць, рана ці позна яна зьявілася і на мапах.
У гэтыя мапы маглі ўваходзіць Смаленск або Вільня, яны маглі не адпавядаць ніякай ваенна-палітычнай рэальнасьці. Але што такое рэальнасьць? Гэта працяг нашых дэкларацыяў, дэвізаў і гімнаў. Сто адзін год таму ў Менску сабраліся хлопцы ў адной будучай чабурэчнай і падпісалі адну паперку, сто год таму іншыя хлопцы сабраліся зноў-такі ў Смаленску і падпісалі іншую паперку – і вось узьнікла Беларусь, нечакана для многіх, нават для тых, хто і так ужо добра ведаў гэтае слова. Ня тое каб яе стала можна падысьці і памацаць, але вось ужо вешаюць шыльды на новых мовах, ствараюць інстытуты, перабудоўваюць гарады… Лёс гэтага міфа, гэтага вобразу быў у мінулым стагодзьдзі надзвычай складаным, слова “Беларусь” не адзін раз напаўнялася новым сэнсам, гінулі, зьнішчаліся і нараджаліся наноў пакаленьні тых, для каго яно нешта значыла.
Мае бацькі былі на пару год старэйшыя за мяне, калі раптам навокал іх адбыўся шэраг падзеяў, пасьля якога слова “Беларусь” зноў набыла новы сэнс, пачало абазначаць незалежную дзяржаву, у якой яны сталіся грамадзянамі. Для іх гэта таксама было пэўнаю нечаканасьцю. Мой бацька тады ўжо пачаў займацца тою самаю магіяй, пра якую я пісаў напачатку – праграмаваць сусьвет пры дапамозе словаў, пісаць вершы. Але ён пісаў іх па-руску. Тады ж яны з маці пачалі хадзіць у царкву – маліцца і зьдзяйсьняць рытуалы, сьпяваць не сваімі словамі і рухацца чужымі жэстамі. Але гэтыя сьпевы былі на яшчэ адной іншай мове – на царкоўнаславянскай. Як гэта суадносілася з “Беларусьсю”, з яе беларускай мовай? І вось у той жа час мае бацькі-нефармалы сустрэлі яшчэ аднаго хіпі-нефармала, Міхала Анемпадыстава, які пісаў вершы па-беларуску. Ён працаваў разам з бацькам на нейкай умоўнай працы дзевяностых гадоў, і пісаў вершы. Гэта быў “Народны альбом”.
Праз чвэрць стагодзьдзя ён стварыў тую краіну, у якой жыву я і яшчэ мноства людзей. Што цікава, само слова “Беларусь” у ім гучыць толькі адзін раз, і ў вельмі спецыфічным кантэксьце – у песьні “Дарагія мае масквічы”. Але тая Беларусь, якая існуе зараз – гэта менавіта Беларусь “Народнага альбома” і яго шасьці моваў. Цалкам еўхарыстычным чынам “простыя словы” ператвараюцца ў “хлеб на стале”, у тысячы людзей, якія на юбілейным канцэрце на памяць сьпяваюць хорам ад першай песьні да апошняй, многія з якіх пры гэтым маладзейшыя за сам альбом. Сьпяваюць у тым ліку па-польску, на ідышы, на трасянцы. Руская мова бацькавых вершаў таксама зрабілася часткаю гэтага космасу. А яшчэ адзін персанаж з гэтага пакаленьня, сябар Міхала Тодар Кашкурэвіч пайшоў яшчэ далей, і пачаў абыходзіцца ўвогуле бяз словаў. Калі ён быў хіпі-нефармалам, любы “фальклор” быў нецікавы абсалютна нікому – ні чыноўнікам, ні студэнтам, ні мастакам, ні нават, напэўна, самім выканальніцам з гурткоў творчай самадзейнасьці, якія нешта “народнае” сьпявалі ў дамах культуры. А Тодар з сябрамі ўзялі арнаменты, кшталту таго, што на панылым бэсэсэраўскім сьцягу, і пачалі вырабляць з іх нешта стылёвае, агрэсіўнае, заўважнае.
Не прайшо і чвэрці стагодзьдзя, як уся краіна ў вышымайках і вышыбайках – традыцыйнымі арнаментамі карыстаюцца і дзяржслужбоўцы, і айцішнікі, і школьнікі. Акрамя візуальнага яны ўзяліся за аўдыяльнае. “Беларускім нацыянальным інструментам” лічыліся чамусьці цымбалы, прычым не такія як у вёсках, а на ножках, “акадэмічныя” і абсалютна нецікавыя. Праз трыццаць год пасьля таго, як памёр апошні беларускі дудар, Тодар з Алесем Ласём пачалі рабіць дуды і граць на іх. Зараз без дуды Беларусь немагчыма ўявіць. Рокеры, фолкеры, металісты або нават рэперы рана ці позна зьвяртаюцца да гэтага гуку. Пры гэтым Беларусь арнаментаў і дудаў зусім не вясковая – усё гэта адбываецца ў гарадах, гэта жыве ў сеціве. Гэта сімвалы, якія зьмяняюць усё навокал.
Гэта адзін падыход да сімвалаў. І я лічу гэта адказным падыходам. Ён адказны, і пры гэтым свабодны – ты атрымаў нейкі багаж знакаў і малюнкаў, на цябе ў твае 25-30 звалілася з неба новая краіна, і ты пачынаеш гуляць, ствараць нешта новае. Ты атрымаў нешта ў падарунак і ты ўдзячна адказваеш. “Прыдумай сабе свой сьвет”, як сьпявае Вольскі, яшчэ адзін з тых, хто гуляць у гульні ўмее вельмі добра. Сотні людзей ствараюць сабе штодня свае Беларусі, і яны не адразу, але непазьбежна робяцца рэальнасьцю. І гэта датычыць далёка ня толькі “творчай інтэлігенцыі”, як можа падавацца з майго тэксту, гэта датычыць любога, хто да гэтай гульні далучаецца.
Прама супрацьлеглы падыход за гэтую чвэрць стагодзьдзя прадэманстравала тая дзяржаўная ўлада, якая вельмі хутка пачала кіраваць гэтай новай краінай. Я не пра “Лукашэнку”, не існуе ніякага Лукашэнкі. Ёсьць даволі шмат абсалютна бястварых людзей, якія за гэтыя дваццаць восем год так і не прыдумалі, навошта ім гэтая Беларусь, ня здолелі стварыць ніякага хаця б крыху цікавага міфа нават для саміх сябе, ня кажучы ўжо пра тое, каб натхніць кагосьці іншага. Быць Савецкім саюзам ужо немагчыма, быць суседам з захаду або ўсходу ня хочацца (бо ўсё забяруць), быць нічым – страшна. Таму гэтыя людзі дзесяцігодзьдзямі намагаліся быць нейкім кампотам з дажынак і трактароў. А паколькі гэтая татальная імпатэнцыя ўяўленьня непазьбежна прайграе любому мінімальна жывому вобразу, то ў гэтай секты аматараў хакея заўсёды шмат канкурэнтаў.
Але адзінае, што яны могуць ім супрацьпаставіць – гэта гвалт. Забараніць і адлупіць. Чыста тэхнічна гэтая ўлада прадэманстравала надзвычайныя здольнасьці самаўзнаўляцца. Няма іншай краіны ў Еўропе, дзе з 1994 года не зьмянялася б кіраўніцтва, каралева Англіі ня лічыцца. Аднак за ўвесь гэты час гэтая сістэма нічога не зрабіла, каб напоўніць сваё існаваньне хаця б якім-небудзь сэнсам. Зараз нарэшце, ня так ужо і нечакана, існаваньне гэтай субкультуры пад пытаньнем. Што ж, калі раптам яе “незалежнасьць” бяздарна скончыцца, то ні кроплі ня будзе шкада, бо гэта будзе цалкам заслужана. Такія наступствы сімвалічнай безадказнасьці. Калі ты доўга надзьмуваеш нічым не пустую бурбалку, яна аднойчы лопне.
Але з дзяржавай усё ў прынцыпе зразумела і безьліч разоў ужо сказана. Я б хацеў сказаць пару словаў пра іншую сімвалічную безадказнасьць. Пра безадказнасьць тых палітыкаў, якія сябе ўяўляюць альтэрнатывай гэтай дзяржаве, “апазіцыяй”. Я глыбока перакананы, што яны зьяўляюцца амаль ва ўсім поўнымі двайнікамі гэтай дзяржавы. І ў першую чаргу – ў сімвалічнай бяздарнасьці, поўнай адсутнасьці ўяўленьня. Як і дзяржава, за чвэрць стагодзьдзя альтэрнатыўныя ёй палітыкі не прыдумалі і не стварылі нічога новага, яны абапіраюцца на нацыянальны канон канца 1980-х, і нічога ў ім не зьмяняецца.
Пытаньне не пра іх палітычныя паразы, адсутнасьць сродкаў, сіл. Зусім не. Пытаньне пра адсутнасьць хаця б мінімальнай фантазіі. Дваццаць год гэтыя людзі пераканана ходзяць аднымі і тымі ж шляхамі і выгукваюць адны і тыя ж словы. Чаму не працуе асноўны прынцып рэальнасьці словаў, пра які ішла гаворка напачатку? Таму што нават калі ты ўдзельнічаеш тысячны раз у рытуале і выкрыкваеш закляцьці на незразумелай табе самому мове, патрэбная хаця б нейкая энэргія, хаця б нейкае намаганьне з твайго боку, каб гэта паўплывала на жыцьцё. Тут жа мы маем справу з іншым. Людзі, якія называюць сябе палітыкамі і абяцаюць нешта зьмяніць, увесь час чакаюць, што прыйдзе нехта іншы і забярэ сабе іх адказнасьць.
Вобраз гэтага Іншага за гады дастаткова дакладна вымаляваўся. Гэта павінен быць “народ”, які выйдзе ў колькасьці адзін мільён на галоўную плошчу, пастаіць там, і назаўтра ўсё зьменіцца. Менавіта такі быў разьлік у сьнежні 2010 года. Я ня памятаю, каб хаця б адзін з лідараў той Плошчы выбачыўся перад пабітымі і арыштаванымі людзьмі за заклікі прыходзіць і нешта рабіць, пры поўнай адсутнасьці плана і разуменьня ў саміх лідараў, што ж трэба рабіць. Але ж і праз амаль дзесяцігодзьдзе тыя ж людзі заклікаюць прыходзіць на Плошчу і нечага чакаць. Калі з пятага разу не атрымалася прабіць сьценку лбом, нічога страшнага. Трэба проста лепей разьбегчыся, і паспрабаваць зрабіць тое ж самае шосты раз. Рана ці позна сьценка ня вытрымае.
Нават калі замовы нечакана спрацоўваюць і народ такі выходзіць да апазіцыянераў на вуліцы, як у 2011 годзе або падчас пратэстаў “недармаедаў”, яны, разгубленыя, ня ведаюць, што рабіць. Сэнс сваёй дзейнасьці яны бачаць толькі ў лянівым баданьні з дзяржавай, сваім двайніком. У аснове гэтай садамазахічнай сузалежнасьці той жа гвалт, які адзіны можа запоўніць пустату – мара пра нейкі мільён, які зьмяце ўсе перашкоды, і назаўтра ўсё будзе па-новаму.
Канкрэтным красамоўным прыкладам таго, пра што я разважаю, зрабіліся ўчорашнія падзеі. На суботу жыхароў Менска апазіцыйныя рухі заклікалі ажно на дзьве акцыі. Што ж яны прапанавалі? Па-першае, стаць у жывы ланцуг ад… цырка да Плошчы Незалежнасьці. Па-другое, сабрацца на Кастрычніцкай плошчы на мітынг. Здавалася б, нармальныя ідэі, у чым праблема? Праблема ў тым, што абедзьве яны сімвалічна пустыя і нават контрпрадуктыўныя.
Спачатку першая. Сама ідэя жывога ланцуга палягае ў тым, што людзі сваімі целамі спалучаюць нешта з нечым, пункт А з пунктам Б. Учорашняя акцыя зьяўляецца відавочнаю адсылкаю да Балцкага шляху. Адрозьніваецца яна ад яго тым, што Балцкі шлях быў сімвалічна асэнсаваны і насычаны. Людзі спалучылі Талін, Рыгу і Вільню, сталіцы балтыйскіх дзяржаваў, стварыўшы такім чынам жывы мур з поўначы на поўдзень супраць савецкай рэакцыі з Усходу. Справа ня ў тым, што Балцкі шлях сабраў два мільёны чалавек і ўвогуле зрабіўся адной з найбуйнейшых дэманстрацый у гісторыі Еўропы, а ўчорашні менскі жывы ланцуг не абышоўся без прагалаў у дзясяткі метраў.
Справа ў тым, што ён ад пачатку няўцямны. Ад цырку да незалежнасьці. Або наадварот, як паглядзець. Арганізоўваць урачысты перформанс, дзе ключавую ролю грае слова “цырк” – яскравы прыклад сімвалічнай безадказнасьці. Чаму б тады ўжо не ад Плошчы Перамогі? Там пра подзьвіг народа напісана, таксама ў тэму. Але гэта закранае больш глыбокае пытаньне. Балцкі шлях ня толькі злучаў гарады, але і ствараў чалавечы мур, які перакрываў уласна Балтыю. Дзе ж адбывалася ўчорашняя акцыя? На праспекце Незалежнасьці! Здорава, чаму не? А таму, што праспект Незалежнасьці (Скарыны, Леніна, Сталіна) – гэта савецкі архітэктурны праект, дарога з Еўропы ў Маскву! Вось па гэтай лініі людзям і было прапанавана ўзяцца за рукі. Само па сабе – чаму б і не, але ў кантэксьце гэта сімвалічная безадказнасьць.
Менскі праспект наздвычай нагружаны твор сталінскага часу, шлях наперад у сьветлае камуністычнае заўтра, пра што падрабязна напісаў Артур Клінаў у сваёй кнізе пра “горад Сонца”. У гэтым сэньсе праспект як мастацкі твор геніяльны, гэта скарб Менска, і ім трэба ўмець карыстацца. Але ў дадзеным выпадку скарысталіся ім бяздарна. Тое ж датычыць і збора на Кастрычніцкай плошчы. Чаму заўсёды там, што ў 2006, што ў 2010, што зараз? Самая вялікая? Самая цантральная? Але ж любая палітычная акцыя мае кантэкст, сэнс, абставіны. На Кастрычніцкай нешта разьмешчана – Дом Ураду, напрыклад? Не. У яе нейкая прыгожая назва? О не. У яе нейкія багатыя гістарычныя канатацыі? Не, калі не лічыць папярэднія няўдалыя спробы на ёй сабрацца. Можа, гэта проста прыгожае месца? Не, не, яшчэ раз не, гэта дзірка ў сэрцы Менска, пустэча на месцы разбуранага манастыра, дзе пасьля зносу помніка Сталіну нічога новага ніколі не зьявілася, а вакол набудавалі некалькі агідных гмахаў.
Але трэба сабрацца на гэтай бязмежнай плошчы, якая самою сваёю шырынёю выядае ўсю энэргію, стаць на прыступкі “Палаца Рэспублікі”, гэтага саркафага, і крычаць у мегафон. Ніякай нават самай вялікай колькасьці людзей пасярод гэтай пусткі недастаткова, каб гэта як мінімум выглядала прыстойна на фатаграфіях. Аднак далей болей. Гартаю я ўчора стужку і бачу, што заклікаюць стаяць на гэтай плошчы да вечара, да пераможнага канца. Схадзіў у кухню заварыць сабе гарбаты, вярнуўся, гляджу, а ўсіх ужо вядуць то да Чырвонага касьцёла, то ў Купалаўскі парк, то да Коласа. Відавочна, з кожным марш-кідком губляючы сотню за сотняй удзельнікаў. Чаму такі маршрут? А хто там ідзе? А куды? Няма адказу ў нашых лідараў. На Майсеяў яны ня вельмі падобныя, хоць той таксама кружляў. Выглядае ўвесь пратэст у выніку як у бессьмяротным меме “Што-та ня так!”
На пытаньне “а дзе ж тады зьбірацца?” можна было б, вядома, расьпісаць падрабязна, што ў Менска акрамя восі захад-усход, што супадае з праспектам, ёсьць яшчэ сімвалічная вось поўдзень-поўнач, на якой знаходзяцца такія важныя месцы як Капішча каля Ліцэя БДУ, універсам Цэнтральны (месца спалучэньня дзьвюх каардынатаў), Верхні горад з сімвалам свабоды Менска – ратушай, што стаіць на Саборнай плошчы (ад слова “зьбірацца”), Няміга і Замчышча, вялікая пустая прастора. На гэтых месцах таксама спарадычна нешта адбываецца, але нашыя апазіцыянеры настолькі заварожаныя саўковай архітэктурай, ня толькі ў сэньсе будынкаў, але і ў сэньсе агульнай арганізацыі горада, што ня могуць зноў і зноў да яе не вяртацца.
Аднак я закончыць хацеў бы ня гэтым. Я толькі таму здолеў сфармуляваць нарэшце гэтыя думкі пра сімвалічную безадказнасьць, якія досыць доўга не маглі скласьціся ў адзінае цэлае, што ўбачыў у апошні час нямала прыкладаў адваротнага – сімвалічнай адказнасьці. Сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР у Менску, Ноч паэтаў у Курапатах, беларускі ўдзел у перапахаваньні паўстанцаў у Вільні – усё гэта было арганізавана на найлепшым магчымым узроўні, менавіта як моцныя сімвалічныя падзеі, якія застаюцца ў памяці. У адрозьненьне ад аднолькавых мітынгаў, на якіх з году ў год адны і тыя ж твары прамаўляюць на фоне адных і тых жа крыху пажоўклых ад часу транспарантаў.
Справа ня ў тым, што ў гэтай каманды, або дакладней камандаў, болей рэсурсаў, людзей, часу. Ня болей, чым у шматлікіх партый і рухаў. Але ў іх іншая парадыгма – замест надзеяў сабраць на плошчы мільён яны працуюць над якасьцю грамадска-палітычных падзеяў, над іх сімвалічным зьместам. Павал Белавус так і назваў свой праект – “Сымбаль”. Калі некалькі год таму ён з сябрамі раздавалі на вуліцах стужкі з арнаментам, то над гэтым многія іранізавалі, а цяпер гэтая кампанія ладзіць вось такога кшталту падзеі. Здавалася б, напрыклад, што перашкаджала за амаль трыццаць год незалежнасьці запісаць “Пагоню” ці якісьці яшчэ з класічных нацыянальных гімнаў з аркестрам? Нічога не перашкаджала. Але хіба што нікому гэта не прыходзіла ў галаву.
Відаць, разьлік на тое, што калі мы возьмем масты і тэлеграф, то ў дзяржфілармоніі назаўтра само ўсё запішацца і пачне круціцца па радыё. А гэтыя рабяты ўзялі і зрабілі, і цяпер гэта ёсьць. Я ўжо не кажу пра звычку рабіць справаздачу па сабраных талакою грошах. Тут ужо не сімвалічная адказнасьць, а проста звычайная чалавечая. І ёсьць шанцы, што ў такім выпадку пачуцьцё адказнасьці палітычнай і грамадскай таксама рана ці позна зробіцца нечым канкрэтным.
На ўсялякі выпадак, калі гэта невідавочна з маіх словаў, уся мая нязгода датычыць выключна палітычных лідараў і іх няздольнасьці да ўяўленьня, а ня тых, хто ў гэтых акцыях прымае удзел. Тыя, хто з разу ў раз выходзіць на гэтыя мітынгі, заўжды нечым рызыкуючы, не разьлічваючы на нейкі рэзультат, ня могуць не выклікаць павагі. З учорашняга жывога ланцуга вешаю фатаграфію Леначкі Прохаравай. Як вядома, калі яна прыйшла на якую-небудзь імпрэзу, якасьць імпрэзы рэзка ўзьлятае. Так што і тут яе пазітыў усё выкупляе і пераўтварае.
Якраз Леначка – прыклад такога чалавека-міфа, які стварае свой космас, танцуючы. І я ўпэўнены, што як бы ні склаліся палітычныя абставіны, яна працягне яго ствараць і аднойчы створыць. Як казаў Міхал Анемпадыстаў, прастору можна арганізаваць або мяжой (рака цячэ праз поле), або дамінантай (дрэва пасярод поля). Мы не заўжды ўплываем на нашы межы, але мы заўсёды можам працаваць з сімваламі.
Незалежна ад таго, які імператар, султан або прэзідэнт імі кіруе, габраі ва ўсе стагодзьдзі кажуць “Шма Ізраэль”, у пятніцу вечарам сустракаюць шабат, а на Пасху распавядаюць сваім дзецям, чым гэтая ноч адрозьніваецца ад астатніх. І будуць гэта рабіць, незалежна ад таго, існуе або не існуе ізраільская дзяржава, ажно пакуль ня прыйдзе Машыях. І гэта не пытаньне адной толькі рэлігійнасьці, я зараз кажу пра словы і сімвалы. Але зрэшты, што такое любы нацыяналізм, калі не секулярызаваная рэлігія. Як Царква зьяўляецца прадметам веры, а ня веданьня, так і Беларусь будзе існаваць роўна да той пары, пакуль будуць тыя, каму гэтая гульня цікавая.
Не загаснуць зоркі ў небе!