Ігар Бабкоў. Этыка памежжа: транскультурнасьць як беларускі досьвед
by абдзіраловіч · 29.09.2019
На па(ўзь)межжы Чужыны з Айчынай
Па начох ходзіць сумны паэтАнатоль Сыс
Задачай гэтага тэкста ёсьць вытлумачэньне пяці словаў, вынесеных у назву. Тры з гэтых словаў — паняткі, і яны, згодна з даўгой традыцыяй эўрапейскага мысьленьня, імкнуцца да ўнівэрсальнай, г. зн. не залежнай ад аніякіх лякальных кантэкстаў, зьмястоўнасьці. Гэтыя словы: памежжа, этыка, транскультурнасьць. Два пазасталые словы ўтвараюць словазлучэньне, у якім абодва ўзаемна лякалізуюць свой зьмест. Гэта словазлучэньне „беларускі досьвед”. Усе разам яны пазначаюць пэўную дынамічную цэльнасьць, за якой стаіць пэўнае памкненьне думкі. Сэнс і матывацыі гэтага памкненьня наўрад ці могуць быць выяўлены рацыянальна. (Хіба можна папярэдне заўважыць, што этыка як спакуса зь неабходнасьцю паўстае на даляглядзе мысьленьня, якое спрабуе зрабіць сваім прадметам вайну культураў, само будучы пры гэтым сродкам і аргумэнтам у гэтай вайне, — паўстае як цьмяны імпэратыў і як сэнсатворная пэрспэктыва).
У выніку гэтага памкненьня, якое сутыкае на прасторы мовы розныя зьместы, — штосьці можа адбыцца. Гэтае штосьці — магчымая падзея думкі. Але падзею думкі, яе кірункі і лябірынты, тупікі і набыткі няможна заплянаваць ці прад-угледзець. Адзінае, што варта папярэдне зацеміць, гэта наяўнасьць у Архіве эўрапейскага мысьленьня дзьвюх стратэгіяў: адна палягае на ўнівэрсалізацыі ўнікальнага (беларускі досьвед разглядаецца як частка больш шырокага, радавога досьведу, убачанага і прадуманага праз заяўленыя катэгорыі — этыка, паўзьмежжа, транскультурнасьць, — і недзе высока сьвецяць Плятонавы ідэі), другая, адваротная, — унікалізацыя ўнівэрсальнага (у гэтым ракурсе беларускі досьвед выступае як несувымерная і непараўнальная ні з чым падзея, як пункт адліку новага генэалягічнага праекту поліцэнтрычнай гісторыі сучаснасьці, — і дапаможа нам Ніцшэ). Гэтыя дзьве стратэгіі зь неабходнасьцю паўстаюць перад думкай, і ўнікнуць іхнага прыцягненьня будзе немагчыма. Але ўласна задача нашага разгляду больш сьціплая і простая: зрабіць вышэйназваныя словы істотнымі ў нашым мысьленьні. Развага — усяго толькі ўзважаньне на шалях мовы гэтай істотнасьці.
Памежжа
Тэрмін памежжа характарызуе пэўным чынам топіку прасторы: памежжа — гэта прастора, прылеглая да мяжы, злучаная і зьнітаваная мяжой, прастора, для якой менавіта мяжа ёсьць арганізуючым прынцыпам, сутнасьцю і цэнтрам прыцягненьня. Памежжа разьлягаецца паабапал мяжы, і ягоны тапалягічны статус парадаксальны: памежжа набывае пэўную цэльнасьць праз факт уласнай падзеленасьці, г.зн. праз дынамічную падзею разьмежаваньня, сустрэчы і пераходу Свайго і Чужога, альбо Аднаго і Іншага. Менавіта гэтая дынамічная падзея адпавядае таму, што ў эўрапейскім мысьленьні завецца сутнасьцю, цэнтрам, прынцыпам, першапрычынай, Богам.
Гэтыя словы (сутнасьць, прынцып, цэнтар) звыклыя для эўрапейскага мысьленьня, але ў пэўнай геамэтрычнай праекцыі: праекцыі кола, альбо сфэры, у якіх ёсьць цэнтар і пэрыфэрыя. У такой прасторы рух у цэнтар і ад цэнтру — адзін і той жа рух; штосьці імкнецца да цэнтру, дасягае яго й супакойваецца ў сваёй сутнасьці, нерухомее і надалей завецца першапрынцыпам, Богам, Адзіным. Пытаньне, у якой ступені эўрапейская онталёгія (магчымыя эўрапейскія онталёгіі) застаюцца ў палоне гэтай геамэтрычнай мэтафары, застаецца адкрытым. Але памежжа, убачанае з пэрспэктывы цэнтру, не існуе ані як онталягічная, ані як тапалягічная цэльнасьць, ці, калі перафармуляваць гэтую думку, з пэрспэктывы онталёгіі цэнтру, памежжа існуе адно як мэханічнае злучэньне дзьвюх пэрыфэрыяў, падзеленых мяжой. Каб напраўдзе ўбачыць памежжа, мы мусім уявіць сабе нейкую іншую онталёгію, знайсьці іншую мэтафару.
Каб уявіць сабе гэтую альтэрнатыўную онталёгію, паспрабуем уявіць мысьленьне, якое абапіраецца не на вечнае і нерухомае быцьцё Пармэніда, а на Гераклітавы „вечна жывы агонь”, які пэрыядычна распальваецца і затухае, альбо на „вайну, якая ёсьць маці ўсяго”. Зрэшты, у онталёгіі даасызму цэнтральным (?) паняткам ёсьць ня Дао, пра якое мы ня можам сказаць анічога пэўнага, а Тай Цы (Тай Чы) — Вялікая мяжа. І ўся дааская мудрасьць — мудрасьць існаваньня ў памежжы, мудрасьць прысутнасьці ў дынамічнай падзеі разьмежаваньня, сустрэчы і пераходу Інь і Ян, Свайго і Чужога. Калі крыху адпрэчыцца ад эўрапейскага снабізму, які абясшкоджвае ўсе незаходнія прэтэнзіі на веду, разьмяшчаючы адпаведныя тэксты і ідэі на паліцы Арыенталізму альбо эзатэрычнае літаратуры, мы можам зразумець, што ў гэтай магчымай онталёгіі няма анічога ўсходняга альбо спэцыфічна кітайскага. І праблема не ў арыенталізацыі эўрапейскага мысьленьня, а ў тым, што існуе такі ракурс бачаньня, у якім памежжа можа быць убачанае як пэўная дынамічная цэльнасьць, у сваёй сутнасьці.
Каб паставіць пытаньне пра сутнасьць памежжа, мы мусім запытацца аб сутнасьці мяжы як такой. Але сваю сутнасьць мяжа набывае толькі ў падзеі падзяленьня/злучэньня чагосьці, што прылягае. Мяжа ёсьць разрывам тоеснасьці, сустрэчай і пераходам свайго у чужое. Мяжа ёсьць падзеяй.
Пры такой геамэтрыі памежжа ня ёсьць пэрыфэрыяй: дынаміка прасторы палягае не на простым атрыманьні імпульсаў з цэнтру, а на сутыкненьні сутнасьцяў, іхным разьмежаваньні і злучэньні. Наадварот, менавіта ў прысутнасьці мяжы сутнасьці найбольш аголеныя, найбольш агрэсіўныя. Тое, пра што сутнасьці маўчаць у цэнтры, выяўляецца і прамаўляецца ў момант сустрэчы зь іншым, альбо пераходу ў іншае.
Калі перайсьці ад онталёгіі да дынамікі культуры, ці, больш канкрэтна, да культурнай цэльнасьці памежжа, якая выяўляецца ў статусе суб’екта культуры, дык існаваньне на памежжы азначае ня рух пераходу ад адной культуры да іншай, які быў бы сымптомам інкультурацыі (калі ён свабодны) альбо калянізацыі (калі ён вымушаны), а рух паўз мяжу (па мяжы), мэлянхалічнае прасоўваньне паралельна існым культурным межам, гэст канчатковага несупадзеньня з наяўнай топікай, стратэгіі неаддзяленьня сябе ад і нявыбару між сваім і чужым, існаваньне ў цьмянай прасторы, у якой сваё адчужанае, а чужое — усё ж такі сваё: існаваньне між Айчынай і Чужынай, якія насамрэч аказваюцца двума тварамі адзінага цэлага.
Культурнае памежжа (ці культура памежжа) ёсьць ня толькі геакультурным (тапалягічным), але й экзыстэнцыйным фэномэнам: працэс індывідуальнай самаідэнтыфікацыі з усёй культурнай прасторай ня ёсьць чыстай падзеяй далучэньня да наяўнай, роўнай сабе ідэнтычнасьці — а хутчэй працэсам балянсаваньня паміж у поліцэнтрычнай прасторы культурнай разнастайнасьці. Усялякая прэтэнзія на чыстую, тоесную сабе цэльнасьць абарочваецца ўрэшце стратай гэтай цэльнасьці, — абарочваецца адно частковасьцю, альбо беларускай доляй.
Беларусь апошніх двух стагодзьдзяў паўстала й сфармавалася менавіта ў гэтай цьмянай прасторы між-і-паўз-культурнага сутоньня, і на першы погляд выглядае парадаксальным, што беларускае мысьленьне не тэматызавала і не рэфлексавала сваю рэальную (тутэйшую) сытуацыю, аддаючы перавагу ідэйнай і тэкставай разбудове віртуальнага Архіпэлягу Беларусь. „Тутэйшыя” Янкі Купалы — адзінае, хаця й геніяльнае выключэньне. На паўзьмежжы фармуецца беларуская суб’ектыўнасьць і беларуская суб’ектнасьць, на паўзьмежжы — між шляхецкай і народнай культурай — упершыню паўстае беларускае культурнае Я, якое, праз сэрыю мэтанімічных заменаў, прадстаўляе сябе то Мацеем Бурачком, заснавальнікам беларускага нацыянальнага наратыву, то, праз экспансію ў традыцыю, — Францішкам Скарынам, Кастусём Каліноўскім, Усяславам Чарадзеем і безьліччу іншых культурных масак. Паўзьмежжа — гэта прастора, у якой Адам Міцкевіч — гэта сваё чужое, а Аляксандар Лукашэнка — чужое сваё.
Транскультурнасьць
Магчыма „культура” — усяго толькі рацыяналізаваная мэтафара абжытай, культываванай чалавечай прасторы; у такім выпадку марнасьць даўгіх і беспасьпяховых спробаў надаць гэтаму слову дакладнасьць панятку ці ўнівэрсальнасьць катэгорыі знаходзіць сваё тлумачэньне. Культура — гэта ня космас, не ўнівэрсум, а ўсяго толькі айкумэна, родны кут, непазьбежна свой і непазьбежна абмежаваны.
Сувязь культуры зь мяжой — сутнасная: культура паўстае адно ў падзеі разьмежаваньня і адмежаваньня, але жыве й разьвіваецца толькі ў спробах перакрочваць свае межы, пашыраць свае абсягі. У дзевятнаццатым — дваццатым стагодзьдзях працэс геакультурнага разьмежаваньня практычна скончыўся, межы між культурамі кадыфікаваліся і легітымізаваліся. Што пры гэтым істотна, у выніку дэтэрытарызацыі прасторы зьмяніўся онталягічны статус культурнай мяжы: калі раней яна набывала легітымнасьць адно ў дачыненьні да зямлі (тэрыторыі), яе сымбалічнага прачытаньня (ідэалёгіі, канфэсіі, прымітыўная ўлада), тэрыторыі як сукупнасьці рэсурсаў (геапалітыка), — дык цяпер адзіны крытэр культурнага разьмежаваньня ляжыць у сфэры паўставаньня і функцыянаваньня знакаў. Знакі згубілі сваю лякалізацыю, прывязанасьць да тэрыторыі (іхны сёньняшні топас — сыстэмнасьць). Вобраз саматоесных, замкнёных, геграфічна лякалізаваных нацыянальных культураў — відавочны анахранізм, які не адпавядае рэальнай сытуацыі. Мы ўступілі ў эпоху транскультурнасьці.
Мы будзем тут разумець пад тэрмінам транскультурнасьць — у самым агульным сэнсе — культурную трансцэндэнтнасьць, несупадзеньне культуры (і культураў) з сваёй прасторава-часавай лякалізаванасьцю і тэкставай наяўнасьцю, размаітыя практыкі культурных трансгрэсіяў — выхаду культураў за свае межы — у прастору іншых культураў альбо ў прасторы, якія кожная эпоха пазначае для сябе як прасторы а-культурныя.
Прыстаўка транс пазначае пэўную дынаміку, рух праз альбо паўз пэўную прастору; у дачыненьні да культуры гэта можа значыць безьліч усялякіх рэчаў: функцыянаваньне знакаў, паўсталых у адной культуры, — у іншай культурнай прасторы, размаітыя практыкі пераходу культурных межаў, шматполюсную ідэнтычнасьць, якая апэлюе да розных культурных традыцыяў, самі традыцыі, якія складаюцца з гетэрагенных, а часам і ўзаемавыключальных элемэнтаў і г. д. У гэтым сэнсе транскультурнасьць — ня столькі акрэсьлены панятак, колькі праблемнае поле, пазначэньне факту, што сёньняшняя плянэтарная сытуацыя ў культуры ёсьць ня столькі мэханічнай сумай розных (і роўных) культураў, колькі дынамічнай раўнавагай (ці нават дынамічным хаосам?!) розных і няроўных (несувымерных) культураў, знакі якіх няспынна вандруюць, карыстаючыся ўсё больш эфэктыўнымі пасярэднікамі.
З гэтага боку тэрмін транскультурнасьць вядзе нас да праблемы сёньняшняй тапалёгіі (альбо нават онталёгіі) культураў, да праблемы структурных, дынамічных і сэнсавых дачыненьняў між культурамі, дачыненьняў, зь якіх культурны дыялёг ёсьць толькі адной — і ня самай распаўсюджанай формай. Транскультурнасьць ставіць праблему новых культурных межаў, іх прыроды і разьмяшчэньня, межаў, якія не супадаюць ні зь межамі геаграфічнымі, ні з этнічнымі, ні зь дзяржаўнымі, і якія ня толькі аб-мяжоўваюць, але й разьмяжоўваюць культуру ўздоўж і ўпоперак.
Транскультурнасьць, зрэшты, ставіць пад пытаньне нарматыўнасьць эўрапейскай мадэрнай утопіі — культуры нацыянальнай, культуры паводле вызначэньня гамагеннай, саматоеснай, межы якой супадаюць з палітычнымі межамі, культуры, дакладна адмежаванай ад суседніх. Сёньня нацыянальныя культуры, захоўваючы сымбалічную сувязь з нацыянальнай тэрыторыяй, у рэальнасьці лякалізаваныя там, дзе існуюць зоны прадукаваньня, спажываньня, інтэрпрэтацыі ды сымбалічнага прысваеньня іхных тэкстаў. Гэта значыць што прасторава культуры маюць структуру Архіпэлягу, а не аднароднай, гамагеннай разьмеркаванасьці. Гамагенная нацыянальная культура ніколі не была рэальнасьцю, яна была хутчэй культурнай утопіяй эўрапейскай мадэрнасьці, якой надавалася пэўная нарматыўная вартасьць. Гэтая ўтопія ніколі не была рэалізаваная да канца нават у самых мадэрнізаваных краінах. А з прыходам постмадэрнасьці сама нарматыўнасьць гэтай мадэлі пастаўленая пад сумнеў. Бо калі разглядаць такую мадэль як адзіную норму, дык ня толькі прастора беларускай традыцыі і сучаснасьці будуць не-нармальнымі, але й большасьць сучаснага сьвету будзе выступаць выключна ў сьвятле няскончанай, недабудаванай эўрапейскай мадэрнасьці.
Нельга сказаць, што панятак транскультурнасьці знаходзіць сябе ў інтэлектуальным вакууме: ён адразу выклікае асацыяцыі з транстэкстуальнасьцю Жэрара Жэнэта, трансгрэсіямі Мішэля Фуко, а таксама з плоймай іншых тэрмінаў, ад мультыкультуралізму да полі- і кроскультурнасьці. Ён нібыта арганічна ўкладаецца ў ідэалягічную плынь сучаснага Захаду, што бярэ пачатак у шасьцідзясятых гадох нашага стагодзьдзя і якая мае агульнае гасла „celebration of diversities” — „сьвяткаваньне рознасьцяў”. Сюды ўваходзяць і розныя кшталты акадэмічна абгрунтаванага культурнага рэлятывізму, і ідэалёгія мультыкультуралізму ў Амэрыцы, якая актыўна пасунула са свайго мейсца ідэалёгію „melting pot”, і культурная талеранцыя як эўрапейскі варыянт мультыкультуралізму, што стаўся лякальным адказам Старога Сьвету на глябальны выклік неасыміляванай іміграцыі. З аднаго боку, гэтая кантэкстуальнасьць цалкам слушная, і мы будзем актыўна пазычаць для аналізу беларускай сытуацыі адпаведны інтэлектуальны інструмэнтар.
Зь іншага боку, мы будзем трымаць пэўную дыстанцыю што да ідэалягічнасьці ўсіх названых вышэй кантэкстаў. Рэч у тым, што ў колах нон-канфармісцкіх інтэлектуалаў, асабліва з другога і трэцяга сьвету, апошнім часам нарастаюць перасьцярогі, што ідэаялёгія „сьвяткаваньня рознасьцяў” — гэта ўсяго толькі шырма, заслона, за якой хаваюцца новыя стратэгіі кантраляваньня гэтых рознасьцяў — гэта значыць, нэакаляніялісцкія практыкі Захаду, які вымушаны перайсьці ад адкрытай дамінацыі да дамінацыі апасродкаванай. Канчатковае афармленьне гэтыя перасьцярогі атрымалі ў пост-каляніяльных штудыях, якія на нашых вачох стаюцца базавым крытычным дыскурсам сучаснасьці, інтэгруючы ў сабе большасьць мэтадалягічных навацыяў і лякальных крытыкаў. Пост-каляніялісты саркастычна заўважаюць, што усе оргіі талеранцыі і фэсты размаітасьці, усе ўшанаваньні Іншага ў Старым Сьвеце звычайна хаваюць глыбокую нутраную абыякавасьць сталых „высокіх” культураў што да гэтага самага Іншага, якое патрэбнае ім выключна ў якасьці „экзатычнага дадатку”, аздабленьня, арнамэнтацыі альбо адказу на рынкавую патрэбу ў разнастайнасьці спажывецкіх прапановаў. Не выпадкова дарэчы, што менавіта ў эўрапейскім мысьленьні дваццатага стагодзьдзя адбываецца своеасаблівая міталягізацыя катэгорыі іншага, другога, нараджаюцца разнастайныя філязофіі дыялёгу. Паўстае ўтопія Іншага, характэрная менавіта для гамагенных, саматоесных культураў, якія рэальна сутыкаюцца зь іншым толькі на глыбокай пэрыфэрыі свайго культурнага поля. Так, філязофія дыялёгу Марціна Бубера мае грунт хіба ў самай замкнёнай і непразрыстай традыцыі — гебрайскай, а дыялягічнасьць Міхаіла Бахціна дзіўна кантрастуе з практыкамі адной з самых нарцысісцкіх культураў сьвету — расейскай, якая апошнія два стагодзьдзі практыкуе толькі адну форму культурнага дыялёгу з рэальным Іншым — асыміляцыю ці вынішчэньне.
У адрозьненьне ад утапічных мрояў пра Іншага, транскультурнасьць — г. зн. прысутнасьць у культурнай прасторы шматлікіх Іншых, наяўнасьць разнастайных межаў, вымушанасьць практыкаў пераходу гэтых межаў — гэта прыкрая беларуская рэальнасьць апошніх двух-трох стагодзьдзяў. Прыкрая, таму што гэтая сытуацыя — як зьнешнімі, так і мясцовымі назіральнікамі — трактуецца як не-нармальная і апісваецца ў тэрмінах слабасьці, недаразьвітасьці, у тэрмінах культурнай адсутнасьці.
Беларуская транскультурнасьць такім чынам — гэта перадусім досьвед культурнай а-нармальнасьці, які суб’ектыўна перажываецца як комплекс непаўнавартасьці, як пэўная культурная траўма — траўма адсутнасьці моцнай, гамагеннай, нацыянальнай культурнай прасторы. Культурная адсутнасьць стаецца пэрманэнтнай мэтафарай беларускай сучаснасьці і прыводзіць урэшце да падмены ў сыстэме культуры самой рэальнасьці — падмены ідэалам нармальнай, шчаслівай, але пакуль недасяжнай будучыні.
Але нас цікавіць ня будучыня, а менавіта беларуская рэальнасьць — як рэальнасьць транскультурная, яе канфігурацыі, яе генэалёгія і яе практыкі. І ў гэтым сэнсе матывацыі нашага разгляду не супадаюць ані з лякальным наратывам чарговага беларускага адраджэньня, ані з правінцыйным жаданьнем далучэньня да прэстыжнага (і палітычна карэктнага) дыскурсу мультыкультуралізму, ані з акадэмічнымі практыкамі „адсоўваньня фіранак” перад вялікім заходнім наратывам, lumen naturale якога потым доўга і бяздомна блукае ў пустых незаселеных пакоях беларускай рэчаіснасьці. Нашае жаданьне — гэта аналітыка сучаснасьці, альбо стварэньне веды пра саміх сябе, з усімі наступствамі, якія спадарожнічаюць такому нахабству…
Такім чынам, беларускі досьвед транскультурнасьці — гэта не да-лучэньне, а вы-лучэньне: гэта спроба апазнаваньня і прачытаньня рэчаіснасьці, якая апошнія тры-чатыры стагодзьдзі заставалася неназванай, хаця й прысутнічала як маўклівая перадумова большасьці культурных практыкаў. Гэта спроба даць рады з традыцыяй, у якой у розныя эпохі функцыянавала ў якасьці літаратурных шэсьць моваў: стараславянская, лаціна, старабеларуская, польская, расейская, новабеларуская, — пераемнасьць зь якой спрабуе навязаць новая, ужо монанацыянальная беларуская культура. Гэта, зрэшты, спроба паддаць аналізу сёньняшнюю беларускую полікультурнасьць, якая — парадаксальным чынам — вонкава нагадваючы мультыкультуралісцкую утопію суіснаваньня розных культураў у межах аднаго культурнага поля, насамрэч выяўляе сябе ў якасьці рэальнасьці вайны культураў.
Беларускі досьвед
Калі напрыканцы 1588 году „подканцлерый” Вялікага Княства Леў Сапега напісаў у прадмове да Статуту (Звароце да ўсіх саслоўяў), што мы „не обчым яким языком, але своим власным права списаныя маем”, наўрад ці ён мог сабе ўявіць, што менш чым праз стагодзьдзе большасьць абываталяў ВКЛ будуць чытаць „списаныя права” менавіта ў „обчым (г. зн. польскім) языку”, а яшчэ праз трыста год ягоны „власны язык” будзе характарызавацца некаторымі ангажаванымі навукоўцамі новай, уласна літоўскай Літвы як штучны канцылярскі жаргон Вялікага Княства, выпрацаваны на падставе „славянскіх дыялектаў”. Калі ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя Міцкевіч ужо крыху іранічна цьвердзіў у EXEGI MUNI-MENTUM AERE PERENNIUS… што „Mnie w Nowogródku, mnie w Mińsku czytuje młodź, і далей, больш гераічна …mimo carskich groźb, na złość strażnikom ceł/Przemyca w Litwę Żyd tomiki moich dzieł”, ён таксама ня мог сабе ўявіць, што праз стагодзьдзе гебраям будзе не да ягоных кнігаў, а томікі ягоных твораў будуць чытацца ў Менску і Наваградку пераважна ў перакладах. Калі рэалізоўвалася савецкая мадэрнізацыя і задумваўся савецкі народ як найвышэйшая супольнасьць, наўрад ці хто мог сабе уявіць, што напрыканцы сямідзясятых цэлая генэрацыя беларусаў, выхаваная ў расейскай мове, расейскіх школах і на ўзорах вялікай рускай культуры, раптам сыйдзе ў беларускі нацыяналізм, прычым у самым культур-радыкальным ягоным варыянце, зьмяняючы — раптам і адразу — мову, мэнтальнасьць, культурную ідэнтычнасьць і геапалітычныя арыентацыі — як свае ўласныя, так і нованабытай традыцыі.
Назавем традыцыю, у якой магчымыя і ў якой адбываюцца такія рэчы, — транскультурнай. Такая — транс-культурная — традыцыя складаецца з гетэрагенных элемэнтаў, ейныя тэксты напісаныя на розных мовах, належаць да розных культурных і цывілізацыйных тыпаў, часам зьвязаныя з больш шырокім макрарэгіянальным кантэкстам, уваходзяць у некалькі традыцыяў.
Пры гэтым уласна народ — пры ўсёй ягонай сацыяльнай і культурна-палітычнай дыфэрэнцыяцыі — падзяляючыся на шляхту і сялянаў, праваслаўных і каталікоў, беларусаў і западных русских… вагаючыся, адхіляючыся, пераходзячы ад адной ідэнтычнасьці да іншай, вандруючы праз мовы, дыялекты, імпэрыі і культурныя эпохі, заставаўся адзіным і цэльным этнакультурным масывам — які задаваў шчэпленасьць, цэльнасьць, лучнасьць усіх гэтых узаемавыключальных рознасьцяў і прымушаў імкнуцца да мэта-пазыцыі, у якой усе гэтыя размаітасьці маглі б быць убачаныя як часткі аднаго цэлага.
Для культуры нацыянальнай альбо прота-нацыянальнай, арыентаванай на нутраную гамагеннасьць, транскультурная традыцыя ёсьць заўсёды праблемай і выклікам. Нацыянальная культура, пішучы традыцыю, ствараючы наратыў традыцыі, імкнучыся быць поўнай, натыкаецца на зоны непразрыстасьці, тэрыторыі Іншага. Нацыянальная ідэнтычнасьць сутыкаецца з тэкстамі і кантэкстамі, дзеля за-сваеньня і пры-сваеньня якіх недастаткова фармальнай (ці рытуальнай) адаптацыі, — прысвойваючы іх, культура вымушаная засноўваць у сабе самой новыя тэрыторыі, ідэнтычнасьць, улучаючы ў сябе іншае, сама мусіць зьмяніцца. Адказваючы на выклік традыцыі, імкнучыся быць поўнай, нацыянальная культура ў выніку вымушаная ставіць пад пытаньне саму сябе.
Калі паспрабаваць вызначыць крыніцы транскультурнасьці ў беларускай традыцыі, дык у розныя гістарычныя эпохі яны будуць рознымі. Але дзьве фундамэнтальныя рэчы застаюцца ў якасьці канстанты: існаваньне ў зоне цывілізацыйнага разлому і каляніяльныя — нэа- і посткаляніяльныя практыкі. Гэта значыць, што за любымі франтальнымі зьменамі культурнай прасторы, як бы натуральна гэтыя зьмены ні выглядалі, — стаіць фэномэн улады.
Беларусь як праект канца дзевятнаццатага стагодзьдзя, праект культуры нацыянальнай, г. зн. мэта-культуры і быў запачаткаваны як спроба мэта-наратыву, як спроба культурнай цэльнасьці і цэласнасьці, у якім усе гэтыя ўзаемавыключныя рознасьці знайшлі б сваё мейсца. Але, нягледзячы на высілкі, маючы тэкстуальныя мэта-амбіцыі, прасторава, тапалягічна Беларусь засталася на ўзроўні суб-культуры, адной зь некалькіх канкурэнтных праграмаў мадэрнізацыі Беларусі.
Сёньня беларуская культурная прастора ня ёсьць гамагеннай прасторай нацыянальнай культуры, у якой дынаміка (альбо дыялектыка) разгортваньня адбываецца як складаная гульня цэнтру і пэрыфэрыі, чаргаваньне рамантычных, мадэрных і постмадэрных мітаў. Беларуская культурная прастора мае складаную канфігурацыю бікультурнасьці: канфігурацыю суіснаваньня ў межах пэўнага паўвызначанага цэлага беларускай і заходнерускай частак. І галоўныя падзеі ў межах культурнай прасторы адбываюцца паміж гэтымі складнікамі: барацьба за цэнтар, імкненьне быць лідэрам у гэтай канфігурацыі, жаданьне заваяваць найбольшую прастору, выцясьняючы, дыскрэдытуючы суперніка, робячы яго аб’ектам. Адным словам, культурная рэальнасьць апошняга стагодзьдзя ў Беларусі — гэта вайна культураў, з усімі яе эмпірычнымі і мэтафізычнымі наступствамі. Вайна правакуе стан унутранай мабілізацыі, стан культуры-супраціву, падзел тэрыторыі і правядзеньне дэмаркацыйных лініяў, выпрацоўку суб-культурамі стратэгіяў экспансіі і абароны…
Этыка памежжа
Этыка (у сваім аўтэнтычным, старагрэцкім значэньні) вырастае з прасторы, яна ёсьць спробай чалавека ўкарэніцца ў прастору, атрымаць ад яе спэцыфічную напоўненасьць, увайсьці пад апеку яе даймонаў, сустрэцца са сваім наканаваньнем.
Цэльнай і поўнай беларуская культура можа адбыцца — у сёньняшніх умовах — толькі як культура памежжа, як культура ўнутранай разьмежаванасьці, сустрэчы і пераходу адрозных (апрычоных, канфліктных) культурных частак.
Беларусь ужо другое стагодзьдзе змагаецца за сваю долю, і таму аніяк ня можа сустрэць свой кон.