Сярэдняя Еўропа пасьля канца гісторыі
by абдзіраловіч · 22.12.2019
Антон Сайфуллаеў размаўляе з Ігарам Бабковым
Антон Сайфуллаеў:
У адным са сваіх тэкстаў Вы адзначылі, што ў XIX ст. ва Ўсходняй Еўропе дамінаваў вобраз этнічнага чалавека, XX ст. было стагоддзем, т. зв. “Каралеўствам ідэалогій”. Сярод гэтых рэчаіснасцей, якія існавалі на ўсходзе Еўропы паўстала Цэнтральная Еўропа, твор, як вядома нямецкіх інтэлектуалаў, грамадства якой, напрыканцы XX ст. адаптавалі гэты канцэпт на патрэбы кантынентальнай ідэнтыфікацыі. На Вашую думку, ці выканалі яны гэтую задачу – ці Цэнтральная Еўропа сталася тым, так званым Не-Захадам Не-Ўсходам, пра які так марылі польскія і вугорскія інтэлектуалы ў другой палове XX ст. – і ці не вычарпала яна сваіх магчымасцей у разуменні сённяшняга дня?
Ігар Бабкоў:
Перш за ўсе, я бы адзначыў, што насамрэч “Цэнтральных Еўропаў” было некалькі, было некалькі розных ідэяў пад адным і тым жа імём. Тое з чаго Вы пачалі, гэта Mitteleuropa Наўмана (Friedrich Naumann) і гэта нямецкая ідэя, ідэя нямецкай дамінацыі ў цэнтры Эўропы, на пост аўстра-вугорскай прасторы. Найменш цікавая, хаця і адна з першых.
Потым вядома была кундэраўская (Milan Kundera) версія, Ладзіслаў Матэйка (Ladislav Matějka) с гадавіком CrossCurrents, версія цэнтральнаеўрапейскіх дысідэнтаў і эмігрантаў якія сабраліся на кафедрах славістыкі і ўсходнееўрапеістыкі заходніх універсітэтаў. Яны паспрабавалі супрацьставіць дамінацыі саветалогіі і кремлязнаўства ў так званых усходнееўрапейскіх студыях зусім іншы прынцып і іншую парадыгму. Не сакрэт, што пасля вайны палітыка веды на Захадзе была арганізавана досыць ідэалагічна, і ўсе кафедры, цэнтры, факультэты ўсходніх і славістычных даследаванняў былі русацэнтрычныя і москвацэнтрычныя. Г. зн. у аснове была русістыка, саветалогія, крэмлязнаўства. Ясна, што пры гэтым міжволі паўставала пэўная оптыка, у якой месца малым сярэднееўрапейскім краінам і культурам не знаходзілася. Усе ў выніку пры такой оптыцы станавіліся “рускімі”, хаця ў рэальнасці былі эстонцамі, і літоўцамі, і беларусамі, і ўкраінцамі.
Зараз я разумею, што асноўны пафас і асноўны змест той ідэі Сярэдняй Еўропы, якая паўстала ў 70-80 гг. XX ст. і самым вядомым выяўленнем якой стаўся тэкст Кундэры “Трагедыя Цэнтральнай Еўропы” (Zachód porwany albo tragedia Europy Środkowej), – гэта якраз супрацьпастаўленне (нават супрацьстаянне) ідэалагізацыі Ўсходняй Еўропы ў заходнім акадэмічным і культурным дыскурсе. Па сутнасці Кундэра, Мілаш, Кіш і іншыя спрабуюць разламаць гэты ідэалагічны маналіт і абазначыць у межах Цэнтральна-Усходняй Еўропы ці нават у межах Усходняй Еўропы цэлы забыты альбо прапушчаны кантынент – Сярэднюю Еўропу.
Сярэдняя Еўропа у кундэраўска-мілашаўскім разуменні гэта зусім не геаграфія. Альбо калі нават геаграфія – геаграфія дыскурсу, геаграфія ідэі. Змест гэтай ідэі – абарона разнастайнасці, увага да забытых і прапушчаных у “вялікай гісторыі” лакальнасцяў, ўважлівае і падрабязнае іх прачытанне. Кундэра проста геніяльна патлумачыў гэта ў сваім эсэ. Калі ён піша, што Сярэдняя Еўропа – гэта “малыя” культуры, якія прайгравалі ў “вялікай” гісторыі, але навучыліся кампенсаваць сваё “лузерства” чымсці іншым, усё адразу становіцца ясна. Становіцца на свае месцы. У гэтым сэнсе Сярэдняя Еўропа як ідэя цалкам тычыцца і Беларусі з Украінай, і Літвы з Эстоніяй. І калі яна патрапіла ў абсяг нашай ўвагі недзе ў першай палове 90-х, мы зразумелі, што канцэптуальнае месца Беларусі, Украіны і Малдовы – менавіта там. Палітычна Беларусь усё яшчэ заставалася (і магчыма застаецца) часткай Ўсходняй Еўропы, постсавецкага ідэалагічнага маналіта, але культурна і інтэлектуальна, канечне яе сапраўднай радзімай была Сярэдняя Еўропа.
А.С.:
Зараз я разумею, што асноўны пафас і асноўны змест той ідэі Сярэдняй Еўропы, якая паўстала ў 70-80 гг. XX ст. і самым вядомым выяўленнем якой стаўся тэкст Кундэры “Трагедыя Цэнтральнай Еўропы” (Zachód porwany albo tragedia Europy Środkowej), – гэта якраз супрацьпастаўленне (нават супрацьстаянне) ідэалагізацыі Ўсходняй Еўропы ў заходнім акадэмічным і культурным дыскурсе. Па сутнасці Кундэра, Мілаш, Кіш і іншыя спрабуюць разламаць гэты ідэалагічны маналіт і абазначыць у межах Цэнтральна-Усходняй Еўропы ці нават у межах Усходняй Еўропы цэлы забыты альбо прапушчаны кантынент – Сярэднюю Еўропу.
Сярэдняя Еўропа у кундэраўска-мілашаўскім разуменні гэта зусім не геаграфія. Альбо калі нават геаграфія – геаграфія дыскурсу, геаграфія ідэі. Змест гэтай ідэі – абарона разнастайнасці, увага да забытых і прапушчаных у “вялікай гісторыі” лакальнасцяў, ўважлівае і падрабязнае іх прачытанне. Кундэра проста геніяльна патлумачыў гэта ў сваім эсэ. Калі ён піша, што Сярэдняя Еўропа – гэта “малыя” культуры, якія прайгравалі ў “вялікай” гісторыі, але навучыліся кампенсаваць сваё “лузерства” чымсці іншым, усё адразу становіцца ясна. Становіцца на свае месцы. У гэтым сэнсе Сярэдняя Еўропа як ідэя цалкам тычыцца і Беларусі з Украінай, і Літвы з Эстоніяй. І калі яна патрапіла ў абсяг нашай ўвагі недзе ў першай палове 90-х, мы зразумелі, што канцэптуальнае месца Беларусі, Украіны і Малдовы – менавіта там. Палітычна Беларусь усё яшчэ заставалася (і магчыма застаецца) часткай Ўсходняй Еўропы, постсавецкага ідэалагічнага маналіта, але культурна і інтэлектуальна, канечне яе сапраўднай радзімай была Сярэдняя Еўропа.
І.Б.:
Канечне вялікая. Кундэра сам зрэшты пра гэта піша, калі гаворыць пра “гісторыю як трызненне”, ад якога гэтыя народы спрабуюць прачнуцца. Потым ужо Цімаці Снайдэр значна пазней будзе пісаць пра “крывавыя землі”, пра Халакост як не проста габрэйскую, але і ўсходнееўрапейскую траўму 20 стагоддзя. Але ў ідэі Сярэдняй Эўропы важна тое, што і Кундэра, і Мілаш, і Даніла Кіш (Danilo Kiš), і ўсе іншыя інтэлектуалы паспрабавалі прапанаваць пазітыўную праграму. Татальнай ідэалагізацыі дыскурса яны супрацьпастаўлялі ідэю абароны культурнай і моўнай разнастайнасці. Сярэдняя Еўропа – гэта, паводле Кундэры, найвялікшая разнастайнасць ў межах мінімальнай прасторы. Сярэдняя Еўропа ў гэтым сэнсе выступае як апазіцыя Усходняй, якая бачыццца Кундэры як жалезабетонны савецкі маналіт. Іншая рэч, што той жа Кундэра гаворыць, што Сярэдняя Еўропа не ўяўляе з сябе штосьці цалкам адрознае, нейкі трэці мацярык, у параўнанні с Заходняй і Ўсходняй. Гэта натуральная і арганічная частка агульнаеўрапейскай прасторы. Частка якая разумее, што са знікненнем гэтай разнастайнасці знікае штосьці важнае для ўсіх еўрапейцаў. І вось гэта пазітыўная праграма надзвычай важная. Кундэра піша пра сярэднееўрапейскага габрэя, як тыповага прадстаўніка і культурнага героя гэтага кантынента. Габрэй ў разуменні Кундэры – гэта чалавек, які нават асімілюючыся, мімікруючы пад пануючы дыскурс, не ў стане да канца пазбавіцца радавой адмеціны – сваёй лакальнасці і асобнасці. Сярэдняя Еўропа ў пэўным сэнсе такі “калектыўны габрэй”. Нягледзячы на ваганні на Ўсход і Захад, на чарговыя палітычныя хвалі, якія накрываюць з галавой гэты рэгіён і фарматуюць яго пад пануючую ідэнтычнасць і пануючы дыскурс, усе адно радавыя адзнакі праступаюць. Праз дыскурсы і ідэалогіі.
А.С.:
Вяртаючыся да пытання стаўлення Захаду, бо само па сабе абвяшчэнне Цэнтральнай Еўропы і адаптацыі гэтай ідэі сярод цэнтральнаеўрапейскіх інтэлектуалаў – гэта своеасаблівая пастка ў якую патрапіў гэты рэгіён за дапамогаю інтэлектуальных эліт, якія калісьці пераехалі з Расіі на Захад і навязалі пэўны дыскурс пра гэты рэгіён. Ці няма пэўнай віны ў гэтым самога Захаду і заходніх інтэлектуалаў па прычыне таго, што яны не адкрыліся і самі не адкрылі гэты рэгіён, што яны ўвесь час блакавалі і змусілі ў пэўнай ступені да траўматызацыі гэтага дыскурсу Цэнтральнай Еўропы.
І.Б.:
Мне здаецца гісторыя крышачку іншая. Сама ідэя (міф?) Цэнтральнай Еўропы на Захадзе ад самага пачатку была сустрэтая надзвычай прыхільна. Але пераважна ў палітычных колах. Усе разумелі, як гэта дзіўна не гучыць, патэнцыял палітычных канатацый, якія спадарожнічаюць гэтаму дыскурсу. Ідэя Сярэдняй Еўропы ў познесавецкія часы – гэта ідэя, якая вызваляе рэгіён з-пад маналіту савецкай ідэалогіі і расейскага дыктату. І нездарма на Захадзе адзіныя, хто гучна пратэставаў – гэта Бродскі (Josif Brodski) і расійскія інтэлектуалы, нават эмігранты, ў якіх заставаўся яшчэ імперскі комплекс. Бродскі напісаў адказ Кундэры, пра тое, што ёсць іншая Расія, якая насамрэч глыбокая, таму думаць пра ідэалагічны маналіт на усходзе – таксама ідэалогія. Правільныя словы, але за імі хаваецца спроба маргіналізацыі самой ідэі. Адсоўвання самога дыскурсу на задні план. Маўляў усё адно ў параўнанні з вялікай рускай культурай вы маленькія, лакальныя і малацікавыя правінцыялы.
І яшчэ адно важнае сутыкненне гэтай ідэі з расійскімі інтэлектуаламі. Ужо пад самы канец савецкай эпохі, здаецца ў 1990 г. CrossCurrents надрукаваў справаздачу з чарговай канферэнцыі ПЭН-цэнтру. Мілаш, Даніла Кіш і іншыя гавораць там пра ідэю Сярэдняй Эўропы, якая выходзіць нарэшце на паверхню, а расійскія пісьменнікі Таццяна Талстая, Леў Анінскі – прагрэсіўныя расійскія пісьменнікі, зласліва накідваюцца на Кіша і пачынаюць казаць пра вялікую ўніверсальную культуру і глупых нацыяналістаў, якія цягнуць усіх у свае маленькія норкі.
З Захадам яшчэ іншы момант… Кундэра напрыканцы свайго эсэ звяртае ўвагу на тое, што на Захадзе імкліва знікае сама ідэя культуры. Яна не з’яўляецца больш цэнтральнай для заходняга мыслення, заходняга дыскурсу. Застаецца журналістыка, палітыка, публічныя асобы. Вялікі журналіст цяпер правіць баль. І таму, калі Сярэдняя Еўропа нарэшце ўз’яднаецца з Захадам у імя культуры, першае, што яна са здзіўленнем для сябе адкрые, што на самім Захадзе культура ўжо не з’яўляецца дамінантнай ідэяй. Зрэшты так і адбылося ў дзевяностыя. Сярэдняя Еўропа ўз’ядналася з мацерыком і стала проста Еўропай. Дысідэнцкі міф застаўся толькі ў інтэлектуальнай гісторыі. Сённяшнія міфы будуюцца вакол іншых стрыжняў.
А.С.:
Зараз пасля дасягнення пэўнай мэты гэта, як Вы сказалі, размываецца ў нейкіх агульных еўрапейскіх стандартах і дыскурсах.
І.Б.:
Я б нават сфармуляваў больш радыкальна, – калі нейкія сярэднееўрапейскія краіны і засталіся сёння ў свеце, то гэта – Беларусь, Украіна і Малдова.
А.С.:
Напрыканцы XX ст. і ў пачатку XXI ст. асабліва ў польскай інтэлектуальнай сферы прасоўваўся тэрмін Цэнтральна-Усходняя Еўропа у акадэмічных колах, ў літаратуры, цэлае выдавецтва “Czarne” было скіраванае на вобраз Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Ён уключаў, а дакладней не выключаў, перадусім, Беларусь і Ўкраіну з культурнага краявіду Цэнтральнай Еўропы. Ці сёння мы можам сказаць пра існаванне такой культурна-цывілізацыйнага з’явішча як Цэнтральна-Ўсходняя Еўропа? Ці ўсе ж яно застаецца, таксама ўлічваючы пэўныя палітычныя падзеі і палітычныя ўмовы, няўдалай спробай адарваць даўнія культурныя перыферыі ад Расіі і стварыць сваю, перадусім з польскага пункта гледжання, мікразону культурнага і квазіцывілізацыйнага ўплыву?
І.Б.:
Я ў свой час прымаў удзел у праекце Клачоўскага (Інстытут Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы ў Любліне) і памятаю вельмі добра як паўстала ідэя пашырыць Цэнтральную Еўропу да Цэнтральна-Ўсходняй. Як гэта адбывалася і што з гэтага выйшла – асобная і вельмі цікавая гісторыя. Магу толькі сказаць, што тэрмін Цэнтральна-Ўсходняя Еўропа як абазначэнне ўсяго рэгіёну дагэтуль застаецца рэспектабельным гістарычным тэрмінам. Але ўжываюць яго пераважна гісторыкі, дысцыплінарна. Ён так і не стаў культурным міфам у адрозненні ад той кундэраўска-дысідэнцкай ідэі Цэнтральнай Еўропы. Якая была вандроўнай ідэяй, выступала хутчэй парадыгмай, а не геаграфіяй.
Наступным крокам у самаўведамленні рэгіёну сталася кніга Лары Вульфа 1994 года, “Уяўляючы Ўсходнюю Еўропу”, якая перавяла гаворку з тварэння культурнай міфалогіі на дэканструкцыю ідэалагічных канцэптаў. У рэчышча посткаланіяльнага ўяўлення. Гэты генеалагічны праект Вульфа, у якім той ён спрабуе зразумець і апісаць як увогуле ў заходнім уяўленні паўстае Усходняя Еўропа як ідэалагічны канструкт і з чым звязанае гэтае паўставанне. Ён спасылаецца на Валерстайна і Саіда, і ўводзіць ідэю паўарыенталізацыі усходу Еўропы. Адразу пасля гэтага выбухае цэлы шэраг канцэптуальна падобных праектаў – “Уяўляючы Балканы” Марыі Тодаравай з іх самы вядомы.
Аказваецца, што Цэнтральна-Ўсходняя Еўропа (калі карыстацца тэрмінам гісторыкаў) распадаецца на мікрарэгіёны. Ясна, напрыклад, што Балканы з’яўляюцца часткай гэтага рэгіёну. Але пры гэтым маюць сваю міфалогію, сваё выразнае месца ў заходнім уяўленні. І вобраз Балканаў вядзе нас у зусім іншым кірунку. Бо Балканы, міфалогія балкан – гэта парахавая бочка, этнічныя канфлікты, лакальныя войны. Зусім не падобна да культурных утопіяў Прагі і Будапешта. Ну і нарэшце – прадукаванне новай еўразійскай міфалогіі на Ўсходзе. Які таксама ўжо распадаецца на мікразоны. Ці проста распадаецца.
А.С.:
І гэтая міфалогія створваецца і адаптуецца Расеяй.
І.Б.:
І Расеяй, і Захадам. Адзіны рэгіён, які застаўся без свайго імя – гэта зона былой еўрапейскай Сарматыі альбо былой Рэчы Паспалітай. Таму што ўсе мы разумеем, што Беларусь, Украіна, Малдова, Польшча, Літва, Інфлянты – гэта вельмі звязаны, зшыты гісторыяй регіён. І ментальнасцю мы бліжэй відавочна да літоўцаў, чым да расейцаў. Але як яго назваць і які міф мы можам пакласці ў аснову рэгіянальнага самаўсведамлення? Адзін час існавала ідэя Міжмор’я, але яна так і не была насычаная нейкім зместам. У Польшчы ёсьць культурныя асяродкі, якія працуюць з рэгіёнам і ў рэгіёне. Гэта і выдавецтва “Сzarne” і Кшыштаф Чыжэўскі (Krzysztof Czyżewski) з ягоным “Паграніччам” і “Краснагрудай”. Але імя так і не знайшлося.
А.С.:
Напрошваецца пытанне наконт «паўарыенталізацыю Ўсходу» і «посткаланіяльнага ўяўлення», пра які Вы казалі. Даволі актуальнай тэмай тут у Польшчы з’яўляецца пытанне пра посткаланіялізм, адаптацыі посткаланіяльных студыяў у Цэнтральнай, Ўсходняй і Цэнтральна-Ўсходняй Еўроп, адаптацыі канцэпцый Гандзі, Лумба, Саіда і г.д. Праца Томпсан з’яўляецца у пэўнай ступені ключовай для Польшчы, якая можна сказаць дала старт кірунку разважанням на тэму посткаланіяльнасці гэтага рэгіёну. Аднак шэраг інтэлектуалаў цвердзіць насуперак разважанням Томпсан і яе прыхільнікаў, што Цэнтральная Еўропа з’яўляецца рэгіёнам постзалежным, які мае падобныя рысы с посткаланіялізмам, аднак падкрэсліваецца моцная культурная і гістарычная тоеснасць рэгіёну. Гэтая моцная тоеснасць рэгіёну заблакавала каланізацыю з боку імперыяў у XIX ст. На Вашую думку, ці гэтыя тэрміны маюць права на існаванне і які з іх найболей бы адпавядаў сённяшняй Цэнтральнай Еўропе, якая, як Вы адзначылі, распушчае свае культурныя ўласцівасці і раствараецца ў “еўрапейскасці” Еўропы?
І.Б.:
Я прыгадаў бы адну дзіўную сустрэчу. Канец дзевяностых, на адной з канферэнцый пад Кіевам сабраліся беларускія і украінскія інтэлектуалы. Пасля дэбатаў, калі мы сядзелі ўсе разам, я запытаўся ў Джорджа Грабовіча (George G. Grabowicz), чаму б не выкарыстаць посткаланіяльную тэорыю для працы з матэрыялам усходнееўрапейскага памежжа. Тым больш, што піянерамі былі якраз Марко Павлышын і Аксана Грабовіч. Той адказаў вельмі прагматычна і проста, сказаўшы, што метадалогія магчыма і працуе, але па дысцыплінарным раскладзе мы будзем вымушаныя патрапляць у адзін лагер з Індыяй, Афрыкай і Лацінскай Амерыкай. Гэта значыць у трэці свет. Уся гуманістыка на Захадзе так альбо інакш ўпісаная ў пэўныя зоны area studies. Усходнееўрапеістыка і славістыка займаецца другім светам, посткаланіяльныя штудыі – трэцім. Гэта не проста розныя “геаграфіі”, але і розныя ментальнасці, а можа быць і розныя цывілізацыі.
Пасьля Паўлышына прыйшла Эва Томпсан са сваёй “імперскай ведай”. Канешне, яна не проста даследчык, але яшчэ і правы інтэлектуал, і з радасцю выкарыстала посткаланіяльную тэорыю ў якасці вялікай кувалды, каб ударыць у лоб “рускаму мядзведзю”. Усе гэта выдатна разумеюць. Крытыкуюць яе пераважна за тое, што яна ўсё гэта зрабіла занадта наўпрост. Тым не менш яна прабіла пэўную сцяну ізаляцыі славістыкі ад заходняга метадалагічнага мэйнстрыму. Ясна таксама, што расейцы яе ніколі не перакладуць і не будуць цытаваць.
Дарэчы падобныя праблемы з адаптацыяй посткаланіялістыкі маюць і лацінаамерыканцы. Вальтэр Міньёла нават прыдумаў тэрмін постакцыдэнталізм. Для Індыі, для Афрыкі, для краін, якія сапраўды былі калоніямі, – посткаланіяльнасць, а для краін Лацінскай Амерыкі – постакцыдэнталізм. Як спроба пачаць думаць пра саміх сябе ў кантэксце заходняй мадэрнасці, але са сваёй уласнай перспектывы.
Але для Ўсходняеўрапейскага памежжа сітуацыя яшчэ больш цікавая. З аднаго боку мы маем Расейскую імперыю і заходнія “ускраіны” якія няспынна генеруюць праекты дэканструкцыі імперскага дыскурсу. Ніхто лепш за нас – беларусаў, украінцаў, палякаў – гэтага не зробіць. Посткаланіяльны ці постакцыдэнтальны інструментар – ідэальны для праекта дэканструкцыі імперыі. З другога боку, чытаючы Лары Вульфа, мы разумеем, што гэты ж самы рэгіён і ў дачыненні да Захаду выступае як залежная перыферыя, прычым залежная эканамічна, цывілізацыйна ды інтэлектуальна. Мы прыходзім да дзіўнай сітуацыі падвойнай залежнасці і гульні дэканструкцый. Вельмі часта, каб змагацца з імперскім дыскурсам Расеі, інтэлектуалы рэгіёну высоўваюць ідэю Еўропы і ідэю Захаду як асноўнай цывілізацыйнай нормы.
А.С.:
Альтэрнатыўнай метраполіі…
І.Б.:
… якая разбурае прэтэнзіі на ўніверсальнасць нормы імперскай, у тым ліку і міф вялікай рускай культуры. У той жа час з залежнасцю ад Захада ўсё больш складана. Не так проста знайсці спосабы і схемы выхаду з сітуацыі залежнасці. Імперскую норму тут ужо не супрацьпаставіш, але і чыстая лакальнасць не падыходзіць. Можна сказаць, што сёння асноўнай праблемай Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы з’яўляецца не залежнасць ад Расейскай імперыі, а стасункі з Захадам як з уяўным цэнтрам. Прычым посткаланіяльная тэорыя вельмі выразна адрознівае антыкаланіяльныя і посткаланіяльныя стратэгіі пераадолення залежнасці. Посткаланіяльнасць – гэта пераадоленне, а не знішчэнне. Не насуперак Захаду, а насустрач.
А.С.:
Такая сваеасаблівая правінцыялізацыя Еўропы…
І.Б.:
Хутчэй дэ-правінцыялізацыя саміх сябе – быць разам, але пры гэтым заставацца суб’ектам.
А.С.:
Па сутнасці ўсе гэтыя рэдыфініцыі посткаланіялізму маюць агульнае паходжанне з Саіда, Subaltern studiem і г.д. Атрымліваецца, што гэта проста чарговая адаптацыя посткаланіяльнай тэорыі ў чарговых перыферыях?
І.Б.:
Не абавязкова. Мы маем права (а можа і абавязак) самі для сябе прыдумаць “сваю” посткаланіяльную тэорыю. Ясна мы чытаем гэтыя тэксты і яны важныя для нас. І Саід і Гаятры Співак, і Бгабга. І той жа Дайпэш Чакрабарці, і Вальтэр Міньёла (якія дарэчы выкладалі на нашых посткаланіяльных школах, у Менску і Вільне). Мы блукалі з Дайпэшам па Вільні і параўновалі схемы й ідэі, як ў іх, як у нас – і аказваецца, што для “іх” наш досвед не менш цікавы і важны. Напрыклад той жа тэкст Акудовіча “Разбурыць Парыж” – класічны тэкст посткаланіяльнага мыслення, варты любой еўрапейскай анталогіі альбо рыдара. Альбо Кьёсаў з “самакаланізаванымі культурамі”. Зрэшты той жа Міцкевіч, які ў сваіх “Кнігах польскага народа і польскага пілігрымства” дэканструюе па сутнасці нарматыўную траекторыю заходняй мадэрнасці, паказваючы, што ёсць цёмны бок. Мы маем сваю ўласную інтэлектуальную традыцыю і з ёй таксама можна працаваць.
А.С.:
Застаецца пытанне застасавання гэтага посткаланіяльнага інструментара ў нас.
І.Б.:
Было бы недарэчна, калі б мы паводзілі сябе як правінцыялы, якія ўхапіліся за чарговую інтэлектуальную моду. Для нас гэта інструментар, які патрэбны настолькі, наколькі ён дазваляе ствараць веду пра нас саміх. Мы самі мусім уяўляць, прыдумляць і тлумачыць саміх сябе, для нас саміх і для ўсіх астатніх.
А.С.:
І дэканструяваць адначасова веду чужую.
І.Б.:
Калі яна не адпавядае.
А.С.:
Уласна на гэтым пасыл посткаланіялізму і палягае, што ён можа адаптаваць і адаптуе веду, якая была накінутая ў свой час, толькі па-новаму яе вызначае.
Падсумоўваючы нашыя разважанні, насоўваецца чарговае пытанне. У віру пераўтварэнняў ментальных і палітычных, перадусім палітычных не толькі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, але і на цэлым свеце – ці мае магчымасць далей існаваць Цэнтральная Еўропа ў тым фармаце, якія яна здабыла, і ці адбудзецца нейкага роду трансфармацыя культурных кодаў, якія пакінуць тую Цэнтральную Еўропу, якую мы ведаем, у архіве еўрапейскай памяці? Ці гэтая трансфармацыя здолее ўявіць нейкія новыя, нечаканыя, пазбаўленыя траўм і залежнасці формы абвяшчэння сваёй прысутнасці?
І.Б.:
Нядаўна ў Берліне ў вялікай залі фонду Бёлля мы вялі дыскусію пра Беларусь у Еўропе. Там сфармулявалася адна думка, якую, нечакана для мяне, падтрымалі немцы. Думка, што Еўропа у глабальным кантэксце перастала быць імперскай дамінуючай сілай, якая прадукуе нормы і ідэалы для ўсяго свету і навязвае іх. Яна нарэшце стала ўсяго толькі Еўропай – правінцыяй, часткай “глабальнага дызайну”. Вельмі важнай і ўтульнай часткай. І ў гэтым сэнсе больш нагадвае – па ідэі – Сярэднюю Еўропу, як яе разумеў Кундэра. Не Сярэдняя Еўропа распусцілася ў Заходняй, а хутчэй Заходняя сталася часткай канцэрта разнастайнасці, “выпала” з сусветнай гісторыі. Немцы пагадзіліся, дарэчы, што ў такой Еўропе ўсім нам жыць значна больш утульна, чым у Імперыі альбо ў Крэпасці, якая спрабуе кантраляваць і кіраваць “рэштай”.
А.С.:
Атрымліваецца, што вяртанне Еўропы да значэння сусветнай метраполіі немагчыма?
І.Б.:
Думаю, што не. Хаця гэта тэма асобнай размовы – расійска-ўкраінская вайна, трыумф Кітая, тое пераўяўленне свету, якое адбываецца на нашых вачах. У гэтым новым свеце ў якасці “першага сярод магутных” адназначна застануцца Злучаныя Штаты, якія будуць выконваць ролю амбасады ўсяго чалавецтва, агоры, на якой будзе дыскутавацца будучыня свету. Там будуць мяшацца і рэпрэзентавацца інтарэсы і суб’ектнасці самых розных культур, нацый, рэгіёнаў.
Еўропа ж застанецца як тэрыторыя культуры, духа, метафізікі. І гэта, дарэчы, не так ужо й мала.
Варшава, 2016
Польская версія (.pdf):
Saifullayeu Anton, Europa Środkowa – idee, przestrzenie, perspektywy. Wywiad z Iharem Babkowem, „Obóz” 2016, nr. 54, s. 47-58.