№10: Дарослым уваход забаронены

№10: Дарослым уваход забаронены

— Ага, добра… Вось і вы, дзеткі! Вітаем у нашым Палацы Дзяцінства! Заходзьце, заходзьце… Самых маленькіх просім у Пясочніцу, астатнія — за мной! Стоп-стоп, а вось вам сюды нельга! Дарослых адвядуць праз Чорны ўваход у Вельмі Сур’ёзны Кабінет — там вам будзе ўтульна, і вы зможаце адпачыць, а то выгляд у вас, скажу шчыра… м-м-м… вельмі стомлены… Так што і вы зможаце агледзець наш палац (праўда, з іншага боку, хе-хе). Ну што, хадзем?

Чытаць далей

№10: Дарослым уваход забаронены

9 жніўня 2012

№10: Дарослым уваход забаронены

— Гэй, брамнік!

Няма адказу.

— Прачынайся, кажу!

— М-м-м?..

— Яны ўжо блізка!

— Ты што? Яшчэ ж нічога не гатова!

Прайдзісвет - Дарослым уваход забаронены

Сабачка з котачкай ужо вымылі падлогу ў Бальнай зале і цяпер пякуць торт, а Іда займаецца кветкамі, бо яны зусім завялі пасля таго, як Русалачка паліла іх учора марской вадой.

— Добра што не тым зеллем, якое дала ёй марская ведзьма. Дарэчы, што ў нас з тэхнікай бяспекі? Будзе няёмка, калі розная нечысць накінецца на дзяцей.

— Спакойна: усе нячысцікі — на Закінутым гарышчы пад пільным наглядам чарадзеяў. А Чорнага казла мы нават для надзейнасці прывязалі.

— А з Міфічным парталам усё ў парадку? Каб жа не сарвалася нашая экскурсія ў Сівую Даўніну! Правер, ці правільна расклеілі надпісы ля кнопак, а то захочуць да індзейцаў, а трапяць да індыйцаў.

— Правяраў ужо, усё працуе! Толькі баюся, каб госці не нацягалі нам з экскурсіі розных злыдняў і троляў або гэтых… як іх… Тых Самых! Гарышча ўсё ж не гумовае!

— Ох, і не кажы… Слухай, трэба пазваніць Эстэле, яна ўжо даўно пайшла іх сустракаць. Прынясі мне тэлефон!

— Вось, трымай трубку.

— Што ты мне соваеш? У яе ж шнур абарваны! Ладна, пайду сам гляну, ці не бачна іх.

— Ну што там?

— Чыста, ёсць яшчэ час… А-а-а! Чэрці нябесныя! Гэта што?!

— А?

— Мы ж прасілі, каб мастакі нам зрабілі графіці на муры, калі скончаць партрэты для Галерэі! І дзе гэта ўсё?

— Ой, забыўся папярэдзіць: мастакі ж на пленэр з’ехалі, дык мы Тома папрасілі хаця б вапнай мур асвяжыць.

— Вось яны, норавы Залатога веку ілюстрацыі! Змыліся на пленэр! А партрэты хоць павесілі ўжо?

Малпачка Піпі якраз гэтым займаецца, а трусікі глядзяць, каб карціны віселі роўна.

— Ну-ну, бачу — вунь ужо адзін паскакаў некуды! Працаўнічок!

— А, ды гэта ж Пітэр, ён так заўсёды…

— Пітэр? Нешта не помню, каб у Пітэра былі такія доўгія вушы.

— Ты паблытаў: гэта трусік Пітэр — яны ў нас з Пітэрам Пэнам цёзкі.

— Хто тут яшчэ паблытаў! Ты лепей глянь на сцяну! Чаму там, дзе мусіць вісець вясельны партрэт Прыгажуні і Пачвары, боўтаецца нейкі вожык?!

— У яго трэніроўка. Хоча навучыцца вісець у небе.

— Ха-ха-ха, разумнік які! Дораці з Татосікам павіселі — дык вунь колькі дадому дабіраліся.

— Адчуваю, і да нас нехта хутка дабярэцца. Глядзі!

— Чэрці паласатыя! Ды тут дарослых больш, чым дзяцей, прыцягнулася!

— Нічога, у нас ёсць чым заняць такіх клапатлівых бацькоў. Папросім Фелікса як самага ветлівага адвесці іх у Вельмі Сур’ёзны Кабінет.

— Ага, добра… Вось і вы, дзеткі! Вітаем у нашым Палацы Дзяцінства! Заходзьце, заходзьце… Самых маленькіх просім у Пясочніцу, астатнія — за мной! Стоп-стоп, а вось вам сюды нельга! Дарослых адвядуць праз Чорны ўваход у Вельмі Сур’ёзны Кабінет — там вам будзе ўтульна, і вы зможаце адпачыць, а то выгляд у вас, скажу шчыра… м-м-м… вельмі стомлены… Так што і вы зможаце агледзець наш палац (праўда, з іншага боку, хе-хе). Ну што, хадзем?

 

Тролі, што падслухалі з кустоў

225