№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ханс Крысціян Андэрсэн

Кветкі маленькай Іды (Den lille Idas blomster)

Казка

Пераклад з дацкай Алеся Башарымава


— Мае бедныя кветачкі зусім нежывыя! — сказала маленькая Іда. — Учора ўвечары яны былі такія прыгожыя, а цяпер яны звялі і паніклі! Чаму так? — спытала яна студэнта, што сядзеў на канапе.

Ён вельмі ёй падабаўся, бо ведаў найдзівоснейшыя гісторыі і ўмеў вырэзваць такія забаўныя фігуркі: сэрцы, у якіх танчылі маленькія паненкі, кветкі і вялікія палацы, у якіх можна было адчыняць дзверкі — вось які забаўны быў той студэнт!

— Чаму сёння кветкі выглядаюць такімі сумнымі? — спытала яна зноў і паказала яму свой зусім звялы букет.

— О, я скажу табе, што з імі! — сказаў студэнт. — Сёння ўначы ў кветак быў баль, вось яны і павесілі галоўкі.

— Але кветкі не могуць танчыць! — сказала Іда.

— Могуць, — сказаў студэнт. — Калі робіцца цёмна і ўсе засынаюць, яны вяселяцца і балююць ледзь не кожную ноч!

— А іхным дзецям нельга хадзіць на баль?

— Можна, — сказаў студэнт. — Маленькія стакроткі і ландышы таксама балююць!

— А дзе танчаць самыя прыгожыя кветкі? — спытала Іда.

— Ты ж часта бывала за гарадской брамай ля вялікага палаца, дзе ўлетку жыве кароль: помніш, як многа расце чароўных кветак у тым садзе? А помніш, як лебедзі падплывалі да цябе, калі ты карміла іх хлебнымі крошкамі? Вось дзе спраўляюцца сапраўдныя балі, можаш мне паверыць!

— Я была ў тым садзе ўчора з матуляй! — сказала Іда. — Але ўсе лісты зляцелі з дрэваў і нідзе не было ніводнай кветачкі! Дзе яны? Улетку іх было так многа!

— Яны ў палацы! — сказаў студэнт. — Як толькі кароль і ягоная світа вяртаюцца ў горад, кветкі адразу ж бягуць у палац і вяселяцца. Ты б толькі бачыла! Дзве самыя прыгожыя ружы сядаюць на трон — гэта кароль і каралева. Чырвоныя званцы становяцца абапал і кланяюцца — гэта пажы. Потым у залу ўваходзяць іншыя неймаверна прыгожыя кветкі, і пачынаецца вялікі баль. Сінія фіялкі на ім — гэта маленькія гардэмарыны, яны танчаць з дзяўчатамі-гіяцынтамі і крокусамі! Цюльпаны і вялікія жоўтыя лілеі — гэта пажылыя дамы, яны сочаць, каб танец ішоў спраўна і прыгожа!

— А кветкам нічога не бывае за тое, што яны танчаць у каралеўскім замку? — спытала Іда.

— А ніхто пра гэта нават не ведае, — сказаў студэнт. — Безумоўна, летнімі начамі замак абыходзіць стары даглядчык. Ён носіць з сабой вялікую звязку ключоў, і як толькі кветкі чуюць знаёмае бразгатанне, яны адразу сцішваюцца, хаваюцца за доўгімі гардзінамі і асцярожна пазіраюць адтуль.

— Як пахне кветкамі! — кажа стары даглядчык, але не бачыць іх.

— Вось забаўна! — усклікнула Іда і запляскала ў далонькі. — А я таксама не змагу ўбачыць гэтыя кветкі?

— Чаму не, — сказаў студэнт. — Проста наступным разам, калі зноў будзеш там, не забудзь зазірнуць у акно, і ты іх канечне ўбачыш. Я сам сёння зрабіў так і ведаеш што пабачыў? На сафе ляжала і пацягвалася доўгая жоўтая кветка нарцысу, быццам сапраўдная прыдворная дама!

— А кветкі з Батанічнага саду таксама могуць туды прыйсці? Гэта ж вельмі няблізка!

— Не хвалюйся! — сказаў студэнт. — Яны, калі захочуць, могуць лётаць! Ты ж бачыла прыгожых матылькоў — чырвоных, жоўтых, белых... Праўда, яны вельмі падобныя да кветак? Дык вось, матылькі насамрэч і ёсць кветкі! Сцяблінкі падкідваюць іх высока ў паветра, а потым яны махаюць пялёсткамі, нібыта крылцамі, і ляцяць. Калі яны добра сябе паводзяць, удзень ім дазваляюць палётаць зноў, і ім ужо не хочацца вяртацца дадому і сядзець на сцяблінах. Вось яны і лётаюць, лётаюць, пакуль іх пялёсткі не ператворацца ў сапраўдныя крылцы. Ды ты і сама бачыла! Але, магчыма, кветкі з Батанічнага саду ніколі не бывалі ў каралеўскім палацы. Магчыма, яны нават не здагадваюцца, як там весела ўначы! Вось паслухай, што я прыдумаў. Ну і здзівіцца наш прафесар батанікі! Ты ж яго ведаеш? Ён жыве тут недалёка. Дык вось, калі прыйдзеш у яго сад, раскажы якой-небудзь кветцы, што ў палацы вялікі баль. Кветка раскажа пра гэта астатнім, і яны ўсе паляцяць туды. Вось здзівіцца прафесар, калі прыйдзе ў сад і не ўбачыць там ніводнай кветкі!

— Але як гэта кветка зможа расказаць астатнім пра баль? Кветкі ж не ўмеюць размаўляць!

— Па-сапраўднаму, канечне, не ўмеюць, — сказаў студэнт, — але яны могуць размаўляць знакамі! Успомні, як кветкі ківаюць галоўкамі, калі дзьме вецер, як выразна шалахцяць сваімі зялёнымі лісточкамі, нібыта гавораць нешта!

— А прафесар разумее іх знакі? — спытала Іда.

— Яшчэ як! Аднойчы ён прыйшоў ранкам у сад і ўбачыў, як вялікі куст крапівы робіць нейкія знакі прыгожаму чырвонаму гваздзіку. Куст казаў кветцы: “Ты такая мілая, ты так падабаешся мне!” Прафесар раззлаваўся на гэта і ўдарыў крапіву па лісці, якое замяняе ёй пальцы, але апёкся так, што і дагэтуль баіцца падысці да крапіўнага куста.

— Як забаўна! — засмяялася Іда.

— Хіба можна забіваць дзіцёнку галаву такім глупствам? — абурыўся нудотны дарадца, які таксама завітаў у госці і сядзеў на канапе.

Ён цярпець не мог гэтага студэнта і бурчэў кожны раз, як студэнт выразаў свае дасціпныя, забаўныя фігуркі: то чалавечка, які боўтаецца на шыбеніцы і трымае сэрца ў руцэ, — гэта выкрадальнік сэрцаў, то старую ведзьму, што ляціць на памяле і вязе на носе свайго мужа. Дарадца заўсёды раздражняўся і казаў, як цяпер вось:

— Ну ці можна забіваць такім галаву дзіцяці! Якія бязглуздыя фантазіі!

А Іду, наадварот, захапляла тое, што студэнт расказваў пра яе кветкі, і яна шмат думала пра гэтыя гісторыі. Значыць, кветкі паніклі, бо вельмі стаміліся ад начных танцаў.

Небаракі, яны зусім захварэлі! Іда ўзяла іх і панесла да сваіх самых любімых цацак, што ляжалі на прыгожым століку. Шуфляда таксама была поўная ўсялякіх рознасцяў. У лялечным ложку ляжала лялька Сафі. Яна спала, але Іда сказала ёй:

— Прачынайся, Сафі! Давядзецца табе сёння паспаць у шуфлядзе. Бедныя кветачкі захварэлі! Я пакладу іх у твой ложак, хай адпачнуць. Можа, тады яны паправяцца!

Іда дастала ляльку з ложка, але тая выглядала пры гэтым вельмі незадаволенай і не прамовіла ні слоўца: лялька дужа сердавала, што яе выцягнулі з уласнай пасцелі.

Але Іда ўсё адно паклала кветкі ў лялечны ложак, дбайна накрыла іх коўдраю і сказала, каб яны ляжалі ціха, а яна запарыць ім гарбаты, каб назаўтра яны акрыялі і прачнуліся здаровенькімі. Іда шчыльна захінула фіранкі над ложкам, каб сонца не біла кветкам у вочы.

Увесь вечар ёй не давалі спакою думкі аб дзівосах, пра якія ёй расказаў студэнт. Калі ж ёй самой урэшце надышоў час класціся спаць, яна спярша зазірнула за гардзіны на вокнах. Там на падваконні стаялі цудоўныя кветкі яе мамы — цюльпаны і гіяцынты. Іда ціхенька прашаптала:

— А я ведаю, што ўначы вы пойдзеце на баль!

Кветкі, здавалася, нічога не зразумелі і нават лісточкам не варухнулі ў адказ. Але Іда ведала, што яны толькі прыкідваюцца.

У ложку Іда доўга думала пра прыгожыя кветкі, якія танчаць у каралеўскім палацы. Як цікава было б пабачыць гэта! “Няўжо мае кветачкі і сапраўды там бывалі?” — падумала, ужо засынаючы, маленькая Іда. Пасярод ночы яна зноў прачнулася. Ёй прысніўся сон пра кветкі, студэнта і дарадцу, які лаяўся, што той тлуміць ёй галаву. У спальні было ціха. На стале гарэла начная лямпа, мама і тата мірна спалі.

— Цікава, ці ў ложку мае кветачкі? — спытала Іда сама сябе. — Хацела б я ведаць!

 Яна прыўзнялася і паглядзела ў бок прачыненых дзвярэй, што вялі ў пакой, дзе ляжалі кветкі і яе цацкі. Іда прыслухалася, і ёй нібыта пачулася, што ў тым пакоі ціха-ціха грае раяль. Ніколі раней Іда не чула такой цудоўнай мелодыі.

“Ах, гэта кветкі танчаць у пакоі! — падумала яна. — Божа, як хочацца паглядзець!” Але яна ціха ляжала ў ложку, каб не пабудзіць тату з мамай. “Вось бы яны зайшлі сюды”, — падумала яна. Але кветкі не прыходзілі, а музыка па-ранейшаму гучала так чароўна, што Іда не магла больш трываць. Яна паднялася са свайго маленькага ложка, асцярожна падышла да дзвярэй і зазірнула ў суседні пакой. Ах, якое забаўнае відовішча адкрылася ёй!

У пакоі было вельмі светла, хоць там і не гарэла начной лямпы, бо на падлогу праз акно ззяў месяц. Здавалася, быццам цяпер ясны дзень, а зусім не ноч. Гіяцынты і цюльпаны пасталі ў два доўгія шэрагі на падлозе, а на падваконні засталіся адны пустыя гаршчкі. Кветкі ўмела ішлі ланцужком і спрытна кружыліся адна ля адной, узяўшыся за доўгія зялёныя лісты. За раялем сядзела вялікая жоўтая лілея, якую Іда дакладна бачыла ўлетку, бо добра памятала, як студэнт сказаў пра яе: “Толькі падумаць, ну быццам фрэкен Лінэ!” — але тады ўсе з яго толькі пасмяяліся. А цяпер Ідзе таксама здалося, што гэтая доўгая жоўтая кветка — рыхтык фрэкен Лінэ. Лілея грала на раялі акурат гэтаксама, як тая: схіляла выцягнуты жоўты твар то над адным, то над другім канцом клавіятуры і пагойдвала галавою ў такт музыцы. Яна зусім не заўважала Іды.

Тут дзяўчынка ўбачыла, як вялікі сіні крокус ускочыў на стол з цацкамі, падышоў да лялечнага ложка і рассунуў фіранкі, за якімі ляжалі хворыя кветкі Іды. Але тыя адразу ж падняліся і заківалі астатнім, маўляў, мы таксама хочам з вамі танцаваць. Стары курылка [1] з адтапыранай губою ўстаў і пакланіўся прыўкрасным кветкам, якія цяпер зусім не выглядалі хворымі. Яны саскочылі на падлогу і весела закружыліся ў танцы разам з астатнімі.

Раптам Іда пачула, як нешта ўпала са стала. Гэта саскочыла ўніз галінка масленічнай вярбы, абсыпаная папяровай квеценню. Яна была такая яркая, што сама здавалася чароўнай кветкай. На ёй сядзеў васковы чалавечак ў шыракаполым капелюшы — рыхтык як у дарадцы. Вярба скакала пасярод кветак на трох чырвоных ножках-дзеравяшках і моцна прытопвала, бо гралі мазурку. Астатнія кветкі не маглі яе танчыць, бо былі занадта лёгкія, каб так прытопваць.

Раптам васковы чалавечак на масленічнай вярбе выцягнуўся і надзьмуўся. Ён круціўся на папяровых кветках і гучна крычаў:

— Хіба можна казаць дзіцяці такую лухту? Якія дурацкія фантазіі!

Яго было проста не адрозніць ад дарадцы ў гэтым шыракаполым капелюшы, і да таго ж твар у яго быў такі ж сварлівы і жоўты. Але тут папяровыя кветкі ўзяліся сцябаць чалавечка па тонкіх ножках, і ён зноў увесь ссохся і зрабіўся маленькім і бездапаможным — адна пацеха! Іда пырснула смехам. Вярба ўсё танчыла, і васковаму чалавечку давялося танчыць з ёй разам. Як ён ні сіліўся зноў зрабіцца вялікім, як ні махаў сваім шырокім чорным капелюшом, вярба яго не адпускала. Кветкам, асабліва тым, што належалі Ідзе, зрабілася шкада чалавечка, і яны пачалі ўгаворваць вярбу вызваліць яго. Толькі тады яна пакінула яго ў спакоі. Але тут у шуфлядзе, дзе ляжала лялька Сафі разам з іншымі цацкамі Іды, нехта моцна загрукаў. Курылка падбег да краю стала, лёг плазам і крыху выцягнуў шуфляду. Сафі паднялася і здзіўлена азірнулася навокал:

— О, тут баль! — сказала яна. — Чаму мне ніхто не сказаў?

— Можна запрасіць вас на танец? — прапанаваў Курылка.

— Як жа, ты ж у нас такі прыгажунчык, каб з табой яшчэ танчылі! — сказала лялька і павярнулася да яго спінай. Яна села на край шуфляды, спадзеючыся, што кветкі папросяць яе спусціцца і баляваць разам з імі, але ніхто нават не звярнуў на яе ўвагі. Тады Сафі гучна адкерхалася: кхм, кхм, кхм! Але яе ўсё адно ніхто не заўважаў. Курылка танцаваў зусім адзін, але гэта было не так ужо і кепска!

Сафі надакучыла чакаць, пакуль кветкі яе заўважаць, і пляснулася на падлогу. Яна ўпала з такім грукатам, што ўсе кветкі збегліся да яе і стоўпіліся вакол. Яны спыталі, ці не пабілася Сафі, але на ёй не было ані драпінкі. Тады кветкі Іды шчыра падзякавалі ёй за цудоўны ложак і абнялі. Потым яны павялі Сафі ў цэнтр пакоя, залітага месяцовым святлом, і пачалі танчыць з ёю, а ўсе астатнія кветкі кружыліся вакол іх — цяпер Сафі была задаволеная! Яна нават прапанавала кветкам Іды спаць у яе ложку і далей — маўляў, ёй самой і ў шуфлядзе няблага спіцца.

Але кветкі адказалі:

— Дзякуй табе вялікі, толькі мы не пражывем так доўга: заўтра мы будзем ужо мёртвыя! Скажы Ідзе, каб яна пахавала нас у садзе, там, дзе ляжыць маленькая канарэйка, і тады мы ўлетку вырасцем зноў і будзем яшчэ больш прыгожымі!

— Не, вам ніяк нельга паміраць! — усклікнула Сафі і пацалавала кветкі.

І ў гэты момант дзверы, што вялі ў залу, расчыніліся, і адтуль, кружачыся ў танцы, у пакой уплыла цэлая хваля чароўных кветак. “Адкуль яны тут узяліся? — здзівілася Іда. — Няйначай з каралеўскага палаца!” Наперадзе ішлі дзве ружы незвычайнай прыгажосці з каронамі на галовах: гэта былі кароль і каралева. Следам рухаліся чароўныя ляўконіі і гваздзікі, кланяючыся ва ўсе бакі. З імі былі і музыкі: вялікія макі і півоні так дзьмулі ў струкі гароху, што іх твары зусім пачырванелі. Блакітныя званочкі і маленечкія белыя пралескі весела пазвоньвалі, быццам балабончыкі. А за імі рухаліся ў танцы астатнія кветкі: сінія фіялкі і чырвоныя стакроткі, рамонкі і ландышы — і ўсе яны абменьваліся пяшчотнымі пацалункамі. Якая ж мілая гэта была карціна!

Урэшце кветкі пажадалі адна адной добрай ночы, і Іда праслізнула да сябе ў ложак і хутка заснула, каб у сне зноў пабачыць дзівосны баль кветак.

Прачнуўшыся ўранку, яна адразу ж падбегла да стала паглядзець, ці ляжаць там яшчэ яе кветкі. Яна рассунула фіранкі перад маленькім ложкам — і сапраўды, яны па-ранейшаму былі там, але зусім звялыя; цяпер яны выглядалі значна горш, чым учора. Сафі ляжала ў шуфлядзе, куды яе паклала Іда, і выгляд у яе быў вельмі снулы.

— Ты не забыла, што цябе прасілі мне перадаць? — спытала Іда, але Сафі глядзела на яе пустымі вачыма і маўчала.

— Якая ты ўсё ж кепская, — сказала Іда, — а яны яшчэ танцавалі з табой!

Іда ўзяла кардонную скрынку з намаляванымі прыгожымі птушкамі, адкрыла яе і паклала туды мёртвыя кветкі.

— Вось якая прыгожая ў вас труна, — сказала Іда. — А калі прыйдуць мае нарвежскія кузэны, мы разам пахаваем вас у садзе, каб вы ўлетку выраслі яшчэ прыгажэйшымі!

Хутка нарвежскія кузэны — два спрытныя хлопчыкі, Юнас і Адольф, — прынеслі паказаць Ідзе свае новыя лукі, якія падарыў ім бацька. Іда расказала ім пра няшчасныя кветкі і папрасіла дапамагчы пахаваць іх. Хлопцы ішлі наперадзе з лукамі на плячах, а Іда несла следам мёртвыя кветкі ў прыгожай скрынцы. У садзе яны выкапалі маленькую магілу, і Іда, пацалаваўшы кветкі на развітанне, апусціла скрыню ў зямлю, а Адольф і Юнас выпусцілі над магілаю стрэлы з лукаў, бо ў іх не было сапраўдных стрэльбаў ці гармат.

__________________________________________________________________

[1] Курылка (дацк. Røgmand, ням. Räuchermann) — традыцыйная з 1830-х гадоў драўляная цацка-чалавечак, звычайна ў выглядзе мужычка з люлькай, якая выкарыстоўваецца для курэння духмяных рэчываў. Верхняя частка фігуркі здымаецца, і ўсярэдзіну цацкі ставіцца пірамідка, якая пры тленні курыцца духмяным дымам, што выходзіць праз рот чалавечка. Курылка паходзіць з Рудных Гораў, вядомых сваімі разнастайнымі традыцыйнымі цацкамі. Цацка папулярная як каляднае ўпрыгожанне ў некаторых рэгіёнах Германіі.

Мастак — Артур Рэкхэм

Пераклад з дацкай – Алеся Башарымава © 2012

Чытайце таксама

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Ўільям Батлер Ейтс

Ўільям Батлер Ейтс

Ірландскі англамоўны пісьменнік, паэт, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Чэслаў Мілаш

Чэслаў Мілаш

Польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, юрыст і дыпламат

1472