№16: (Не) жаночае аблічча

№16: (Не) жаночае аблічча

Усе нашыя ўяўленні пра “сапраўдную” літаратуру пачынаюцца ў школе. Са сценаў кабінетаў літаратуры, як і сто гадоў таму, на вучняў глядзяць сур’ёзныя шырокабародыя мужы, якія ведаюць пра жыццё ўсё і са сваіх партрэтаў вучаць маленькіх хлопчыкаў і дзяўчатак, як насамрэч збудаваны свет і што значыць жыць правільна. А ўзнёслыя настаўніцы вядуць вучняў уздоўж партрэтаў па вузкай дарожцы школьнай праграмы і ўкладваюць у яшчэ падатлівыя галовы літаратурны канон, які сведчыць: сапраўдную літаратуру стваралі толькі мужчыны. Жанчыны ж, чые партрэты маглі трапіць на сцены, калі дазваляла прастора, могуць звацца толькі “паэтамі”, таму што “паэтэса” — гэта так прыніжальна. У школе мы даведваемся, што ў літаратуры, як і ў вайны, не жаночае аблічча.

Чытаць далей
Эдрыен Рыч Калі мы, мёртвыя, прачнемся: пісьмо як рэ-візія. Эсэ Прымаючы студэнтак сур’ёзна. Эсэ Жанчыны і гонар: Некалькі нататак пра хлусню. Эсэ Прадмова: Пра гісторыю, непісьменнасць, пасіўнасць, гвалт і жаночую культуру. Эсэ “Яе раны паходзяць з той самай крыніцы, што і яе сіла…” Вершы Эльфрыдэ Елінэк Наўзбоч. Нобелеўская лекцыя Наталля Паваляева Элизабет Бишоп, awful but cheerful. Ангельская жаночая проза: этапы гісторыі. Англа-амерыканская фемінісцкая крытыка: гісторыя і некаторыя тэарэтычныя аспекты Элізабэт Бішап Два вершы Х.Д. Гелена ў Егіпце. Урыўкі з цыклу Хінемаана Бэйкер Хатнія роды. Вершы Люба Якімчук Я надзену чорныя бровы. Вершы Дайва Чапаўскайтэ Слёзы мае чырыкаюць Вершы Юля Цімафеева “Моцныя маці”: як паўставала жаночая паэзія ў ЗША Джойс Кэрал Оўтс Чаму вашы творы такія жорсткія? Эсэ Вірджынія Вулф Хвалі. Урывак з рамана

№16: (Не) жаночае аблічча

19 лютага 2016

№16: (Не) жаночае аблічча

Усе нашыя ўяўленні пра “сапраўдную” літаратуру пачынаюцца ў школе. Са сценаў кабінетаў літаратуры, як і сто гадоў таму, на вучняў глядзяць сур’ёзныя шырокабародыя мужы, якія ведаюць пра жыццё ўсё і са сваіх партрэтаў вучаць маленькіх хлопчыкаў і дзяўчатак, як насамрэч збудаваны свет і што значыць жыць правільна. А ўзнёслыя настаўніцы вядуць вучняў уздоўж партрэтаў па вузкай дарожцы школьнай праграмы і ўкладваюць у яшчэ падатлівыя галовы літаратурны канон, які сведчыць: сапраўдную літаратуру стваралі толькі мужчыны. Жанчыны ж, чые партрэты маглі трапіць на сцены, калі дазваляла прастора, могуць звацца толькі “паэтамі”, таму што “паэтэса” — гэта так прыніжальна. У школе мы даведваемся, што ў літаратуры, як і ў вайны, не жаночае аблічча.

Але ці так гэта насамрэч? Заходняя фемінісцкая крытыка, а затым і гендарныя даследчыцы ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, з аднаго боку, адкрываюць творы незаслужана занядбаных жанчын-пісьменніц, а з другога — звяртаюцца да вывучэння творчасці сучасніц, а таксама асаблівасцяў жаночага чытання і пісьма, тым самым робячы бараду сярэднестатыстычнага літаратара ўсё радзейшай і надаючы яму ўсё больш жаночых рысаў.

У беларускім літаратуразнаўстве не прынята глядзець на літаратуру з гендарнай перспектывы. Мы спажываем сучасную заходнюю культуру, на якую ў многім паўплывалі гендарныя даследаванні, аднак самі амаль не наважваемся прыкласці гендарныя лякалы да ўласнай літаратурнай сітуацыі. Школьны літаратурны канон зацэментаваўся.

У новым нумары “ПрайдзіСвета”, узброіўшыся рознымі інструментамі, пісьменніцы, літаратурныя крытыкі, перакладчыцы, выкладчыцы і даследчыцы літаратуры, а таксама іх калегі-мужчыны спрабуюць паставіць пад сумнеў непахіснасць беларускага канону.

Як і заходнія папярэдніцы, мы пачынаем з пошуку амаль забытых імёнаў. Так, дзякуючы сумеснай працы Аксаны Данільчык і Віктара Жыбуля ў нумары з’яўляецца ўнікальная публікацыя вершаў беларускамоўных паэтак 1920—1930-х гадоў, а таксама разгляд іх творчасці з пазіцый фемінісцкай крытыкі.

Стэрэатыпнасць жаночых вобразаў у творах пісьменнікаў-мужчын — асноўная тэма артыкулаў Ганны Янкуты і Марыны Казлоўскай. Самаадчуванню жанчыны-пісьменніцы ў мужчынскім свеце літаратуры прысвечаныя эсэ Кацярыны Оаро і Анкі Упалы. Наталля Рак спрабуе супаставіць свет антыўтапічнага рамана Маргарэт Этвуд з сучаснай беларускай рэальнасцю і знаходзіць пэўнае падабенства.

Аксана Данільчык у сваім артыкуле, прысвечаным творчасці амерыканкі Эн Сэкстан і беларускім паэткам Таісі Бондар і Яўгеніі Янішчыц, супастаўляе погляд гэтых жанчын на сябе і свет. А Наталля Гардзіенка прадстаўляе найлепшую, на яе погляд, жаночую мемуарыстыку.

Акрамя крытычнай часткі ў нумары друкуюцца вершы Марыі Мартысевіч і Вальжыны Морт, а таксама ўрыўкі з рамана Альгерда Бахарэвіча. У гэтых творах, на нашую думку, паказаны новы для беларускай літаратуры погляд жанчын на сябе і мужчыны на жанчын.

Лагічным працягам або ў нейкай ступені падмуркам “беларускай” часткі нумару можна лічыць перакладныя творы. “Жаночае аблічча” літаратуры тут прадстаўленае эсэістыкай і паэзіяй амерыканкі Эдрыен Рыч, якая зрабіла значны ўплыў на прасоўванне ідэяў фемінізму ў ЗША. У сваёй нобелеўскай лекцыі аўстрыйская пісьменніца Эльфрыда Елінэк звяртаецца да супрацьстаяння пісьменніцы і мовы. Таксама ў нумары можна знайсці ўрыўкі са знакавага верша англа-амерыканскай мадэрністкі Х.Д., вершы амерыканкі Элізабэт Бішап, украінкі Любы Якімчук, новазеландкі Хінемааны Бэйкер, літоўкі Дайвы Чапаўскайтэ. Перакладная проза прадстаўленая эсэ Джойс Кэрал Оўтс і ўрыўкам з рамана Вірджыніі Вулф. У сваіх артыкулах Наталля Паваляева і Юля Цімафеева разглядаюць гісторыю ангельскай і амерыканскай літаратуры з гендарнай перспектывы.

Завяршае нумар апытанне беларускіх літаратарак пра тое, якія жанчыны-творцы зрабілі на іх найбольшы ўплыў. А вокладку нам стварыла Васіліса Паляніна-Календа.

Натуральна, гэты нумар не можа прэтэндаваць на ўсёахопнасць тэмы, аднак мы спадзяемся, што ён усё ж зробіцца пэўным штуршком для больш смелых і частых спробаў паглядзець на беларускую літаратуру праз фемінісцкую ці гендарна адчувальную оптыку.


1162