№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Элізабэт Бішап

Два вершы

Вершы

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева

Цуд на сняданак

(A Miracle for Breakfast)

 

“Цуды дапамагаюць нам меркаваць пра дагматы, а дагматы дапамагаюць нам меркаваць пра цуды”

 

А шостай гадзіне мы чакалі каву,

Чакалі каву й міласэрныя крыхі,

Якія мусілі падаваць з пэўнага балкона,

— як некалі ўладары ці нейкім цудам.

Было яшчэ цёмна. Адной нагой сонца

Трымалася цвёрда на пярэстай пуціне ракі.

 

Першы за дзень паром якраз перасек раку.

Было халодна, мы хацелі, каб кава

Аказалася гарачай, бо бачылі, сонца

Не збіраецца нас абагрэць; і каб крыхі

Аказаліся булкаю з маслам, цудам.

А сёмай чалавек выйшаў на балкон.

 

Ён самотна з хвіліну стаяў на балконе,

Глядзеў паўз нашы галовы на раку.

Служка працягнуў яму складнікі цуду,

Што ўяўлялі сабой адзіны кубак кавы

І адну булачку, якую ён пусціў на крыхі,

Задраўшы галаву, лунаючы ў аблоках — побач з сонцам.

 

Той чалавек звар’яцеў? Што менавіта, о сонца,

Ён хацеў учыніць там, на сваім балконе?

Усе мы атрымалі па адной сухой крошцы,

Якія хтосьці пагардліва кідаў у раку,

А ў кубак па адной кроплі кавы.

Некаторыя ж з нас стаялі і чакалі цуду.

 

Раскажу, што я ўбачыла пасля; гэта быў не цуд.

Прыгожая віла ў праменні сонца,

І ад яе дзвярэй плыў водар гарачае кавы.

На фасадзе — белы барочны балкон,

Створаны птушкамі, што жывуць ля ракі,

— я бачыла гэта, заплюшчыўшы вочы на крыхі —

 

І галерэі, і мармуровыя залы. Мае крыхі

Мой палац, створаны для мяне цудам

Праз стагоддзі насякомымі, птушкамі і ракою,

Якая тачыла камень. Штодня на сонцы

Я снедаю на сваім белым балконе,

Закінуўшы ногі, і літрамі п’ю каву.

 

Мы злізалі ўсе крыхі і праглынулі ўсю каву.

Акно на іншым беразе злавіла сонца,

Быццам бы цуд адбываўся зусім не на тым балконе.

ліпень 1937

  

У прыёмным пакоі

(In the Waiting Room)

 

У Вустэры, штат Масачусэтс

я разам з цёткай Кансуэла

пайшла да дантыста,

я села і стала чакаць яе

у прыёмным пакоі зубнога.

Была зіма. Цямнела

рана. Прыёмны пакой

напаўнялі дарослыя людзі,

чаравікі і палітоны,

часопісы й лямпы.

Мая цёця, падавалася,

была ўнутры вельмі доўга,

чакаючы, я чытала

National Geographic

(я ўмела чытаць) і ўважліва

разглядала фотаздымкі:

нутро вулкана, чорнае,

поўнае попелу;

а пасля ўсё залітае

ручаямі агню.

Оса і Марцін Джонсан

у сваіх шырокіх галіфэ,

высокіх чаравіках і коркавых шлемах.

Мярцвяк, прывязаны да жэрдкі,

і подпіс — “Чалавечына”.

Дзеці з выцягнутымі галовамі,

абматаныя шнурам,

чорныя голыя жанчыны, іх шыі,

абматаныя дротам,

як шыі лямпачак.

Іх страшэнныя грудзі.

Я прачытала ўсё адразу.

Я баялася спыніцца.

А потым я глянула на вокладку:

жоўтыя палі, дата.

Раптам знутры

пачулася балючае “О!”

— голас цёткі —

не надта гулка й доўга.

Я зусім не здзівілася,

і тады я ведала, што цётка

дурная й пужлівая.

Я магла збянтэжыцца,

але не. Мяне моцна здзівіла

зусім іншае —

што гэтабыла я:

мой голас, у маёй глотцы.

Без аніводнай думкі

я была сваёй дурной цёткай,

я-мы-ўсе падалі, падалі,

нашы вочы ўпіліся ў вокладку

National Geographic

за люты 1918.

 

Я казала сабе: тры дні,

і табе споўніцца сем.

Я так казала, каб спыніць

пачуццё падзення

з круглай вёрткай зямлі.

у халодны сіне-чорны космас.

Але я адчула: ты — гэта Я,

Ты — гэта Элізабэт,

Ты гэта нехта з іх.

Чаму ты таксама мусіш быць некім?

Я ледзь наважылася глянуць,

каб убачыць, кім я была.

Я кінула касы пагляд

— не магла зірнуць вышэй —

на цьмяную шэрасць каленяў,

штаноў, і спадніцаў, і ботаў,

і самых розных рук,

што ляжалі пад лямпамі.

Я ведала, што нічога дзіўнейшага

не здаралася, нічога дзіўнейшага

і здарыцца не магло.

 

Чаму я мушу быць цёткай,

ці сабою, ці кім заўгодна?

Што падобнага —

боты, рукі, голас роду

у маёй глотцы, ці нават

National Geographic

і тыя страшныя вісячыя грудзі —

што трымала ўсіх нас разам

ці рабіла ўсіх нас адным?

Як — я не ведала патрэбнага

слова — як жа “непадобна”…

Як жа я апынулася тут,

падобна да іх, і пачула

крык болю, што мог зрабіцца

мацней і гучней, але не стаў?

 

У прыёмным пакоі было ярка

й занадта душна. Ён сыходзіў

пад вялізную чорную хвалю,

ўсё новую й новую.

 

Затым я зноў — у пакоі.

Ішла Вайна. Звонку,

у Вустэры, штат Масачусэтс

была ноч, слата і холад,

і ўсё яшчэ пятага

лютага 1918.

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2016

Чытайце таксама

Жан Както

Жан Както

"Чалавек-аркестр" французскай культуры, выявіўся ў разнастайных галінах мастацкай дзейнасці.

Роберт Энтан Ўілсан

Роберт Энтан Ўілсан

Амерыканскі раманіст, эсэіст, філосаф, псіхолаг, анархіст

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

Джон Мэйсан Ніл

Джон Мэйсан Ніл

Ангельскі гімнограф, англіканскі святар

914