A R C H E S k a r y n a № 1 (15) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ЮРЫ АНДРУХОВІЧ
Вокладка ARCHE Skaryna 1-2001.

   Мінулыя нумары:

   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Юры Андруховіч
 
Час і месца,
  альбо Мая апошняя тэрыторыя


1.

КЗапрашаючы мяне да ўдзелу ў гэтым сходзе, Яраслаў Грыцак папярэдзіў, што мая прамова мае быць голасам „у абарону постмадэрнізму“, дазволю сабе яшчэ адну цытату, „постмадэрнізму з чалавечым тварам“. Мне не засталося нічога іншага, як прыняць гэтую ідэю й замірыцца з такою не зусім удзячнаю задачай. Відавочна, сам прэцэдэнт з’яўлення такой апалагетычнай патрэбы сведчыць пра пэўную знерваванасць, пасеяную ў нашых інтэлектуальных асяродках цягам апошняга дзясятка гадоў, уласна кажучы, з моманту ўводу ўва ўжытак гэтага слізкага панятку. І сапраўды, насталі часы, калі постмадэрнізму ў нас не крытыкуе толькі лянівы альбо мёртвы. Што да мяне, дык я лічу сябе жывым і не лянівым, таму з радасцю далучыўся б да нападнікаў. Пагатоў, тактыка нападу здаецца мне больш зразумелаю, паслядоўнаю й наагул пераможнаю. Аднаго разу я паспрабаваў сістэматызаваць і пералічыць усе (ці, прынамсі, найчасцей ужываныя) абвінавачанні супроць постмадэрнізму, і ў мяне атрымалася, што ён:

1) заняты амаль выключна цытаваннем, калажам, мантажом дый наагул паразітуе на тэкстах папярэднікаў;

2) абсалютызуе гульню дзеля гульні, выключыўшы з дыскурсу жывую аўтэнтыку крэацыі, перажыванняў, душэўнага й духоўнага, сур’ёзнасць нарацыі й супернаратаў;

3) падрывае веру ў Прызначэнне Літаратуры (хто б і што б пад тым прызначэннем ні разумеў); вось жа, постмадэрнізм — гэта смерць літаратуры;

4) іранізуе з нагоды ўсяго на свеце, у тым ліку й самой іроніі, адкідаючы якія-колечы этычныя сістэмы (уласна кажучы, ужо толькі „аскепкі этычных сістэмаў“) і дыдактычныя ўстаноўкі (дакладней, адно „водгулле гэтых установак“);

5) камбінуе параіндывідуальнае аўтарскае „я“ з рэштак іншых аўтарскіх светаў; такім чынам, постмадэрнізм — гэта яшчэ раз смерць, смерць аўтара як творцы ўласнага індывідуальнага аўтарскага свету;

6) „карнавальнаю“ (а насамрэч, адно пост-карнавальнаю) маскай адмяжоўваецца ад якой-колечы адказнасці перад Навакольным і за Навакольнае;

7) тупа эксперыментуе з моваю (-амі), механічна нарошчвае суму прыёмаў ды сродкаў, а таксама іх камбінацыяў; вось жа, у трэці раз — „з жалем і сумам паведамляем пра смерць“…

8) рабалепна схіляецца перад віртуалам, мультымедыйнымі прорвамі й пачварамі, прагне падпарадкаваць мастацтва электронным імперыям да назаўсёды пахаваць яго дух у іхным інтэрпавучынні;

9) фліртуе з масавай культураю, дэманструючы безгустоўнасць, вульгарнасць, не грэбуючы „сэксам, гвалтам і садызмам “;

10) руйнуе іерархію, падменьвае асновы, пазбаўляе сэнсу, размывае межы, бярэ слова, а разам з тым і саму рэчаіснасць, у двукоссе, хаатызуе й без таго хаатычнае быццё, іранізуе, займаецца цытаваннем, калажам, мантажом… але гэта ўсё ўжо было.
 

лідэр новае ўкраінскае літаратуры, аўтар трох паэтычных зборак і трох раманаў, укладальнік некалькіх анталёгій сучаснае ўкраінскае літаратуры, кандыдат філялягічных навук, дасьледчык творчасьці Багдана-Ігара Антоныча. Жыве ў Івана-Франкоўску, цяпер — на стажы ў ЗША. Апошняя кніга — зборнік эсэ „Дэзарыентацыя на мясцовасьці" (Лілея-НВ, 2000). Эсэ перакладзенае з ласкавага дазволу аўтара.
   

Такім чынам, пра постмадэрнізм застаецца сказаць, што ён:

а) аганізуючы, агнастычны, амбівалентны, амерыканскі, анемічна-ананістычны, анталагічна маргінальны

б) „бязмежна адкрыты глухі кут“, бязважкі, бясплённы

в) варыятыўны, вульгарызатарска-вычварэнскі

г) гермафрадытны, гомаерэтычны, гетэра- (і гэтак далей-) сэксуальны

д) другасны, дыскурсіўна дэфекацыйны

е) езуіцкі, енкаваты, еўнухаморфны

ё) ёрніцкі

ж) жартацэнтрычны, жыдамасонскі

з) закамплексавана звар’яцелы, замбінатыўны, знежывелы, зменлівы

і) імітатыўны, імпатэнтны, інтэртэкстуальны, інцэстуальны

к) кліпавы, калажавы, калаптычны, камбінаторна-кампілятыўны, кампіляторна-камп’ютарны, канфармісцкі, кансумптыўны

л) лабатамічны

м) манерны, маньерыстычны, маньяцкі, млявы, мярцвяцкі

н) надмерны, неанекрафілічны, нованеўратычны, нудны

о) оптава опіумна опусны

п) палімпсэстны, паразітычны, патавы, паталагічна перасычаны, перверсіўны

р) рэкрэацыйны, рэмінісцэнтны, рэнегацкі

с) сітуацыйны, спарахнелы, структуроідны й структураедны, сыты

т) травестыйны, трансвестыйны

у) уранічны

ф) фельетонны, фемінізаваны, фелінізаваны, фрагментарны

х) хваробатворчы, хімерны

ц) цынічны, цытатакратычны

ч) часападсумавальны

ш) шаманічны

э) эгалітарны, энтрапічны, „эліністычны“, эклектычны, эпігонскі

ю) юрлівы, юродзівы

я) ялавы, яшчэ раз іранічны, я-ўжо-сам-не-ведаю-які-яшчэ.

Апрача таго, яго характарызуюць як „посткаланіяльны“ й „посттаталітарны“, але ж гэта амаль нічога не праясняе, асабліва ў нас.

Апрача таго, ён „ніякі“.

Часам кажуць, нібыта штосьці падобнае ўжо бывала: александрыйская эпоха, восень сярэднявечча, fin-de-siécle’ўскі дэкаданс, любая спустошаная/перанасычаная культурная фармацыя. Гэта можна пераканаўча прывязваць да заканчэння пэўнага часавага прамежку, напрыклад, да мяжы тысячагоддзяў.

Сёй-той схільны лічыць, што постмадэрнізм пачынаецца там, дзе пачынаецца — даруйце за таўталогію — аўтарская аўтарэфлексія. Там, дзе тэкст перастае быць сродкам і стаецца мэтаю, там межы й заставы постмадэрнізму. Там, дзе аўтар забываецца на вестку, якую мусіць перадаць, і ўпадае ў самазамілаванне, там, дзе з’яўляецца аўтар-нарцыс, там ужо й пачатак канца. А паколькі так здаралася заўсёды, то й постмадэрнізм быў заўсёды, а значыць, ніколі.

Я разгубіўся сярод гэтай разнастайнасці. Мне застаецца шукаць выключна асабістых адзнакаў і азначэнняў. Я аглядаюся вакол сябе — дзе я?
 

 
   

 
2.

Я жыву ў спакон вякоў падазронай і зняважанай частцы свету. Гэтая частка свету называецца Галіччынаю. Магчыма, таму мне не застаецца нічога іншага, як назваць сябе постмадэрністам. Гэта, безумоўна, жарт, але не надта вясёлы.

Ёсць рэгіёны праўдзівыя, цэласныя нават у сваёй зруйнаванасці ды пачварнасці. Галіччына — наскрозь штучная, сшытая ў цэлае белымі ніткамі псеўдагістарычных домыслаў і палітыканскіх інтрыгаў. Тысячу разоў маюць рацыю тыя, хто сцвярджае, што Галіччына — гэта толькі тое, што сто пяцьдзесят гадоў таму прыдумалі некалькі аўстрыйскіх міністраў. Адно маньерыстычна-саладжавая ідэя-фікс пэўных заканспіраваных стратэгаў, якія свайго часу паставілі сабе хімерную мэту працягнуць Еўропу трохі далей на Ўсход. Еўропы ў іх не атрымалася, затое ўтварыўся такі сабе буфер, свайго роду „санітарная зона“. Небарака Франко паддаўся на іхную містыфікацыю, адсюль усе яго няшчасці, уся дэзарыентаваная сізіфаўская дзейнасць.

З перспектывы, напрыклад, Палесся гэты край мае досыць карыкатурны выгляд. Палессе, гэтая касмічная паганская калыска, басейн Прыпяці й Дзясны з яго арыйскай чысцінёй каранёў і драўлянскаю нескаламучанасцю крыніцаў, з яго вызначальнымі генетычна-культурнымі кодамі, найархаічнейшым фальклорам, эпасам, дыялектамі, азёрамі, тарфянішчамі, гатычнымі хваінамі, з пасткамі на жывёлу й людзей, з падраненымі ваўкамі, Палессе — гэта нацыянальны субстрат, гэта чарнобыльскі выбар Украіны, гэта сама рэчаіснасць, гэта тапорная аўтэнтыка й шчырасць, карны паход месіі Анапрыенкі ўздоўж чыгуначных шляхоў ды шашэйных дарог. Палессе — гэта павольнасць ды панурасць, гэта даведзены амаль што да поўнага спынення час, гэта паўзучая камуністычная вечнасць, што з усіх бакоў атачыла зненавідны стораспусны Кіеў, гэта сама глыбінная чорная ўкраінскасць.

З перспектывы Палесся Галіччыны не існуе, дакладней, яна ёсць, але гэты факт нічога не варты. Галіччына — гэта не-Ўкраіна, нейкая там геаграфічная даважка, польская галюцынацыя. Галіччына ўся наскрозь манекенная, лялечная, надзьмутая, ува ўсім і заўсёды яна прагне навязаць Украіне сваю неўкраінскую, настоеную недзе ў патаемных сіёнскіх лабараторыях волю. Галіччына пазбаўленая эпасу, у ёй спакон вякоў пануе анекдот, прычым нізкі. Уласна кажучы, гэта бескаранёвая прастора, зручная для ўсялякага вандроўнага племені — адсюль армяне, цыганы, караімы, хасіды. Галіччына — местачковая бацькаўшчына масонства й марксізму. Галіччына падманная й фальшывая, гэта смярдзючы звярынец, перапоўнены яхіднамі й хімерамі, у Галіччыне магчымыя адно мяшанцы накшталт Бруна Шульца альбо тыя дробныя станіслаўскія* кафкі, і калі ты не мяшанец, а, напрыклад, Стэфанік, табе застаецца адно співацца ў першым-лепшым Русаве. „Між іншым, цяпер у Івана-Франкоўску геніяў ужо больш, чым у Маскве“, — іранізуе калючы Ігар Клех, таксама галічанін, таксама геній, у сваёй найноўшай маскоўскай кніжцы.

Іранічны тон тут як ніколі дарэчны. Галіччына ўся іранічная й імаральная, адсюль гэтае вечнае адступніцтва й прыстасавальніцтва, перманентнае ўніяцтва, прададзеныя ў Амерыку дзеці. Галіччына — паказная й павярхоўная, як накладныя манжэты, панскасць, фацэтныя расшаркванні ўва ўсе бакі, цалаванне ручак ды прабояў з так і не пазбытым сялянскім прыцмокваннем, гэтыя бясконцыя й напаўсонныя, з цяжкою пасляабеднаю аскомай, размовы пра Эўропу, Еўропу, Европу, пра еўрапейскасць, еўрапейскае значэнне-прызначэнне, еўрапейскую культуру ды кухню, пра шлях у Еўропу, пра тое, што „мы ў Еўропе“ — у той час як уся г. зв. „духоўная прадукцыя“ Галіччыны здольная змясціцца ў адной-адзінай львоўскай валізцы сярэдніх памераў. Галіччына толькі й можа, што натужліва пераймаць Еўропу, якая, дарэчы, сама па сабе даўно ўжо нічога не можа (Шпэнглер яшчэ калі пра гэта казаў!). Галіччына — гэта плагіят, тым мізарнейшы, што плагіятар абраў для плагіяту найбольш змярцвелы з магчымых аб’ектаў.

Усё іншае — гэтая кава, свойскія лікёры, тарты й печыва, дыктат хатніх гаспадыняў, вышыванне сурвэтак, а таксама павідла й канфіцюры, ручнікі, дываны, безгустоўнасць ды кіч, словам, красаванне галіцкага мяшчанства ў поўны рост.

З перспектывы Палесся Галіччына не проста нікчэмная — яна постмадэрнісцкая.

Але я маю іншую перспектыву. Дакладней кажучы, не маю яе, бо знаходжуся тут, пасярэдзіне, гэта мая тэрыторыя, гэта мой падазроны й зняважаны свет, фартыфікацыйныя муры вакол яго даўно ўжо паваленыя, равы засыпаныя гістарычным хломаздам і культурным смеццем, нейкаю бітаю парцалянай, чорнаю гаварэцкаю керамікай, гуцульскімі кафлямі — гэта мая лінія абароны, гэта я сам, але ў мяне няма іншага выйсця, як адно бараніць гэты шматок, гэты лапік, гэтыя лапікі, што разлазяцца ўва ўсе бакі.
 







* Станіслаў — ранейшая (да 1962 г.) назва Івана-Франкоўску. (Заўв. рэд.)
   

 
3.

Яны разлазяцца, але я прагну сцягнуць іх у адно, сшыць — няхай нават белымі ніткамі сваіх уласных версіяў і домыслаў. І тут мне патрэбна яшчэ адна тэрытарыяльная эфемерыда, такі сабе геаграфічны прывід, паралельная рэальнасць, яшчэ ўчора модная, а цяпер ужо амаль што выванітаваная на інтэлектуальных фуршэтах — Цэнтральная Еўропа. Не, не Еўропа сама па сабе, не прыцемкі яе, а цэнтр, дакладней, усход, бо ў Еўропе ўсход парадаксальным чынам там, дзе цэнтр. Цэнтральная Еўропа, дзіця Мілаша, Кундэры й Конрада, дзіўная субстанцыя з адных толькі ідэяў, пачуццяў, містыфікацыяў, амерыканская прыдумка некалькіх расчараваных дысідэнтаў. Мы стаім на парозе яе канчатковага знікнення: вось толькі палякаў з славака-вугорцамі ўлучаць у NATO, а потым у Захад, ува „ўласна Еўропу“, а Ўкраіну — у адноўленую славянскую федэрацыю; вось толькі бразнуць замкі на заходніх межах нашай другой паводле значнасці саюзнай рэспублікі й на зноўку ўмацаваныя заставы выйдуць старыя памежнікі з маладымі амбітнымі аўчарамі без намызнікаў.

Вось жа, яе няма, гэтай Цэнтральнай Еўропы, дакладней, амаль што няма, як няма ў ёй Галіччыны. А ўсё, што ёсць, — гэта „амаль што“, суцэльная тэрыторыя постмадэрнізму. Які, здаецца, ніякім чынам не датычыць Ліятара, Дэрыды альбо Саіда, а, можа, іх менавіта й датычыць, але я не пра гэта.

Я пра тое, што менавіта тут, на гэтай тэрыторыі, я бачу пэўныя адзнакі таго, што сам разумею як „пост-мадэрнае“, то бок перадусім „пасля-мадэрнае“ — тое, што прыйшло пасля мадэрнізму з яго сутнасным імкненнем да мадэрнасці, да навізны як адпаведнасці часу, імкненнем, зрэшты, перарваным — брутальна, звонку, з крывёю, попелам і сусветнымі войнамі, а таксама дыктатурамі, канцлагерамі, вялізарнымі этнічнымі чысткамі — так у гэтай частцы свету спынілі, выбілі, пад корань выразалі мадэрнізм, які хочаце — венскі (эталонны), пражскі, кракаўскі, львоўскі, драгобыцкі; наўзамен прыйшла паслямадэрнісцкая паражнеча, вялікая вычарпанасць з бясконца адкрытым патэнцыялам, вялікая шматабяцальная паражнеча.

Я разумею гэтае „пост-мадэрнае“ і як недасфармаваную, але ўжо адчутую пасля-таталітарнасць. Я разумею гэта таксама як заўсёдную пагрозу з боку неататалітарызму, амёбы, што здольная запоўніць сабой кожнага ў прасторы і ўсю гэтую прастору наагул. Гістарычна мадэрнізм фармаваўся адначасна з таталітарнымі палітычнымі сістэмамі, колькі ягоных чорных квадратаў сталіся ўвасобленаю мрояй „новага чалавека“. Постмадэрнізм прыходзіць пасля таталітарызму, ён аморфны, хімерны, ён пачвара, якая адпавядае пераходнаму дэзарыентаванаму стану, разбурае колішнюю вось, пакідае адно фрагменты вертыкалі, а светлую будучыню вынаходліва падменьвае апакаліпсісам.

Існуе яшчэ адно вымярэнне „пост-мадэрнага“ ў нашай частцы свету. Гэта фактар полікультурнасці, пра які гаворыцца шмат, часта й дарэчна — толькі насамрэч гэтая полікультурнасць скіраваная ў мінулае, яна была раней, цяпер яна пасляполікультурнасць, мы маем адно сляды, адно адбіткі.

Мы маем руіны (замкаў, святыняў, фабрыкаў, мастоў, абсерваторыяў, перадусім руіны могілак, бо няма нічога прасцейшага, чым захапіць пакінутыя ўцекачамі памяшканні, але хто будзе даглядаць чужыя магілы?). Мы маем руіны, гэтыя знакі „напластавання культур“, гэтыя знакі „напластавання антыкультур“, гэтыя вымушаныя ландшафтныя калажы, гэты сапраўдны постмадэрнізм, гульню ў цагліны быцця, толькі не мы ў гэтай гульні гульцы.

Мы маем цытаты — з страчаных моваў, пісьмёнаў, дыялектаў, спаленых рукапісаў, урыўкі вершаў — фрагменты страчанай цэласці, толькі не мы жанглюем гэтымі фрагментамі. Мы маем засілле міфалогіі. Бо ў гэтай частцы свету міфалогія кампенсуе гісторыю, сямейныя паданні тут значнейшыя й верагоднейшыя за падручнікі. Зрэшты, сама гісторыя тут не больш чым гатунак міфалогіі.

Нарэшце, я разумею сваё „пост-мадэрнае“ і як правінцыйнае, маргінальнае — у тым сэнсе, у якім Цэнтральная Еўропа ніколі не магла й не хацела быць цэнтрам (што не замінала ёй увесь час апладняць цэнтры сваёю жывою спермай, перакульваць сістэмы вартасцяў, фармаваць плыні свядомасці, але я зараз нават не пра тых бажавольных выскачак, не пра ўоргалаў ды шагалаў), бо „Цэнтральная Еўропа — гэта асаблівы стан душы, асаблівы спосаб стаўлення да свету“, як кажа мой прыяцель Кшыштаф Чыжэўскі. А я адважуся дадаць: гэта такая правінцыя, дзе кожны ведае, што ён напраўду знаходзіцца ў самым цэнтры, бо цэнтр нідзе і ўсюды адначасна, а таму з вяршыняў і нізінаў уласнай майстроўні кожны можа цалкам спакойна глядзець на ўсё іншае, улучна з Нью-Ёркам ці якой-небудзь Масквой. Вось яна — адсутнасць якіх-колечы восяў, вось чалавечы хаатызм быцця, суцэльныя „суплёты“ вертыкальнага з гарызантальным і наадварот.

І гэта мне падабаецца найбольш.
 

 
   

 
4.

Уласна кажучы, мне глыбока ўсё адно, як гэта называюць. Постмадэрнізм? Няхай будзе так. Напраўду ідзецца пра іншае.

Існуе покліч жыцця і покліч смерці, і я рэагую на іх, як магу. Мяне цягне то ў адзін бок, то ў другі, са мною нешта адбываецца, я сачу змены ў самім сабе, але, на шчасце, не магу імі кіравацца. Больш за тое — я не магу даць сабе з імі рады. Мне застаецца пісаць. Мне застаецца спадзявацца, што ў сваім пісанні я адэкватны сваім рэакцыям — на большае я не прэтэндую. Мне, па вялікім рахунку, не так важна, як называюць, кваліфікуюць і класіфікуюць тое, што ў мяне атрымліваецца… нават калі ў мяне не выходзіць нічога.

Але я ніколі не пагаджуся з тым, што ў гэтым свеце ўсё ўжо адбылося.

Мабыць, акурат гэтая прыкмета дазваляе мне лічыць, што постмадэрнізм (добра, назавем гэта „постмадэрнізмам“!) — гэта там, дзе кожны з нас апынуўся сёння, гэта такая акалічнасць часу і месца, ад якой нам няма куды падзецца, тэрыторыя „паміж“ і „ўсярэдзіне“, нікому-не-належная міжцывілізацыйная, але таксама й па-над-цывілізацыйная прастора, цэнтральная дзірка ў Еўропе, тэктанічны зрух, прадонне, страчаны каментар да Галіччыны, нарэшце, сама Галіччына, расколіна паміж тысячагоддзямі, гэта смецце ўсіх нашых местаў, нашая памяць, нашая надзея, нашая самота — ты застаешся сам-насам са зблытанымі ўрыўкамі, радкамі, словамі, з алкаголем, з гарачкаю, са слэнгам і трасянкай, з усімі мовамі свету, з адной-адзінаю мовай, цябе катуе любоў, нянавісць, адчай, сэкс, ты адкрыты ўсім на свеце чалавечым хваробам і снам, думкам пра смерць, пра час і хаос, табе не менш як дзве тысячы год, і ты ўсё яшчэ не напісаў аніводнай прыстойнай кнігі.

Табе кажуць „гэта — постмадэрнізм“, ты ківаеш у адказ і зноўку занураешся ў чаканне — табе не пашчасціла, гэта вельмі ўразлівая тэрыторыя, гэта сама рэчаіснасць, але яна твая.

 
Пераклала з украінскай Марына Шода паводле: Юрій Андрухович. Дезорієнтація на місцевості.
Івано-Франківськ: Лілея-НВ, 1999.

Кніга прадстаўлена ў рэдакцыю аўтарам.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (15) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 28-04-2001