A R C H E S k a r y n a № 1 (15) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ЗЬБІГНЕЎ БЖАЗІНЬСКІ
Вокладка ARCHE Skaryna 1-2001.

   Мінулыя нумары:

   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Зьбігнеў Бжазіньскі
 
Жыцьцё з новай Эўропай

Extracts from "Living With a New Europe" in English

Эўраатлянтычны альянс для Амэрыкі — найважнейшы глябальны хаўрус. Гэта трамплін для актыўнасьці Амэрыкі ў сьвеце, які дае ёй магчымасьць выступаць у ролі арбітра ў Эўразіі — геапалітычна цэнтральным рэгіёне сьвету; гэта і кааліцыя, якая ў сусьветным маштабе дамінуе ўва ўсіх ключавых сфэрах улады і ўплыву. Саюз Амэрыкі з Эўропай стварае ў сьвеце вось стабільнасьці і стаецца рухавіком сусьветнае эканомікі й базай для глябальнага інтэлектуальнага капіталу і тэхналягічнага наватарства. Ня менш істотна і тое, што ў Амэрыцы і ў Эўропе функцыянуюць найбольш пасьпяховыя дэмакратыі ў сьвеце. Таму разьвіцьцё стасункаў паміж ЗША і Эўропай застаецца для Вашынгтону галоўным прыярытэтам.

З гледзішча далёкае пэрспэктывы ўзьнікненьне сапраўды палітычна адзінай Эўропы магло б спрычыніць прынцыповы зрух у падзеле ўлады ў сьвеце, што мела б далекасяжныя вынікі, сваім значэньнем падобныя да наступстваў распаду савецкай імпэрыі, калі Амэрыка стала дамінаваць на плянэце. Узьнікненьне такой Эўропы вельмі моцна паўплывала б на становішча Амэрыкі ў сьвеце і на палітычную раўнавагу сілаў у Эўразіі (гл. табліцу, якая паказвае, як адзіная Эўропа панізіла б вагу Злучаных Штатаў), што немінуча выклікала б сур’ёзнае напружаньне з абодвух бакоў. На сёньняшні дзень ніводзін бок добра не гатовы да магчымасьці такой значнай зьмены. Амэрыканцы, як правіла, кепска разумеюць прагненьні эўрапейцаў — чаму тыя дамагаюцца павелічэньня сваёй вагі ў іх альянсе, — і недастаткова ясна разумеюць, чаму ў Эўропе гэтак па-рознаму ставяцца да Злучаных Штатаў. У сваю чаргу, эўрапейцы, прыпісваючы ЗША і іхнай эўрапейскай палітыцы мак’явэлізм (уласную эўрапейскую прыдумку), часта адмаўляюцца верыць, што амэрыканцы сапраўды шчыра лічаць, што ў дачыненьні да Эўропы маюць пэўныя абавязкі.
 

палітоляг, памочнік прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы ў 1977–1981 гадох. Нарадзіўся ў Польшчы ў 1928 г. Прафэсар John’s Hopkins University. Аўтар кнігі „The Grand Chessboard: American Primacy and Its Geostrategic Imperatives“ (Basic Books, 1997) (перакладзеная на расійскую, украінскую і польскую мовы). На польскай мове выдаў кнігу „Glówne cele polityki amerykańskiej“ („świat Książki“, Warszawa, 1998).
   

 
  Злучаныя Штаты ЭЗ 15 ЭЗ 27 * ЭЗ 27 + Турэччына
Колькасць насельніцтва 270 190 470 384 813 874 479 779 201 545 378 407
ВУП 8 511 млрд. $ 8 053 млрд. $ 8 747 млрд. $ 9 172 млрд. $
ВУП
на чалавека
31 500 $ 20 927 $ 18 231 $ 16 817 $
Выдаткі
на войска
267,2 млрд. $ 166,3 млрд. $ 221,6 млрд. $ 228,4 млрд. $
Выдаткі
на войска
ў % ад ВУП
3.14 % 2.07 % 2.53 % 2.49 %
Экспарт цалкам 905 млрд. $ 2 032 млрд. $ 2 189 млрд. $ 2 233 млрд. $
Экспарт у % ад сусьветнага экспарту 16,5 % 37 % 39,9 % 40,7 %
Імпарт цалкам 757 млрд. $ 2 028 млрд. $ 2 146 млрд. $ 2 174 млрд. $

 

 


* Эўрапейскі Зьвяз-27 складаецца зь цяперашніх сяброў і ўсіх магчымых кандыдатаў на ўступленьне зь Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы.
Крыніца: The World Factbook, 1999 / Washington, DC, Central Intelligence Agency, 1999.
Прыблізныя велічыні экспарту і імпарту падлічаны на аснове зьвестак аб гандлі 1998 г., зьмешчаных у Direction of Trade Statistics Quarterly / Washington, DC, International Monetary Fund, сьнежань 1999 г., сс.2–5. 
   

Варта, аднак, зазначыць, што ў папярэднім абзацы, дзе гаворка пра адзіную Эўропу, я ўжываю ўмоўны лад: „паўплывала б“. Бо няма ніякай гарантыі, што такі палітычна адзіны Эўрапейскі Зьвяз, які будзе мець рэальную палітычную вагу, увогуле ўтворыцца. Узьнікненьне такой Эўропы залежыць ад ступені яе палітычнай інтэграцыі, меры яе далейшага пашырэньня і таго, наколькі Эўропе ўдасца набыць уласную вайсковую і палітычную індывідуальнасьць. А рашучыя крокі ў гэтых справах яшчэ наперадзе.

Сёньняшняя Эўропа — нават нягледзячы на сваю эканамічную моц, выразную гаспадарчую ды фінансавую інтэграцыю і надзейнасьць у якасьці эўраатлянтычнага партнэра — гэта de facto вайсковы пратэктарат Злучаных Штатаў. Такая сытуацыя заканамерна выклікае напружанасьць і незадаволенасьць, асабліва з таго часу, калі беспасярэдняя пагроза Эўропе, якая рабіла такую залежнасьць у пэўнай ступені прымальнай, відавочна зьменшылася. Аднак фактам застаецца тое, што дачыненьні Амэрыкі і Эўропы — гэта не адносіны раўнапраўных саюзьнікаў. Уладная асымэтрыя, якая існуе паміж імі, найхутчэй яшчэ больш павялічыцца на карысьць Амэрыкі.

Гэтую асымэтрыю выклікае як нечуваная моц амэрыканскай эканамічнай экспансіі, так і тэхналягічнае наватарства, у якім Амэрыка вядзе рэй, асабліва ў такіх складаных і адрозных адна ад адной галінах, як, напрыклад, бія- і інфармацыйныя тэхналёгіі. Больш за тое, зьдзейсьненая Амэрыкай тэхналягічная рэвалюцыя ў вайсковай сфэры ня проста ўзмацняе вайсковы патэнцыял ЗША, павышае ступень верагоднасьці вайсковага ўмяшальніцтва Злучаных Штатаў у канфлікты на плянэце, але і зьмяняе сам характар ужыцьця вайсковай сілы. Як бы супольна ні дзейнічалі эўрапейскія дзяржавы, вельмі малаімаверна, што Эўропа некалі ў агляднай будучыні зможа перасягнуць прорву, што аддзяляе яе ад Амэрыкі ў вайсковай сфэры.

Таму і ў будучым Злучаныя Штаты застануцца адзінай сапраўды сусьветнай супэрдзяржавай. Гэта азначае, што ў першай чвэрці ХХІ ст. Амэрыка найверагодней застанецца вядучым партнэрам у эўраатлянтычным альянсе. З гэтага таксама вынікае, што дыскусія наконт эўраатлянтычных стасункаў ня будзе закранаць іхных базавых прынцыпаў. У фокусе дыскусіі будуць наступствы тэндэнцыяў, якія ўжо цяпер можна прадбачыць, і адпаведных ім, хоць, можа, і ня самых значных, зьмяненьняў у адносінах. Думаю, ня варта тлумачыць, што і павольныя зьмяненьні могуць быць крыніцай канфліктаў. Калі, аднак, Амэрыка і Эўропа сапраўды хочуць, каб іхныя адносіны заставаліся канструктыўнымі і пастаўленымі на рэйкі супрацоўніцтва, гэтых канфліктаў было б добра пазьбегчы.
 

 
   

 
Гістарычныя адрозьненьні

Адна прынцыповая гістарычная аблуда як спрыяе дыялёгу паміж Амэрыкай і Эўропай, так і ўскладняе ягоны ход. Абодва бакі, думаючы пра адзіную Эўропу, інстынктыўна ствараюць сабе ў галаве вобраз чагось падобнага да цяперашніх Злучаных Штатаў. Эўрапейцы прагнуць убачыць краіну памерам з кантынэнт, якая б адыгрывала ў сьвеце такую ж ролю, якую цяпер адыгрываюць ЗША, а ў найбольш радыкальных варыянтах нават уяўляюць будучую Эўропу адзінай сусьветнай супэрдзяржавай — прыкладна такой, як цяпер Амэрыка. Амэрыканцы, вітаючы будучае адзінства Эўропы — часам з пэўнай доляю скепсысу, — інстынктыўна выходзяць з уласнага гістарычнага досьведу. І пэрспэктыва стварэньня Злучаных Штатаў Эўропы, трэба сказаць, непакоіць некаторых вядучых амэрыканскіх дыпляматаў, бо ў выніку Эўропа, стаўшы „адзінай“, немінуча станецца раўнавартасным партнэрам Амэрыкі, а можа нават ейным супернікам.

Заклікаючы да аб’яднаньня Эўропы, прыхільнікі інтэграцыі таксама часта спасылаюцца на досьвед Амэрыкі (ад аднаго зь іх я нядаўна пачуў, што Эўрасаюз сёньня знаходзіцца на этапе, які Амэрыка прайшла недзе між 1776 і 1789 гадамі). Аднак, нават нягледзячы на гэта, бальшыня эўрапейскіх палітыкаў усьведамляе, што Эўразьвязу не стае ідэалёгіі, у якую б горача верылі грамадзяне краінаў Эўропы. Яны сьведамыя таксама таго, што Эўразьвяз не выклікае ў жыхароў Эўропы палкага грамадзянскага пачуцьця. Няма тых ідэалёгіі й пачуцьця, якія натхнялі ня толькі стваральнікаў амэрыканскае Канстытуцыі, але й — што мае вырашальнае значэньне пры праверцы на палітычную моц, — патрыётаў, якія гатовыя былі б пайсьці на любыя ахвяры дзеля саюзу, як гэта было пры заваёве амэрыканскімі калёніямі незалежнасьці. Цяперашнім часам, нават калі ідзецца пра аглядную будучыню, неаспрэчна, што ніводзін „эўрапеец“ не гатовы памерці „за Эўропу“.

З гэтага вынікае, што Эўропа, пасьля таго як адбудзецца яе поўная інтэграцыя, станецца нечым абсалютна новым у гісторыі палітычных суб’ектаў, як паводле формы, так і паводле свайго становішча. Яна, бясспрэчна, ператворыцца ў палітычную супольнасьць, палітычнае адзінства, а да таго ж найбольшую эканамічную прастору ў сьвеце. Як палітычнай супольнасьці, ёй усё ж ня будзе ставаць пачуцьцёвага і ідэалістычнага запалу, уласьцівага Злучаным Штатам у часы іх фармаваньня. Увасабленьнем гэтага запалу было трансцэндэнтнае разуменьне палітычнай свабоды, што стала ўнівэрсальным, якое стварала як філязофскую аснову, так і палітычна прыцягальныя сымбалі, неабходныя для ўзьнікненьня новай нацыянальнай дзяржавы. Запал тых, хто гэтую дзяржаву засноўваў, і тых, хто далучыўся да яе пазьней і зьліўся зь ёю, быў амаль рэлігійны. Карацей кажучы, амэрыканская рэвалюцыя стварыла новы від нацыянальнае самасьвядомасьці, адкрытай для ўсіх, нацыянальнай самасьвядомасьці з унівэрсальным абліччам. Прэамбула да Канстытуцыі Злучаных Штатаў тлумачыць унікальнасьць гэтага амэрыканскага запалу імкненьнем да свабоды і адзінства нацыі: „Мы, народ Злучаных Штатаў, дзеля стварэньня найдасканальшага Саюзу, усталяваньня справядлівасьці, забесьпячэньня ўнутранага спакою, клопату пра абарону грамадзтва, падтрымкі ўсеагульнага дабрабыту і гарантаваньня свабоды сабе і сваім нашчадкам, пастанаўляем…“
 

 
   

Нічога падобнага нельга заўважыць у крыклівай рэкляме, што заклікае эўрапейскія народы тварыць супольную Эўропу. Паказальна, што ў гістарычным Рымскім пагадненьні 1957 г., паводле якога шэсьць эўрапейскіх краінаў абавязаліся „закласьці падмурак для ўсё цясьнейшага яднаньня“, ставіўся акцэнт на забесьпячэньне „эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу“, „пастаяннае паляпшэньне ўмоваў жыцьця і працы“, „ліквідацыю існуючых перашкодаў“ для „ўтрыманьня раўнавагі ўва ўмовах гандлёвай дзейнасьці і канкурэнцыі“, а таксама на „паступовае скасаваньне абмежаваньняў, што датычаць міжнароднай гандлёвай дзейнасьці“ і г.д. Гэта дакумэнт ня толькі надзіва прагматычны, але й прыземлены.

Падкрэсьліваньне гэтага прынцыповага адрозьненьня паміж Амэрыкай і Эўропай не павінна прыніжаць гістарычнага значэньня памкненьняў эўрапейцаў. Не павінна яно і выклікаць сумневаў у добрай волі тых эўрапейцаў, што імкнуцца пакласьці новыя цагліны ў будынак адзінай Эўропы. Варта, аднак, зазначыць, што вызначальнымі матывамі для паводзінаў Эўропы зь цягам часу сталіся выгада і практычнасьць. Пачатковы стымул да адзінай Эўропы быў усё ж больш ідэалістычны. Бо рухавіком для „айцоў-заснавальнікаў“ адзінай Эўропы канца 40-х — пачатку 50-х гадоў была наднацыянальная палітычная самасьвядомасьць. Акрамя таго, іх у значнай ступені матывавала рашучае жаданьне раз і назаўжды пакончыць з нацыяналістычнымі канфліктамі, якія ў гэтым стагодзьдзі двойчы ледзь ня зьнішчылі эўрапейскай цывілізацыі. А адначасова яны баяліся, што Амэрыка, расчараваная вечнымі звадамі ў Эўропе, проста пакіне эўрапейскія краіны на волю вусьцішных „інтэграцыйных“ памкненьняў Саветаў, якія за часоў халоднай вайны ўжо „аб’ядналі“ тэрыторыі на ўсход ад новай лініі падзелу „Шчэцін—Трыест“.

Сучасныя эўрапейцы думаюць пра Эўропу больш прагматычна, хоць некаторыя — як мы ўжо адзначылі — мараць пра суб’ект, які быў бы раўнавартым партнэрам Амэрыкі. Францускія дзяржаўнікі, не даючы рады прыхаваць сваю празьмерную зайздрасьць да ролі Амэрыкі ў сьвеце, бачаць у Эўропе шанец для Францыі зноў дасягнуць таго ўплыву, які яна мела ў мінуўшчыне. Немцы шукаюць у Эўропе ўласнага выратаваньня. Нарэшце, больш скептычныя брытанцы мяркуюць, што ў якім выглядзе Эўропа ні існавала б, яны мусяць быць ейным складнікам, калі хочуць, каб іх асаблівыя стасункі з Амэрыкай набылі нейкае рэальнае значэньне. Іншыя нацыі на кантынэнце — у тым ліку нацыі Сярэдняй Эўропы, што нядаўна скінулі чужое ярмо — таксама жадаюць рэінтэгравацца ў Эўропу, бо падзяляюць думку, што быць складнікам Эўропы — значыць мець больш бясьпекі, багацьця і свабоды. Усе гэтыя матывы маюць пад сабой гістарычны грунт, яны шчырыя і заслугоўваюць таго, каб Амэрыка ставілася да іх з павагаю.

Прагматызм, аднак, як у сваёй аснове, так і ў сваіх праявах адрозьніваецца ад патрыятызму. Палітычная супольнасьць, збудаваная дзеля выгады, цалкам заканамерна адрозьніваецца ад супольнасьці паводле перакананьняў. І ў першым выпадку ўдзельнікі могуць быць шчыра адданымі супольнасьці. Пры гэтым, аднак, яна будзе менш мэтанакіраванай, палітычна менш рашучай, а перадусім яна будзе меней схільная да ідэалізму і самаахвярнасьці, чым другая. Такім чынам, нават нягледзячы на некаторыя падабенствы ў маштабах, „Эўропа“, якая паўстае ў нас на вачах, палітычна будзе зусім не такой, як Амэрыка: яна будзе ўяўляць сабой гібрыд, з аднаго боку, вялізнай транснацыянальнай карпарацыі, належаць да якой прагматычна, выгадна і нават прыемна, а з другога боку, канфэдэрацыі, суб’екты якой, дагэтуль вельмі адрозныя, хіба што ў далёкай пэрспэктыве стануць ёй адданымі. Адным словам, эўрапейская палітычная супольнасьць, заснаваная на выгадах, ня стане Злучанымі Штатамі Эўропы ў поўным сэнсе гэтага слова, аднак, у той жа час, яна будзе і чымсьці большым, чым простае „Акцыянэрнае таварыства „Эўрасаюз“.

І няма нічога абразьлівага ў канстатацыі таго, што на сусьветнай арэне новая Эўропа будзе нагадваць хутчэй адну вялікую Швайцарыю, чымся Злучаныя Штаты. У швайцарскай канстытуцыі, якая паклала канец спрэчкам між кантонамі, акцэнт робіцца на тым, што нацыянальна адрозныя швайцарскія кантоны пастанавілі „ўзнавіць (свой) саюз“ і „ жыць у сваёй адрознасьці разам, узаемна шануючы адно аднаго“, а далей у ёй пералічваюцца практычныя мэты ўзьнікненьня канфэдэрацыі. Напрыклад, на міжнароднай арэне Швайцарыю найбольш цікавяць сфэры фінансаў і міжнароднага гандлю. Швайцарыя пры гэтым заўжды імкнулася ўхіліцца ад удзелу ў палітычных і ідэалягічных канфліктах сусьветнага маштабу, што адбываліся ў гэтым стагодзьдзі.
 

 
   

 
Не аб’яднаньне, а інтэграцыя

У любым разе, ня будзе, мабыць, памылкаю сказаць, што „Эўропа“ ў агляднай будучыні ня зробіцца — дый ня можа зрабіцца — „Амэрыкай“. Як толькі паабапал Атлянтыкі асэнсуюць гэты факт, дыялёг ЗША—Эўропа разьняволіцца, нават нягледзячы на тое, што эўрапейцы адначасова з гэтым зьвернуцца да праблемаў, зьвязаных з пошукам магчымасьцяў інтэграцыі, далейшага пашырэньня Эўрасаюзу і павышэньня магутнасьці сваіх узброеных сілаў, а амэрыканцы будуць вымушаны замірыцца зь непазьбежным узьнікненьнем новай эўрапейскай палітычнай супольнасьці.

Аб’яднаньне некалькіх нацыяў адбываецца звычайна пры неабходнасьці бараніцца ад вонкавага ціску, пры наяўнасьці супольных ідэалягічных перакананьняў або з-за імкненьня заваяваць каго мацнейшага — ці ў выніку камбінацыі трох гэтых чыньнікаў. У пачатковай фазе пошукаў адзінай Эўропы гралі ролю ўсе тры, хаця ў рознай ступені: Савецкі Саюз уяўляў сабой сапраўдную пагрозу, эўрапейскі ідэалізм сілкавалі сьвежыя ўспаміны аб другой сусьветнай вайне, а Францыя магла выкарыстоўваць усё большы эканамічны патэнцыял Заходняй Нямеччыны, якая пацярпела маральны крах у выніку другой сусьветнай вайны, дзеля правядзеньня ўласных палітычных інтарэсаў. Напрыканцы стагодзьдзя, аднак, гэтыя стымулы адчувальна аслаблі. У выніку эўрапейская „інтэграцыя“ — у значнай ступені працэс кіраванай стандартызацыі — зрабілася новаю формаю аб’яднаўчага працэсу. Хаця інтэграцыя — дасканалы спосаб стварыць эфэктыўную палітычную супольнасьць, такая супольнасьць усё ж няздольная зрабіцца пачуцьцёва паўнавартасным саюзам.

Відавочна, што інтэграцыя, якая праводзіцца бюракратычным чынам, проста ня ў стане абудзіць палітычную волю, неабходную дзеля ўтварэньня рэальнага адзінства. Ня можа яна і даць глебу для энтузіязму (нават нягледзячы на пэрыядычныя параўнаньні Эўропы з Амэрыкай) або для аб’яднаўчага парыву ў выпадку сьмяротнай пагрозы, якая таксама, бывае, дае штуршок для стварэньня нацыянальнай дзяржавы ў неспрыяльны час. Восемдзесят тысяч старонак acquis communautaire (падзеленых на трыццаць адну сфэру палітыкі), якія мусяць ратыфікаваць новыя сябры Эўрапейскага Саюзу, наўрад ці дадуць сярэдняму эўрапейцу нагоду для праяўленьня адданасьці на палітычным узроўні. Варта, аднак, паўтарыць: з улікам таго, што ў цяперашні час няма ў наяўнасьці ніводнага з трох традыцыйных фактараў, якія спрыяюць дасягненьню адзінства, інтэграцыя ня толькі неабходная, яна — адзіны спосаб, якім Эўропа можа кіравацца да „адзінства“.

Розьніца паміж „аб’яднаньнем“ і „інтэграцыяй“ тлумачыць тое, чаму працэс інтэграцыі павінен адбывацца павольна і чаму яго рэзкае паскарэньне можа прывесьці нават да новага расколу Эўропы. Кожная спроба паскорыць палітычнае аб’яднаньне абвострыла б унутранае напружаньне паміж вядучымі дзяржавамі Саюзу, бо ўсе яны дагэтуль настойваюць на захаваньні сувэрэнітэту ў галіне замежнай палітыкі. У гэтай фазе антыамэрыканізм ня можа быць рухавіком аб’яднаньня, нават калі ён маскуецца прамовамі пра „шматпалярны“ сьвет. Яму ня стаць той яднальнай сілай, якой быў некалі антысаветызм. А ўсё таму, што мала хто з эўрапейцаў настроены выразна па-антыамэрыканску. Акрамя таго, пасьля новага ўзьяднаньня Нямеччыны ўжо ніхто ў Эўропе, апроч аднаго Парыжу, ня мае ілюзіі, што Францыя магла б стацца ў будучыні асноўнай сілай у новай Эўропе; ніхто ў Эўропе, аднак, не жадае таксама, каб яе дамінуючай сілай зрабілася Нямеччына.

Аднак інтэграцыя — працэс ня толькі павольны. З кожным яе пасьпяховым крокам растуць складанасьці на яе шляху. Інтэграцыя неадрыўная ад прагрэсу, узаемазалежныя вэктары якога мусяць ураўнаважвацца. Прычым за гэтай узаемазалежнасьцю не стаіць аб’яднаўчы палітычны запал, безь якога не дасягнуць сапраўды паўнавартаснай незалежнасьці. Урэшце гэта можа здарыцца, але толькі тады, калі эўрапейцы пачнуць глядзець на сябе ў палітычным сэнсе як на эўрапейцаў, застаючыся пры гэтым, скажам, немцамі або французамі, калі ідзецца пра моўную і культурную самабытнасьць.
 

 
   

 
Гарызантальнае пашырэньне

Між тым, аднак, — з прычыны павольнага прагрэсу Эўропы — яе далейшае пашырэньне стане, відаць, частковай кампэнсацыяй за чарапашыя тэмпы яе ўнутранай інтэграцыі. Эўропа будзе расьці, але больш у кірунку гарызантальным, чым вэртыкальным, бо дзьве гэтыя тэндэнцыі, калі даходзіць да справы, ня могуць супадаць у часе. Гэты факт — балючае месца тых, хто ў Эўропу сапраўды верыць. Калі на пачатку 2000 году Жак Дэлёр адважыўся катэгарычна абвесьціць, што празь „няўхільнае захаваньне тэмпу (пашырэньня)… мы рызыкуем парушыць першапачатковы плян“ эўрапейскай інтэграцыі, і ў выніку „мы немінуча адхілімся ад палітычнай Эўропы ў тым выглядзе, як яе вызначалі айцы-заснавальнікі адзінай Эўропы“, яго імгненна публічна раскрытыкаваў ягоны суайчыньнік, камісар ЭЗ Мішэль Барн’е.

Камісары ў Брусэлі спадзяюцца, што бюракратычнае кіраваньне і мадэрнізацыя інстытуцыяў прывядуць да ўзмацненьня інтэграцыйнага працэсу. Будучы ў захапленьні ад пэўнага посьпеху эўра і не зважаючы на некаторыя апакаліптычныя прадказаньні (пераважна амэрыканскіх і брытанскіх нядобразычліўцаў), Брусэль — у чаканьні далейшага пашырэньня — узяўся за падрыхтоўку міжурадавай канфэрэнцыі па пытаньнях мадэрнізацыі эўрапейскіх інстытуцыяў. У канцы году чакаецца прыняцьцё ключавых рашэньняў па гэтых пытаньнях. Але нават самыя адданыя прыхільнікі пашырэньня мяркуюць, што ў найлепшым выпадку палітычна значэнная інтэграцыя павінна абмежавацца меншым ядром ЭЗ, у выніку чаго, магчыма, утворыцца Эўропа „зь некалькімі хуткасьцямі“ і „са зьменнаю геамэтрыяй кузава“1. Аднак, калі такая сытуацыя і настане, наўрад ці гэты зрух здыме прынцыповую супярэчнасьць паміж інтэграцыяй і пашырэньнем, якая ўплывае на разьвіцьцё супольнай замежнай палітыкі. Такі падыход да інтэграцыі азначаў бы падзел краінаў-саюзьніц на сяброў першай і другой катэгорыяў, прычым другія мелі б пярэчаньні супраць кожнага больш-менш значнага рашэньня ў галіне замежнай палітыкі, якія ад іх імя прымаліся б прадстаўнікамі нібыта „больш правільных“ эўрапейскіх дзяржаваў.

Ува ўсякім разе, пашырэньне зробіцца задачай, якая будзе забіраць усё больш часу і вырашыць якую будзе ўсё цяжэй. Каля 200 групаў ЭЗ зьбіраюцца распачаць цяжкія перамовы пра тое, як далучыць да Зьвязу прыкладна тузін дзяржаваў-прэтэндэнтак. Працэс пашырэньня, мабыць, замарудзіцца ня толькі праз уласьцівыя яму цяжкасьці, але і празь недахоп волі з боку дзяржаваў-сяброў ЭЗ. Уступленьне любой зь сярэднеэўрапейскіх дзяржаваў да 2004 году робіцца ўсё больш праблематычным. Аднак, з гледзішча далейшае пэрспэктывы, пашырэньня нельга пазьбегчы. Эўропа без асобных сваіх частак ня можа стацца сапраўднай Эўропай. Больш за тое, з геапалітычнай пусткі паміж Эўропай і Расеяй сыходзіла б небясьпека. Акрамя таго, у Заходняй Эўропе, што паступова старэе, пачалася б эканамічная і грамадзкая стагнацыя2. Дык няма дзіва, што некаторыя вядучыя праектанты адзінай Эўропы пачалі выказвацца за тое, каб у Эўрасаюз пад 2020 год уваходзілі 35–40 краінаў — і такім чынам за Эўропу, хоць і цэльную культурна і геаграфічна, але амаль напэўна разьдзеленую палітычна3.
 

1 „Зьменная геамэтрыя кузава“ дапускае, што ахвотным і здольным будзе дазволена паглыбляць узровень іх інтэграцыі ў пэўных галінах палітыкі, а неахвотныя не абавязаны рабіць тое самае. Некалькіхуткасны падыход значыць, што, пакуль ахвотныя і здольныя будуць працягваць свой рух да інтэграцыі ў дадзенай галіне палітыкі, ахвотныя, але няздольныя атрымаюць дарожную мапу, дзякуючы якой будуць дакладна ведаць, якім шляхам яны змогуць далучыцца пазьней“. Робін Ніблет, „The European Disunion“, The Washington Quarterly, зіма 1997 г., с. 104–105.

2 OECD (Арганізацыя па эканамічным супрацоўніцтве і разьвіцьці) мяркуе, што цягам наступных 25 гадоў Эўрасаюзу трэ будзе прыняць 35 мільёнаў імігрантаў, каб утрымаць колькасьць насельніцтва на ўзроўні 1995 году, і яшчэ 150 мільёнаў да 2025 году, каб захаваць сёньняшнія суадносіны паміж доляю пэнсіянэраў і доляй працоўных. Акрамя таго, мяркуецца, што да 2030 году дзяржаўныя пэнсіі будуць паглынаць у Вялікай Брытаніі 5,5%, Францыі — 13,5%, Нямеччыне — 16,5%, а ў Італіі — 20,3% ад ВУП. (Адпаведная лічба для Злучаных Штатаў складае прыкладна 6,6%.)
 
   

 
Пытаньне моцы

Такім чынам, ні інтэграцыя, ні пашырэньне, відаць, ня створаць сапраўды эўрапейскай Эўропы, якой гэтак прагнуць некаторыя эўрапейцы і якой так асьцерагаюцца некаторыя амэрыканцы. Аднак усё больш эўрапейцаў усьведамляе, што толькі спалучэньне моцнай эўравалюты і інтэграцыі з паступовым пашырэньнем можа забясьпечыць эканамічны сувэрэнітэт. Палітычнае ўсьведамленьне патрэбы стварыць нешта большае вымусіла тры вядучыя эўрапейскія дзяржавы — Францыю, Вялікабрытанію і Нямеччыну — спалучыць у 1999 годзе свае намаганьні дзеля стварэньня эфэктыўных эўрапейскіх вайсковых фармаваньняў, і нават зрабіць гэта яшчэ да ўзьнікненьня інтэграванай Эўропы з уласнай замежнай палітыкай. Праектаваныя эўрапейскія вайсковыя сілы задуманыя так, каб супольную замежную і ваенную палітыку падмацоўвала пэўная структура, дзеля распрацоўкі канчатковага выгляду якой нядаўна створаная пасада найвышэйшага эўрапейскага камісара па замежных зносінах і супольнай бясьпецы (яе цяпер займае Хаўер Саляна. — Зацем рэд.).

Праектаваныя супольныя эўрапейскія сілы хуткага рэагаваньня, якія мяркуецца сфармаваць да 2003 году, будуць першым значным праектам палітычна адзінай Эўропы. У адрозьненьне ад „Эўракорпусу“, які ўжо існуе, але ў значнай ступені толькі сымбалічна — ён складаецца ня толькі з францускіх, нямецкіх, гішпанскіх вайскоўцаў, але й з жаўнераў зь іншых краінаў, то бок нават не вызначаецца мабільнасьцю і баяздольнасьцю, — скліканьне праектаванага вайсковага ўтварэньня мае адбывацца тады, калі гэта будзе неабходна, прычым з загадзя вылучаных баявых адзінак; яно мае налічваць 60 000 чалавек, здольных перабазавацца на працягу шэсьцьдзесяці дзён, і гэтых вайскоўцаў можна будзе ўтрымліваць у раёне рэагаваньня „ў Эўропе ці паблізу ад яе“ мінімум адзін год. Паводле самых розных эўрапейскіх ацэнак, такая сіла будзе ўяўляць сабой цэлы вайсковы корпус, узброены прыкладна 150–300 самалётамі, 15 вялікімі ваеннымі караблямі, эскадрыльяй стратэгічнай авіяцыі і адпаведнай сыстэмай камандаваньня, кантролю, сувязі і інфармацыі. Эўрапейскія вайсковыя спэцыялісты павінны апэратыўна правесьці рэвізію рэсурсаў эўрапейскай вайсковай тэхнікі, якую можна выкарыстоўваць для стварэньня ўзброеных сілаў, здольных выконваць задачы па падтрыманьні міру або нават удзеле ў абмежаваным маштабе ў нейкіх (дакладней ня вызначаных) баявых апэрацыях. Наяўнасьць вайсковых сілаў азначала б узьнікненьне сапраўднай „эўрапейскай індывідуальнасьці ў бясьпецы і абароне“ (ESDI), здольнай дзейнічаць і па-за рамкамі NATO.

Аднак эўрапейская абаронная ініцыятыва — штуршок для ўзьнікненьня якой дала выяўленая ў часе косаўскага канфлікту вайсковая слабасьць Эўропы — падмацаваная францускімі прэтэнзіямі, але ўраўнаважаная схільнасьцю брытанцаў і немцаў да кампрамісу з амэрыканцамі, мусіць вытрымаць тры асноўныя экзамэны: на здольнасьць хутка рэагаваць, на баяздольнасьць і на матэрыяльна-тэхнічную забясьпечанасьць. Эўропа мае сродкі на стварэньне такой сілы, аднак застаецца пытаньне, ці мае яна да гэтага волю.

На гэтай фазе разьвіцьця гэтых сілаў нельга не ацэніць скептычна іхны рэальны патэнцыял. Вядучыя эўрапейскія вайсковыя спэцыялісты канстатавалі, што стварэньне такой сілы можа адбыцца без далейшага павышэньня выдаткаў, дзякуючы прадуманаму пераразьмеркаваньню ўжо існуючых бюджэтных сродкаў на абарону. Гэта, аднак, супярэчыць здаровай лёгіцы. Для сур’ёзных эўрапейскіх аналітыкаў відавочна, што плянаваная вайсковая сіла будзе вымагаць як удасканаленьня цэнтральнага кіраваньня матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньнем ды супольнымі вайсковымі рэсурсамі, так, магчыма, і нейкіх сумесных вайсковых вучэньняў. Гэта, аднак, азначала б далейшае павышэньне выдаткаў, ня кажучы ўжо пра больш сутнасныя патрэбы, напрыклад, адпаведныя дасьледаваньні і збор інфармацыі, а таксама пра павышэньне канкурэнтаздольнасьці і адзінства эўрапейскай вайсковай прамысловасьці. Тым ня менш, у апошнія гады агульная доля выдаткаў на вайсковыя патрэбы ў бюджэтах эўрапейскіх краінаў, а таксама на тэхналягічныя распрацоўкі і разьвіцьцё, зьвязаныя зь імі, насамрэч зьніжалася. Выдаткі эўрапейскіх краінаў на абарону насамрэч упалі з 1992 году прыкладна на 22%.

Важна і тое, што адсутнасьць стратэгічнага мысьленьня ў палітычнай сфэры спрыяе занядбаньню вайсковых пытаньняў. Як напісаў у 1999 годзе Даніэль Вэрнэ ў газэце Le Monde, эўрапейцы „мусяць дакладна ведаць, чаго яны хочуць, распрацаваць праграмы па рэструктурызацыі абароны (палітычна значныя і фінансава дарагія) і ўрэшце вылучыць зь бюджэту крыніцы, якія б адпавядалі гэтым запатрабаваньням“, тады толькі могуць узьнікнуць эўрапейскія ўзброеныя сілы. Больш за тое, пры патрэбе выкарыстаньня сілаў у 60 000 чалавек у баявых умовах больш за год у распараджэньні камандаваньня павінны быць рэзэрвы ў колькасьці прыкладна 180 000 баяздольных эўрапейскіх жаўнераў. А іх няма.

Далейшая складанасьць, якая яшчэ больш ставіць пад сумнеў рэальнасьць праекту, палягае ў тым, што некаторыя эўрапейскія дзяржавы ўваходзяць у ЭЗ, але не ўваходзяць у NATO (так званыя „нэўтральныя краіны“), а іншыя ўваходзяць у NATO, але застаюцца за рамкамі ЭЗ (некаторыя эўрапатрыёты называюць іх „траянскімі коньмі“ Амэрыкі). Няясна, як яны паставяцца да ESDI, і гэта заканамерна ўскладняе ўсе пачынаньні. І нарэшце, магчыма, найважнейшае: спалучэньне праектаваных вайсковых сілаў з існуючымі структурамі NATO можа выклікаць няўзгодненасьць, а на палітычным узроўні — раскол.

Такім чынам, найбольш праўдападобным вынікам узьнікненьня ESDI ўрэшце будзе тое, што праектаваныя вайсковыя сілы ня стануць ані канкурэнтам NATO, ані „фундамэнтам Эўропы“, якога так доўга бракавала і які мог бы зрабіцца асновай больш гарманічных дачыненьняў у Альянсе. Хаця эўрапейцы, пэўна, і патрапяць неяк удасканаліць вайсковае плянаваньне і аб’яднаныя камандныя структуры, асабліва пасьля меркаванага зьліцьця Заходнеэўрапейскага Саюзу беспасярэдне з ЭЗ. У наступныя пяць і больш гадоў, мабыць, паступова паўстануць удасканаленыя эўрапейскія вайсковыя сілы, якія за рамкамі дзейнасьці NATO будуць выкарыстоўвацца дзеля захаваньня міру ў некаторых гарачых пунктах Эўропы, не дапускаючы эскаляцыі гвалту (найверагодней, на Балканах). Так званы фундамэнт Эўропы акажацца хутчэй кардонным, чым сталёвым ці бэтонным. А ў выніку Эўропа ня стане паўнавартаснай глябальнай вялікай дзяржавай. Гэта, магчыма, балючае адкрыцьцё для тых, хто хацеў бы бачыць Эўропу палітычна жыцьцяздольнаю, але бальшыня эўрапейцаў пакуль не гатовая ня толькі што паміраць за Эўропу, але нават плаціць за эўрапейскую бясьпеку.
 


3 Паводле паведамленьня, падрыхтаванага Жакам Аталі на заказ францускага міністра замежных справаў, Францыя, „спалучыўшы кантынэнтальны размах і стратэгічнае плянаваньне“, мае надалей „ажыцьцяўляць тое, чаго ўжо нельга пазьбегчы“, то бок рухацца да Эўропы, якая будзе ўключаць 35 або нават 40 сябраў, у тым ліку Ўкраіну і Грузію, абраўшы для сябе такім чынам плюралізм замест фэдэралізму. Насуперак гэтаму Вэрнэр Вайдэнфэльд у Frankfurter Allgemeine Zeitung засьцерагаў, што „гэтае яўнае адмаўленьне ад усякіх спробаў паглыбленьня эўрапейскай індывідуальнасьці станецца ахілесавай пятой Эўропы“.
 
   

 
Дзесяць высноваў
аб разьвіцьці й пэрспэктывах Эўропы

1) Для бальшыні эўрапейцаў „Эўропа“ — не прадмет асаблівага пачуцьцёвага стаўленьня. За ёй стаіць хутчэй імкненьне да выгады, чымся перакананьні.

2) З глябальнае пэрспэктывы Эўропа будзе выглядаць не як Амэрыка, але хутчэй як вялікая Швайцарыя.

3) Бальшыня эўрапейцаў ня лічыць антыамэрыканізм стымулам да адзінства.

4) Інтэграцыя, па сутнасьці, бюракратычны працэс, і ён ня тое самае, што яднаньне.

5) Пашырэньне ЭЗ немінуча ўвойдзе ў супярэчнасьць з паглыбленьнем інтэграцыі.

6) З дэмаграфічных і эканамічных прычынаў пашырэньне ЭЗ неабходнае.

7) Стварэньне на фэдэрацыйнай аснове малога ядра дзяржаваў, якія б разам і вызначалі замежную палітыку ўсяго ЭЗ у складзе дваццаці адной або й большай колькасьці дзяржаваў, палітычна нерэальнае.

8) Павольнае пашырэньне ЭЗ разам з інтэграцыяй бюракратычнага тыпу найхутчэй створыць эканамічна адзіную, але палітычна хіба што канфэдэрацыйную Эўропу.

9) Малаверагодна, каб Эўропа займела самастойныя ўзброеныя сілы.

10) Такім чынам, ЭЗ зробіцца абсалютна новым тыпам палітычнай супольнасьці з глябальным уплывам найперш на эканоміку і фінансы.
 

 
   

 
Стратэгічнае плянаваньне

Пры выпрацоўцы палітыкі ў дачыненьні да Эўропы амэрыканцам варта кіравацца простым прынцыпам: ня трэба рабіць ідэальнае ворагам добрага. З гледзішча Вашынгтону ідэальна было б, калі б узьнікла палітычна адзіная Эўропа, якая была б адданым сябрам NATO — сябрам, які б выдаткоўваў на абарону столькі ж, колькі й Злучаныя Штаты, прычым гэтыя грошы ішлі б амаль выключна на ўмацаваньне NATO, сябрам, які дазволіў бы NATO дзейнічаць „за рамкамі рэгіёну“, зьніжаючы цяжар амэрыканскіх абавязкаў у сусьветным маштабе, надалей ішоў бы насустрач амэрыканскім прыярытэтам у геапалітычнай сфэры, асабліва калі гэта датычыць суседніх рэгіёнаў — Расеі і Блізкага Ўсходу, — і, нарэшце, супрацоўнічаў бы ў такіх сфэрах, як міжнародны гандаль і фінансы. А дабро — гэта эканамічна больш канкурэнтаздольная Эўропа, краіны якой няспынна станавіліся б усё больш узаемазалежнымі, гэта Эўропа, якая прызнавала б, што разьмяшчэньне амэрыканскіх вайсковых сілаў на ўскрайку Эўропы, у Эўразіі адпавядае яе інтарэсам, але якая да пэўнай ступені была б незадаволеная сваёй залежнасьцю, паступова дамагаючыся эмансыпацыі.

Амэрыканскім палітыкам варта прызнаць, што такое „добрае“ ў сапраўднасьці адпавядае жыцьцёвым інтарэсам Амэрыкі. Ім варта зьвярнуць увагу, што такія ініцыятывы, як, напрыклад, ESDI, адбіваюць памкненьне эўрапейцаў да самапавагі і што дробязныя пярэчаньні ім — цэлы шэраг „а вось гэтага ня трэба“ з боку як дзярждэпартамэнту, так і міністэрства абароны ЗША — толькі вымушаюць эўрапейцаў яшчэ мацней зацяцца, а на добры лад нават заганяюць немцаў і брытанцаў у абдоймы французаў. Акрамя таго, амэрыканскія захады, скіраваныя на нэўтралізацыю гэтых намаганьняў эўрапейцаў, толькі пераконваюць — абсалютна памылкова — некаторых жыхароў Старога Сьвету ў тым, што NATO мае большае значэньне для бясьпекі Амэрыкі, чымся для бясьпекі Эўропы. І, зважаючы на такія эўрапейскія рэаліі, NATO канечне датычаць праблемы, зьвязаныя з станаўленьнем ESDI, пакуль ня зьнятыя пытаньні, выніклыя ў працэсе яго стварэньня. Аднак гэта ня тыя праблемы, якія можна назваць прынцыповымі.

Таму зробленыя драматычным тонам папярэджаньні аб „адрыве ад NATO“ даюць толькі адваротны эфэкт. У іх ёсьць нешта эсхаталягічнае, і праз гэта ўзьнікае пагроза, што магчымае ўзгадненьне адрозных падыходаў можа перарасьці ў дыскусіі прынцыповага характару. На гэтай глебе могуць разгарэцца канфлікты, якія ўжо мелі месца ў NATO ў мінулым і якія не прынесьлі нічога добрага — будзь то няўдалая ініцыятыва па шматбаковым кантролі за ядравай зброяй на пачатку 60-х, якая паскорыла рэалізацыю францускай ядравай праграмы, або, больш нядаўні прыклад, — нядоўгія спробы ператварэньня NATO ў нейкі від глябальнага альянсу (які б дзейнічаў „за межамі рэгіёну“) у 1999 г., чаго дамагаліся амэрыканцы і што ўрэшце не змагло прадухіліць вайны ў Косаве. Такія спрэчкі расьцярушваюць увагу і адводзяць яе ад асноўнага факту, а менавіта ад таго, што Паўночнаатлянтычны альянс сапраўды дзейнічае эфэктыўна. Хоць, ён, магчыма, і далёкі ад дасканаласьці, але не вымагае ніякай прынцыповай рэарганізацыі.

Тут нам варта спыніцца і задаць сабе пытаньне: прыпусьцім, новыя эўрапейскія вайсковыя сілы ўзьнікнуць яшчэ да 2003 году; дзе і пры якіх акалічнасьцях яны змогуць дзейнічаць самастойна? Якой мусіць быць сытуацыя, пры якой яны змогуць дзейнічаць рашуча, не атрымаўшы папярэдне гарантыяў падтрымкі з боку NATO і ў пэўнай ступені не залежачы нават ад гэтае падтрымкі? Прыпусьцім, што пачаўся канфлікт у Эстоніі: Крэмль справакаваў там выступленьні расейскай меншыні і стаў пагражаць умяшаньнем; у такой прыгодзе Эўропа не паварушыць і пальцам безь беспасярэдняга падключэньня NATO. Дапусьцім, што Чарнагорыя аддзялілася, а Сэрбія ў адказ ужыла супраць яе сілу; у такім канфлікце, найхутчэй, уяўныя эўрапейскія вайсковыя сілы без удзелу ЗША пацярпелі б паразу. Хоць беспарадкі ў нейкім эўрапейскім рэгіёне — скажам, у Трансыльваніі або нават на Корсыцы — могуць стаць нагодаю для ўвядзеньня туды эўрапейскіх міратворчых сілаў (як гэта было ў Босьніі), але такі тып умяшальніцтва наўрад ці можа сьведчыць пра тое, што Эўропа робіцца, як кажа францускі міністар абароны Ален Рышар, „незалежным акторам на міжнароднай сцэне“.

Для выкананьня сур’ёзных задачаў плянаваныя эўрапейскія вайсковыя сілы будуць вымушаныя спадзявацца на NATO ў самым ключавым пытаньні — зборы інфармацыі, разьведцы і арганізацыі паветраных мастоў. Тэхнічныя сродкі для ўсяго гэтага належаць пераважна амэрыканцам, хоць і былі перададзеныя ў распараджэньне NATO. З гэтай прычыны de facto NATO таксама ўзяло б удзел у акцыі, нават калі б скарысталася сваім правам адмовіцца ўдзельнічаць у ёй беспасярэдне. Карацей кажучы, у выпадку, калі крызыс будзе сур’ёзны, Эўропа ня стане рэагаваць на яго самастойна, а самастойна будзе рэагаваць толькі на несур’ёзныя крызысы.

Безумоўна, што ўнутранае рэарганізацыі NATO не пазьбегчы, бо Эўропа будзе паволі разьвівацца ў выразьней акрэсьленую палітычную супольнасьць. Узьнікненьне ESDI зробіць працэс прыняцьця рашэньняў у NATO ў нейкай ступені больш грувасткім, а ўдзел Эўропы ў NATO (калі ЭЗ будзе дамагацца стварэньня ўласных вайсковых сілаў), магчыма, крыху зьнізіцца. Узьнікненьне ESDI, асабліва пасьля таго, як эўрапейцы створаць у рамках ЭЗ нейкае эўрапейскае ваеннае ведамства, натхніць Эўропу на разрабленьне самастойнай абарончай стратэгіі, якую будуць падзяляць усе краіны ЭЗ і зь якой будзе вымушана лічыцца Амэрыка. У такім разе, аднак, у Эўропе наўрад ці адбудуцца нейкія рэзкія зьмены — тым больш раней за 2003 год — наўрад ці будуць створаныя самастойныя эўрапейскія ўзброеныя сілы; замест гэтага, мабыць, пачне паволі нарошчвацца выпуск ваеннай прадукцыі4 і ўзмацняцца ваеннае плянаваньне.

Калі гаварыць пра дзейнасьць NATO ў будучыні, дык больш важнай праблемай, чымся небаяздольнасьць эўрапейцаў у косаўскай вайне, аказваецца бязьдзейнасьць Эўропы пасьля косаўскай вайны. Зьдзіўляе той факт, што „Эўропа“ няздольная ня толькі сама сябе абараніць, але нават сама падтрымліваць парадак. Няздатнасьць эўрапейскіх дзяржаваў самастойна і эфэктыўна падтрымліваць мір у малым і маланаселеным рэгіёне ды іх нежаданьне выдзеліць фінансавыя сродкі на яго эканамічнае ажыўленьне зьяўляюцца куды больш сур’ёзным выклікам адзінству NATO, чымся ESDI ў пляне далекасяжных наступстваў. Гэты факт, трэба думаць, прымусіць Амэрыку падбаць пра належнае ўмацаваньне абараназдольнасьці Эўропы сіламі амэрыканскай арміі.
 

4 Выразны крок у гэтым кірунку быў зроблены ў 1999 годзе ў выніку зьліцьця Aerospatiale Matra SA і Daimler Chrysler Aerospace AG, калі ўтварылася кампанія European Aeronautic, Defense and Space Co., з канкурэнтаздольнымі, паводле амэрыканскіх мерак, рэсурсамі і патэнцыялам.










   

У найбліжэйшай будучыні яшчэ большыя супярэчнасьці могуць — з прычыны большага стратэгічнага значэньня — выклікаць амэрыканскія пляны разгортваньня сыстэмы проціракетнай абароны. На дыскусію аб разгортваньні сыстэмы ПРА, што разгарэлася ў Злучаных Штатах, уплывалі найперш фактары, абумоўленыя сытуацыяй на тамтэйшай палітычнай сцэне. Аднабаковае рашэньне ЗША, прынятае ў запале прэзыдэнцкай кампаніі, выклікала б крытыку ў Эўропе. Аднабаковыя крокі ЗША ў гэтай справе прывялі б да нашмат больш далекасяжных наступстваў для амэрыканскай і эўрапейскай бясьпекі, чымся самыя страшныя эфэкты ESDI ў выглядзе „адрыву ад NATO“, якія толькі можна ўявіць. Калі эўраатлянтычны вайсковы саюз і надалей мае заставацца для Амэрыкі асноўным стратэгічным прыярытэтам, з гэтага адназначна вынікае, што на дадзеным этапе неабходна дэталёва абмеркаваць з сваімі саюзьнікамі наступствы разгортваньня сыстэмаў проціракетнай абароны, іх магутнасьць, выдаткі на іх, магчымасьці прыняцьця кампрамісных рашэньняў у справе абароны, а таксама пралічыць варыянты разьвіцьця падзеяў, верагодныя пры падобным разгортваньні і выхадзе з ранейшых палітычных пагадненьняў па стратэгічных узбраеньнях. У кожным разе рашэньне павінен будзе прыняць ужо наступны амэрыканскі прэзыдэнт.

Пакуль гэткае рашэньне не прынятае, асноўным стратэгічным прыярытэтам Злучаных Штатаў мусіць застацца далейшае пашырэньне NATO. Бо пашырэньне NATO, відаць, — найлепшая зарука пэрспэктываў эўраатлянтычнага абарончага хаўрусу. Яно забясьпечвае пабудову больш бясьпечнай Эўропы зь меншай колькасьцю праблемных, геапалітычна двухсэнсоўных сытуацыяў, прычым матэрыяльная зацікаўленасьць Эўропы ў захаваньні жыцьцёва неабходнай і надзейнай саюзьніцкай лучнасьці будзе расьці. Варта перагледзець рашэньне NATO, прынятае ў 1999 годзе, аб мараторыі на пашырэньне да 2002 году. А новаму амэрыканскаму прэзыдэнту адразу па ўступленьні на пасаду варта сур’ёзна задумацца над тым, каб рашэньне аб прыёме ў NATO новых сяброў было прынятае ў 2001 годзе. Некаторыя краіны, відавочна, да гэтага падрыхтаваныя, бо яны адпавядаюць ня толькі патрабаваньням, выстаўленым нядаўна Польшчы, Чэхіі і Вугоршчыны, але нават тым, якія некалі раней былі вызначаныя для Гішпаніі. Паскарэньне працэсу пашырэньня NATO яскрава сьцьвердзіла б ня толькі жыцьцёвую неабходнасьць эўраатлянтычнага абарончага партнэрства, але й сур’ёзнасьць намераў Амэрыкі і Эўропы што да стварэньня сыстэмы бясьпекі ў Эўропе, якая ў выніку стане сапраўды „эўрапейскай сыстэмай бясьпекі“ ў сэнсе поля яе дзеяньня.

Амэрыканская падтрымка пашырэньня NATO спалучаецца з зацікаўленьнем Амэрыкі ў пашырэньні ЭЗ. Бо чым большай будзе Эўропа, тым менш верагоднаю робіцца сур’ёзная вонкавая або ўнутраная пагроза міру ў сусьветным маштабе. Акрамя таго, чым большая колькасьць краінаў будзе адначасова ўваходзіць у NATO і ў ЭЗ, тым больш згуртаванай будзе эўраатлянтычная супольнасьць і тым больш будуць узаемадапаўняцца памкненьні прыхільнікаў эўраатлянтычнага аб’яднаньня і эўрапейскай самабытнасьці. Тое, што некаторыя краіны сёньня гатовыя адначасова і да сяброўства ў NATO, і да сяброўства ў ЭЗ, можна назваць проста шчасьлівым зьбегам акалічнасьцяў. Злучаным Штатам нескладана пераканаўча давесьці, што Славенія, Славаччына і Летува ўжо цяпер цалкам або амаль цалкам адпавядаюць крытэрам, неабходным для ўступу ў NATO. Паводле параўнальнага дасьледаваньня, праведзенага кампаніяй Pricewaterhouse Coopers, некалькі сярэднеэўрапейскіх дзяржаваў (у тым ліку Славенія і Эстонія) лепей падрыхтаваныя да сяброўства ў ЭЗ — з гледзішча макраэканамічнай стабільнасьці, ВУП, эканамічнае інтэграванасьці з ЭЗ і разьвіцьця эканамічнае інфраструктуры, — чым Грэцыя на момант яе ўступленьня ў Эўрапейскую супольнасьць. Пра Польшчу і Чэхію — абедзьве краіны ўжо далучыліся да NATO — тыднёвік The Economist нядаўна напісаў, што яны лепш гатовыя да прыняцьця, чым Італія ў свой час! Таму ня можа не дзівіць тая акалічнасьць, што „сёньня патрабаваньняў, якім трэба адпавядаць для прыняцьця краіны ў ЭЗ, болей, і яны стражэйшыя, чым тыя, што ў свой час прад’яўляліся паўднёваэўрапейскім краінам, калі яны далучыліся да ЭЗ“5.
 

 
   

Амэрыка мусіць падтрымаць краіны, гатовыя да ўступу ў ЭЗ і NATO. Аднак на гэтай стадыі іхнага пашырэньня заўчасна рабіць прагнозы наконт будучых межаў Эўрасаюзу і NATO — спадзяемся, што яны будуць супадаць. Шмат будзе залежаць ад пазыцыі Расеі, для якой дзьверы ў Эўропу, заснаваную на эўраатлянтычным аб’яднаньні, варта было б пакінуць адчыненымі. Узбуйненая Эўропа, якая б уваходзіла ў пашыранае NATO, спрыяла б пазытыўнаму разьвіцьцю Расеі, стрымліваючы яе ад старых імпэрскіх спакусаў. Расея тады зразумела б, што яе інтарэс палягае ў прыстасаваньні і далучэньні да NATO. Калі ж гэтага не адбудзецца, пашыранае NATO забясьпечыць большую бясьпеку для Эўропы. У кожным разе, аднак, няправільна было б a priori выключаць з працэсу пашырэньня любую эўрапейскую дзяржаву, гатовую ўступіць у NATO або ў ЭЗ.

Акрамя таго, як з геапалітычнага, так і з эканамічнага гледзішча ўжо цяпер можна сказаць: як толькі NATO і ЭЗ пашырацца настолькі, што ў іх увойдуць краіны Балтыі і некаторыя дзяржавы Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, пажадана наступным этапам пашырэньня зрабіць далучэньне да Эўразьвязу ня толькі Турэччыны, але Кіпру (пасьля ўрэгуляваньня турэцка-грэцкага канфлікту) і Ізраілю (пасьля заключэньня канчатковага міру з усімі яго суседзямі). Больш за тое, з пашырэньнем Эўропы эўраатлянтычная супольнасьць будзе змушаная адрэагаваць на сыгналы з такіх краінаў, як Украіна, Грузія і нават Азэрбайджан, наконт таго, што ў агляднай будучыні яны таксама будуць імкнуцца ўзяць удзел у велічнай гістарычнай будоўлі, якая адбываецца ў межах ЭЗ пад абарончым парасонам NATO.

Спрыяючы ажыцьцяўленьню такога велічнага праекту, Злучаныя Штаты і надалей будуць падтрымліваць намаганьні ЭЗ па глыбейшай інтэграцыі, нават калі гэтая падтрымка будзе праяўляцца пераважна на словах. Злучаныя Штаты абачліва пазьбеглі таго, каб іхны падыход атаесамляўся з выступамі брытанскіх кансэрватараў супраць палітычна і фінансава адзінай Эўропы, і ім варта гэтакжа пазьбягаць і спакусы Schadenfreude*, калі Эўропа спатыкнецца. Якраз таму, што эўрапейская інтэграцыя будзе прасоўвацца павольна, а эўрапейская палітычная супольнасьць ня будзе падобнаю да амэрыканскай, Амэрыка не павінна асьцерагацца таго, што за акіянам расьце яе супернік. Эўраатлянтычныя дачыненьні хутчэй нагадваюць такі шлюб, у якім муж і жонка — розныя людзі, што паважаюць свае адрозьненьні, у тым ліку пэўны падзел працы, але разумеюць і супольныя інтарэсы, прычым у сапраўднасьці і тое, і другое служыць для ўмацаваньня іх лучнасьці. Так было ў апошнія пяцьдзясят гадоў, так мусіць стацца і надалей.

Безумоўна, такі характар разьвіцьця міжнароднай сыстэмы павінен умацоўваць эўраатлянтычны хаўрус. Эўропа і Злучаныя Штаты складаюць разам пад 15% насельніцтва сьвету, яны — выяўныя выспы дабрабыту і дастатку ў вірлівым і неспакойным сусьветным моры. У нашым стагодзьдзі, калі з кім заўгодна ў сьвеце можна зьвязацца імгненна, любое ўсьведамленьне няроўнасьці можа хутка перарасьці ў палітычную варожасьць у дачыненьні да тых, каму можна пазайздросьціць. Таму як уласны інтарэс, так і пачуцьцё магчымай прыступнасьці павінны надалей служыць трывалай апорай амэрыканска-эўрапейскага саюзьніцтва.

Эўрапейская палітычная супольнасьць, якая ляжыць на заходняй ускраіне Эўразіі ў беспасярэдняй блізіні ад Афрыкі, больш уразьлівая да крызысных сытуацый, зьвязаных з нарастаньнем хаосу ў сьвеце, чым палітычна лепш згуртаваная, вайскова мацнейшая і геаграфічна больш ізаляваная Амэрыка. Эўрапейцам пагражае небясьпека ў выпадку, калі падставай расейскай замежнай палітыкі зноў стане шавіністычны імпэрыялізм або калі ў Афрыцы і/або на поўдні Цэнтральнай Азіі адбудзецца далейшае пагаршэньне сацыяльнае сытуацыі. Распаўзаньне ядравай і іншай зброі масавага зьнішчэньня па сьвеце таксама будзе пагражаць Эўропе мацней, бо яе ваенныя магчымасьці абмежаваныя, а дзяржавы, ад якіх гэтая небясьпека можа выходзіць, ляжаць паблізу яе. Такім чынам, куды ні глянь, відаць, што Эўропе, калі ў ёй сапраўды мае панаваць спакой, будзе і надалей патрэбная Амэрыка.

Зь філязофскага гледзішча, аднак, шчыльная сувязь з Эўропай адначасова легітымізуе ролю Амэрыкі ў сьвеце і стаецца цэнтральным пунктам яе палітыкі. У выніку гэтай сувязі ўтвараецца супольнасьць дэмакратычных дзяржаваў, безь якой Злучаныя Штаты ў сьвеце аказаліся б у адзіноце. Абарона, паляпшэньне, а асабліва пашырэньне гэтай супольнасьці — каб „гарантаваць свабоду сабе і сваім нашчадкам“ — павінны застацца для Амэрыкі жыцьцёва важнай гістарычнай задачай.
 

5 Эва Эрліх і Габар Рэвэс, The State of the Economy in Central and Eastern Europe Compared with the EU’s Requirements, The Hungarian Academy of Sciences, Будапэшт, 1999, с.4.













* Зларадзтва — ням.
   

 
Асноўныя перадумовы
і дырэктывы да правядзеньня амэрыканскай палітыкі

1) Эўропа застаецца натуральным і галоўным саюзьнікам Амэрыкі.

2) Эўропа як прыхільнік эўраатлянтычнага саюзу — асноўная ўмова для захаваньня стабільнасьці ў Эўразіі.

3) Злучаныя Штаты не павінны працівіцца стварэньню баяздольных самастойных эўрапейскіх узброеных сілаў, на ўзьнікненьне якіх у блізкай будучыні, аднак, спадзявацца не выпадае.

4) Палітычнае адзінства саюзьнікаў важнейшае за ўмацаваньне NATO.

5) Злучаным Штатам варта адкласьці прыняцьце любога рашэньня аб разгортваньні сыстэмы абароны ад балістычных ракет, пакуль ня будзе дасягнутая дамоўленасьць з саюзьнікамі ў NATO ў гэтым пытаньні.

6) Злучаным Штатам трэба рабіць захады па пашырэньні NATO ў Эўропе, але ні ў якім разе не такога NATO, якое дзейнічала б „за межамі рэгіёну“.

7) Злучаныя Штаты кроўна больш зацікаўленыя ў пашырэньні Эўразьвязу, чымся ў яго інтэграцыі.

8) NATO і ЭЗ варта супрацоўнічаць у справе свайго далейшага пашырэньня.
 

 
   

 
Камэнтар Даніэля Вэрнэ да З.Бжазіньскага

Зьбігнеў Бжазіньскі дакладна ведае, дзе б маглі прыдацца эўрапейскія вайсковыя сілы: на Корсыцы! Дзякуем, спадару доктару. Дзеля гэтага мы ўжо маем францускую жандармэрыю, адмысловае падразьдзяленьне Нацыянальнай гвардыі, на якое, між іншым, ёсьць вялікі попыт як у Босьніі, так і ў Косаве.

Калі сур’ёзьней, Бжазіньскі прэзэнтуе тую партыю амэрыканскіх палітыкаў, якая досыць спагадліва ставіцца да працэсу эўрапейскай інтэграцыі, у тым ліку да спробаў пабудовы эўрапейскіх вайсковых сілаў, што былі б здольныя дзейнічаць незалежна ад NATO. Бжазіньскі не крытыкуе гэтага праекту і ня раіць Вашынгтону заблякаваць яго. Ён не ператварае гэтага ў прынцыповую праблему, якая б магла стацца прычынай расколу саюзьнікаў з розных бакоў Атлянтыкі. Бо ён больш чым скептычны ў ацэнцы здольнасьці эўрапейцаў скончыць распачатае; ён дазваляе сабе даваць амэрыканскаму ўраду добрую параду: ня бойцеся, што вы набудзеце суперніка. У якасьці аргумэнтацыі Бжазіньскі прыводзіць досыць цікавыя аргумэнты. Дазвольце мне тут акрэсьліць некаторыя зь іх.

1) Інтэграцыя замяніла аб’яднаньне ў якасьці канчатковае мэты эўрапейскага працэсу. Гэты працэс будзе павольны, бо хуткі працэс мог бы хутчэй падзяліць Эўропу, чымся аб’яднаць.

2) Эўропа будзе расьці хутчэй у гарызантальным, чым у вэртыкальным кірунку, а пашырэньне неспалучальнае з паглыбленьнем.

3) ESDI — эўрапейская індывідуальнасьць у бясьпецы і абароне — для NATO не пагроза, бо, нават паводле самых аптымістычных прагнозаў, яна будзе дзейсная толькі ў выпадку непрынцыповых крызаў.

4) NATO і ЭЗ павінны пашырацца ў аднолькавым тэмпе, прычым з гэтага працэсу a priori ня трэба выключаць ніводнай краіны. Складнікам гэтага працэсу мусіць стацца і шчыльнае збліжэньне з Расеяй, якая мае прызнаць, што адначасовае пашырэньне NATO—ЭЗ не супярэчыць яе ўласным інтарэсам. Калі Расея гэткага ня зробіць, пашырэньне NATO—ЭЗ неабходнае будзе для забясьпячэньня бясьпекі супольнай Эўропы.

Здаецца, што Бжазіньскі падзяляе ўяўленьне Аталі пра Эўропу ад Атлянтыкі да Ўладзівастоку, якая, аднак, не стасуецца з марай бацькоў-заснавальнікаў адзінай Эўропы пра Супольны рынак ды Эўрапейскую супольнасьць. Гэтая мара прадугледжвала ўтварэньне новай Эўропы ня толькі як зоны свабоднага гандлю, але і як актора на міжнароднай сцэне, палітычнага партнэра Амэрыкі, яна прадбачыла ўтварэньне Эўропы, якая б, можа, і ня сталася сапраўды вялікай дзяржавай у сусьветным маштабе пры жыцьці гэтага або наступнага пакаленьня, але якая б зрабілася палітычнай сілай у рэгіёне і ня толькі спрыяла б пераадоленьню гістарычных канфліктаў паміж краінамі-ўдзельніцамі, але й экспартавала бясьпеку і дабрабыт у сваё „блізкае замежжа“.

Бжазіньскі мае рацыю: гэтае бачаньне — якое традыцыйна знаходзіць падтрымку кожнага францускага ўраду, але якое заканамерна не падзяляюць іншыя яе партнэры ў ЭЗ — супярэчыць стану, у якім знаходзіцца Эўропа цяпер. І адначасова ён мае рацыю, калі паказвае, што сёньняшняя сытуацыя ў наступныя колькі гадоў ня зьменіцца. У некаторых сфэрах (напрыклад, калі ідзецца пра інстытуцыі) Эўропа будзе хутчэй прыстасоўвацца да ўжо існуючай структуры, чым праводзіць глыбокія зьмены, неабходныя для grand bond en avant*. У іншых сфэрах (напрыклад, у вайсковай) ёй не стае або волі, або сродкаў, а можа, і таго, і другога, каб здолець рэалізаваць супольную палітыку. Але асабліва ёй не стае палітычнае волі да выдзяленьня большых сродкаў на тыя артыкулы бюджэту, якія датычаць абароны, безь якіх, аднак, немагчыма будзе мець супольную замежную і абарончую палітыку.

Усе гэтыя пункты знаходзяцца па-за дыскусіяй. Тым ня менш, будучыня Эўрапейскага зьвязу не выглядае аж так змрочна, як яе расьпісвае Бжазіньскі. Бо Эўропа дагэтуль не дасягнула таго крытычнага пункту, які б зрабіў для яе немагчымым напаўненьне пачатковай ідэі рэальным зьместам. Апрача таго, кожны яе захад за апошнія дзесяць гадоў — супольны рынак, эўра, свабоднае перасоўваньне людзей па Эўропе (г.зв. Schengenland), прызначэньне найвышэйшага камісара па замежных зносінах і супольнай бясьпецы (сьціплы, але рэалістычны крок на шляху да эўрапейскай абароны) — мае патэнцыял далейшага ўдасканальваньня, нават калі гэты патэнцыял і ня носіць нейкага надзвычайнага характару. Магчымасьць выбару застаецца дасёньня.

Возьмем, напрыклад, праект стварэньня ўзброеных сілаў. Бжазіньскі слушна заўважае, што, калі крыза будзе сур’ёзнай, Эўропа ня зможа даць ёй рады самастойна. Пакуль што гэта сапраўды так. Але здольнасьць рэагаваць самастойна няхай сабе на канфлікты, якія ня маюць жыцьцёва важнага значэньня, была б ужо сама сабой прынцыповым крокам наперад, асабліва калі параўнаць гэта зь няздольнасьцю і неахвотай эўрапейцаў рэагаваць на некаторыя нядаўнія крызысы меншага маштабу. Дык жа спачатку трэба зрабіць першы крок, а потым ужо другі.

Ад самага канца другой сусьветнай вайны амэрыканскае стаўленьне да эўрапейскай інтэграцыі заўсёды было дваістым: аб’ядноўвайцеся, але не перабярыце меры. З канцом халоднай вайны гэтае дваістае стаўленьне не зьмянілася. Няшчасная Эўропа, няздольная выйсьці за рамкі, накрэсьленыя ёй інтэграцыяй; шчасьлівая Амэрыка, якая мае такога саюзьніка!
 



ДАНІЭЛЬ ВЭРНЭ
— галоўны рэдактар аддзелу міжнародных адносінаў францускай газэты Le Monde.

























* рыўка наперад — франц.
   

 
Камэнтар Крыстафа Бэртрама да З.Бжазіньскага

Нягледзячы на многія слушныя заўвагі, прадказаньне Бжазіньскага што да стасункаў ЗША і Эўропы ў будучыні мае ўрэшце служыць супакаеньню яго самога, а таму яно перакручанае. Мы можам абагульніць яго адным сказам: Эўропа, страшэнна далёкая ад таго, каб зрабіцца супернікам Злучаных Штатаў, застанецца залежнай пераменнай, карыснай прыладай для ажыцьцяўленьня амэрыканскае стратэгіі, накіраванай на пашырэньне прасторы стабільнасьці на як мага большую колькасьць краінаў, за выняткам Расеі, шляхам іх далучэньня да Альянсу; яна будзе задавальняць усе прыхамаці Злучаных Штатаў, але не павінна ўважацца за раўнапраўнага партнэра.

Аднак у адным Бжазіньскі мае рацыю: амэрыканцы не павінны панікаваць, калі ЭЗ спрабуе паскорыць інтэграцыю ў абароннай сфэры. Гнеў, якім час ад часу выбухае Вашынгтон з нагоды плянаў эўрапейцаў нязначна палепшыць здольнасьць сваіх сілаў апэратыўна ўмешвацца ў справы „за межамі рэгіёну“, нічым не апраўданы: які б плён гэтыя пляны ні далі, эўрапейскія ўзброеныя фармаваньні вымушаныя будуць карыстацца амэрыканскай вайсковай тэхнікай, а таму ім давядзецца ўзгадняць свае пляны з амэрыканцамі.

Але рабіць з узброеных сілаў лякмусавую паперку эўрапейскай інтэграцыі — значыць, паўтараць памылку Сталіна, які пра Каталіцкую царкву меркаваў паводле колькасьці дывізіяў у яе распараджэньні. Нават Бжазіньскі, найбольш па-эўрапейску настроены чалавек сярод амэрыканскіх прыхільнікаў Realpolitik, не разумее, навошта, уласна, узьнікае гэтая новая Эўропа. Яна для яго — „палітычная супольнасьць, збудаваная на выгадах“, але ніяк не на „перакананьні“, прагматычны вытвар, прызначаны для завядзеньня дабрабыту й стабільнасьці, якімі ўсе будуць дзяліцца. Аднак прагматызм ня ёсьць дастатковым тлумачэньнем таго, чаму дзяржавы, гордыя за сваю гісторыю, ахвяравалі сваёй нацыянальнай аўтаноміяй на карысьць сваёй эўрапейскай узаемазалежнасьці. Тое, што прывяло іх да падпарадкаваньня аўтарытэту супольных законаў і супольнаму найвышэйшаму суду, стварэньня супольнай валюты, аб’яднаньня заходняй часткі кантынэнту, запрашэньня новых дэмакратыяў у астатняй Эўропе ў свой асяродак і цяперашніх спробаў знайсьці сродкі на арганізацыю самастойнай вайсковай дзейнасьці, абсалютна дакладна ніколі не грунтавалася адно на выгадах. У падмурку яго была і ёсьць пэўная ідэя Эўропы, пэўнае ўяўленьне пра яе.

Моцы гэтай ідэі ня варта недаацэньваць. Амэрыканцы ж такую памылку звычайна рабілі, дарма што цярпліва, цягам дзесяцігодзьдзяў халоднай вайны, стымулявалі Эўропу да інтэграцыі. Сёньня, калі іх, магчыма, насьцярожвае нованабытая ўпэўненасьць Эўропы ў сабе (а да гэтай насьцярожанасьці далучаецца, з аднаго боку, вузкалобае захапленьне ўласным вайсковым і тэхналягічным патэнцыялам, а з другога — замарака ад раскошы становішча адзінай і, відаць, апошняй сусьветнай супэрдзяржавы), здаецца, што амэрыканцы страцілі як цярплівасьць, так і зрок. Сумна, што Бжазіньскі яшчэ й прапаноўвае стратэгічнае абгрунтаваньне гэтай страты.

Але гэта недальнабачны падыход, і менавіта з прычынаў, якія аўтар так красамоўна фармулюе ўва ўводзінах да свайго артыкулу: „Саюз Амэрыкі з Эўропай стварае ў сьвеце вось стабільнасьці“. У Амэрыкі няма іншага партнэра, які б гэтак клапаціўся пра парадак на міжнароднай арэне, дабрабыт і прагрэс дэмакратыі. Эўропа пры ўсіх яе заганах сёньня значна мацнейшы партнэр, чымся яна была ў часе халоднай вайны. А ў будучыні яна зробіцца яшчэ мацнейшай.

Таму галоўным амэрыканскім інтарэсам сёньня мела б быць закладаньне падмурку партнэрства з заўтрашняй Эўропай. Панаваньне ЗША, магчыма, працягнецца яшчэ гадоў дваццаць-трыццаць, аднак яно ня будзе вечным. Хіба можна знайсьці лепшы ўжытак з гэтае сёньняшняе часовае выгады, чымся як сёньня пачаць утвараць інстытуцыйныя рамкі для партнэрства, дзякуючы якому Эўропа, мацнейшая, чымся цяпер, і Амэрыка, слабейшая за свой цяперашні стан, маглі б разам імкнуцца да ладу, дабрабыту і дэмакратыі ў заўтрашнім сьвеце? Гэта, доктару Бжазіньскі, Realpolitik, якую трэба сабе ўявіць!
 



КРЫСТАФ БЭРТРАМ
— рэдактар амэрыканскага часопісу Foreign Policy і дырэктар Stiftung für Wissenschaft und Politik, досьледнага цэнтру міжнароднай палітыкі, аднаго з дарадчых органаў нямецкага ўраду і нямецкага парлямэнту.
   

 
Камэнтар Тыматы Гартана Эша да З.Бжазіньскага

Гэты артыкул Зьбігнева Бжазіньскага, як і заўжды, ясны, праніклівы, творчы і надзвычай абсяжны. Мая праблема ў тым, што я згодны як з бальшынёй высноваў ягонага аналізу, так і з парадамі, якія ён дае палітыкам, асабліва што да пашырэньня NATO і ЭЗ. Тым ня менш, дазвольце мне як эўрапейцу, чалавеку родам з брытанскіх выспаў, спыніцца на пяцёх рэчах, якія, на маю думку, мусова ўдакладніць.

Па-першае, я заўжды быў за тое, каб называць рэчы сваімі імёнамі, нават калі ў палітычным сэнсе гэта нічым ня будзе сябе апраўдваць. Цьверджаньне, што Эўропа ёсьць „de facto вайсковым пратэктаратам Злучаных Штатаў“, не падаецца мне цалкам праўдзівым. Калі я скажу, што „Ксанаду ёсьць францускім пратэктаратам“, дык на ўзроўні банальнае эрудыцыі пад гэтым разумеецца, што французы ў Ксанаду ўладараць. Аднак амэрыканцы ў Эўропе не ўладараць. І калі гэтыя словы ўзяць у іншым сэнсе, чымся „быць залежным ад вайсковай абароны“, дык гэтае цьверджаньне наўрад ці апраўданае, бо, нягледзячы на цяперашні хаос у эўрапейскай абароннай сфэры, на сёньня нашай бясьпецы нічога сур’ёзна не пагражае. Я маю на ўвазе пагрозы такога кшталту, ад якіх галоўныя эўрапейскія дзяржавы ня здолелі б абараніць сябе ці сваіх партнэраў па ЭЗ.

Праўда, па-другое, вядома, што нават наймацнейшыя краіны ЭЗ усё яшчэ мусяць спадзявацца толькі на Злучаныя Штаты пры патрэбе вядзеньня вайсковай апэрацыі за межамі ЭЗ, нават калі гаворка пра такі малы кавалак нашае зямлі, як Косава. Карысна было б шчыра прызнаць, што адной з галоўных прычынаў гэтага стану ёсьць тая акалічнасьць, што лідэры Заходняй Эўропы пры канцы халоднай вайны няправільна вызначылі прыярытэты, аддаўшы перавагу ўвядзеньню супольнай валюты, а не стварэньню супольнага войска. Ініцыятывы апошняга часу, скіраваныя на аптымізацыю замежнай палітыкі і каардынацыю абарончай дзейнасьці — гэта спроба ЭЗ нагнаць у 2000 годзе нераспачатае ў 1990-м. (Гэтае цьверджаньне я падрабязьней разьвіваю ў сваёй новай кнізе History of the Present / Гісторыя сучаснасьці.)

Па-трэцяе, Бжазіньскі абсалютна слушна адзначае безумоўную неабходнасьць такое палітыкі Злучаных Штатаў, пры якой Вашынгтон разглядалі б у якасьці таго, хто гэтыя запозьненыя ініцыятывы, асабліва што датычаць вайсковае сфэры, хутчэй ухваляе, а ня журыцца зь іхнае нагоды. Палітычнае пасланьне новае амэрыканскае адміністрацыі павінна гучаць абсалютна пазытыўна і адназначна: „Мы хочам, каб Эўропа стварыла мацнейшую абарончую індывідуальнасьць і эфэктыўныя вайсковыя сілы, прызначаныя для хуткага рэагаваньня“. А затым можна было б дадаць: „А цяпер мы чакаем, што пра Косава вы зможаце паклапаціцца самі“. Абмеркаваньне ўсіх абгрунтаваных пярэчаньняў што да спалучальнасьці эўрапейскае абароннае ініцыятывы з NATO магло б адбывацца на ніжэйшых, больш тэхнічных узроўнях.

Па-чацьвертае, з Эўропы сапраўды ніколі ня выйдзе адзінай краіны. Аднак я не такі пэсыміст, як Бжазіньскі, калі вядзецца гаворка пра магчымасьці пазытыўнага і пачуцьцёва афарбаванага атаесамленьня сябе з Эўропай. Я мяркую, што ў Сярэдняй Эўропе сапраўды ёсьць людзі, гатовыя нават „памерці за Эўропу“. Malgré tout, Эўропа мае душу. І за гэтую душу ідзе змаганьне. Спрошчана кажучы, тутака ідзе гаворка пра новую вэрсію старой спрэчкі паміж тымі, хто адстойвае арыентацыю эўраатлянтычную, лібэральную, хто хоча, каб вольны гандаль пашырыўся на ўвесь сьвет, і тымі, хто прытрымліваецца арыентацыі дэголеўскай, эстэтычнай і абарончай. Гістарычна так склалася, што шалі схінуліся на карысьць прыхільнікаў першай.

Па-пятае, рыторыка і палітыка Злучаных Штатаў выразна паўплывае на гэтае змаганьне, аднак невядома, да лепшага ці да горшага. Амэрыканцам ня варта чакаць утварэньня Злучаных Штатаў Эўропы, але ня трэба таксама ўспрымаць Эўропу як Вялікую Швайцарыю. Ім сьлед імкнуцца да дзьвюх мэтаў, якія найлепш акрэсьліў Джордж Буш-старэйшы: „Разам весьці рэй“ і „Адзіная і свабодная Эўропа“.
 



ТЫМАТЫ ГАРТАН ЭШ
— аўтар кнігі History of the Present: Essays, Sketches and Dispatches from Europe in the 1990s (выдавецтва Random House), якая выйшла ў 2000 г. Гэты камэнтар ён напісаў, калі ў якасьці стажора знаходзіўся ў Hoover Institution Стэнфардзкага ўнівэрсытэту ў Каліфорніі.
   

 
Адказ З.Бжазіньскага

Я на самой рэчы ў прынцыпе згаджаюся з заключнымі высновамі, да якіх прыйшлі эўрапейскія крытыкі, мае сябры. Я сапраўды жадаю, каб Эўропа для Амэрыкі сталася сур’ёзна ўспрыманым партнэрам, аднак запаветнае жаданьне ня ёсьць добрым дарадцам пры правядзеньні рэальнае палітыкі. Утварэньне ўсё большай і ўсё больш інтэграванай эўрапейскай прасторы, сувязі якой са Злучанымі Штатамі былі б шчыльнымі, — адзіная сапраўды важная рэч, а зарукай для гэтага ёсьць устрыманьне Эўропы ад моцных спакусаў і ператварэньне няпэўнае геапалітычнае прасторы ў рэгіёне паміж эўраатлянтычнай зонай і Расеяй.

Пераклаў Сяргей Сматрычэнка
паводле
The National Interest, № 6,
лета 2000 году, сс. 17–32.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (15) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 28-04-2001