A R C H E | S k a r y n a | № 1 (15) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ВІНЦЭСЬ МУДРОЎ | |||||
|
Вінцэсь Мудроў |
празаік, жыве ў Полацку, сталы аўтар Радыё Свабода і газэты „Наша Ніва". Сярод апошніх ягоных публікацыяў - аповесьць „Іду на таран" („Калосьсе", 2000). |
„Якога хрэна ты, смаркачу, лезеш у палітыку? Хутка табою зоймуцца кампэтэнтныя органы“, — казаў аўтару, тады яшчэ вучню дзясятае клясы, родны бацька. „Навошта табе, маладому чалавеку, расейцу, беларуская мова?“ — пытаўся афіцэр КГБ, ушчыльную заняўшыся аўтарам увосень 1974 году. „На якую халеру табе гэтая беларушчына? Займіся ты лепш сям’ёй“, — казала аўтару ягоная жонка неўзабаве пасьля вясельля. „Віця, не чапляйся да камуністаў — прыдушаць“, — казала аўтару ягоная цешча. „Вінцэсю, на якую халеру ты марнуеш час? Беларускія тэксты нечытэльныя.. Напішы што-небудзь па-расейску“, — заахвочваў аўтара ягоны падсябрыч — расейскамоўны пісьменьнік. „Ну на што ты паклаў сваё жыцьцё? Пра які народ ты дбаеш? Народу даўно няма. Ёсьць п’яныя трактарысты, якія скруцяць цябе, плюнуць у твар і здадуць лукашыстам... Твае сябрукі хоць штосьці ды паймелі, а што займеў ты? Кучу хваробаў? Сапсутыя нэрвы? Ну што ты маўчыш?“ Маўчу, бо ня ведаю — што сказаць у сваё апраўданьне. У прадоньні маёй расейскай душы часьцяком варочаліся падступныя думкі і сьпела перакананьне, што беларушчына — гэта бясконцая дарога да небасхілу, да таго месца, дзе зьліваюцца ў адно чорная зямля рэальнага і нябесны блакіт прыдуманага сьвету. Да небасхілу нельга дапяць, аднак, угледзеўшы, колькі замардаваных беларусаў ляжыць на ўзьмежку той дарогі, і пабачыўшы, ува што ператвораны рэальны сьвет, я кожнага разу ўглядаюся ў небасхіл, і маю другую, пакрыўджаную беларускую душу, поўніць нязгода. „Гэта ў цябе ад дзеда. Той таксама не любіў камуністаў“, — паведаміла мне родная цётка, калі я ўпершыню загаварыў зь ёю па-беларуску і падзяліўся — а гэта было ўлетку 1971 году — сваімі жыцьцёвымі плянамі. Цётка Вольга жыла ў Піцеры, лічыла сябе пушкіністкай, а таму ўспрыняла мае пошукі Радзімы як небясьпечную дурноту, выказаўшы меркаваньне, што мяне зьбілі з тропу жыды альбо палякі. Адсутнасьць гістарычнай памяці — адметная рыса нашага грамадзтва. Тая ж вайна ды пакуты бацькоў мала цікавілі маё пакаленьне. Я ў маладосьці наагул не любіў слухаць аповедаў пра мінуўшчыну і з усяго сказанага маці запомніў толькі, што „немец доўга стаяў пад Віцебскам“ і што па вайне таўклі на мязгу ды елі бярозавую кару. І толькі захапіўшыся беларушчынай, стаў цікавіцца сваімі продкамі і тым, чым займаліся мае крэўныя за далёкім часам. Продкі мае па матчынай лініі паходзілі з Гарадоцкага павету, жылі ў мястэчку Бычыха і займаліся ганчарствам. Прадзед, нібыта, трымаў цэлую сябрыну і вазіў прадаваць глякі, збаны ды макітры ў сталіцу імпэрыі. Ганчарныя кругі шпарка круціліся, справе, здавалася, ня будзе зводу, але напярэдадні японскай вайны прадзед захварэў на сухоты — гэта была прафэсійная хвароба ганчароў, — сябрына пазбылася спраўнага кіраўніка і неўзабаве разьбеглася. Прадзеду пасьля таго давялося заняцца земляробствам: ён набыў кавалак зямлі ў вёсцы Шакурова, паставіў крытую гонтай хату-пяцісьценку, у якой і зьявілася на сьвет мая маці. |
...Тым летам, калі пачалася калектывізацыя, у Шакурове, як і ў іншых беларускіх вёсках, гарлалі пеўні, рыкалі дагледжаныя каровы, вяскоўцы касілі на загуменьні канюшыну. Падчас калектывізацыі палова шакуроўцаў паехала ў Сібір, на раку Зею, а другую палову камуноіды аблупілі да жывога і сагналі ў калгасы. „Гаспадарка ў нас была ладная, аднак парабкаў ня бралі, таму і ўратаваліся“, — паведаміла падчас задушэўнай размовы цётка Вольга, і калі я, малады і гарачы, запытаўся, чаму ж не было супраціву, чаму мужыкі ня ўкінулі якога басяка ў студню, цётка адно толькі ўздыхнула, і на твары ейным адбілася ўсё тая ж пакутніцкая ўсьмешка. Якраз тады мяне ўпершыню наведала думка аб калектыўным мазахізьме беларусаў. Калі ж крыху пазьней я прачытаў творы нашых пісьменьнікаў, у якіх з хваравітай асалодаю апісваліся пасьляваенная нястача і пакутніцкі лёс вясковых бабуль, дык канчаткова пераканаўся ў мазахісцкім пачатку беларускай душы. „Божухна... Як жа мы, Віця, страшна жылі... Колькі мы з тваёй мамай зьведалі пакутаў... Бацька наш, твой дзед, памёр ад тыфусу, хату немцы спалілі. Прыехалі ўзімку, акурат перад Новым годам, сагналі бабы ды дзеці ў кучу, і шуганулі агню пад стрэхі. А ўсё праз партызан...“ Я слухаў цётку, ноздры мае кранаў пах зьляжалага сьнегу, уваччу мітусіліся вахлачыя постаці партызанаў, з ласкі якіх немцы спалілі матчыну хату, а разам зь ёю і палову краіны, і, за прыкладам У.І.Леніна, думаў пра Беларусь і пра свой народ. Пра народ, які стагодзьдзямі гібеў, патанаў у п’янстве, у брудзе, у вялікай і дробнай хлусьні; голасна пяяў хваласьпевы розным хамулам і выблядкам, што сядзелі на ягоным карку; калі надта прыпякала, стагнаў, расьціраў па твары крывавыя смаркачы і ані разу не падняўся грамадой на абарону сваёй годнасьці, не засьведчыў свайго памкненьня да людзкага жыцьця. |
Кажуць, што немаўляты ў першыя дні па нараджэньні бачаць сьвет дагары нагамі. Відаць, такім, дарэшты перакуленым, і ўбачыў я свой Полацак з вокнаў тамтэйшай Краснай больніцы. Надарылася гэта ў верасьні 1953-га. Пабачыць сьвет у падобным ракурсе было ня толькі цікава, але й павучальна. Немаўля яшчэ не ўсьведамляла сябе жывой істотай, а ўжо мусіла зразумець: у гэтай краіне ўсё дагары нагамі. І сапраўды, калі ў іншых краінах на гары, пры ўладзе, былі самыя разумныя, сумленныя і адукаваныя, дык у Краіне Саветаў да таго часу ўсё разумнае, сумленнае і адукаванае ляжала ў магіле, а наверсе завіхалася ўсё тупое, подлае і неадукаванае. Дарэчы сказаць, акурат у верасьні 53-га ўсе гэтыя хрушчовы, молатавы ды іншыя сталінскія кілеры ладзілі свой пленум і дзялілі ўладу. Нарадзіцца ў Полацку, можна сказаць, на цьвінтары Сьвятой Сафіі, пабачыць з акна радзільні перакуленую апсыду старажытнага храму і ня стаць, кажучы словамі пісьменьніка Л.Прокшы, бебурнацам, я проста ня мог. Энэргетыка сьвятога места працяла маю недалужную істоту, у мазгох індукаваліся токі і, паблукаўшы па зьвілінах, заклалі ў іх жыцьцёвую праграму: аднаўленьне Вялікай Крывіі. Спробы рэалізацыі такой праграмы былі небясьпечныя для здароўя, а між тым у справе гадаваньня здаровага цела ўзьніклі складанасьці: у маці пасьля галадоўлі не было свайго малака, і давялося смактаць разбаўленае казінае малако. Я яго якраз і смактаў праз соску, калі мяне вынесьлі з радзільні; шафёр нанятай таксоўкі прывітаў нас кваклівым сыгналам, і я заенчыў з такім імпэтам, што ўстрывожыў навакольных варон ды галак. Полацак, дзе мне лёсіла нарадзіцца, — места пракаветнае, але, разам з тым, глухое і правінцыйнае. Тут нарадзілася шмат славутасьцяў, і ўсе яны, увабраўшыся ў сілу, зьяжджалі — ці то ў Палестыну (Эўфрасіньня), ці то ў Вечны Горад (Параскева), ці то ў Прагу (Францішак), ці то ў Масковію (Сымон). Традыцыя такая захавалася, і ўсе мае сябры цягам апошняга дзесяцігодзьдзя падаліся ў шырокі сьвет. Уладзімер, Лявон ды Навум зьехалі ў Менск, Сяржук — у Прагу, Якуб — у Фіншчыну. Полацкае нацыянальнае котлішча расьцярусілася па сьвеце, і вецер часу — надта пераменлівы на нашых шыротах — раскідаў за адным махам і саламяны будан, які мы сьпехам зьляпілі і неразважліва назвалі Беларускім домам. Мне і самому даводзілася шмат разоў зьяжджаць з родных мясьцінаў. Ну а першым разам я паехаў „у віры на юры“ ў матчыных абдоймах, надзейна спавіты дзьвюма пуховымі хусткамі. Вайсковую частку перакідвалі ў Ідрыцу (былая Вялікалуцкая вобласьць, на паўночнай мяжы Вялікай Крывіі), і афіцэрскія сем’і мусілі ехаць у таварным вагоне разам зь фікусамі, патэфонамі, камодамі, катамі (іх пры пярэбарах запіхвалі ў мяхі) ды іншым хломаздам. Мазгі тады яшчэ ня мелі блёку памяці, і ўсё ж у іх адбілася туманная рака і размытая белая пляма на даляглядзе. Я часьцяком бачыў іх у сьне, доўга ня мог даўмецца, адкуль яны ўсплываюць, і толькі нядаўна — гадоў, можа, пяць таму — выйшаў, блукаючы па Задзьвіньні, на дзьвінскі бераг і ўгледзеў тое, што сотні разоў бачыў у сьне: туманную раку і размыты, крануты лёгкай ружавізною, відарыс Сафійскага сабору. |
У Ідрыцы мы пражылі каля двух гадоў — блёк памяці ўжо працаваў, і мне яскрава запомнілася, ізноў-такі, тамтэйшая рака. Дакладней, не сама рака, а вышка, зь якой жаўнеры сігалі ў ваду. Мы з маці гадзінамі сядзелі на беразе, і я пішчэў ад захапленьня, калі чарговы жаўнер, узьбіўшыся на вышку, выстаўляў наперад рукі і з галавакружнай — так мне тады здавалася — вышыні ляцеў у ваду. Ну і, вядома, у гарэзнай галаве высьпеў амбіцыйны плян: залезьці на скочню і таксама, на загад даўгалыгага старшыны, даць нырца наперад галавою. І вось аднойчы я высьлізнуў з двара, пабег да ракі і — для пачатку — бухнуўся ў ваду з драўляных масткоў. На шчасьце, поруч пралі бялізну афіцэрскія жанкі. Яны й выцягнулі мяне, ужо непрытомнага, на бераг. А яшчэ за пару хвілінаў, пачуўшы жаночы лямант, да ракі прыбегла зьбялелая маці. З таго часу я стаў пабойвацца вялікай вады і назаўсёды пазбыўся амбіцыяў. Узімку 1956 году, напярэдадні „гістарычнага“ ХХ зьезду КПСС, вайсковай частцы ізноў давялося мяняць месца дысьлякацыі, і сям’я наша апынулася ў Люцыне (па-латыску — Лудзе). Тут таксама было мора вады: два вялізныя возеры, рака, якая іх лучыла і на якой стаяла невялічкая, пабудаваная за часамі Ульманіса, гідраэлектроўня. На электроўні дзень да ночы шумела вада, і шум гэты не даваў спакою маёй маці. Яна нават упрошвала бацьку пераехаць на новую кватэру — хай горшую, але далей ад ракі, а, калі ўладкавалася на працу, знайшла мне няньку — сямідзесяцігадовую немку Зэльму Адольфаўну. Зэльма Адольфаўна была адметнай асобай. У маладосьці скончыла Інстытут шляхетных дзяўчатаў, ведала некалькі моваў, бачыла імпэратара Мікалая ІІ і нават размаўляла зь ім. Яна называла яго „самым прыстойным чалавекам у Расеі“ і — пра гэта я даведаўся з пазьнейшых матчыных аповедаў — ненавідзела камуністаў. Падставы для нянавісьці былі важкія: муж гадаванкі Смольнага інстытуту да вайны працаваў у Латыскім банку, меў два дамы ў цэнтры Рыгі, і калі ў 1940 годзе Прыбалтыку апанавала Чырвоная Армія (па-казахску Кзыл-Арда), вывезьлі яго ў сібірскую невараць. Няньцы, паўтаруся, было семдзесят гадоў, але яна прыгожа апраналася (перашывала старыя строі), фарбавала вусны, купляла на апошнія капейкі букеты канвалій і фіялак, цярпець не магла слова „баба“ і прымушала мяне, а таксама навакольную дзятву называць яе поўным імем. Прамовіць у чатыры гады такое імя было цяжка, таму я яго дарэшты сымпліфікаваў, называючы няньку Зэльмадофанай. Марознымі ранкамі мы зь нянькай блукалі па месьце і абавязкова заходзілі на старыя могілкі. Прымружыўшыся і паправіўшы капялюшык, Зэльмадофана кожны раз перачытвала эпітафіі на магілах остзэйцаў — кзыл-арда яшчэ не пасьпела іх зьнішчыць — і цяжка ўздыхала. Гэтыя ўздыхі я добра запомніў. А яшчэ запомніў, як мы, заружавелыя ад марозу, ішлі зь нянькаю па вуліцы, і Зэльмадофана ў адказ на пытаньні стрэчных: ці гэта ваш ўнук? — задаволена ківала галавой. І вось мінула зіма, потым вясна, і мая magistria, атрымаўшы дазвол уладаў, зьехала ў Капэнгаген, да сваёй роднай сястры. Перад ад’ездам упрошвала бацьку адпусьціць мяне з маці ў Данію: „Мы там уладкуемся, а потым, Леанідзе Васілевічу, і вы пад’едзеце...“ Няньчына сястра мела ў Капэнгагене мылаварню — вось Зэльмадофана і надумала вывезьці „ўнучка“ на Захад ды зрабіць „каралём мыльных бурбалак“ (балазе, нашчадкаў у сясьцёр не засталося — усіх пазабівала ў вайну). Прапановы такія тхнулі здрадаю Савецкай Радзіме, таму ў бацькі падымалася фуражка на галаве і зь лёгкім поканьнем адклейваліся пагоны. Потым, ужо з Капэнгагену, нянька даслала пасылку, потым пару лістоў, але адказу не дачакала: сям’і савецкага афіцэра ліставацца з уладальнікамі капэнгагенскіх мылаварняў аніяк не выпадала. Шмат што забылася ў жыцьці, згінула ў мроіве часу, а сівагаловая немка ў чорным капелюшы і да сёньня зьяўляецца мне ў снох. Дый дзіва што: дзіцячыя ўражаньні — самыя трывалыя. Яны, выбачайце за труізм, фармуюць характар. І я дзякую выхаванцы Смольнага інстытуту за тое, што з маладых гадоў узьненавідзеў хамаў і камуністаў.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (15) – 2001 |
|
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |