A R C H E S k a r y n a № 1 (15) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ЮРАСЬ ПАЦЮПА
Вокладка ARCHE Skaryna 1-2001.

   Мінулыя нумары:

   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Юрась Пацюпа
 
Мэзальянсы,
або Юрлівыя санэты

Кожны, хто закаханы ў санэт, ведае, што гэта найбольш складаная, дасканалая і выкшталцоная форма вершу. Але мала хто задумваецца над тым, што санэт паводле свае прыроды і найпарадаксальнейшы жанр. Эстэтычныя рэчы, супраць этычных, як ведама, імкнуцца да разнастайнасьці. Санэт жа, наадварот, у самой сваёй існасьці абапіраецца на норму. І невыпадкова першым аўтарам санэту быў натарыюс. Як жа ў такім разе ён спраўджвае сваё эстэтычнае наканаваньне?

Ёсьць два спосабы разьвязаньня парадоксу. Першы — эсэнцыялісцкі, плятонаўска-картэзіянскі. Пісьменьнік-эсэнцыяліст імкнецца стварыць чысты, абсалютны санэт. Можна сказаць, што ў зямных умовах ён намагаецца зысьціць самую ідэю санэту. І, натуральна, гэта яму не ўдаецца. Але кожная чарговая спроба доўжыць літаратурны ланцуг. Другі спосаб — наміналістаўскі, кінічна-бэркліянскі. Пісьменьнік-наміналіст ня верыць у існаваньне ўнівэрсаліі формы, санэт для яго цікавы толькі ў адхіленьнях ад нормы. І ён множыць бясконцыя кшталты адхіленьняў.

Пры першым спосабе існуе небясьпека скаціцца да шаблёну, трывіяльнасьці, пры другім — разбурыць сам інстытут санэту, спляжыць усякую граніцу паміж санэтам і несанэтам. І ўсё ж — я выбіраю другі, небясьпечны, але квяцісты і вясёлы шлях.

Тэма каханьня і юру ў дачыненьні да санэту невыпадковая. Ёсьць нешта супольнае паміж санэтам і каталіцкаю строгасьцю маралі. Мне даспадобы жорсткія клямары каталіцкага шлюбу. Кожны, хто мае на тое адвагу, можа даваць волю юрлівым памкненьням, але не павінен забывацца, што над ім зьзяе карны меч. Пагрозьлівы меч маралі надае трагічнае хараство кожнаму адступу ад нормы. Калі ж гэтае нормы няма, то нормаю становіцца слотная, шэрая і нудная мешаніна ўсёдазволенасьці, усяцечнасьці. Яна шмат нуднейшая за аднастайную ўсёпавіннасьць гэтаксама, як разьлезлыя вэрлібры нуднейшыя за клясычныя формы вершу.

Юрлівыя санэты — гэта туга па беларускім барока, ракако, клясыцызьме. Нездарма падставовымі імёнамі тут выступаюць Францішак Князьнін і Якаў Княжнін — польскі і расейскі паэты, якія паходзяць зь беларускае віцебска-смаленскае шляхты.

Аўтар
 

паэт, суўкладальнік і суаўтар анталёгіі паэзіі „Лябірынты прывіднага замку" („Бязьмежжа", Беласток, 2000), выкладчык катэдры беларускае культуры Гарадзенскага ўнівэрсытэту, працуе над дысэртацыяй, прысьвечанай творчасьці Максіма Багдановіча. Жыве ў Горадні.
   

 

1. ДА ГРАЦЫЯЎ

канспэкт*

О грацыі! няўлоўныя сястрыцы,
жывой лістотай з вамі Гай шуміць,
бяз вас Краса — пакутніца ў пляніцы,
адно ёй прыдавацца і хлусіць:
усьмешак перад люстрамі вучыцца,
наводзіць бель і з ружамі ляпіць,
хаваючы на скуры ластаўніцы
і жылачак танюсенькую сіць.
Майстэракаў усіх на пасьмяяньне
ёсьць правіла у вас дзеля пісаньня:
„Красуйся, замілоўвай, захапляй“;
але, каб мэты гэтае дабіцца,
Рыторыка! ты, пэўна, выбачай:
нам трэба пацерак тваіх пазбыцца.

20 жніўня 1998 г.


 

2. ЭПІКУРЭЙСТВА

санэт-газэль-туюг

Дом на юру, вятры цалуюць юр,
у ціхім доме піша вершы Юр.
Ён наталіцца славаю пасьпеў,
ён славіць краскі, хараство і юр.
Сьцямнела. Песьню жаваранак сьпеў,
над ружай салаўя прачнуўся сьпеў,
паўнюткі сад жамчужнае расы,
дзе ўчора яблык, нібы месяц, сьпеў.
Вось за акном скрабецца дождж касы,
ідзе праз двор, што пад лязом касы
прычэсаны, і ў доме давідна
ліецца дождж расплеценай касы.
А дзе краса, дзе келіхі віна —
ня сьпее ў сэрцы горкая віна.

27 верасьня 2000 г.
 







* У санэце заканспэктаваны верш Я. Княжніна „Тры грацыі“.
   


 

3. АРАБЭСКІ

цэнтон*

...καί δίς γάρ, ő δεî, καλόν έντιν ένισπεîν.
EMPEΔOKLEOΥΣ**

У чарах млее ноч. За рэчкаю ў аддалі
гамоняць радасна паміж сабой кусты
па той бок. Што па той? І ўжо зьнікаеш ты.
Так многа шчасьця, хоць яго было так мала.
О, сэрца, ты ня плач! — яшчэ не перастала
нясьцішна гаманіць у часе цемнаты.
Пільнуеш, быццам сьмерць, гадзіны, дні, гады,
калоціцца агонь, што губіць і ўздымае.
Шкада разьбітых мар. На цёмным дне жыцьця
мінулае сваё прыпамінаю я
і кожны трэск, і стогн, і звонкі птушак сокат…
Прыходзь у гэты лес, паветра тут глытай —
у хвалях возера разьліта пазалота:
Само-Сіерра, Рэйн, Аара, По, Дунай!

2 кастрычніка 2000 г.
 













* Аўтары, радкі якіх скарыстаныя ў цэнтоне: М.Багдановіч (10, 11); А.Гарун (12); М.Грамыка (6); К.Кірэенка (4); В.Ластоўскі (14); Г.Леўчык (5); А.Моркаўка (7); А.Паўловіч (1); А.Разанаў (3, 8); Хв.Чарнышэвіч (2, 13); Янук Д. (9).

** ... тое, што варта, можна сказаць двойчы. Эмпэдокль.
   


 

4. ШЧАДРЫЦА

санэт-брахікалян

…дань медовую на себе брати и уживати.
З даўнейшых актаў

…медок и горилочку дюбали.
„Прамова Мялешкі“

Сплаў
сот —
даў
мёд.
Слаў! —
год,
спраў
сплёт.
Прэч
з плеч
жаль!
Лепш
цеш
жарсьць…

4 кастрычніка 2000 г.


 

5. ДЗІКАЯ РУЖА

На моих глазах сечена девица, вопервых
розгами, потом шиповником…
Г. Конисский
… загадалі яму трымаць за ногі Магдалену,
каторая ўвесь час, як яе білі, плакала,
паказваючы яму ўсе свае „сакрэты“.
А. Абуховіч

Маркіз дэ Сад укладваў каталёг
сухіх мэтафізычных экзэкуцый
і так у працу дзікую залёг,
перабіраючы даўнейшыя паскудзтвы
усіх краёў, народаў і эпох,
што нават ён, дазнаны ў той навуцы,
прызнаны мэтр, стаміўся ды зьнямог
і меўся ўжо спаліць натхненьне ў грубцы…
Аднак — архіў тутэйшы напаткаў,
і сьлёзы пацяклі ў яго, а сьліна
юрлівая сачылася між спраў.
Эстэцтвам і эротыкай ліцьвінаў
захоплены — маркіз адно шаптаў:
„О, Беларусь, мая шыпшына!..“.

26 верасьня 2000 г.
 

 
   


 

6. МАК

аплікаваны санэт

Ночь сладострастия тебе даёт призраки
И нектаром любви кропит ленивы маки.
К. Н. Батюшков

Чырвоны мак палае у гародзе
і расьсяе саромлівыя сны,
а месяц разьлівае па падлозе
жаночы пах, салоны і п’яны.
Дарма філёзаф духам цела глодзіць,
грызуць яго юрлівасьці асны,
і марыць ён аб тайнае гасподзе,
дзе тонкі лёд шаўковай прасьціны.
Ён прыйдзе зь нецярплівасьцю салодкай
і зловіць подых скіненай сарочкі
і начавое трапятаньне ласк.
А потым раптам спыніцца гадзіньнік,
і, быццам нетутэйшае адзеньне,
абойме кветам махравістым мак.*

9 кастрычніка 2000 г. 


 

7. АТРУТНЫ МЁД

Кветкі азаліі і балотнага верасу даюць „п’яны“ мёд. Ксэнафонт Атэнскі ў „Анабазысе“ піша, як гэтакім мёдам у Кальхідзе ледзь не патруцілася цэлае войска элінаў.

О, небясьпечная жанчына,
як мёд з халоднага ляза!
Хто б на цябе што ні казаў,
мне ўсё адно, дзе ты грашыла.
Хоць ты маіх трывог прычына —
паэты любяць кветы зла.
Чым вінаградная лаза —
п’яней атрутная крушына.
Ад ягад тых гусьцеюць сны,
вядуць у нетрах карані
свой дзікі і хтанічны танец.
А калі зробіцца відно
ды ўсё на месцы свае стане —
яд ператворыцца ў віно.

8 кастрычніка 2000 г.
 

* Першы і чатырнаццаты радкі ўзятыя зь вершу Ц.Гартнага „Чырвоны мак“, прысьвечанага пралетарскаму змаганьню.


   


 

8. ПАЦАЛУНАК

Да ў гародзе пастарнак, салодка карэньне,
Да хто ж мяне пацалуе, вяліка спасеньне.
З „Курніцкага зборніка“

Спачатку ластаўкай мільгне,
пасьля крыху кране укусам —
і пакаштуюць вуснаў вусны:
віно чырвонае ў віне.
Ён будзе віцца клубам зьмей
праз мора дотыкаў, як вусень,
паўзьці ў нязмушаным прымусе…
Усё мацней, мацней, мацней!
І ты, ўвесь выпіты дазваньня,
пасьля абложнай навальніцы
вяртацца мусіш зноў і зноў.
Пасьля ж, караны расставаньнем,
адзін, ці ў кельлі, ці ў вязьніцы,
ад Бога мецімеш кляйно.

4 кастрычніка 2000 г.


 

9. САНЭТ ХVІІІ СТАГОДЗЬДЗЯ

Я трызьніў вечным хараством прыроды,
пакуль цябе ў свой дух не залучыў
і стаў адтульным, страціўшы ключы
ад вечнасьці, спакою і свабоды.
Цкуюць мяне хваробы і нягоды,
сьцігуюць людзі, радасна б’ючы
кіём ці словам, а ў адказ: маўчы! —
такія за пачуцьці ўзнагароды.
Жыву, нібы сьляпы сярод сьляпых,
дзе кветы здрадаў, хцівасьцяў і пых,
адной шчасьлівы ружаю, табою.
Аднак я ўбогай долі не аддам,
каб заўтра і паўстаў анёл з трубою
і мне сказаў: — Вяртайся ў рай, Адам.

25 травеня 1982 г.;
16 кастрычніка 2000 г.

 

 
   


 

10. ПАРСУНА

Bożek miłości na wąsach siadał.
F. D. Kniaźnin
…грудь твоя, открыта мне
И только розою одною защищенна.
Я. Б. Княжнин

Амуры, стрэлы, ружы і лілеі
спачылі пад музэйным крышталём,
і толькі пчолы сінія ў алеі
зурну вядуць між яваю і сном.
Напісаны зарніцаю, бялее
каханы твар. Муры зрасьлі быльлём.
Агонь мяча ды ветранасьць кудзелі
хавае куфар і стары альбом.
Але бажок на вуснах — памяць збудзіць:
вось ты сукенку ўпартаю рукой
трывожна папраўляеш, вось на грудзі
зірнуў прамень і, згасшы за ракой,
пачуў, што ў ноч паціху і з запалам:
„Ах, дзейся воля Бога“, — ты сказала.

2, 10 кастрычніка 2000 г.


 

11. САМНАМБУЛІЗМ

драпа-санэт

Блыск урочлівы сплываў
з прастораў на зямлю.
К.Сваяк

Белы бэз Бэтховэна
і язьмін Вівальдзі —
хваль іх холад схованы
ў начавым паглядзе.
Ловяць кроплі ластаўкі
перад люстрам лісьця,
з млечным млівам макаўкі
дрэў перапляліся.
У пляскатай плешчацца
шыбе шыла пчолкі,
ды блакітнай блешняю
бляск пярсьцёнка волкі.
Льецца, ліпне з ласкаю
яркая, як яшчарка.

23 чэрвеня 1999 г.;
23 кастрычніка 2000 г.

 

 
   


 

12. ПАВУЧАНЬНЕ

трайны санэт з двайным кодам*

δίπλ΄ έρέω...
EMPEDOKLEOUS **
Граматыкі вучыць
найгорш, здаецца мне
і досьціп засушыць
пражыўшы, нібы ў сьне,
— карысна для паэта
— віно і піва піць
— бяз роздуму і мэты
— дзе хмель штодня кіпіць,
 
хто з слоўнікам карпіць
той час няплённа жне
жыцьця парвецца ніць
яно сарвецца ў сьнег
— той пазнае сусьветы
— хто зь дзеўкамі грашыць
— і залатой ранэтай
— у пекла заляціць;
 
а праца — гэта твой
падман з усьмешкай злой
здароўе нішчыць ён,
— найпершы паратунак
— дае заўжды ласунак
— такі адвечны кон,
 
таму прымі, як дар
свой пачуцьцёвы жар
і атрымаеш плён:
— нялёгкую навуку
— хутчэй аддай на муку
— пачуеш вершаў звон.

18 кастрычніка 2000 г.


 

13. ЗАПРОСІНЫ

санэт паспаліты

...Думных меў прахаці, гасьцей частаваці.
Д.Рудніцкі

Дзеўкі ў лес у грыбы, дзецюкі за чубы,
а я вулкай іду і сьпяванку вяду:
— Гэй, зьвяры-камары, выпаўзайце з нары,
павукі ды жукі — да мяне з-пад страхі!
Дарагая радня, будзем піць да раньня!
Пан калючы асот, лезь сюды цераз плот,
бяры дзетак-траву і жану-крапіву,
дый браточак-драсён хай вылазіць з красён.
Бо сягоньня дудар налівае сто чар,
панаставіўшы лаў, стол абрусам заслаў,
а наверх — кумпякі, гускі, клёцкі, грыбкі...
Хто васьцёр, нібы косьць — гэтай ночы наш госьць,
і, хто мае пышы — будзе люб, дадушы.
Хто ж да дна не дапіў, каб да дня не дажыў!

17 кастрычніка 2000 г.
 








* Чытаецца спачатку першы слупок, потым другі, а потым першы і другі ўзапар.

** Кажу дваяка... Эмпэдокль.
   


 

СЛОЎНІЧАК

асён (мн.асны) вялікі асьцюк

глодзіць не даваць есьці

драпа від старажытнаісляндзкае алітэрацыйнае паэзіі

ластаўніца рабацінка

меч і кудзеля у мове сярэднявечча — мужчынскі
і жаночы пачаткі

парсуна адмена партрэту

пышы калючыя вырасты на расьлінах

пляніца прылада для лавеньня птушак

сьцігаваць чыніць перасьлед

туюг форма ўсходняга вершу ў выглядзе чатырохрадкоўя з трыма аманімічнымі рыфмамі

цэнтон  верш, зьлеплены з вяршоўных радкоў розных твораў розных аўтараў

юр 1. узвышша;
      2. поўнае імя (Юр);
      3. пажадлівасьць, жартаўлівасьць

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (15) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 04-05-2001