A R C H E | Narodny numar | №
2 (16) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АЛЯКСЕЙ БАЦЮКОЎ | |||||
|
Аляксей Бацюкоў
|
— выкладчык філязофіі Магілёўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. |
Гусары высыпалі на поле. Першы, бяскрылы ў адрозьненьне ад іншых і з чырвонай маскай на твары, ехаў Мядынскі. Я ўцяўся ў камень, назіраючы ягоны похіст у сядле, спрабуючы прадбачыць кожны рух. У тое імгненьне, калі я выцяг руку з пісталетам у шчыліну між зубцоў, міжволі бавячыся з самім стрэлам, па сьцяне ўдарыла куля. Руку да самога запясьця апякло гарачай крошкай. У чаканьні стрэлу я палічыў сам гэты стрэл ці не за выбух і ў нейкае імгненьне перастаў бачыць пісталет. Куўтнуўшыся з рукі, ён цяжка бразнуў па краю камяня й адскочыў да маіх ног. Ледзьве стрымліваючы подых, я схапіў пісталет і азірнуўся. Мацей сачыў за мной, дзіўна ашчэрыўшы вусны, нібыта ня ў моцы засьмяяцца. „Мацей! — ускрыкнуў я — Мяне ледзьве не забіла куляю!“
Я разглядаў рукі, седзячы сьпінай да сьцяны, не зважаючы на ўсьмешкі й вокрыкі Мацея. На запясьці выступіла кроў, я нясьпешна зьлізваў яе языком. Акрамя Пальца сьмяяцца сталі й астатнія, хто быў на сьцяне. „Паніч, — крыкнуў нехта (яны заўсёды грэбавалі называць маё імя), — можа цябе аднесьці да параненых?“ „Быдла!“ — я шапнуў гэта так, каб пачуў толькі Мацей. Мацей сапраўды пачуў і ціха скрывіўся. Калі сьмех стаў гучнейшы, я закрычаў: „Быдла, вы нават караля ня бачылі, а я бачыў!“ Яны нешта загулі ў адказ, але я адмовіўся слухаць, закрыўшы вушы рукамі. Я шукаў вачыма той экіпаж і два позіркі, адзін, бачны мне й амаль сьвяты позірк караля, і другі — той позірк, якога я ня ведаў, але які адчуваў, позірк каралевы. Вельмі розныя паміж сабой, яны нібы выводзілі мяне ў іншы сьвет, уздымаючы й працінаючы наўсьцяж адначасова, даючы палёгку й цяжар. Я нярэдка ўяўляў сабе каралеву, але заўсёды яна выходзіла падобнай да караля, хоць, насамрэч, як я ведаў, яна была зусім іншая. Я сьціснуў рукі на галаве мацней і заплюшчыў вочы.
Падчас вячэры Палец наўмысна сядаў бліжэй да мяне, нават кранаючы маю нагу, мусіць, такімі жэстамі просячы крыху прабачэньня, аднак у той жа час ягоная размова рабілася ўсё болей нахабнай. Ён адчуваў сябе, дарэчы, роўным са мной, бо, хоць і ня быў шляхціцам, ён быў мой далёкі крэўны. Магчыма, дзеля гэтага свайго сваяцтва ён цяпер як бы паказваў мне, што я не павінен злаваць на яго і наагул мушу супакоіцца, а ён, са свайго боку, маўляў, і думаць ня будзе пра маю пахібку. Мы вячэралі ўдвох на муры — я адмовіўся ісьці разам з астатнімі ўніз, хоць бы там і быў гарачы суп, а Палец, павагаўшыся, застаўся са мной. Мы елі сала з хлебам і яблыкі.
Дзень аціхаў, зь першай зоркай мы мусілі пакідаць сьцяну. Тут мне стала млосна ад поглядаў Пальца, і я ці не крычаў на яго, калі мы зьбіралі свае рэчы, перш як пайсьці. Дзядзька Мацей толькі ўсьміхаўся й нават хітануў галавой. Нам на замену прыйшло некалькі цагельнікаў, адзін зь іх трымаў у руках старую вялікую пішчаль, настолькі вялікую, што ейная руля краналася плячы другога цагельніка. Яны ўсе адразу схаваліся за зубцы, чамусьці азіраючыся на нас, нібы ім стала непрыемна, што мы гэта бачым.
У горадзе рабілася трывожна, чуваць было плач дзяцей аднекуль зьнізу, з-пад зямлі — цэлымі сем’ямі людзі сядзелі ў сутарэньнях, толькі час ад часу выходзячы па ваду. Мы ішлі ад усходняе брамы на двор гаспадарскага палацу разам зь іншымі абароньнікамі, зрэдчас саступаючы шлях вершнікам. Я азіраўся — бразгат дасьпехаў захапіў увесь мой слых і думкі, скрозь яго вокрыкі людзей нагадвалі пляск далоняў па вадзе. Я адчуваў, што ізноў пачынаю крыху дрыжэць, але хутка ліхаманка прайшла, пакінуўшы толькі неспакойнае напружжа ў целе і ў галаве. Палец штохвіліны паглядаў на мяне цераз плячо, але, здаецца, ня вельмі ўзіраўся, бо ў падобныя хвіліны, як я ведаю, мой твар мала нагадвае твар чалавека. Я ўсьміхнуўся Пальцу. І ён адразу заўсьміхаўся ў адказ: „Гэта добра, што ты болей не злуеш на мяне, а то я пачаў думаць, што ты болей ня лічыш мяне за сваяка!“ На двор палацу мы з Мацяём уваходзілі празь невысокую браму. Тут нам насустрач зьявіўся вершнік, нехта са шляхты, мяркуючы па дасьпехах. Прыўзьнятая на кірасе маска вершніка пафарбаваная ў чырвоны колер. Нібы не заўважаючы, што перад ім людзі, ён скіраваў свайго каня проста на нас, каб аб’ехаць вялікую калюжыну, нават не запавольваючы хады. Палец — ён ішоў наперадзе — адскочыў і прыціснуўся сьпінаю да сьцяны, а я закрычаў: „Куды прэш!?“ Гэты вокрык спалохаў хутчэй каня, той адразу спыніўся, разьдзімаючы храпкі й нахіліўшы вочы да самага майго твару. Вершнік паварушыў рукой, зручней перахопліваючы бізун. Тут я пазнаў яго па голасе. „Дарогу!“ — запатрабаваў ён. Краем вока я заўважыў, як да мяне цягнуцца рукі дзядзькі Мацяя. Не чакаючы ані майго адказу, ані маіх рухаў, Мядынскі туўзануў пяткай каня па боку, і той скочыў наперад. Ледзьве пасьпеўшы адхіснуцца і ўтрымацца на нагох, я закрычаў, схапіў вершніка за нагу і ўзьвіўся на месцы, калі тонкая гарачая стужка апякла шыю. Палец схапіў мяне за рукі, адціскаючы да сьцяны. Ён быў нашмат мацнейшы за мяне і ўціснуў так, што мне пацямнела ў вачох. Ад’яжджаючы, Мядынскі некалькі разоў азіраўся, пакуль я стаяў у варотах і глядзеў на яго. У водблісках паходняў ягоныя дасьпехі блішчэлі, нібыта залатыя, увесь ён здаваўся анёлам на кані. Дзядзька Мацей усё яшчэ трымаў мяне за рукі, мусіць, каб я ня кінуўся наўздагон, і нешта казаў, каб я ўсьціх.
Гэтым вечарам я ўзяўся даглядаць вогнішча. Час ад часу Палец абдымаў мяне за плечы, намаўляючы апрануць ягоны кунтуш альбо проста спрабуючы разьвесяліць мяне. Нярэдка, учуўшы, што побач нехта з ваяроў распавядае сьмешную гісторыю, дзядзька тоўзаў мяне й гаварыў: „Во паслухай!“ Мне зноў рабілася млосна ад яго паводзін. Урэшце, я ня вытрываў і сказаў: „Давайце я паднясу вам вады“. Мае словы вельмі спадабаліся Пальцу, бо я раней ніколі не прапаноўваў яму паднесьці вады. Падзякаваўшы, ён вымыў рукі й прапаласкаў рот, а тады лёг на кунтуш, назіраючы за мной. Я выцягнуўся побач зь ім, паблізу самых ног. „Ты можаш пакласьці сваю галаву на мяне“ — сказаў дзядзька. „Не-не, — адгукнуўся я — мне ўсё баліць вуха“. „Ну! Гэта пярэйдзе“, — болей нічога ён не сказаў і хутка заснуў. Некалькі разоў я прыўзьнімаўся, каб пасачыць, ці не прачнецца Палец. Ён адзін раз варухнуўся й болей не рэагаваў на тое, што я ўстаю, бразгаючы шабляй. Сеўшы ля самага полымя, я зарадзіў пісталет і тады толькі пайшоў.
Далёка ад палацу я вырашыў не хадзіць. Мядынскі мусіў начаваць тут, з гусарамі, і таму я абыходзіў бліжэйшыя стайні і ўрэшце наўпрост запытаўся аднога бязрукага, дакладней, аднарукага конюха, ці не ў яго Мядынскі пакінуў каня. Бязрукі ведаў, што той заўсёды пакідае каня паблізу касьцёлу, дзе стаіць шмат хто з гусараў. Я пабег да касьцёлу. Мне сустрэліся некалькі выпітых вугорцаў. Прытрымліваючы рукой пісталет за пасам, я ўскочыў у стайню й ледзьве пасьпеў стаць за шырокім слупом каля ўваходу — Мядынскі толькі аддаў каня, прытарочыў кірасу і ўжо разварочваўся да выхаду. Я глядзеў на ягонае плячо, калі ён набліжаўся, і сьцішыў подых, калі ён прайшоў побач са слупом. За Мядынскім цягнуўся даўкі водар віна. Шабля вісела амаль пад самымі грудзьмі й вольна выступала далёка ўлева, біючыся аб дзьверы стайні, ад чаго ўздрыгвалі коні. Ён ішоў павольна й мужна, так што я ледзьве ўтрымаўся, каб не гукнуць яго — мне не было што сказаць цяпер. |
Я выйшаў адразу сьледам. Мядынскі ішоў у палац, і я падумаў, што ўпушчу яго й не заб’ю ў гэтую ноч, а ўжо заўтра ён можа загінуць не ад мяне. Я баяўся й таго, што заб’ю яго. Мы ішлі паўз касьцёльны тын, да сьцяны палацу заставалася крокаў дзьвесьце, калі Мядынскі з дарогі збочыў у хмызы, на шляху расшпільваючы нагавіцы. У сьвятле Месяца я азірнуўся на дарогу. Было ўжо зусім поначы, і самыя блізкія людзі ўжо не пазналі б ані мяне, ані Мядынскага. Пустая дарога бытта выпрабоўвала. Далёка за хмызамі цямнеў гарадзкі мур, крыху збоку — вежа. Пад вежай яшчэ пазнаць было страху невялікай дрывотні, альбо, можа, старой стадолы. Раней тут стаяў дом.
Я збочыў з дарогі, імкнучыся бязгучна паставіць нагу ў траве. У гэты час на вежы пачалі страляць і ў небе зашархацелі птушкі. Я разьвёў рукамі лісьце. Мядынскі гледзеў долу й ня чуў мяне. Я зрабіў яшчэ тры крокі, перш чым мая нага гучна ўздыбіла траву. Уздымаючы пісталет, я закрычаў: „Мядынскі!“ Ён разьвярнуўся й быццам скочыў назад, дзіўна адкінуўшы галаву за сябе. Толькі пабачыўшы гэта, я зразумеў, што стрэліў. Нечакана белы дым, у якім у поўную моц адбілася месячнае сьвятло, аддаліў ад мяне да хмызоў, ахінуўшы цела Мядынскага. Ізноў забухалі пішчалі на вежы, і дым падбяліў яе вострую страху. Я азірнуўся на пустую дарогу.
Я не ведаю, што мяне прымусіла вярнуцца да таго месца, дзе ляжала цела. Ногі ўсё гэтак жа тырчэлі з травы, а тулава прабіла вялізную галу ў хмызьняку, паламаўшы й падмяўшы пад сябе гальлё. Боты зарасіліся, нібыта ў расу ператварыўся той дым. Паглядзеўшы на цела, я ўжо зьбіраўся сысьці, але нечакана заўважыў на дарозе блізу касьцёлу людзей з паходнямі й паваліўся на зямлю. Людзі ішлі нясьпешна і ўрэшце сталі. Мне не было добра чуваць іх галасоў, аднак некалькі разоў я адрозьніў слова „стрэл“ і пабачыў, што людзі з паходнямі азіраюцца вакол сябе. Спачатку я папоўз да сьцяны, хаваючыся за хмызьзём, але потым вярнуўся і, намацаўшы на траве мокрую руку Мядынскага, пацягнуў яе на сябе. Нечакана ціха цела кранулася зь месца, крыху выгнуўшыся. Магчыма, я раней ніколі ня ведаў усёй сваёй моцы альбо ў гэтую ноч у мяне яе паболела, аднак я амаль не стаміўся, цягнучы Мядынскага да будынку каля сьцяны. Гэта сапраўды была старая дроўніца, тут засталося крыху абвуг леных паленаў і кары, сама ж яна з усіх бакоў абгарэла. За ёй, недалёка ад сьцяны, можна было ўбачыць руіны спаленага дому. Туды я пацягнуў цела. Трава хутка скончылася, і па зямлі заскрыгацеў панцыр — я прыўзьняўся, выглядаючы за кусты. Паходняў паболела, але кожная зь іх цяпер была ахінутая туманам і жоўтыя разводы абрываліся над самымі плячамі вартавых. Сярод руінаў дому я знайшоў яміну, ледзь прыкрытую счарнелымі дошкамі. Гэта было невялікае, напалову заваленае зямлёй сутарэньне. Цела Мядынскага цяжка й крыва спаўзло па схіле. Я зноў азірнуўся — паходні разышліся ўздоўж дарогі, і мне цяпер не было як іх мінуць. Што ж, я скочыў наверх на цела мерцьвяка, нацягнуў над сабой дошкі, пакінуўшы вольнай адну руку, і як мог, нагроб на сябе жвіру. Раптам у патыліцу ўдарыла кропля, наверсе пачынаўся дождж.
Гэта была пастка — так падумаў я спачатку. Людзі наверсе могуць заўважыць і сьлед ад цела, і сутарэньне. Нечакана для сябе я засьмяяўся, прыклаўшыся тварам да схаладнелай шыі — калі ўжо я тут, пра што я буду думаць, калі ўжо я засну, што мне прысьніцца? Наверсе перасталі страляць, але ніякіх галасоў яшчэ не было чуваць. Мёртвы й мяккі Мядынскі цяпер мог нарадзіць толькі агіду, падумаў я. Я не хацеў бы баяцца.
Празь нейкі час я заўважыў, што трымаю Мядынскага за руку. Гэты дотык, поціск разьняволеных пальцаў у далоні нараджалі жаданьне забіць яго зноў, увайсьці скрозь схаладнелую вопратку кінжалам і расьсекчы плячо, застацца там разам з вастрыём, напяўшы скуру і ўсё цела, мёртвым увайсьці ў мёртвае, зьнявечанае й вечнае й гэтым ажывіць сябе. Ах, я адно што быў забіты ў тую ноч! Тонкая рана аказалася ў маёй сьпіне, што ўжо казаць пра грудзі, зь іх бруіла кроў, заліваючы падлогу. Прыгажосьць, народжаная страхам, злучылі мяне жывога з паміраньнем, непазьбежнае адчуваньне сьмерці й сьмерць. Прытоеныя галасы ледзьве прабіваліся, значыць, недзе побач прайшлі й зьніклі людзі, прытомленыя дажджом, некалькі кропляў зноў упалі на маю патыліцу. Раптам я зразумеў, што размаўляю з Мядынскім. Я распавядаў яму пра забойства, я казаў яму пра тое, як прыгожа ён упаў, схапіўшы вуснамі паветра й, магчыма, захоплены сваім падзеньнем, ён не заўважыў, якім вострым на імгненьне стаў мой твар. Мядынскі падаў бясконца, смакуючы свой палёт із той жа жарсьцю, зь якой аднойчы выпіў душу цераз рану ў грудзёх майго бацькі.
Тады ён яшчэ не насіў маскі, ён яшчэ ня ведаў, якую асалоду яму дае забойства, і не баяўся паказваць свайго твару, але акурат у тую ноч ён спазнаў ўсю гэтую асалоду, і, як цяпер і мне, гэтая асалода памножыла яму страх. Мядынскі палюбіў страх. Я ня мог болей гаварыць, я захлынуўся словамі й горача дыхаў, уткнуўшыся тварам у скрываўленую шыю. Так пачыналася ноч, мёртвае цела ўздрыгвала ад удараў майго сэрца.
Я зноўку гаварыў учуткі, я амаль крычаў, а потым засьмяяўся — што, калі нехта з вуліцы пачуў мой голас!
Я нарадзіўся апоўначы, у доме дзеда. Выпусьціўшы мяне, маці адразу сканала, да сямёх год я ня ведаў таксама й бацькі. Бацька загінуў пры мне: лях, Мядынскі, адным ударам прабіў яму грудзі так, што на шырыню далоні са сьпіны выйшла вастрыё шаблі. Пасьля гэтага Мядынскі павёў руку ўніз. Пакуль доўжыўся гэты рух, я і ўсе, хто мог яго бачыць, сачылі за ім. Слабеючы, цела бацькі само села на клінок, нібы ня ў моцы выпусьціць яго вонкі, нібы намагаючыся назаўжды захаваць прыгажосьць удару. Мядынскі азірнуўся, шукаючы мяне. Вельмі дзіўна, што там, у браме палацу ён не пазнаў майго твару. Двойчы я страляў па Мядынскім са сьцяны. Першым разам куля яшчэ да стрэлу выкацілася з рулі, але другім разам яна зачапіла вуха каня, праляцеўшы над галавой вершніка. Чырвоная маска тады азірнулася назад, Мядынскі зразумеў, што яго хочуць забіць.
Я чакаў раніцы, як можа толькі чалавек чакаць сьвятла. У шчылінах паміж дошкамі я бачыў, што неба робіцца падобным да бруднага малака, і сачыў, як гэты колер ліецца на мой твар, на гарачыя й хворыя вочы. Перад самым сьвітанкам я маліўся, адкідваючы непатрэбныя словы пра нараджэньне й страту веры, пра сьвятасьць, пра жыцьцё. Твая радасьць, — я сказаў Мядынскаму, — а мая бяда, твая слава, а мой сьмех. Я ня мог спаць ужо цяпер другую ноч. Некалькі разоў, зьліваючыся са змрокам, я не адчуваў свайго цела, але й тады я ня спаў, а толькі зьнікаў. Аднак ужо малако ліецца на мой твар праз шчыліны й бяжыць па сківіцах, змываючы зь іх попел і зямлю. |
Я адкінуў дошкі й вылез. Была ня раніца — бель разьлілася да самай травы й застыла. У шчарбаты мур ударыла ядро й адразу за ўдарам пракаціўся стрэл, нібы запаволены туманам. Зь вежы стрэлілі ў адказ, пэўна, наўздагад, і на гэты стрэл азваліся адразу некалькі пішчаляў з усіх бакоў. Я зразумеў, што, прыхаваныя туманам, маскоўцы пачынаюць новы штурм. Збоч касьцёлу прыпыніліся вершнікі. Я засьмяяўся — яны не дачакалі Мядынскага, рыцара зь мяккай сьпінай і тварам, уціснутым у бруд. Але Мядынскі ўзьнімецца, праверыць рукой панцыр і ўцягне ротам паветра. Ён прабярэцца ў стайню, каб скрасьці свайго каня й закрыць чырвонай маскай ашчэраны твар, ён скочыць у сядло, прытрымліваючы за бакі карычневага зьвера й пхаючы яму бізуном у патыліцу, каб конь не ўслухоўваўся ў незнаёмы пах гаспадара. Мядынскі выедзе вонкі, запоўніўшы сабой ранішні туман, Мядынскі пахісьнецца ў сядле, калі ў абгародку касьцёлу раптам ударыць ядро, увесь гэты час ён будзе ўсьміхацца, да болю сьціскаць завялікую для сябе шаблю й нечакана адчуе боль — гэта ўжо рука спаўзла на голы клінок і лязо ўгрызлася ў далонь, рана ляжа крыху вышэй старога шнару.
Я выцяг Мядынскага зь ямы, распрануў яго й распрануўся сам. Дзесьці ўнутры нараджалася сонца, нібыта вялікае гарачае вока, якое паліла й адначасова наталяла мяне. Хутка я быў гатовы злучыцца з гэтым сонцам і пачаў адчуваць, як сонца запаўняе ўвесь мой зрок, фарбуючы туман у чырвона-залаты цень.
Цяпер страляніна ішла толькі з паўднёвага ўзьлеску. Нашыя вежы маўчалі, чакаючы, калі паблізу брамы зьбяруцца коньнікі, каб некалькімі першымі залпамі заглушыць стральцоў і даць гусарам магчымасьць выйсьці. Я ўзгадаў, як блішчаць аголеныя шаблі ў імклівым палёце. Мая правая рука ляжала на эфэсе, я прывыкаў зводзіць на ім пальцы. Дарога за касьцёлам здавалася незнаёмай. Некалькі мяшчан пакланіліся мне, саступіўшы шлях, у іхных вачох востра бліснулі мае закутыя ў панцыр плечы. Празь пяцьдзясят крокаў я пабачыў наперадзе вершнікаў каля паўднёвай брамы. Зь дзіды аднаго зь іх усьцяж дрэўка апаў сьцяжок, ужо чорны ад старой крыві, аднак ані вецер, ані бег не сьпяшаліся ўзьвіць палатно — вежы маўчалі, вароты зьліваліся з мурамі. Я ехаў і маўчаў, калі азірнулася некалькі твараў. Вежа раскалолася, на імгненьне выступіўшы з туману, і загула — па ёй стрэлілі адразу дзьве гарматы, і празь нейкі час у сьцяну побач ударыла трэцяе ядро. Гэта адзначала, што да маскоўцаў прыйшла дапамога, бо раней у іх было ўсяго дзьве гарматы. Гусары зараўлі, зьяднаныя жарсьцю й хваляваньнем.
На сьцяне, нібыта пакідаючы чырвоны сьлед, пасьлізнуў цень. Сонца расьсякло туман, выбіўшы на браме доўгую залатую стужку, годную сваёй прыгажосьцю позірку караля. Нечакана нехта зь пяхоты схапіў мяне за сьцягно, адразу палахліва адняўшы пальцы. „Пане Мядынскі! — гэта быў дзядзька Мацей, ён дыхаў, нібы зьвер, і кожнае імгненьне касавурыўся па бакох, толькі часам узіраючыся мне ў вочы. — Пане Мядынскі! Прабачце, — ён адняў руку за сьпіну, — але помніце, учора вы такога паночка бізуном білі“. Брама страсанулася зноў, нібыта ўцяўшыся ў зямлю ад хуткага, хвацкага стрэлу. Палец нешта яшчэ казаў, тонучы ў глыбокім ляманце. Я адвярнуўся ад яго, паказваючы, што ня буду размаўляць, і перахапіў у далонь бізун. Мацей зноўку крануў маё сьцягно: „Пане Мядынскі!“ — і заўважыў кроў на маёй руцэ. Адхіснуўшыся на крок, ён зароў: „Пане Мядынскі! Паночку!“ У гэтае імгненьне я ўдарыў яго нагой у твар і закрычаў сам, у азірнутыя твары гусараў: „Прэч, сабака, быдла п’яное!“ Палец застыў, прыўзьняўшы плечы зь зямлі. „Паночку?“ Грымнулі вежы, і за разьведзенымі паловамі варотаў паказалася набраклая ценямі паласа туману. У разяўленую бель выскачылі гусары, і я ўскінуў бізун, але насьцярожанага каня не прыйшлося падбадзёрваць, ён першым жа скокам сарваўся ў гон, адпіхнуўшы двох павальнейшых скакуноў. Нас панесла ўсьцяж лявіны. Ледзьве толькі за сьпінай засталася брама, я выхапіў шаблю й крутануў яе над галавой, уявіўшы, як глядзяць з муроў на рыцара ў чырвонай масцы. Я закрычаў, як крычаў ён, напінаючыся наперад у сядле. Я крычаў, калі конь абышоў іншых коней, звыкла ачоліўшы першую хвалю — я крычаў у туман, чакаючы адказу ад прытоеных ценяў, і нечакана з туману зьявілася некалькі стральцоў, яны ўцякалі, ужо без асаблівай надзеі выратавацца, кінуўшы зброю пад капыты, і толькі адзін зь іх узмахнуў сякерай, сустракаючы хвалю. Я секануў, і шабля, зачапіўшы ўнізе штосьці тонкае, зазьвінела, адгукнуўшыся на крык, які сьцяўся й патануў далёка ззаду. Справа ўзьнік пагорак, разьдзерты кароткай стужкай стрэлаў, трох вершнікаў побач разьвярнула ў сёдлах.
Што гэта?! Пагорак праплыў міма, узрушаны ўскрыкамі й стрэламі, жывы й нерухомы, набрынялы водбліскамі сонца ў вачох прытоеных стральцоў, і нас вынесла на поле. Я яшчэ не адразу зразумеў, што гэта белае ўскідваюць капытамі коні, я ўсё яшчэ ўзіраўся наперад, чакаючы хвалю насустрач, гарачы, я дапіваў краем позірку кроў зь ляза шаблі, узгадваючы той удар і цяг вастрыя ўздоўж цела. Толькі цяпер я ўчуў сухое храбусьценьне пад капытамі: — колеру сонца косткі прасякалі купіны вугольля, быццам аголеныя, дарэшты выедзеныя душы, да бляску абсмактаныя позіркамі. Чыімі яны былі, хто ляжаў тут, схаваўшы рукой рану на твары, хто ляжаў тут, закрываючы вочы? Калі лягу я, я ня буду закрываць вачэй ад крумкачоў, няхай я буду яшчэ жывы й няхай яны выдзяўбуць мне іх, балючы будзе толькі першы ўдар, але за ім я атрымаю цемру й спакой, бездапаможную й бясконцую цішу. Тут ляжала тысяча людзей, дзе-нідзе блізу вялікага чэрапу застыў маленькі, амаль празрысты, зь неверагодна вялікімі вачніцамі, дзе-нідзе амаль цэлая рука вытыркалася зь зямлі, каб разьняволена расьціснуць пальцы й болей нічым не пагражаць нябёсам, дзе-нідзе не было нічога. Цяпер я разумеў мінулую ноч, і сьмерць, народжаная мной, злучалася з паміраньнем тут, я мусіў паміраць. Разгубленыя гусары павярнулі коней, і тут са схілу пагорку марудна й цяжка спаўзла такая чаканая мной хваля.
Досыць мяккі дотык паветра ўсё ж абудзіў мяне. Ня здолеўшы раскрыць вочы, я заставаўся ляжаць, адчуваючы на вуснах заход і апошнія промні сонца. Цемра, спачатку ўспрынятая мной як ціша, адасобіла мяне ад майго цела, і я болей не імкнуўся вярнуцца.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (16) – 2001 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |