A R C H E N a r o d n y  n u m a r № 2 (16) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22001
» да Зьместу «

 


Народны нумар
 


гісторыі

ГАЙНРЫХ БЁЛЬ
Вокладка ARCHE 2-2001. Народны нумар

   Мінулыя нумары:

   Скарына (1-2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Гайнрых Бёль 
Мой сумны твар 

Калі я стаяў на прычале, назіраючы за крачкамі, мой сумны твар кінуўся ў вочы паліцыянту, што меў рабіць абход таго кварталу. Я цалкам паглыбіўся ў назіраньне лунаючых птушак, якія нездарма ўзьнімаліся ўгару й абрыналіся ўніз у пошуках якой-колечы ежы: порт быў спустошаны, вада зеленаватая, тлустая ад бруднай нафты, а ў скрынцы на яе паверхні плаваў разнастайны хлам, не відаць было ніводнага карабля, адно заржавелыя краны, закінутыя сховішчы, і здавалася, што нават пацукам не жывецца сярод чорных руін па-над узьбярэжжам, і было ціха. Ужо шмат гадоў былі абрэзаныя ўсякія зносіны з вонкавым сьветам.

Я спыніў вока на адной з крачак і сачыў за яе палётамі. Пужлівая, нібы ластаўка, што прадчувае непагадзь, яна лунала збольшага па-над вадою, толькі зрэдку з пранізьлівым крыкам адважвалася да кідку ўгару, каб зьяднаць свой шлях са шляхам сваіх таварышак. Каб я мог замовіць жаданьне, то бохан хлеба быў бы мне мілейшы за ўсё, я б скарміў яго крачкам, адламаў ад яго кавалак і вызначыў бы гэтым бязладным палётам белую кропку, да якой бы яны імкнуліся, паставіў бы ім мэту, кідком кавалка хлеба выпрастаў бы гэтую крыклівую блытаніну сьляпых лётаў, як бы зьбіраў у адзін пучок ніткі. Але я таксама быў галодны, як і яны, таксама стомлены, але шчасьлівы, нягледзячы на мой смутак, бо было добра стаяць тут, рукі ў кішэнях, глядзець на крачак і піць смутак.

Але раптам чыясьці службовая рука лягла на маё плячо, і чыйсьці голас прамовіў: „Хадзеце за мной!“ Пры гэтым рука паспрабавала разьвярнуць мяне, таргануўшы за плячо. Я не зварушыўся, скінуў яе і спакойна сказаў: „Вы звар’яцелі“.

„Таварыш, — сказаў усё яшчэ нябачны чалавек, — я вас папярэджваю“.

„Пане“, — адказаў я.

„Паноў няма, — гнеўна выгукнуў ён, — мы ўсе таварышы“.

Ён падсунуўся й цяпер стаяў побач са мной, гледзячы на мяне збоку, і я быў вымушаны спыніць шчасьлівае блуканьне свайго позірку й апусьціць яго на гэтыя вернападданыя вочы: гэты чалавек быў сур’ёзны, быццам байвол, які дзесяцігодзьдзямі ня жэр нічога, акрамя абавязку.

„На якой падставе...“ — пачаў я.

„Падстава дастатковая, — сказаў ён, — ваш сумны твар“.

Я засьмяяўся.

„Ня сьмейцеся!“ — Ягоны гнеў быў непадробным. Я быў падумаў, што ён знудзіўся, бо не траплялася арыштаваць ніводнай незарэгістраванай прасталыткі, ніводнага п’янога марака, ні злодзея, ні ўцекача, але цяпер я бачыў, што справа была сур’ёзная: ён хацеў арыштаваць мяне. — „Хадзеце за мной!..“
 

 — аўтар апавяданьняў і раманаў, Нобэлеўскі ляўрэат 1972 г. Прыйшоў у літаратуру пасьля вайны, адзін з найбольш значных аўтараў постнацысцкага пакаленьня. Катастрофа Эўропы 1929-1945 гадоў пазначыла ўсю ягоную творчасьць, што выкрывае абсурднасьць і жахі нямецкага расізму. Глыбокі гуманіст у традыцыйным эўрапейскім разуменьні гэтага слова й каталіцкі сацыяліст паводле перакананьняў. Ягоныя найбольш вядомыя творы - „Дзе ты быў, Адаме?" (1951), „Більярд а палове на дзясятую" (1959), „Групавы партрэт з дамай" (1972), а таксама экранізаваны Шлёндарфам „Зьняслаўлены гонар Катарыны Блюм" (1974).
   

„А за што?“ — спакойна спытаўся я.

Я не пасьпеў нават заўважыць, як вакол майго запясьця абвіўся тонкі ланцуг, і ў той момант я зразумеў, што зноў прапаў. У апошні раз я павярнуўся да лунаючых крачак, паглядзеў у прыгожае шэрае неба й раптоўным выкрутам паспрабаваў кінуцца ў ваду, бо мне падалося, што валей ужо патануць самому, нават у гэтай бруднай жыжцы, чымся даць прыдушыць сябе якому-небудзь сэржанту на якім-небудзь заднім двары ці зноў трапіць за краты. Але паліцыянт адным рыўком падцягнуў мяне так блізка сябе, што ўцёкі былі ўжо немагчымыя.

„А за што?“ — спытаўся я яшчэ раз.

„Ёсьць закон, згодна зь якім вы павінны быць шчасьлівым“.

„Я шчасьлівы!“ — закрычаў я.

„Ваш сумны твар...“ — ён пакруціў галавой.

„Але гэта новы закон“, — сказаў я.

„Яму ўжо трыццаць шэсьць гадзін, а вы, мусіць, ведаеце, што кожны закон набывае моц праз дваццаць чатыры гадзіны пасьля ягонага абвяшчэньня“.

„Але я ня ведаю яго“.

„Гэта не вызваляе вас ад адказнасьці. Ён быў абвешчаны заўчора, праз усе рэтрансьлятары, ва ўсіх газэтах, а для тых, — тут ён пагардліва зірнуў на мяне, — для тых, хто не карыстаецца дасягненьнямі прэсы й радыё, гэта паведамлялася праз улёткі, іх раскідвалі па ўсіх вуліцах імпэрыі. Так што яшчэ высьветлім, дзе вы правялі апошнія трыццаць шэсьць гадзін, таварыш“.

Ён пацягнуў мяне прэч. Толькі цяпер я адчуў, што было холадна, а ў мяне не было палітону, толькі цяпер мой голад па-сапраўднаму ачуняў і загыркаў перад форткай страўніка, толькі цяпер я скеміў, што яшчэ быў брудным, няголеным, абсморганым і што існавалі законы, паводле якіх кожны таварыш павінен быць чыстым, голеным, шчасьлівым і сытым. Ён штурхаў мяне пе рад сабой, быццам пудзіла, якому, злоўленаму на крадзежы, давялося пакінуць месца сваіх летуценьняў на мяжы поля. Вуліцы пуставалі, шлях да пастарунку нядоўгі, і хоць я й раней разумеў, што хутка яны зноў знойдуць якую-небудзь прычыну, каб арыштаваць мяне, на сэрцы ў мяне ўсё ж было цяжка, бо ён мяне вёў паўзь месцы майго юнацтва, якія я зьбіраўся адведаць пасьля агляду порту: сады, калісьці поўныя кустоўя, прыгожыя ў сваім бязладзьдзі, зарослыя сьцежкі — цяпер усё гэта было сплянавана, уладкавана, чыста, чатырохкутна прыстасавана для патрыятычных злучэньняў, якія панядзелкамі, серадамі й сыботамі мусілі ладзіць тут свае парадныя маршы. Толькі неба было ранейшым і паветра — такім самым, як у тыя дні, калі сэрца маё поўнілася марамі.

Ідучы па вуліцы, я бачыў, што дзе-нідзе казармы каханьня ўжо павывешвалі шыльды, што прызначаліся для тых, чыя чарга браць удзел у гігіенічнай радасьці надыходзіла па серадах; некаторыя шынкі таксама, мусіць, меліся выкінуць знак піцьця, бляшаны піўны куфаль з папярэчнымі палосамі колераў імпэрыі: сьветла-карычневы-цёмна-карычневы-сьветла-карычневы. Радасьць, напэўна, ахінула ўжо сэрцы тых, хто стаяў у дзяржаўным сьпісе сярэдашніх пітакоў і мог узяць удзел у сярэдашнім піве.

Усе людзі, што трапляліся нам па дарозе, несьлі выяўны адбітак стараннасьці. Тонкі флюід руплівасьці атачаў іх, бадай, яшчэ больш, калі яны заўважалі паліцыянта; усе яны прысьпешвалі хаду, іх твары дазваньня спаўняліся пачуцьцём абавязку, а жанчыны, якія выходзілі з крамаў, намагаліся надаць сваім тварам выраз чаканай ад іх радасьці, бо ім загадвалася выказваць радасьць, бадзёрую весялосьць, што вынікала з абавязкаў хатняй гаспадыні, выхаванай сілкаваць дзяржаўнага рабочага добрай вячэрай пасьля працы. Адылі ўсе гэтыя людзі спрытна ўнікалі нас так, што нікому не даводзілася беспасярэдне сутыкацца з намі; там, дзе на вуліцы зьяўляліся сьляды жыцьця, яны зьнікалі за дваццаць крокаў да нас, кожны стараўся хутка зайсьці да якой-небудзь крамы ці збочыць за рог, а хтосьці, мабыць, уваходзіў у незнаёмы яму будынак і, пераляканы, чакаў, пакуль не сьціхалі нашыя крокі.

Толькі аднойчы, калі мы якраз міналі скрыжаваньне, з намі сутыкнуўся нейкі мужчына, на якім я вобмельгам заўважыў адзнакі настаўніка; ён ужо ня мог унікнуць нас і тады пастараўся, перш павітаўшы належным чынам паліцыянта (тройчы стукнуўшы самога сябе, у знак абсалютнай пакорлівасьці, даланёй па галаве), дык вось, ён пастараўся выканаць свой абавязак, які патрабаваў ад яго тройчы плюнуць мне ў твар і аблаяць абавязковым гукам „здрадніцкая сьвіньня“. Ён цэліў добра, але дзень быў сьпякотны, у горле ягоным, відаць, было суха, бо ў мяне лучылі адно колькі мізэрных, даволі бязрэчыўных шматкоў, якія я — насуперак загаду — мімаволі паспрабаваў выцерці рукавом; з гэтай нагоды паліцыянт даў мне высьпятка ў азадак і ўдарыў мяне кулаком пасярод хрыбетніка, дадаўшы спакойным голасам: „першая ступень“, што значыла: першая, наймякчэйшая з ужываных кожным паліцыянтам формаў пакараньня.

Настаўнік пасьпешліва пайшоў. За выняткам яго, усім удавалася ўнікнуць нас; толькі яшчэ ля адной казармы каханьня жанчына, якая перад вячэрнімі пацехамі брала загаданую паветраную ванну, бледая, азызлая бляндынка, даслала мне мімалётны паветраны пацалунак, і я ўдзячна ўсьміхнуўся, тым часам як паліцыянт стараўся ўдаць, быццам ён нічога ня бачыў. Яны выхаваны дазваляць гэтым жанчынам такія вольнасьці, якія з боку любога іншага таварыша непазьбежна заслужылі б цяжкае пакараньне; бо паколькі гэтыя жанчыны вельмі істотна прычыняюцца да ўздыму ўсеагульнай радасьці працы, лічыцца, што яны нібыта стаяць па-за законам — саступка, важкасьць якой упільнаваў дзяржаўны філёзаф ДрДрДр. Бляйгёт, закляйміўшы яе ў абавязковым часопісе па (дзяржаўнай) філязофіі як знак пачатку лібэралізацыі. Я прачытаў пра гэта мінулым днём, на шляху да сталіцы, знайшоўшы ў прыбіральні на нейкай сялянскай сядзібе некалькі старонак часопісу, да якіх нейкі студэнт — пэўна, сялянскі сын — дадаў вельмі дасьціпныя заўвагі.

Урэшце мы дабраліся да пастарунку — шчасьце, бо якраз загулі сырэны, а гэта значыла, што вуліцы хутка мусілі напоўніцца тысячамі людзей з выразам памяркоўнага шчасьця на тварах (бо загадана было пасьля працы выказаць ня надта вялікую радасьць — інакш вынікала б, што праца была зацяжкаю; весялосьць жа, наадварот, мела панаваць перад пачаткам працы, весялосьць і сьпевы), усім гэтым тысячам давялося б пляваць на мяне. Сыгнал сырэны, адылі, адзначаў дзесяць хвілін да сканчэньня працы, бо кожны быў выхаваны на дзесяць хвілін аддавацца грунтоўнаму мыцьцю, згодна зь лёзунгам сучаснага кіраўніка дзяржавы: шчасьце й мыла.

Дзьверы квартальнага пастарунку, простай бэтоннай скрыні, ахоўвалі два вартавыя, якія, калі мы іх міналі, ужылі да мяне звычную „фізычную меру“: моцна ўдарылі мяне дручкамі па скронях і наставілі рулі сваіх пісталетаў на мае ключыцы, згодна з прэамбулай да дзяржаўнага закону 1: „Кожны паліцыянт, уважаючы кожнага схопленага (яны маюць на ўвазе арыштаванага) за гвалт над сабой, павінен адпаведным чынам расквітацца зь ім за гэта. Гэта не датычыць таго, хто схапіў, бо яму выпадае шчасьце браць удзел ува ўжываньні неабходных фізычных мер пры допыце“. Сам дзяржаўны закон 1 мае наступны зьмест: „Любы паліцыянт можа пакараць любога таварыша. Ён павінен пакараць любога, хто вінаваты ў парушэньні закону. Ніводны таварыш ня вольны ад пакараньня, існуе толькі магчымасьць вызваленьня ад пакараньня“.

Цяпер мы крочылі паўз доўгі голы калідор, у якім было шмат вялікіх вокнаў; адны зь дзьвераў аўтаматычна адчыніліся, бо вартавыя тымчасам паведамілі пра нашае прыбыцьцё, а ў тыя дні, калі ўсё было шчасьліва, паслухмяна, прыстойна й кожны намагаўся ў цягу дня змыць загаданы фунт мыла, прыбыцьцё затрыманага ўжо было падзеяй.

Мы ўвайшлі ў амаль пусты пакой, у якім быў толькі пісьмовы стол з тэлефонам і два фатэлі, я мусіў стаць на сярэдзіну пакоя; паліцыянт зьняў свой шлем і сеў.

Спачатку панавала ціша й нічога не адбывалася; яны заўсёды так робяць; гэта найгорш за ўсё; я адчуваў, як мой твар усё больш зьмякае, я быў стомлены й галодны, і нават апошні сьлед таго сумнага шчасьця цяпер зьнік: я ведаў, што прапаў.

Праз колькі сэкундаў у пакой моўчкі ўвайшоў бледы даўгі чалавек у ка рычняватай уніформе адказнага за папярэдні допыт; ні слова ня кажучы, ён сеў і паглядзеў на мяне.

„Прафэсія?“

„Просты таварыш“.

„Нарадзіўся?“

„Э. Э. адзін“, — сказаў я.

„Апошні занятак?“

„Вязень“.

Яны пераглянуліся.

„Калі й дзе вызвалены?“

„Учора, будынак 12, камэра 13“.

„Куды вызвалены?“

„У сталіцу“.

„Пасьведчаньне“.

Я выцягнуў з кішэні пасьведчаньне аб вызваленьні й падаў яму. Ён прымацаваў яго да зялёнай карткі, на якой ужо пачаў занатоўваць мае зьвесткі.

„Тагачаснае правапарушэньне?“

„Шчасьлівы твар“.

Яны пераглянуліся.

„Растлумачыць“, — сказаў адказны за папярэдні допыт.

„Тады, — сказаў я, — мой шчасьлівы твар кінуўся ў вочы паліцыянту ў дзень, калі быў загаданы ўсеагульны смутак. Гэта быў дзень сьмерці кіраўніка“.

„Даўжыня пакараньня?“

„Пяць“.

„Паводзіны?“

„Дрэнныя“.

„Падстава?“

„Нездавальняючая працоўная дысцыпліна“.

„Скончана“.

За гэтым адказны за папярэдні допыт узьняўся, падышоў да мяне й выбіў мне дакладна тры пярэднія сярэднія зубы: знак таго, што я мусіў быць заклеймаваны як рэцыдывіст, узмоцненая мера пакараньня, да якой я ня быў гатовы. Пасьля адказны за папярэдні допыт пакінуў пакой, і ўвайшоў тоўсты дзяцюк у цёмна-карычневай уніформе — сьледчы.

Яны білі мяне ўсе: сьледчы, старшы сьледчы, галоўны сьледчы, пачатковы судзьдзя й канцавы судзьдзя, і між гэтым паліцыянт спраўляў усе фізычныя меры, як тое загадваў закон; і за мой сумны твар яны прысудзілі мне дзесяць гадоў, таксама як пяць гадоў таму прысудзілі пяць гадоў за шчасьлівы твар.

Што ж да мяне, то мушу паспрабаваць зусім ня мець больш твару, калі толькі здолею вытрываць наступныя дзесяць год пры шчасьці й мыле...

1950

Пераклаў зь нямецкай Алесь Пяткевіч паводле
Heinrich Böll. Mein Trauriges Gesicht.
Москва: Прогресс, 1968.
 

 

 
   
Галасуй за ARCHE :

br.gis.com.by
D
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (16) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 07-06-2001