|
|
Сяргей Дубавец
Ня трэба двух, каб пачаць
Сучасны беларускі нацыяналізм — гэта праява арыстакратызму духу і антыпод пралетарскай плебэізацыі. Чалавек не радавіты, не багаты і не адукаваны, які, тым ня менш, умее цаніць такія каштоўнасьці, як род, багацьце і адукацыя, ужо тым самым далучаецца да іх і атрымлівае магутны жыцьцёвы стымул. Ня так важна, што кажа пра цябе натоўп, што кажуць „усе“, што кажа ўлада. Ты — беларус, значыць, адносна натоўпу, „усіх“ і ўлады — жывеш у большай згодзе зь мінуўшчынай, поступам і густам.
Арыстакратыя пакінула Беларусь. А менавіта яна ў колішнія часы будавала краіну — падымала гарады, адкрывала ўнівэрсытэты, назапашвала скарб краю, адбівала вонкавыя агрэсіі і ўтаймоўвала нізкія інстынкты люду паспалітага. Зьехалі-прапалі Радзівілы, Сапегі, Панятоўскія — носьбіты арыстакратычнага гарту і высакародзтва. Аднак нікуды ня дзеўся арыстакратызм духу — блізкі кожнай беларускай душы. Гэтае самапачуцьцё і зьвязаную зь ім жыцьцёвую практыку мы называем сучасным беларускім нацыяналізмам.
Догляд, назапашваньне, стварэньне скарбаў матэрыяльных і духоўных — вось што супрацьпастаўляе нацыяналізм папулісцкім лёзунгам калектывізму, роўнасьці ў жабрацтве і адзінству-„единообразию“. Нацыяналізм — зусім прыватны ў зародку, ягоная свабода — індывідуальная. Але якраз на ягоных прынцыпах будуецца нацыя, яе самапавага і яе прэстыж у сьвеце.
Нескладана адчуць сябе арыстакратам духу. Дастаткова адчуць сябе беларусам. Складана зрабіць такі арыстакратызм праектам ці зьместам уласнага жыцьця. Важна не памыліцца — не азірацца па баках, не імкнуцца да гурту, не дзяліць адказнасьці. Як пісаў Караткевіч, „ня трэба двух, каб пачаць“.
|
|