A R C H E N a r o d n y  n u m a r № 2 (16) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22001
» да Зьместу «

 


Народны нумар
 


лірыка

ЗЬБІГНЕЎ ГЭРБЭРТ
Вокладка ARCHE 2-2001. Народны нумар

   Мінулыя нумары:

   Скарына (1-2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Зьбігнеў Гэрбэрт 
Рапарт з Гораду ў аблозе 

Застары насіць зброю й змагацца як іншыя —

прызначылі мне з ласкі някідкую ролю летапісца
запісваю — невядома для каго — гісторыю аблогі

павінен быць дакладны але ня ведаю калі пачаўся наезд
дзьвесьце год таму ў сьнежні верасьні можа ўчора на золку
усе хварэюць тут на страту пачуцьця часу

засталося нам толькі месца прывязанасьць да месца
яшчэ трымаем руіны сьвятыняў прывіды садоў і хат
калі аддамо руіны не застанецца нічога

пішу як умею ў рытме бясконцых тыдняў
панядзелак: скарбніцы пустыя абаротнай адзінкаю стаўся пацук
аўторак: невядомыя злачынцы забілі мэра
серада: перамовы аб спыненьні агню вораг інтэрнаваў нашых

пасланцоў
ня ведаем месца іхнага знаходжаньня гэта значыць месца
сьмерці
чацьвер: на бурлівым сходзе адхілілі большасьцю галасоў
прапанову бакалейнікаў аб безагаворнай капітуляцыі
пятніца: пачатак чумы субота: скончыў самагубствам
N.N. нязломны змагар нядзеля: няма вады адбілі
штурм усходняй брамы званай Брамай Хаўрусу

ведаю аднастайнае гэтае ўсё нікога ня зможа ўзрушыць

пазьбягаю камэнтароў здушыўшы эмоцыі пішу пра факты
здаецца толькі іх цэняць на замежных рынках
але з пэўным гонарам прагну паведаміць сьвету
што вывелі мы дзякуючы вайне новы гатунак дзяцей
нашыя дзеці ня любяць казак гуляюць у забіваньне
наяве і ў сьне мараць пра суп хлеб і косткі
зусім як каты й сабакі

увечары люблю блукаць па ўскрайках Гораду
ўздоўж межаў нашай хісткай свабоды
гляджу з муроў на груды войскаў іх агні
слухаю галас барабанаў барбарскія крыкі
напраўду неспасьціжна што Горад яшчэ змагаецца
 

 — (1924-1998) - адзін з найбольш вядомых і перакладаных польскіх паэтаў другой паловы ХХ ст. Ягоныя вершы клясычныя шанаваньнем культурнай традыцыі, адбудоўваньнем ладу й сэнсу сьвету на апорах ацалелых каштоўнасцьцяў. Паэтаў „клясычны традыцыяналізм" польскі крытык Артур Сандаўэр назваў ружаю, ахвяраванай здраджанаму нігілістамі сьвету.
   

аблога цягнецца доўга ворагі змушаныя мяняцца
нішто іх ня лучыць акрамя прагі нас зьнішчыць
готы татары швэды царскія ратнікі Праабражэнскія палкі

хто іх там палічыць
колеры сьцягоў мяняюцца як лес на даляглядзе
ад пяшчотнага птушынага жоўтага ўвесну

церазь зялёны чырвоны
     да зімовага чорнага

тады ўвечары вызвалены ад фактаў магу паразважаць
пра справы мінулыя далёкія напрыклад пра нашых
саюзьнікаў за морам ведаю спачуваюць шчыра
шлюць муку мяхі бадзёрасьці тлушч і добрыя парады
ня ведаюць нават што здрадзілі нам іхныя бацькі
нашыя колішнія аліянты з часоў другое Апакаліпсы
сыны невінаватыя заслугоўваюць удзячнасьці то мы ўдзячныя

яны не перажылі доўгай як вечнасьць аблогі
тыя каго кранула няшчасьце заўсёды самотныя
абаронцы Далай-ламы курды аўганцы гаране

цяпер калі пішу гэтыя словы прыхільнікі згоды
здабылі пэўную перавагу над лягерам нязломных
звычайнае хістаньне настрояў лёсы яшчэ на шалях

цьвінтары растуць малее лік абаронцаў
але абарона працягваецца й будзе трываць да канца

і калі Горад загіне але застанецца адзін
ён будзе несьці Горад у сабе па дарогах выгнаньня
ён будзе Горад

гледзімо ў вочы голаду вочы агню вочы сьмерці
найгоршыя з усіх — вочы здрады

і толькі сны нашыя засталіся няскораныя
 

 
   

 

Пан Cogito — вяртаньне

1

Пан Cogito
вырашыў вярнуцца
на каменныя палеткі
бацькаўшчыны

рашэньне гэтае драматычнае
пашкадуе аб ім горка

ня можа аднак болей
стрываць каляквіялізмаў
comment allez-vous
wie geht’s
— how are you

пытаньні на выгляд простыя
патрабуюць мудрагелістага адказу

Пан Cogito зрывае
повязі ветлівай абыякавасьці

перастае верыць у прагрэс
хвалюе яго ўласная рана

праявы заможнасьці
напаўняюць яго нудою

прывязаўся толькі
да дарыйскай калюмны
касьцёлу Сан-Клеман
партрэту пэўнай дамы
кніжкі якой не пасьпеў прачытаць
і пары іншых дробязяў

такім чынам вяртаецца

бачыць ужо
мяжу
перааранае поле
забойчыя вартаўнічыя вежы
густыя зарасьнікі дроту

бязгучныя
панцыраваныя дзьверы
замыкаюцца павольна за ім

і вось
ён
адзін
у скарбніцы
усіх няшчасьцяў
 

 
   

2

то навошта вяртаецца
пытаюцца сябры
зь лепшага сьвету

мог бы тут застацца
неяк уладкавацца

рану даручыць
хімічным адбельнікам

пакінуць у чакальнях
вялікіх лётнішчаў

то навошта вяртаецца

— да вады дзяцінства
— да зблытаных каранёў
— да поціску памяці
— да рукі твараў
спаленых на кратках часу

пытаньні на выгляд простыя
патрабуюць мудрагелістага адказу

можа Пан Cogito вяртаецца
каб адказаць

на нашэптваньні страху
на шчасьце немагчымае
на ўдар зьнянацку
на сьмяротнае пытаньне
 

 
   

 

Моц смаку

Пані прафэсару Iзыдоры Домбскай

Там зусім непатрэбны быў моцны характар
у нашай адмове нязгодзе і ўпоры
мелі мы крыху неабходнай сьмеласьці
але ў прынцыпе было гэта справай смаку

Так смаку
ў якім ёсьць валокны душы і храсткі сумленьня

Хто ведае, калі б нас лепш і прыгажэй спакушалі
падсылалі жанчын ружовых плоскіх як аплатка
ці фантастычныя стварэньні з палоцен Героніма Босха
але пекла ў той час было якое
мокры дол завулак забойцаў барак
названы палацам правасудзьдзя
самагонны Мэфістофэль у ленінскім палітоне
высылаў у правінцыю ўнучкоў Аўроры
хлапцоў з бульбянымі тварамі
надзіва брыдкіх дзяўчат з чырвонымі рукамі

Сапраўды іх рыторыка была аж занадта зрэбная
(Марк Туль варочаўся ў магіле)
ланцугі таўталёгіі пару паняткаў як цапы
дыялектыка катаў ніякай элегантнасьці ў разважаньнях
сказы пазбаўленыя хараства ўмоўнага ладу

Аднак эстэтыка можа прыдацца ў жыцьці
нельга запускаць навукі аб прыгажосьці

Перш як абвесьціць пра далучэньне трэба ўважліва

вывучаць
тып архітэктуры рытм барабанаў і трубаў
афіцыйныя колеры ганебны рытуал хаўтураў

Нашыя вочы й вушы адмовіліся служыць
тыя што валадараць нашым успрыняцьцем выбралі

годнае выгнаньне

Там зусім непатрэбны быў моцны характар
мелі мы крыху неабходнай сьмеласьці
але ў прынцыпе было гэта справай смаку

Так смаку
які загадвае выйсьці скрывіцца працэдзіць кпіны
нават калі б за гэта мела ўпасьці бясцэнная капітэль цела
галава

З польскай пераклала Ілона Урбановіч-Саўка
паводле „Raport z oblężonego Miasta“ (1983)

 

 

 
   
Галасуй за ARCHE :

br.gis.com.by
D
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (16) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 07-06-2001