A R C H E | N a r o d n y n u m a r | №
2 (16) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
САКРАТ ЯНОВІЧ | |||||
|
Сакрат Яновіч
|
— кіраўнік культурнага асяродку Villa Sokrates у Крынках (Беласточчына). Эсэіст, празаік, выдавец альманаху Annus Alboruthenicus, суаўтар „Czasopisa". Апошнія кнігі Сакрата Яновіча - „Запісы веку" („Бібліятэка „Белавежы", 1999) і кніга разважаньняў пра гістарычны лёс Беларусі, пабудаваная ў выглядзе дыялёгу з журналістам Юркам Хмялеўскім „Nasze tysiąc lat" (Таварыства беларускіх журналістаў у Польшчы, 2000). Сярод апошніх публікацый - прадмова да „ARCHE-Панславізм: думка і злачынствы", эсэ „Ўсе мы патроху жыды" ў „ARCHE-Габрэйскі нумар", артыкул „Дастаеўскі Беларусі" (ARCHE-Скарына, № 8-2000). |
Акупацыйны пэрыяд — гады 1941–44 — вызначыўся яшчэ й такою асаблівасьцяй, што праваслаўным не давяралася, — як патэнцыйным прыхільнікам камуністаў і наскіданых з самалётаў савецкіх партызанаў. Быць каталіком, а найлепей Палякам азначала большую асабістую бясьпеку. Фармацыі АК не зачапалі немцаў, у адпаведнасьці са штабною дактрынаю „двух варагоў“; фашызм змагаўся з бальшавізмам, таму апэратыўныя пляны польскага мілітарнага падпольля залежалі ад разьвіцьця сытуцыі на фронце, з разьлікам на фінальнае аслабленьне абодвух ваюючых бакоў, каб магчы выступіць потым у ролі сьвежай і добра арганізаванай трэцяй сілы, дыктуючай у фінале ўмовы кожнаму акупанту. У цывільным кантэксьце глеба дзеля такога зыходу справаў рыхтавалася шляхам насычанасьці адміністрацыйных уладаў польскім патрыятычным элемэнтам, што не ўяўляла сабою надта вялікай складанасьці: нямецкія акупанты, ня маючы чалавечых рэзэрваў, ахвотна прымалі на службу спрактыкаваных бюралістаў, натуральна, з кадраў упалай Польшчы. Адукаваныя асобы з асяродзьдзя праваслаўных былі рэдкасьцяй, і таму акупацыя адрозьнівалася ад даваеннае Польшчы — у масавым адчуваньні — тым толькі, што начальнікамі сталі немцы й хадзілі нямецкія грошы. Частыя расстрэлы праваслаўных і ня так частыя каталікоў, якія знаходзілі абарону з боку каталіцкіх функцыянэраў, пасеялі й замацавалі раскол паміж канфэсіямі. Гэта тады „польскія“ парабіліся палякамі. „Рускія“ надалей заставаліся тутэйшымі, беларуская прапаганда сюды слаба даходзіла, спарадычна, без арганізацыйнай рэгулярнасьці. У лясох сядзелі Саветы, сваймі поначнымі нападамі на жандараў дадаткова згушчаючы аўру падазронасьці да „кацапаў“. Нэгатыўнае стаўленьне да „першых Саветаў“, іхных калгасаў трохі лагодзіла ціхая камісарская палітычная плётка, што Сталін нібы даў загад вярнуць гаспадарам зямлю, адчыніць усе цэрквы. Частковым доказам таго бачыліся зноў афіцэрскія пагоны ды барадатыя бацечкі як капэляны ў вайсковых атрадах (нікому не прыходзіла ў галаву здагадка пра ліпнасьць такіх захадаў, дзейнічаў міт дрэнна інфармаванага добрага цара). Чарговы ўздым польскасьці ў нашым староньні зноў жа выклікалі расейцы, цяпер у якасьці расейскамоўных Саветаў, у іх другі прыход летам 1944 году. У выніку Ялцінскіх пагадненьняў — вяртаньня да старога праекту „лініі Керзана“ — Беласточчына адыходзіла пад Польшчу, і таму заеліся езьдзіць па вёсках і мястэчках камісарскія агітатрады, арганізоўваючы рэпатрыяцыю насельніцтва ў Савецкі Саюз. Па маскальскай звычцы яны не чапалі каталікоў, лічачы іх палякамі. Усю сваю энэргію й „кацапскую“ хітрасьць канцэнтравалі на праваслаўных, маючы ад таго відавочную карысьць у выглядзе рублёвых авансаў. Вынікаў дабіліся, аднак, мізэрных. Паддаліся іхным „уговорам“ адны былыя актывісты камуністычнага падпольля й партызанскія сувязныя, якім пагражала „куля ў лоб ад АК“ (трохі напраўду назабівалі). Праваслаўная маса надалей баялася калгасаў і бальшавіцкага безгалоўя, няблага спазнаных за „першымі Саветамі“. У тое двухгодзьдзе ўпаў міт „власти народа “: поначныя выклікі на „белыя мядзьведзі“, дэфіцыт тавараў, славутыя „очереди“, дармавая праца на вырубках лясоў, нелягічнасьць уладных пачынаньняў, нахабнае махлярства ўсякіх начальнікаў ды іх культурны прымітывізм. І мноства іншых нечуваных заганаў, якіх не было пад „панскай Польшчаю “, што ўсё ж пільнавалася законнасьці. У яе адміністрацыйны апарат не дапускаліся дэбілы ці амаральныя адзінкі, п’яніцы. Такім чынам апынуліся праваслаўныя пад ціскам падвойнага страху, дакладней кажучы: з абодвух бакоў — зьвязаныя з АК палякі ахвотна выштурхоўвалі іх у „савецкі рай“, што вельмі падабалася тым жа агітатарам, ад якіх адзінаю абаронаю было атаясаміцца з паляцтвам. Памятаная старажыламі багатая царская Расея зрабілася вось сынонімам бяды й няшчасьця. Характэрны наконт гэтага інцыдэнт быў недзе ў 1948 годзе. Калі ў час канчатковай дэлімітацыі дзяржаўнай мяжы выявілася, што шэраг вёсак Саветы беспадстаўна далучылі да Беларускай ССР (уздоўж рэчкі Сьвіслач — Малыя Азяраны, Вялікія Азяраны, Белагорцы, Ласіняны, Рудакі, Юраўляны і інш.), вяскоўцы перакапалі дарогі да іх мясцовасьцяў глыбознымі равамі, а калі савецкія пагранічнікі ўзяліся засыпаць, каб маглі праехаць грузавікі дзеля вывазу людзей у глыб БССР, бабы зь дзецьмі й старымі мужчынамі палягалі перад машынамі… няшмат ім, пэўна, гэта дапамагло б, але, відаць, умяшаліся тадышнія польскія ўлады, яшчэ паўбуржуазнага толку. Азяранцы з ласінянцамі, хоць і праваслаўныя, мала не пашалелі ад радасьці, што вярнулася да іх Польшча. Яны пасьля ня надта хацелі й прызнаваць сябе беларусамі, зь пярэпалаху таго. Дачок і сыноў, як толькі падрасталі, хутка выпраўлялі ў сьвет, абы далей ад чырванасьцяжнай краіны. Ніхто не прамяняе лепшае на горшае, нават нацыяналіст або нават сын Хрушчова, што ўдала пастараўся аб амэрыканскае грамадзянства. Гэта ўнівэрсальнае. У Чэскай Рэспубліцы, за рэчкаю Ользаю, існавала так званая Малая Польшча, рэгіён, заселены амаль выключна палякамі, якім пасьля вайны далі магчымасьць рэпатрыявацца ў Маці-Айчыну. Калі з Заходняй Беларусі і Ўкраіны імчалі ў той час за Буг сотнямі тысяч, дык з таго ж Заользя раптам… адна асоба! Бо быт у Чэхіі не саступаў эўрапейскаму. Сёньнячы там польскамоўнае скурчылася да інтэлігенцкай элітнасьці, нягледзячы на афіцыйнае дзьвюхмоўе, урадавае заахвочваньне ажно да ўзроўню нечага кшталтам культурнай аўтаномнасьці. Асымілююць не нацыяналісты супраціўнай нацыі, але супольны хлеб, лёс. Адраджэньне польскага духу ў заходніх рэгіёнах былога Савецкага Саюзу адбываецца ня столькі ад безагляднага каханьня да нацыянальнае культуры, хоць і гэта важнае, але перш за ўсё нават ад іміджу паляка як чалавека нябеднага, нежабрачага. У Польшчы нават беспрацоўны маецца лепей, чымся працавіты калгасьнік. Прычым заўсёды можа падхапіць неафіцыйную халтурку, г. зн. ціхі заробак, не абкладзены падаткам. „Благодаря“ расейскаму імпэрыялізму этнічная база дзеля ўзьнікненьня беларускай нацыянальнай сьведамасьці скурчылася ў нас да арэалу праваслаўя, што цалкам задавальняла й варшаўскі ўрад, які спадцішна пабойваўся, каб Крэмль не дадумаўся перагледзець граніцы, кіруючыся этна-нацыянальным прынцыпам. Сьледам за татальным расьсяленьнем украінцаў, што кампактна пражывалі на закерзоньні — ад Уладавы й Холму да Замосьця, Пярэмышля й Крыніцы, — высьпяваў у Варшаве намер гэтак жа распыліць па захадзе Польшчы беларускамоўную Беласточчыну. Кінулі думаць пра гэта, калі аказалася, што этнічныя беларусы зусім ня хочуць быць беларусамі. З украінскімі ваколіцамі ў галіцкай Польшчы было дакладна наадварот, і таму польскае кіраўніцтва сквапна пакарысталася прэтэкстам змаганьня з партызанскай Украінскай Паўстанскай Арміяй, што ваявала на цяперашні чачэнскі манер. Ліквідацыя беларускамоўных школаў ды гімназіяў адбывалася на працягу другое паловы 1945 году й закончылася да 1947 г. Пра нейкія масавыя пратэсты супроць таго ня чулася; некалькі непакорлівых настаўнікаў спэцслужбы выкінулі за савецкі кардон, дзе ім „жаба цыцкі дала“ ў сібірскіх лягерох. Само насельніцтва, па-мужыцку закамплексаванае, нават задаволілася, што дзецярня будзе вучыцца на „панскай мове“. Асабліва праваслаўныя моцна зважалі, каб часам хто не падумаў, што яны не-палякі, ды не турнуў, бы тых няшчасных „вучыцеляў“, у абадраную калгасную рэспублку. Праваслаўны, апынуўшыся ў Беластоку, таіўся са сваім веравызнаньнем, „клеіў дурня“ пад каталіка; адважнейшыя зь іх паўкансьпіратыўна хадзілі нядзелькамі сьвятымі ў Мікалаеўскі сабор, дзе лягчэй зрабіцца ананімам у людным зборышчы. У пасьляваеньне стала правілам зьмяняць характэрныя праваслаўныя імёны на польска-каталіцкае гучаньне й адыходзіць ад „мужыцкай мовы“ ўбок „панскай“. Я сам, будучы вучнем беластоцкага Электрычнага Тэхнікуму, патраціў сваіх крынкаўскіх калегаў і каляжанак па той простай прычыне, што ўпарта не гаварыў зь імі па-польску. Беларушчына пераўтваралася ў нас у пазнаку забітасьці, дурнаты, галотнасьці, філясавецкасьці. Бацькі не абураліся. Палянізацыя набыла ашаламляльных тэмпаў, калі перайшла ў самапалянізацыю. Польскія шавіністы ажно разьзявіліся ад дзіва. Ім і ня сьніліся такія эфэкты! А ўсё тое адбывалася — паўтару! — у страхотным ценю Савецкага Саюзу. Праўда, і ў Польшчу насунуўся камунізм, але гэта быў камунізм, нялюбы Палякам, і таму ня так фашызуючы, як у жахлівай Расеі. Знакаміта ілюструе тую тады атмасфэру анэкдот пра сабаку, што ўцякаў ад Саветаў, і затрымалі яго пагранічнікі чырваназорныя ды патлумачылі дурню на чатырох лапах: „Куды ты?! У Польшчы такі самы лад, як і ў „стране советов“. — „Так, гэта праўда, але ў Польшчы хоць набрахацца можна“, — адказаў цюцік. Псыхалёгія грамадзтва вытварыла новыя стэрэатыпы па той аналёгіі, што нямецкая мова асацыявалася з фашызмам (недзе да 1948 году забаранялася пісаць „Немец“ зь вялікае літары, лічачы, што гэта нацыя нелюдзяў). Тымі новымі стэрэатыпамі сталі ўсялякія расейскападобныя польскаму вуху моўі як сымбаль нялюдзкага камунізму, яго гукавая экспрэсія. Польская мова сталася ня толькі панскай, але яшчэ й моваю свабоды, пашаны да чалавека. Палякі нават у лаянцы называюць сябе панамі, і толькі даведзеныя да шалёнае злосьці, пачынаюць сыпаць расейскімі вульгарызмамі (зь недахопу іх у пальшчызьне). Іншы прыклад: ідзе нудлівы эстрадны нумар, публіка пазяхае, і раптам актор вымаўляе нешта па-расейску, і заля выбухае рогатам (у 1995 г.). У палове пяцьдзясятых прыехаў зь Менску ў Беласток Купалаўскі тэатар з пастаноўкаю „Рамэа й Джульеты“. Нічога сьмешнага, але публіка з мужыцкіх новамяшчанаў несьціхана рагатала, так дзейнічаў стэрэатып беларускага слова, якім нічога добрага ці сур’ёзнага нельга сказаць. Толькі камэдыю, толькі камэдыю… Вядома, ніхто й ня чуў пра такі твор, як „Рамэа й Джульета“. Усе былі ўпэўненыя, што Саветы прыехалі з „камэдыйкаю“. Вось так. Вось цо да! Калі ў даваеньне польская мова ня выйшла ў нас па-за інтэлігенцкую ды ўрадніцкую элітнасьць, а веравызнаўчымі масамі ўспрымалася яна даволі абякава як мова „ня з нашага жыцьця“, дык у пасьляваеньне — у выніку сацыяльнай рэвалюцыі ўсё ж — беларуская нацыянальная мова заняла як быццам месца польскай, якая ў форме спэцыфічнай „трасянкі“ зрабілася ўсенароднай. Аналізуючы гэтую зьяву ў больш шырокім кантэксьце, скажам, на прыкладзе гэтак жа хуткага самаанямечваньня або самачэхізацыі польскіх мяншыняў за межамі Польшчы, што пакіданьне раднамоўя выклікана ягонай цывілізацыйнай нефункцыянальнасьцяй. Пакуль нямецкая дяржаўнасьць у вачох Мазуроў ува Ўсходняй Прусіі абмяжоўвалася падаткамі і жандарамі, аўтахтоны славянскія часта-густа зусім не разумелі па-нямецку, ня мелі патрэбы. Але ў прыход капіталізму ды зьяўленьня пэрспэктываў на нечуваны дабрабыт Нямеччына перастала быць мазурам чымсьці чужым; наступныя пакаленьні запатрабавалі „дойчэ шпрэхэн“. Нерусіфікаванасьць Прыбалтаў ад таго, што ў іх жывая памяць уласнага хлеба і сала, а прыход туды Расеі бачыўся імі навалаю барбараў. Не бядак жа асымілюе багатага. Антычны Рым раманізаваў каго хацеў; ня даў рады — грэкаў і жыдоў. Сацыялістычная Польшча зьняла бар’еры сацыяльнага ўзвышэньня, і люд умомант размыў грамадзкія запруды, гаці. У даваеннай Польшчы няцэлая палова этнічных палякаў лічыла сябе палякамі, а ў пасьляваеннай — нават аблезлы жабрак адчуў сябе палякам ды патрыётам. Беларуская дзяржаўнасьць павінна была зьявіцца тады, калі й літоўская; сёньня ў нас не было б праблемы з роднай моваю й нацыянальным пачуцьцём. Мы, беларусы, у Эўропе як дзівакі; на здаровы розум цяжка каму растлумачыць, чаму мы такія. Чаму ў беларусаў няма нацыянальнай дзяржавы, а ўсё якаясьці тэрытарыяльна-сацыяльная, ні кот і ні сабака. Мае гэта цяпер уплыў на польска-беларускае сужыцьцё ў Беластоцкім Краі. Беларусы тут як меншыня хварэюць на комплекс сірочасьці. У іх няма Маці-Айчыны. Час-часом зьяўляюцца зь Менску або Горадні ўрадоўцы, але іхная савецкасьць проста б’е ў вочы, а іхнае беларускамоўе моцна пахне дывэрсіяй. Яны нам небясьпечныя правакатары, гуляюць на адвечную расейскую стаўку, нацэленую супроць Польшчы. Некалі мы болей ім верылі, ня ведаючы аб тым, што ў Беларусі пляжаць усенька беларускае. Схізафрэнія дыпляматаў: ненавідзяць беларушчыну, але ў замежжы прыкідваюцца будаўнікамі нацыянальнага. Што гэта? Паўтор так званай беларусізацыі ў дваццатыя гады, каб зноў усіх сабраць у адзін катух ды зьніштожыць саўсім? Ня тыя, аднак, часы. Разам з разьлівам самапалянізацыі зьмяніўся стэрэатып беларускай мовы: яна ўжо не мужыцкая, бо мужыцтва загаварыла польскай „трасянкаю“. Чуючы беларускае слова на вуліцы, адразу вядома, што гэта гаворыць інтэлігент (інжынэр, лекар, юрыст, журналіст і г. д.). Прасьцяк не загаворыць па-свойму, лепей змоўчыць. Язык яму не павернецца дый ня ўмее, нашто яму ўмець?! Нацыянальнае пачуцьцё ёсьць катэгорыяй культуры. Некультурны або хто па-за беларускай культураю ня можа й ня мае маральнага права назвацца беларусам. А назваўшыся, ня ведае, што пляце ён. Не разумее, што значыць стаць Беларусам і з „чым тое ядуць“. Задавіцца. Беларускія арганізацыі на Беласточчыне зьявіліся запозна: пры канцы пяцьдзясятых пашырылася Беларускае Грамадзка-Культурнае Таварыства (яно карысталася падтрымкаю ўраду). Не змагло крануць каталіцкую стыхію, якая тым часам самавызначылася, адназначна, польска-нацыянальнай, нягледзячы на ўсё яшчэ папулярнае ў ёй беларускамоўе ў дыялектных формах. Ад гэтага моманту можна гаварыць пра беларуска-польскае сужыцьцё, калі „тутэйшасьць“ пачала курчыцца й сярод праваслаўных. У тую сярэдзіну пяцьдзясятых працавала ў карысьць беларускай сьведамасьці немалая культурная інфраструктура: спомненае Таварыства й яго тыднёвік „Ніва“, беларускія радыёперадачы на беластоцкіх хвалях, кніжныя выданьні, зноў адноўленыя беларускія школы й прадмет беларускай мовы ў польскіх школах на гэтай тэрыторыі, мастацкая самадзейнасьць, асьветныя мерапрыемствы. Усётое здарылася даволі нечакана й на загад вярхоўных уладаў Польшчы. Аніякага грамадзка-істотнага руху з боку сьведамай часткі беларускага насельніцтва не было ж. Не было й паўнафарматных інтэлігентаў, акрамя дзясятка людзей зь няпоўнай сярэдняй адукацыяй, на ўзроўні настаўніцкіх сэмінарыяў некалі. Бацькі ня вельмі гарнуліся да аднаўленьня беларускіх школаў, у іх арганізацыю ангажаваліся партыйныя кадры й нават афіцэры польскіх спэцслужбаў. З пэрспэктывы паўвечча бачыцца тое досыць ясна — у фінал саракавых у Польшчы перанялі ўладу камуністы, і яны выпраўлялі шавіністычныя шкоды сваіх дзяржаўных папярэднікаў. Максымальна прыхільныя адносіны польскіх уладаў да беларускай культурна-асьветнай дзейнасьці зьдзіўляюць тым, што на такую дзейнасьць не існавала рэальна грамадзкае запатрабаваньне. Гэтую сытуацыю трэба разглядаць, відавочна, у трох аспэктах: па-першае, у ідэалягічным (інтэрнацыяналізм!), па-другое, як дбайнасьць пра добрыя адносіны з Савецкім Саюзам (пабойваліся – а дарма! — рэакцыі Беларускай ССР) і, па-трэцяе, мог гэта быць намёк Менску, як трэба трактаваць савецкую польскую меншыню (прыклад польскіх школаў у Літоўскай ССР). Спрыяльная польскім беларусам палітычная пагода працягнулася крыху за дзесяць гадоў (псавалі яе, зрэшты, і самі беларусы-праваслаўныя сваймі масавымі — вуснымі й пісьмовымі – заявамі супроць утварэньня беларускіх школаў). У польска-беларускім сужыцьці на неафіцыйным узроўні насталі благія часы: актывізацыю беларускага духоўнага жыцьця палякі вязалі з васальнымі адносінамі паміж Варшаваю й Крамлём. Погляд на беларускае насельніцтва як на „пятую калёну“ не зьмяніўся ў карэнных палякаў ад даваенных гадоў, калі шумела ды гудзела Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі, заклікаючы да яднаньня з БССР, што й адбылося ў верасьні 39-га, ува ўмовах трагічнага разьдзелу Польшчы. У другой палове шэсьцьдзясятых афіцыйная Варшава прыйшла да высновы, што ўтвораная па ўрадавай волі гэтая беларуская культурная інфраструктура павінна паспрыяць неканфліктнай палянізацыі ўсяго насельніцтва (дайшло нават да таго, што кіраўніцтва Таварыства прызнала навучаньне дзяцей па-беларуску прыкрай перашкодай у іх разумовым разьвіцьці). Бацькі крычалі: „І куды нашы дзеці пойдуць далей вучыцца, скончыўшы беларускую школу ў Польшчы?“ Фармаваўся небясьпечны для нацыянальнае справы тып „прафэсійнага беларуса“, нешматлікі, як нешматлікімі былі штаты ў беларускім руху. Вобраз „прафэсійных беларусаў“ характарызаваўся схізафрэннай падвойнасьцю, маральнай расколатасьцю на мяжы жульніцтва: навонкі, публічна, дэманстравалі яны беларускасьць, а ў прыватным, сямейным жыцьці ўяўлялі сабою папраўдзе палякаў (такімі й пагадавалі свае дзеці). Гэта быў тып аўтахтона на паслугах каляніяльнай адміністрацыі, бы той нэгрыцянскі царык, які марыў выправіць сваё „чада“ ў мэтраполію, у Лёндан або ў Парыж. Статыстычны паляк у беластоцкім краі ніколі не пагадзіўся з існаваньнем тут беларускай меншыні. Гэткія адносіны з часам пашырыліся й на каталіцкіх тутэйшых на Крыншчыне, сьледам за самапрызнаньнем імі сябе палякамі. Трэба адразу зазначыць, што т. зв. праваслаўныя палякі застаюцца бяз шанцаў на польскую стопрацэнтнасьць з той банальнай прычыны, што ў польскай культуры адсутнічаюць традыцыі праваслаўя, нават уніяцтва, бо русінская гэта вера. Зь некаталікоў можа быць палякам яшчэ пратэстант (напр. цяперашні прэм’ер ураду Бузэк ёсьць эвангелікам з Сылезіі). Рэлігійны аспэкт у польскім жыцьці надалей вырашальны: у Беластоку ня знойдзецца аніводзін начальнік праваслаўнага веравызнаньня на дзяржаўнай службе, адны каталікі й толькі каталікі. Польска-беларускае сужыцьцё на самым нізкім узроўні, вяскова-местачковым, адбываецца ў сваёй сутнасьці надалей у згодзе зь філязофіяй тутэйшасьці, аўтахтоннасьці. Некалі супольная для ўсіх беларуская мова саступіла цяпер месца польскай. Новым элемэнтам у гэтай сытуацыі ёсьць нацыянальнасьць, ня ўсе былыя тутэйшыя лічаць сябе палякамі. Узьнік, хоць даволі маргінальны, адсотак крынскіх праваслаўных, якія публічна дэкляруюць сябе беларусамі. Сярод каталікоў такіх няма, хаця б інцыдэнтальна. Вынік гэта сялянскага прагматызму, татальная польскасьць. У Крынках усё ж адсутнічае клятая стыгматызацыя праваслаўных, а нават беларусаў. Затое ў поўным росквіце гэтая зьява ў павятовых структурах, а ў рэгіянальных, ваяводзкіх, вырасла да рангу закону: аніякага ходу праваслаўным вышэй рэфэрэнтуры. Працуе прынцып дзьвюх супрацьстаўных канфэсій, узаемна непрымальных. Экумэнічныя памкненьні існуюць толькі на паперы або ў выглядзе салодкіх прамоваў. Высокая сьцяна. Гета! Калі на Крыншчыне зь пераважна каталіцкім насельніцтвам наглядаюцца сьляды мінулае тутэйшасьці, дык у вакольлях зь пераважным праваслаўным насельніцтвам vice versa — Гайнаўшчына, усходняя Бельшчына — паўсюдна ўжо пануе беларускае нацыянальнае самавызначэньне, што дзіўна не перашкаджае пашырэньню там польскамоўя. Вяртаючыся да Крыншчыны — гаспадарчы заняпад і, фактычна, беспэрспэктыўе запыніла ўсякі прыход сюды нетутэйшых. Моладзь мігруе ў Беласток і іншыя эканамічныя цэнтры краіны, эмігруе на Захад, часта ў Скандынавію й яшчэ часьцей у ЗША, карыстаючыся сувязямі аселых там сваякоў. Дэмаграфічна тэрыторыя апустыньваецца, і ў недалёкай будучыні ня будзе ўжо людзей па-за мястэчкам Крынкі (дзе-нідзе фэрмы, асяродкі турыстыкі). Эканамічна гэта ня драма, добрай зямлі тут мала, жылося на ёй калісьці нават і ня бедна, але проста па-жабрачаму (свайго хлеба хапала да Вялікадня, а скварылі раз у тыдзень, у сьвятую нядзельку). Параўнаўчы дабрабыт скончыўся разам з упадкам царскай Расеі, калі дзясяткі крынкаўскіх гарбарняў рабілі вялізныя грошы на расейскім рынку збыту (кантынэнтальным!) і прымалі на работу кожнага ахвотнага зарабіць. Тады й самі палякі багацелі. У сваёй большасьці над Віслаю ды ў Варшаве выказваліся за супольнасьць з Расеяй, незалежніцкія тэндэнцыі ў іх не былі моцнымі, трымаліся ідэі Польскага Царства ў рамках імпэрыі, з па-фінску шырокай аўтаноміяй. Першы атрад польскіх змагароў за незалежнасьць — гэта пару сот гімназістаў ды інтэлігентаў. Безь перамогі бальшавікоў палітычная Эўропа не была б зацікаўлена ўва ўтварэньні Польскай Дзяржавы. Такая брутальная праўда. Імкненьне Польшчы ў Эўрапейскі Саюз і капіталістычная гаспадарка хутка зьмяняюць мэнталітэт. Рэлігіі й зьвязаныя зь імі нацыянальнасьці страчваюць паступова псыхакультурную першаступеннасьць. Людзі хочуць усё лепей і лепей жыць, дзеля чаго патрэбны найперш грошы, якія магчымыя ня ў рамках такой-нетакой канфэсіі ці нацыянальнасьці, але асабістага ўмельства, ступені кваліфікацыі, дасягальнай зусім не ў касьцёле. І на заканчэньне — чаму так капітальна важная нам нацыянальная мова? Калі б у гэтым выпадку ўсё зводзілася толькі да сродку зносінаў, дык, вядома, палянізацыя ці русіфікацыя не ўяўлялі б сабою трагедыі. От, зьмена гукаў ды столькі… Але, усё тое далёка ня так. Справа ў тым, што нацыянальная мова — гэта перш за ўсё іншая ад суседзяў філязофія сьвету, разуменьне жыцьця і г. д. Той, хто ўжо размаўляе па-расейску, той пачынае й думаць як Расеец (аналягічна з апалячэнцам). Зьнікненьне беларускай мовы — гэта зьнікненьне беларускага сьветабачаньня й пераход у расейскую — у нас у польскую — правінцыйнасьць. Страта беларускага цэнтру Сусьвету. А калі гэта на правінцыі жылося лепей, чымсьці ў цэнтры? Адсюль, асыміляцыя мае ня столькі культурны вынік, але й эканамічны. Як палянізаваная Беласточчына застаецца бяз шанцаў на лепшы быт і рэлятыўна з рэштай Польшчы яна галее, таксама русіфікаваная Беларусь ніколі ня вылезе з цывілізацыйнай ямы, стаўшы расейскай правінцыяй, залежнай ад інтарэсаў і фанабэрыяў Масквы. Нехта скажа: а швайцарцы зь несваімі мовамі (нямецкай, францускай, італьянскай) або ірляндцы з ангельскай. На павярхоўны погляд гэта пярэчыць ужо сказанаму мною… Але ж усё ня так, бо гэтыя мовы сталі іх нацыянальнымі ў пару фармаваньня іхнай нацыянальнай сьведамасьці. Прыкладам кажучы, Жэнэва ганарыцца сваімі героямі ў барацьбе за адлучэньне яе ад Францыі, мелі месца антыфранцускія бунты францускамоўных жыхароў. Як і ў выпадку ірляндцаў, у іх змаганьне супроць Англіі. Ясна, што відавочную ролю й там і гэнам адыграла непадобнае веравызнаньне, як супраціў каталіцкай Ірляндыі пратэстанцкай Англіі і, наадварот, супраціў пратэстанцкай Жэнэвы каталіцкай Францыі. У беларускай сытуацыі тыпова беларускую рэлігію — уніяцтва — зьніштожыў царызм, і таму так моцна важная нам менавіта беларуская мова, у якой фармавалася беларуская нацыя. Не было працэсу беларусізацыі ў расейскамоўнасьці ці польскамоўнасьці. Ліквідацыя беларускай мовы раўназначная ліквідацыі беларускай нацыі й яе культуры. Раўназначная таксама зь ліквідацыяй пэрспэктываў для Беларусі на цывілізацыйнае разьвіцьцё. Гэта павінна быць кожнаму з нас ясна, бы той множны рахунак: 2х2=4. Ніколі 5 ці 3. 1 верасьня 2000 г., Крынкі
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (16) – 2001 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |