A R C H E N a r o d n y  n u m a r № 2 (16) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22001
» да Зьместу «

 


Народны нумар
 


нацыяналізм

СЯРГIЙ ЕКЕЛЬЧЫК
Вокладка ARCHE 2-2001. Народны нумар

   Мінулыя нумары:

   Скарына (1-2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сяргiй Екельчык 
Нацыяналiзм украiнцаў,  беларусаў i славакаў 

Ёган Готфрыд Гердэр сказаў, што паэты „з’яўляюцца творцамi народаў, яны даюць народам свет для сузiрання, яны трымаюць душы народаў у сваiх руках“. Гэтая заўвага ёсць, па сутнасцi, блiскучай метафарай нацыянальных рухаў у Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропе ХIХ ст., тых рухаў, якiмi кiраваў традыцыйна паноўны клас і якія грунтаваліся на ідэалогіі гiстарычнай легiтымнасцi. Класiчным прыкладам тут служыць польскi нацыяналiзм; ягоным рухавiком з’яўлялася шляхта, а iдэалогiяй была рэстаўрацыя нацыянальнай дзяржавы. Аднак калi гаворка ідзе пра тое, як нацыянальная iнтэлiгенцыя абуджала свядомасць бездзяржаўных народаў, афарызм Гердэра можа ўспрымацца лiтаральна. Нацыянальную тоеснасць у гэтых народаў выхоўвалi паэты, фiлолагi, гiсторыкi, а нацыянальныя рухi разгортвалiся больш запаволена, чым польскi. Як правiла, для ўдзельнiкаў гэтых рухаў паняцце нацыi насіла выключна этнiчны і культурны характар, да таго ж рухi мелi адметныя рысы папулiзму. Што да намаганняў нацыяналiстычнай iнтэлiгенцыi, яны былі збольшага скіраваныя на перарабленне этнiчнай масы ў палiтычна свядомую нацыю. І нарэшце апошняя па лiку, але не па важнасцi, заўвага: iдэалагiчныя і арганiзацыйныя формы ў гэтым тыпе нацыяналiзму вызначалiся як уплывам суседнiх i/альбо культурна дамiнуючых нацый, так i барацьбой супраць гэтых нацый (расійцаў, немцаў, вугорцаў, палякаў, чэхаў). Прыклады гэтай формы нацыяналiзму ў Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропе далi ўкраiнцы, беларусы i славакi.

Развiццё нацыяналiзму ў гэтых трох народаў лягчэй зразумець, калi ўлічваць падыходы не толькі традыцыйнай палiтычнай гiсторыi, сацыяльнай гісторыі, але і сучаснай культуралогii.

У пачатку ХIХ ст. усе тры народы былi „сялянскiмi“, а дамiнуючыя класы ў іх атаесамлялi сябе з дамiнуючымi нацыямi. Пераважная большасць насельнiцтва жыла ў вёсцы, толькi нязначная колькасць карэнных жыхароў — у гарадах. Іх лiтаратурныя мовы былi неразвiтыя, неўпарадкаваныя. Iнтэлiгенцыя, што знаходзiлася ў зародкавым стане, не стварыла яшчэ культуры сучаснага iндустрыяльнага тыпу. Славакi вякамi жылi пад уладай вугорцаў у iмперыi Габсбургаў, дзе Вугоршчына захоўвала напаўаўтаномны статус (з 1867 г. яна стала каралеўствам у федэратыўнай Аўстра-Вугорскай манархii). Украiнцы Ўсходняй Галiччыны знаходзiлiся пад польскiм панаваннем. У 1772 г. Аўстрыя захапiла Галiччыну падчас першага падзелу Рэчы Паспалiтай, тым не менш, польская элiта здолела на доўгi час захаваць свой уплыў ва Ўсходняй Галiччыне. Беларусы i ўкраiнцы, якiя жылi на захад ад Дняпра, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай апынулiся ў Расiйскай iмперыi, але палiтычнае i культурнае жыццё ў гэтых правiнцыях кантралявалася польскай ды апалячанай шляхтай аж да 1860-х. Што да ўкраiнцаў, якiя жылi на ўсход ад Дняпра, яны ўжо здаўна падпарадкоўвалiся Расiйскай iмперыi, аднак да 1783 г. тэрыторыi на ўсходнiм беразе карысталiся правамi аўтаномii. Сярод узгаданых абшараў гэта быў адзiны, дзе захоўвалiся ўспамiны аб колiшняй казацкай дзяржаве і заставалiся яшчэ рэшты ўласнага панства.
 

 — доктар Iнстытуту гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Украiны, прафэсар Дэпартамэнту гiсторыi й клясычных досьледаў Альбэрцкага ўнiвэрсытэту, постдактарант Мічыганскага ўнівэрсытэту.
   

На пачатку ХIХ ст. iнтэлектуалы гэтых бездзяржаўных нацый Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропы былi захопленыя новай канцэпцыяй нацыi, якую прапанаваў нямецкi рамантызм. З часоў французскай рэвалюцыi нацыя пачала атаясамлiвацца з народам. Немцы, пад уплывам Гердэра, вылучылi ў якасцi прыметы нацыi мясцовую гаворку. Паводле Гердэра, нацыя ёсць натуральным вынікам развіцця прыроды, яна валодае прыродным правам развіваць уласную мову і культуру. Пазбаўляць яе гэтага права значыць здзяйсняць злачынства супраць чалавецтва. Дзяржава ж для Гердэра была зусiм штучнай з’явай. Няма дзiва, што новая канцэпцыя нацыянальнасцi адразу ж паўплывала на iнтэлектуалаў, патрыётаў сваіх бездзяржаўных народаў. Так культурны нацыяналiзм пачаў сваё iснаванне ў Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропе.

Навукоўцы аддзінагалосна рэзюмуюць гiстарычнае развiццё ўкраiнскага, беларускага і славацкага нацыяналiзмаў наступным чынам: усе тры рухi прадстаўляюць тып запозненага нацыяналiзму. Насамрэч, развiццё гэтых рухаў было запаволена нацыянальным прыгнётам, актыўнай асiмiляцыяй iнепаўнатой сацыяльнай структуры грамадства, а менавiта слабасцю нацыянальнай буржуазii ды адсутнасцю ўласнага рабочага класу. Нацыяналiзм прымаў у гэтых народаў збольшага форму культурнай дзейнасцi, канчатковай ягонай мэтай была аўтаномiя, а iдэалагiчнай дактрынай — славянскi федэралiзм, i гэтак аж да канца ХIХ ст. Калi ж, нарэшце, нарадзiўся нацыяналiзм палiтычны, яго адразу ж пачалi пляжыць паноўныя нацыi, i як грамадскi рух ён заставаўся даволi малазначным. Расiйская рэвалюцыя, сканчэнне першай сусветнай вайны і перадзел палiтычнай карты Еўропы адбылiся ў час, калi тры вышэйназваныя нацыянальныя рухi не былi яшчэ падрыхтаваныя да гэтых падзей як на iдэалагiчным узроўнi, так i ў сэнсе народнай падтрымкi. Спробы ўкраiнцаў i беларусаў стварыць уласныя дзяржавы ў 1917–1920 гг. правалiлiся. Украiнская Народная Рэспублiка, што служыла ўзорам для Беларусi, была больш магутнай ды развiтай. Славакаў вызвалiла з-пад вугорскага панавання падзенне iмперыi, але яны адразу ж апынулiся ў ролi слабейшага партнёра чэхаў у першай Чэхаславацкай Рэспублiцы. У найлепшым выпадку яны маглi разлічваць на нешта накшталт абмежаванай аўтаномii. Усходнiя ўкраiнцы і беларусы атрымалi ўласныя „нацыянальныя рэспублiкi“ ў складзе Савецкага Саюзу, а заходнiя ўкраiнцы і беларусы iзноў апынулiся на польскiх „крэсах ўсходнiх“. Усе тры нацыi дасягнулi палiтычнай сталасцi ў 1920–1930-х у складзе iншых дзяржаваў дзякуючы, галоўным чынам, развiццю нацыянальнай культуры i адукацыi (асаблiва гэта тычыцца Ўсходніх Украiны i Беларусі, Славаччыны), але таксама дзякуючы пэўнаму досведу палiтычнае барацьбы i/альбо ўдзелу ў парламенцкіх выбарах.

Такiм чынам, тры названыя нацыi не здолелi ўтварыць уласных дзяржаваў падчас перадзелу межаў у Еўропе пасля першай сусветнай вайны. Пачуццё расчаравання спарадзiла ў 1920-ых рух iнтэгральнага нацыяналiзму. З iдэалагiчнага пункту гледжання ён азначаў развітанне з дэмакратычнымi і папулiсцкiмi прынцыпамi, на якiх засноўвалiся ўкраiнскi, беларускi, славацкi нацыянальныя рухi ў другой палове ХIХ i на пачатку ХХ стст. Прыхiльнiкi інтэгральнага нацыяналiзму ўважалi, што новая эпоха патрабуе новых, радыкальных сродкаў дзеяння, што дапамаглi б даць рады асiмiлятарам ды iншым „ворагам“. Iхнiя нацыяналiстычныя дактрыны натхняліся некаторымі iрацыянальнымі валюнтарысцкiмі тэорыямі, звязанымі з iдэяй „жыццёвай прасторы“. У Заходняй Еўропе гэтыя тэорыi папулярызавалi такiя фiлосафы, як Анры Бэргсон, Гюстаў Лё Бон, Фрыдрых Нiцшэ, Жорж Сарэль, Освальд Шпэнглер. Нацыяналiсты бачылi ў нацыi канчатковы iдэал, найбольш дасканалую форму чалавечага грамадства, мiжнародныя ж адносiны разглядалi як „барацьбу за iснаванне“, якою рухае выключна сiла. Яны настойвалi на перавазе волi над розумам i iмкнулiся выхаваць новы чалавечы тып, „чалавека моцнага“. Украiнскi, беларускi, славацкi iнтэгральныя нацыяналiзмы 1920–1940-х гг. мелі шмат супольнага з таталiтарнымі рухамі. Уплывовыя нацыяналiстычныя iдэолагi, прыкладам, славак Войцех Тука, украiнец Дмытро Данцоў, беларус Фабiян Акiнчыц, захаплялiся iтальянскiм фашызмам ды нямецкiм нацызмам. Арганiзацыя Ўкраiнскiх Нацыяналiстаў, утвораная ў 1929 г. на базе Ўкраiнскай Вайсковай Арганiзацыi, iснуючай з 1920 г., сваёй iдэалогiяй была вельмi падобная да Славацкай Народнай Партыi Глiнкi i ваенiзаванай арганiзацыi „Радабрана“, якую стварыў Тука (у 1926 г. у яе ўваходзiла 30000 сяброў). Беларускi нацыянал-сацыялiстычны рух Акiнчыца, што дзейнiчаў у Вiльнi з 1930-ых, быў значна менш незалежным i больш арыентаваўся на партыю Гiтлера.

На працягу другой сусветнай вайны нацыяналiсты з гэтых трох народаў паспрабавалi, карыстаючыся агульным бязладдзем у зоне нямецкага ўплыву (Славаччына) i нямецкай акупацыi (Украiна, Беларусь), знайсцi новыя магчымасцi для заснавання „дзяржаўнасці“ ў той ці іншай форме цi дасягнення нацыянальнай аўтаномii. Аднак, як звычайна, вырашальнымi былi не так унутраныя намаганнi нацыянальных рухаў, як вонкавыя фактары. Са згоды Гiтлера (а магчыма, на ягоны загад), была, у якасцi такога сабе пабочнага прадукту Мюнхэнскiх пагадненняў, створаная Славацкая Рэспублiка (1938–1945) на чале з прэзiдэнтам Ёзэфам Цісам. Але ўкраiнцам заснаваць уласную дзяржаву немцы не дазволiлi, хаця 30 чэрвеня 1941 г. у Львове адбылася гэткая спроба. „Прэм’ер-мiнiстрам“ мусiў стаць Яраслаў Стэцько. Што да Беларусi, яе незалежнасць мусіла быць афiцыйна абвешчана ў Менску за шэсць дзён да ўваходу Чырвонай Армiі ў горад. Кiраваць Беларусяй меўся Радаслаў Астроўскi, прэзiдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады.

Ва ўсiх трох краiнах дысiдэнцкi рух паваеннага перыяду (у сваім „нацыяналiстычным“ сегменце) вярнуўся да ідэi дэмакратычнага i, урэшце, незалежнiцкага федэралiзму. У Славаччыне дысiдэнцтва выяўлялася пераважна ў барацьбе за рэлiгiйную свабоду, у Беларусi ж яно было адносна слабым i абмяжоўвалася культурнымі патрабаваннямi. Украiна была адзiнай з трох краiн, дзе разгарнуўся ўласны „Гэльсынскi“ рух у абарону правоў чалавека i грамадзянiна, дзе дзейнiчалi нелегальныя групоўкi, высоўвалiся палiтычныя патрабаваннi, мелiся шматлiкiя палiтзняволеныя. Аднак большасць лiдэраў украiнскага дысiдэнцкага руху дамагалiся стварэння „сацыялiстычнай“ незалежнай дзяржавы, часта бачачы яе часткай абноўленага Савецкага Саюзу. Нацыянальнае абуджэнне пры канцы 1980-ых адбылося найбольш на хвалі ўвагі да экалагiчнага пытання (Чарнобыль) ды выкрыцця злачынстваў сталiнскага часу. Ва ўсiх трох выпадках незалежнасць была атрымана дзякуючы падзеi, вонкавай у адносiнах да мясцовых нацыяналiзмаў: гэтай падзеяй быў абвал камунiстычнай сiстэмы i сацыялiстычнага федэралiзму ў Еўропе (хоць трэба прызнаць, што нацыяналiстычны фермент паспрыяў гэтаму абвалу). Незалежнасць Украiны і Беларусi стала ў 1991 г. магчымай толькi дзякуючы спрыянню мясцовых элiт, якiя складалiся з былых камунiстаў. Незалежнасць Славаччыны яшчэ лепш iлюструе мадэль, кіруючыся якой нацыяналiстычны рух канца 80-ых — пачатку 90-ых дасягнуў поспеху ў гэтых краінах. Пераважала эканамічная аргументацыя, і „цывілізаваны развод“ чэхаў і славакаў таксама меў найгалаўнейшай прычынай крах сацыялiстычнага федэралiзму як у эканомiцы, так i ва ўсiх iншых галiнах. Цяпер тры маладыя незалежныя дзяржавы вядуць палiтыку „дзяржаўнага нацыяналiзму“, iнтэнсiўнага будаўнiцтва, згуртавання i ўзмацнення нацыi. (Нядаўнi адыход Беларусi ад гэтай палiтыкi, русiфiкацыя i iнтэграцыя з Расiяй, распачатыя пасля абрання ў 1994 г. Аляксандра Лукашэнкi, ёсць выключэннем, але не выпадковым. На момант абвяшчэння незалежнасцi ў 1991 г. нацыя была ўжо дужа асiмiляваная, а дысiдэнцкi нацыяналiстычны рух практычна адсутнiчаў.) Такiм чынам, украiнскi, беларускi ды славацкi нацыяналiзм дасягнулі, урэшце, значных поспехаў.

Гэтыя кароткiя выняткi з „традыцыйнай“ палiтычнай гiсторыi трох нацыяналiзмаў прапануюць чытачу больш апiсання, чым аналiзу. У той жа час, пачынаючы з 1960-ых, сацыяльная гiсторыя дае карысны матэрыял, каб вывесцi тэарэтычную мадэль, зыходзячы з гiсторыi нацыяналiзму ў „бездзяржаўных нацый“ Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропы.

Да нядаўнага часу нацыянальныя рухi „малых“ цi „бездзяржаўных“ еўрапейскiх народаў разглядалiся ў асноўным праз прызму тэорыi, якую распрацаваў у 1960-я гг. чэшскi гiсторык Мiраслаў Грох. Паводле Гроха, нацыянальныя рухi гэтага тыпу праходзяць звычайна тры агульныя стадыi развiцця. Стадыя „А“ („акадэмiчная“) характарызуецца дзейнасцю невялiчкага кола людзей, у якім большасць складаюць iнтэлектуалы, навукоўцы, што збiраюць фальклор ды гiстарычныя дакументы i спрабуюць дакладна вызначыць, чым ёсць iхнi Volk. У стадыі „В“ („культурнай“) мова бездзяржаўнай нацыі адраджаецца і распаўсюджваецца ў галiне адукацыi, у лiтаратуры. Ствараецца нацыянальная прэса. Стадыя „С“ („палiтычная“) адзначаецца пашырэннем агульнанацыянальных арганiзацый, усталяваннем палiтычных партый i масавым удзелам грамадзян у нацыянальнай справе.

Гiсторыі ўкраiнскага, беларускага, славацкага нацыянальных рухаў у ХIХ ст. i на пачатку ХХ ст. гэтай мадэлi не супярэчаць, праўда, трэба зрабiць некаторыя ўдакладненнi з прычыны запаволенага развiцця ўкраiнскага і беларускага нацыяналiзмаў у аўтакратычнай, пазбаўленай традыцыі парламентарызму Расiйскай iмперыi. Таксама трэба ўлiчваць моцную мадзярызацыю славакаў. Стадыі „А“ якраз адпавядаюць дзейнасць украiнскага гiсторыка Дмытра Бантыш-Каменскага i ананiмнага аўтара „Гiсторыi русаў“, высiлкi фалькларыстаў Мiколы Цэрцелева, Мiхайлы Максiмовiча, Восiпа Бадзянскага, якiя працавалi ў Расiйскай iмперыi ў 1820–1830-я гг. Можна ўзгадаць яшчэ Алексiя Паўлоўскага, якi ў 1818 г. склаў „Граматыку маларасiйскага дыялекту“, харкаўскiх рамантыкаў (сярод iх пiсьменнiкi Пятро Гулак-Артэмоўскi, Рыгор Квiтка-Аснаўяненка, Амбросi Мятлiнскi, фiлолаг Iзмаiл Сразнеўскi). У Заходняй Украiне найважнейшымi прадстаўнiкамi гэтай стадыі былi, памiж iншымi, Ёсiф Лявiцкi i славутая „русiнская тройца“ (Маркiян Шашкевiч, Iван Вагылевiч, Якiў Галавацкi). На беларускiх землях прадстаўнiкамi стадыі „А“ былi некалькi польска-беларускiх лiтаратараў i фалькларыстаў 1820–1830-х гг., сярод iх Ян Чачот, Ян Баршчэўскi, Аляксандр Рыпiнскi. Апагеем стадыі „А“ сталi творы Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча, заснавальнiка сучаснай беларускай лiтаратуры.

Славакi Ян Колар i Павел Шафарык рупiлiся пра „нацыянальнае абуджэнне“ на ўсiх славянскiх землях, аднак абодва былi панславiстамi, не вельмi зацiкаўленымi ў развiццi славацкай мовы і культуры. Больш за тое, яны адмоўна ставiлiся да такога адраджэння. Таму стадыя „А“ на славацкiх землях асацыюецца хутчэй з iмёнамi двух кадыфiкатараў славацкай мовы — Антона Берналака (1820-я) i Людавiта Штура (1840–50-я) — а таксама з iмём Яна Голлi, аўтара гiстарычных паэм-эпасаў.

Стадыі „В“ на Украiне адпавядаюць 1840–50-я гг., калi Тарас Шаўчэнка адкрыў новую эру ў гiсторыi ўкраiнскай лiтаратуры, мовы i палiтычнага жыцця. Гэта таксама перыяд актыўнай працы нелегальных таварыстваў („Громада“) у Расiйскай iмперыi i культурна-асветнiцкiх суполак („Просвiта“) у Аўстрыйскай iмперыi. Заўважым, што выкладанне на ўкраiнскай мове вялося тады толькi ў iмперыi Габсбургаў.

У Славаччыне найбольш значным выяўленнем стадыі „В“ была дзейнасць культурна-асветнiцкага таварыства „Мацiца Славенска“, утворанага ў 1863 г., а таксама яго пераемнiкаў, Славацкага Музейнага Таварыства i „Народнага дому“, — пасля таго як першае таварыства было зачынена вугорскiмi ўладамi (славацкiя школы былi гэтаксама зачыненыя ў 1875 г.). Як украiнцы, так i славакi ў той час мелi шэраг таленавiтых аўтараў народнiцкай альбо натуралiстычнай плынi — можна назваць Мiхайлу Старыцкага, Панаса Мiрнага, Паўла Оршага Гвездаслава, Мартына Кукучына. На беларускiх землях стадыя „В“ была слабейшай i распачалася толькi ў 1880-х. Яна звязана з творчасцю „бацькi“ сучаснай беларускай лiтаратуры Францiшка Багушэвiча. Два ягоныя зборнiкi вершаў былi надрукаваны ў Кракаве ў 1890-х.

Стадыя „С“ разгарнулася для ўсiх трох рухаў амаль што адначасова, у 1890–1900-ыя гг., калi з’явiлiся разнастайныя палiтычныя партыi, пачаўся ўдзел масаў у нацыянальнай справе. Найбольш значнымi партыямi былi: Славацкая Нацыянальная Партыя (створаная ў 1868 г., адроджаная ў 1990-я гг.), партыi Украiнская Радыкальная (1890) i Нацыянал-Дэмакратычная (1899; абедзве былi заснаваныя ў Аўстра-Вугоршчыне). У Расiйскай iмперыi з’явiлicя Украiнская Радыкальна-Дэмакратычная Партыя (1899, 1905), Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, утвораная ў 1902 г. З тэарэтычнага пункту гледжання, стадыя „С“ для трох нацыянальных рухаў працягвалася, з перапынкамi, аж да стварэння незалежных нацыянальных дзяржаваў у 1990-я гады.

Тэарэтычная мадэль Гроха, натхнёная марксiсцкiм структуралiзмам 1960-х гадоў, апрыёры можа здацца вычарпальнай, але яна абмежаваная з прычыны празмернага даверу аўтара да сацыялагiчнага аналiзу нацыянальных рухаў. Сам Грох не спрабаваў тлумачыць размаiтыя гiстарычныя змены ў iдэалогiі нацыянальнага будаўнiцтва цi псiхалогii нацыянальнае ідэнтыфікацыі. Шмат якiя відавочныя з’явы палiтычнай i духоўнай гiсторыi ўкраiнцаў, славакаў i беларусаў не паддаюцца растлумачэнню паводле гэтай схемы. Напрыклад, брацтва святых Кiрылы i Мятода ў Кiеве (1845–1847) распрацавала палiтычныя iдэi i патрабаваннi значна раней перыяду, якi Грох лiчыў адпаведным стадыі „С“; украiнцы і славакi ў Аўстрыйскай iмперыi сфармулявалi нацыянальна-палiтычную праграму ўжо падчас рэвалюцыi 1848–49 гг. Кастусь Калiноўскi, „бацька беларускага нацыяналiзму“, быў пакараны смерцю як лiдэр польскага паўстання ў Беларусi (1863). Паводле Гроха, у той час усе тры народы павiнны былi праходзiць у развiццi сваiх нацыянальных рухаў толькi праз „культурную“ (цi нават „акадэмiчную“) стадыю. У той жа час усе тры рухi ўвайшлi ў палiтычную фазу бадай што адначасова, у 1890–1900 гг. Iхная ўнутраная сацыяльная структура альбо „даспеласць“ не адыгралі тут анiякай ролi. Пераход у новую стадыю быў абумоўлены не ўнутраным развiццём нацыянальных рухаў, а вонкавымi чыннiкамi: узмацненнем палiтычнай актыўнасцi iншых нацый у Iмперыi, з’яўленнем сацыял-дэмакратыi, палiтычнымi рэформамi ў Расiйскай iмперыi i г.д. Дзякуючы рэформам, праведзеным імператарам Язэпам ІІ, славакi i ўкраiнцы Аўстра-Вугоршчыны мелi адукацыю на роднай мове (стадыя „В“ ?) пачынаючы з 1780-х, яшчэ да нараджэння рамантычнага нацыяналiзму (стадыя „А“?). Украiнцы і беларусы ў Расiйскай iмперыi не мелi адукацыi на нацыянальнай мове аж да 1917 г., прэсы на роднай мове — да 1905 г., але ж вiдавочна, што яны дасягнулi фазы „С“ раней. У 1881–1895 гг. Славацкая Нацыянальная Партыя (стадыя „С“?) праводзіла палiтыку няўдзелу ў выбарах i масавых манiфестацыях, засяроджваючыся хутчэй на культурных задачах. Пачатак ХХ ст. для ўкраiнцаў i беларусаў быў насамрэч адзначаны не масавай палiтычнай мабілізацыяй, а масавым распаўсюджваннем нацыянальнай самасвядомасцi i беспрэцэдэнтным росквiтам лiтаратуры ды культуры.

Такiм чынам, можна адзначыць, што палiтычныя чыннiкi i вонкавыя iнтэлектуальныя ўплывы абумовiлi спалучэнне розных элементаў з грохаўскiх стадыяў „А“, „В“ i „С“ у розныя перыяды развiцця ўкраiнскага, беларускага, славацкага нацыяналiзму ў ХIХ–ХХ стст. Урэшце, гэтая схема зусiм не дапамагае зразумець цi нават апiсаць рэгрэсiўнае развiццё нацыянальнай свядомасцi альбо поўны беспарадак у выяўленнi „гiстарычна паслядоўных“ форм гэтага развiцця, прычым нярэдка нават у свядомасцi канкрэтных асобных людзей. Мадэль Гроха, прапануючы традыцыйную структуралiсцкую гiсторыю грамадства, не можа адказаць на новыя тэарэтычныя патрабаваннi даследаванняў культуры. Яна, прыкладам, не стасуецца з постмадэрнiзмам i постструктуралiзмам, якiя па-новаму разумеюць паняцце тоеснасцi i прапануюць разглядаць нацыяналiзм як дыскурс.

Нядаўна слушнасць схемы Гроха ў адносiнах да ўкраiнскага нацыяналiзму была публiчна аспрэчана прафесарам Раманам Шпарлюком з Гарвардскага ўнiверсiтэту. Ён адмовiўся ад мадэлi, згодна з якой нацыянальныя рухi пераходзяць ад культурнай стадыi да палiтычнай. Замест гэтага Шпарлюк зрабiў выснову, што з самога пачатку развiццё ўкраiнскага нацыяналiзму ў ХIХ ст. было, галоўным чынам, палiтычным, а не культурным пытаннем i што яно было шчыльна звязана з двума iншымi палiтычнымi пытаннямi — расійскiм i польскiм.

Падтрымлiваючы канцэпцыю прафесара Шпарлюка ў цэлым, я б хацеў заўважыць, што гiсторыю бездзяржаўных народаў Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропы можна вывучаць зусiм iначай, чым у традыцыйнай перспектыве „сацыяльнай“ i „палiтычнай гiсторыi“. Вылучэнне ў гісторыі нацыянальных рухаў трох асобных стадыяў: этапу акадэмiчнай зацiкаўленасцi, этапу культурна-адукацыйнай работы i этапу палiтычнай агітацыi — прытым што кожная мае ўласныя часавыя рамкi, з’яўляецца, мякка кажучы, умоўным. Гэтыя тры стадыі выяўляюць, хутчэй, тры дамiнуючыя тэндэнцыi ў развiццi нейкага нацыянальнага руху. Зрэшты, iх вылучэнне можа быць карысным, калi нацыяналiзм аналiзуецца як сацыялагiчны феномен, як „нацыянальны рух“, але яно прыносiць значна менш карысцi пры вывучэннi змен, што адбываюцца ў свядомасцi i псiхiцы iндывiдаў, з якіх у сапраўднасці складаюцца гэтыя „рухі“. Нацыяналiзм — гэта ўсё ж не проста сацыялагiчны феномен i не пераважна сацыялагічны феномен. Рытарычная альбо iндывiдуальная палiтычная плынь пашырае практыку нацыянальных рытуалаў, адданасць некаторым сiмвалам i нацыянальным мiфам, вынаходзiць новыя абрады. Таму сучаснае разуменне нацыяналiзму патрабуе канцэптуалiзацыi нацыяналiзму як дыскурсу, вузка абмежаванага сферамi камунiкацыi i псiхалогii.

Канцэпцыя „дыскурсiўных стратэгiй“, прынятая замест канцэпцыі асобных стадыяў, можа дапамагчы нам лепш зразумець гiстарычнае развiццё i iдэалагiчную спецыфiку нацыяналiзму ў бездзяржаўных народаў Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропы.

На маю думку, трыма галоўнымi стратэгiямi з’яўляюцца: замяшчэнне (субстытуцыя), атаесамленне (iдэнтыфiкацыя) i адлюстраванне (праекцыя).

У тэорыі камунiкацыі замяшчэнне разглядаецца як працэс, шляхам якога важнасць альбо значэнне чаго-небудзь перадаецца чаму-небудзь iншаму (замяшчаецца апошнiм). Псiхолагі былі найбольш зацікаўленыя пытаннем пераарыентацыі энергiі, выдаткоўванай на мэту, якая выклiкае фрустрацыю, да больш прыступнай мэты. Замяшчэнне вядзе да працэсу сублiмацыi, або пераходу, пры якім цiкавасць з аб’ектаў ці дзеянняў, якiя лiчылiся важнымi, пераходзiць на iншыя сiмвалiчныя субстытуты-замяшчальнiкі. Калi гаворка ідзе аб нацыяналiзме, я разглядаю стратэгiю замяшчэння як змену акцэнтавання: цiкавасць да дамiнуючай нацыянальнасцi змяняецца на цiкавасць да недамiнуючай, адбываецца палiтычнае, культурнае, псiхалагiчнае атаесамленне не з дамiнуючай нацыяй, а з этнiчнай групай „у яе ўнутры“. У гiстарычным плане вывучэнне дыялектаў i мясцовага фальклору было першай праявай „замяшчэння“, што мела нацыяналiстычны характар. Першыя беларускiя i ўкраiнскiя знаўцы фальклору, якiя палiтычна атаясамлiвалi сябе з расійскай альбо польскай нацыямі, але ганарылiся сваёй малой радзiмай („лiтоўска-жмудзкай“, „русiнскай“ цi „маларасійскай“) i вывучалi мiнуўшчыну, прытрымлiвалiся якраз гэтай стратэгii. Адданасць „малой радзiме “, якая ўваходзiць у большую садружнасць (commonwealth), яшчэ і сёння можа быць вельмi жывучай. Доказам таму перамогі на прэзiдэнцкiх выбарах ва Ўкраiне Леанiда Кучмы і, асаблiва, Аляксандра Лукашэнкi ў Беларусi (1994). У 1960–70-х гэтай стратэгiяй кiравалiся ўкраiнскiя дысiдэнты ў сваёй барацьбе супраць навязвання людзям „новай нацыянальнасцi — савецкага народу“. Стратэгiя замяшчэння, абраная тутэйшымi камунiстычнымi элiтамi ў сацыялiстычных Славаччыне, Беларусi, Украiне, падрыхтавала глебу для прыняцця iдэi незалежнасцi ў 1990-я.

Важнасць стратэгii замяшчэння на розных стадыях развiцця нацыянальных рухаў добра бачная з наступнага прыкладу. У 1859 г. Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч, першы вялiкi беларускi паэт i драматург, узяўся перакласцi на беларускую мову шэдэўр Адама Мiцкевiча „Пан Тадэвуш“ (1834). Як вядома, Мiцкевiч, выдатны польскi паэт, нарадзiўся на „этнiчна беларускiх“ землях. Перакладаючы гэтую эпiчную паэму, якая дае агульную карцiну жыцця шляхты ў наваколлях Наваградку, на радзіме Мiцкевiча, Дунiн-Марцiнкевiч парупiўся пра тое, каб лiтаральна „замясцiць“ гэтае „польскае“ апавяданне на „беларуска-польскае“, але ягоны пераклад тады пасьля выдрукаваньня быў сканфіскаваны. Праз 70 год iншы беларускi патрыёт, якi жыў у эпоху палiтычнай барацьбы i ўцягнення масаў у палiтыку, запрогся ў тую ж працу. Пры канцы 1920-х Бранiслаў Тарашкевiч, былы пасол польскага Сойму i кіраўнік Беларускай Сялянска-Работнiцкай Грамады, у турме зрабiў новы пераклад „Пана Тадэвуша“ на беларускую мову.

Якой бы нi была стадыя развiцця нацыянальнага руху, дыскурсiўная стратэгiя застаецца ў асноўным тая самая: замяшчэнне часткi дамiнуючай культуры на кантэкст недамiнуючых этнiчных групаў.

Iншай стратэгiяй нацыяналiзму (але яна не абавязкова ідзе пасля папярэдняй) ёсць тое, што я называю атаесамленнем. У тэорыi камунiкацыi яна вызначаецца як працэс прынамсi частковага прыняцця iндывiдам новай тоеснасці. Псiхалогiя вучыць, што атаесамленне — гэта адпаведнасць нейкай мiфiчнай цэласцi, створанай уяўленнем, пэўнаму тыпу героя цi гераiнi альбо пасярэднiку, калектыўнаму вобразу. У наш час, калi нацыя, паводле тэорыі Бенэдыкта Андэрсана, аналiзуецца як „уяўленая супольнасць“, важнасць гэтага тыпу стратэгiй нацыяналiзму робiцца зусiм яснай. Калi верыць Андэрсану, далучанасць да нацыi ёсць „уяўленнем“, бо кожны чалавек можа быць знаёмым толькi з нязначнай колькасцю суайчыннікаў, але, тым не менш, нацыя ёсць „супольнасцю“, бо кожны чалавек бясконца верыць у адначасовае iснаванне ўсiх iншых. У гiстарычнай перспектыве нацыянальныя рухi надзялялi нацыю „ўяўленнем“ пры дапамозе разнастайных сродкаў камунiкацыi, ад царкоўных пропаведзяў да тэлебачання. Ва ўсялякiм выпадку, асабiстае атаесамленне з нацыяй было, галоўным чынам, атаесамленнем з яе дыскурсам. У дзённiках некаторых асоб (напрыклад, украінскага пiсьменнiка Панаса Мiрнага) можна знайсцi цудоўныя прыклады рэзкай змены дыскурсу ў момант нацыянальнага самаўсведамлення. Справа не толькi ў пераходзе ад мовы дамiнуючай нацыi да мовы нацыi недамiнуючай. Змена сiмвалiчнай сiстэмы, частае выкарыстанне нацыяналiстычнага коду тут нават больш важныя. (Што да Мiрнага, ён iмiтаваў стыль украiнскiх дум i ўжываў словы з казацкага лексікону.) Кожная з трох нацый мела i ўсё яшчэ мае ўласную сістэму „нацыянальных“ мiфаў i сiмвалаў, семiятычную прастору, да якой далучылася нацыянальнае атаесамленне. Важнымi элементамi гэтай прасторы былi „магутныя дзяржавы мiнулага“: „Вялiкая Мараўская iмперыя“ (833–906) для славакаў, Вялiкае Княства Лiтоўскае (1225–1569) для беларусаў, казацкая дзяржава (Гетманшчына, 1648–1782) для ўкраiнцаў. Магутная Кiеўская Русь (IХ–ХIII стст.) займае адносна сцiплае месца ў беларускiх i ўкраiнскiх нацыянальных мiфах з таго часу, як Расiйская iмперыя пачала прэтэндаваць на пераемнасць з гэтай дзяржавай. Важныя геаграфiчныя аб’екты таксама разглядалiся ў якасцi нацыянальных сiмвалаў: горы Татры для славакаў, Дняпро і стэп для ўсходнiх украiнцаў, Карпаты для заходнiх украiнцаў, пушча для беларусаў. Калi нацыя не можа атаясамiць сябе са сваiмi палiтычнымi інстытуцыямі цi з „высокай“ культурай сучаснага тыпу, нярэдка сустракаецца атаесамленне з нацыянальным героем, прарокам цi „бацькам нацыi“ — магчыма, найлепшым прыкладам тут будзе постаць Тараса Шаўчэнкi. Нашэнне гiстарычнага альбо традыцыйнага сялянскага строяў нацыянальна свядомай iнтэлiгенцыяй, патрыятычныя спевы і святкаваннi гiстарычных датаў нацыянальнае гісторыі — усё гэта таксама складала iстотныя элементы стратэгii атаесамлення. У сакавiку 1990 г. няўдалая спроба правесцi праз федэральны парламент у Празе рашэнне аб увядзеннi працяжнiка ў назве „Чэха-Славаччына“ выклiкала масавыя дэманстрацыi ў Брацiславе (нягледзячы на тое, што ішоў ужо 1990 год, жаданне змянiць назву iлюструе стратэгiю замяшчэння). І наадварот, калi некаторыя „беларускiя“ актывiсты паспрабавалi замянiць саманазву „беларусы“ на пляменную назву Х ст. „крывiчы“, дык гэта, ясная рэч, была спроба атаесамлення. Для ўкраiнцаў слова „маларос“ было тэрмiнам замяшчэння, а „ўкраiнец“ — тэрмiнам атаесамлення.

Трэцюю дыскурсiўную стратэгiю я называю стратэгiяй адлюстравання (праекцыi). Яна прадугледжвае, лiтаральна, рывок наперад цi ў вонкавы свет. У камунiкацыйных студыях праекцыяй (адлюстраваннем) называецца працэс альбо прыём, праз якi iдэi, вобразы і жаданнi навязваюцца вонкаваму асяроддзю. Канцэпт „праекцыі“ выкарыстоўваецца і ў псiхааналiзе, але там ён мае iншае значэнне, а менавiта прыпісванне iндывiдамi ўласных матывацый i характарыстык iншым iндывiдам. Што да нацыяналiзму, я разглядаю стратэгiю праекцыi як агрэсiўную прапаганду, якая iмкнецца навязаць нацыяналiстычныя iдэi i сiмвалы насельнiцтву цэлага рэгіёну цi цэлай краiны. Гэтая стратэгiя ажыццяўляецца праз адукацыю i пры дапамозе iнтэнсiўнай прапаганды. І тое, і гэтае падбухторвае людзей, каб тыя спраектавалi на сябе нацыяналiстычныя сiмвалы i мiфы. Апрача адукацыйнай сiстэмы, важным iнструментам праекцыi з’яўляюцца СМI — асаблiва ў другой палове ХХ ст. Яшчэ адзiн сродак рэалізацыі гэтай стратэгіі — напаўпрымусовы ўдзел у дзяржаўных цырымонiях і святкаванне дзяржаўных святаў. У сваёй класiчнай форме стратэгiя праекцыi праводзiцца ў жыццё маладымi незалежнымi дзяржавамi (Украiнай з 1991 г., Славаччынай з 1993 г., Беларусяй у 1991–94 гг.), але ж ёй карысталiся i ў ХIХ ст. Асаблiва гэта тычыцца некаторых груп цi класаў: напрыклад, украiнскiя актывiсты ва Ўсходняй Галiччыне маглi тады ажыццяўляць гэтую стратэгiю для прапаганды сярод жыхароў сваёй правiнцыі. Патрыёты трох нацый з большым цi меншым поспехам дзейнічалі ў адпаведнасці з ёй у 1920–30-х, асаблiва ўкраiнцы і беларусы ў 1920-х: тады Камуністычная партыя ўзяла курс на „карэнiзацыю“, што суправаджалася развiццём i росквiтам нацыянальнай адукацыi, культуры і СМI. Парадаксальным чынам, iдэя незалежнай дзяржавы не абавязковазвязана са стратэгiяй праекцыi цi нават з „атаесамленнем“. Калi ў 1915 г. немцы прапанавалi асноўнай групоўцы беларускiх нацыяналiстаў, якую ўзначальвалi браты Антон i Iван Луцкевiчы, заснаваць палiтычна незалежную дзяржаву, адказам была, па сутнасцi, просьба адбудаваць на тэрыторыi, кантраляванай немцамi, федэратыўнае Вялiкае Княства Лiтоўскае. Няздольнасць беларускiх нацыяналiстаў мыслiць iнакш чым у тэрмiнах „федэрацыi“ дэманструе, што яны працягвалi цярпець ад гэтага замяшчэння.

У гэтым артыкуле былi паасобку, дзеля мэтаў тэарэтычнага аналiзу, разгледжаны тры дыскурсiўныя стратэгii нацыяналiзму ў Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропе. Гэтыя стратэгii могуць паслядоўна змяняць адна адну ў iдэальным, абстрактным выпадку iндывiдуальнага нацыянальнага самаўсведамлення. Тая ж эвалюцыя можа мець месца, калi мы разглядаем гiстарычнае развiццё нацыяналiзму, але тут патрэбна будзе зрабiць яшчэ больш агаворак. Звычайна ж гэтыя стратэгii дзейнiчаюць у спалучэннях, якiя на працягу аднога гiстарычнага працэсу ўплываюць часам па-рознаму на розныя галiны палiтычнага, эканамiчнага і культурнага жыцця. Унiкальнае спалучэнне нацыянальных (нацыяналiстычных) дыскурсiўных стратэгiй, абраных патрыётамi ў залежнасцi ад палiтычных (збольшага вонкавых) фактараў i iдэалагiчных уплываў, вызначае, чым ёсць нацыя ў той цi iншы перыяд гiсторыi.

Дзякую прафесару Джону-Полу Хiмку
з Альбэрцкага ўнiверсiтэту за ягоныя крытычныя заўвагi і парады, выказаныя ў час напiсання гэтага артыкулу.
 

 

 
   

Бiблiяграфiя:

Anderson B. Imagined Communities (Уяўленыя супольнасцi), London, Verso, 1983.

Brock P., The Slovak National Awakening: An Essay in the Intellectual History of East-Central Europe (Славацкае нацыянальнае абуджэнне: нарыс iнтэлектуальнай гiсторыi Ўсходняй i Цэнтральнай Еўропы), Toronto, University of Toronto Press, 1976, 104 p.

Himka J. P., Socialism in Galicia: The Emergence of Polish Social Democracy and Ukranian Radicalism, 1860-1890, (Сацыялiзм у Галiччыне: паўстанне польскай сацыял-дэмакратыi i ўкраiнскага радыкалiзму ў 1860–1890-ых), Cambridge, MA, Harvard Ukrainian Research Institute, 1983.

Himka J. P., Galician Villagers and the Ukranian National Movement in the Nineteenth Century (Галiцкiя сяляне i ўкраiнскi нацыянальны рух у ХІХ ст.), Edmonton, Canadian Institute of Ukrainian Studies, 1987.

Hroch M., Social Preconditions of National Revival in Europe: A Comparative Analysis of the Social Composition of Patriotic Groups among the Smaller European Nations (Сацыяльныя перадумовы нацыянальнага адраджэння ў Еўропе: параўнальны аналiз сацыяльнага складу нацыянальна свядомых групаў у малых еўрапейскiх нацыях), пераклад на ангельскую Бэна Фоўкса, Cambridge, Cambridge University Press, 1985.

Kirschbaum S. J., A History of Slovakia: The Struggle for Survival (Гiсторыя Славаччыны: барацьба за выжыванне), New York, St. Martin’s Press, 1995, 350 p.

LaCapra D., Soundings in Critical Theory (Вышукi ў крытычнай тэорыi), Ithaca, Cornell University Press, 1989.

LaCapra D., Representing the Holocaust: History, Theory, Trauma (Прадстаўляючы Галакост: гiсторыя, тэорыя, трагедыя), Ithaca, Cornell University Press, 1994.

Lysiak-Rudnitsky I., Nationalism, Encyclopedia of Ukraine, („Нацыяналiзм“ ва Ўкраiнскай энцыклапедыi), Toronto, University of Toronto Press, 1993, vol. III, p. 552–555.

Subtelny O., Ukraine: A History (Украiна: гiсторыя), Toronto, University of Toronto Press, 1994, 692 p., другое выданне.

Vakar N. P. Belorussia: The Making of a Nation. A Case Study (Беларусь: стварэнне нацыi. Канкрэтны прыклад), Cambridge, MA, Harvard University Press, 1956, 297 p.

Zaprudnik J., Belarus: At a Crossroads in History (Беларусь на гiстарычных скрыжаваннях), Boulder, Westview Press, 1993, 278 p.

Пераклаў з французскай Вольф Рубiнчык паводле
Histoire des idées politiques de l’Europe centrale
(Ch. Dusol, M. Maslowski, dir.) Paris, PUF, 1998, pp. 377–393.
 

 

 
   
Галасуй за ARCHE :

br.gis.com.by
D
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (16) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 07-06-2001