A R C H E | N a r o d n y n u m a r | №
2 (16) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АНДРЭЙ КАТЛЯРЧУК | |||||
|
Андрэй Катлярчук
|
— кандыдат гістарычных навук, дактарант МАЭ РАН (Кунсткамэра) у Санкт-Пецярбургу. Цяпер на стажы ўва ўнівэрсытэце Ўпсалы (Швэцыя). Паходзіць з Турава. Сфэра навуковых зацікаўленьняў - беларускa-расейскія, швэдзкія, вугорскія, украінскія сувязi, старабеларуская царкоўная гісторыя і літаратура. Сёлета выйшла ягоная кніга "Праздничная культура в городах России и Белоруссии ХVII века" (Slavica Petropolitano). Рыхтуе да друку кнігу „Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў", выданьнем якой апекуецца Швэдзкі інстытут. Сярод ягоных апошніх публікацыяў таксама: „Францішак Скарына і кола харвацкіх гуманістаў" (Кантакты і дыялёгі, 2000, № 4), „Родная мова ў гісторыі царквы" (Przegląd Prawoslawny, 2000, №12), „Король Стефан Баторий в народной культуре белорусов" (Studia Russika, T. XVIII: Budapest, 2000). 1 Гл.: Русские / Под ред. В. А. Александрова, И. В. Власова, Н. С. Полищук. Москва, 1997. С. 94. 2 Административно-территориальное деление Брянского края за 1916–1970 годы: Историко-географический справочник. Брянск, 1971. Т. 1. С. 3. 3 Карта Могилевской губернии / Сост. Н. Кудрявцев // Энциклопедический словарь Брокгауза и Эфрона. Санкт-Петербург, 1896. Т. ХІХа. С. 572. 4 Максимов С. В. Белорусы Смоленщины с соседями // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье. Санкт-Петербург, 1882. Репринт. Менск, 1994. |
Да 1503 года Бранскі край быў у складзе старабеларускага гаспадарства — Вялікага Княства Літоўскага. Потым — у складзе Расійскай дзяржавы. У 1619–1648 гадах паўночна-заходнія паветы Браншчыны (з Старадубам, Почапам, Трубчэўскам, Мглінам, Суражам) зноў увайшлі ў склад ВКЛ. Дзеля „ардынацыі замкаў і вызначэння мяжы княства літоўскага“ сюды прыбыла багата шляхты з-пад Вільні, Мазыра і з іншых месцаў. Гарады пачалі атрымліваць прывілеі на магдэбургскае права. У гарадах будаваліся касцёлы. Шмат беларускай шляхты з сялянамі абселі на малазаселеных землях Мгліна і Суража (сучасныя Мглінскі, Унецкі, Суражскі, Клятнянскі р-ны). Быў заснаваны новы гарадскі цэнтр — Пагар. Пасля Андрусаўскага замірэння (1669) перасяленцы засталіся на Браншчыне, прынялі праваслаўе і прысягнулі Расіі. Іх нашчадкі (Патоцкія, Есімантоўскія, Гудовічы, Баршчэўскія, Жадкевічы, Карпінскія, Зубрыцкія, Лісоўскія, Мацкевічы, Яноўскія, Тамашэўскія, Якімовічы, Фалькоўскія, Шчэрбы, Адамовічы) дагэтуль жывуць на Браншчыне, некаторыя захоўваюць старыя дакументы і радаводы. Доўгі час мястэчка Папова Гара (сёння Красная Гара) была асноўным уладаннем магілёўскіх праваслаўных уладык. У другой палове XVII стагоддзя і да 1782 года амаль увесь гэты рэгіён уваходзіў у вайскова-ўрадавую адзінку Маларосіі („Гетманшчыны“) — Старадубскі казацкі полк. Цікава, што мовай канцылярыі і царкоўнага справаводства ўвесь гэты час з’яўлялася старабеларуская мова, — факт, не заўважаны сучаснымі беларускімі даследчыкамі. У канцы ХІХ — першай палове ХХ стагоддзя заходняя Браншчына дала некалькі вядомых постацяў беларускага нацыянальна-культурнага руху — перш за ўсё Марыю Косіч, Мікалая Галадзеда, Паўла Растаргуева. Пасля 1917 года (да 1926 года) гэтыя землі ўваходзілі ў склад Гомельскай губ. РСФСР. На пачатку 30-ых у в. Антонаўка Краснагорскага р-на дзейнічала беларуская школка. Складанасць палітычнай гісторыі прывяла да суіснавання некалькіх этнонімаў і экзаэтнонімаў беларусаў Браншчыны: хахлы, кацапы, тутэйшыя, літвіны5. Этнонім „беларусы“ народам не ўжываўся, бо тут у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў не было элітарнага нацыянальнага руху, а гэтыя землі ніколі не ўваходзілі ў склад БССР. Але аж да нашага часу сталыя жыхары ўсведамлялі сваю этнічную адметнасць. Вось што казала ў 1985 годзе старая беларуска сяла Балыкіна Почапскага р-на: „Іны завуцца москалі, так іх прозванье, у іх своі завідёнкі.... а ані нас кацапы, а мы іто не кацапы, мы не хохлы, не, мы толькі не ўкраінцы, не, мы пад шляхтай, вунь й лес панскій, і мы за панам, а на том дрэве панёнка павесілась...“6. Сёння „беларушчына“ Браншчыны — ужо гісторыя. Паводле звестак апошняга перапісу 1989 года, у Бранскай вобл. на амаль 1,5 мільёна чалавек жыло ўсяго 11299 беларусаў (0,77 % ад усяго насельніцтва). Усе яны — выхадцы з БССР. З іх роднай беларускую мову прызналі толькі 36,2 %7. Колішнія беларускамоўныя жыхары паўночна-заходніх паветаў, зразумела, усведамляюць сябе расійцамі. Найбольш імклівая асіміляцыя прыйшлася на другую палову ХІХ стагоддзя, яна звязана з урбанізацыяй і будаўніцтвам Палескай (Бранска-Берасцейскай) чыгункі. Яшчэ ў 1897 годзе М. Косіч адзначыла, што мужчыны-літвіны пасля службы ў войску пераходзілі на расійскую мову. Маладзіцы саромеліся спяваць па-беларуску. У гарадах месцічы пачалі глядзець на сялянаў з пагардай: „Мужыкі дзекаюць да цекаюць, а в нас в гораде гаворят па благородному “8. |
5 „Літвіны“, жыхары Мглінскага, Унецкага, Суражскага раёнаў, верагодней за ўсе, — нашчадкі выхадцаў з ВКЛ у І палове ХVII ст. 6 Batoїek N. Leksykalne i semantyczne aspekty analizy porуwnawczej blisko pokrewnych gwar. Olsztyn, 1988. S. 15. 7 Народы России: Энциклопедия. Москва, 1994. С. 436. 8 Косич М. Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни. Санкт-Петербург, 1902. С. 106. |
Даследаванні Этнаграфічнае вывучэнне беларусаў Бранскага краю ніколі не спынялася. Першая адпаведная манаграфія пабачыла свет яшчэ на золку развіцця этнаграфічнай навукі ва Ўсходняй Еўропе. У 1846 годзе ў Санкт-Пецярбургу была выдадзена малавядомая цяпер кніга „Апісанне Суражскага павета Чарнігаўскай губерні“ (сучаснага Суражскага р-на Бранскай вобл. Расіі). Яе аўтар — мясцовы шляхціц Г. Есімантоўскі, продкі якога аселі на суражскіх землях у пачатку ХVІІ стагоддзя, калі гэты край зноў часова ўвайшоў у склад ВКЛ9. У гэтай працы ліберальны землеўладальнік шмат піша аб эканамічных перспектывах роднай старонкі. У этнаграфічным раздзеле кнігі распавядалася аб мясцовых сялянах — „літвінах“. Падкрэсліваліся этнічныя рысы адзення, якія відавочна адрознівалі літвінаў ад суседніх велікаросаў. Гэта жаночы галаўны ўбор намітка, мужчынскі — магерка. Сцвярджалася, што, у адрозненне ад „польскіх паноў“, тамтэйшая шляхта гаварыла на мове сялянаў. Цікава, што, тлумачачы незвычайную прывязанасць суражскай шляхты да родных маёнткаў, аўтар спасылаўся на выдатны помнік старабеларускага права Статут ВКЛ 1588 года — артыкул 12 яго трэцяга раздзелу10. Наступную працу аб „тутэйшых“ беларусах „Беларусы Смаленшчыны з суседзямі“ выдаў у 1882 г. вядомы расійскі этнограф С. Максімаў. На падставе ўласных палявых даследаванняў аўтар, здаецца, упершыню даказаў унікальнасць паўночна-заходняга кутка сучаснай Браншчыны, дзе суіснавалі ўсе тры ўсходнеславянскія этнасы. Гаворачы аб беларусах, аўтар піша, што „паўночны кут Чарнігаўскай губерні (паветы Мглінскі і Суражскі) населены беларусамі чыстага бяспрыкладнага тыпу, якія, аднак, з афіцыйным этнонімам „беларусы“ не знаёмы, а называюцца „літвінамі“. Са словаў этнографа, ужо ў Бранску на кірмашы дамінавала белая магерка і кароткая вузенькая світка, па якой заўсёды пазнаеш беларуса. Безумоўна, найзначнейшым даследчыкам беларусаў Браншчыны з’яўляецца М. Косіч (1850, в. Расуха Мглінскага пав. Чарнігаўскай губ. — 28.3.1911, там жа; па бацьку — Уладзімірава, па маці — Сілевіч)11. Яе постаць даўно ўжо патрабуе асобнай манаграфіі і, вядома ж, не змяшчаецца ў межах нашага артыкула. Адзначым толькі некаторыя моманты. Як сцвярджалі сучаснікі, „штуршком да этнаграфічнага вывучэння беларусаў было ў М. Косіч, так бы мовіць, пакрыўджанае пачуццё народнасці“. Звычайна адзначаюць, што на выбар шляху М. Косіч паўплываў украінскі этнограф А. Русаў, які жыў у сяле Олешня ва ўкраінскай частцы Чарнігаўскай губ. На нашу думку, магчымыя таксама сувязі М. Косіч з паўстанцамі Кастуся Каліноўскага, з якім яна не магла не сустрэцца асабіста ў часе вучобы ў Санкт-Пецярбургу. У 1870 годзе побач з Косіч у суседнім Старадубе жыў і працаваў Францішак Багушэвіч. З другога боку, у в.Слабадзішча, стала пражываў Ігнат Гедройц. Усе працы М. Косіч праходзілі цэнзуру з вялікімі цяжкасцямі. Толькі з дапамогай расійскага акадэміка А. Шахматава, які, дарэчы, увогуле шмат зрабіў для беларусаў, у 1901 годзе ў часопісе „Живая старина“ друкуецца манаграфія М. Косіч „Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни“. У 1902 годзе яна выйшла асобным выданнем у сталіцы і адразу была ўзнагароджана высокай адзнакай — залатым медалём Расійскага геаграфічнага таварыства. Гэтую працу, якая лічыцца класічнай у беларускай этнаграфіі энцыклапедыяй жыцця беларусаў Браншчыны пачатку ХХ стагоддзя, абавязкова трэба перавыдаць. Значны ўклад у вывучэнне беларусаў Браншчыны зрабіў прафессар Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі А. Рубец. Нарадзіўся ён на Ўкраіне, але яго дзяцінства прайшло ў Старадубе, а прозвішча Рубец належыць старасвецкаму роду тамтэйшых мяшчан. У 90-x гадах ХІХ стагоддзя А. Рубец страціў зрок і вярнуўся ў Старадуб. Тут ён назбіраў вялікую колькасць украінскіх і беларускіх народных спеваў (выдадзены былі толькі ўкраінскія). У 1911 годзе ў Старадубе была надрукавана кніга А. Рубца „Паданні, легенды і сказы Старадубскай сівой мінуўшчыны“, сёння практычна забытая. У гэтым выданні змешчаны дзве ўнікальныя легенды аб „літвінах“ Бранскага краю. Першая, запісаная ў сяле Мядзведкаве, прысвечана абрадам і звычаям народа. Другая, запісаная у сяле Літоўску, уяўляе сабой рыцарскую легенду, у якой дзейнічаюць „літоўская каралева Ядвіга, мясцовая князёўна Берута, яе дачка Радзіслаўна, князь Сянчыла, рыцар Врата-Смеладовіч з-пад Вільні“. Вялікае месца ў даследаваннях выбранай намі тэмы займаюць працы прафесара Паўла Растаргуева. Нарадзіўся ён у Старадубе 30 чэрвеня 1881 года ў заможнай мяшчанскай сям’і. Пасля заканчэння Маскоўскага ўніверсітэта застаўся там жа працаваць. Навуковыя інтарэсы П. Растаргуева былі цалкам засяроджаны на праблемах беларускага мовазнаўства. У 1918–1920 гадах ён чытаў курс беларусазнаўства ў Беларускім народным універсітэце (Масква). У 1926 годзе ён — асноўны дакладчык ад РСФСР у Менску на славутай Акадэмічнай правапіснай канферэнцыі. У 20-ыя гады П. Растаргуеў надрукаваў шэраг кніг і артыкулаў, прысвечаных беларускім гаворкам Браншчыны. Менавіта ён даў назву гэтым гаворкам: „северска-беларускія гаворкі“12. У 1928 годзе ў Ленінградзе апублікаваны цікавы артыкул П. Растаргуева „Да характарыстыкі гаворкі Старадубскага палка ў XVIII стагоддзі “13. У гэтай працы вырашаецца складанае мовазнаўчае пытанне: украінская ці беларуская гаворка гістарычна панавала ў Старадубе і наваколлі? Выкарыстоўваючы ўнікальныя матэрыялы — дакументы старадубскіх храмаў, мяшчанскіх родаў, казацкай старшыны, — аўтар робіць вывад на карысць беларускай мовы: „Пры наяўнасці у гэтай пісьмовай мове значнай колькасці ўкраінізмаў (казацкая старшына была прышлая і ўжывала ўкраінскую мову) мова насельніцтва ніколі не была ўкраінскай [...], а беларускай з некаторымі асаблівасцямі па сваім складзе“. Гаворка ідзе пра пісьмовую стараўкраінскую (старабеларускую) мову, якая была службовай мовай Старадубскага палка ў 1650–1782 гадах. Больш таго, даследчык адзначыў, што, у адрозненне ад кніг магістрату і палка, метрычныя кнігі і царкоўныя акты пісаліся на аснове беларускага дыялекту і ў іх не сустракаюцца ўкраінізмы. Як прыклад прыводзяцца словы: „Лявон, Адарка, Гарасім, унук, унука, удава, соракавуст“. Наступная важная для нас праца належыць вядомаму беларускаму этнографу Аляксандру Сержпутоўскаму. Летам 1926 года на заданне Інбелкульта ён адправіўся ў палявую экспедыцыю па ўсходніх паветах Гомельскай губ. РСФСР — сучасных Навазыбкаўскім і Клінцоўскім раёнах Расіі. Мэта падарожжа была такая: напярэдадні ўзбуйнення БССР даследаваць побыт і фальклор тамтэйшых беларусаў. Этнограф праехаў па шляху Мглін—Сураж—Клінцы—Добруш, наведаў шмат вёсак. Стацыянарныя росшукі былі зроблены ў вёсках Пісарэўка і Краславічы, дзе вучоны запісаў узоры мовы, песні і паданні, апісаў вопратку, працоўныя прылады, будынкі. Была адзначана хуткая асіміляцыя беларускага насельніцтва: „...Моладзь і тыя, хто пабываў на вайсковай службе, а таксама гаражане гавораць на мяшанай беларуска-рускай гаворцы [...]. У Клінцах мяшанае насельніцтва: на першым месцы ідуць вялікаросы-стараабрадцы, потым габрэі і беларусы, але ў іх мове ўжо шмат расійскіх слоў і зваротаў“. Галоўныя вынікі А. Сержпутоўскага пацвярджаюць палажэнні працы філолага П. Растаргуева. На думку этнографа, нягледзячы на тое, што мясцовыя беларусы часцей называлі сабе „хахламі“ або „казакамі “, нічога ўкраінскага ў іх мове і культуры не было і ўсе дамінанты народнай культуры тут — беларускія14. Вынішчэнне беларускай гуманітарнай навукі ў сталінскія часы адмоўна адбілася і на доследах беларусаў Браншчыны. Яны амаль цалкам спыніліся. Напрыклад, П. Растаргуеў, апынуўшыся ў канцы 30-ых на сціплай пасадзе загадчыка кафедры ў правінцыйным Навазыбкаўскім педінстытуце, не надрукаваў аб тамтэйшых беларусах пры жыцці больш ніводнай працы. Толькі пасля яго смерці (31 сакавіка 1959 года) у Маскве і Менску выйшлі яго асноўныя працы15. У навейшы час (50–90-ыя гады) вывучэннем беларусаў у Расіі (РСФСР) займаліся выключна філолагі. Паступова склаліся дзве навуковыя школы: „маскоўская“ і „ленінградская“. Прадстаўнікі першай школы (К. Захарава, В. Арлова), як і іх папярэднікі, адносілі паўночны захад Браншчыны да арэалу беларускіх гаворак16. Ленінградская школа на чале з В. Чагішавай стварыла новую канцэпцыю, згодна з якой беларускія гаворкі Браншчыны — асобная група паўднёварасійскіх гаворак. Тое ж падкрэслівае польская калега В. Чагішавай Н. Батожэк17. Ленінградскай школай падрыхтаваны вялікі слоўнік гаворак Браншчыны, але зыходны тэзіс істотна зменшыў, на нашу думку, яго навуковую каштоўнасць, бо аўтары проста змяшалі велікарасійскую, украінскую і беларускую лексіку Браншчыны ў адно18. Нарэшце, апошнім часам гісторыяй беларусаў Браншчыны зацікавіліся даследчыкі Беларусі. Унікальныя матэрыялы па старажытнай геральдыцы гарадоў Браншчыны апублікаваў А. Цітоў19. Шкада, што яны амаль не вядомы бранскім даследчыкам. |
9 Гл.: Лазаревский А. Описание старой Малороссии: Материалы для истории заселения землевладений и управления. Киев, 1888. Т. 1. Полк стародубский. 10 Гл.: Статут ВКЛ. Менск, 1989. С. 118. 11 Сёння сяло Расуха знаходзіцца ва Ўнецкім раёне Бранскай вобл. | ||
12 Расторгуев П. В. Северско-белорусские говоры: исследования в области диалектологии и истории белорусских говоров. Ленинград, 1927; ён жа: Говоры восточных уездов Гомельской губернии в их современном состоянии. Минск, 1926. 13 Сборник отдела русского языка и словесности АН СССР. Ленинград, 1928. Т. 101. № 3. | |||
14 Отчет о поездке в Гомельскую губернию в 1926 году. Менск, 1926; Касько У. К. Святло далёкае зоркі. Менск, 1997. 15 Расторгуев П. А. Говоры Смоленщины. Москва, 1960; ён жа: Словарь народных говоров Западной Брянщины. Менск, 1973. 16 Захарова К. Ф., Орлова В. Г. Диалектное членение русского языка. Москва, 1970. С. 34. 17 Batoїek N. Leksykalne i semantyczne aspekty... S. 15. 18 Брянские говоры / Под ред. В. И. Чагишевой. Ленинград, 1970–1975. Вып. 1–4. 19 Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (ХVІ — пачатак ХХ ст.). Менск, 1998. |
Помнікі культуры На паўночным захадзе Браншчыны паміж шматлікімі помнікамі расійскай і ўкраінскай архітэктуры захавалася некалькі помнікаў беларускага дойлідства. Па-першае, гэта мураваныя касцёлы, узведзеныя ў 1618–1648 гадах, калі захад Браншчыны зноў увайшоў у склад ВКЛ. На сёння захаваліся: моцна разбураная Праабражэнская царква („касцёл“, як кажуць людзі) у Трубчэўску, пабудаваная ў 1640 годзе, аб чым сведчыў надпіс на муры; значна перабудаваная царква Св. Ганны ў Пагары (пачатак ХVІ стагоддзя), таксама былы касцёл. У Трубчэўску захавалася „камяніца“ ХVІІІ стагоддзя — помнік свецкай архітэктуры, тыповы для тагачасных Беларусі і Ўкраіны. Выразныя рысы беларускіх готыкі і барока маюць некаторыя праваслаўныя мураваныя цэрквы ХVІІІ стагоддзя: царква Пакрава ў в. Вітаўцы Почапскага раёна (апошняя трэць ХVІІІ стагоддзя); царква Дзмітрыя Салунскага ў в. Старое Задубенне Ўнецкага раёна (1780). Цікава, што ў ХІХ стагоддзі на захадзе Браншчыны тамтэйшыя земляўласнікі ўзводзілі сядзібныя праваслаўныя цэрквы цалкам у „касцёльным“ (раманскім ці гатычным) стылі. Гэта, напрыклад, мураваная царква Міколы Цудатворца ў в. Смалевічы Клінцоўскага раёна (1858), царква Перамянення ў в. Тварышычы Жырацінскага раёна (сярэдзіна ХІХ стагоддзя). Параўнальна мала захавалася драўляных храмаў, пабудаваных у традыцыях беларускага народнага дойлідства. Гэта Траецкая царква ў в. Стары Крывец Навазыбкаўскага раёна (1795–1797), царква Пакрава ў в. Высакаселішча Суражскага раёна (1761), царква Ўспення ў в. Красны Рог (1777) — у маёнтку вядомага расійскага пісьменніка А. К. Талстога. Узорны помнік беларускага дойлідства знаходзіўся ў прадмесці Навазыбкава — царква ў Людкаве (1754), якую нядаўна спалілі. У бліжэйшы час трэба, відаць, устанавіць памятныя дошкі на ўсіх помніках беларускай архітэктуры (шмат якім патрэбна і рэстаўрацыя), тым больш што з іх беларускім паходжаннем пагаджаюцца і расійскія даследчыкі20. У зборах бранскіх музеяў захоўваецца нямала твораў беларускага іканапісу ХVII–ХVIII стагоддзяў, народнай вопраткі, ручнікоў. Беларускаму грамадству трэба ўвекавечыць памятнымі дошкамі мясціны Браншчыны, звязаныя з вядомымі постацямі нацыянальнага руху — ураджэнцамі краю. Маю на ўвазе М. Косіч (месца яе пахавання — разбураны Разрытаўскі манастыр за 6 км ад в. Расуха); П. Растаргуева (пахаваны ў Навазыбкаве), М. Галадзеда (нарадзіўся ў в. Стары Крывец). У Старадубе нейкі час працаваў Ф. Багушэвіч. Там жа ў Кацярынскай вязніцы ў царскія часы адбываў пакаранне Язэп Лёсік. Зрабіўшы такую справу, беларусы споўняць свой гістарычны абавязак.
|
20 Свод памятников архитектуры и монументального искусства России: Брянская область. Москва, 1998. С. 17–18. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (16) – 2001 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |