A R C H E | N a r o d n y n u m a r | №
2 (16) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ЭДВАРД КІНАН | |||||
|
Эдвард Кінан
|
— амэрыканскі славіст, прафэсар гісторыі Гарвардзкага ўнівэрсытэту, дырэктар аналітычнага цэнтру Dumbarton Oaks, разьмешчанага ў Вашынгтоне. У сфэру навуковых зацікаўленьняў Кінана ўваходзіць гісторыя ра-сійскай культуры, найперш XVI i XVII стагодзьдзяў, культурныя ўзаемаадносіны славянаў і туркаў, гістарычная лінгвістыка, літаратура XV-XVII стагодзьдзяў. Займаецца таксама вывучэньнем гісторыі Цэнтральнай Азіі. Сярод апошніх публікацыяў - артыкул „Afterword: Orthodoxy and Heterodoxy" ў калектыўнай мана-графіі „Religion and Culture in Early Modern Russia and Ukraine" (Northern Illinois University Press, 1997). У 1995 годзе гарвардзкі Цэнтар украінскіх дасьледаваньняў цалкам прысьвяціў нумар 19 свайго зборніка Эдварду Кінану (Harvard Ukrainian Studies. Volume XIX, 1995, Kamen' Krajeugolnyi. Essays in honor of Edward L. Keenan). Чытачы, якія заціка-віліся гэтай публікацыяй, могуць беспасярэдне зьвязацца зь яе аўтарам праз e-mail keenan@fas.harvard.edu. 1 Гэта даказала Е. В. Сініцына ў артыкуле „К истории открытия рукописи со „Словом о полку Ігоревом“: „Русская литература“, 1992, N 1, с. 85–87. |
„Слова“ месьціць безьліч багемізмаў, калямбураў і клясыцызмаў, фальшывых і сапраўдных, якія дэманструюць надзвычайную абазнанасьць аўтара ў перадмадэрных славянскіх літаратурах, асабліва старачэскай. Яго захаплялі еднасьць і адвага славянаў, уражвалі гукавыя й сьветлавыя эфэкты, перш за ўсё — птушыныя й зьвярыныя гукі; ён з аднолькавай дэістычнай асьцярожнасьцю ставіўся да паганства, хрысьціянства й пэрсаніфікаванай прыроды; дастаткова добра арыентаваўся ў друкаваных расейскіх балядах канца XVIII ст. і, хоць гэта й парадаксальна, дрэнна ведаў некаторыя спэцыфічна ўсходнеславянскія лінгвістычныя й гістарычныя рэаліі. Затое ведаў мовы Бібліі, у тым ліку й габрэйскую. У сваю чаргу, наяўнасьць у „Слове“ вучоных гэбраізмаў са Старога Запавету дае падставы казаць, што гэты твор зьявіўся ўжо пасьля таго, як у 1524–1525 гадах у Вэнэцыі быў надрукаваны габрэйскі тэкст Бібліі, а калі ўлічваць, што мода на urim i thummim шырока распаўсюдзілася ў хрысьціянскім сьвеце пры канцы XVIII стагодзьдзя2 — гэта сталася дзесьці пасьля 1775 г. На самай справе „Слова пра паход Ігараў“ склаў не раней чым у жніўні 1792 году багемскі навуковец-езуіт Ёсэф Даброўскі3. Ён быў найлепшым славістам свайго часу. Меў грунтоўную асьвету, добра ведаў Стары Запавет і старажытныя славянскія тэксты. Працуючы ў 1792–1793 гадах з рукапіснымі калекцыямі Санкт-Пецярбургу й Масквы, ён азнаёміўся якраз з тымі крыніцамі, якія маюць найбольш відавочнае падабенства з тэкстам „Слова“: з „Задоншчынай“ і „Прыпіскай“ Дыяміда на „Апостале“ 1307 году. Даброўскі прыехаў у Расею, калі цікавасьць да Асіяна й захапленьне Тмутараканьню было ў самай кульмінацыі. Ягоныя славянафільскія, як ён іх сам называў, перакананьні, ягоная пазьнейшая рэакцыя на публікацыю „Слова“ й водгук на падробку „сярэднявечных чэскіх песьняў“ ягонымі вучнямі Вацлавам Ганкам і Ёсэфам Ліндэ цалкам адпавядаюць маім высновам. Перагледзеўшы тэкст „Слова“ ў сьвятле гэтай гіпотэзы, можна бязь цяжкасьці патлумачыць беспрэцэдэнтную колькасьць у ім цёмных месцаў (haplax legomena4, перакручаных пасажаў, недарэчных „палянізмаў“ і „клясыцызмаў“, паганска-хрысьціянскіх супярэчнасьцяў) аўтарствам Даброўскага. Аднак сытуацыя ўскладняецца адсутнасьцю прамых дакумэнтальных доказаў. Таму асабліва востра паўстае пытаньне матыву: якое паяднаньне ўплываў ды імпульсаў магло падштурхнуць славутага навукоўца да стварэньня гэтага тэксту? Бясспрэчна, Даброўскі мог яго напісаць — але ці ёсьць падставы лічыць, што ён яшчэ й хацеў гэта зрабіць? |
2 Пра urim i thummim: Cornelius van Dam, The Urim i Thummim: A Means of Revelation in Ancient Israel. — Vinona Lake, Indiana: Eisenbrouns, 1997. Урым у радку 121 (тут і далей падаецца нумарацыя Рамана Якабсона паводле ягоных Selected Writings, vol. 4, the Hague: Mouton, 1966, pp.178-179), звычайна зьнікае ў выніку выпраўленьня тэксту. Самым верагодным terminus post quem лічыцца выданьне вялікага рэнэсанснага трактату на гэтую тэму: Jonathan EubeschUts. Urim ve-tumim: ... beurim al Shulhan arukh Hoshen mishpat (ad siman 152)... shene malakim. — Karlsruhe: [s.n.], 535–537, 1775–1777; другое выданьне ў Дубне: [s.n.], 560, 1800. Першакрыніцай зьяўляецца праца Joseph ben Ephreim Caro, 1488–1575. Shulhan arukh. Hoshen mishpat. Venice, 1565 (Ed. princeps). Пра Ёнатана Эйбэшутца (бэн Натан Ната) гл. Артыкул зь бібліяграфіяй у: Encyclopaedia Judaica, Jerusalem, 1972, vol. 6: cols. 1074–1076. 3 Я нашмат больш дэталёва раскрываю гэтыя пытаньні ў манаграфіі, якая рыхтуецца да друку й будзе называцца „Ёсэф Даброўскі і паходжаньне „Слова пра паход Ігараў“. („Joseph Dobrovsky and the Origins of the „Igor Tale“). 4 Даслоўна: адзін раз сказанае (грэцк.), то бок словы ці выразы ўжытыя ў тэксьце адзін раз. |
2 Каб знайсьці адказы на гэтыя пытаньні, нам трэба будзе заглыбіцца ў ахутаныя цемрай сутарэньні індывідуальнай псыхалёгіі. Але найперш мусім усьвядоміць дзьве рэчы. Па-першае, учынак Даброўскага ня быў „падробкай“ неацэннай рэліквіі: нашае ўспрыманьне „Слова“ як значнага культурнага помніку ёсьць прадуктам пазьнейшай расейскай інтэлектуальнай гісторыі. Даброўскі, калі зірнуць на зробленае ім з тагачаснага пункту гледжаньня, напісаў пару нявінных пасажаў, імітуючы „Задоншчыну“, якую толькі-толькі прачытаў, і пераймаючы стыль іншых гераічных раньнеславянскіх аповесьцяў, якія добра ведаў. Варта зьвярнуць асаблівую ўвагу на тое, што факт стварэньня некалькіх фрагмэнтаў „рэканструяванага“ стараславянскага тэксту не здаваліся ні Даброўскаму, ні камусьці зь ягоных сучасьнікаў чымсьці такім ужо недапушчальным, як нам сёньня — думка пра фальшаваньне „Слова“. Падробкі, імітацыі, штучныя адкрыцьці ўсякіх старажытнасьцяў, цяпер забытыя, былі звычайнай зьявай у часы Даброўскага5. Абудзіць „дух“ нацыі — вось што лічылася найгалаўнейшым. І з гэтым пагаджаліся ўсе, акрамя жменькі буркатлівых навукоўцаў. Па-другое, падчас аналізу ўчынкаў і намераў Даброўскага трэба абавязкова ўлічваць ход і прыроду ягонай добра задакумэнтаванай псыхічнай хваробы, хутчэй за ўсё — шызаідальнага падваеньня асобы ці маніякальна-дэпрэсіўнага сындрому. Тут мы трапляем на хісткі грунт, бо, як і бальшыня ягоных сучасьнікаў, апынаемся перад учынкамі й выказваньнямі эксцэнтрычнымі й звонку незразумелымі, але, несумненна, характэрнымі для Даброўскага. Магчыма, нават калі б нам пашчасьціла знайсьці бясспрэчныя дакумэнтальныя доказы аўтарства Даброўскага й тагачасныя сьведчаньні, якія б матывавалі некаторыя ягоныя рысы, мы ўсё адно ніколі з пэўнасьцю не даведадаліся б, што падштурхнула яго напісаць гэты тэкст, чаму ён зноў і зноў вяртаўся да яго й чаму напісаў яго менавіта так. Зьвярнуўшы ўвагу на спосаб, паводле якога „Слова“, відаць, эвалюцыянавала, і згадаўшы пра ўнёсак яго першага рэдактара, Аляксея Маліноўскага (а можа і іншых людзей), мусім прызнаць цалкам верагодным, што тэкст, які мы сёньня маем, адлюстроўвае ня толькі задуму Даброўскага, але зьяўляецца вынікам шэрагу асобных — часткова ірацыянальных і ня толькі ягоных уласных — учынкаў, над якімі прафэсар, урэшце, ня меў улады. Напрыклад, цалкам магчыма, што ён ня меў ніякіх намераў публікаваць тэкст. Таму падаецца больш мэтазгодным гаварыць не пра матывацыю ўчынку, а пра штуршок да яго. У сувязі з гэтым зьвернем увагу на наступныя факты: 1. Мы ведаем з дакумэнтаў, што на гады, пра якія ідзе гаворка (прыблізна 1793–1800), прыпадае ці не найцяжэйшы пэрыяд хваробы Даброўскага. 2. Мы ведаем, што нават падчас псыхічных разладаў ён быў у стане пісаць дасканала правільныя тэксты лацінай, нямецкай, чэскай мовамі, а таксама, нягледзячы на галюцынацыі, што перасьледавалі яго, мог абмяркоўваць складаныя навуковыя пытаньні. 3. Мы ведаем з назіраньняў за псыхічна хворымі, якія перажываюць маніі, што яны звычайна схільныя вяртацца да тэкстаў ці аб’ектаў, створаных імі падчас папярэдніх прыпадкаў хваробы. 4. Мы ведаем, нарэшце, што тэмы й зьмест такіх тэкстаў вызначаюцца культурай, асяродзьдзем і асобай — то бок яны не абіраюцца выпадкова. Пра асобу аўтара „Слова“ можна больш падрабязна даведацца з рыхтаванай мною манаграфіі. У гэтым артыкуле я крануся толькі некаторых „аўстрыйскіх“ (галіцкіх, букавінскіх) аспэктаў гэтага тэксту, у цьвёрдым перакананьні, што ўрэшце тэкст сам дасьць нам найдакладныя сьведчаньні пра сваё паходжаньне. |
5 Пра некаторыя з гэтых містыфікацыяў можна прачытаць у кнізе Ўладзімера Казлова „Тайны фальсификаций: анализ подделок исторических источников XVIII–XIX веков“ (Москва: Аспект-Пресс). |
3 Ня трэба мець надзвычай багатае ўяўленьне, каб зьвязаць пэрсанальна з Даброўскім бальшыню галоўных тэмаў і прыкметаў „Слова“, якія скептыкі даўно атаясамілі з тэндэнцыямі й прыярытэтамі канца XVIII стагодзьдзя6. Напрыклад, калі тэкст сапраўды месьціць нейкае „пасланьне“ (мінаючы сюжэты, перанесеныя з „Задоншчыны“ ды Іпацеўскага летапісу), то ім, падобна, зьяўляецца думка, што браты-славяне, якія грызуцца між сабой за дабро ці тэрыторыі („Се мое а то мое же“), тым самым наклікаюць на сябе разбуральныя нашэсьці суседзяў. Для Даброўскага матывам сталіся падзелы Рэчы Паспалітай (толькі-толькі адбыўся другі). Гэтыя праблемы, як і, увогуле, будучыня славянаў, моцна трывожылі розум Даброўскага якраз у гады, што непасрэдна папярэднічалі зьяўленьню editio princeps „Слова“. На час свайго наведаньня Расеі Даброўскі ўжо заглыбіўся ў тое, што сам называў „славянафільскай“ справай. Якраз напярэдадні (у 1791 годзе) ён зьвяртаўся да новага імпэратара Рудольфа ІІ са сваім славутым заклікам ад імя славянаў імпэрыі. І хаця ягонае стаўленьне да Расеі й расейцаў было крыху дваістым (ён уважаў іх людзьмі сьмелымі, але нямудрымі), Даброўскі, відавочна (асабліва падчас прыпадкаў трызьненьня), ухваляў экспансію Расейскай імпэрыі ad limites Persiae et Indiae7 й да земляў, якія славяне, на ягоную думку, займалі спакон веку. Дасьледнікі заўважылі пэўны анахранізм геапалітычнай арыентацыі „Слова “. А паколькі яна скіраваная пераважна якраз на паўднёвыя тэрыторыі, якіх нават надмернае напружаньне гістарычнага ўяўленьня не магло зрабіць „рускімі“, але якія знаходзіліся ў сфэры дыпляматычных і вайсковых інтарэсаў Расейскай імпэрыі ў XVIII стагодзьдзі, то, уласна, якраз акалічнасьць і прымусіла Мазона цалкам слушна паставіць пытаньне: ці ня варта лічыць гэты тэкст „паэтычным дадаткам да Яскага міру“? У безьлічы працаў, прысьвечаных разьвянчаньню інтуіцыйна бліскучай гіпотэзы Мазона, да гэтага геаграфічнага аспэкту праблемы ніхто па-сапраўднаму яшчэ не зьвяртаўся. (Хіба што Раман Якабсон разважае пра Тмутаракань і Тмутараканскі камень, але не кранаецца цьверджаньня Мазона пра анахранізм.) Дый сам Мазон, адзначыўшы „апантанасьць“ (mention obsEdante) „Слова“ Тмутараканьню, не спыніўся, што дастаткова дзіўна, на яшчэ адным геаграфічным анахранізьме — неаднаразовых згадках пра Дунай. Зразумела, Мазон заўважыў, што Дунай недарэчны ў аповесьці і ўсходнеславянскай гісторыі ХІІ стагодзьдзя, але засяродзіў сваю ўвагу перш за ўсё на філялягічным і літаратурным дасьледаваньні, перадусім на перагуках з расейскімі патрыятычнымі балядамі XVIII стагодзьдзя і г. д. Некаторым з гэтых згадак знайшлося сякое-такое тлумачэньне, у іншых месцах тэксту „Дунай“ быў зьменены выдаўцамі на „Дон“, аднак праблема застаецца: чаму ў гэтым нібыта эпасе ХІІ стагодзьдзя пра паход чарнігаўскага князя ў раён Дону так многа гаворыцца пра Дунай? Вырашыць гэтую невялічкую галаваломку можна прааналізаваўшы адзін урывак, які, звычайна, у сувязі з гэтым нават ня згадваецца — відавочна, таму, што слова Дунай там ня ўжытае. Пры канцы славутага фрагмэнту, вядомага як „Сон Сьвятаслава“, чытаем: [99] у Плсньска на болони бша дебрь Кисаню, и не сошлю къ синему морю. Гэты радок зьбіваў з панталыку перакладчыкаў і камэнтатараў на працягу двух стагодзьдзяў. (Алег Тварагоў называе яго адным з найменш ясных „цёмных месцаў“ „Слова“, а М. А. Сальміна піша, што „дебрь Кисаню“ — гэта фраза, незразумелая як паводле свайго значэньня, так і паводле граматычнай формы.) Урывак уздымае тры асобныя праблемы: лякалізацыю Плесенску, ідэнтыфікацыю „дебрь Кісаню (Кісаня?)“ ды інтэрпрэтацыю „и не сошлю“. Першыя выдаўцы, з аглядкай на Тацішчава, запэўнівалі, што Плесенск быў местам у Галіцкім княстве на мяжы з Валыньню. Раман Хведаравіч Цімкоўскі (1785–1820), чалавек больш асцярожны, не дае канкрэтнага адказу. Ягоныя ваганьні былі, напэўна, выкліканыя праблемай, якая доўгі час непакоіла гісторыкаў і археолягаў: Плесенск, існаваньне якога пацьвярджаецца Іпацеўскім летапісам і нядаўнімі раскопкамі, ляжаў на самай поўначы колішняга Галіцкага княства, далёка й ад Кіева, дзе, верагодна, бачыў свой сон Сьвятаслаў, і ад іншых месцаў, дзе адбывалася бальшыня падзеяў, апісаных у „Слове“. Нязручнасьць гэтага факту нарадзіла шматлікія спробы, часам рызыкоўныя, ідэнтыфікаваць Плесенск зь нейкімі іншымі, бліжэйшымі да Кіева местамі, засьведчанымі ў летапісе, чыя назва хоць прыблізна была падобная да Плесенску. Агульнапрынятую думку найлепей было б назваць сярэднім арытмэтычным гэтых гіпотэзаў. Зрэшты, разгортваньне сну ў тэксьце, поўным фантазіі, не патрабуе геаграфічнай дакладнасьці й дазваляе скрозь пальцы глядзець на пэўныя гістарычныя разыходжаньні. Насамрэч на гэтую тэму можна сказаць нашмат болей. Плесенск Іпацеўскага летапісу, „Гісторыі Расеі“ Тацішчава й „Слова“ — гэта, несумненна, месца сёньняшніх археалягічных раскопак каля вёскі Пліснэска Львоўскай вобласьці, недалёка ад вытокаў рэкаў Сэрат і Быстрыца. (Той Сэрат, што ўпадае ў Днестар, варта адрозьніваць ад Сэрату, што мае вытокі на паўднёвы ўсход ад Чарнаўцоў і ўпадае ў Дунай.) Разам са шмат якімі іншымі геаграфічнымі пунктамі, пра якія ня згадваецца ў летапіснай аповесьці пра Ігараў паход, Пліснэска знаходзіцца на тэрыторыі, якая ў часы Даброўскага ўваходзіла ў склад аўстрыйскай Галіччыны. Характэрна, што ў раёне аўстрыйскай Букавіны, таксама між Сэратам, Малдавай і Быстрыцай, аўстрыйскі ваеначальнік Фрыдрых Ёзаф прынц Заксэн-Кобург-Зальфэльд раскватэраваў войскі на зіму 1788–1789 гадоў. Паўночны раён Сэрэту-Быстрыцы быў тэрыторыяй колішняга княства Яраслава „Асмамысла“. Паўднёвая ж тэрыторыя Сэрэту-Быстрыцы была для габсбурскіх войскаў месцам дзеяньняў у часе расейска-турэцкай вайны ў 1787–1791 гадоў. У кантэксьце гэтай вайны, за якой Даброўскі, відаць, пільна назіраў з Прагі якраз напярэдадні сваёй паездкі ў Расею, і варта разумець сувязь Яраслава й Галіча (паўночны Сэрат-Быстрыца) з Дунаем (паўднёвы Сэрат-Быстрыца). Кантамінацыя Даброўскім двух аманімічных тэрыторыяў цудоўна яднае гістарычныя рэаліі „Слова“ зь ягонай „аўстрыйскай“ пэрспэктывай і тагачаснымі славянафільскімі ўпадабаньнямі. Сьвядома Даброўскі пакінуў гэты ключ да разгадкі сваёй прыдумкі ці падсьвядома — няхай мяркуюць чытачы. Два іншыя выразы („дебрь Кисаню“ ды „и не сошлю“) зьяўляюцца нашмат больш складанымі. Раман Якабсон і іншыя расшыфравалі першую зь іх мэтадам кан’ектуры (упершыню прапанаванай Макушэвічам у 1867 годзе), стварыўшы новае прачытаньне, „на болони бшя дьбрьскы сани“. Але найпрасьцейшая альтэрнатыва, што не патрабуе ніякіх выпраўленьняў, нашмат больш пераканаўчая: „дебрь Кисаню“ — гэта адзін зь некалькіх гэбраізмаў, што трапляюцца ў „Слове“ (іншыя гл. у радках 38, 115, 121). „Дебрь Кисаню“ трэба разумець як старажытнагабрэйскае nakhal kison, знакамітую мясьціну, дзе была разгромленая ханаанская кааліцыя пад кіраўніцтвам Сісэры. Гэтае ссохлае рэчышча, дзякуючы Кнізе Судзьдзяў 5.21 („Кішонскі паток пазьмятаў іх [цароў Ханаану й Таанаху], паток старажытны, Кішонскі паток“) і Першай Кнізе Цароў 18.40 („а Ільля зьвёў іх [прарокаў Баала] да патоку Кішону дый парэзаў іх...“) зрабілася старазапаветнай мэтафарай для месца сьмерці й забойстваў, а таксама доказу сілы Боскай празорнасьці. У Старым запавеце ўласнае імя kison заўжды выступае ў камбінацыі з nakhal (роў, паток [рэчышча]) і, як і шмат якія гэбраізмы, што ўвайшлі ў навейшыя біблійныя тэксты праз пасярэдніцтва грэцкай мовы, мае шмат формаў (Біблія караля Джэймза: the River Kison, the brook of Kison; Вульгата: in loco torrentis Cison, torrens Cison; Краліцкая Біблія (1593–1597): Cison; Скарынава Біблія (1517–1519): впотоце Киссов; Астроская Біблія (1581): в потоц Киццове. Nakhal часта сустракаецца ў Старым Запавеце як слова, што пазначае месца пахаваньня, а таксама месца падкіданьня дзяцей і г.д. (Іоў 30.6, 21.33). А „дебрь“ звычайна ўжываецца ў стараславянскай мове як сынонім рову, струменя, плыні. Гэтага слова няма ні ў „Задоншчыне“, ні ў Іпатаўскім летапісе; у стараславянскай мове яно азначае штосьці накшталт зарослага яру. Так у летапісе (1216 год): „поидите убо чрезъ болонье и чрезь дебрь сію“. Такая ідэнтыфікацыя дазваляе нам, акрамя ўсяго, насьмеліцца патлумачыць „и не сошлю к синему морю“ на аснове Кнігі Судзьдзяў 5.21, дзе ў Бібліі караля Джэймза сказана swept them away, у Краліцкай Бібліі — Potok Cison smetl je, а ў Астроскай Бібліі — изгна я водотечь кадимин [замест „старажытны“]. Даброўскі часам ужываў досыць дзіўную сыстэму трансьлітэрацыі кірыліцы, пазначаючы найбольш ужывальныя ці падобныя літары (а, б, в, г, д, е, и) іхнымі лацінскімі эквівалентамі, але ж, ч, ш ды зрэдку й іншыя пішучы ўва ўласнай іх першаснай форме (potůaniem mnogogrieřnago і г.д.). Цікава, што ў сваім выданьні „Слова“ Вацлаў Ганка выкарыстаў падобную сыстэму. Такім чынам, прымаючы варыянт Якабсона й іншых „и несошя къ синему морю“ і выпраўляючы дастаткова на падставе гіпатэтычнай першаснай трансьлітэрацыі Даброўскага: „i unesořa je“ (памылкова рэканструяванай як „iu ne sořlju“), атрымліваем „дебрь Кисонъ и унесоша = къ синему морю“. Аднак, трэба згадзіцца, гэтае тлумачэньне не зьяўляецца цалкам задавальняючым. Фраза „былі (у множным ліку) Кісонскі струмень у Плесенску на перадмесьці й яны былі зьнесеныя ў мора“ й надалей здаецца нейкай нязьвязнай, і, акрамя таго, ня выключана, што перадмесьце Плесенску згадваецца ў сувязі з крыкамі начных птушак, пра якія гаворыцца ў тэксьце вышэй. Аднак відавочна, што незразумелае „дебрь Кісанъ ... к синему морю“ зьяўляецца біблійнай алюзіяй. Прычым даволі вучонай — вартай такога сур’ёзнага хрысьціянскага гэбраіста, як Ёсэф Даброўскі, і абсалютна недарэчнай для Чарнігава ХІІ стагодзьдзя. І нарэшце апошняе пра „дебрь“: у Беларусі (дзе, верагодна, адбываецца частка падзеяў, апісаных у „Слове“) „дебрь“, здаецца, пазначала ў часы Даброўскага, дый у першыя дзесяцігодзьдзі гэтага стагодзьдзя, перадмесьце, ваколіцу, мяжу места, то бок было амаль сынонімам да [старажытнарускага] слова „болонье“. |
6 Найшырэйшымі й разам з тым надзвычай дакладнымі былі камэнтары Андрэ Мазона (1881–1967) у ягонай галоўнай працы: Andre Mazon, Le Slovo d’Igor. — Paris: Librairie Droz, 1940. 7 Да межаў Пэрсіі й Індыі (лац.). |
4 Такім жа чынам можна тлумачыць яшчэ адзін „галіцкі/букавінскі“ фрагмэнт: [130–132] Тут шмат таямніцаў: гэта адзіны тэкст, дзе Яраслаў Уладзімеравіч названы — што б гэта ні азначала — „Осмомыслъ “, дый большая частка гэтага фрагмэнту не паддаецца нармальнай інтэрпрэтацыі. „Подперъ горы Угорскыи своими желзными плъкы, заступивъ Королеви путь, затвори въ Дунаю ворота ...суды рядя до Дуная“. Гэта — адно са шматлікіх сьведчаньняў пра „аўстрыйскі“ назіральны пункт, пра які ўжо згадвалася раней; тут-такі мы зноў сустракаем праблемны для нас Дунай. Бальшыня камэнтатараў пагаджалася, што гаворка ідзе пра Карпацкія горы й Дунай, але пры гэтым звычайна адзначаюць, што Яраслаў Уладзімеравіч не будаваў і не кантраляваў гарадоў на Дунаі. Аднак Тацішчаў гаворыць цалкам адназначна, што Яраслаў умацоўваў месты на Дунаі, а ў кантэксьце габсбурска-расейска-атаманскай дыпляматыі 1790-ых аўстрыйская Букавіна, ведама ж, разглядалася як ключ да Дунаю. Акрамя таго, Тацішчаў, верагодна, адыграў ролю крыніцы інфармацыі пра Яраславава багацьце (златъ, златокованний столъ). Пытаньне, пра якога караля тут ідзе гаворка, было яшчэ больш праблематычным. Незвычайным таксама падаецца ўжываньне поруч „суд-“ і „ряд- “ у выказваньні „суды рядя“, што ня мае паралеляў у адпаведных тэкстах. У „Слове“ гэтае незвычайнае спалучэньне пазьней зьявіцца яшчэ раз, прасадычна акцэнтаванае, ува ўрыўку з двух зьвязаных паміж сабой сэгмэнтаў, дзе гаворка ідзе пра „суд“: [159] Всеславъ князь людемъ судяше, княземъ грады рядяше. У абодвух выпадках ужываньне дзеяслова „рядити“ з простым дадаткам у вінавальным склоне зьяўляецца дужа незвычайным. (Дзеяслоў „рядити“ досыць рэдкі і ў сучаснай расейскай мове. Першыя перакладчыкі абіралі тут варыянт „простирая власть свою“; сучасныя перакладчыкі, такія, як Якабсон, прывучаныя да адхіленьняў ад тэксту, ня мелі аніякіх праблемаў з „суды рядя“). Аднак у такім спалучэньні няма нічога незвычайнага для чэскае мовы, дзе адпаведна RIditi зь вінавальным склонам — гэта стандартны спосаб выяўленьня кантролю, напрамку ці кіраваньня. Аднак у чэскай мове трапляюцца й выпадкі супастаўленьня гэтых дзьвюх лексэмаў, як, напрыклад, у назьве кнігі, на якую Даброўскі напісаў рэцэнзію ў 1786 годзе: „WSeobecnY RAd saudnI pro CZechy, Morawu, Slezko, Rakausy...“ |
5 А цяпер зьвернемся да радка, які падказаў назву гэтаму артыкулу: [131] Стрлявши съ отня злата стола Салтани за землями. Тое, што тут гаворка ідзе пра султанаў (а менавіта так разумелі слова „Салтани“ з часоў першадруку), вельмі сумнеўна, нягледзячы на ўсе легкаважныя й анахранічныя заявы камэнтатараў адносна магчымага ўдзелу Яраслава Ўладзімеравіча (памёр 1 кастрычніка 1187 году) у Трэцім крыжовым паходзе (1189–1192) і насуперак надзвычай вучонай дыскусіі арыенталістаў адносна гісторыі тытулу „султан“. Насамрэч гэты варыянт ня мае сэнсу ў дадзеным кантэксьце і, акрамя таго, абапіраецца на даволі рэдкую для кірыліцы памылку перапісчыка, які ўжыў -а- замест -оу- або -у-. Тымчасам у сьвятле сказанага вышэй падаецца відавочным, што аўтар меў на ўвазе фразу, якую першыя выдаўцы старанна перапісалі, але не зразумелі: „съ отня злата стола, съ алтаны [s altany] за землями “. Слова аltAn[a] у старачэскай мове пазначала, як і ў арыгінальным італійскім варыянце, невялікую вежу, крытую тэрасу, порцік, гаўбец, бэльвэдэр або павільён. Несумненна, тут апісана, як Яраслаў страляе „з залатога трону [свайго] бацькі, з альтаны, што моцна аддаленая [за далёкімі землямі]“. Такое прачытаньне, як і рэшта прапанаваных намі, патрабуе мінімальнай пераробкі тэксту й лёту фантазіі. Акрамя таго, яно пацьвярджаецца папярэднім тэкстам („высоко сдиши на своемъ златокованнмъ стол“), а таксама самой этымалёгіяй арыгіналу (alto па-італійску „высокі“). Аднак італійскае слова altana зьявілася як архітэктурны тэрмін у эпоху Адраджэньня й патрапіла ў чэскую мову празь нямецкую (тут яно фіксуецца не раней за 1417 год). Такім чынам, фрагмэнт зьяўляецца дастаткова паказальным сьведчаньнем, што „Слова“ ня можа быць сярэднявечным славянскім тэкстам, і пацьвярджае нашую гіпотэзу пра ягонае паходжаньне. Даброўскі, верагодна, ведаў гэтае слова як зь нямецкай, дзе яно шырока ўжывалася з XVI стагодзьдзя, так і з чэскай, але, падобна, памылкова палічыў яго супольным пазычаньнем з лаціны. Такім чынам, падсумуем. Сярод шматлікіх недарэчнасьцяў „Слова пра паход Ігараў“ ёсьць некалькі загадкавых „галіцкіх“ (дакладней, „аўстрыйска-галіцка-букавінскіх“) пасажаў. Гіпотэза, што гэты тэкст быў напісаны не невядомым чарнігаўскім „бардам“, а вучоным багемскім філёлягам на падставе актуальных праблемаў і ведаў 1790-ых гадоў, дае тлумачэньне ім усім. А відавочная прысутнасьць у тэксьце італійскага рэнэсанснага архітэктурнага тэрміну altana поўнасьцю адмаўляе магчымасьць зьяўленьня „Слова“ раней, чым згаданы тэрмін патрапіў у нейкую з славянскіх моваў зь нямецкай пры канцы XVI стагодзьдзя. Пераклаў з амэрыканскай Андрэй Скурко
|
D |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (16) – 2001 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |