A R C H E N a r o d n y  n u m a r № 2 (16) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22001
» да Зьместу «

 


Народны нумар
 


музыка

 
Вокладка ARCHE 2-2001. Народны нумар

   Мінулыя нумары:

   Скарына (1-2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сяргей Сахараў 
Хроніка гурту „Мроя“ 

1980

Восень: знаёмства студэнтаў пэдагагічнага аддзяленьня Менскай мастацкай вучэльні Лявона Вольскага (група 12) і Ўладзімера Давыдоўскага (група 11).

1981

Л.Вольскі і Ў.Давыдоўскі ствараюць рок-гурт; на месца бубнача запрошаны Сяргей Лоскутаў, школьны знаёмы Давыдоўскага. У якасьці тэкстаў бяруцца вершы расейскага паэта Арсенія Таркоўскага.

У гурт запрашаюць студэнта вучэльні, аднагрупніка Л.Вольскага Алега Дземідовіча, які робіцца бубначом, а Сяргей Лоскутаў стаецца гітарыстам; ствараецца гурт „Эскалатор“.

Хлопцы зьвяртаюцца да адміністрацыі вучэльні з просьбай даць памяшканьне для рэпэтыцыяў, за гэта гурт павінен граць на танцах у вучэльні.

7 лістапада: на танцах у мастацкай вучэльні з посьпехам выступае гурт „Эскалатор“.

Сьнежань: „Эскалатор“ грае на танцах на трэцім паверсе мастацкай вучэльні. У гэты ж час на першым паверсе выступае вакальна-інструмэнтальны ансамбль той жа вучэльні. „Эскалатор“ з посьпехам выконвае кампазыцыі расейскіх гуртоў „Машина времени“, „Воскресение“, а таксама некалькі сваіх расейскамоўных кампазыцыяў. Дзеля таго што на выступ „Эскалатора“ перабралася ўся публіка зь першага паверху, трэці паверх апынуўся ў аварыйным стане.

Уладзімер Давыдоўскі знаёміць музыкаў „Эскалатора“ са сваім сябрам дзяцінства Юрасём Ляўковым, якога запрашаюць на месца гітарыста.

У музыкаў гурта „Эскалатор“ зьяўляецца думка зьмяніць назву: напачатку на расейскамоўны „Фаворит“, а неўзабаве на „Мрою“ („М“).

1982

„М“ не дазваляюць рэпэтаваць пры вучэльні, адна з матывацыяў адміністрацыі — „прывядзеньне паверху ў нягоднасьць“ пасьля канцэрту на Новы год, а таксама несумяшчальнасьць навучаньня з граньнем у гурце; на думку „мрайчукоу“, сапраўдная прычына ў тым, што сын дырэктара вучэльні мог бы страціць месца для рэпэтыцыяў свайго гурту.

„М“ не рэпэтуе некалькі месяцаў.

Лета: Лявон Вольскі і Ўладзя Давыдоўскі на 13-м кілямэтры гарадзенскай шашы ў вёсцы Дзегцяроўцы ля Менску знаходзяць закінуты клюб, дзе пачынаюць рэпэтаваць і па выходных граць на танцах.

Ю.Ляўкоў і Ў.Давыдоўскі мяняюцца месцамі: Ляўкоў пачынае граць на бас-гітары, а Давыдоўскі пераходзіць на лідэр-гітару.

„М“ піша сваю першую беларускамоўную кампазыцыю „Лябірынт“. У гэты ж час рэпэтуюцца беларускамоўныя кампазыцыі „Аўкцыён“, „Настальгія“, „Стары храм“.

Восень: „М“ рэпэтуе ў аўтапарку ў раёне „Зялёны Луг“, а пасьля пераходзіць рэпэтаваць у інтэрнат на вул. Кульман.
 

 
   

1983

Удзельнікі „М“ наведваюць сустрэчы аб’яднаньня „Майстроўня“, якія праходзяць у Доме прафсаюзаў у Менску, і знаёмяцца зь лідэрамі „Майстроўні“.

Запісваецца альбом „Стары храм“.

На конкурсе самадзейнасьці ў мастацкай вучэльні „М“ бярэ адзін з галоўных прызоў.

„М“ пастаянна выступае на зладжаных „Майстроўняй“ мерапрыемствах.

„М“ разам з бардам Сяргеем Сокалавым выступае перад пераможцамі Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове й літаратуры.

1984

22 красавіка: „М“ выступае ў рамках Выставы аднаго дня, прысьвечанай тыдню выяўленчага мастацтва, у Траецкім прадмесьці — месцы збору менскіх гіпі.

27 красавіка: у матэрыяле „Вернісаж у Траецкім прадмесці“ (газэта „Літаратура і Мастацтва“) згадваецца пра ўдзел „М“ у Выставе аднаго дня.

„М“ зьбіраецца запісаць альбом „Стары храм“ у студыі гурта „Бонда“.

Вясна: па сканчэньні мастацкай вучэльні „мрайчукі“ сыходзяць у войска: Алега Дземідовіча забіраюць у танкавыя войскі (служыць у г. Хмяльніцкім, Украіна), Уладзю Давыдоўскага — у артылерыйскія войскі (служыць у Асіпавічах), Лявон Вольскі служыць у паветраных войсках (пад Слуцкам), Юрась Ляўкоў „адкасіў“ па здароўі.

1985

Лета: пасьля сьвяткаваньня Купальля разам з „талакоўцамі“ Юрася Ляўкова выклікаюць у КГБ, дзе раяць адмовіцца ад кантактаў з „Талакой“ і адмовіцца ад удзелу ў „М“.

1986

Травень: музыкі „М“ прыходзяць з войска.

Лета: хлопцы здымаюць памяшканьне пад майстэрню ў раёне Зялёны Луг.

29 кастрычніка: пасьля двухгадавога перапынку „М“ выступае ў Доме літаратара ў рамках прэзэнтацыі першага выпуску літаратурна-мастацкага часопісу „Жыцьцём вымяраем свой крок“, прысьвечанага юбілею ВЛКСМ. Выступ прайшоў правальна, што спарадзіла чуткі пра канец „М“.

„М“ рэпэтуе ў сутарэньнях Дому літаратара.

Пачынаецца запіс праграмы „Стары храм“, паралельна рыхтуецца новая.
 

 
   

1987

Студзень: „М“ разам з расейскімі гуртамі „Зоопарк“, „ЭДС“ і інш. удзельнічае ў рок-фэсьце, які ладзіцца ў Гарадзенскім палацы культуры хімікаў. На сольным канцэрце „М“ прадстаўляе праграму „Зрок“, якая выклікае фурор у публікі. На наступны дзень выступ „М“ праходзіць пры ахове ля сцэны й ўключаным сьвятле ў залі.

14-22 студзеня: „М“ выступае на навагодніх прадстаўленьнях у Маладзёжным цэнтры Палацу культуры чыгуначнікаў (Менск).

24 красавіка: выступ „М“ разам зь менскім рок-гуртом „Блізьняты“ ў Доме літаратара на вечарыне з цыклу „Музычныя сустрэчы“.

27 красавіка: удзел „М“ у спэктаклі літаратурнага тэатру „У родным краі ёсьць крыніца жывой вады“ (Дом літаратара).

28 красавіка: удзел „М“ у канцэрце, прымеркаваным да Дня салідарнасьці моладзі й 70-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, які ладзіцца ў Доме літаратара.

29 красавіка — 3 траўня: „М“ бярэ ўдзел у зладжаным „Талакой“ „Дзьвінскім паходзе“ супраць пабудовы Дзьвінскай ГЭС (Латвія).

За ўдзел у „Дзьвінскім паходзе“ „М“ выкідаюць з Дому літаратара.

„М“ перабіраецца рэпэтаваць у аўтобусны парк па вул. Апанскага ў Менску.

3 ліпеня: у газэце „Советская Белоруссия“ зьяўляецца артыкул Зьмітра Падбярэскага „Найти своё лицо. О некоторых тенденциях развития рок-музыки в республике“, у якім аўтар выказвае сумненьні ў правамернасьці разьмежаваньня тэрмінаў „беларускі рок“ і „рок зь Беларусі“, крытыкуе Беларускую тэлевізію, якая дае час гурту „7 герц“ (Беларусь) і не дае часу У.Кузьміну, Г.Грабсу, Л.Долінай зь іншых савецкіх рэспублікаў, а таксама выказвае сумненьні ў прафэсійнасьці гуртоў „Бонда“, „Магістрат“, „Блізьняты“ і „М“: у выпадку апошняга адзначаецца, што выкананьне народнай калядкі ў стылі „мэтал“ „больше походит на профанацию музыки“.

3 кастрычніка: канцэрты „М“ у Палацы культуры чыгуначнікаў (Менск) з запрошаным з Воршы гуртом „Течение“.

„М“ запрашаюць выступіць на радыё „Савецкая Беларусь“, якое вяшчае за межы Беларусі.

26-27 сьнежня: удзел „М“ у Першым Вальным сойме беларускіх суполак (санаторый „Палачанка“, Ракаўшчына).

1988

Вясна: удзел у конкурснай праграме фэсту „Тры колеры-2“; першае месца бярэ „Bonda“, „М“ — ляўрэат дрўгой прэміі.

11-13 сакавіка: на фэсьце „Рок-крок“ (Горадня) „М“ бярэ прыз глядацкіх сымпатыяў.

20 сакавіка: „М“ прымае ўдзел у акцыі супраць пабудовы лініі мэтро пад Катэдральным саборам у Менску.

„М“ ладзіць сэрыю акустычных канцэртаў у менскіх НДІ, канцэрты ператвараюцца ў дыспуты аб беларушчыне.

Выходзіць першы нумар самвыдатаўскага часопісу „Рок-рух“, створанага „М“.

Беларуская тэлевізія запрашае адыграць кампазыцыю „Белая вежа“ на паказе модаў; „М“ адмаўляецца.

Паездка ў Львоў з канцэртамі.

Травень: удзел ува Ўсесаюзным фэсьце рок-музыкі ў Палацы культуры аб’яднаньня „Хімвалакно“ (Магілёў).

Лета: пачатак рознагалосьсяў у „М“.

Падчас канцэртаў у Наваполацку „М“ знаёміцца з расейскамоўным гуртом „Местное время“; пад уплывам „мрайчукоў“ гурт мяняе назву на „Мясцовы час“ і робіць беларускамоўную праграму.

Запіс альбому „Студыя БМ“.

Выступ у Бабруйску разам з гуртамі „Рэй“, „Алібі“ (Беларусь), „Сезон дождей“ (Расея), „Пилигрим“ (Латвія). Гаркам ЛКСМ уручае „М“ прыз „За актыўную жыцьцёвую пазыцыю“.

Восень: запіс на Беларускім радыё праграмы „Студыя БМ-2“.

Кастрычнік: канцэрт „М“ разам з „Рэем“ і „Мясцовым часам“ у менскім ГПТВ-72, вядзе канцэрт Віталь Сямашка.

27 кастрычніка: за подпісам „В.Левин, Б.Тарасевич (Корр. БелТА)“ у газэце „Вечерний Минск“ выходзіць артыкул „Пена на волне перестройки“, у якім са спасылкай на намесьніка дырэктара па навучальна-выхаваўчай працы ПТВ тав. Штэфскага ўдзельнікаў канцэрту (у т.л. і „М“) абвінавацілі ў тым, што тыя скандавалі са сцэны „Вайна-паляваньне“, „Вы за калючым дротам“, размахвалі на сцэне „бело-красно-белым флагом — символом белорусских буржуазных националистов“. „После так называемого „концерта“, — пісалі кар. БелТА, — из-за кулис педагоги училища ведрами выносили бутылки из-под водки“. „Так внушается молодым дух экстремизма“, — падагульняюць аўтары.

У артыкуле прысутнічаюць нападкі на дзеячоў „Талакі“, арганізатараў Беларускага Народнага Фронту.

11 лістапада: газэта „ЛіМ“ друкуе спраставаньне музыкаў „М“ на артыкул „Пена на волне перестройки“.

На рэпэтыцыйнай базе на вул. Якубоўскага „М“ працуе над новай праграмай.

Зіма: удзел у II-ім Наваполацкім фэсьце савецкай маладзёвай песьні. Газэта „Чырвоная змена“ ў нумары за 7 студзеня 1989 г. напіша пра выступ „М“: „Гэта — фурор!“

18 сьнежня: перамога кампазыцыі „М“ „Ён яшчэ вернецца“ ў гіт-парадзе радыёстанцыі „Беларуская Маладзёжная“ (за яе было аддадзена 1155 галасоў).
 

 
   

1989

Удзел „М“ у фэсьце „Рок-дыялёг“ (Магілёў).

Адмяняецца канцэрт „М“ ля менскай філярмоніі, прысьвечаны Сьвяту кнігі.

17 красавіка: у газэце „Вечерний Минск“ друкуецца інтэрвію зь лідэрам гурту „Сузор’е“ Валянцінам Пучынскім, які кажа пра залішнюю ўвагу да „М“, творчасьць якой — „торжество безвкусицы“.

Перамога „М“ зь песьняй „Вайна“ ў гіт-парадзе „Беларускай Маладзёжнай“.

„М“ прымае ўдзел у фэсьце „Чирвона Рута“ (Івана-Франкоўск); канцэрт трансьлюецца на ўсю Ўкраіну.

21 траўня: „М“ удзельнічае ў фэсьце „Стары замак“ на Міндоўгавай гары ў Наваградку.

Лета: пасьля лісту музычных журналістаў Вітаўта Мартыненкі й Анатоля Мяльгуя на ўсесаюзную фірму грамзапісу „Мелодия“ савецкая гуказапісвальная кампанія прапануе „М“ запісаць новы альбом з наступным выданьнем яго ў фармаце плыты.

Канцэрт „М“ у рамках акцыі „Next Stop — New Life“ (Менск).

8-10 верасьня: удзел „М“ у фэсьце „Рок-багема“ (Днепрадзяржынск), пасьля якога Ўладзя Давыдоўскі паведамляе пра свой сыход з гурту.

На месца Ў.Давыдоўскага запрашаюць гукарэжысэра „М“ Венедыкта Конева-Петушкевіча, які перапісвае гітарныя партыі ў альбоме для плыты.

26 кастрычніка: сумесныя канцэрты „М“ з „Улісам“ у рамках вечарыны, прысьвечанай 30-годзьдзю паэта Анатоля Сыса (у Доме літаратара).

1990

На фэсьце „Тры колеры-3“ „М“ бярэ першае месца, прыз за найлепшыя тэксты, а Лявон Вольскі ўзнагароджаны як „найлепшы клявішнік“.

Выступ „М“ з акустычнай праграмай на вечарыне „Тутэйшых“ у Доме літаратара.

Ліпень: удзел у Сьвяце беларускай песьні на беластоцкім стадыёне разам з „Улісам“.

Удзел у фэсьце „Басовішча“ (Полыпча).

Удзел у фэсьце „Maffia“ (Полыпча).

Верасень: радыёпрэзэнтацыя плыты „28-ая зорка“ (выдавец — фірма „Мелодия“) у праграме „Рок-клюб“.

Выхад плыты „28-ая зорка“ ў маскоўскай фірме „Мелодия“.

Запісваецца альбом „Біяполе“, у які не ўваходзяць песьні „Так і трэба“, „Беларуская Афрыка“.

Лістапад: у менскім клюбе КГБ імя Дзяржынскага праходзіць канцэрт „Бітлз Forever“, прысьвечаны 50-годзьдзю Джона Ленана; „М“ грае з Венедыктам Коневым-Петушковічам паўакустыку.

Удзел у фінальных канцэртах гіт-параду „Беларускай Маладзёжнай“.

Кампазыцыя „Ён яшчэ вернецца“ ўваходзіць у 1-ы том плыты „Гіт-парад „Беларускай Маладзёжнай“ (выдавец „Мелодия“).

Прэзэнтацыя альбому „Біяполе“ ў Тэатральна-мастацкім інстытуце.

1991

Удзел у фэсьце „BELFORT—FIMU“ ў Бэльфоры (Францыя).

Выступ на Сьвяце гораду Каламыя (Украіна).

12-14 ліпеня: „М“ атрымлівае званьне ляўрэатаў „Басовішча“ (Польшча). Удзел у канцэрце-прэзэнтацыі музычнай крамы „БІТ“ (Менск). Фінальныя канцэрты „Гіт-параду БМ“.

Лістапад: перамога ў „Гіт-парадзе БМ“ кампазыцыі гурту „М“ „Так і трэба“.

Запісваюцца новыя песьні.

1992

Травень: удзел у фэсьце „Рок-кола“ (Наваполацак).

17 ліпеня: выступ на „Басовішчы“; замест Венедыкта Конева-Петушкевіча едзе Леанід Шырын.

8 верасьня: удзел у канцэрце-акцыі, прысьвечанай Дню вайсковай славы й вайсковай прысязе, якая адбываецца на пл. Незалежнасьці. „М“ грае з гітарыстам А.Піпіным.

Удзел у „Берасьцейскім рок-кірмашы“. У складзе „М“ — гітарыст Віктар Шот.

Фірма „Ковчег“ выдае касэту „М“ „Лепшыя песьні з праграмаў 1987—1990 гг.“.

1993

5-6 лютага „М“ бярэ ўдзел у акцыі „Музыкі сьвету — дзецям Чарнобылю“ (Менск).

25 сакавіка: удзел „М“ у менскім канцэрце, прысьвечаным угодкам абвяшчэньня БНР.

19 красавіка: удзел у акцыі „100 год беларускаму рок-н-ролу“ ў Альтэрнатыўным тэатры (Менск).

„М“ — адна з удзельнікаў „Дня Сьнікерсу й рок-н-ролу“ (менскі Палац спорту).

„Велікодны фэст“ (ля Опэрнага тэатру).

„Маладэчна-93“.

Удзел у „Басовішчы“.

На месца В.Шота прыходзіць Віктар Смольскі.

У студыі гурту „Песьняры“ „М“ запісвае новыя песьні.

8 верасьня: удзел у фэсьце „Аршанская бітва“ (ля Опэрнага тэатру). Музыкі „М“ знаёмяцца з гітарыстам Пітам Паўлавым.

Запіс на студыі RBS новага альбому, які не пабачыў сьвету.

„М“ пачынае рэпэтаваць зь Пітам Паўлавым.

1994

Канцэрт „Будзь разам з намі“ (Менск).

Канцэрт „Мроя-live — 10 год у рок-н-роле“.

16-17 ліпеня: удзел у „Басовішчы“.

У газэце „Беларуская Маладзёжная“ зьяўляецца інтэрвію Кастуся Зьміцярца з Л.Вольскім „Я адчуваю сябе дыскамфортна“.

3-4 верасьня: „М“ выступае на другім зьезьдзе Партыі Аматараў Піва ў Палацы чыгуначнікаў (Менск).

Дыскагарафія:
1984 — „Стары храм“ (аматарскія запісы)
1986 — „Стары храм“
1987 — „Зрок“
1988 — „Студыя БМ“
1988-89 — „Студыя БМ“ (дапісваюцца 5 песень)
1989 — плыта „28-ая зорка“ („Мелодия“)
1990 — „Біяполе“
1992 — „Рок-гурт „Мроя“: Песьні з альбомаў 1988—1990“ (выдавец — фірма „Ковчег“)
1993 — „«Мроя». Выбраныя песьні 1989—1993“ (выдавец — ЗБС)
1997 — перавыданьне на касэце „28-ай зоркі“ (выдавец — BMA-group)
1997 — перавыданьне „Біяполе“ (Літаратурна-Мастацкая Суполка)

Відэаграфія:
1988 — „Ён яшчэ вернецца“ (здымкі праграмы „Роднае слова“)
1988 — „Зондэркаманда“
1988 — „Я рок-музыкант“
1988 — „Белая Вежа“
1992 — „Ноч за акном“
1993 — „Дзеўчына з чароўнаю ўсьмешкай“ (здымкі праграмы „Rock Island")
1993 — тэлевізійная праграма пра гурт „М“ (рэж. Сяргей Шынкарэнка)

 

 
   
Галасуй за ARCHE :

br.by
D
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (16) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 07-06-2001