A R C H E Narodny numar № 2 (16) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22001
» да Зьместу «

 


Народны нумар
 


ліставаньне

 
Вокладка ARCHE Народны нумар / Narodny numar 2-2001

   Мінулыя нумары:

   Скарына (1-2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сьцяпан Шнэк 
— Юрка Віцьбіч 

Беларусы ў Аўстраліі… Іх, пэўна, ня менш, як у Амэрыцы, Канадзе ці Вялікай Брытаніі, але вядома пра іх значна меней1. А ёсьць, дакладней, былі сярод іх постаці не абы-якія. Вось, прыкладам, мастак Аляксандар Раманоўскі (1915–1955)2, аўтар кнігі скетчаў „За жалезнай заслонаю“, што трагічна загінуў у сыднэйскім гатэлі (быў забіты каханкаю).

Або Сьцяпан Шнэк.

Добра вядомы (наколькі гэта наагул у нас магчыма) Уладзімер Случанскі, аўтар гістарычнага раману „Драбы“. Менавіта яму належыць ідэя й выкананьне ўнікальнага альбому „Беларуская Краёвая Абарона. Уніформа й адзнакі“, зробленага на падставе праекту, апрацаванага пад кіраўніцтвам генэрала Кастуся Езавітава. Усяго дзесяць асобнікаў было зроблена — начальнікам штабу Беларускага Вызвольнага Фронту ў Аўстраліі Ўладзімерам Шнэкам (Случанскім)3.

Дык вось, бацька Ўладзімера Шнэка (Случанскага), Сьцяпан Шнэк, таксама пісаў — у газэты „Бацькаўшчына“, „Беларускае Слова“. Падпісваўся Янка Нясьцерпны. У 1952 г. здарылася трагедыя: С. Шнэк зьбіў жонку, якая ў цяжкім стане трапіла ў шпіталь, а сам павесіўся. Трэба сказаць, што гэта — адзін з рэдкіх выпадкаў самагубства сярод беларусаў на эміграцыі. На бацькаўшчыне, пад ціскам абставінаў, перарывалі (і перарываюць) сваё жыцьцё непараўнальна большая колькасьць людзей. Эміграцыя, нягледзячы на моўныя, фінансавыя ды якія заўгодна складанасьці, давала, відаць, надзею — а значыць, трымала ў жыцьці.

Але не пра тое.

Захаваліся лісты С. Шнэка да Юркі Віцьбіча*, цікавыя ў сваёй самадастатковасьці4.

Лявон Юрэвіч 

11.1.1949.

Рэдакцыі „Беларускага Слова“.

Дасылаю сваю першую карэспандэнцыю. Нажаль, вышла завялікая. І шкада, што яе трудна дзяліць на часткі. Спадзяюся пісаць для кожнага нумару. У сувязі з гэтым хацеў бы, каб ужо і гэтая першая карэспандэнцыя падпала вашаму рэдагаваньню з такога пункту гледжаньня:

1. Нашая газэта мусіць высьвятляць прыроду ўсіх нашых праціўнікаў у форме крытыкі іх з нашага боку; на гэтым трэба выхоўваць баявы дух у нашай грамадзкасьці. Але крытыкаваць трэба спосабам дадатнага высьвятленьня. Божа барані пераходзіць на мэтад лаянкі альбо дыскутаваць з крывічамі. З гэтага пункту гледжаньня першыя нумары газэты выйшлі бліскуча прыгожымі. Калі ў маёй карэспандэнцыі заўважыце месцы, падобныя на лаянку, то іх, безумоўна, прашу выкінуць.

2. Дыскусыя ўнутры сваіх шэрагаў мусіць мець месца і на старонках газэты (газэта нашая агульнаграмадзкая, а не партыйная). Я ў сваёй карэспандэнцыі, мусіць, не задаволіў нічыіх асабістых пунктаў погляду, але не лічу гэта яе недахопам. Досыць лаяльнасьці, а кожны можа свабодна вазражаць супроць любой думкі, выказанай тут. Зразумела, што мы ня можам дапусьціць, каб нас хто-небудзь лаяў на старонках нашае газэты.

Вось і ўсё. Ня думаю, каб Вы прынялі гэтыя думкі за маю спробу навучаньня. Можа, яны выказваюцца таму, што я ня маю рашэньняў у гэтай справе, прынятых на міжпартыйнай канфэрэнцыі, і нічога ня чуў па зьместу яе працы.

Вельмі дзякую за прысланыя два нумары газэты.

Адначасна шлю пасылку мыла 1 кг у выдавецкі фонд. Нічога лепшага не прыдумаў. Прасіў бы Вас сказаць, як магчыма перасылаць грошы.

З прывітаньнем С. Шнэк.

 
 





1 Аляксандар Калодка. Беларусы ў Аўстраліі. У кн.: Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. БІНІМ. Нью Ёрк, 1999. с. 328–339.

2 „Конадні“, Нью Ёрк, 1955., с. 78.



3 Ужо некалькі гадоў адзін з асобнікаў перахоўваецца ў Менску. Але палітычная ды фінансавая сытуацыя робіць перавыданьне гэтага Альбому справай, відаць, немажлівай. Тым ня менш кожны ахвотны мае магчымасьць пазнаёміцца з інтэрнэт-вэрсіяй кнігі на Беларускай палічцы: www.knihi.com.



* Пры перадруку захаваны правапіс арыгіналаў.

4 Ліставаньне перахоўваецца ў прыватным архіве Л. Юрэвіча.
   

8.2.1949.

Высокапаважаны Спадар Стукаліч!

Па-першае, ад душы рады бачыць (чуць) Вас рэдактарам „Беларускага Слова“, хоць і ня памятаю, ці знаёмы я з Вамі асабіста. Але досыць таго, што я знаёмы з Вамі па Вашай працы.

Па-другое, прызнаюся, не чакаў, што Вы павялічаеце мяне тым самым словам, якім я скончыў свой першы артыкул. Хоць я, па Вашаму прыкладу, таксама яго ўжыў тут, але мне здаецца, што трэба як-небудзь атрахнуцца ад усёй гэтай крывіччыны, у тым ліку й ад „спадара“. Я лічу, што гэты тытул быў у свой час моўчкі й пасыўна прыняты нашымі людзьмі толькі таму, што яны не хацелі даваць лішніх повадаў дзеля таго, каб іх крывіччына называла „ўсходнікамі“, „савецкімі актывістамі“. Па-моему, вольнымі нашыя людзі ня прымуць „спадара“. Якая Вашая думка?

Пару слоў адносна майго першага артыкулу. Магчыма, Вы не заўважылі, але ў маім першым лісту ёсьць такая прыблізна фраза, што „нязгода асобных нашых людзей з маім артыкулам ці асобнымі думкамі ў ім не пазбаўляе яго вартасьці“. Мною сказана гэта не выпадкова. Пішучы й пасылаючы свой артыкул, я ведаў, што сярод нашых людзей ёсьць такія, што, па-першае, ніяк ня могуць прымірыцца з пастаноўкаю сацыяльных праблемаў, а менавіта, што вольнасьць і незалежнасьць Беларусі для беларускага селяніна ўключае зямлю, а для ўсяго беларускага народу — сацыяльную вольнасьць. Яны наіўна вераць, нібы беларускі селянін гатоў змагацца супроць ксяндзоў і польскіх паноў дзеля таго, каб мець беларускіх паноў, нібы яму ня ўсё роўна, будзе Радзівіл беларусам ці палякам. Беларус наагул ня хоча Радзівіла, будзь ён паляк, расеец, беларус. Крывічы таксама прызнаюць вольнасьць і незалежнасьць Беларусі, але яе разумеюць інакш, чым беларускі народ і мы.

Па-другое, ведаю, што і ў нас і ў крывічоў навокал цэнтраў згушчэньняў плавае досыць многа плянэтаў блізкай і далёкай адлегласьці, якія маюць нават пункты шчапленьня. Вось яны спадзяюцца на прымірэньне, быццам яно магчымае.

Па-трэцяе, у нас безумоўна ёсьць людзі, якія ня згодны прызнаць групаваньне ўсіх партыяў у двух цэнтрах. Але зачым тады каардынацыйны цэнтар? А галоўнае — жыцьцё, практыка ня лічуцца з суб’ектыўнымі жаданьнямі.

Тут зноў я хацеў бы сказаць свой пагляд, што з крывічамі не лаяцца, не дыскутаваць, але высьвятляць іх.

За газэту трэба змагацца ўсімі сіламі. Жадаю посьпеху (трэба насварыць гэтую пошасьць з украінцамі).

З прывітаньнем і найлепшымі пажаданьнямі С. Шнэк.

 

Бэлфорд, 31.5.1949.

Высокапаважаны Гаспадар Стукаліч!

Пасьля Вашага апошняга ліста маю толькі надзею, што гэты мой ліст яшчэ трапіць да Вас па старому адрасу. Сам я, як бачыце, таксама пішу з новага месца, якое ад старога знаходзіцца на адлегласьці 250–300 км. Тут жыву ўжо тры тыдні з усёй сям’ёю, хаця старэйшы сын жыве й працуе тут больш месяца. Пераезд меў толькі адну мэту: вырабіцца з шахтаў, у каторых працавалі сыны (у мяне іх два).

Добрая справа эміграваць за акіян, і адначасна шкода, што мы раз’яжджаемся па сьвету. А патрэбна была-б нашая згрупаванасьць, праца была-б больш плоднай. Але шчыра жадаю Вам шчасьлівага падарожжа. Мусіць, лепей было-б патрапіць у ЗША. У мяне ўжо ў самога шавялілася думка такая, што было-б добра, каб нашых людзей найбольш пераехала ў ЗША, а потым сьцягваць туды-ж і іншых, каторыя самі ня маюць магчымасьці туды перасяліцца, як у мяне, грэшнага. Мне здаецца, што Францыя ня ёсьць месца для нашае працы (тутака ходзіць, зразумела, аб грамадзкай працы, бо для жыцьця й вытворчае працы тут месца мусіць найлепшае, асабліва як відаць у параўнаньні з такімі краінамі, як Англія).

Прашу перадаць шчырыя прывітаньні гаспадаром Сяднёву, Шчорсу і іншым супрацоўнікам Вашым. Прывітаньне Сабалеўскаму, Касяку, Кіпелю.

Чырканіце пару словаў аб працы пленуму Калегіі й Прэзыдыуму БЦР, бо нічога ня чуў, акрамя зацемкі ў „БС“.

З прывітаньнем С. Шнэк.

 
 

 
   

Сыднэй. 10.07.1950.

Высокапаважаны Гаспадар Стукаліч!

Магчыма, што тут Вы па шрыфту пазнаеце Шнэка. Дык вось, спрабую знайсьці Вас у Амэрыцы. Самога мяне загнала нячыстая ў Аўстралію. Вярнуўшыся з Францыі, прайшоў некаторыя мытарствы для аднаўленьня сваіх бязпраўных дыпісаўскіх5 правоў і зусім лёгка апынўся тут. Жыву ў гэтай абетаванай краіне ўжо два месяцы без двух дзён (бо прыехаў сюды 12.05.50). Сьцісла кажучы, першыя ўражаньні такія: краіна ўяўляе сабою культурныя паселішчы ў пустэльні, прычым у гэтых паселішчах гаспадараць аўстралійцы з усімі іхнымі характэрнымі рысамі. Жыву ў так званым гостэлі, тып якога ўсім вядомы з жыцьця нашых людзей у Англіі: найбольш характэрнай рысай яго зьяўляецца тое, што, па-першае, гэта звычайны рабочы лягер, зь якога наш народ езьдзіць на работы, а, па-другое, па агнельскаму звычаю сем’і тут разьбіваюцца як толькі мага, а людзі сартуюцца як быдла. Я жыву й працую ў Сыднэі, жонка зь дзіцем недзе за 650 кілямэтраў адсюль, адзін сын за 950 кілямэтраў і другому яшчэ шукаюць месца — куды запраторыць.

Я ўяўляю сабе, што ёсьць у Амэрыцы нашы людзі, каторыя завідуюць нам, аўстралійскім. Думаю, што напрасна. Яшчэ ў Нямеччыне чутно было шмат кумушкінскіх казак аб тым, што ў Аўстраліі эмігранты ДП купляюць уласную зямлю й будуюць уласныя дамы. Зразумела, што гэта плёткі. Будуюць не дамы, а будкі, схожыя з сабачымі будкамі, і палаткі на манэр цыганскіх, і толькі дзеля таго, каб жыць разам з жонкаю й дзецьмі й крыху пазбавіцца ад выматваньня грошаў у гостэлях. Ёсьць, аднак, і харошыя бакі: працуючы халасьцяк можа зарабіць грошаў і ніхто пакуль што не галадае. Але насколькі — я так думаю — нашыя амэрыканцы атрымліваюць адсюль лісты й тым пішуць нешта іншае, то я прадстаўляю малюнак таго, што можа зарабіць і што можа зрабіць на свой заработак звычайны сямейны чалавек. Прыклад з сябе: „зарабляю“ я ў тыдзень 7 фунтаў і 11 шылінгаў. Зь іх: падатак 8 шылінгаў 9 пенсаў, плачу за свой Hostel 2 фунты 12 шылінгаў і 6 пенсаў, плачу за такі-ж гостэль (толькі халодны) жонкі з дзіцем 2 фунты 2 шылінгі і 5 пенсаў; плачу за падарожжа на работу і з работы 15 шылінгаў (бо гостэль ад месца работы за 35–40 кілямэтраў). Застаецца сабе 1 фунт 12 шылінгаў і 4 пенсы. К таму-ж я курашчы, хачу пісаць лісты й чытаць газэты, мыць бялізну й вымушаны на рабоце рваць адзежу. І так жыве 99% сямейных. Таму энтузіасты нашыя ўжо ахаладзелі. Прымем пры гэтым пад увагу, што месца для пабудовы будкі каштуе 150–200 фунтаў. Можна падлічыць, колькі гадоў трэба чакаць, каб мець сваю сабачую будку ці палатку.

Але я нешта разгаварыўся (ці можа расплявузгаўся). Калі-небудзь будзе больш. Працую ўжо два тыдні на прадпрыемстве, якое прадстаўляе сабою лесапілку, склад будаўнічых драўляных матар’ялаў і імпартна-гандлёвы ма газын. Ну, зразумела, што тут лепей, чым у Францыі, хоць бы тым, што не стаіш пакуль што перад страхам голаду.

Цяпер аб справах. Чуў я, што ў Вас там выдаецца газэта. Як бы гэта наладзіць яе высылку да мяне (зразумела, што адсюль буду акуратна плаціць). Тут ужо ўтварылася „Беларускае Аб’еднаньне “ (якраз з цэнтрам у Сыднэі) і выдаецца часапіс „Новае жыцьцё“. Аб’еднаньне лучыць усіх. У пэрспэктыве стаіць пытаньне: хто каго перахітрыць. Бо дасюль лінія ўзята на абсалютную беспартыйнасьць, але партыйнасьць складае зьмест закуліснага жыцьця. Калі-небудзь раскажу падрабязьней. Думаю, што хутка вырвецца справа на паверхню.

Другая мая просьба — напішыце пра амэрыканскае жыцьцё.

Трэцяе. Вельмі прашу паведаміць мне, калі маеце, адрасы нашых амэрыканцаў, у прыватнасьці, спадароў Русак, Коўш, Клішэвіч і іншых, а пры нагодзе перадавайце ім прывітаньні ад мяне. Можа маеце адрас Астроўскага, дык таксама вельмі прашу паведаміць яго мне.

Зразумела, што пішу Вам крыху наўгад, бо Ваш адрас запісаў яшчэ паўгады таму. Таму, як я сказаў напачатку, гэта спроба. Але чым мы рызыкуем, калі ходзіць аб зьмесьце?

Пішу пасьля работы. Можна таму згадзіцца, што шмат не напісана. Чакаю ад Вас.

Прывітаньне ўсёй нашай кагорце!

З прывітаньнем С. Шнэк.

 

Сыднэй, 8.10.1950.

Высокапаважаны Гаспадар Стукаліч.

За такое спазьненьне з маім лістом чуюся няёмка, што і пачынаць ня ведаю з чаго, ажно сорамна. Часта ў такіх выпадках пішуць: паслаў Табе ўжо два лісты, а ад Цябе не атрымаў ніводнага. Такое „апраўданьне“ мела нейкі грунт калісьці ў нас. Тут гэта ня ў модзе, тут пошта працуе інакш. Пазаўчора я атрымаў ліст, які пісаў мне сп. Евец з Ватэнштату ў другі лягер у Нямеччыне. І гэта пасьля таго, як я зьмяніў шэсьць адрасоў, два кантынэнты й пераехаў чатыры дзяржавы. А Ваш пакет з „Шыпшынаю“ атрымаў зусім своечасова (спазьненьне ў адзін дзень у нашых умовах нічога ня значыць). Так што мне нічога не застаецца, як прасіць у Вас прабачэньня. Але спадзяюся, што Вы паверыце мне на слова: былі ўважлівыя прычыны такога спазьненьня. Першая зь іх — гэта тутэйшая блытаніна ў грамадзкім жыцьці. Хацелася-б напісаць нешта зразумелае, таму некаторы час чакаў. Другая прычына — даўгі час чакаў зьмены свайго адрасу. Цяпер перабраўся на прыватную кватэру (амаль у цэнтры горада, бліжэй да месца працы) і жыву ў адным раёне з цэнтрам нашага Беларускага Аб’еднаньня.

Акрамя таго меў і адну прыватную валакіту, якая таксама некаторы час не давала сабрацца з думкамі. І да ўсяго гэтага мне здавалася, што мы маем досыць прасторныя пэрспэктывы з часам; наўрад ці Карэя ўносіць значныя карэктывы ў гэтыя маштабы.

Ваш ліст выклікаў у мяне такое пачуцьцё блізкасьці да Амэрыкі, што, здаецца, можна рукою падаць альбо купіць білет і з’езьдзіць на часіну ў Вашую грамаду. Да ўсяго Вашага ліста вельмі трапны Ваш афарызм: мець жаўнерскае пачуцьцё локця. Так сапраўды лягчэй жыць.

У пары словах хачу яшчэ раз насьвятліць аб’ектыўна аб прыватным жыцьці эміграцыі (сучаснай) у Аўстраліі. Скарыстоўваю мэтоду сумеснасьці й кантрасту. Я маю ўжо вопыт дзьвюх краін: Францыі і Аўстраліі. Істотны кантраст жыцьця ў аднэй і другой з гэтых краінаў палягае вось у чым: у Францыі амаль кожны наш чалавек думаў амаль кожны дзень, колькі тыдняў у месяц ён мусіць жыць крэдытам з крамаў на харчы. З гэтай нуднай думкай чалавек клапаціўся аб куску хлеба. У Аўстраліі наадварот: кожны чалавек думае, колькі фунтаў у тыдзень ён зьберажэ й адложыць у свой фонд накапленьня. А гэта ўжо зусім іншае. Словам, жыцьцё тут наагул даволі тлустае, і аб куску хлеба ніхто ня думае. Гэта, як кажуць, наагул. А ў прыватнасьці справа выглядае так. Халастыя й бязьдзетныя маюць магчымасьць накапіць досыць многа грошай. Як правіла, халастыя жывуць у прыватных кватэрах. Сямейныя стараюцца набыць уласнае жыцьцё. У масе сваёй яны купляюць пляцоўкі мэтраў 10 на 15 за 150–200 фунтаў, будуюць будкі, схожыя з сабачымі, ці ставяць палаткі і ў іх жывуць. Гэтыя будкі тут яны завуць гаражамі, а ў лістох у іншыя краіны — дамамі. На самам дзеле, яны на дамы не падобны. Людзі вымушаны іх будаваць таму, што сямейным кватэры знайсьці надзвычай трудна, а жыць у гастэлях надта дорага каштуе. Пабудаваць ці купіць сапраўдны домік — каштуе 900–1000 фунтаў. Калі чалавек зьберагае ў тыдзень 2–4 фунты, то можна лёгка ўявіць сабе, колькі гадоў ён мусіць зьберагаць, каб купіць ці пабудаваць сапраўдны домік. Будуюць і купляюць тыя, хто яшчэ ў Нямеччыне нагандляваў ці напрацаваў на базах UNRA i IRO. Яны купляюць і будуюць у крэдыт гадоў на 10–20, з разьлікам аплаціць за адзін-два гады. Адразу не плацяць таму, што тут зараз-жа пацікавяцца, адкуль ён мае грошы. Бывае і так, што сьледам за гэтымі людзьмі набывае сабе домік і звычайны чалавек, але тады ён накладвае сабе на шыю крэдытны хамут гадоў на 10–20. Вось такая сапраўднасьць. Жыць тут ня дрэнна, але ня так, як гэта пісалі першыя з прыехаўшых у сваіх першых лістах за граніцу. Цяпер гэтыя аптымісты гутараць інакш, або замоўклі, і часта праклінаюць гастэлі.

У Аўстраліі праводзіцца нязьменна адна і тая-ж палітыка асіміляцыі нашых эмігрантаў. Апошніх тут завуць не эмігрантамі і не ДП, а new australian. Грамадзкую працу можна праводзіць шырока, калі яна адпавядае палітыцы асіміляцыі. Але можна праводзіць і нацыянальную грамадзкую працу, калі яе рабіць умела. Між іншым, здаецца, што тут у парляманце парушаецца аб так званых нацыянальных меншасьцях. Гэта ўжо ёсьць некаторы карэктыў да палітыкі асіміляцыі. Трудна сказаць, ці гэта ёсьць уступка напору нацыянальных рухаў эміграцыі, ці гэтаму паспрыяла Карэя. Хутчэй усяго, што тут дзейнічаюць абодва гэтыя фактары. Вось гэта ёсьць агульны фон, на каторым будуецца нацыянальна-грамадзкая праца, у тым ліку і беларуская.

Я ўжо пісаў Вам аб Беларускім Аб’еднаньні і, здаецца, гаварыў аб магчымых пэрспэктывах. У кіраўніцтве Аб’еднаньня пануе афіцыяльна ідэалёгія надпартыйнасьці, але не як пагадненьне партыяў, а як адмаўленьне партыйнасьці, а гэта значыць, як прыданьне анафеме ўсяго, што дасюль створана на беларускім груньце, — і БЦР, і БЦП, і БНР, і ўсяго, што навокал іх грунтуецца. Зразумела, што гэта азначае па-сутнасьці адрачэньне ад усяго, што стварыў беларускі народ і гісторыя. І сапраўды, аказваецца, што ў Статуце Аб’еднаньня запісана: „Дапамаганьне ім (значыць, беларусам) стацца добрымі грамадзянамі Аўстраліі“.

Я пісаў Вам, што вонкава пануе ціш ды гладзь, а па-за вонкавым бокам (за кулісамі) ідзе партыйнае жыцьцё, па зьместу аналягічнае з жыцьцём у Нямеччыне. Я ўвесь час тлумачу нашаму народу ў кіраўніцтве і, здаецца, пісаў Вам, што ў пэрспэктыве такая лінія давядзе да ўзрыву й на вонках. І сапраўды, месяц таму назад пачалася самая звычайная грызьня між беларусамі й крывічамі. Я чакаў, што пачнуць яе крывічы. Выйшла крыху інакшай: пачаў яе нехто іншы, як сам носьбіт надпартыйнасьці Клуніцкі. У Мэльбурне ён непаправіма палаяўся з Калодкам, і значыць, з усёй ягонай групай, і пасварыў усіх між сабою. Цяпер Аб’еднаньне перажывае крызіс. Частка беларусаў выходзіць зь яго, будучы незадаволены лагоднасьцю да крывічоў. А крывічы павялі сваю атаку на кіраўніцтва. Пакуль што вынік ёсьць такі: украінцы, справакаваныя крывічамі, адмовіліся даць пішучую машынку, каторай набіваліся матар’ялы часопісу „Новае Жыцьцё“. Робіцца страшэнна па-дзіцячаму, несур’ёзна з самага пачатку. Бо-ж сапраўды, калі гаварыць аб пагадненьні й будаваць нешта агульнае ў справе арганізацыі, то трэба не іначай, як з узаемным прызнаньнем законнасьці партыяў, партыйнай самастойнасьці, партыйнай прапаганды і ўзаемнай крытыкі і, па-сутнасьці, з умовай вырашэньня спраў у супольнай інстытуцыі галасаваньнем. А тут хацелі стаць разумней за ўсіх на сьвеце й „зачыніць Амэрыку“, інакш кажучы, ліквідаваць партыйнасьць. За гэтым, зразумела, хавалася, хоць і па-дзіцячаму наіўная, такая ідэя: „самазванцаў нам ня трэба, атаманам буду я“. Бо сапраўды, прызнаньне аднапартыйнасьці і адмаўленьне ўсякае партыйнасьці ёсьць адным і тым-жа.

Цяпер маецца вялікая плынь аб пагадненьні. Я асабіста ня супраць, лічу, што часова можна пагадзіцца, але трэба будаваць яго на здаровай аснове, бяручы за прыклад жыцьцё іншых народаў.

Прывітаньні Вашай сямейцы, прывітаньні знаёмым (Коўш, Вайцэхоўскаму, Евец, Шчорсу, Занкевічам, Плескачэўскаму, Сіцько, Завістовічу, Сянькевічу, Чабанцэвічу, Клішэвічу, Кіпелю, Лазарэвічу, а. Лапіцкаму, ды ўсім іншым з нашай кагорты. Праз акіян моцна сьціскаю Вашыя рукі й жадаю найлепшага — сустрэцца на сваёй Вольнай Зямлі.

С. Шнэк.

 
 




5 Ад ДП — displaced person.
   

Ліст Юркі Віцьбіча да С. Шнэка

Саўт-Рывэр, 16.7.1950.

Глыбокапаважаны Спадар Шнэк!

Вельмі ўдзячны за ваш ліст і адразу-ж адказваю на яго. Ён тым больш радасны, што мы тут перажывалі Вашыя эўрапэйскія жыцьцёвыя нязгоды. Прыкра, зразумела, што Вы апынуліся ў Аўстраліі, а не ў ЗША. Прыкра тым больш, што тут рабіўся ўжо ашуранс для Вас і Вашае сям’і. Але калі ўжо так сталася, дык будзем падтрымліваць сталую лістовую лучнасьць. Лягчэй жыць, калі суродзічы паміж сабою час ад часу перагукваюцца, калі існуе паміж імі жаўнерскае пачуцьцё локця. Будзем жыць надзеяй, што калісьці мы ўсе зноў зьбяромся разам на сваёй роднай вольнай Зямлі.

Тое, што сюды даходзіць ад нашых аўстралійцаў, мае шмат супярэчнасьцяў. Ваш ліст пралівае сьвятло ў гэтай галіне. Запраўды, мы ўжо чулі й пра куплю пляцаў, і пра пабудову дамоў нашымі аўстралійцамі й радаваліся, бо ў Амэрыцы з гэтым цяжэй. Чулі пра разьбіцьцё сем’яў, што, на жаль, пацьвярджаецца на Вашым асабістым прыкладзе. Чулі, што аўстралійскі ўрад не дазваляе аніякую нацыянальную працу, што ня зусім так, калі ў Сыднэі існуюць Беларускае Аб’еднаньне й „Новае Жыцьцё“. Ваш бюджэт дае поўнае ўяўленьне аб магчымасьцях нашых аўстралійцаў. Асабліва, калі ў дадатак яшчэ грошы зарабляюцца на тартаку. Працаваў я калісьці ў Нямеччыне на тартаку, падважваў аншпугамі дубы на ваганэткі й падаваў іх да рамы — маю таму поўнае ўяўленьне аб гэтай працы.

Нашае жыцьцё тут значна розьніцца ад аўстралійскага. Бязумоўна, што праца не лягчэйшая, а часам і цяжэйшая. Я працую цяпер на хэмічным заводзе, дзе вырабляюцца анілінавыя фарбы для тканінаў. Праца досыць цяжкая (пераважна пагрузка й выгрузка), але я да яе прывучаны. Маю адзін даляр у гадзіну, тут звычайна пачынаюць з 75 цэнтаў. Атрымаў ад фабрыкі пяць камплектаў спэцвопраткі (штотыдзень мыюцца), пяць рушнікоў, абутак, выдаецца мыла. На працу сваю не скарджуся й тым часам ёй задаволены. Калі дастаткова авалодаю ангельскаю моваю, дык атрымаю поўную магчымасьць на гэтым-жа заводзе перайсьці на лягчэйшую працу. У сярэднім атрымліваю 40–45 даляраў на тыдзень. За кватэру з двох пакояў плачу 25 даляраў на месяц. Усё іншае — на пражыцьцё для трох — мне каштуе 12–15 даляраў на тыдзень. Мая сям’я (я, жонка, маці) знаходзіцца разам у горадзе, дзе налічваецца каля чатырох тысяч беларусаў з старое эміграцыі й каля 200 з новае — пераважна бакнангаўскія й ватэнштацкія6. Іншыя жывуць лепей за мяне, бо я працую ў сям’і адзін, а тут звычайна ў кажнай нашай сям’і працуюць два, а часам і тры. Некаторыя ўжо набылі машыны (Яневіч), некаторыя зьбіраюцца купляць дамы з усімі зручнасьцямі (гарачая вада, газ, ванна, рэфрыжэратар) (Брылеўскі, Дэмша). Некаторыя маюць вельмі добрыя кватэры (Коўш, Барысавец, Орса). Але я нікому не зайздрошчу й дзякую Богу за тое, што маю.

У Саўт-Рывэры (насельніцтва 14 тысячаў) з новае эміграцыі жывуць Шчорсы Мікалай, Барыс, Ігар, Коўш, Замкавіч, Брылеўскі, Орса, Вайцэхоўскі, Шыбут, Міхась Кавыль, Масей Сяднёў, Качанскі-Сэлях, Барысавец, Банкет, Высоцкі, Родзька, Норык, Хмыз, Стукаліч, Плескачоўскі, Сіцько, Асіпчык, Любачка, Завістовіч, Філіповіч, Ханяўка, Евец, Сянкевіч, Сенька, Дэмша, Кіркевіч. У Ню Ёрку (50 клм адсюль) — Чабатарэвіч, Клішэвіч, Еўса, Кіслы. У Пасэйку (40 клм адсюль) — Русак, Касяк, Ясюк, Найдзюк, Кіпель, Сьцяпанаў, Багдановіч, Лазарэвіч, Шудзейка, Букатка, а. Лапіцкі. Існуе Злучаны ўсякае Беларуска-Амэрыканскі Дапамаговы Камітэт, старшынём якога др. Шчорс. Створаны хор пад кіраўніцтвам Сэляха-Качанскага, які ўжо даў некалькі канцэртаў. Адноўлена Літаратурнае Згуртаваньне „Шыпшына“, сёньня якраз выйшаў чарговы восьмы нумар часапісу. Выйшлі рататарным друкам два выданьні „Беларускага Слова ў Амэрыцы“. Праз тыдзень-два выйдзе нашая газэта ўжо друкам, якая тым часам будзе месячнікам. Робяцца захады, каб стварыць Кангрэсовы Камітэт у ЗША, які заменіць прадстаўніцтвы БЦР і БЦП у ЗША, якія паводле амэрыканскае канстытуцыі ня могуць дзейнічаць адкрыта. На першы погляд, нібы ўсё добра, але…

Тое, што ў Вас у Аўстраліі існуе адзіны Беларускі камітэт, трэба лічыць дадатнай з’яваю. У нас акрамя Злучанага Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага камітэту ёсьць яшчэ й крывіцкае Беларускае Задзіночаньне, дзе кіруюць Янка Станкевіч, Гарошка, Грынкевіч, Паланевіч, Кушаль, Міцкевіч. На жаль, паміж гэтымі дзьвюмя інстытуцыямі разьбежнасьці настолькі вялікія, што, напрыклад, у Ню Ёрку ў часе аднаго сьвята ў агульнай дэманстрацыі ўдзельнічалі дзьве самастойныя беларускія калёны. Хочацца думаць, што паўстане кансалідацыія паміж намі, хаця-б навонкі.

Вось, здаецца, крыху аб усім нашым тутэйшым напісаў. Ветліва прашу Вас прыняць самы чынны ўдзел у нашай газэце, дасылаючы матар’ялы на адрас Каўша.

Прабачце за клопаты.

Шчыра зычу ўсяго найлепшага.

Прашу перадаць прывітаньні Вашай сям’і.

Прашу прыняць прывітаньні ад маёй сям’і.

Перадаюць Вам свае найлепшыя пажаданьні Коўш, Вайцэхоўскі, Евец і ўвогуле ўсе нашы.

Чакаю Ваш ліст.

З пашанай да Вас

Юрка Віцьбіч.

Публікацыя Лявона Юрэвіча
 

 

6 Лягеры ДП у Нямеччыне.





   
Галасуй за ARCHE :-)

br.gis.com.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (16) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 25-06-2001