A R C H E N a r o d n y  n u m a r № 2 (16) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22001
» да Зьместу «

 


Народны нумар
 


гісторыі

АНАТОЛЬ ТРАФІМЧЫК
Вокладка ARCHE 2-2001. Народны нумар

   Мінулыя нумары:

   Скарына (1-2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Анатоль Трафімчык 
Пад-казка да прачытання 
аднаго вершу 

я ляжу ў бульбяне
вакол немцы мяне
ці не бачаць мяне?
не-не-не не-не-не

Мікола Засім?

Верш не толькі недастаткова вывучаны, але і недастаткова вядомы. Ён не атрымаў яшчэ паўнавартасных ацэнак крытыкаў і чытачоў. Нягледзячы на вонкавую прымітыўнасць формы і беднасць мовы, змест твору даволі аўтэнтычны і рафінаваны, а яго поліфанічнасць патрабуе ўніверсальнага падыходу.

Характэрны для постмадэрністаў сінкрэтызм (або яго іманентная адсутнасць) у дадзеным выпадку не можа завуаляваць лейтматыву вершу — экзістэнцыйнай пантрагічнай самоты лірычнага героя. Паэт прыводзіць амаль класічны выпадак перманентнага стану экзістэнцыі чалавека, лірычнага героя, які не знаходзіць паразумення з іншымі з прычыны рэальнай немагчымасці кантактаў, а ў ідэале — глыбокіх сувязяў паміж экзістэнцыямі ў „несапраўдным“ свеце, якім з’яўляецца „всё видимое нами“ і „житейский шум трескучий“ (паводле Ў. Салаўёва).

Чытачу вершу не трэба быць знаўцам гісторыі, бо тэмай твору з’яўляецца зусім не Вялікая Айчынная вайна — такі аспект быў бы вельмі спрошчаны. Хаця менавіта на гэтакія думкі наводзіць слова „немцы“ пры неглыбокім прачытанні тых чатырох радкоў. Звярніце асаблівую ўвагу, дарагія чытачы, на прыведзеную лексему: яна абазначае тут зусім не назву сусветна вядомай нацыі; гэта нават не метафара ворагаў, заснаваная на гістарычных асацыяцыях; гэта — сімвал, які ў дадзеным кантэксце амаль губляе сваю сімвалічнасць, становячыся рэальнай назвай людзей, чужых лірычнаму герою (у прастамоўі беларускага народу духоўна няблізкія асобы і зараз, бывае, маюць такую намінанту; толькі ў нашым выпадку сітуацыя крыху іншага кшталту: паводле логікі экзістэнцыялізму „немцамі“ з’яўляюцца ўсе, апрача індывіда-суб’екта), гэта — ключавое слова, якое дазваляе, пры адэкватным разуменні яго семантыкі, расшыфраваць асноўны падтэкст таленавітага твору.
 

 
   

Як сказана вышэй, крытыку нельга спыняцца толькі на ідэйна-псіхалагічным аспекце твора. Ягоная поліфанічнасць вымагае ад аналітыка шматграннасці і энцыклапедычнасці гуманітарных ведаў. З’яўляючыся ў гэтым сэнсе дылетантам і вялікім гультаём, прывяду для доказу ў хаатычным парадку (нейкай сістэмы тут проста не можа быць, калі не мець на ўвазе, што бессістэмны, то бок хаатычны, падыход таксама можна назваць сістэмай — сістэмай бессістэмнасці, г. зн. сістэмай, якая мае на ўзбраенні адваротны сабе самой прынцып — а(нты)-прынцып, таму пры падыходзе да разгляду твораў, адэкватных нашаму, карэктна гаварыць пра а(нты)-сістэму, бо метадалогія іх аналізу павінна супадаць з метадалогіяй іх напісання, — перапрашаю за а(нты)-лірычнае адступленне і, калі ласка, сачыце за думкай далей)1 толькі моманты, якія ляжаць на паверхні, пакідаючы, аднак, будучым няўрымслівым даследчыкам шматлікія Марыянскія ўпадзіны вершу-акіяну, а таксама рэкі-крыніцы-перадумовы, што сталіся матэрыялам для яго стварэння на глобусе сусветнай паэзіі.

Першае. Дыялектолагі змогуць напісаць дысертацыю па праблеме дыялектызму „ў бульбяне“. Калі ягоная семантыка даволі зразумелая, то пачатковую форму ўстанавіць цяжкавата, ва ўсялякім выпадку тэарэтычна, бо адразу нельга сказаць, якую аснову (мяккую ці цвёрдую) мае гэтая лексема, таму індукцыйная практыка тут непазбежная, да таго ж, эмпірычны метад аказаўся б дзейсным у правядзенні лексаглосаў нашага аўтэнтычнага дыялектызму. А ў сімбіёзе з міфалагічна-фальклорнай семіётыкай ён патрабуе расшыфроўкі як сімвал калектыўнага бессвядомага беларускага этнасу і, што абавязкова, у сусветным культуралагічным кантэксце (мабыць жа, нездарма беларусаў іншы раз клічуць бульбашамі).

Другое. Сур’ёзных даследаванняў патрабуе сінтаксіс (NB на другі радок). Можа падацца, што аўтар выкарыстаў трывіяльную інверсію (зрэшты, наколькі трывіяльную, настолькі ж і нестандартную: трывіяльную — як з’яву, якая ёсць у паэзіі, нестандартную — практычнай рэалізацыяй, бо наўрад ці ты, чытачу, прыгадаеш з літаратуры інверсію, якая адасабляла б прыназоўнік ад займенніка, з якім ён складае адзіную арганічную частку, ці, як сказаў бы лінгвіст, адзінае сінтаксічнае і фанетычнае слова), каб чытач задурыў сабе галаву пошукамі сэнсу яго ўжывання. Але ж і сэнс той існуе! Інверсія рэзануе ідэю твору, думку пра экзістэнцыйную самоту героя, яго разарванасць са светам-наваколлем, так бы мовіць, разарванасць „немцамі“, якія ў дадзеным выпадку сімвалічна тоесныя сцяне паміж светам і эгасвядомасцю суб’екта. У вершы, як бачна, гэта паказана не толькі з дапамогай метафарызацыі сінтаксічнай з’явы, але і графічна:

вакол→→→

немцы

←←←мяне

свет

сцяна

ego


 






1 Магчыма, зручна было б змесціва гэтых усіх дужак вынесці на месца слоў, якія вы чытаеце зараз, але тады адлюстраванне думак не адпавядала б іх цячэнню і правільнаму прачытанню, так што сачыце за думкай далей.
   

Ужо з гэтай прычыны сінтаксіс вершу можна лічыць самым выкшталцоным з усёй моўнай практыкі чалавецтва, а інверсію другога радка — найбольш мэтазгоднай і карыснай сярод усіх сінтаксічных перастановак, якія на яе фоне бачацца пераліваннем з пустога ў парожняе, нягледзячы на свае шматтысячныя вартасці.

Аўтара гэтага эсэ некаторы час бянтэжыла пытанне „ці не бачаць мяне?“. Чаму менавіта такім шляхам захацелася лірычнаму герою выказаць свае пантрагічныя пачуцці? Адказ:

а) герой спрабуе уступіць у дыялог з чытачом — прадстаўніком „несапраўднага свету“ (як вы, шаноўныя, разумееце, безвынікова);

б) героя самога крояць балючыя сумненні наконт стасункаў з вонкавым светам; праступае прамень надзеі на лепшае ў гэтых стасунках;

в) аўтар вершу, працягваючы слаўныя традыцыі сусветнай літаратуры, ставіць гэтае пытанне ў адзін шэраг з ужо акласічненымі „to be, or not to be?“, „что делать?“ і „кто виноват?“. Упершыню ХХ стагоддзе нараджае пытанне такой моцы.

Трэцяе. У сувязі з апошнім радком прыгадаліся разважанні выкладчыка расійскай літаратуры БрДУ Юрася Васільевіча Паталкова пра верш Сяргея Ясеніна „Не бродить, не мять в кустах багряных...“. Твор расійскага паэта сюжэтна як не менш таленавіты за наш верш, так і не менш песімістычны. Дазволю сабе працытаваць страфу, якая з’яўляецца першай і апошняй:

Не бродить, не мять в кустах багряных
Лебеды и не искать следа.
Со снопом волос твоих овсяных
Отоснилась ты мне навсегда.

Верш, паводле разважанняў Юрася Васільевіча, песімістычны толькі на першы погляд, бо ў гэтым творы Сяргея Ясеніна знаходзіцца зусім адваротны падтэкст, якога хутчэй за ўсё творца сам не ўсведамляў: верш хоць і пачынаецца з адмаўлення — „не“, аднак заканчваецца сцвярджэннем — „-да“ (што ў перакладзе на беларускую мову азначае „так“, „але“), якое, на думку Юрася Васільевіча, ёсць не чым іншым, як жыццесцвярджальным сімвалам. Карыстаючыся метадалогіяй паважанага выкладчыка, трэба заўважыць, што ў нашым выпадку ўсё дыяметральна супрацьлегла. „Не“ ў канцы верша паўтараецца нават шэсць (магічная лічба) разоў, складаючы цэлы радок, геніяльна адлюстроўваючы гіпертрафіраваны песімізм лірычнага героя. Але ж дзе, спытаеце вы, пачатковае „да“ ці, па-беларуску, „так“? Паколькі метадалогія, якую прымяняе пры аналізе Юрась Васільевіч, так бы мовіць, фармалісцкая (хоць і не толькі: экстрапаляцыйная і эклектычная ў нейкім сэнсе таксама), калі кавалкі з тэксту бяруцца адарвана ад самога тэксту, ёсць рацыя дзейнічаць гэтаксама пры аналізе нашага верша. І цяпер можна ў сваю чаргу ставіць пытанне: а ці заўсёды пачатак гэтага верша (нагадаю: „я“) абазначае тое, што ён звычайна абазначае ў беларускай мове? Вядома, вы ўжо здагадаліся, што ў дадзеным выпадку гэтае „я“ — не што іншае, як „так“ у перакладзе з нямецкай мовы, пра носьбітаў якой і іх сімвалізацыю ішла гаворка вышэй. Такім чынам, верш, пачынаючыся адзіным і таму кволым „так“, заканчваецца шматкратным адмаўленнем і недвухсэнсоўна адлюстроўвае аўтарскае светаадчуванне.

Et cetera

 

 
   
Галасуй за ARCHE :

br.gis.com.by
D
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (16) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 04-06-2001