A R C H E Narodny numar № 2 (16) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22001
» да Зьместу «

 


Народны нумар
 


крытыка

 
Вокладка ARCHE 2-2001. Народны нумар

   Мінулыя нумары:

   Скарына (1-2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Кастусь Травень 
Чалавек хвалі 

Развагі над прозай Ігара Сідарука 

Некалі сьвет існаваў у выглядзе акіяну й голых камянёў. Гэты акіян уяўляў сабой булён, у якім знаходзілася безьліч малых згусткаў. Гэтыя першасныя згусткі, будучыя амёбы й інфузорыі, ня мелі на той момант нават вонкавай абалонкі, якая б ратавала іх ад шкодных узьдзеяньняў рэчаіснасьці й дазваляла б неяк рэагаваць на самыя простыя яе праявы: сьвятло й цемру, холад й цяпло.

Што ж уяўляе сабой першасны булён у постсавецкім акіяне, у ягонай затоцы пад назвай Беларусь? На маю думку, сярод прадстаўнікоў нашага грамадзтва можна вылучыць носьбітаў некалькіх відаў сьвядомасьці.

1. „Чалавек-дзікун“ — істота, якая з тых ці іншых жыцьцёвых прычын знаходзіцца па-за межамі законаў маралі. Яна выкарыстоўвае ўсё, што яе акаляе: людзей, абставіны, матэрыяльныя сродкі, — толькі ў сваіх асабістых інтарэсах. Мяжа паміж дабром і злом у гэтых людзей адсутнічае. Яны актыўныя, іншы раз нават агрэсіўныя. Наша сацыяльная сыстэма прадукуе й памнажае гэткіх людзей, спойваючы народ і кідаючы яго ў турму за качан капусты.

Але найбольш гвалтуе сьвядомасьць маладых ды, зрэшты, і сталых людзей, непавага ўлады да законаў дзяржавы. Дзяржаўная ўлада дазваляе сабе ўсё тое, што забараняе простаму чалавеку. Прыкладаў такой непавагі мноства.

Ігар Сідарук у сваіх аповедах у нейкай меры прааналізаваў стан сьвядомасьці сучасных дзікуноў. У аповедзе „Нагавіцы клятчатай масьці“ і „Каравайчык-34“ пісьменьнік зьвяртае ўвагу грамадзтва на існуючую небясьпеку:

„— Ну што, курвідла?! Ядры тваю ў дрыст ёбаную качалку! — крыў адборнымі мацюганамі ён. — Гэта вам за Язэпчыка! Гэта за Каравайчыка!.. І тут раптам танк спыніўся... Усё. Гэта была фініта. <...> — І гэта ўсё?.. Я пытаюся, гэта ўсё?! — узьдзеў вочы ў недасяжную вышынь Каравайчык. <...> За сьпінай чалавека шугала полымем расстралянае ім мястэчка...“

У некаторыя аповедах Ігар Сідарук выводзіць сваіх герояў за тую мяжу, пераступіўшы якую, любы чалавек выклікае толькі агіду. Іншы раз здаецца, што ён выдумаў сваіх герояў, што такіх у жыцьці няма й ня можа быць. І раптам на вочы трапляе невялікае газэтнае паведамленьне аб канібалізьме ў тваім родным горадзе. І ты адчуваеш, што гэта ўжо цябе не зьдзіўляе, што ты ўжо так ці гэтак падрыхтаваны да такога парадку жыцьця...

Сваімі творамі Ігар Сідарук нібыта сьцьвярджае — дна ў руху ўніз не існуе. Апускаючыся, чалавек разбурае ўсе этычныя, грамадзкія, чалавечыя межы й працягвае далейшы шлях у прорву, усё яшчэ захоўваючы чалавекападобнае аблічча. У „Выкраданьні вепрука“ пісьменьнік затрымлівае нашую ўвагу на людзях, якія яшчэ не злачынцы, а затрымаліся на самай мяжы, але ў іх жыцьці існуе толькі адна дарога — у бездань...
 

 
   

Людзі-дзікуны, ня маючы павагі да чужой думкі, звычаяў, гістарычнай спадчыны, чужога жыцьця, зьяўляюцца дэтанатарамі для ўзьнікненьня крывавых сутыкненьняў.

На пачатку грамадзянскіх войнаў і крывавых канфліктаў лідэры рэвалюцый і контрарэвалюцый карыстаюцца паслугамі дзікуноў, бо нармальны чалавек ніколі не пачне бяз дай прычыны забіваць сваіх суайчыньнікаў. Гэта потым, калі парэжуць ягоных дзецей, зруйнуюць ягоны дом, нармальны чалавек кінецца ў полымя ваеннага забойства. Мы непрыкметна ўжо прызвычаіліся нават да тэрміналёгіі першых і часта лічым, што ўласьцівы ім стыль самавыражэньня сьведчыць пра бываласьць чалавека ці ягоны цьвёрды характар.

Ня трэба думаць, што такія людзі, якія лёгка пераходзяць мяжу дабра-зла, існуюць толькі на дне грамадзтва. Такія ёсьць і ўва ўладных колах. Прыкладаў колькі хочаш: гэта й пасьлячарнобыльскія махлярствы, калі на чарнобыльскія грошы намэнклятура будавала катэджы ўва ўсёй Беларусі, і трагедыя на Нямізе, і чачэнская вайна. Адкуль усё гэта бярэцца, адкуль цягнецца гэты трагічны ланцуг? Усё адтуль: ад Курапатаў, ад Трасьцянца, дзе сёньня на людзкім попеле вырошчваюць памідоры й рэдзьку, ад нашага няведаньня ня толькі далёкага мінулага, але й зусім нядаўняга ўчора, ад нашага кароткага пляча памяці.

2. „Людзі-дзеці“, „стабільныя людзі“, „паслухмяная большасьць“. „Стабільныя людзі“ ў той ці іншай ступені ўжо адрозьніваюць „дабро“ ад „зла“. Звычайны, асабліва вясковы чалавек самаідэнтыфікаваўся ў вясковым жыцьці, але ў акіяне жыцьця ён адчувае сябе разгубленым і таму трапляе ў палон масавай ці калектыўнай сьвядомасьці.

„Людзі-дзеці“ бачаць жыцьцё ў чорна-белых фарбах, дзе чорнае — гэта дрэнна, а белае — гэта добра. Каб карыстацца павагай аднавяскоўцаў, трэба мець сям’ю, гаспадарку, сенаваць сена для каровы, дапамагаць суседзям ды сваякам, частаваць тых, хто дапамог табе. Карацей кажучы, ня быць лайдаком. Простыя людзі — кансэрватары, бо разумеюць сапраўдную вартасьць стабільнасьці грамадзкага жыцьця. Пры любых гістарычных пераўтварэньнях яны заўсёды заставаліся ў пройгрышы, атрымлівалі па карку. Таму вясковыя людзі арганічна не прымаюць рэвалюцый і больш за ўсё на сьвеце баяцца вайны. Людзі-дзеці — гэта страўнік грамадзтва, стабілізатары грамадзкага жыцьця і ў большасьці сваёй канфармісты, карыстальнікі калектыўнай сьвядомасьці. Сёньня паслухмяная большасьць ня вольная ў сваіхмеркаваньнях, бо пазбаўлена ўладай адказнасьці за сваё асабістае існаваньне. Калгасы й саўгасы за папярэдні гістарычны час сфармавалі людзей з сьвядомасьцю дзяцей. Як у іх магла выпрацавацца жыцьцёвая прадбачлівасьць?

Яны не заўсёды ўсьведамляюць, што зьяўляюцца аўтаномнымі асобамі й што аўтаномнасьць асобы патрабуе ад гэтай асобы дзейснасьці, розуму, валоданьня хоць бы нейкай часткай свабоды.

Пахваліць раённы чыноўнік вясковага чалавека, чалавека-дзіця, скажа ўзьнёслыя словы, пацісьне руку, паляпае па плячы — і... пойдзе „стабільны чалавек“ ізноў зьдзяйсьняць чарговы подзьвіг.

Гэтыя людзі лёгка трапляюць пад чужы ўплыў, вераць у міты, любяць дзяліцца плёткамі, выконваюць чужыя каманды.

У апавяданьні „Аўтобус колеру бэз“ Ігар Сідарук аналізуе гэтую здольнасьць людзей падпарадкоўвацца без усялякага супраціву. Усё, што не дазволена, — забаронена. Забаронены кожны самастойны дых, рух, сьвёрб... І чалавек адчувае сябе ніякавата ў самых простых жыцьцёвых сытуацыях, бо няма ўпэўненасьці, што ёсьць дазвол на права дыхаць, глядзець, сьмяяцца, быць шчасьлівым... Закон яго, простага чалавека, не абараняе. Закон, наадварот, заганяе яго ў змрочную, непрыдатную для жыцьця пустку... Каб кіраваць гэтымі людзьмі, патрэбныя простыя каманды, гарантаваны корм і, самае галоўнае, адсутнасьць свабоды. Гарантаваная пайка для біялягічных істотаў важыць значна больш, чым свабода.

Свабоду „людзі-дзеці“ выкарыстоўваюць дзеля таго, каб ня ведаць, не рабіць, не вучыць. Яны несьвядома, а іншы раз і сьвядома, глушаць парасткі розуму гарэлкай, самагонкай, адэкалёнам. 

 
   

3. „Аўтаномныя людзі“, ці „троечнікі“. Гэта распаўсюджаны тып чалавека, які жыве ў правінцыі. Ступень сьвядомасьці троечніка дазваляе яму зразумець, што ён існуе ў сьвеце як аўтаномная істота. Гэтае пачуцьцё й зьяўляецца рухавіком гэтых людзей. Яны ініцыятыўныя й заўсёды вядуць рэй у асяродзьдзі людзей з чорна-белым успрыманьнем жыцьця. Ад таго, што яны асэнсавалі сваю аўтаномнасьць, у іх узьнікае жаданьне паказаць сябе. Паколькі іх веды, прафэсійны й жыцьцёвы досьвед моцна абмежаваны, рэчаіснасьць ім заўжды бачыцца аднаварыянтнай.

Яны ўжо ўтварылі вонкавую абалонку, якая ахоўвае іхную сьвядомасьць ад чужой экспансіі й дазваляе адэкватна ўзаемадзейнічаць з Сусьветам, назапашваць індывідуальны досьвед. Але іх хіба ў браку адукацыі, гэта значыць, яны не навучыліся карыстацца ведамі, назапашанымі чалавецтвам. Яны ўпершыню адкрываюць для сябе тое, што даўно вядома адукаванаму чалавеку.

Любое складанае жыцьцёвае пытаньне троечнікі вырашаюць рашуча й проста. Любую справу, грамадзкую ці асабістую, яны выконваюць на слабую ці моцную тройку. Гэты сярэдні школьны бал руйнуе шмат якія памкненьні гэтых людзей і тых, хто зь імі звязаў свой лёс. Чалавек углядаецца ў жыцьцё й ня бачыць прыгажосьці ў працы, у чалавечых узаемінах, каханьні, творчай дзейнасьці...

Не апошняя справа для троечнікаў — стварэньне ворагаў, бо гэта дазваляе ім усе свае заганы, недасьведчанасьць, непрафэсіяналізм, гультайства звальваць на ворагаў. Пры няўдачах — а няўдачы часта абкружаюць троечнікаў з усіх бакоў — яны вельмі спрытна знаходзяць вінаватых.

Троечнікі могуць займаць і займаюць важныя дзяржаўныя й кіраўнічыя пасады. Але прабелы ў адукацыі й выхаваньні, адсутнасьць глыбокіх перакананьняў, адсутнасьць таго, што называецца культурай у шырокім сэнсе гэтага слова, зьяўляецца перашкодай для палітычнай ці грамадзкай дзейнасьці на належным узроўні. Яны вельмі няўпэўненыя ў сабе, бо падсьвядома адчуваюць сваю непаўнавартасьць, і таму лёгка й моцна крыўдуюць нават на дробныя крытычныя заўвагі, страчваць раўнавагу, і таму абкружаюць сябе людзьмі, схільнымі да падлабуньства й самапрыніжэньня. Тыканне — вызначальная рыса троечнікаў.

У цывілізаваным грамадзтве недавучкі, людзі з чорна-белым узроўнем сьвядомасьці, нават пры высокіх здольнасьцях ня могуць заняць высокага месца сярод кіруючай эліты грамадства. Захад зрабіў правільныя высновы з палітычнай кар’еры Адольфа Гітлера, які паставіў Эўропу на мяжу зьнішчэньня. І тут на на першае месца выходзіць сьпеласьць самога грамадзтва й кіруючай ім эліты.

4. „Прафэсіяналы“, „прагматычныя людзі“. На гэтым узроўні чалавек ня толькі самаідэнтыфікаваўся, але і ўсьвядоміў рознакаляровасьць і шматбаковасьць рэчаіснасьці. Звычайна гэта разумны, выхаваны чалавек. Ён умее атрымліваць асалоду ад жыцьця, нікога пры гэтым не абражаючы, не пераступаючы іншым людзям дарогі. Ён авалодаў грамадзянскай сьвядомасьцю, гэта значыць, сьвядома нясе адказнасьць за падзеі, што адбываюцца вакол яго... Ён бачыць складанасьць сусьвету, мноства супярэчнасьцяў, барацьбу розных сілаў, імкнецца да справядлівасьці і ў пошуках абсалюту іншы раз заблытваецца. Праўды няма — канчатковы прысуд чацьвёрачніка. І таму ён жыве выключна сёньняшнім днём, цывілізаваны, ураўнаважаны, уважлівы да іншых. Але з-за недахопу веры ў свае сілы ён часта прыпыняе свой шлях да наступнага ўзроўню сьвядомасьці.

5. „Чалавек-творца“ рухае цывілізацыю наперад. Гэта „сыстэмныя“, выдатныя людзі, гэта яны стварылі кампутары, дасягнулі Месяца, пабудавалі сучасную цывілізацыю. Сыстэмны чалавек — сапраўдная эліта любога грамадзтва. Вы адразу пазнаеце краіну, дзе ёсьць сапраўдная эліта, і значыць сапраўдныя навукоўцы, дзяржаўныя дзеячы, вайскоўцы й бізнэсмэны. У гэтых краінах найлепшыя ў сьвеце дарогі, харчаваньне, адукацыя й мэдыцына. У такіх краінах грамадзяне ганарацца сваёй гісторыяй, сваімі таленавітымі суайчыньнікамі, сваёй мовай, нават калі яна не ўваходзіць у дзясятку найбольш распаўсюджаных моваў сьвету. „Сыстэмныя“ людзі, авалодаўшы грамадзянскай сьвядомасьцю, пайшлі ў сваім самаразвіцьці далей і дасягнулі нацыянальнай самасьвядомасьці — гэта значыць усьвядомілі сваю адказнасьць за лёс нацыі, народу, а ў далейшым і за лёс усіх жыхароў плянэты Зямля.

„Сыстэмныя“ людзі ствараюць новае, прыгожае, значнае для ўсяго чалавецтва, пачынаючы ад музыкі й канчаючы новымі галінамі эканомікі й навукі. Эліта — гэта тыя выдатныя людзі, якія, асэнсоўваючы жыцьцёвыя падзеі й зьявы, выбіраюць шляхі разьвіцьця грамадзтва. 

 
   


* * *

У эліту заўсёды пнуцца троечнікі, але сапраўдная эліта не дапусьціць нікога выпадковага на вяршыню ўлады, ня пусьціць авантурыстаў, імітатараў, лайдакоў і дэмагогаў. Сапраўдная эліта добра ўсьведамляе, што калі заўтра кепска будзе ўсяму народу, то пасьлязаўтра будзе блага й самой эліце. Эліта разумее, што манаполія на ўладу, інфармацыю, кар’еру, творчасьць нясе ў сабе зародак будучай адсталасьці грамадзтва, рызыку выраджэньня, катастрофы й рэвалюцыі.

„Эліта“, большую частку якой складаюць людзі трэцяй і чацьвертай ступеняў, — з’яўляецца Псэўдаэлітай. Гэта фактычна натоўп чыноўнікаў, выканаўцаў , тыя самыя дзяржаўныя шурупы. Ня маючы прыватнай маёмасьці, яны трымаюцца за свае пасады рукамі, нагамі й зубамі, ідуць на любыя амаральныя ўчынкі й гатовыя выканаць любы загад, бо страта пасады адразу кідае іх на ніжэйшы ўзровень існаваньня.

Беларуская Псэўдаэліта, не валодаючы нацыянальнай самасьвядомасьцю, іншы раз ня мае й грамадзянскай сьвядомасьці, і таму не валодае гістарычным прадбачаньнем, пазбаўленая гістарычнай волі й вядзе грамадзтва ў тупік.

Цяперашнія ўлады прыкладаюць усе намаганьні, каб выпрацаваць тыя рэфлексы й стэрэатыпы жыцьця, якія дазволяць стварыць інэртнае, прадказальнае грамадзтва, што прызвычаілася падпарадкоўвацца, атрымліваць гарантаваную пайку й ня мае патрэбы ў свабодзе.

Наша інтэлігенцыя, якую трэба лічыць галавой нацыі й яе сэрцам, у той ці іншай ступені валодае грамадзянскай сьвядомасьцю. Але гэтага ў сёньняшнім жыцьці недастаткова, каб прымусіць грамадзтва рухацца ў патрэбным кірунку. Нашы прагматыкі, гэта значыць тыя, хто атрымалі адукацыю і, паводле ўсіх грамадзкіх законаў, павінны быць галавой нацыі, аніяк ня могуць дарасьці да ўзроўню нацыянальнай самасьвядомасьці й папраўдзе зьяўляюцца нечым іншым, але толькі не галавой.

Сутнасьць жыцьця палягае якраз у пераходзе з аднаго стану сьвядомасьці ў іншы. Мы заўважаем зьмену становішча, не заўсёды разумеючы, што яна ёсьць вынікам зьмены стану сьвядомасьці.

Вывучэньне гэтых пераходаў з аднаго стану ў іншы й зьяўляецца для пісьменьнікаў цікавым, а для грамадзтва карысным. Прычым ня проста пераход, а ўзыход да прагматыкаў, да сыстэмных людзей. Рух уніз, якому надаюць іншы раз столькі ўвагі нашы пісьменьнікі, у тым ліку й Ігар Сідарук, — вельмі сумная рэч. Быў чалавек чацьверачнікам, паддаўся спакусе, сьпіўся, дэградаваў, ператварыўся ў пакрыўджанага, злоснага, разбуранага жыцьцём чалавека...

Сёньня цікавыя тыя, хто адшукаў у сабе і ўдасканаліў свой талент, тыя, хто імкнецца наперад, тыя, хто стварае сучасную цывілізацыю.

Перашкоды, якія ўзьнікаюць перад намі, павінны прымушаць нас рабіць крок уверх. І зрабіць гэты крок мы павінны самі. Нават Бог ня зробіць гэтага за нас. 

 

 
   
Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (16) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 12-06-2001