A R C H E Narodny numar № 2 (16) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22001
» да Зьместу «

 


Народны нумар
 


беларуская думка

СЯРГЕЙ ВАРЫВОДЗКІ
Вокладка ARCHE 2-2001. Народны нумар

   Мінулыя нумары:

   Скарына (1-2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сяргей Варыводзкі 
Час на выбар 

Эсэ пра спароны 

Галовы спараджаюць ідэі...

Калі пачынаеш разважаць пра жыцьцё, чыё б ні было, немінуча прыходзіш да разуменьня неабходнасьці ўведаць ягоны пачатак. (Гэтае слова цяпер вельмі папулярнае: згадаем ARCHE — пачатак, „Нашую Ніву“ — як  п е р ш у ю  газэту й спараджальную для беларускасьці  г л е б у, „Першацвет“, „Крыніцу“ і г.д.) У кожным пачатку можна адрозьніць тры этапы й зусім схематычна апісаць іх як узьнікненьне, высьпяваньне ды зьяўленьне на сьвет для далейшага асобнага (яшчэ не самастойнага!) існаваньня. Датычна пачатку чалавека гэта будзе запладненьне-зачацьце, выношваньне (часам цяжарнасьці), нараджэньне немаўляці. Адносна ўзьнікненьня ідэі можна гаварыць пра азарэньне, прадумваньне ды выяўленьне яе. Паралелі спаміж двума гэтымі зьявамі паўстаюць ня толькі ад падобнага чыну іх узьнікненьня — яны нараджаюцца, — але й дзеля неабходнасьці для гэтага як чалавечых марфалягічных субстратаў (улоньне ды галава адпаведна), так і па-за-чалавечага зьбегу акалічнасьцяў (прымусіць нарадзіцца немагчыма ні думку, ані дзіцё). Абмяжуемся гэтым разам разглядам паходжаньня толькі гэткіх паважных існасьцяў, як людзі ды ідэі.

Цалкам па-за-чалавечае праявіцца, хочам мы таго ці не, дзе захоча й калі захоча (узяць хаця б плямы на сонцы ці выбухі на Юпітэры) [хоць гэта і не бясспрэчна ўважаючы на пашыраны антропны прынцып]. Але на пачатак антрапазалежных працэсаў можна ўплываць сьвядома. Гэта тычыцца ня толькі „дазволу“ на выношваньне плоду ці выяўленьня думкі, але й пазбаўленьня магчымасьці запладненьня (часовага — кантрацэпцыя ці незваротнага — стэрылізацыя) ці нават узьнікненьня думкі ў галаве (адпаведна — кругладзённае прамываньне мазгоў тэлебачаньнем, кампутарнымі гульнямі ці FM-радыёстанцыяй; у найбольш эфэктыўным варыянце — гільятынай). Зьдзяйсьненьне ўплываў можна аналізаваць з гледзішча як творцы новага (аўтара-чалавека), так і ўспрымальніка створанага (соцыюму, грамады, канкурэнтаў, гаспадароў і г.д.). Пагляд з боку твору мы прапануем пакуль не разглядаць дзеля несамастойнасьці яго цягам першага часу асобнага існаваньня (эмбрыянальная стадыя, паводле Конрада Лорэнца), але найперш дзеля надзвычайнае важнасьці гэтае пазыцыі, якая вымагае асобнае паважнае гутаркі.
 

 — асьпірант Інстутуту філязофіі Нацыянальнае акадэміі навук Беларусі. Дасьледуе пытаньні філязафічнай антрапалёгіі.
   

Творцы (маці-бацька) зацікаўленыя ў зьяўленьні на сьвет здаровага, трывалага, належна аформленага, здатнага да наступнага разьвіцьця плоду. Атрымаўшы належны догляд і выхаваньне, той знайшоў бы сабе ў рэальным жыцьці месца вартае й сваёй значнасьці, і бацькоўскіх жаданьняў. Найлепшыя варункі для ўзрастаньня плоду дае толькі мілоснае матчынае чэрава (варыянт — руплівая галава аўтара), якое за належны тэрмін створыць тое, чаму наканавана зьявіцца зь нябачнасьці.

Перасьцярогамі да новапрыбылага ў Сьвет, прадчуваньнем патэнцыйных пагрозаў ад яго поўніліся традыцыйныя, ці тэсматычныя, культуры, што шматлікімі й разнастайнымі працэдурамі адбору ды ачышчэньня імкнуліся запабегчы наступствам ягонае прысутнасьці побач ды ўпарадкаваць розьвітак немаўляці пад свой кшталт. Якраз тут і патрабавалася тая самая адпорнасьць, пра якую дбалі бацькі цягам цяжарнасьці: ацэнка любога нованароджанага (і ідэі, і дзіцяці) залежала ад бачаньня яго як знаку, а выбар кантэксту й інтэрпрэтацыя залежалі ад схільнасьцяў-здольнасьцяў інтэрпрэтатараў (нагадаем вядомую расейскую казку пра цара Салтана, дзе родила цариха вночь то ли сына, то ли дочь, пра тое, як сваякі ўбачылі надзвычайнага царскага сына, і пра тое, што мусіў ён вытрываць, каб заняць належнае месца). Сучаснае грамадзтва на першы погляд ставіць значна менш перашкод новаму (а нават і заахвочвае яго). Магчыма, адбываецца гэта дзеля надзвычайнай самаўпэўненасьці нашае эпохі (прыклад — навукова-тэхнічная рэвалюцыя, вынікі якое непрадказальныя). Усё ж ня выключана, што рэч проста ў лепшых магчымасьцях кантролю. Або — дзеля прагрэсу (хаця б паводле статыстыкі), адставаньне ў якім лічыцца горшым за найгоршае. Беларускія мэдыкі, скажам, каб заставацца ў межах эўрапейскіх лічбаў, па гадзіне рэанімуюць памерлых пры родах немаўлятак (не зважаючы на насталую сьмерць шкарупы мазгоў ды наступны поўны ідыятызм) альбо па 30 дзён не адключаюць памерлых падчас родаў мацярок ад апаратнага дыханьня (каб пэрынатальная сьмяротнасьць, барані Божа, не ірванула ўгару, адкінуўшы нас да роўню Азіі).

Тэхніку аджыўляць напаўіснае мы маем, але гэтага мала. Надзвычай патрэбнае яшчэ й адчуваньне адказнасьці за вынікі зробленага. Страх перад стратаю выразна заганнага ці няўдалага, перад ацэнкай значнасьці зьяўленага вымагае ўцёкаў ад асабовага дзеяньня да схову калектыўных пастановаў, інструкцыяў. Ці не адсюль той імпэратыў татальнага (дзяржаўнага, інстытуалізаванага) кантролю, хай сабе й неэфэктыўнага, усіх працэсаў спараджэньня-нараджэньня, які ўласьцівы, на жаль, цяперашняму беларускаму грамадзтву. „Агульнае“ індустрыяльнае выхаваньне-гадаваньне (дом малечы (ясьлі) — дзіцячы дом (дзіцячы садок) — школа-інтэрнат і г.д.) нават для нармальнага дзіцяці дае адно мізэрны плён. Што тут казаць пра раскрыцьцё істоты незвычайных. Перавернутую вяршыню гэтага імкненьня да нараджэньня „не-найлепшага“ цынічна дэманструюць цыганы-“псэўдатаджыкі“, што кленчаць-ныюць у пераходах ды вакзалах. Яны забіраюць з радзільняў-больніцаў сваіх самых апошніх заганных-звыродлівых: чым жахлівейшы, тым больш пададуць.

Грамадзтва й мэдыцына сталіся нечувана ўмелымі з аднога боку й гэтак жа нячуйнымі зь іншага. Адно нібы з гатовасьцю прымае любыя выродзтвы (штогод у Беларусі будуецца па новым дзіцячым доме для дзяцей зь невылечнымі хваробамі, пашыраецца колькасьць адмыслоўцаў-дэфэктолягаў) і нават прыўлашчвае такія дзеці, узьнімаючы галас, калі кагось хочуць усынавіць на Захадзе (бо свае ж!). Выдатна, але марна! Бо адначасова стварае шчэ болей варункаў для зьяўленьня заганнасьцяў. Тут і засяленьне Чарнобыльскае зоны, і адсутнасьць увагі да праграмаў зьніжэньня забруджанасьці хаця б дзяцей ды цяжарных радыёнуклідамі ды цяжкімі мэталамі, і ці не найвышэйшыя ў Эўропе нарматывы па забруджанасьці прадуктаў харчаваньня цэзыюмам, і алькагалізацыя, і прыённыя хваробы (у пэрспэктыве, а можа й цяпер ужо). Другая (мэдыцына) спраўна бярэцца лекаваць/выпраўляць адпачатна невылечнае ці нежывое, цягнучы з тае ж дзяржавы (ці з падаткаплатнікаў наўпрост) вялізарныя сродкі, абяцаючы (таямніча-маўкліва) цудаў і не здаючы сабе самой справы як у сваіх рэальных магчымасьцях, так і ў сваёй патрэбнасьці.

Гатовасьць займацца загадзя бясплённай справай падаецца як набліжэньне да перадавых дасягненьняў і вартасьцяў сусьветнае цывілізацыі. Пры гэтым ігнаруецца прынцыповая розьніца. На Захадзе прызвычаіліся цаніць, узгадоўваць ды дадумваць любыя, нават самыя слабыя праявы новастворанага. Кожная зь іх надзяляецца месцам, кожнай надаецца значэньне, плён усякага (прынамсі, у ідэале) скарыстоўваецца (хаця б як мішэнь). Гэтак маглі б і мы, калі б з большай увагай ды руплівасьцю ставіліся й да ўжо народжанага, і да ўжо прысутнага, але яшчэ не праяўленага.

Развагаў вымагае як сама пастанова прадумляць-выношваць, так і рашучасьць нарадзіць-выявіць усякі свой плод. У сытуацыі такога кшталту кожны мусіць улічываць магчымыя наступствы (а ці ўдасца потым, калі (с)твор нарадзіўся, зрадзіць штосьці?), і магчымыя выдаткі, і магчымыя выгоды-нязручнасьці, але найперш — унікальнасьць ды неадвольнасьць Азарэньня-Запладненьня — зачацьця Ідэі-Чалавека. Калі гэткае здарылася, дык паз быцца яго складзе пэўную цяжкасьць, якая мае, хутчэй, анталягічны характар (г.зн. што не чалавекам створана, не яму й зьнішчаць). Думку ў сваёй галаве магчыма адсунуць на задні план, памкнуцца забыць, прыгнясьці (а яна схаваецца ў падсьвядомасьць), аходаць больш правільнай, прыглушыць новымі ці шматлікімі ўражаньнямі, бягучкай, але канчаткова яна ня зьнікне (адкуль яшчэ ўзяцца пакутам сумленьня ці комплексам). Што самае важнае, на змаганьне з уласнай думкай ёсьць практычна неабмежаваны час (калі раптам не прабірае слоўная бягунка). Добра, калі такі час на роздум мае й патэнцыйная аўтарка Чалавека, напрыклад, жанчына, якая даўно хацела дзіцё й даўно папрасіла яго да сябе. Часьцей бывае зусім наадварот, і часу на прыняццё рашэньня практычна няма. Выбар мусіць адбывацца ў найсьціслы тэрмін спаміж часам выяўленьня цяжарнасьці й магчымасьцю зь найменшай шкодай пазбыцца непажаданае сытуацыі (такі тэрмін можа доўжыцца літаральна 1–2 дні). Любое мэдычнае ўзьдзеяньне можа прынесьці шкоду. Нават вакуум-экстракцыя зародку можа спрычыніцца да далейшае бясплоднасьці, ня кажучы ўжо пра інструмэнтальны аборт. Для зацяжаралых дзяўчатак (і з 15, і з 13 год), дый ня толькі для іх, сытуацыя паўсталага тэрміновага Выбару выглядае пагрозьліва й так (непажаданае дзіцё), і так (магчымая страта дзетанараджальнае пэрспэктывы). З гэткага гледзішча Таблеткі для Спаронаў, дыскусіі пра вольны продаж якіх пачаліся ў Вялікай Брытаніі, выдаюць на добры сяродак адвалаканьня канчатковае пастановы наконт захаваньня/перапыненьня цяжарнасьці (сытуацыя Выбару расьцягваецца тут у часе да тэрміну, прыдатнага да ўжываньня таблеткі, а вымушаны спарон пазбаўляецца траўматычнага беспасярэдняга ўмяшаньня). Новы сродак ня можа не ўсьцешваць, нават калі ён асуджаны на распаўсюджаньне толькі па лекарскім прызначэньні. За станоўчасьць падаўжэньня часу Выбару гаворыць і яшчэ адно нядаўняе адкрыцьцё: пацьверджаная спрыяльная роля позьніх (па 40–45 гадох) родаў. Яны падаўжаюць і маладосьць жанчынам, і павялічваюць разумовыя здольнасьці дзецям. Сталасьць ніколі ня шкодзіць і мысьлярам.

У завяршэньне — неабавязковыя зычэньні:

— мацяркам — радзіць першыя дзеці да 26 гадоў, а апошнія — хай сабе й за 50;

— спараджаць думкі разважнай і халоднай галавой;

— і дзецям, і ідэям радзіцца ў пару, расьці ды сталець каханымі, здаровымі й рознымі, гатовымі да змаганьня за Нашае Годнае Жыцьцё. 

 

 
   
Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (16) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 12-06-2001