A R C H E N a r o d n y  n u m a r № 2 (16) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22001
» да Зьместу «

 


Народны нумар
 


гісторыі

АЛЯКСАНДАР ЯЦЭВІЧ
Вокладка ARCHE 2-2001. Народны нумар

   Мінулыя нумары:

   Скарына (1-2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Успаміны Алеся Змагара 
Сьцежкі-дарожкі 

Дзяцінства

Перад тым як пачаць апісываць свой жыцьцёвы шлях, я мушу коратка спыніцца на радаводзе маіх дзядоў, якія мелі вялікі ўплыў на ўсё маё жыцьцё.

Прадзед майго бацькі, які, пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай, быў моцна пакрыўджаны маскоўскімі імпэрыялістычнымі ўладамі, адпомсьціў крыўдзіцелю ды, ратуючы сваё жыцьцё, падаўся ў Запароскую Сеч. Дзякуючы сваёй неймавернай сіле, ён здабыў сабе пашану сярод запаросцаў. Ды нядоўга давялося яму карыстацца запароскаю воляю. Цераз пару гадоў маскоўская царыца Кацярына Другая скарыстала нагоду й зь дзікай нянавісьцю зруйнавала Запароскую Сеч, а запаросцаў, што вярнуліся з паходу, накіравала на Кубань пад чачэнскія кулі. Там нарадзіўся мой прадзед і вырас моцны, як дуб. Ваяваў з туркамі, быў у Пэрсіі (цяпер Іран) ды вярнуўся на Кубань, дзе не паладзіў з атаманам, стаўленьнікам і вялікім халуём маскоўскага цара, які ня выплаціў грошай за службу падчас побыту ў Пэрсіі. Дайшло да бунту. Прыбыло шмат маскоўскага войска. З маскоўскага начальства хтось парадзіў: паслаць да цара-бацюшкі ў С.-Пецярбург дэлегацыю з просьбаю, каб загадаў выплаціць кубанцам належачыя ім за службу грошы. Абралі дэлегацыю, у якую трапіў і сілач мой прадзед. Будучы зусім непісьменным, ён запрапанаваў свайму маладому сваяку, які навучаўся ў школе ды ўмеў чытаць і пісаць, паехаць замест прадзеда дый атрымаць сабе царскую ўзнагароду. Дэлегацыя паехала.

Па прыезьдзе ў С.-Пецярбург дэлегатаў адразу арыштавалі, ды пасьля допытаў іх і сьлед прастыў. А тым часам на Кубань нагналі гэтулькі маскоўскага войска, што пра паўстаньне й думкі не магло быць. Прадзед мой моцна смуціўся й злаваў на маскалёў, ды вырашыў пакінуць Кубань. З жонкаю й малым сынам (маім дзедам па бацьку) прыехаў у Палескія балоты каля Мазыра, багны якога не дапушчалі нікога да ягонага селішча. Толькі ўвесну, у разводзьдзе можна было на чаўне даплыць да яго. Там і вырас ягоны сын, мой дзед — Тарас Яцэвіч, які купіў у засьценку Збудзішчы 100 дзесяцін зямлі. Ён быў такі самы асілак, як і ягоныя дзяды, з дубінаю хадзіў на мядзьведзя й ненавідзеў маскалёў. Быў ён спрытны коньнік і пачаў вучыць мяне верхавой язьдзе, калі мне было толькі 4 гады. Калі мне было 8 гадоў, я спрытна скакаў праз канавы, кусты й невялікія загарадзі. Не забыць мне ягоных словаў: „Будзе й тут вялікая бяда, і табе гэта прыдасца. На кані падавайся на Кубань. Там ёсьць беларускія станіцы, дзе помняць твайго дзеда. А калі й там будзе бяда, дык валі ў Чачню. Чачэн — найлепшы кунак, і ў ягоны аул ні адзін маскаль ня ступіць“.

Што датычыцца майго дзеда па мацеры, дык хоць ён і не валодаў такой неймавернай сілай, як дзед па бацьку, але быў таланавіты красамоўца-баечнік. Апавядаў цікавыя байкі, заўсягды пераплятаючы з гістарычна слаўнымі падзеямі нашага Вялікага Літоўскага Княства. Пры ягоным прыезьдзе нашая хата заўсягды напаўнялася суседзямі, якія з захапленьнем слухалі яго ўсю ноч. Дзецям ён апавядаў удзень дзіцячыя байкі. Калі мне было 3–4 гады, я з захапленьнем слухаў байкі пра ката й сабачку, але калі мне было ўжо 8 год, дык я ўжо ня толькі ведаў пра Ўсяслава Чарадзея або пра Рагнеду, але й расказваў пра іхнае геройства сваім сябрам. Дзед заўсёды канчаў словамі: „Ні забудзьця гэта, як павырастаяця! Любеця волю!“
 

 — (Алесь Змагар) нарадзіўся 1 кастрычніка 1903 г. у вёсцы Цароўцы Слуцкага павету. Вучыўся ў Слуцкай клясычнай гімназіі. У 1920 г. браў удзел у Слуцкім збройным чыне, быў арыштаваны, зьбег з турмы, удзель-нічаў у зялёнай партызанцы. У 1925 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне БДУ. У 1930-1941 гг. з-за справядлівай боязі рэпрэсій часта зьмяняў месца жыхарства й працы (Тбілісі, Батумі, Кубань, Данбас, Кіеў, Менск, Асіпавічы). Падчас нямецкай акупацыі, займаючы пасаду інспэктара беларускіх школ, актыўна праводзіў беларусізацыю навучальных установаў. Быў удзельнікам ІІ Усебеларускага кангрэсу (чэрвень 1944). Зь ліпеня 1944 г. на эміграцыі (Польшча, Нямеччына, Аўстрыя). У 1949 г. пераехаў у Францыю, дзе далучыўся да эмігранцкага палітычнага жыцьця (увайшоў у склад Рады БНР). З 1956 г. жыве ў ЗША. Зьяўляўся актыўным удзельнікам Беларускай Народнай Літаратурнай Сустані „Баявая Ўскалось".
Асноўная тэма літаратурнай дзейнасьці - падзеі на Случчыне. Асобна была выдадзеная ягоная кніга „Случчакі" (1947), кнігі прозы „Вызвольныя шляхі" (1965), „Лесавікі" (1973). Галоўным творам зьяўляецца раман „Случчына ў агні" (1986). У дадзены момант Алесь Яцэвіч-Змагар жыве ў Флёрыдзе.
У „мэмуарах" Алеся Змагара суб'ектыўна выкладзеныя ўспаміны пра вострыя сацыяльныя, нацыянальныя й палітычныя канфлікты першай паловы XX стагодзьдзя перамяжаюцца з мастацкай фантазіяй, карціны савецкага бязладзьдзя - з узгадкамі пра нямецкую акупацыю. Спрэчнасьць і алягічнасьць некаторых аўтарскіх прыдумак (асабліва вялікая блытаніна ў аўтара з датаваньнем і пасьлядоўнасьцю розных падзеяў, блытае ён і пасады людзей) дадае „мэмуарам" асаблівы шарм „уяўленай гісторыі". Пры гэтым „мэмуары" адлюстроўваюць погляды на жыцьцё актыўнага беларускага нацыяналіста (слуцкія падзеі, „зялёныя партызаны", удзел у беларускім нацыянальным руху падчас нямецкай акупацыі). Наколькі шырокія былі гэткія погляды, чытач можа даведацца з пуб-лікацыі сам.
Успаміны Алеся Змагара перададзеныя Лявонам Юрэвічам.
   

„Ні забудам!“ — дружна выгуквалі мы, паказваючы нашу зброю: прасткі, лук з стрэламі й коп’і ці саблі (завойстраныя дошчачкі). — „Прагонім маскалёў!“

Нарадзіўся я ў 1903 г. у вёсцы Цароўцы Слуцкага павету, у сям’і вясковага хвэльчара. У 4 гады быў аддадзены на догляд бабкі ў засьценак Збудзішча Грэскае воласьці. Там дзед Хведар апавядаў цікавыя байкі, а дзед Тарас вучыў верхавой язьдзе, што мне вельмі падабалася, і ў 8 гадоў я апанаваў гэта мастацтва. Потым, калі быў у казачым войску, гэта мне вельмі прыдалося.

Калі я меў 6 гадоў, бацька аддаў мяне ў 3-клясовую народную школу, а ў 10 гадоў бацька ўладзіў мяне ў падрыхтоўчую клясу Слуцкае клясычнае гімназіі. Вучыўся я вельмі добра й адначасна любіў чытаць розныя прыгодніцкія апавяданьні, асабліва забароненыя для гімназістаў, як „Нат Пікертон“, „Нік Картэр“, „Шэрлёк Холмз“, „Тэхаскія Жакі“ й пад., асабліва мне падабаўся „Віты Вэр“ — важак сіўксаў, герой Дзікага Захаду, які сваёю адвагаю й шляхетнасьцю вельмі адрозьніваўся ад дзікасьці й бандытызму белых прыблудаў з Эўропы. У міжчасьсе, летнімі канікуламі, бацька навучыў мяне плаваць, і я лёгка пераплываў у Цароўцах Случ.

У 1915 г., падчас каляднага адпачынку, мы, гімназістыя, мелі задавальненьне апісаць, як мы яго правялі. Заміж аднаго лістка, я напісаў цэлы сшытак, красачна абмалёўваючы беларускія каляды на Случчыне. Успомніў я зорачнікаў з „Зоркаю“, і „Казу“, і „Мядзьведзя з Жоравам“, і „Цыгана з Кабылаю“, і калядныя пачастункі ды гаданьні пад Новы Год. Апісаў я па-расійску, але словы песьняў і гутарак пісаў рускімі літарамі па-беларуску. Мой сшытак зараз жа быў перададзены настаўнікам расійскай мовы інспэктару Андрэю Андрэевічу Вазьнясенскаму, які таксама выкладаў расійскую мову ў старэйшых клясах гімназіі. На другі дзень я быў пакліканы інспэктарам у ягоны габінэт. Зайшоў з страхам, бо думаў, што будзе гутарка пра забароненую літаратуру. Але ён мяне адразу супакоіў, аддаў мне мой сшытак, дзе былі зроблены папраўкі толькі ў знаках прыпынку, пахваліў, адзначыў працу знакам 5 (выдатна), парадзіў чытаць Пушкіна і Лермантава, ды сказаў, што зь мяне можа атрымацца выдатны пісьменьнік.
 

 
   

 
Слуцкія падзеі

Перад рэвалюцыяй абшарнікі пачалі прадаваць свае фальваркі, і мой бацька купіў 24 дзесяціны на выплату, бо грошаў меў няшмат, і пачаў будавацца. Не пакідаючы хвэльчарства, пачаў займацца гаспадаркаю.

У 1917 г. я пазнаёміўся з гімназісткаю Валяю Квяткоўскаю. Гэта была мая першая сымпатыя, якой я напісаў па-беларуску верш, а ў 1918 годзе я ўжо пісаў Стасцы, дзяўчыне зь сям’і ўцекачоў з Варшавы.

Апавяшчэньне 25 сакавіка Дня Незалежнасьці Случчакі сустрэлі вельмі радасна, а гімназістыя выдалі часапіс „Прамень“, у якім зьмясьцілі на першай балонцы мой верш „Прамень“. У Слуцку на чале з Жаўрыдам разгарнуў працу Беларускі камітэт. Я з аднаклясьнікам Юлікам Жаўрыдам часта забягалі ў камітэт па беларускія газэты. Да нас прыяжджае з засьценку Навінкі, Грэцкае воласьці, мая кузынка Саша Дубовік, прыязьніцца са мною й апавядае свае дзявочыя сакрэты. У гэты ж час разам з маім сябрам Коберам Ілюком арганізую ў Цароўцах гурток СБМ, а пры ім гурток скокаў нацыянальных народных танцаў, гурток сьпеваў, дэклямацыі й драматычны. А ў 1920 г. падчас вучобы ў Слуцку запазнаўся з гімназісткаю Зінаю.

Паколькі чужацкія войскі (немцы, маскалі, палякі), ваюючы паміж сабою, перакочваюць цераз нашу Бацькаўшчыну, бязьлітасна рабуючы нашае насельніцтва, беларусы хапаюцца за зброю, а ў 1920 г. уся Случчына паўстала супраць насоўваючайся навалы маскоўскіх чырвоных катаў у абароне ідэалаў 25 Сакавіка й зацята змагалася ў няроўнай барацьбе. Нам, гімназістым, хлопцам і дзяўчатам, давялося быць сьведкамі, калі 14 лістапада 1920 г. адбыўся Зьезд Случчыны, які пастанавіў: усе свае сілы аддаць на адбудову Бацькаўшчыны й збройна змагацца за волю й незалежнасьць свае рэспублікі. Батальён міліцыі 500 чалавек мусіў стаць касьцяком для ўтварэньня Слуцкага войска. Пачалі прыбываць добраахвотнікі, у тым ліку й мой кузын Алесь Дубовік.

24 лістапада на базарнай плошчы ў Слуцку меўся адбыцца мітынг. Вяскоўцы прывезьлі шмат зеляніны й з жанчынамі пачалі аздабляць трыбуну. Мы, гімназістыя, а таксама хлопцы з Камерчаскага вучылішча, прыбеглі ім дапамагаць. Па абедзе пачаўся мітынг. Прамаўляў Ул. Пракулевіч; малады, але надзвычайна красамоўны Юры Лістапад, які сваёю прамоваю, як ніхто, захапіў мнагалюдны натоўп, які бурна захваляваўся, выгукаючы: „Пішы мяне ў войска!.. Мяне!.. Пішы мяне ў вантылерыю, я з туркамі ваяваў, вайну ведаю... Мяне ў коньніцу!“ — „А нас, — крычалі дзяўчаты, — у санітаркі!“

Асабліва запомнілася мне кароткая прамова падпалкоўніка Гаўрыловіча: “Браты-Беларусы! Я не красамоўца. Я — франтавік. Ваяваў супраць немцаў, потым — супроць чырвоных маскалёў. Пачуў я, што пагражаюць з Масквы бальшавікі... Пакінуў белых... прабіраўся праз франты... сьпяшаючыся да свайго народу. Часта наражаўся на сьмерць... Але Бог сьцярог... і я з вамі. Я маю вайсковыя веды... веды камандзіра-франтавіка. Хачу іх перадаць для абароны свае Бацькаўшчыны... Гэта — мой абавязак. Я кончыў. Запісывайцеся ў добраахвотнікі. Хто ў войска, падыходзьця да гэтага століка, а хто ў Чырвоны Крыж — да таго“.

І палезьлі Случчакі адзін цераз аднаго запісвацца. Запісаўся й мой сябра аднаклясьнік Лявон Рыдлеўскі, і Афанасьеў, за малы рост якога мы дражнілі „Келба“ з сваімі сябрамі-камэрсантамі, і шмат другіх. Я вырашыў зьбегаць на хутар і запытацца дазволу ў бацькі.

Гэтага ж вечару, з прычыны набліжэньня да Слуцку чырвонага войска, быў выдадзены загад зарганізаванаму Слуцкаму палку і ўсім падыходзячым добраахвотнікам рухацца на захад да Семажава.

Тым часам мой бацька ўтварыў аддзел стралкоў у 80 чалавек і пачаў апэраваць у тыле чырвоных. Я з аддзелам у 30 юнакоў, ад 14 да 17 гадоў, займаліся высочняю. Стралялі мы, як і нашыя бацькі, бяз промаху. Зброю мелі: абразанкі, рэвальвэры й шаблі; езьдзілі на конях вельмі добра, але бязь сёдлаў. Сваім хуткім рухам перасоўваньня я, з даручанымі мне хлапчукамі, хаваючыся ў хмызьнякох, за некалькі хвілінаў апынаўся з боку, а часам і ў тыле ворага, адчыняў зьнішчальную па ім страляніну, вынікам чаго чырвонаармейцы здаваліся. Бацькаў аддзел, забраўшы ад іх зброю, адпускаў іх на ўсе чатыры бакі, а камісараў, якімі зьяўляліся пераважна жыды — расстрэльвалі, помсьцячы за расстрэлы, што чынілі камісары ня толькі над захопленымі ў палон нашымі партызанамі або дэзэрцірамі, але й над мірным вясковым насельніцтвам. Часамі ў якой-небудзь вёсцы спыняўся аддзел чырвоных. Каб даведацца, колькі там ворага, бацька клікаў мяне й даваў заданьне.

Я браў найменш двох хлапцоў, сядалі на коні і, недаехаўшы той вёскі, спыняліся ў гаі ці ў хмызьняку, а хлапчукі з кошыкамі грыбоў ішлі нібы дадому. Даведаўшыся, колькі і ў якіх хатах знаходзіцца вораг і варта, варочаліся назад. А ўночы нашыя партызаны рабілі напад і з дапамогай вяскоўцаў чырвоных зьнішчалі. На рабункі сялян чакістыя найчасьцей выяжджалі раніцаю, каб да вечара справіцца й вярнуцца ў Слуцак. Каб хоць трохі абараніць сялянства ад рабаўніцтва чакістых, бацька заўсягды пасылаў мяне сачыць за іхным рухам. Я браў Ілюка й яшчэ аднаго хлапчука, ехалі кустоўем да прыдарожнае вёскі. Я з Ілюком злазілі з коняў, а трэці, седзячы верхам, заставаўся пры конях. Мы паўзьлі канаваю ці разораю да азяроду, хаваючыся за снапамі. Ілюк улазіў на самы верх і сачыў за рухам на дарозе. Калі ехаў карны аддзел, дык па кірунку пылу бачна было, куды едзе. Ілюк гукаў да мяне. Я зрываўся зь мейсца й бег хмызьняком да хлопца, браў нашыя коні, а хлапец імчаўся з паведамленьнем да партызана. Бацька рабіў чарговую засадку.

Супроць майго бацькі быў накіраваны аддзел Цыганкова. Увесь свой шлях, дзе толькі ні праходзіў Цыганкоў, быў адзначаны крывавымі расправамі. Наскочыў ён і на мяне. Увязалася перастрэлка. Упала колькі карнікаў, ды гэта не суняла іх. Пайшлі ў абход. Ратуючы свой невялікі аддзел хлапчукоў, пайшоў на прарыў. У схватцы паклалі яшчэ колькі карнікаў, але аддалі жыцьцё за Бацькаўшчыну й некалькі юнакоў. Куды ні кінуся — за намі Цыганкоў з карнікамі. Няма дзе дзецца. Тут я яго падвёў на засадку бацькі. Адбылася жорсткая бойка на багнэты, і ўвесь карны аддзел крывавага Цыганкова быў зьнішчаны. Але на дапамогу Цыганкову сьпяшаўся нядаўна прыбылы й расквартэраваны полк. Не даходзячы на стрэл, рота за ротаю пачалі абыходзіць поле бойкі. Бацька зразумеў, што біцца з гэткае безьліччу ворага й прарывацца з горсткаю партызанаў яму не пад сілу. Вырашыў — загінуць, але дорага прадаць сваё жыцьцё. Ён крыкнуў мне:

— На коні! У Лясішчы й пад Грэск!

І першы раз я не паслухаў бацькі. Вырашыў загінуць разам зь ім.

— За кусты! — скамандаваў я.

Хлопцы заляглі, чакаючы набліжэньня ворага. Раптам з варожага тылу вырваўся ўзвод коньнікаў. Наперадзе, з высока ўзьнятаю шабляю пазаліхвацкі імчаўся іхны камандзір з чырвонай стужкай на шапцы.

— Ілюк, у яго я, а ты ў памкамузводу, іншыя — хто ў каго! — выгукнуў я.

Бахнулі стрэлы, і зьляцелі акрываўленыя камандзір, і памкамузводу, і яшчэ дзесяток. Астатнія без каманды павярнулі назад. Пяхота ўзьнялася, зь вялікімі стратамі дакацілася да партызанаў і кінулася на багнэты. Дорага прадавалі сваё жыцьцё партызаны. Валіліся чырвоныя, але гінулі й партызаны. Дапамагчы аніяк. Амаль усю зьнішчылі 1-ю камуністычную роту, мала засталося жывых і ад другое. Але падыходзіла сьвежая трэцяя, ад партызанаў заставаліся бацька ды яшчэ чатырох хутаранцаў. Нарэшце ўпалі й яны. Застаўся адзін бацька: то скоча наперад — праколе багнэтам папярэдняга, раптам, павярнуўшыся кольбаю, пачастуе задняга. Ужо дзясятак ляжыць наўкола яго. Няведама, што б было, каб ня новы камандзір узводу выхапіў наган і стрэліў у сьпіну бацькі. Ён зваліўся, а да яго прыскочылі чырвоныя й пырнулі багнэтамі.

— На коні! — выгукнуў я, заплакаўшы, і мы паімчаліся ў кірунку Лясішчаў, не баючыся ніякай пагоні, бо то была варожая пехата.

Пад Грэск прабрацца мы не маглі. Нас паведамілі, што ўсюды, па вёсках і дарогах, савецкія войскі. І ўвечары кожны паехаў дахаты. Раніцаю я пайшоў касіць сена на Лужок, мяркуючы, на ўсялякі выпадак, схавацца ў хмызьнякох. Але й не заўважыў, як спрытна ўзвод чырвоных аблажыў мяне з крыкамі „Руки вверх! “. Абшукалі. Зброі пры мне не было, бо была ў кустох. Пайшлі на хутар. Там зрабілі павярхоўны трус, але ні абрэзаў, ні гранатаў, якія былі ў падстрэшшах будынкаў, а трохі і ў хаце пад лаваю, у адмысловым схове, не знайшлі.

— Дай, маці, яму ў кайстру яды, бо можа пратрымаюць яго пару дзён на допытах, да суду, — прамовіў да маці памкамузводу.

Яна паклала ў кайстру два кавалкі сала, 4 агуркі й 2 вялікія скібы хлеба. А ў мяне думкі, як бы ўцячы. Толькі быў рады, калі ён сказаў, што бацька моцна паранены, але яшчэ жывы. Падышлі яшчэ чырвонаармейцы, вядучы суседняга хлапчука, які быў малодшы за мяне, але амаль на галаву вышэйшы. Ілюка не знайшлі. Ён залез у човен, заплыў у сітнік і чарот, там начаваў і ў хату не паказваўся. Па дарозе меркаваў уцячы, але памкамузводу схапіў за руку й гэтак сьціснуў, што мне ўваччу пацямнела. А была нагода, бо вялі каля Воўчай Лазы, дзе купіны былі мне па пахі й непралазны хмызьняк, ведамыя толькі нам, хлапчукам. Прывялі ў Кляпчаны на прыгуменьне заможнага гаспадара, дзе стаяла кухня. Пільнаваць нас ужо патрэбы не было, і памкамузводу адпусьціў чырвонаармейцаў свайго аддзелу, якія згаладнелыя засьпяшаліся да кухні, а сам павёў нас у арыштанцкую, якой была, часова прыстасаваная, вялікая варывенька без вакон з высокім парогам, на якім, адчыніўшы дзьверы, сядзеў вартавы. Убачыўшы памкамузводу з арыштаванымі, вартавы хутка ўсхапіўся. Сьпераду ішоў суседні хлопец, а я, малы, за ім ня быў відны. Памкамузводу папхнуў хлапца цераз парог, а я пераступіў парог гэтак, што адна нага і тулава апынулася ў сярэдзіне. Памкамузводу штось сказаў вартавому ды таксама засьпяшаўся на абед. Вартавы зьбіраўся сесьці на парог, але я высунуўся назад. Адна нага была з аднаго боку парога, а другая навонкі, а ў руках торба зь ядою.

— А ты чаго тут? — запытаўся зьдзіўлены вартавы.

— Бацьку есьці прынёс, — адказаў я, вымаючы кавалак сала ды боязна пазіраючы на недалёка адышоўшага памкамузводу. „Каб хаця не пачуў“.

— Ня можна. Ухадзі адсюль…

Памкамузводу, не азіраючыся, падыходзіў да кухні. Я выцягнуў лусту хлеба й працягнуў з салам да вартавога.

— На й табе. Бацьку хопіць яшчэ.

Вартавы ўзяў і хутка пачаў есьці.

— Кінь бацьку ў той кут, — паказаў ён у цемру, — ды сам больш сюды ня прыходзь. Глядзі… ня прыходзь… бо канцы будуць…

— Сынку! — пачуў я слабы бацькаўскі голас, — заўтра нас расстраляюць. Слухай матку ды клапаціся пра Валодзю й сясьцёр. Яны яшчэ малыя. Не давялося выгадаваць... але… На ўсё — воля Божа…

— Ухадзі! — перарваў вартавы.

Я хутка шмыгнуў за варывеньку, а там разораю агароду да бульбоўніка, адтуль канаваю ў кусты. Заскочыў на хутар, разьвітаўся з маткаю й сям’ёю, ды на свайго любімца Сівака й паімчаўся цераз Гнілую Дуброву, незнаёмы хмызьняк у засьценак Навінкі да дзядзькоў.

Там трапіў да Зялёных. Вярнуўшыся пад Слуцак, усчаў помсьціць камісарам і чакістым ды сышоўся зь Якавам Труханам. Калі-нікалі, пераапранёныя ў жаночую вопратку, прыходзілі ў Слуцак для расправы з найбольш заядлымі чакістымі. Каб навязаць сувязь з Случчакамі за мяжою, я з Ілюком, узяўшы вялікія клубкі ваўняных нітак, пайшлі, але на самай мяжы трапілі ў лапы савецкай заставы.

— Куды ідзяцё?

— Да цёткі, вунь у тую вёску, каб зьвязала на зіму свэтары.

— Тут пагранічная мяжа, хадзіць ня можна, а яшчэ кустамі.

Арыштаваных, нас прывезьлі ў Слуцак і ўпіхнулі ў Слуцкую вязьніцу, у камору № 3. На допытах мяне білі, дапытваючыся, дзе логава Зялёных, перабілі каленную чашку, якая зрасталася ў вязьніцы без мэдычнай дапамогі.

Аднойчы прывезьлі ў нашую камору 30 балахоўцаў, якіх захапілі соннымі, а назаўтра ўсіх расстралялі. Я арганізаваў бунт вязьняў усяе турмы, і толькі пасьля двох тыдняў бунт быў задушаны. Я трапіў на 2 тыдні ў халоднае скляпеньне, адкуль мала хто выходзіў жывы. Шмат дапамог мне адзін бандыт, які працаваў у вязьніцы галоўным кухарам, якога баялася ўсё начальства. Цераз год мяне, Ілюка і яшчэ каля 30 вязьняў вялі на расстрэл, але падчас пераходу цераз базарную плошчу вялікі натоўп сялян, які быў арганізаваны Якавам Труханам, накінуўся з усіх бакоў на канвой і дапамог нам уцячы.
 

 
   

 
Менск

У 1924 г. ад Якава Трухана я атрымаў параду ехаць з Ілюком Коберам у Менск і паступаць ува ўнівэрсытэт вучыцца, бо паўстанцам патрэбныя свае людзі ва ўсіх установах. Я меў добрую падрыхтоўку, а менавіта дакумэнт аб сканчэньні 2-е ступені савецкае школы на грунце гімназіяльнай праграмы, а Ілюк не закончыў нават 3-клясавай народнае школы. Узяўшы ў кайстрачкі ежы на тыдзень, мы пайшлі ў далёкую 100-вёрстную дарогу. Адпачываць і начаваць давялося ў лесе, бо ў хату ніхто ня пускаў з боязі перад бандытамі. За першыя суткі прайшлі 80 вёрст, а на другія, зь цяжарам, астатак дарогі. Назаўтра зайшлі да рэктара БДУ Пічэты, каб прыняў нас ува ўнівэрсытэт. Адказаў нам, што гэтым займаецца экзамэнацыйная камісія, а экзамэны адкладзены з прычыны малога наплыву заяў. Мусілі ісьці дадому.

Зімою Ілюк атрымаў паведамленьне, што ён, Ілюк Кобер як батрак, які пасьвіў авечкі ў свае замужняе сястры Куліны Самусэвіч, умоўна прыняты ў БДУ, а пасьля здасьць прыёмны экзамэн. Мяне ж, як зь серадняцкай сям’і, не прынялі. Ілюка як батрака адразу прынялі ў камсамол і далі грамадзкую працу — быць тэхнічным сакратаром камсамольскай ячэйкі пэдфаку. А я ў Цароўцах утварыў гурток СБМ.

— Рабі хутчэй дакумэнты ды прыяжджай, — піша Ілюк ліст.

Я запрасіў цараўскіх сельсаветчыкаў, каб зрабілі мне падзел нашае зямлі, а прыдзеленыя мне 4 дзесяціны перадаў у сельраду. Яны выдаюць мне дакумэнт, што я пралетар і ніякай уласнасьці ня маю.

— Як што будзе трэба, пішы да нас. Дапаможам, — прамовілі разьвітваючыся.

Таго ж дня пад вечар, ідучы з Слуцку, заглянуў да нас іграеўскі хлапец Гараська, якому часта дапамагалі мы харчамі як найбяднейшай іграеўскай сям’і, за што ўлетку ён прыходзіў адрабляць. Пасадзілі за стол. Даведаўшыся, чаму я не вучуся, ён зараз жа дастае з кішэні паперу, аловак і пячатку, кажучы, што ён старшыня камбеду, ды піша мне дакумэнт, што я батрак, працаваў у пана, прозьвішча якога прыдумаў.

З гэтымі дакумэнтамі ды яшчэ пры вялікай дапамозе Ілюка мне пашчасьціла паступіць у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, на літаратурна-лінгвістычны аддзел пэдагагічнага факультэту. Тады, у 1925 г., пачалася мая нацдэмаўская праца. Акадэмікі-моваведы мелі з мною частыя гутаркі.

— Яцэвіч, цябе запрашае дзядзька Дружчыц. (У той час студэнты называлі прафэсараў дзядзькамі, а яны студэнтаў — сябрамі). Заходжу ў кабінэт, апавядаю якія-небудзь прымаўкі, а дзядзька Дружчыц запісвае. І не было таго дня, каб не даводзілася мне жупіць, калі ня з Дружчыцам, то са Шчакаціхіным, Лёсікам, Смолічам, Піятуховічам, Воўк-Левановічам, Ігнатоўскім, Барычэўскім, Бузуком, Багдановічам, Сербавым, Васілеўскім, Вазьнясенскім і, нават, з Замоціным, а таксама яшчэ зь нядаўным антысавецкім ваякам дацэнтам Бабарэкам. Ім падабалася мова случчакоў, і яны запісвалі больш-менш трапныя словы, каб потым іх выкарыстаць для беларускага слоўніка. Яны вельмі цікавіліся эпізодамі Слуцкага змаганьня, пра якое савецкая прэса не пісала.

У 1926 г. адбыўся працэс Юркі Лістапада, які моцна ўзьняў нацыянальны дух моладзі, асабліва студэнтаў. Там жа я пабачыў і савецкага агента, „сэксота“, чарнявага хлапца, жыхара вёскі Сыцавічы, які па заданьні слуцкага Г.П.У. прынёс із Сыцавіч нейкія абвінавачваньні на Лістапада, былога героя Слуцкага змаганьня супроць злыдняў, маскоўскіх імпэрыялістаў. Кожная прамова Лістапада выклікала гучны выбух аплядысмэнтаў, даводзячы агентаў Г.П.У. да вар’яцтва, тым больш што білеты на ўваход у залю выдаваліся толькі сваім людзям. Аплядавалі ж ня толькі беспартыйныя, а й камсамольцы, за што потым атрымлівалі „вымовы“.

Меў сувязь я й зь Зялёнымі праз сувязнога Шырына з аддзелу Якава Тру хана. Выконваў і грамадзкую працу, дадзеную прафкамам. Вучыў групы малапісьменных рабочых, а гэтым набыў сабе й настаўніцкую практыку, паміж іншым. Перад тым як паступіць ва ўнівэрсытэт, я выслаў у рэдакцыю газэты „Зьвязда“ каля тысячы напісаных раней вершаў з тэматыкай „каханьне“, а галоўным чынам „змаганьне Случчакоў і Зялёных супраць савецкай улады й камісараў-жыдоў“. Тагды я, як і многія, яшчэ не разумеў значэньня „савецкай свабоды слова“. Будучы студэнтам, аднойчы пасьля лекцыяў, заглянуў у рэдакцыю газэты „Зьвязда“, каб даведацца, чаму не друкуюць маіх вершаў. Галоўным рэдактарам у той час быў Міхась Чарот. Ён быў моцна заняты й нікога не прымаў. Я, як пралетар, пачаў крычаць. Чарот выйшаў з свайго габінэту даведацца, у чым справа. Зірнуў на мяне. Я быў апрануты ў саматканы, пашыты для случчакоў, ваўняны фрэнч і порткі галіфэ. Вышываная сарочка, боты й заячая шапка-вушанка дапаўнялі маё ўбраньне. Даведаўшыся, у чым справа, ён зараз жа запрасіў мяне да сябе. Упэўніўшыся, што вершы былі напісаны мною, ён выцягнуў шуфляду з патаемнага сховішча, дастаў іх ды кажа:

— Вазьмі й спалі іх. Нікому не паказвай, бо за іх арыштуюць і загінеш. А ты ж малады й здольны. Шкада мне цябе.

Чарот выйшаў на двор, паглядзеў наўкола, нікога няма, і выпусьціў мяне з рэдакцыі. Вось гэта я буду век помніць. Камуніст, якіх я ненавідзеў, але шчыры беларус, які пашкадаваў мяне.

Атрымліваў я стыпэндыю — 17 рублёў у месяц, зь якіх 12 вылічвалі за абеды, 1 рубель на выпіску газэты „Правда“ або „Известия“, 1 рубель на МОПР і сяброўскія ўзносы, а засталыя 3 рублі выдавалі на рукі для куплі хлеба, цукру, солі й інш. Лазьня й інтэрнат былі дармовыя. Жылі ўпрогаладзь і былі абарваныя, а таму летнім адпачынкам я пайшоў на чорную работу — капаць канавы. Па сканчэньні работ я атрымаў, апрача грошаў, даведку як чорнарабочы ды заадно й характарыстыку пра сумленнае выкананьне работы.

У 1927 г. шырака разгарнулася нацыянальна-дэмакратычная праца. Будучы курсавым культ-рэфэрэнтам ад прафкаму, арганізаваў гурток „Сіняй Блюзы“.

Пачаліся арышты. З студэнтаў першаю ахвярай быў вельмі здольны студэнт 2-га курсу літаратурна-лінгвістычнага аддзелу сябра Крывіцкі. Насоўвалася пагроза арышту й мяне, а таму дома не начую. Раней напісаныя каля паўтысячы вершаў закапваю ў шкляной банцы пад суседавым плотам, каб потым перадаць для друку за мяжу. Каб мець рабочыя дакумэнты, іду на будаўніцтва спачатку абутковай фабрыкі, затым унівэрсытэцкага гарадку. Лекцыі слухаю толькі падчас абедзенага перапынку. Атрымаўшы характарыстыкі з будаўнічых работ, як сумленны працаўнік і „ўдарнік“, паступаю на працу ў мэханічны аддзел вагонарамонтнага заводу „Полымя Рэвалюцыі “, адтуль, каб мець дакумэнты сярэдняе асьветы, паступаю на 2-гі курс электратэхнічнага аддзелу Вячэрняга рабочага ўнівэрсытэту, куды прыймалі выключна толькі рабочых. Цяпер, маючы ў кішэні 2 добрыя дакумэнты: школьны сьведчыў пра маё пралетарскае паходжаньне, а завадзкі даваў права хадзіць па шпалах, што я й рабіў, каб ня трапіць на вуліцы ў вочы тым, ад каго стараўся ўнікнуць. Таксама меў права ехаць прыгароднім цягніком. Я адчуваў сябе больш-менш бясьпечна на выпадак уцёкаў зь Менску.
 

 
   

 
Туляньні

У 1930 г. адбылося раскулачваньне нашых хутаранцаў. Арыштавалі матку, брата Валодзю, сясьцёр Ліду й Любу. Пачынаюцца пошукі мяне на арышт. Апасаючыся, што Дз.П.У. дзесь у архіве можа знайсьці маю ранейшую 1921 г. справу й прысуд на расстрэл, ды ўцёкі, калі мяне вялі са Слуцкай вязьніцы, я стараўся не патрапляцца на вока чакістам, а таму, як рабочы, хадзіў выпацканы ў мазуту па шпалах і не начаваў дома.

Некалькі начэй прыяжджалі чакісты па мяне ды, не застаўшы дома, зьявіліся у Б.Дз.У й выклікалі ў дэканат. Чаго? Я здагадаўся, бо выкліканага перад гэтым студэнта мы больш ня ўбачылі. Я зараз жа заскочыў у прыбіральню, адтуль праз вакно на вуліцу, цераз плот на шпалы, у прыгарадны цягнік, ад’ехаў колькі астановак, купіў білет на звычайны да Батуму, бліжэй да турэцкае мяжы. У Харкаве была перасадка, чакаць трэба было да начы. За паўгадзіны да цягніка адбылася аблава, і [мне ўдалося ўцячы] толькі дзякуючы беспрытульнікам, якія выключылі сьвятло ды пабеглі. Я за імі ў невялічкую бакоўку, зь якое праз маленькае вакенца вылазілі навонкі ды памагалі вылезьці й мне. Назаўтра даехаў да Ўладзікаўказу. Вылез з вагону й вырашыў ісьці пехатой па Ваенна-Грузінскай дарозе да Тыфлісу. Прайшоў 110 кілёмэтраў. Змарыўся й пару дзён адпачываў у тыфліскім парку ды паехаў у Батум. Перабрацца за мяжу не ўдалося, ледзь „ня ўліп“. Успомніў дзедаву параду й паехаў на Кубань. У Краснадары запісаўся на завод па вырабу цьвікоў, атрымаў хлебныя карткі на тыдзень. Купіў хлебу й адразу амаль палову зьеў, а з рэштай уцёк у Ціхарэцкую станіцу. Паступіў на работу ў паравозарамонтны завод, адкуль як кубанскі казак завэрбаваўся на працу ў Данбас, на будову Зугрэсу (Зуеўская электрычная станцыя). Працаваць тут доўга не давялося, бо прыйшоў у рабочкам запрос: ці ня маецца ў іхных сьпісах рабочага Аляксандра Яцэвіча, беларуса са Случчыны? Старшыня рабочкаму, мой добры сябра, выклікаў мяне й паказаў „запрос“. Паколькі, згодна ўсім маім дакумэнтам, я быў кубанскі казак, дык рабочкам Зугрэсу адказаў, што такога няма. Не чакаючы вынікаў далейшае перапіскі, атрымаўшы добрую характарыстыку па рабоце, 11 студзеня 1932 г. я, як кубанскі казак, трапляю ў 34-й Казачы полк 6-й Чонгарскай дывізіі, конную справу я ведаў зь дзяцінства, а таму вельмі любіў джыгітоўку. Там я праслужыў як курсант-аднагадзічнік да 19 лістапада 1932 г. Дэмабілізаваны як сярэдні камандзір запасу (лейтэнант).

Пераехаўшы ў Менск, праходжу па Захараўскай (цяпер Савецкай) вуліцы паўз будынак НКВД. Вартавыя салютуюць мне, бачна, кубанская папаха й камандзірская хворма маюць нейкае значэньне. Пасьмялеў і вырашыў ехаць на Случчыну, зірнуць на свой хутар. Прыехаў — будынкаў няма. З-за кустоў выскачыў вартавы, адказырнуў маёй камандзірскае хворме й запытаў пропуск, безь якога хадзіць тут пабочным асобам забаронена, бо гэта ваенны палігон. Я хутка варочаюся ў Менск.

У пошуках працы іду ў гарана. Працы няма, нават вячэрняе па ліквідацыі непісьменнасьці. Не дапамагла й вайсковая хворма. Па знаёмстве трапіў на мясакамбінат, дзе заарганізаваў спачатку групу, асабліва зь дзяўчат, якіх прываблівала мая ахвіцэрская хворма, а краснабайства захоплівала. І за месяц была ўтворана вялікая 2-зьменная школа з трыма настаўнікамі. Аплата за навучэньне ішла не ад гарана, але ад Наркамату харчовай прамысловасьці.

У 1934 г., не жадаючы мець бліжэйшае знаёмства з НКВД, выяжджаю ў Кіеў. На маё шчасьце, у Кіеве ў гэты час праводзіўся набор на Ўсесаюзныя курсы хэмікаў, дзякуючы дакумэнту Рабочага ўнівэрсытэту лёгка ўладкаваўся. Атрымаў даволі добрую стыпэндыю. Хэмію й мікрабіялёгію вывучаем у прыгожых лябараторыях Кіеўскага цукровага інстытуту на Саламянцы, а іншыя прадметы па вуліцы Караленкі. Ледзь пасьпеў кончыць курсы й атрымаць пасьведчаньне, як у паштовай скрынцы ўбачыў выклік у НКВД. Паклаўшы яго назад у скрынку, я пакідаю Кіеў.

Зноў у Менску. Па знаёмстве ўладкаваўся на працу на дражджавы завод у якасьці зьменнага інжынэра. Адначасова працую асьпірантам, а потым дацэнтам па літаратуры ў БДУ. Працу даводзілася вельмі часта зьмяняць… 31 жніўня 1937 г. маю прызначэньне дырэктарам 14-й сярэдняй школы дарослых, адначасна працую ў завочным сэктары пэдвучылішча, а таксама ў Інстытуце гаспадарнікаў.

Зноў выклік у НКВД і ўцёкі на Каўказ, затым — Нальчык. 24 чэрвеня 1938 г. пераход церазь Бячоўскі перавал. Сочы, Сухумі, начлег у кустох ды зноў паварот у Менск. Рэгістрацыя ў ваенкамаце, 12-дзённы практычны збор, а ў хуткім часе пасылка на 60-дзённы збор КУКЗ (Курсы учэбнага каманднага запасу) у Навачаркаску. Атрымліваю званьне сотніка. Дэмабілізуюць камандзірам запасу. Сувязі са школамі ня трачу, лічуся й настаўнікам і падчас ваеннай службы атрымліваю зарплату.

16 сьнежня 1940 г. мабілізуюся ў 69-ты разьведчы батальён. Зноў дэмабілізуюць, але ў хуткім часе — студзень 1941 г., прызначаюць у 145-ы казачы полк 4-ай Данской казачай дывізіі. Мая сотня складаецца з чачэнцаў, інгушаў, лязгінаў ды іншых каўкаскіх народаў, якія люта ненавідзяць маскоўскіх парабаціцеляў і царскіх, і савецкіх часоў. Маючы гэткую сотню, я адчуваю сябе ў поўнай бясьпецы ад любога НКВД, а карнікі нават не паткнулі б носа да нас. Дывізія стаяла недалёка ад Асіпавіч, дзе мне часта даводзілася бываць на пошце, каб атрымаць вопісныя на мой псэўдонім лісты ад Зялёных. Ад атамана Якава Трухана дастаў паведамленьне, што ў xуткім часе адбудзецца другая сусьветная вайна.

— Час помсты набліжаецца, — пісаў ён. — Досыць нацярпеліся зьдзекаў.
 

 
   

 
Вайна

Надышла сусьветная вайна. Беларусы, асабліва сялянства, з хлебам і сольлю спаткалі немцаў, радыя, што пазбавіліся маскоўскай крывавай дэспатыі. Калгасьнікі зараз жа пачалі дзяліць калгаснае дабро ды выдзельваць свае былыя вузкія палеткі. Іхныя жаданьні перайсьці на хутарызацыю мусілі адкласьціся да канца ваенных падзеяў.

На вялікую радасьць случчакоў Астроўскі быў прызначаны намесьнікам Менскае акругі. Будучы ўмелым дыпляматам, ён спрытна выкарыстоўваў свае сувязі зь немцамі й шмат дапамагаў у бядзе сялянам.

Я таксама зьявіўся да Астроўскага, якога ведаў яшчэ ад 4 верасьня 1917 г., калі ягоным стараньнем была адчынена ў Слуцку першая беларуская гімназія. Яго я ледзь пазнаў, бо калісь ён меў вусы, а цяпер быў чыста голены. Пасьля некаторай гутаркі ён запрапанаваў мне вельмі матар’яльна выгадную працу, а менавіта быць кіраўніком аддзелу па забесьпячэньні прадуктамі гораду Менску. Але я адмовіўся, грунтуючыся, што ня маю такое кваліфікацыі, адмовіўся я быць і Старшынёю Раённае ўправы. Нарэшце, Астроўскі згадзіўся накіраваць мяне на працу школьнага інспэктара, але перад гэтым я мушу паехаць у Смалявічы да Старшыні Раённай управы беларуса з Варшавы Пятровіча, якому трэба дапамагчы арганізаваць Раённую ўправу. Еду ў Смалявічы.

Падчас абмяркоўваньня справы арганізацыі раённай управы да Пятровіча зьявіўся ўцякач з савецкай высылкі — Палягошка, з просьбаю матар’яльнай дапамогі. Пятровіч зьвярнуўся да мяне за парадаю. Перагаварыўшы з Палягошкам і даведаўшыся, што ён знаёмы з адміністрацыйнаю працаю, я зараз жа вызначаю яго на Заступніка Старшыні Раённай управы, а заадно і ў якасьці Кіраўніка Зямельным аддзелам, Беразоўскага — Кіраўніком Тэхнічнага аддзелу, куды ўваходзілі млыны й рыбная прамысловасьць. Раённая ўправа пачала нармальна працаваць, а я заняўся школьнай працай. Выклікаў настаўнікаў, прызначыў на школы, выдзеліў аднаго зь іх інспэктарам ды выехаў назад у Менск да Астроўскага.

Быць акруговым школьным інспэктарам я адмаўляюся, і Астроўскі накіроўвае мяне 21 верасьня І941 г. як школьнага інспэктара народных школ у Радашкаўскі раён, дзе хутка адчыняю 50 народных школ, 4 гімназіі, у Радашкавічах, Ракаве, Дуброве й Алёхнавічах, а таксама завочныя пэдагагічныя курсы, куды падабраў моцны пэдагагічны склад, запрасіўшы найлепшых настаўнікаў як з Заходняй Беларусі, так і зь Менску.

Накіроўваюся з паведамленьнем пра вынікі працы ў Галоўны школьны інспэктарыят. Ні ў адным раёне розных акруг яшчэ столькі школ не працавала, і я быў вельмі цёпла спатканы інспэктарамі Пратасевічам, Чайкам і Дзятлавым. Яны былі вельмі зьдзіўленыя шырока разгорнутай працаю, але адначасна сказалі, што немцы не дазваляюць у раёне адчыняць гімназій, а можна ў акрузе і то толькі адну. Але паколькі Радашкавічы належалі да Вялейскае акругі, а там гімназіі яшчэ не было, то Радашкаўскую можна лічыць як гімназію Вялейскай акругі зь месцазнаходжаньнем у Радашкавічах. Я зараз жа перарабіў рапарт, назваў гімназіі Беларускімі адукацыйнымі курсамі з гімназіяльнаю праграмаю, па заканчэньні якіх курсанты маглі экстэрнам здаць экзамэны за курс гімназіі й атрымаць пасьведкі.

— Дыплямат, — сказаў Пратасевіч і накіраваў да Гадлеўскага.

Нягледзячы на вялікія крыўды, якія пасьля рэвалюцыі панесьлі беларусы ад жыдоў, прыхільнікаў крывавага маскоўскага камунізму, пралезшых у камісары ды на розныя палітычныя кіраўнічыя ўстановы, што давала магчымасьць безадказна рабаваць беларускі народ і расстрэльваць незадаволеных савецкай палітыкай, мне давялося пры немцах, рызыкуючы сваім жыцьцём, уратаваць некалькі жыдоў ад сьмерці.

Па выхадзе з Галоўнага школьнага інспэктарыяту, я спаткаў жыдовачку 10-й клясы Серабранскай школы, у памяшканьні якой калісь мною была арганізаваная Вячэрняя 10-годка. Яна падбегла да мяне й пачала прасіць, каб узяў да сябе на работу й заплакала. Я яе забраў. Маючы пропуск, праехаў цераз жыдоўскае гета, выпісаў ёй дакумэнты, назваўшы Зінаю Яблонскай, трохі падучыў друкаваць на машынцы ды пакінуў пры Радашкаўскім школьным інспэктарыяце ў якасьці сакратаркі.

Праз тыдзень да мяне зьявіўся з хвальшывымі дакумэнтамі на імя Радкевіча жыд з патрабаваньнем настаўніцкае працы ў Радашкавічах. Убачыўшы яго, Зіна хутка адвярнулася, схілілася над сталом ды, прыкрываючы рукою твар, штурханула мяне нагою, даючы засьцярогу. Паколькі школы ў Радашковічах былі поўнасьцю ўкамплектаваны, я запрапанаваў яму прыйсьці заўтра, магчыма, знойдзецца што-небудзь на пэрыфэрыі. Ён выйшаў.

— Ня прыймайця яго, гэта тэрарыст і прыйшоў Вас зьнішчыць. Яго я ведаю яшчэ са школы, калі ён, будучы працаўніком райкаму камсамолу, прыходзіў у нашую школу. Цяпер жа ён пазасталы НКВД у Менску дзеля дывэрсійнай працы. Маючы адпаведныя дакумэнты ды гамонячы па-нямецку, пэўна, выдае сябе за фольксдойча й арганізоўвае жыдоўскі тэрарызм. Вы мяне выратавалі ад сьмерці, і я Вам жадаю дабра.

Гэтае ж ночы ён прывеў у Радашкавічы чырвоных партызанаў. Забілі немца, забралі прадукты ды зьніклі ў лесе. Зіну, па яе просьбе, я накіраваў у школу дальняй вёскі. А праз пару дзён зьявіліся да мяне нямецкія СС, шукаючы жыдоўку, што працуе пры раённым школьным інспэктарыяце. Паколькі такое прозьвішча ў раённай управе ніхто ня ведаў, а ў маёй картатэцы не было, то эсэсаўцы, перапрасіўшы мяне, ад’ехалі. Я адразу дагадаўся, што гэтыя тэрарыстыя, пры дапамозе сваіх людзей пры акруговым камісары, рабілі правакацыйныя даносы, каб нямецкімі рукамі зьнішчаць беларусаў.

Не мінула й тыдня, як да мяне зьявіўся малады жыдок Бэрка (Барыс). Паколькі працы ў Радашкавічах дастаць было нельга, то ён зараз жа накіраваўся ў м. Ракаў, дзе ў вельмі хуткім часе арганізаваў страўню, куды лепшую, чым наша раённая. Ён меў усялякага гатунку мясныя стравы, розныя прысмакі й дарагія віны, чаго й немцы ня мелі. Падчас майго наведваньня ракаўскае школы, Барыс запрасіў мяне ў сваю страўню, частаваў тым, чаго я ў сваім жыцьці ня бачыў, ды папрасіў, каб я, ад імя Беларускай раённай самапомачы, прыняў гэтую страўню, яго прызначыў дырэктарам страўні, а кухара й разносчыцу — працаўнікамі кухні. Ягоную просьбу я выканаў.

Назаўтра падчас абеду ён папрасіў мяне прыняць у памочнікі кухара яшчэ аднаго добрага хлапца. Паколькі завочна я нікога на работу ня прымаў, то загадаў, каб той хлапец зьявіўся да мяне з дакумэнтамі: пашпартам, прафсаюзным і ваенным білетам.

Вызваны хлопец хутка зьявіўся з дакумэнтамі. Яшчэ, калі ён, будучы знадворку, праходзіў каля вакон страўні ды кінуў кароткі позірк у вакно, я адразу пазнаў, што гэта былы савецкі лейтэнант, а цяпер савецкі партызан. Пераглядаючы ягоныя дакумэнты, я заўважыў, што ў пашпарце запісана дата ягонага перабываньня ў адным раёне, а ў прафсаюзным білеце пад гэтай жа датай зазначана месца ягонае працы ў другім раёне — добры доказ для „алібі“, калі патрапіцца ў рукі паліцыі.

Не падаючы выгляду, што ён расшыфраваны, я паказваю яму гэтыя даты й месцы ды пытаю, як мог ён быць у той самы дзень у 2-х розных месцах далёкай адлегласьці. Ён разгубіўся. Я аддаю назад дакумэнты й кажу:

— Другі раз прынясі адпаведныя дакумэнты, і я цябе прыму на працу ў кухню.

Але больш я яго ня бачыў.

Ды не дараваў мне гэтага Барыс. Цікавячыся настаўніцкім складам Ракаўскае школы, ён даведаўся, што там працуе ў якасьці настаўніцы жыдоўка, якая, яшчэ зь дзяцінства асірацеўшы, была перахрышчана ў каталічку, вывучылася на настаўніцу й мною была зацьверджана ў якасьці настаўніцы малодшых клясаў у Ракаўскай школе.

Зноў заяўка на мяне, што перахоўваю жыдоў. Будучы своечасова папярэджаны ракаўскімі беларусамі-паліцаямі, якія мяне вельмі паважалі, я звальняю гэтую настаўніцу задняю датаю, згодна ейнае просьбы з прычыны пераходу на іншую працу, паведамляю Дырэктара школы Багданкевіча, які таксама звальняе яе згодна майго загаду задняю датаю ды, забясьпечыўшы яе прадуктамі й вопраткай, дае магчымасьць схавацца ў лесе.

Эсэсаўцы, праверыўшы дакладнасьць загадаў і не знайшоўшы гэтае настаўніцы ў памешканьні Ракаўскага школьнага будынку, выехалі, не закрануўшы мяне.

Ратаваў жыдоў і школьны інспэктар Заслаўскага раёну, але, ня маючы ніякіх апраўдальных дакумэнтаў, быў арыштаваны й нямецкімі эсдоўцамі павешаны.

Надышоў 1942–43 навучальны год. Галоўны інспэктар ксёндз Гадлеўскі накіроўвае мяне на пасаду акруговага школьнага інспэктара ў Вялейку, ад чаго я адмаўляюся й атрымліваю ад яго вымову. Пасьля гэтага ён накіроўвае мяне ў Ліду таксама на пасаду акруговага школьнага інспэктара. Я зноў адмаўляюся й атрымліваю накіраваньне ў Васілішкаўскі раён, гняздо польскіх партызан-тэрарыстаў на месца забітага імі раённага школьнага інспэктара. На гэта накіраваньне я згадзіўся.

У Ліду на пасаду акруговага школьнага інспэктара быў накіраваны Нікандар Мядзейка, які доўга ў Лідзе не пабыў, а, ратуючы ад польскіх тэрарыстаў сваё жыцьцё, вярнуўся назад у Менск, а на ягонае месца быў прысланы палкоўнік Мікола Дзямідаў, шчыры беларускі патрыёта.

Едучы ў Васілішкі, я даведаўся, што на мяне як на беларускага школьнага інспэктара ўжо быў вынесены польскімі тэрарыстамі сьмяротны прысуд, але вярнуцца назад я не захацеў.

Назаўтра ў школьны інспэктарат прыйшла сакратарка, якую польскія тэрарысты не забілі таму, што яна перапісалася зь беларускі на польку. Будучы шчырай беларускай, яна пад вялікім сакрэтам, рызыкуючы сваім жыцьцём, расказала пра небясьпеку заставацца мне ў Васілішках.

Сабраныя мною на нараду былыя польскія настаўніцы адразу адчулі маю вышэйшую адукацыю ды, зьдзіўленыя маімі далікатнымі да іх паводзінамі, былі так захопленыя мною, што гэта, як я потым даведаўся, выратавала і маё жыцьцё, і маіх настаўнікаў.

Заставацца на колькі дзён у Васілішках, зразумеўшы вялікую для мяне небясьпеку, я не захацеў і назаўтра раніцою зьехаў у Менск. Паведаміўшы ў Галоўным школьным інспэктараце пра небясьпеку працы ў Васілішках, я сказаў, што варочаюся ў Васілішкі, але забраўшы з сабою некалькі адчайных беларускіх патрыётаў-настаўнікаў.

Настаўнікаў я мог узяць толькі надзейных, ведамых мне, а таму я вырашыў ехаць у Ракаў. Паколькі трэба будзе павесьці ня толькі настаўніцкую, але шырока-культурную працу, я мусіў мець і сьпевакоў, і дэкляматараў, а таму й выбраў Жэню Коўшыкаву, салістку, якая сваімі сьпевам захоплівала аўдыторыю, дысканта Туранка й Ч. — добрага баяніста. Усе яны былі вельмі моцныя падсавецкія настаўнікі, якім прызначаліся галоўныя прадметы, на другарадныя прадметы ўзялі былых курсантаў арганізаванага мною завочнага пэдвучылішча: братоў Рагойшаў, Хведара Мазуру і Ўладзімера Курылу. Я папярэдзіў усіх, што едзем, магчыма на сьмерць, каб працаваць на нацыянальнай беларускай глебе, на мой зьдзіў, усе з энтузіязмам згадзіліся. Заўтра мусім выехаць дзьвюма хурманкамі на менскую чыгунку.

У гэты час Барыс (Бэрка), даведаўшыся, што я знаходжуся ў Ракаве, сьпяшаецца з даносам на мяне да акруговага камісара ў Вялейку, які высылае ў Ракаў начальніка жандармэрыі й загад Ракаўскай паліцыі арыштаваць мяне. Беларускія паліцаі за маю актыўную нацыянальную працу вельмі паважалі мяне, і заступнік начальніка Ракаўскай паліцыі, як толькі атрымаў гэты загад, зараз жа, часова захаваўшы яго „пад сукно“, пабег паведаміць мяне пра нейкую небясьпеку, прапануючы, каб я сягоньня выехаў назад у Радашковічы, бо заўтра адбудзецца аблава на мяне.

Я, маючы наступнай раніцы ледзь золак ехаць з настаўнікамі да менскай чыгункі, адмовіўся ад ягонай прапановы. Тады заст. нач. Ракаўскай паліцыі запрапанаваў мне, паколькі Ракаў будзе акружаны паліцаямі й жандарамі, каб я ішоў не дарогаю, а сьцежкаю да кустоў правей дарогі. Там ён будзе правяраць усіх, хто йдзе, і мяне прапусьціць. Я гэтак і зрабіў, а потым мы ўсе злучыліся каля нашых хурманак і даехалі да Менску, адкуль цягніком да Ліды, а потым хурманкамі да Васілішак.

Прывезеных настаўнікаў прызначыў у адчыненую школу ў Васілішках. У школу ў Бярозаўцы прызначыў мясцовага настаўніка беларуса Левановіча. Адначасна ў Васілішках арганізаваў хор, драматычны гурток і скокі „Лявоніхі“ й гурток дэклямацыі.

Польскія тэрарысты нас не чапалі таму, як я даведаўся ад аднаго ўрадоўца з раёну, які таксама належыў да тэрарыстаў, што мае былыя настаўніцы-полькі былі захопленыя маім абыходжаньнем зь імі настолькі, што сваім мужам, начальнікам тэрарыстаў, „горла перагрызьлі б“, калі які-небудзь тэрарыст зачапіў бы каго з нас.

Прысланыя зь Менску ў Васілішкі Саковіч і Маракоў доўга не пажылі. Польскія тэрарыстыя сачылі за кожным іхным крокам. Аднойчы мы вырашылі наведаць лекарку Новік, якая жыла ў некалькіх кілямэтрах ад Васілішак і якую я ведаў яшчэ са Случчыны.

Тэрарысты, ведаючы, куды мае ехаць Саковіч, уладзілі пры дарозе ў кустах засадку. Паколькі дарога рабіла вялікую дугу, Саковіч з Мараковым зьлезьлі з возу й пайшлі напрасьцякі полем, а хурман паехаў дарогаю. Засадка тэрарыстаў засталася на кіламэтар збоку. Я прыехаў, трохі спазьніўшыся. Пачастунак пачаўся. Сеў каля Саковіча.

— Нас сюды зь Менску накіравалі на высылку, — прамовіў Саковіч. — Я прадчуваю блізкую сьмерць.

Сваю хурманку я таксама адпусьціў, і мы пайшлі дадому пешкі. Нас чакалі аж дзьве засадкі. Але, бачна, не надышоў яшчэ час сьмерці. Пачаў крапіць дождж ды ў хуткім часе перайшоў у лівень. Назад варочацца далекавата. Направа за паўкілёмэтра хутар. Пабеглі да яго, каб захавацца пад дах. У хату не пайшлі, сталі каля сьцяны. Дождж пачаў за паўгадзіны сунімацца. Запыталі ў гаспадара, як бліжэй дабрацца да Васілішак.

— Назад ісьці — гэта далёка, — кажа ён. — Ідзеце за прыгуменьне й там сьцежкаю дойдзеце да другое дарогі, якой хутка трапіце ў Васілішкі.

Яго мы паслухалі й нечакана абмінулі аж дзьве засадкі. У Васілішках мая кватэра была бліжэйшая, і я пабег пераапрануцца ў сухое, каб потым пайсьці да іх на шклянку гарбаты. Не пасьпеў я пераадзецца, як данесьліся два стрэлы, а потым яшчэ два. Я выскачыў з хаты.

— Там... там, — крычыць з балькону свае кватэры Хведар Мазура, паказваючы рукою кірунак.

Бягу ў тым напрамку. Пасярод вуліцы ляжаць забітыя Саковіч і Маракоў. Так бясчасна загінулі ад рук польскіх тэрарыстаў два адважныя шчырыя беларускія патрыёты.

У хуткім часе польскія тэрарысты забілі едучага дарогаю старшыню Жалудоцкай раённай управы сп. Тогця, а потым цэлым батальёнам напалі на бункер беларускіх паліцаяў, перабілі паліцаяў і нямецкіх жандараў, заскочылі ў раённы школьны інспэктарат, застрэлілі інспэктара й сакратара ды адышлі ў лес.

Я атрымліваю ад акруговага школьнага інспэктара М. Дзямідава прапанову прыняць Жалудоцкі школьны інспэктарат, што я й раблю. Пераяжджаю ў Скрыбава, адкуль лягчэй кіраваць двума інспэктаратамі. Даведваюся, што тут дзейнічаюць польскія тэрарысты іншага партызанскага батальёну. Чакаю іхных адведзінаў.

Добра ведаў іхны мэтад тэрору: едуць удвох на самакатах, заходзяць да інспэктара ці іншага ўрадоўца, першы працягвае ліст, інспэктар працягвае руку, каб узяць гэты ліст, тады задні тэрарыст страляе, інспэктар падае, другі стрэл у галаву — і тэрарысты ўмомант уцякаюць.

Мой інспэктарат знаходзіўся на другім паверсе Скрыбаўскай школы, і ў вакно відаць былі ўсе дарогі, таму я бачыў, калі ехалі да мяне тэрарысты. Будучы падрыхтаваным, я ліст ніколі ня браў, казаў пакласьці на стол ды, трымаючы зброю напагатове, сачыў за кожным іхным рухам. У пачакальні яны не заставаліся, уцякалі.

Неўзабаве забілі Шчучынскага раённага школьнага інспэктара Станкевіча й дзьвюх маладых менскіх настаўніц, якія нават не пасьпелі і пераначаваць у Шчучыне. Польскія тэрарысты вывелі іх із Шчучына, згвалцілі разьдзетых у канаве, выразалі грудзі дый застрэлілі.

Ад акруговага інспэктара М. Дзямідава маю новую прапанову прыняць Шчучынскі раённы інспэктарат.

Але перад гэтым мушу дадаць некалькі слоў пра беларусізацыю, праведзеную мною ў Васілішках. Пасьля забойства Саковіча й Маракова на мейсца Старшыні раённай управы ў Васілішкі быў прысланы зь Вільні Лабецкі. Знаёмячы яго з урадоўцамі Ўправы, я запатрабаваў зараз жа замяніць польскія вывескі на беларускія ды ўсю перапіску праводзіць толькі па-беларуску. Пакольку з урадоўцаў Управы ніхто ня ўмеў пісаць па-беларуску, мусілі прыняць на працу ў раённую ўправу некалькі беларусаў, а менавіта: С. Розмысла, М. Грэбеня й аднаго зь вёскі Бярозаўка (імя ня памятаю), а для астатніх арганізаваў курс беларускай мовы, які вяла Коўшыкава пасьля працы. Аднаму ўрадоўцу за адмову навучацца па-беларуску я запрапанаваў звольніцца з раённае ўправы.

Кіраўніком Беларускай самапомачы прызначыў маладога актыўнага беларуса Жука, дадаўшы яму ў дапамогу ў якасьці сакратаркі Валю Ўліту, а яе сяброўку Лену Пышынскую ўзяў у школьны інспэктарат у якасьці сакратаркі.

Добра разумеючы, што найбольшай небясьпекай для мяне зьяўляецца васілішкаўская паліцыя, а я ўжо дакладна ведаў, што й Начальнік і паліцаі былі заядлымі польскімі тэрарыстамі, мне трэба было мець і сярод іх „свае вочы й вушы“. Начальнік паліцыі, атрымаўшы загад весьці перапіску па-беларуску, зараз жа зьвярнуўся да мяне з пытаньнем, што рабіць. Я параіў яму прыняць двух хлапцоў, якія ведаюць беларускую мову, на што ён згадзіўся. На другі дзень я падаслаў яму двух шчырых беларусаў, зь якімі дамовіўся, каб на выпадак небясьпекі для мяне ў гутарцы ужыць спэцыяльнае слова, нібы ў войску, „пароль“.

Паміж іншым, у міжчасе, адзін з урадоўцаў, бухгальтар Грушэўскі паведаміў Старшыню ўправы Лабецкага, што ён не паляк, а беларус. Лабецкі зараз жа прызначыў яго сваім заступнікам. Але нядоўга давялося яму папрацаваць у якасьці заступніка старшыні. Уначы польскія тэрарысты ўламаліся ў ягоную хату й на вачох жонкі й дочкі застрэлілі, а жанок, запісаных полькамі, не зачапілі, толькі сувора наказалі „маўчаць“. Толькі пасьля ад сваіх хлапцоў-паліцаяў я даведаўся, што ў забойстве прымаў удзел сам начальнік паліцыі. Беларусаў жа ў гэтую акцыю начальнік паліцыі ня браў. Гэтае ж начы тыя самыя тэрарысты прабавалі выламаць дзьверы ў Старшыні Лабецкага, але не ўдалося, і Лабецкі застаўся жывы. Другое начы начальнік паліцыі са сваімі галаварэзамі ўзяў паліцаяў-беларусаў, якім загадаў сказаць мне, каб я адчыніў дзьверы. У гутарцы, каб я адчыніў дзьзеры, хлопцы ўжылі ўказаны „пароль“, і я дзьвярэй не адчыніў. Дзьверы былі моцныя дубовыя й выламаць іх было нельга, а ў вокны лезьці небясьпечна.

Назаўтра на просьбу Старшыні раённай управы Лабецкага ў Васілішкі спачатку прыслалі ўзвод літоўскіх ваякаў, а потым роту ўкраінскіх ваякаў, якія, арыштаваўшы некалькі польскіх тэрарыстаў, польскі тэрарызм прыпынілі.

Аднойчы, калі я быў на базары, да мяне падышоў паліцай-беларус і ціха паведаміў, што жандар загадаў яму прывесьці мяне ў жандармэрыю. Не жадаючы, каб хто з палякаў ці іхных замаскаваных тэрарыстаў бачыў мяне арыштаваным, паліцай параіў мне ісьці ходнікам да жандармэрыі, а ён, адстаўшы, будзе ісьці дарогаю, а каля дзьвярэй жандармэрыі я мусіў пачакаць яго, каб зайсьці разам. Такім выклікам я быў вельмі зьдзіўлены, тым больш, што з гэтым жандарам я быў у добрых адносінах. Жандар зачытаў мне прычыну майго затрыманьня. Аказалася, што па даносе Барыса я абвінавачваўся ў перахоўваньні жыдоў, і па загадзе Вялейскага акруговага камісара нямецкія жандары ўсюды шукалі мяне й, знайшоўшы ў Васілішках, мусілі выслаць да Вялейскай жандармэрыі. Калі я расказаў жандару, што гэта не Барыс, а Бэрка, зьвязаны з савецкімі партызанамі, жандар уважліва ўсё запісаў ды, дадаўшы пра мяне найлепшую характарыстыку, ад сябе дапісаў пра патрэбу арышту не мяне, а Барыса (Бэркі), пры мне запячатаў і выслаў пакетам да Вялейскай жандармэрыі, а мне сказаў, што я вольны й больш да мяне жандармэрыя чапляцца ня будзе.

У жніўні І943 г. я быў выкліканы акруговым школьным інспэктарам у Ліду, дзе атрымаў прапанову быць кіраўніком летніх акруговых настаўніцкіх курсаў. Калі я зайшоў у хату Дзямідава, дзе меўся пераначаваць, дык ён падвёў мяне да стаячага вешака, на якім вісела растапыраная ягоная шынэля, а над ёю шапка. Паказаўшы прастрэлены казырок, дадаў, што на яго праз незавешанае вакно з вуліцы быў зроблены замах. Я зьдзівіўся, бо з вуліцы, каб трапіць у ягоную шапку, трэба стаяць на хадулях, а таму я падышоў да шапкі ды праз кулявую дзірку ў вакне праверыў траекторыю кулі й заўважыў, што той, хто страляў, мусіў быць за комінам двухпавярховага дому на другой вуліцы. Мы зараз жа накіраваліся да таго дому. Дом нежылы. Залезьлі на дах. Каля коміну сьвежыя сьляды й пустыя гільзы. Празь незавешанае вакно Дзямідава растапыраная шынэля і шапка надавалі выгляд стаячага чалавека. Дзямідаву кажу: „Снайпэр добры, але твой лёс яшчэ не ўміраць. У Лідзе патрэбна арганізаваць Беларускую самаахову, што я па заканчэньні настаўніцкіх курсаў дапамагу табе. Зараз жа трэ’ заняцца курсамі.

Адразу дзейнага беларускага настаўніка з гораду Ліды прызначаю сакратаром курсаў, запрашаю Янку Станкевіча чытаць беларусаведу, на сябе бяру найтруднейшы прадмет — мэтодыку беларускае мовы. Труднейшы таму, што курсанты былі рознае асьветы, пачынаючы ад настаўніцкіх курсаў, пэдтэхнікуму, пэдсэмінарыі, пэдінстытуту й сканчаючы ўнівэрсытэтам, а да таго з асьветаю царскіх часоў, польскіх і савецкіх. Хутка падабраўшы пэдпэрсанал на іншыя прадметы, я пачаў заняткі.

Выступаючы з прамоваю пра адчыненьне настаўніцкіх курсаў, я заўважыў, што мы павінны служыць беларускаму народу й што ніякі акупант нам не патрэбны. Калі я вярнуўся да Дзямідава, то там быў Кіслы, начальнік беларускага СД, і чатыры курсанты, якія сядзелі на другой лаўцы перада мною. Яны прыбеглі паведаміць Кіслага, што на першай лаўцы сядзелі чаты ры курсанты, належачыя да нямецкага СД, і што я сказаў „ніякія акупанты нам не патрэбны“, а яны могуць данесьці немцам, якія мяне арыштуюць, то каб Кіслы ратаваў, што ён рабіў ня раз, ратуючы беларусаў ад расстрэлу. Але даносу не было.

Па заканчэньні Лідзкіх настаўніцкіх курсаў, на якіх было каля трохсот настаўнікаў, на прапанову акруговага школьнага інспэктара палкоўніка Міколы Дзямідава арганізаваць у Лідзе дзеля абароны ад польскага тэрарызму Беларускую самаахову, усе хлопцы-настаўнікі запісаліся добраахвотнікамі, атрымалі зброю й пад камандаю палкоўніка Міколы Дзямідава пачалі вайсковыя заняткі.

Хутка мінаюць дні за днямі, і набліжаецца 27 чэрвеня 1944 г. Еду дэлегатам ад Лідзкае акругі на Другі ўсебеларускі кангрэс, які меўся адбыцца ў памяшканьні Беларускага дзяржаўнага тэатру пад аховаю курсантаў Беларускае ахвіцэрскае школы.

Ахова была арганізавана выдатна, а таму савецкая тэрарыстычная акцыя ўзарваць падчас працы кангрэсу тэатар правалілася, і большасьць удзельнікаў Кангрэсу пра гэта ня ведалі й спакойна працавалі.

Пасьля кароткае гутаркі з інспэктарамі Галоўнага школьнага інспэктарыяту я падышоў да Сабалеўскага й атрымаў мандат на права галасаваньня.

Паміж іншым у Менску, ідучы на кангрэс, я спаткаў Русака, былога сябру Слуцкага камітэту, удзельніка барацьбы ў 1920 г. Случчыны за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, які прыехаў на Другі ўсебеларускі кангрэс як прадстаўнік ад беларусаў Чэха-Славаччыны.

Замяняўшы ў Сабалеўскага свае паўнамоцтвы на мандат, ён сеў каля сцэны й пачаў раздаваць прысутным дэлегатам прывезеныя з Прагі карты Беларусі й надта прыгожыя дзяржаўныя беларускія гербы Пагоня з наўкола намалёванымі гербамі беларускіх ваяводзтваў. Справа налева: Полацкае, Віцебскае, Мсьціслаўскае, Смаленскае, Наваградзкае, Берасьцейскае, Троцкае, Менскае й Віленскае.

Пасьля адчыненьня Другога ўсебеларускага кангрэсу было дадзена слова Прэзыдэнту Б.Ц.Р. прафэсару Р. Астроўскаму, які выступіў з прамоваю пра дзейнасьць створанай паўгоду назад Беларускай Цэнтральнай Рады. У дыскусіі выступілі Э. Ясюк, палкоўнік М. Дзямідаў і Прэзыдэнт кангрэсу Я. Кіпель, якія зазначылі, што за кароткі час у абставінах ваенных падзей было прароблена Б.Ц.Р. шмат карыснага для беларускай дзяржаўнасьці. Зьезд зацьвердзіў надалей Прэзыдэнтам Б.Ц.Р. праф. Р. Астроўскага.

Наступна выступіў Віцэ-прэзыдэнт Б.Ц.Р. магістар М. Шкялёнак з рэфэратам „Расейска-Польскія дагаворы“ й дасканальна высьветліў іхную каляніяльную палітыку да Беларусі. У дыскусіі выступілі генэрал К. Езавітаў і лекар Я. Малецкі, зазначыўшы глыбокі падыход да свайго рэфэрату мгр. Шкялёнка ды даўнюю варожую палітыку да беларускага народу польскіх паноў і маскоўскіх дэспатаў імпэрыялістых.

Пасьля абедзенага перапынку выступіў з рэфэратам „Аб канчатковым разрыве Беларусі з Масквою“ сябра Б.Ц.Р. Аўген Калубовіч. Прыгожа апрацаваны рэфэрат і прыемны голас Калубовіча зрабілі адпаведнае ўражаньне на аўдыторыю. У дыскусыі выступілі Старшыня г. Менску А. Комар, пісьменьнік Анішчык-Чэмер і паэта Случчанін.

Наогул, выступаючых з прамовамі на Другім усебеларускім кангрэсе было многа. Пасьля справаздачы Прэзыдэнта Б.Ц.Р. праф. Астроўскага выступаў з прывітаньнем ад Беларускай Краёвай Абароны капітан Чабатарэвіч, ад вайскоўцаў маёр Міх. Вітушка, маёр Дзімітры Касмовіч. Ад духавенства — архіяпіскап Філафей, баптыст Дзекуць-Малей, ксёндз Татарыновіч. Ад Саюзу беларускай моладзі — М. Ганько і інш.

У сваёй рэзалюцыі Другі ўсебеларускі кангрэс зацьвердзіў пастанову Рады Б.Н.Р. і ейныя тры Ўстаўныя граматы ды дадаў, што беларускі народ не вызнае накінутай савецкаю Масквою хвормы дзяржаўнасьці Б.С.С.Р. і паведамляе ўсяму Сьвету, што голас Масквы ў беларускіх справах ня мае ніякае праўнае сілы.

3 прычыны падыходу да Менску крывавых ордаў Маскоўскага імпэрыялізму Другі ўсебеларускі кангрэс закончыў сваю працу. Я выехаў дадому ў Скрыбава. Праз пару дзён савецкая партызанка ўначы ўзарвала цягнік каля самае станцыі Скрыбава. Раніцаю я пабег даведацца пра гэта. Аказалася, што ў гэтым цягніку ехалі на Захад Прэзыдэнт Б.Ц.Р. Астроўскі з Б.Ц.Р-цамі, але, на шчасьце, іхны вагон і вагон зь юнакамі СБМ засталіся не падорваныя. Пакуль адбываўся рамонт цягніка, я прынёс БЦР-цам трохі прадуктаў. Ад Калубовіча я атрымаў „шутц-брыф“ на праезд цягніком. Падарваны цягнік быў хутка адрамантаваны й рушыў далей, а я пачаў пераносіць свае рэчы ў бліжэйшы пусты вагон.

Неўзабаве да мяне падышоў вэтэрынар зь Віцебшчыны й папрасіў дазволу ехаць са мною. Недалёка стаяла ягоная жонка з кароваю. Месца ў вагоне было досыць, і я ім дазволіў. За імі зараз жа падышоў да мяне старшыня аднаго з раёнаў Смаленшчыны й таксама пачаў прасіць забраць і яго зь ягонаю сям’ёю — жонкаю, дочкаю й сынам, выратаваць ад сьмерці, што нясуць чырвоныя. Забраў я й іх разам з кароваю й цяпер малаком быў забясьпечаны.

Перад ад’ездам забег у Мажэйкаўскі сьпіртзавод і набраў у біклажку сьпірту. Немцы-чыгуначнікі Скрыбава спачатку прапусьцілі ўсе цягнікі зь Менску й Ліды й толькі тады да астатняга саставу прычапілі наш вагон. Савецкае войска падыходзіла да Ліды. Наш састаў накіраваўся на Вільню, але, даведаўшыся, што ўжо занята чырвонымі, павярнуў налева на Варшаву.

Не жадаючы далёка ад’яжджаць ад Беларусі, мы, не даяжджаючы Варшавы, выладаваліся ў Скрудзе. Сказаўшы палякам, што мы ня хочам ехаць у Нямеччыну, атрымалі ад іх дапамогу пасяліцца ў лесе ў школьным будынку. Але ў хуткім часе тут паявіліся савецкія партызаны — хацелі мяне арыштаваць. Давялося зноў уцякаць, і мы ўлезьлі ў цягнік, які ішоў у Нямеччыну. У Варшаве спынак. Не жадаючы ехаць у нямецкія лягеры, мы ўначы перабіраемся з нашага вагону ў пусты вагон суседняга цягніка, закрываемся й назаўтра прыяжджаем у Петрыкаў, а потым у Чанстахоў.

У Чанстахове вэтэрынар за малако дастаў кватэру й застаўся, а мы трапілі ў лягер для сем’яў украінскіх паліцаяў. Там жылося вельмі добра, але праз колькі месяцаў лягер ліквідавалі й мяне паслалі на ваенную хвабрыку на працу ў якасьці бухгальтара. На працу я не зьявіўся, а цягніком паехаў далей і трапіў у Вену, а потым у вялічэзны лягер Штрасгоф.

Лягер за дротам. У варот — нямецкія жандары. Пару глыткоў сьпірту — вароты мне адчынены. Еду ў Вену, заходжу ва ўнівэрсытэт, рэгіструюся як навуковы працаўнік, атрымліваю прадуктовую картку як навуковец, закупаю прадукты й цыгарэты й варочаюся назад у лягер, жандарам-вартаўнікам даю па пары цыгарэт, і сяброўства наладжана.

12 верасьня 1944 г. пасьля другіх лягераў у Вене пераходжу на прыватную кватэру ў 13-ты бэцырк Вены — Швадорк.

Маючы яшчэ дамашні дакумэнт раённага інспэктара беларускіх школ, іду на ваенную хвабрыку й прапаную дырэктару адчыніць пры хвабрыцы беларускую школу. Не запытаўшыся маіх правамоцтваў (бачна, немцы вераць на слова), дырэктар выдае рабочым цесьлярам загад абсталяваць вялікі хвабрычны пакой для клясы ды звольніць беларускіх дзяцей школьнага веку, сьпіс якіх я падаў.

У адчыненую беларускую школу я прызначаю настаўніцай Яцэвіч Валю, якая атрымлівае ад дырэкцыі хвабрыкі сшыткі, алоўкі, атрамант і іншае, патрэбнае для заняткаў.

23 верасьня 1944 г. паведамляю Беларускую Цэнтральную Раду пра адчыненьне ў Вене школы.

5 кастрычніка атрымліваю ад кіраўніка Аддзелу прэсы, прапаганды й культуры А. Калубовіча ўпаўнаважаньне на адчыненьне ў Вене беларускай павятовай школы.

Адчыняю школы яшчэ на трох хвабрыках ды прызначаю ў якасьці настаўнікаў беларускага паэту Алеся Салаўя, мастака Мірановіча й былую настаўніцу з Краснага Радашкаўскага павету Паплаўскую.

9 сьнежня І944 г. школьны рэфэрэнт пры Б.Ц.Р. А. Орса даслаў мне яшчэ дакумэнт для школьнае працы.

Адбываліся кожнага дня налёты ангельскай авіяцыі на Вену, але не зьнішчаліся ваенныя аб’екты. Лётнікі па-бандыцку кідалі бомбы на жылыя дамы, зьнішчаючы бэцырк (раён) за бэцыркам. Аўстрыйскія школы працаваць не маглі, а беларускія, знаходзячыся на ваенных хвабрыках, працавалі нармальна.

Час ідзе, і зь Югаславіі пачало насоўвацца на Вену савецкае войска. Мінула два месяцы, а ні я, ні настаўнікі не атрымалі зарплаты. Аднойчы, прыйшоўшы ў Беларускі камітэт, у шуфлядзе стала заміж зарплаты знаходжу запіску ад Асінскага й Кіта прыняць іхныя справы, бо яны выяжджаюць зь Вены.

— А хіба мы павінны чакаць прыходу чырвоных? — падумаў я. — Мы чакаем толькі зарплаты, бо ня маем грошай на праязныя білеты, а таксама на яду ды іншыя выдаткі.

На шчасьце, заскочыў у камітэт зьвязковы Прэзыдэнта Б.Ц.Р. Астроўскага лейтэнант А. Плескачэўскі. Убачыўшы мяне й настаўнікаў, выгукнуў:

— Уцякайце, чырвоныя маскалі хутка займуць Вену!

— Няма за што ехаць, — адказваю я. — Чакаем зарплаты за 2 месяцы.

— Вам выслана.

— Нічога не атрымалі...

— Чакайце. Еду да Прэзыдэнта.

Назаўтра рана мы атрымалі зарплату й пешкі рушылі зь Вены. Па дарозе я заскочыў у бюро Нямецкай Рабочай Партыі і ўзяў накіраваньне ехаць з каляскаю на Гаадэн ды папрасіў дапісаць на далей.

— Куды? — запытаў начальнік гэтай арганізацыі, — і чаму?

— Бо ў гэты час у Гаадэне могуць быць расейцы, і я вымушаны буду ехаць, абміноўваючы іх далей. Куды? Ня ведаю.

Я з жонкаю, хутка наладаваўшы на каляску чамаданы з кніжкамі, мех сухароў і пярыну, узятую яшчэ зь Беларусі, ды прыняўшы ў кампанію паэту Алеся Салаўя зь ягонай жонкаю, вырушылі ў дарогу. Нямецкія жандары, убачыўшы маё накіраваньне, ветла прапусьцілі нас на закрытую дарогу ды ўказалі на небясьпечныя месцы. Гэтак мы рушылі на поўнач, ня ведаючы, што зьлева ў трохстах мэтрах ад нас за зарослаю кустарнікам канаваю па другой дарозе рухаецца зь Югаславіі расейскае чырвонае войска. Ехалі ўсю ноч ды, не даяжджаючы Гаадэна, мы павярнулі налева, шчасьліва пераехалі другую дарогу й падаліся на Бадэн-Бадэн. Там запасьліся правіянтам — кансэрвамі — ды даведаўшыся, што да Бадэна падыходзіць савецкае войска, мусілі зьмяніць свой плян ісьці да казакоў і павярнуць на поўнач на Пёлтэн, а потым цераз Рыд у Кірхгайм, дзе ўжо было амэрыканскае войска.
 

 
   

 
Паказальнік некаторых імёнаў:

Анішчык-Чэмер Аляксей (нар. 1912) — беларускі пісьменьнік. У 1941–1944 гг. займаўся настаўніцкай дзейнасьцю, выкладчык Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, рэдактар наваградзкай газэты „За праўду“. Пасьля вайны жыў у Вільні.

Багдановіч Анатоль (1888–1969) — беларускі й расейскі мовазнаўца. З 1926 г. выкладчык беларускай мовы ў БДУ. Удзельнічаў у стварэньні беларускай артаграфіі, потым — у камісіі па беларускай літаратурнай мове Інбелкульту. На пачатку 30-х звольнены з працы. У 1934 г. пакінуў Беларусь, працаваў у пэдагагічных установах Расеі і Ўкраіны.

Дзекуць-Малей Лукаш (1888–1955) — беларускі рэлігійны й грамадзкі дзеяч. З 1910 г. член баптысцкай царквы. У 1918–1920 гг. удзельнік антыпольскага падпольля. З канца 1920 г. — баптысцкі прапаведнік у Берасьці. Разам з Антонам Луцкевічам пераклаў і выдаў па-беларуску „Новы Запавет і Псальмы“. У 1941–44 гг. прэсьвітэр беларускіх баптыстаў. У 1942 г. выдаў па-беларуску малітоўнік для беларускіх баптыстаў. Летам 1944 г. пакінуў Беларусь, памёр у Гданьску.

Жаўрыд Павал (1889–1939) — дзеяч беларускага нацыянальнага руху. Летам 1919 г. арыштаваны Надзвычайнай камісіяй па абвінавачваньні „ў дапамозе Дзянікіну“, у лістападзе 1919 г. вызвалены, вярнуўся ў Слуцак, узначаліў мясцовы Беларускі Нацыянальны Камітэт. Летам 1920 г. у Чырвоным войску, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня. У 1922 г. вярнуўся ў Савецкую Беларусь, працаваў у грамадзка-культурных арганізацыях. У 1930 г. арыштаваны па справе Саюзу Вызваленьня Беларусі, асуджаны да 3 год лягероў. У 1937 г. арыштаваны паўторна, асуджаны да 10 год лягероў, памёр у лягеры.

Кіслы Іван — падчас нямецкай акупацыі начальнік беларускай жандармэрыі ў Лідзе. Займаўся расьсьледаваньнем забойства Юльляна Саковіча й Леаніда Маракова. Застрэлены польскімі партызанамі ў ліпені 1943 г.

Комар Анатоль (1902 –?) — беларускі навуковец і грамадзкі дзеяч. Дацэнт Менскага політэхнічнага інстытуту, працаваў намесьнікам галоўнага інжынэра Менскага радыёзаводу. Падчас вайны працаваў у Менскай гарадзкой управе, а пасьля забойства бурмістра Менску Вацлава Іваноўскага (сьнежань 1943 г.) заняў ягоную пасаду. У ліпені 1944 г. пакінуў Беларусь і выехаў на эміграцыю ў Нямеччыну, дзе далучыўся да Камітэту вызваленьня народаў Расеі.

Маракоў Леанід — працаўнік беларускай адміністрацыі, старшыня Беларускай самапомачы на Менскую акругу, у 1943 г. высланы ў Лідзкую акругу, дзе ўзначаліў Васілішкаўскую раённую адміністрацыю. Забіты польскімі партызанамі.

Мядзейка Нікандар (1914–1987) — падчас нямецкай акупацыі працаўнік беларускай адміністрацыі, у 1941–1942 г. школьны інспэктар на Лідзкую акругу. З 1944 г. на эміграцыі, сябар Беларускага вызвольнага руху, пасьля сьмерці Радаслава Астроўскага ў 1976 г. Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады.

Палягошка Пятро — у 1941 г. працаўнік Смалявіцкай беларускай адміністрацыі, з 1944 г. на эміграцыі. У 1968 г. у Нью-Ёрку выдадзеныя ягоныя мэмуары „Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу“.

Плескачэўскі Анатоль (1911–1980) — працаўнік Беларускай народнай самапомачы, лейтэнант Беларускай краёвай абароны (1944), ад’ютант Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага. Зь лета 1944 г. на эміграцыі, жыў у ЗША.

Пратасевіч Іван — дзеяч беларускага нацыянальнага руху падчас нямецкай акупацыі Беларусі (1941–1944). Акруговы школьны інспэктар па Вялейскай акрузе ў 1941–1942 гг. Праўдападобна, пераведзены на працу на Лідчыну, дзе й застрэлены ўвосень 1943 г.

Тогць Барыс — падчас нямецкай акупацыі старшыня Жалудоцкага павету, застрэлены польскімі партызанамі ўвосень 1943 г.

Трухан Якаў — атаман войска генерала Станіслава Булак-Балаховіча, пасьля 1921 г. атаман аднаго з партызанскіх атрадаў зялёных.

Філафей (сьвецкае імя Ўладзімер Нарко, 1905–1986) — праваслаўны царкоўны дзеяч. Выхаванец Віленскай духоўнай сэмінарыі, скончыў Варшаўскую праваслаўную духоўную акадэмію. Япіскап (1941). Падчас нямецкай акупацыі Беларусі вікарны япіскап Менскі й Слуцкі, япіскап Магілёўскі й Мсьціслаўскі. Ініцыятар абвяшчэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (1942), архіяпіскап (1943). Зь лета 1944 г. на эміграцыі (Нямеччына).

Чабатарэвіч Віктар (1907–1963) — беларускі грамадзкі й вайсковы дзеяч. Настаўнік, за сваю выразную беларускую дзейнасьць перасьледаваўся польскімі ўладамі. Падчас нямецкай акупацыі сябар Беларускай народнай самапомачы, працаваў у Генэральным школьным інспэктараце, з сакавіка 1944 г. браў актыўны ўдзел у стварэньні й арганізацыі Беларускай краёвай абароны, быў выкладчыкам і начальнікам Афіцэрскай школы БКА. Зь лета 1944 г. — на эміграцыі, дзе займаўся грамадзкай дзейнасцю, памёр у Нью-Ёрку.

Ясюк Эмануіл (?–1977) — падчас нямецкай акупацыі начальнік адміністрацыі Стаўпецкага раёну, удзельнік Аўтакефальнага царкоўнага сабору (жнівень-верасень 1942 г.), ІІ Усебеларускага кангрэсу. Зь лета 1944 г. на эміграцыі (Нямеччына, ЗША), дзе займаўся актыўнай грамадзкай дзейнасьцю, заснаваў таварыства амэрыканскіх сяброў БЦР.

Яцэвіч Валя — жонка Алеся Змагара, зь якой ён ажаніўся ў 1944 г., дзявочае прозьвішча Кеда.

Прадмова, публікацыя й паказальнік падрыхтаваныя
Натальляй Анофранкай і Алегам Гардзіенкам
 

 

 
   
Галасуй за ARCHE :

br.gis.com.by
D
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (16) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 04-06-2001