A R C H E | S k a r y n a | № 3 (17) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АЛІСА БІЗЯЕВА | |||||
|
Аліса Бізяева |
выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. |
Зарэгістраваць і кожны год плаціць за тэхнічную падтрымку кароткага запамінальнага дамэну — імя сайту — таксама не стае грошай. Некаторыя назвы немагчыма ня тое што запомніць, набраць на кампутары без памылкі. Напрыклад, тэксты па гісторыі беларускай мовы, пісьменства і культуры ляжаць на далёкім www.geocities.com/Paris/chateau/7855/kasic/kas.htm. З гэтай прычыны сабраць разам усе сайты, зробленыя беларусамі, ужо амаль немагчыма. Адна з найлепшых, і пакуль унікальная, спроба гэта зрабіць — каталёг беларускіх Інтэрнэт-рэсурсаў, створаны Мікалаем Касьцюковічам на сайце Акадэміі навук (www.ac.by). На сёньня гэты рэсурс лічыцца найпаўнейшым. Тут сабраныя спасылкі на ўсе старонкі зь Беларусі і пра Беларусь, нават артыкулы электронных энцыкляпэдый, на ўсіх мовах, з усяго сьвету. Вялізны разьдзел каталёгу прысьвечаны беларускім літаратурным рэсурсам Сеціва. Аднак няма агульнага электроннага рэсурсу па беларускай літаратуры, дзе б зьмяшчаліся ўсе тэксты беларускіх аўтараў, навіны выдавецтваў, рэцэнзіі на новыя кнігі, агляды і ўсе спасылкі на старонкі аўтараў і іншыя літаратурныя вэб-крыніцы. Беларускія афіцыйныя культурніцкія ўстановы не сьпяшаюцца зьдзейсьніць гэты праект, які быў бы вельмі важнай справай. Зусім нядаўна сайт сэрыі „Беларускі кнігазбор“ зьмяніў свой адрас www.wuwien.ac.at/groups/belarus/bk на больш кароткае bk.knihi.com. Iх старонка не разьлічана на беларускіх чытачоў кніг выдавецтва, яна зьмяшчае заклік да інвэстараў дапамагчы з выданьнем наступнай кнігі: „Рыхтуецца да друку зборнік Наталлі Арсенневай. Будзем вельмі ўдзячныя дапамозе як фінансавай, так і тэкставай (лісты паэткі і г. д.)“. Некаторыя з кніг, якія ўжо ёсьць у продажы, прадстаўленыя ў электронным варыянце, прамоцыя астатніх абмяжоўваецца анатацыяй зьместу. Дызайн сайту вельмі просты, функцыянальны. Такі, як рабілі напачатку WWW, калі магчымасьці праграмаў для вёрсткі і рэпрадукцыі вэб-старонак былі нашмат болей абмежаваныя, чым цяпер. Найбольш поўны электронны збор беларускіх літаратурных твораў „Беларуская палічка“ (knihi.com) падтрымліваецца Андрусем Жвіром зь Вены, гэта яшчэ адзін яго праект, апроч сайту „Беларускага кнігазбору“. Амаль гатовы новы дызайн „Беларускай палічкі“. На сайце ў катэгорыях Проза, Паэзія, Гісторыя й палітыка, Філязофія, Мова, Мастацтва, Казкі, Рэлігія й міталёгія, Замежная мастацкая літаратура, Іншамоўныя творы і пераклады, Нашы славутыя землякі разьмешчаныя некалькі соцен літаратурных крыніц, і іх колькасьць павялічваецца амаль штодня. Штотыдзень сайт абнаўляецца новымі тэкстамі і лінкамі. Вось тыповы набор абнаўленьняў (за 14 сакавіка): з новых тэкстаў — пераклад „Роздумаў“ Марка Аўрэліюса; Эвангельле паводле Лукаша; „Успаміны пра Івана Луцкевіча“ Максіма Гарэцкага; „Птушкі“ Бруна Шульца; Тэкст Берасьцейскай уніі 1596 г.; апавяданьне Яна Чачкоўскага „Guten Tag, Alex!..“; кніга Энтані Сьміта „Нацыяналізм у ХХ стагоддзі“; тэкст „Аняменне“ з кнігі „Знішчэнне беларускай мовы: у кантэксце гісторыі і палітыкі“; што датычыць старонак у каталозе, самая цікавая з апошніх — Дыскусійная група „Мовазнаўства“ (groups.yahoo.com/group/movaznaustva). Многія беларускія рэсурсы ня толькі зробленыя на расейскай мове, яны наўмысна арыентуюцца на Расею, імкнуцца стаць часткай Рунэту. Адна з прычын — фінансавая: фундатары і стваральнікі беларускіх праектаў спадзяюцца знайсьці інвэстараў сярод расейскіх капіталістаў. Беларусаў вабіць і шматлікая расейская аўдыторыя. Расейскамоўная вэрсія не адзіная ўмова, каб трапіць на расейскую вэб-арэну. Гэта павінен быць сапраўды варты ўвагі рэсурс, якіх мала. І з дапамогаю Інтэрнэту яны распавядаюць пра беларускую культуру. Збольшага расейскамоўны альманах „Клінамэн“ (www.klinamen.com) зьмяшчае матэрыялы, якія трапляюць і ў кола інтарэсаў расейскай аўдыторыі. Але ў ім беларускія думкі пра літаратуру і мастацтва, беларускі погляд на зьявы культурніцкай прасторы, разважаньні пра адметнасьці беларускага мысьленьня і ўспрыманьня твораў, якія зьявіліся ў гэтай прасторы. Сярод тэкстаў часам зьяўляюцца матэрыялы па-беларуску. Рубрыкі сайту: четвертая критика, дистанционный смотритель, point of no return, инфра_философия, аллегории чтения і іншыя — акумулюць тэксты беларускіх культуролягаў і філёзафаў. Рэдактарамі альманаху зьяўляюцца: Дмитрий Король, Арсен Меликян, Владислав Сoфронов-Антомони и Дунаев. Тэксты „Клінамэну“ балянсуюць на мяжы літаратуры, крытыкі, філязофіі. Аўтары абмяркоўваць тэмы, якія нельга назваць актуальнымі і своечасовымі для беларускага грамадзтва, але можна лічыць нагодай і імпульсам для вобразнага і суб’ектыўнага асэнсаваньня нейкай цікавай зьявы рэчаіснасьці, якая зьяўляецца тыповай, адпавядае менавіта гэтаму часу ў беларускай прасторы. |
Альміра Ўсманова ў дасьледаваньні „Насилие как культурная метафора“ робіць выснову: „Насилия не существует ... иначе, как в репрезентации“. Дзьмітры Кароль і Арсэн Мелікян дасьледуюць асаблівасьці беларускага мысьленьня ў рабоце „Политика разрывов. Слабое мышление в эпоху кризиса“ і вызначаюць заканамернасьць: „Беларусь и Армения: постсоветские близнецы. В нижеприведенных заметках наше внимание приковывает отношение власть-политика, которому присущ высокотехнологический характер функционирования“. Агляд некалькіх кніг Уладзіслаў Сафронаў-Антамоні называе „Путеводитель по сегодня“. Аўтара зацікавіла тое, што „…эти книги настолько выбиваются изо всех рамок, что их невозможно сопоставить с той традицией и школой, к которой каждая из них принадлежит“. Альманах „Клінамен“ друкуе таксама дасьледаваньні гісторыі сучаснага мастацтва, пераклады вядомых заходніх філёзафаў і людзей мастацтва, сярод якіх Жан Бадрыяр, Люк Брэсон, Жан Бары, Мішэль Дэлён, Жыль Дэлёз; рэцэнзіі на сучасныя фільмы і кнігі. Вядома, што ў Інтэрнэце найбольшым попытам карыстаецца фантастычная бэлетрыстыка. У электроннай краме OZ.by большасьць прададзеных кніг складае літаратура такога кшталту. Вось жа, пад крылом „Адкрытага кантакту“ (www.ok.open.by) створаны сайт для аматараў фантастыкі і фэнтэзі (fantasy.open.by). Рубрыка „Фантасты Беларусі: біяграфія, бібліяграфія, выбранае“ зьмяшчае матэрыялы пра тры хвалі беларускай фантастыкі. Называюць заснавальнікам беларускай фантастычнай літаратуры і адносяць да першай хвалі пісьменьніка Янку Маўра, у прыватнасьці яго раманы „Чалавек ідзе“ (1925), „Фантамабіль прафэсара Цылякоўскага“ (1954) і апавяданьне на расейскай мове „Путешествие в преисподнюю“ (1958). Да прадстаўнікоў другой хвалі (60-я — пачатак 80-х гадоў) адносяць Мікалая Гамолку, Навума Цыпіса, Уладзімера Шыціка. Трэцяя хваля прадстаўлена значна большай колькасьцю беларускіх аўтараў, якія пісалі ў 80-х — 90х гадах. Адзін зь іх, Аляксандар Патупа, як паведамляе артыкул, акрамя літаратурнай дзейнасьці ў галіне навуковай фантастыкі займаўся футуралягічным прагназаваньнем напрамкаў разьвіцця грамадзка-эканамічнага жыцьця Беларусі. Расейскамоўная „Белорусская деловая газета“ на сваім сайце стварыла невялікую кніжную палічку (www.bdg.minsk.by/culture), на якой разьмяшчаюцца неапублікаваныя творы беларускіх аўтараў. Да выхаду ў сьвет у папяровым варыянце на гэтым сайце ляжала і кніга Дзьмітрыя Падбярэскага „Саксафон Чынгісхана“. Аднак усё ж такі сярод гуманітарных праектаў, якія надаюць увагу пераважна зьместу — кантэнту, беларускамоўныя атрымліваюцца больш цікавымі і пасьпяховымі. Вакол іх звычайна хутка ствараюцца так званыя „online communities“ (віртуальныя супольнасьці), што лічыцца паказьнікам дамэтнасьці рэсурсу, які ня проста займае электронную прастору, але задавальняе нейкую патрэбу пэўнай аўдыторыі. „Карчма ў старога Язэпа“, якая была ўжо займела шмат прыхільнікаў, асабліва спаміж журналістаў, зноў адкрылася на сайце www.jazep.f2s.com. Цудоўная электронная бібліятэка на „Беларускай палічцы“ (knihi.com) ужо стварыла каштоўную скарбніцу беларускіх кніг і працягвае яе павялічваць. Асаблівай увагі заслугоўвае беларускі партал і каталёг „Дзед Талаш“ (dt.home.by), які нядаўна займеў новую структуру і дызайн. Асабліва ўражвае яго сталая рубрыка „Лісты зь Ніадкуль“, у якой Андранік Антанян робіць публіцыстычныя агляды, публікуе свае разважаньні, уражаньні і назіраньні пра беларускае жыцьцё і навакольны сьвет. Аўтар зь „ніадкуль“ выцягвае на паверхню тэмы зусім нечаканыя, напрыклад, разважае пра выміраючыя прафэсіі: камінароў, мастакоў афішаў і фатографаў фотаатэлье; заклікае пісаць нармальныя сучасныя казкі для дзяцей пра Інтэрнэт і кампутары і, дарэчы, разважае на нашую тэму — „пра магчымы ўдзел беларускіх літаратараў у разьвіцьці зоны .by“. Ён піша, што „многім літаратарам хочацца як мага прасьцейшым шляхам знайсьці свайго чытача сёньня, і зусім не турбуе праблема, ці ўвойдуць іхныя творы праз 50 гадоў у школьныя праграмы... Пару гадоў таму на старонках „Нашай Нівы“ абвяшчалася пра пачатак інцярнэт-рэвалюцыі, але вынікаў гэтае абвяшчэньне не дало, апрача таго паўздохлага нашаніўскага хамяка. Беларускія выдаўцы як адзін перакананыя, што онлайнавая публікацыя тэксту зьменшыць і без таго мізэрную колькасьць ягоных пакупнікоў. Маўляў, на халеру чалавеку плаціць грошы за кніжку, калі ён можа скачаць яе на халяву?.. Калі кажаш, што онлайнавая публікацыя — гэта нармальны, а да таго ж амаль бясплатны рэклямны інструмэнт на кніжным рынку, які даволі ўдала функцыянуе, то на цябе глядзяць як на ідыёта. У Беларусі ніхто ў такія пэрспэктывы разьвіцьця ня верыць. А таму мала хто займаецца“. У прыклад таго, што праблема ўсё ж такі пачала вырашацца, спадар Антанян прыводзіць пэрсанальную старонку Адама Глёбуса (adam-globus.com), на якой нядаўна адкрыўся форум. На сайце ёсьць усе творы з кнігі „Тэксты“, якую яшчэ можна купіць у кнігарнях, — аўтар, здаецца, не баіцца, што праз гэта паменшыцца колькасьць прададзеных асобнікаў. Паглядзець на эратычныя малюнкі спадара Глёбуса, якія нядаўна былі разьмешчаныя на сайце, сюды хоць раз прыйдзе кожны. Можа і з „Дамавікамэрону“ які разьдзел прачытае (ці перачытае). Добра, калі б усе творчыя людзі Беларусі сваю прагу да самавыяўленьня ператваралі ў беларускі кантэнт, якога не хапае ня толькі літаратурным сайтам, а ўвогуле беларускаму Інтэрнэту. Але ствараць свае старонкі — хай з дапамогаю простага Front Pagе — могуць ня ўсе. Вельмі істотна адчуваецца адсутнасьць абагульняльнага літаратурнага Інтэрнэт-рэсурсу, які б ствараў умовы для зносін паміж беларускімі аўтарамі і чытачамі, для выказваньня думак філёзафамі, крытыкамі. Інтэрнэт дае магчымасьць супрацоўніцтва, дапамагае людзям сабрацца для рэалізацыі супольнай справы. Ён спрыяе інтэрактыўнай камунікацыі — дыялёгу, у якім можа нарадзіцца шмат новых ідэй. Пакуль большасьць беларускіх літаратурных сайтаў — ня болей, чым люстэркі, якія пераводзяць на электронныя носьбіты тое, што ўжо ёсьць у друкаваным выглядзе. Некаторыя тэксты трапляюць у Інтэрнэт на старонках электронных вэрсій папяровых выданьняў. На сайце часапісу „Калосьсе“ (kalossie.freeservers.com) ёсьць усе аповесьці, апавяданьні і пераклады, што былі на яго старонках. Тэксты з ужо спрададзеных нумароў часапісу „ARCHE“ (arche.home.by) таксама прадстаўленыя ў Інтэрнэце. На беларускіх сайтах рэдка калі знойдзеш рэакцыю на падзеі літаратурнага жыцьця — пакуль што няма месца, дзе можна было б зьмяшчаць такія матэрыялы рэгулярна, даводзіцца рабіць адмысловыя сайты ў кожным асобным выпадку. У рамках культурнага праекту „Новы горад“ (www.nsys.by/newtown) існуе старонка „4+4+4“ (poetry.nsys.by), прысьвечаная беларуска-швэдзкай сустрэчы паэтаў, дзе надрукаваныя творы беларускіх і швэдзкіх (перакладзеных беларусамі) паэтаў і пісьменьнікаў. Удзельнікі з швэдзкага боку — Агнэта Плеел, Сіла Наўман, паэты — Крыстафэр Леандоэр, Кенэт Клемэц; зь беларускага — Алесь Разанаў, Сяргей Законьнікаў, Ірына Туровіч, Алесь Туровіч, Серж Мінскевіч, Ніна Мацяш, Зьміцер Вішнёў. Справа стварэньня бібліятэкі вядомых і невядомых беларускіх твораў у электроннай прасторы цяпер больш-менш рэалізуецца намаганьнямі асобных энтузіястаў, але гэта яшчэ ня ўсё, што Інтэрнэт можа даць для разьвіцьця нацыянальнай літаратуры. Мастакі і пісьменьнікі ўсяго сьвету выкарыстоўваюць магчымасьці Інтэрнэту ў сваёй творчасьці. Некалькі год таму зьявілася паняцьце „сеціратура“ (ці літ-нэт), але ў Беларусі яшчэ няма твораў, якія можна было б залічыць да новага напрамку, галоўныя ідэі якога — глябалізацыя, касмапалітызм літаратуры, каапэрацыя мастакоў і выкарыстаньне апошніх тэхнічных вынаходак. На жаль, няма беларускіх твораў, якія выкарыстоўвалі б асаблівасьці Інтэрнэт-прасторы як сродак выяўленьня. Летась нямала шуму нарабіла віртуальная гераіня Белнэту — Фанатка. На сайце dfpoint.nsys.by/girl ляжаць яе вершы, дзёньнік, дзе ў якасьці галоўных герояў фігуруюць вядомыя постаці Байнэту, і стылізаваная пад міліцэйскі пратакол гісторыя яе сьмерці. Але гэткія спробы стварыць электронныя літаратурныя тэксты пакуль што не выходзяць за межы зацікаўленьняў беларускай Інтэрнэт-тусоўкі й ня маюць рэгулярнага характару. Аднак усё зьмяняецца, асабліва хутка ў Інтэрнэце, які разрастаецца стыхійна і вокамгненна. За гэты час у Белнэце несумненна зьяўляліся новыя рэсурсы, і, хто ведае, можа пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, хтосьці пачаў пісаць беларускі гіпэрраман ці дзіцячую казку пра Інтэрнэт і кампутары...
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (17) – 2001 |
|
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |