A R C H E | S k a r y n a | № 3 (17) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ВАЛЕРКА БУЛГАКАЎ | |||||
|
Валерка Булгакаў |
галоўны рэдактар часопісу ARCHE, укладальнік зборніку "Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне" ("Энцыклапедыкс", 2000). Апошняя яго публікацыя ў часопісе — артыкул "Ідэалёгія лукашэнкаўскага рэжыму" (№1-2001). |
2. Артыкул “Пяць гадоў яднаньня...” зьявіўся ў № 26 Інфармацыйна-аналітычнага бюлетэню, выдаванага маскоўскім Інстытутам Дыяспары і Інтэграцыі, які, у сваю чаргу, зьяўляецца структурным элемэнтам Інстытуту краін СНД, узначальванага Канстанцінам Затулінам, расійскім палітыкам і аналітыкам*. * У аснову апошняга аналітычнага опусу Затуліна — артыкулу пад красамоўным назовам “Саюзная дзяржава на постсавецкай прасторы. Бяз поўнага аб’яднаньня з Расіяй дэмакратызацыя ў “асобна ўзятай” Беларусі немагчымая” (http://cis.ng.ru/state/2001-05-30/4_state.html) — лёг яго выступ на міжнароднай канфэрэнцыі “Беларусь паміж Усходам і Захадам: прэзыдэнцкія выбары-2001 і пэрспэктывы дэмакратыі”, адбытай 10—11 траўня ў Осьле з удзелам вядомых беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў — Жаны Літвініхі, Аляксандра Мілінкевіча, Вінцука Вячоркі, а таксама пасла Ганса-Геарга Віка. У публікацыі, што характэрна, жыўцом, без найменшых зьменаў узятыя некаторыя кавалкі тэкстаў аўтарства Аляксандра Фадзеева. Але ёсьць і ўласнае, затулінскае: “... мы ў Расіі не заўсёды падзяляем асобных крокаў прэзыдэнта Беларусі, усіх формаў і мэтадаў яго працы. Аднак гэта тое пытаньне, уплываць на якое мы напоўніцу ня зможам (не считаем в полной мере возможным), прынамсі, да поўнага аб’яднаньня Расіі і Беларусі”. Канстанцін Затулін — расійскі парлямэнтар са стажам, гарачы прыхільнік расійска-беларускага аб’яднаньня. Этапы яго біяграфіі характэрныя для расійскіх палітыкаў “новай хвалі”: пры канцы 80-х ён памочнік сакратара ЦК УЛКСМ, у 1993—94 гг. — сакратар партыі “ПРЕС” у расійскай Дзяржаўнай Думе, з 1997 г. — дараднік мэра Масквы. У лютым 1996 г. пастановай ураду Ўкраіны за прапаганду расійскіх прэтэнзій на Крым быў абвешчаны на 5 год пэрсонай нон грата для ўезду ў Рэспубліку Крым**. 21 траўня 1999 году Затулін быў затрыманы ўкраінскімі памежнікамі ў кіеўскім аэрапорце. Летась ён шмат сілаў паклаў на прыняцьцё расійскім парлямэнтам законапраекту аб выбарах у саюзны парлямэнт дэпутатаў ад Расіі. ** Дзейнасьць Затуліна была прычынай войстрага канфлікту паміж галоўным рэдактарам “Советской Белоруссии” Паўлам Якубовічам і тагачасным галоўным рэдактарам “Знамени Юности” Ігарам Гукоўскім, які ўрэшце прывёў да адстаўкі апошняга. “Зачэпкай для канфлікту, дакладней, для нападак на галоўнага рэдактара маладзёвай газэты “Знамя Юности” І. Гукоўскага паслужыў адкрыты ліст дырэктара Інстытуту краін СНД К. Затуліна галоўнаму рэдактару “Советской Белоруссии” Паўлу Якубовічу, у якім ён “у адказ на прыдумкі (измышления) П. Якубовіча наконт палітычнай пазыцыі К. Затуліна паказаў двудушнасьць (двуличие) спадара Якубовіча, які пад выглядам асаблівай ляяльнасьці да прэзыдэнта А. Лукашэнкі і яго палітычнага інтэграцыйнага курсу стала і мэтаскіравана на старонках газэты Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі “Советская Белоруссия” праводзіў і праводзіць сукрытую антыпрэзыдэнцкую, антырасійскую і пранатаўскую прапаганду”, — пісаў нейкі А. Пятроў у сваім артыкуле “О “пятой колонне” в Белоруссии. Кто пытается влиять на президента А. Г. Лукашенко” у № 7—8 часопісу “Русский вестник” за 1998 г.” (Цыт. паводле: Война по законам подлости. Менск: ЗАО “Православная инициатива”. С. 283.) Інстытут краін СНД Канстанціна Затуліна — адна зь нешматлікіх расійскіх think tanks, якая прафэсійна займаецца аналітыкай палітычных працэсаў на постсавецкім прасьцягу. Гэтая прафэсійнасьць спалучаецца зь вялікадзяржаўнымі, імпэрскімі падыходамі і геапалітычнымі амбіцыямі. У № 28 памянёнага бюлетэню зьмешчаны артыкул усё таго ж Аляксандра Фадзеева “Што значыць быць прэзыдэнтам у Беларусі”, дзе чытаем: “Беларусы, як і ўкраінцы, ня мелі ў мінуўшчыне “сваёй” дзяржаўнасьці, і таму, у сутнасьці, беларускія грамадзяне цалкам укладваюцца ў сучаснае разуменьне найноўшай расійскай дыяспары з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі, уключаючы, перадусім, усьведамленьне сваёй этнічнай ідэнтычнасьці з жыхарамі Расіі. У расійцаў і беларусаў супольная геаграфічная лякацыя, калектыўная памяць і гісторыя, нацыянальныя героі, культура і культурныя дасягненьні. І, што галоўнае — супольная радзіма... Больш за тое, сучасная Беларусь ня можа разглядацца як спачатнае (изначальное) этнадзяржаўнае ўтварэньне, якое мае глыбокае гістарычнае карэньне, паколькі ейная тэрыторыя — адвольна вызначаная ў якісьці пэрыяд існаваньня СССР адміністрацыйная адзінка, абмежаваная адміністрацыйнымі, насамрэч віртуальнымі, межамі тэрыторыя. У малой Беларусі сёньня толькі расійцаў (ня лічачы грамадзян з расійскай крывёю ад мяшаных шлюбаў) каля 1,5 мільёна, г. зн. гэтулькі, колькі расійцаў ува ўсім далёкім замежжы. Падкрэсьлім, што толькі стварэньне ў сапраўднасьці (на деле) саюзнай расійска-беларускай дзяржавы здыме гэтую найвайстрэйшую праблему, адновіць гістарычную справядлівасьць у справе вызначэньня тытульнай нацыі”. Чаму ж настолькі важнае месца адводзіцца Беларусі расійскімі аналітыкамі*, што яны гатовыя нават скінуць беларусаў з п’едэсталу тытульнай нацыі ў сваёй уласнай краіне? Адказ на гэтае пытаньне дае сам А. Фадзееў у апублікаваным у № 23 бюлетэню артыкуле пад назвай “Пэрспэктывы прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2001 году і нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы Расіі”: “Народы Расійскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусі былі адзінай нацыяй, яны зьвязаны міжсобку векавымі гістарычнымі і культурнымі сувязямі. Без саюзу зь Беларусяй немагчымая рэалізацыя ў пэрспэктыве рэгіянальнага лідэрства Расіі ў Цэнтральнай Эўропе (а ў будучыні, можна спадзявацца, і ў Цэнтральна-Паўднёва-Ўсходняй Эўропе). Барацьба Расіі за рэгіянальнае лідэрства ўва Ўсходняй Эўропе сёньня значна больш прадуктыўная за беспасьпяховыя спробы далучыцца на роўных да “сямёркі” і адыгрываць ролю сусьветнай дзяржавы ў няўклюдным выкананьні расійскага МЗС. Саступіўшы ж лідэрства Польшчы, якая не хавае сваіх стратэгічных памкненьняў у гэтым кірунку (барацьба за лідэрства ў Цэнтральнай Эўропе — асноўны прынцып яе афіцыйнай вонкавапалітычнай канцэпцыі), Расія ня толькі сутыкнецца з новым “залатым актаэдрам” (заміж цяперашняга “трыкутніка”) на сваіх заходніх межах, але канчаткова згубіць надзею дадатна вырашыць украінскае пытаньне”. * Аляксандар Фадзееў не самотны ў сваіх далёкасяжных высновах. Навуковы супрацоўнік Інстытуту параўнальнай паліталёгіі РАН Барыс Кагарліцкі ў сваім аналізе “Саюз мядзьведзя і вялізнага катá” (“Союз медведя и очень большой кошки” (http://www.intellectualcapital.ru/iss3-1/icissue1-1.htm)) апісвае значэньне “беларускага чыньніка” цалкам у духу “новых дыскусій пра расійскі фэдэралізм”: “Аб’яднаньне зь Беларусяй ... можа стаць пераломным момантам, зь якога пачнецца пабудова нармальнай фэдэратыўнай дзяржавы, якая будзе складацца з 30—40 раўнапраўных суб’ектаў. Прапанаваны Лукашэнкам рэфэрэндум дазваляе як бы пачаць з чыстага аркуша, стварыўшы фактычна новую дзяржаву, з новымі тэрытарыяльнымі структурамі. Эмацыйную падтрымку аб’яднаньня можна выкарыстаць, каб зламіць супрацьдзеяньне некаторых рэгіянальных элітаў, пагатоў што асобныя рэгіёны самі зацікаўленыя ў рэформе...”. У публікацыі Кагарліцкага прысутнічаюць такія выказваньні, характэрныя для мысьленьня маскоўскай інтэлігенцыі, як, напрыклад, “Беларусь сапраўды паліцыйная дзяржава: у цэнтры Менску можна пакінуць незачыненую машыну, цьвёрда ведаючы, што зь ёй нічога ня здарыцца” або “Хто насамрэч ненавідзіць прэзыдэнта, дык гэта адукаваная менская сярэдняя кляса. Гэтыя людзі з зайздрасьцю пазіраюць на сваіх маскоўскіх калегаў і знаёмых, якія забясьпечылі сабе заходняе спажываньне за кошт галадуючай краіны”. |
3. Як расійскі нацыяналіст, Аляксандар Фадзееў горача прымаў і прымае беларуска-расійскую інтэграцыю. Пры гэтым Беларусь для яго — ня што іншае, як разьменная карта ў складанай геапалітычнай гульні, стратэгічны пляцдарм, захапіўшы які, можна “дадатна вырашыць украінскае пытаньне” і вярнуць страчаны геапалітычны кантроль над часткай Эўропы, якая ляжыць да нямецкай, аўстрыйскай, грэцкай і італьянскай (sic!) мяжы. Расійскі нацыяналізм Фадзеева характэрным чынам спалучаецца зь ярка выражаным нігілізмам што да іншых, “мясцовых” у расійскай тэрміналёгіі культур, напрыклад, беларускай. Ім фактычна адмаўляецца ў праве на існаваньне. Аляксандар Фадзееў усяляк жадае прысьпешыць інтэграцыю. Адзін з найважнейшых матываў, які рухаў ім у гэтай публікацыі, палягае ў выяўленьні сабатажу, які нібыта чыніцца ёй пэўнымі палітычнымі сіламі. Паказальна, што аб’ектам атакі становіцца вышэйшае чынавенства Беларусі (“... пэўныя колы вышэйшых чыноўнікаў і на Беларусі, і ў Расіі не сьпяшаюцца з абраньнем саюзнага парлямэнту адно з тае прычыны, што такія выбары непазьбежна прывядуць да падвышэньня інтарэсу практычна ўсіх слаёў актыўнага насельніцтва сваіх краін да праблемы аб’яднаньня ў адну дзяржаву, да ўсьведамленьня праўдзівых чыньнікаў гамаваньня інтэграцыйнага працэсу, сярод якіх адзін з галоўных — чынавенскі падыход”). Вышэйшае чынавенства і шырэй, дзяржаўны апарат Беларусі выклікае фрустрацыі маскоўскіх аналітыкаў з той простай прычыны, што ўяўляе сабой сацыяльную групу, якая за апошнія дзесяць гадоў перажыла дастаткова поўную сувэрэнізацыю і зьвязвае свае асабістыя інтарэсы зь дзяржаўнымі, а значыць і нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі. Пры гэтым само вайстрыё атакі накіравана на Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі (як піша Фадзееў, “...[канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы] яшчэ толькі неабходна распрацаваць у сьценах саюзнага парлямэнту, але, як вядома, ён дагэтуль ня створаны, акурат выбары ў дадзены заканадаўчы орган зь віны адміністрацыі прэзыдэнта А. Лукашэнкі ўвесь час пераносяцца на няпэўную пэрспэктыву”, і праз старонку ізноў: “Адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі, нягледзячы на ўсе запэўніваньні, да сёньня ня ўнесла аналягічнага законапраекту ў палату прадстаўнікоў нацыянальнага сходу рэспублікі”), што аўтаматычна навешвае этыкетку сабатажніка яе кіраўніку Міхаілу Мясьніковічу. Бедны Міхалу! Відаць, адчуваючы гэткага роду небясьпеку, летась ён двойчы надрукаваў свой опус пад назвай “На шляху да яднаньня” (“На пути к единению”) сьпярша ў маскоўскім часапісе “Обозреватель” (№ 6 за 2000 г.), а пасьля ў ня менш адыёзным “Евразийском вестнике” (http://www.e-journal.ru/soyz-st1.html). Заключае гэты артыкул, напоўнены шматлікімі і ні да чога не абавязваючымі зьвесткамі з эканомікі і геаграфіі, наступны фрагмэнт: “Мы хочам збудаваць моцную і дэмакратычную саюзную дзяржаву, якая будзе карыстацца высокім аўтарытэтам у міжнароднай супольнасьці, дзяржаву, у якой рэальна будуць забясьпечвацца і надзейна абараняцца правы грамадзяніна і чалавека...”. Такім чынам, непакой у маскоўскіх аналітыкаў выклікае сам факт таго, што за часы незалежнасьці Беларусі ў краіне паўсталі самастойныя эліты, якія адкрыта артыкулююць свае інтарэсы, істотная частка якіх разыходзіцца з інтарэсамі элітаў расійскіх (у артыкуле Фадзеева гэтая тэма прагучэла пару разоў і неяк подбегам, напрыклад, у зьвязку зь фінансавым аспэктам беларуска-расійскай інтэграцыі: “Не задавальняе беларускую эліту і іншае — непазьбежнае надзяленьне Цэнтрабанку Расіі новым прававым статусам, улучна з правам беспасярэдняга распараджэньня фінансавымі патокамі, нерухомасьцю на ўсёй саюзнай тэрыторыі, улучна, натуральна, з тэрыторыяй Рэспублікі Беларусі”; толькі пры канцы артыкулу тэма гэтая гучыць надзвычай завойстрана: “Існуючыя рэзкія, часам незамірэнчыя супярэчнасьці паміж палітычнымі элітамі Расіі і Беларусі робяць парлямэнцкі шлях усталяваньня канстытуцыйных асноваў Саюзнай дзяржавы адзіна магчымым”). Галоўным жа прадстаўніком новых беларускіх элітаў уваччу Масквы ёсьць Аляксандар Лукашэнка.
4. У сытуацыі сутыкненьня і канфлікту жыцьцёва важных інтарэсаў менскіх і маскоўскіх элітаў Лукашэнка дагэтуль перайграваў Маскву, навязваючы ёй свой уласны, беларускі сцэнар інтэграцыі. Выкарыстоўваючы традыцыйную савецкую рыторыку і фразэалёгію, яму ўдавалася знаходзіць пачуцьцёвы водгук і падтрымку сярод расійскіх палітыкаў і бізнэсоўцаў. Артыкул Аляксандра Фадзеева досыць відавочна паказвае, што “эмацыйная” прывабнасьць беларускага прэзыдэнта прынамсі ў расійскіх “апініятворчых” колах рэзка ідзе на спад. Ужо цяпер яму пачынаюць выстаўляць рахункі. Здаецца, яшчэ момант, і для Масквы Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка станецца больш небясьпечны за Леаніда Данілавіча Кучму. Пра канфлікт беларускага і расійскага сцэнароў інтэграцыі трэба сказаць некалькі словаў асобна. Як вынікае зь “Пяцёх гадоў яднаньня...”, для расійцаў інтэграцыя — гэта фактычна рэкалянізацыя, культурна-эканамічнае паглынаньне з абавязковай заменай “мясцовай адміністрацыі” на прызначаную з імпэрскага цэнтру. І ня важна напачатку, поўнай ці частковай будзе гэтая замена. Імпэратывам “інтэграцыі па-расійску” ёсьць аслабленьне юрыдычнай і фінансавай самастойнасьці “інтэграванай тэрыторыі” пры захаваньні і павелічэньні культурнага і інфармацыйнага ўплываў, а таксама стварэньне сьпярша фармальна наддзяржаўных органаў, якія зь цягам часу могуць перарасьці ў органы адзінай дзяржавы. Стаўкі Масквы пры такой інтэграцыі вельмі высокія — яе посьпех будзе азначаць ня столькі зьліцьцё дзьвюх “старых” дзяржаваў у адну “новую”, колькі ператварэньне народаў-насельнікаў гэтых дзяржаваў у адну новую “супэрнацыю” (“Галоўнае — грамадзяне расійска-беларускай дзяржавы паступова прыйдуць да ўсьведамленьня сябе як адзінага народу (вылучэньні нашы — Аўт.), які мае права і магчымасьць мець свой парлямэнцкі орган”, — рэжа з пляча Аляксандар Фадзееў). У выпадку Беларусі, апрача культурнай катастрофы і адміністрацыйнай сумятні, рэалізацыя расійскага сцэнару інтэграцыі на практыцы азначала б разбурэньне сфармаванай сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня Рэспублікі Беларусі, якой бы яна ні была, кардынальную ломку існуючых дачыненьняў улады і ўласнасьці (нагадаем ужо працытаванае: “Не задавальняе беларускую эліту і іншае — непазьбежнае надзяленьне Цэнтрабанку Расіі новым прававым статусам, улучна з правам беспасярэдняга распараджэньня фінансавымі патокамі, нерухомасьцю (вылучэньне наша — Аўт.) на ўсёй саюзнай тэрыторыі, улучна, натуральна, з тэрыторыяй Рэспублікі Беларусі”). Тэма жудаснай неэфэктыўнасьці беларускага дзяржаўнага апарату ў развагах маскоўскіх аналітыкаў таксама прысутнічае не дарма. Так, ува ўжо згаданым артыкуле Фадзеева “Пэрспэктывы прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2001 г. і нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы Расіі” ўтрымліваецца цэлы шэраг нападак на беларускі дзяржаўны апарат: “Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў дзяржаўны апарат Рэспублікі Беларусі, пры наяўнасьці пэўнай кагерэнтнасьці і згуртаванасьці, пакуль не праяўляе здольнасьці да разуменьня вайстрыні паўсталых перад ім заданьняў, а асобныя ідэалягемы, якімі ён кіруецца, не ўяўляюць сабой адзінай і закончанай ідэалягічнай сыстэмы. Непасьлядоўнасьць у дзеяньнях органаў улады ў шмат чым як і раней тлумачыцца боязяй прыняцьця канчатковых рашэньняў, што сьведчыць, перадусім, пра пераходны (вылучэньне наша — Аўт.) характар самой дзяржаўнай улады, якая знаходзіцца на пэўнай стадыі на шляху да канчатковай сыстэмнай інстытуалізацыі”. З такога роду аналітычных канструкцый вынікае, што “канчатковая сыстэмная інстытуалізацыя” беларускага дзяржаўнага апарату можа адбыцца толькі пры пераходзе дзяржаўнай улады ў іншую якасьць — марыянэткавай каляніяльнай адміністрацыі, у сфэру кампэтэнцыі якой не ўваходзяць ні фінансавыя, ні прававыя пытаньні. Як не ўваходзяць пытаньні ваеннага будаўніцтва, аховы мяжы, мытнай і фіскальнай палітыкі*. * Ці трэба дадаваць, што галоўная мэта навязьлівай нэгатыўнай крытыкі эканамічнага курсу беларускіх уладаў пры адначасовай завышанай ацэнцы расійскіх гаспадарчых ператварэньняў у гэтым кантэксьце перадусім палягае ў “выкрываньні” неэфэктыўнасьці беларускага дзяржаўнага апарату да кіраваньня краінай, няздольнасьці беларускіх элітаў ажыцьцяўляць дзейсны макраэканамічны мэнэджмэнт. Апошні паводле часу аналіз Аляксандра Фадзеева — “Беларуская эканоміка ў год выбараў прэзыдэнта”, большая частка якога была перадрукавана газэтай “Наша Ніва”, не пакідае ў гэтым жадных сумлеваў: “Рэспубліканскае кіраўніцтва вырашэньне сваіх эканамічных праблемаў напярэдадні выбараў зьвязвае ў апошні час з атрыманьнем ільготных крэдытаў або ад багатых арабскіх краінаў, у прыватнасьці, пэўныя надзеі пакладаюцца на Кувэйт, або на Кітай. Пра сур’ёзную рэформу ў сфэры эканомікі пакуль няма мовы”. З гледзішча Масквы незалежнасьць Беларусі захоўваецца фактычна дзякуючы апартунізму беларускай намэнклятуры, а не рашучасьці прадстаўнікоў беларускай апазыцыі ці непадкупнасьці дзеячоў беларускай культуры (хаця ў гэтым ёсьць момант правакацыі і прапаганды — каб усяляк прынізіць ролю апошніх у палітычным жыцьці Беларусі; Маскве выгадна разглядаць іх як статыстаў у гульні зь вялікімі стаўкамі, у якой удзельнічаюць сапраўды сур’ёзныя асобы). Беларуская намэнклятура як носьбіт рэальнай незалежнасьці Беларусі — гэтая рэальнасьць яшчэ не ацэненая беларускімі аналітыкамі як мае быць. Заканамерна, што расійскі сцэнар інтэграцыі цішком сабатуецца беларускімі ўладамі на самым высокім узроўні. Ня выключана, што ціхі сабатаж напаткае і тыя новыя інтэграцыйныя ініцыятывы, якія, як вынікае з артыкулу Аляксандра Фадзеева, Расія рыхтуецца прапанаваць ужо ў найбліжшай будучыні. |
5. Самым пэрспэктыўным кірункам інтэграцыі, на думку Фадзеева, павінна стаць уніфікацыя канстытуцыйнага і інш. заканадаўства дзьвюх краін. Як ён піша, “час зразумець, нарэшце, што нельга ажыцьцявіць захады вайсковага будаўніцтва ў саюзнай дзяржаве без папярэдняга рашэньня галоўных палітычных і канстытуцыйных пытаньняў, якія пяць год настойліва ігнараваліся”. Фадзееў схільны акурат у роўніцы права бачыць прычыну таго, што буксуе вайсковая інтэграцыя паміж Расіяй і Беларусяй (“Гэтыя цудоўныя дакумэнты... не маглі быць рэалізаваныя з той простай прычыны, што аб’ектыўна патрабавалі зьмены нацыянальных канстытуцыяў Расеі і Беларусі, вайсковага заканадаўства і іншых законаў абедзьвюх дзяржаваў”). Але што там ні гаварылася, уніфікацыя канстытуцыйнага і інш. заканадаўства для Масквы — гэта інтэграцыйная пэрспэктыва, так бы мовіць, першага ўзроўню. Расійскі сцэнар інтэграцыі будзе рэалізаваны толькі пры ўмове вырашэньня інтэграцыйнай задачы другога ўзроўню — ліквідацыі прэзыдэнцкай формы дзяржаўнага кіраваньня ў Беларусі ў такім выглядзе, у якім яна склалася за апошнія 7 гадоў. Чаму? Давайце зноў учытаемся ў аналізаваны тэкст. На першы погляд, Аляксандар Фадзееў нават робіць Лукашэнку такі сабе рэвэранс. Ён, напрыклад, піша: “Яшчэ адзін вузел застарэлых супярэчнасьцяў паміж Расеяй і Беларусяй хаваецца ў сфэры рэгуляваньня працэсу руху капіталаў. Увесь папярэдні досьвед у дадзеным пытаньні — нэгатыўны. Беларускі бок з зайздроснай упартасьцю адхіляе ўдзел расейскіх дзелавых колаў у прадпрымальніцтве і, тым больш, набыцьці імі акцый суб’ектаў гаспадараньня на сваёй тэрыторыі. Выключэньні, праўда, адзначаны адносна прамых інвэстыцыйных уліваньняў і прадастаўленьня крэдытных лініяў пад кантролем нават ня ўраду, а непасрэдна прэзыдэнта” (вылучэньні нашы — Аўт.). Аднак на гэтым усе пазытыўныя знакі ўвагі да першага прэзыдэнта Беларусі і канчаюцца. Больш за тое, расійскі аўтар пачынае раскідвацца яўнымі інвэктывамі: “Відавочна, палітычныя вярхі Расіі і Беларусі пакуль не гатовыя да фармаваньня саюзнай дзяржавы”. У гэтым кантэксьце пачынае зусім інакш гучаць кагадзе працытаванае: “Час зразумець, нарэшце, што нельга ажыцьцявіць захады вайсковага будаўніцтва ў саюзнай дзяржаве без папярэдняга рашэньня галоўных палітычных (вылучэньні нашы — Аўт.) і канстытуцыйных пытаньняў, якія пяць год настойліва ігнараваліся”. Насамрэч першае і апошняе палітычнае пытаньне для расійскага пляну інтэграцыі — як хутка і эфэктыўна зьнішчыць сыстэму прэзыдэнцкай улады на Беларусі. І гэта адкрыта цьвердзіць расійскі аналітык Фадзееў: “Насамрэч прычына [інтэграцыйных праблем] заключаецца ў іншым: у цяперашніх канстытуцыях Расійскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусі ўстаноўлена і замацавана адна форма дзяржаўнага кіраваньня — прэзыдэнцкая. Адсюль і ўся арганізацыя сыстэмы вышэйшых органаў дзяржаўнай улады, дзе прыярытэт, натуральна, аддадзены прэзыдэнту, як кіраўніку дзяржавы. Таму меркаваць, што ў гэтых рэаліях зьмены ў нацыянальных канстытуцыях і прыняцьцё саюзнай канстытуцыі будуць праходзіць гладка і лёгка, а адпаведны рэфэрэндум абвесьцяць заўтра — небясьпечная і вялікая аблуда”. Разгорнем гэты тэзыс: павелічэньне ўладных паўнамоцтваў беларускага прэзыдэнта азначае запаволеньне інтэграцыйных працэсаў, і наадварот*. * Зь іншага боку, ад палітычнай сьмерці для Масквы Лукашэнку ратуе беларуская апазыцыя. Яе ўзмацненьне пацягне за сабой павелічэньне падтрымкі Расіі асабіста Лукашэнкі і створанага ім рэжыму.
6. Чаму ж нарастае адчужэньне паміж Лукашэнкам і новымі расійскімі элітамі? Паспрабуем выясьніць прычыны гэтай нелюбосьці эканамічнымі чыньнікамі. Як мы кагадзе высьветлілі, для расійцаў інтэграцыя зь Беларусяй — гэта перадусім культурна-эканамічная экспансія. Прычым новыя расійскія эліты зацікаўленыя ў гэтым эканамічным складніку экспансіі / інтэграцыі ня менш, а можа нават больш, чым у экспансіі культурнай, бо эканамічная дамінацыя стварае трывалае заплечча для рознага роду культурных ініцыятываў. Расійская спэцыфіка такая, што ў гэтай краіне палітыка цесна зьвязаная з эканомікай. Адзін зь фігурантаў гэтага аналізу Канстанцін Затулін адначасова буйны расійскі бізнэсоўца. У свой час ён быў арганізатарам і кіраўніком шэрагу камэрцыйных структур, у прыватнасьці, заснавальнікам і кіраўніком Маскоўскай таварнай біржы, сталым чальцом яе біржавога камітэту, а таксама прэзыдэнтам “Міжнароднага Біржавога і Гандлёвага Саюзу”. Капітал новых расійскіх элітаў быў сфармаваны ў выніку глыбокага ператварэньня існуючых эканамічных адносінаў у краіне, выкліканага, у прыватнасьці, прыватызацыяй дзяржаўнай уласнасьці. Атрымаўшы капітал за досыць хуткі адцінак часу, часта неправавым ці напаўлегальным чынам, новыя расійскія капіталісты імкнуцца выкарыстоўваць яго з максымальнай аддачай. Павелічэньне прыбытку пры выкарыстаньні капіталу зьвязваецца імі з пашырэньнем абсягу яго дзеяньня (як тут не прыгадаць клясычную формулу Маркса: “Патрэба пастаяннага павелічэньня рынку дзеля збыту сваіх тавараў гоніць буржуазію па ўсёй плянэце”)**. **Уздым расійскай прамысловасьці, абумоўлены павелічэньнем эканамічнага значэньня расійскага малога і сярэдняга бізнэсу, ужо цяпер павышае прывабнасьць беларускага рынку для збыту расійскай прадукцыі. Гэта істотна зьмяняе балянс сілаў, бо калі раней інтэграцыю інсьпіраваў дзяржаўна-манапалістычны капітал сыравіннай і вайскова-прамысловай галінаў народнай гаспадаркі, то цяпер інтарэс у інтэграцыі пачынае сыходзіць зьнізу, з боку непараўнальна меншых суб’ектаў гаспадараньня. Хаця, калі па шчырасьці, Аляксандар Фадзееў выдае жаданае за сапраўднае, калі ў нарысе “Перадвыбарная сэнсацыя” піша: “Цяпер як ніколі відавочна, што беларускія вытворцы прайграюць у канкурэнтнай барацьбе ня толькі заходнім імпарцёрам, але і расійскім пастаўнікам, якія літаральна запоўнілі рынак Беларусі таннымі і якаснымі таварамі, выцесьніўшы зь яго шэраг традыцыйных, айчынных”. Аднак ход яго думкі вельмі паказальны. У артыкуле Фадзеева ёсьць момант, ключавы для разуменьня таго, чаму павялічваецца дыстанцыя паміж беларусім прэзыдэнтам і расійскімі бізнэс-коламі. Зьвернемся яшчэ разу да прыведзенага кагадзе фрагмэнту: “Яшчэ адзін вузел застарэлых супярэчнасьцяў паміж Расіяй і Беларусяй хаваецца ў сфэры рэгуляваньня працэсу руху капіталаў. Увесь папярэдні досьвед у дадзеным пытаньні — нэгатыўны. Беларускі бок з зайздроснай упартасьцю адхіляе ўдзел расійскіх дзелавых колаў у прадпрымальніцтве і, тым больш, набыцьці імі акцый суб’ектаў гаспадараньня на сваёй тэрыторыі. Выключэньні, праўда, адзначаны адносна прамых інвэстыцыйных уліваньняў і прадастаўленьня крэдытных лініяў пад кантролем нават ня ўраду, а непасрэдна прэзыдэнта”. Як для даўнага бээсэсэраўскага нацыяналіста, любы іншаземны капітал для Лукашэнкі аднолькава чужы. Сваім абраньнем на пасаду прэзыдэнта ён абавязаны перадусім лёзунгам сваёй перадвыбарчай кампаніі, якія абвяшчалі ўсямерную падтрымку буйной і сярэдняй беларускай прамысловасьці. За гады свайго прэзыдэнцкага кіраваньня Лукашэнка, як яму здавалася, рабіў усё, каб забясьпечыць яе больш-менш стабільнае функцыянаваньне. З гэтай стабільнасьцю ён зьвязвае і шанцы на сваё палітычнае выжываньне ў будучым. Дапушчэньне буйнога расійскага капіталу — такім, якім ён ёсьць — на нутраны беларускі рынак для Лукашэнкі было б раўназначнае палітычнаму самагубству. Як і рэалізацыя расійскага пляну інтэграцыі, гэта б пацягнула за сабой новы перадзел уласнасьці, зьмяненьне рамкавых умоваў гаспадараньня і, што найважнейшае, непрадказальную рэструктурызацыю народнай гаспадаркі Беларусі, выкліканую яе падгонкай да патрэбаў расійскага, а не беларускага рынку. На практыцы гэта прывяло б да масавага банкруцтва беларускіх заводаў і фабрык, да рэзкага ўзросту беспрацоўя і г. д. А эканамічныя катаклізмы непазьбежна справакавалі б катаклізмы сацыяльныя, што ў выніку істотна б звузіла сацыяльную базу падтрымкі цяперашняга беларускага рэжыму і, магчыма, паставіла крыж на самой ідэі інтэграцыі з Расіяй, так па-свойму дарагой Лукашэнку. |
7. Фадзееўскі аналіз паказвае, наколькі агрэсіўныя мэты ў дачыненьні да Беларусі можа перасьледаваць новая расійская адміністрацыя*. Крывавая разьніна ў Чачні, здушэньне апазыцыйных расійскіх СМІ — гэта, можа быць, толькі першыя этапы доўгатэрміновага пляну, пакліканага павялічыць прэстыж дзяржаўнай улады Расійскай Фэдэрацыі**. * Паказальна, што адзін з апошніх указаў Пуціна, які ўводзіць рэжым лібэралізацыі для вывазу капіталу ў краіны СНД, застаўся зусім незаўважаным у беларускіх мэдыях. ** Заходняму назіральніку такая пастаноўка пытаньня можа здацца посткаляніяльнай абсэсіяй. Насамрэч, ці не запомніцца Ўладзімер Пуцін яго сучасьнікам як ініцыятар маштабнай мадэрнізацыі розных сфэраў жыцьця Расійскай Фэдэрацыі. За няпоўныя два гады свайго кіраваньня ён запачаткаваў рэформу мэдычнага абслугоўваньня і пэнсійнай сыстэмы, канстытуцыйнага ладу, партыйнай, падатковай сыстэмы і г. д. Экспансіянізм жа, якім стала характарызавацца замежная палітыка Крамлю, заўважны адно ў рэгіёне, у якім толькі аслабленая глыбокім унутраным крызысам Расія і здольная праяўляць актыўнасьць — на абшарах СНД і насамперш ува Ўкраіне і Беларусі. Так і не засвоіўшы горкага гістарычнага досьведу, Расія вяртаецца ў Беларусь у якасьці агрэсіўнай імпэрскай сілы, якая для дасягненьня сваіх стратэгічных, “вселенскіх” мэтаў гатовая паступацца народамі і культурамі, дзяржавамі і грамадзтвамі... Тое, што гэта раней ці пазьней адбудзецца, Лукашэнка, відаць, цьмяна вычуваў яшчэ ў сярэдзіне 90-ых. Сапраўды, часам здаецца, што распачаты беларускім лідэрам працэс інтэграцыі — гэта ня што іншае, як гульня на апярэджаньне, а выйгранкай у гэтай гульні — каналізацыя народнай энэргіі ў патрэбным для беларускай дзяржавы рэчышчы. Каб раскрыць сутнасьць беларускага сцэнару інтэграцыі, важна адказаць на адно прынцыповае пытаньне: ці была яна абумоўленая аб’ектыўным запатрабаваньнем беларускага грамадзтва, ці ўсё ж гэта idée fixe першага беларускага прэзыдэнта? Як паказваюць апытаньні, праведзеныя незалежнымі сацыялягічнымі агенцыямі, стаўленьне беларускіх грамадзянаў да інтэграцыі паміж Расіяй і Беларусяй дастаткова пазытыўнае. Ува ўсякім разе, колькасьць тых, хто выступае супраць яе або пакуль яшчэ вагаецца, значна саступае колькасьці яе безумоўных прыхільнікаў. Гл., напрыклад, табліцу* на наступнай старонцы. * Дадзеная табліца створана на падставе апытаньня, праведзенага 21.09.2000. Як паведамляе агенцыя Белапан, згодна з сацыялягічным апытаньнем НІСЭПД, у сакавіку 2001 г. за саюз Расіі і Беларусі выступала 59 % жыхароў Беларусі. Як бачым, ідэя карыстаецца вялікай сацыяльнай падтрымкай нязьменна, хаця тое ж самае апытаньне паказала, што меншыня беларусаў выказваецца за зьліцьцё Расіі і Беларусі ў адну дзяржаву. Таксама зварачаем увагу на ваганьне лічбы прыхільнікаў Саюзу. Тое, што палітыка збліжэньня з Расіяй увогуле адпавядае цяперашнім запатрабаваньням беларускага грамадзтва, выразна ўсьведамляе кааліцыя апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі, т. зв. “пяцёрка”. У супольна прынятай праграме яна заявіла, што інтэграцыйныя захады ў рамках “Саюзу дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў” будуць працягнутыя ў выпадку абраньня апазыцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта краіны. Нэгатыўная рэакцыя на гэткага роду заяву сакратара Сойму БНФ Вячаслава Сіўчыка і прэс-сакратара Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Валер’я Буйвала толькі дадала грамадзкай падтрымкі гэтай апазыцыйнай кааліцыі — масавай сьвядомасьці беларускіх грамадзян цяпер навязваецца думка, што агрэсіўныя, прагныя рэваншу нацыяналістычныя сілы і кандыдаты на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратычнай грамадзкасьці ніяк міжсобку не зьвязаныя**. ** У гэтую схему цудоўна кладзецца кладзецца той растыражаваны беларускімі мэдыямі і на першы погляд алягічны факт, што ўзначаленая Станіславам Шушкевічам Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада пастанавіла прыпыніць сваё членства ў Каардынацыйнай Радзе Дэмакратычных Сілаў датуль, пакуль яе члены “ня зоймуць прынцыповай пазыцыі ў дачыненьні да дзяржаўнага сувэрэнітэту і кандыдатаў у прэзыдэнты, якія выступаюць за саюз Расіі і Беларусі”, а таксама падтрымаць вылучэньне кандытатам у прэзыдэнты Зянона Пазьняка. |
8. Задуманы афіцыйнымі беларускімі ўладамі і ўпаасобку першым беларускім прэзыдэнтам уласны сцэнар інтэграцыі істотна розьніцца ад расійскага. Калі расійцы пры дапамозе інтэграцыйных працэсаў імкнуцца захапіць новыя эканамічныя прасторы, то беларусы, наадварот, імкнуцца захаваць эканамічны статус-кво. Іншымі словамі, інтэграцыя для беларусаў мае служыць перадусім кансэрвацыі існуючай структуры эканомікі і дачыненьняў уласнасьці, адпаведнай ёй палітычнай сыстэмы Беларусі, а таксама ідэалягічным мэтам (сацыяльнай мабілізацыі). Рэалізацыя беларускага сцэнару інтэграцыі была шмат у чым прадвызначана асобай прэзыдэнта Лукашэнкі. Фактычна, ён першы з буйных беларусіх палітыкаў парваў з савецкім мінулым і пачаў арыентавацца на жывы беларускі палітычны рынак, тым часам некаторыя палітыкі адраджэнскай арыентацыі перабывалі і часам яшчэ дагэтуль перабываюць у стане агрэсіўнага інфантылізму — замест таго, каб адаптаваць свае палітычныя праграмы да запытаў беларускага грамадзтва, яны каторы ўжо год спрабуюць падагнаць беларускае грамадзтва да сваіх нібыта ўнівэрсальна-эўрапейскіх палітычных праграмаў. Ідэал палітыка вачыма Лукашэнкі — быць унутраным голасам кожнага простага беларуса. Любы больш-менш сур’ёзны сацыяльны запыт спараджаў сустрэчную прапанову — найчасьцей адэкватную попыту. Сёлета, у год прэзыдэнцкіх выбараў, улада ідзе нават на яўнае самапрыніжэньне, патураючы найменшым грамадзкім прыхамацям. Каб забясьпечыць як мага большую прыхільнасьць свайго электарату, Лукашэнка пераўзышоў самога сябе — ён распарадзіўся перанесьці на пазьнейшы тэрмін набор у войска (каб хлопчыкі пасьпелі здаць уступныя іспыты ў ВНУ) і амаль удвая зьменшыць тэрмін адключэньня гарачай вады, зьвязанага з правядзеньнем прафіляктычных работаў на цепласетках. Няма сумлеву, людзі гэта ацэняць. Існуючы ў беларускім грамадзтве запыт на інтэграцыю Лукашэнка і задавальняе вось ужо сем гадоў. Аднак задавальняе з улікам спэцыфічных беларускіх інтарэсаў, што цяпер больш і больш раздражняе Маскву. Беларускі сувэрэнітэт ператварыўся ў сутнасьці ў палітычную валюту Лукашэнкі, зь якой ён зьвязвае свае надзеі на адносна бяскрызыснае існаваньне створанага ім рэжыму. Не выпадкова сваёй сёлетняй прамове да дэпутатаў беларускага парлямэнту ён даў назоў “Краіна канчаткова аформіла сваю дзяржаўнасьць і набыла рэальны сувэрэнітэт” (адкрываюць і закрываюць прамову проста нацыяналістычныя цьверджаньні: “Апошнія гады XX стагодзьдзя можна з поўным правам назваць эпахальнымі ў гісторыі нашага народу. Беларусь канчаткова аформіла сваю дзяржаўнасьць і набыла рэальны сувэрэнітэт. Найважнейшае, што мы з вамі зраблілі, — мы збудавалі сваю дзяржаву з усімі атрыбутамі гэтай дзяржавы” і, адпаведна, “Беларусь павінна стаць магутнай працьвітаючай дзяржавай”). Пры гэтым Лукашэнка вульгарна зьвязвае паняцьце “сувэрэнітэту” з “выбудовай дзяржавы”, а не з культурнай самастойнасьцю ці нацыянальнай згуртаванасьцю. Працаваць і лічыцца ня столькі з культурнымі прэфэрэнцыямі, колькі са спажывецкімі настроямі — такі ляйтматыў яго палітычнай дзейнасьці. Разбуральная культурная палітыка, якая пасьлядоўна праводзіцца беларускім прэзыдэнтам з часу яго абраньня на гэтую пасаду, з усёй відавочнасьцю паказвае, што ён зрабіў адназначны выбар на карысьць пабудовы ў краіне “палітычнай” або “этатысцкай” нацыі, заснаванай на атаесамленьні яе чальцоў зь дзяржавай і яе атрыбутамі, а не “культурнай” нацыі, заснаванай на моўнай і культурнай супольнасьці, адзінстве гістарычнага паходжаньня і г. д. Гэткага роду палітыка спарадзіла і спараджае моцнае адчужэньне паміж інстытутамі дзяржаўнай улады і асяродзьдзямі беларусаў з моцным нацыянальна-культурным этасам. Не сакрэт, што самі гэтыя інстытуты і іх абмеркаваньне ў названых асяродзьдзях усё часьцей стаюцца табуяванай тэмай. Але калі мы хочам, каб рэжым Лукашэнкі з доўгай гістарычнай пэрспэктывы ўспрымаўся ўсяго толькі як плаўны пераход ад савецкага таталітарызму да беларускай дэмакратыі, неабходна нацыяналізаваць калі не самога Лукашэнку, дык прынамсі пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі.
9. Сваім правакацыйным тэкстам Аляксандар Фадзееў перш за ўсё прыцягвае ўвагу да таго відавочнага для яго факту, што інтэграцыя пачала разьвівацца па непажаданым для Расіі сцэнары. Артыкул падштурхоўвае да думкі, што драма Лукашэнкі палягае ў тым, што ён ня можа перайсьці нейкай нутраной мяжы, што ён не марыянэтка па натуры. Аднак зь беларускага гледзішча ўсё выглядае іначай. Сапраўдная трагедыя, якая разгортваецца перад намі, палягае ў лабавым, здаецца, нават сьмяротным сутыкненьні “старых постсавецкіх” (якія кансалідуе Аляксандар Лукашэнка) і “новых незалежніцкіх” элітаў, у іх узаемным непрызнаньні і ігнараваньні, у іх некансалідаванасьці*. * Тут трэба асобна зацеміць, што аўтар, натуральна, не заклікае апошніх ісьці на калябарацыю зь першымі, а падкрэсьлівае той відавочны для яго факт, што ў выпадку прыходу прадстаўнікоў апошніх да ўлады ім непазьбежна давядзецца выкарыстоўваць першых для нармальнага функцыянаваньня дзяржаўнага апарату. Таму ўжо цяпер важна задумацца над тым, на якія праграмы і лёзунгі магла б купіцца старая савецка-постсавецкая намэклятура. Як выяўляецца, і першыя, і другія кроўна зацікаўленыя ў захаваньні незалежнасьці Беларусі. Аднак паміж імі ляжыць сапраўдная прорва, выкліканая ня толькі сьветагляднымі ці ідэалягічнымі опцыямі, але і больш празаічнымі прычынамі. Як ні банальна гэта гучыць, але незалежніцкія эліты — зьява параўнальна новая для палітычнай гісторыі Беларусі. На сацыяльнай сцэне яны зьявіліся толькі пару дзесяцігодзьдзяў таму назад. Таму спрафанізаваная сьвядомасьць шырокіх народных масаў дагэтуль успрымае іх як нешта штучнае, чужароднае,“не-сваё”. Сапраўды, як і скуль у зрусіфікаваным да апошняга дзіцяці грамадзтве могуць масава паўставаць носьбіты іншай мовы і іншай культуры? Гэтую пазыцыю, пашыраную ў пэўных слаёх нашага грамадзтва, часам войстра фармулюе Лукашэнка, абвінавачваючы беларускую апазыцыю (чытай: усё незалежнае беларускае грамадзтва) у страшным граху залежнасьці ад вонкавых крыніц дапамогі. На пытаньне, як палітычныя партыі і іх лідэры, культурныя ініцыятывы, грамадзкія рухі могуць існаваць доўгія гады безь дзяржаўнай падтрымкі, спрафанізаваная сьвядомасьць ня можа даць іншага адказу. Натуральна, кансалідаваныя Лукашэнкам старыя эліты цураюцца новых элітаў ня толькі таму, што апошнія паўсталі параўнальна позна і яшчэ да канца не засьведчылі сваёй палітычнай вагі. Супрацьстаяньне паміж імі мае рысы ідэалягічнага канфлікту і можа разглядацца як сутыкненьне двух нігілізмаў. Сытуацыя нігілізм versus нігілізм: нігілізм лукашэнкаўцаў зьвязаны зь іх чыста ўтылітарным, спажывецкім стаўленьнем да беларускай культуры (якая да апошняга часу заставалася асноўным элемэнтам калектыўнай самаідэнтыфікацыі беларусаў) у яе неспрафанізаваных праявах і абумоўлены проста-ткі абагаўленьнем “эканамічнага базысу”*. Нігілізм “адраджэнцаў” матываваны іх сьвядомай адмовай прызнаваць хоць якія эканамічныя дасягненьні і нават рэальнасьці Беларусі і, як вынік, ролю ў гэтых дасягненьнях дзяржаўнага апарату (адзін з самых плённых беларускіх філёзафаў Аляксандар Грыцанаў у “Белорусской газете” цалкам сур’ёзна гаворыць пра “дэбільную эканамічную палітыку беларускіх уладаў”; зрэшты ня ён адзін); сам дзяржаўны апарат і яго ўладкаваньне выклікае ў іх незьлічоныя фрустрацыі; надзеі на будучыню яны, як правіла, зьвязваюць толькі з дапамогай звонку. * У сваім нядаўным тэксьце “Беларусь у кантэксьце глябалізацыі”, апублікаваным у № 12 за 2000 год маскоўскага часопісу “Обозреватель”(http://www.nasledie.ru/oboz/N12_00/INDEX.HTM), Міхаіл Мясьніковіч яшчэ раз расставіў па месцах “рэальныя прыярытэты беларускай улады”: “Базысны інтарэс Беларусі — стварэньне сучаснай постіндустрыйнай эканомікі, устойлівай сыстэмы палітычнай дэмакратыі, сапраўды грамадзянскай супольнасьці, якая захоўвае і павялічвае найлепшыя культурныя традыцыі нашага народу”. Сем гадоў лукашэнкаўскага кіраваньня дапамаглі нам усім лепш зразумець, што такое беларускае грамадзтва, з чаго яно складаецца і чым яно кіруецца. Будзе фатальнай памылкай, калі гэты неацэнны досьвед ня будзе скарыстаны цяпер, калі засталося так мала часу да новых прэзыдэнцкіх выбараў. Ня трэба баяцца пераймаць ад Лукашэнкі** таго, чым ён заслужыў гарачую любоў і падтрымку значнай часткі беларускага народу — пільнай увагі да яго рэальных, надзённых справаў і клопатаў, часам вельмі нязвычных для чалавека з эўрапейскай адукацыяй і эўрапейскім ладам мысьленьня. У сваёй дзейнасьці апазыцыйныя палітыкі абавязкова мусяць выкарыстоўваць і расійскую тэму. Геапалітычнае і нацыякультурнае становішча Беларусі сьведчыць, што расійская карта мусова будзе разыгрывацца беларускімі палітыкам яшчэ многа дзясяткаў гадоў. ** Цяпер ня час і ня месца асэнсоўваць ролю і значэньне Лукашэнкі ў найноўшай гісторыі Беларусі. Але, відаць, усе пагодзяцца з тым, што гэтая асоба навязала значнай частцы беларускага грамадзтва ўяўленьне аб тым, якім павінен быць сучасны палітычны дзеяч. У сёньняшніх варунках даводзіцца лічыцца з гэткага роду іміджам. Лукашэнка — палітык са страшнай воляй да ўлады. Перамагчы яго можна, толькі выявіўшы такую ж самую якасьць. З гэтым зьвязана найважнейшая аблуда супернікаў Лукашэнкі, якая ўжо цяпер даецца ім у знакі: перадвыбарчай праграме цяперашняга беларускага лідэра нельга супрацьстаўляць “навукова ўзважаную”, “палітычна карэктную” “канструктыўную” праграму дзеяньняў. Адным словам, посьпех прыйдзе толькі тады, калі будуць задзейнічаныя ўсе рэгістры беларускай душы.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (17) – 2001 |
|
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |