A R C H E | S k a r y n a | №
3 (17) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АЛЕСЬ ЭРОЦІЧ | |||||
|
Алесь Эроціч |
беларускі мастак-нонканфарміст. У 90-ых заснаваў у Менску мастацкую суполку "Галіна", галерэю "Шостая лінія" і тэатар "Сталёвы аргазм". Аўтар артыкулу "Беларускі стрыптыз" у ARCHE-Парнаграфіі. З 1999 году стала жыве ў Бэрліне. |
Уночы ў Кройцбэргу ўсё нагадвае сон энтамоляга, няма ні ўчора, ні заўтра. Будынкі са сьлядамі чалавечае фанабэрыі. Вуліцы зь мёртвымі каналамі, што цягнуцца бясконца і не вядуць нікуды. Ліхтары праціраюць вочы ў заспаных падваротнях са старасьвецкімі вадакалёнкамі ў вітых чыгунных балясах. Тут пачынае дзейнічаць нешта падобнае да таго, што складае для чалавека магію любое даўніны, любой руіны ці помніка: таямнічая прыцягальнасьць мінулага часу, які прыносіць разбурэньні. Але й надае вартасьць усяму таму, што астоілася. Стагодзьдзі наплываюць з глыбокага сну сьпячай Шпрэе. Кройцбэрг — адзін з найстарэйшых раёнаў Бэрліна. Ён існаваў ужо тады, калі яшчэ не было Neukolln, Tempelhof, Schöneberg і інш. Яго будавалі надзейна і грунтоўна з каменя і бэтону дужыя вусатыя нямецкія дзецюкі, якія глядзяць на нас са старых фатаздымкаў. А пабудаваўшы, сышлі ваяваць за справу кайзэра… І не вярнуліся. Не вярнуліся таксама іх дзеці і ўнукі ўжо з наступнай вайны, склаўшы галовы за справу фюрэра. І цяпер у іх дамох жывуць аўслэндэры. У Кройцбэргу ёсьць вуліцы са стопрацэнтова ненямецкім насельніцтвам. Даведайся пра гэта Гітлер, ён бы перавярнуўся ў труне. Кройцбэрг — гэта эклектыка ў архітэктуры, дзе сарамлівая старадаўнасьць часта суседзіць з навязьлівым мадэрнам. Калі ідзеш старымі вулкамі, так і хочацца парасьпіхаць дамы, пабачыць, што ў іх там унутрах. Шкада толькі, што Potsdamer Platz, гэтая лябараторыя сучаснай архітэктуры, сёньня не ўваходзіць ужо, як і Tiergarten, у Кройцбэрг. Раён моцна пацярпеў падчас апошняй вайны. Толькі 3 лютага 1945 году 958 амэрыканскіх бамбавікоў скінулі на раёны Mitte і Kreuzberg 2270 тонаў бомбаў. Некаторыя вуліцы стаяць нібыта са шчарбінамі: шчыльны шэраг дамоў і раптам — пляцоўка для гульняў ці зялёны аазыс паміж імі. Дасталося і кірхам. Некаторыя так і стаяць напаўразбураныя, некаторыя без купалоў. Але кірхі паміраюць ня толькі ад бомбаў. Жыцьцё сыходзіць адтуль, калі няма адказу на актуальныя пытаньні сучаснасьці. І званы тады звоняць дарэмна… Багема Кройцбэргу — самабытная і незвычайная. Гэта зрэалізаваныя і незрэалізаваныя мастакі і літаратары, музыкі і тэатралы, іншагароднія студэнты, палітыкі і нелегалы. Гэтых яго насельнікаў пабачыць ня так і проста. Іх палітычныя, анархічныя, фэміна-лесьбійскія, рэлігійныя і іншыя арганізацыі сядзяць у глыбокім андэграўндзе, схаваўшыся за шыльдамі „Babilonia“, „Wagendorf“ ці проста сьціпла — „Kulturclub“. Каб пазнаёміцца зь імі, вам давядзецца цёплым летнім вечарам заняць месца за столікам у тыповай кройцбэрскай кавярні з паабсыпaнай тынкоўкай, бруднай падлогай і мігатлівымі ў цемры сьвечкамі недзе на Oranienstrasse, Wienstrasse ці Gneisenau. Бліжэй да паўночы яны пачнуць запаўняцца пэрсанажамі, выгляд каторых выкліча мэтамарфозы ў вашай гістарычнай памяці. Лысыя жанчыны і мужчыны з косамі і хвастамі, барадачы да такой ступені, што выраз твару не зразумець ні за што, асабліва калі гэта твар, густа пакрыты колцамі і татуіроўкамі. У вопратцы, што мае музэйную каштоўнасьць, і той, якой, верагодна, мыюць падлогу. Такое адчуваньне, што хтосьці зь іх толькі што пакінуў манаскую цэлю, хтосьці вярнуўся з крыжовага паходу, хтосьці быў сябрам Тыля Ўленшпігеля, а хтосьці — куртызанкай часоў Мапасана. Скальды, пілігрымы, канкістадоры і іншыя флібусцьеры… На тварах у многіх зь іх напісана: „Насамрэч я яшчэ лепшы, я шэдэўр! Але наўрад ці вы лёгка трапіце ў маю прорву…“ Каго толькі ні сустрэнуць у гэтых прыцінах тыя, хто ўцякае ад нуднага правінцыйнага й сямейнага побыту, дзе жыцьцё страціла сюжэт. Ёсьць і другая катэгорыя насельнікаў багемнага Кройцбэргу. Ранкамі на вохэнэд (гэта па-нямецку „ўік-энд“) каля скульптурнага комплексу на Wrangelstrasse часта мільдуецца (тусуецца) яшчэ адна вычварная кодла. Бабы, якім за 60, але ў міні-спадніцах, прыталеных расклёшаных нагавіцах, з глыбокім дэкальтэ, дзядкі зь белымі бародамі, хто ў белай тройцы і белых ботах на высокім абцасе, хто ў скураным прыкідзе з клёпкамі. Стаптаныя капыты ў пыле, шыя заплыла ў галаву, але на „Гарлі Дэвідсанах“… Вэтэраны гіпі і „Вудстаку“, першыя нямецкія рокеры, а можа, і былыя сябры RAF. Першы і апошні рудымэнт свабоды, як яны сябе называюць. Няма нічога больш забаўнага, чымсьці назіраньне за рознага кшталту палітычнымі дэманстрацыямі ў Кройцбэргу. Вось тыповы Першамай. На Oranien Platz зранку ўжо хоць гаць гаці паліцэйскіх машынаў. Polizei, маладыя хлопцы з завушніцамі, некаторыя з бародкамі і ў акулярах, какетнічаюць з будучымі дэманстранткамі. Лысымі, з бугрыстымі галовамі, нібыта зь фільму „Марс атакуе“, татуяванымі так, што нашым паханом і ня сьнілася, і строгімі. Худзенькія дзяўчыняткі-polizei — на галаве коскі, за пасам — вялікія пісталеты — у сваю чаргу какетнічаюць з паважнымі панкамі ў савецкіх вайсковых ботах. Дзесьці ў абед зьяўляецца мноства плякатаў кшталту: „Далоў капіталізм!“, „Далоў эксплюатацыю“ — зь сярпамі й молатамі, элемэнтамі савецкай агітацыйнай графікі 20–30-ых гадоў і тройцай у выглядзе Маркса, Маа і Леніна. Далей суворыя фэміністкі з байранічнай бледасьцю, жывы сымбаль гатоўнасьці пайсьці за ідэю хоць на край сьвету, пачынаюць лекцыю. Магутныя дынамікі перадаюць слухачам гнеўны патас іхных прамоваў аб загнілым капіталізьме, які бязьлітасна гнобіць працоўных, прыпудраных і падрумяненых зь іх падачы. А ў гэты час самі працоўныя, а дакладней непрацоўныя — сацыяльнікі — напампоўваюцца півам і танчаць „рэп“. Бліжэй да вечара жарсьці распальваюцца… і пайшла пісаць губэрня. Камуністы — панкі і анархісты з рознакаляровымі іракезамі на галовах — скандуюць лёзунгі, у тым ліку і ўлюбёны: „Die Arbeit ist Scheise!“. Носяцца з чырвонымі сьцягамі, сікаюць мінаком пад ногі і правакуюць паліцыю на сутычкі. Як і мае быць, сутычкі адбываюцца, самых буяных грузяць у машыны, і абодва бакі разыходзяцца з пачуцьцём выкананага абавязку. Ім, як і нашым „дафіністам“, неістотна, супраць каго і як бунтаваць, абы бунтаваць. Сёньня ён з чырвоным сьцягам, а заўтра — чорна-чырвоным, абы піва не канчалася. Колькі словаў і пра аўтаномную турэцкую рэспубліку „Кройцбэрг“. Тут туркі жывуць так, як і ў сваіх фільмах, — знарочыста экспрэсіўна, з тэатральнымі вулічнымі сцэнамі, дзе любая нязначная праблема разьдзімаецца да памераў слана. Ад раньня і да вечара ў вокнах імбісаў (забягайлавак) відаць вусатых янычараў, што колюць ятаганамі бярвеньні мяса на пожагах. Запрашаюць шыльдамі на турэцкай мове крамы, кавярні і рэстарацыі, кірмашы і дыскатэкі. Зьбіраючы нэктар зь нямецкіх кветак, туркі старанна ігнаруюць усё нямецкае… апроч Sozialamt. У іх свая культура, заснаваная на пурытанстве і „домострое“, свая кухня, свая музыка, свая мода, ад якой жахаюцца фэміністкі. Забаўна глядзець, як турэцкія паненкі ў туга павязаных хустках, задраўшы прыполы доўгіх спадніц, гуляюць у футбол. Ці як паважная маці радзіны, па самыя вочы захутаная ў чорнае, падвозіць свае дзеці ўраньні ў школу. Кажуць, калі адкрыліся межы, жыхароў былой ГДР больш за усё шакавала тое, як многа туркаў носіцца па Кройцбэргу на шыкоўных „Мэрсэдэсах“ і што пры гэтым няма ніводнага „Трабанту“. А што робіцца, калі „Галатасарай“ выйграе! Ува ўсіх турэцкіх кавярнях дым стаўпом і роў чуваць за кілямэтар. На вуліцах усю ноч страляніна, а машыны з турэцкімі сьцягамі ганяюць і сыгналяць безь пярэдыху… І яшчэ пра адну славутасьць Кройцбэргу варта распавесьці. Prinzenbad — тут гэта свайго кшталту Рыўера, Лазурны бераг. Летам тут сыходзіцца бамонд Кройцбэргу сябе паказаць і людзей паглядзець. Тут наладжваюць агледзіны сваіх трафэяў немкі, якія вярнуліся з набегаў у паўднёвыя краіны, тыя немкі, якія ставяцца з пагардай да нямецкіх мужчын. Даволі займальна бачыць, як мамці, абкружаныя дзецьмі і густа пакрытыя татуіроўкамі, у суправаджэньні рознакаляровых бацькоў сямействаў дэфілююць ад басэйну да басэйну, сустракаючыся, шчабечуць, дзеляцца ўражаньнямі… Камю сьцьвярджаў, што самы зручны спосаб пазнаёміцца з горадам — гэта паспрабаваць даведацца, як тут працуюць, як тут кахаюць, як адпачываюць і як паміраюць. Паспрабуйце зрабіць гэта ў Кройцбэргу і вы.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (17) – 2001 |
|
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |