A R C H E S k a r y n a № 3 (17) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

АЛЯКСАНДАР ФАДЗЕЕЎ
Вокладка ARCHE Skaryna 3-2001.

   Мінулыя нумары:

   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Аляксандар Фадзееў
 
Пяць год яднаньня, альбо
Палітычная прахіндыяда


Пяць год таму, 2 красавіка 1996 г., была падпісаная дамова аб утварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі, а найвышэйшая рада гэтага ўтварэньня прыняла рашэньне абвясьціць 2 красавіка днём яднаньня народаў Расеі і Беларусі. З нагоды юбілею з 13 сакавіка гэтага году напоўніцу працаваў аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзеньні “мерапрыемстваў”. Што зьбіраюцца сьвяткаваць кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў, чынавенства і “вядомыя дзеячы навукі, культуры і мастацтва”, казаць ніхто не бярэцца. Вынікі пяцёх год настолькі нязначныя і сумныя, што аніякага пад’ёму не выклікаюць, а правядзеньне ўрачыстасьцяў у Крамлі з размахам і помпай нічога, апроч неўразуменьня, не выклікае.

Наўрад ці варта аналізаваць увесь спэктар інтэграцыйнага працэсу, разглядаць усе праблемы і цяжкасьці на шляху аб’яднаньня, можна спыніцца толькі на тых кірунках, якія спрабуюць прадставіць як цалкам пасьпяховыя, у якіх ёсьць буйныя дасягненьні.

Па-першае, пытаньні сумеснай абароны, аховы межаў і вайсковага супрацоўніцтва. Лічыцца, што тут ёсьць заўважныя дасягненьні, але калі добра разабрацца, то выяўляецца, што грамадзкую думку, мякка кажучы, уводзяць у аблуду. Так, сапраўды, вайсковыя функцыянэры абедзьвюх краін штогод рапартуюць аб адсутнасьці ў іх кардынальных разыходжаньняў у пазыцыях, аб новых плянах узмацненьня сумеснай абароны, вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва і да т. п. Што ж зроблена насамрэч? Бадай нічога. Яшчэ ў далёкім 1996 годзе былі распрацаваныя праект канцэпцыі сумеснай абароннай палітыкі і плян стварэньня і ўзбраеньня рэгіянальнай групоўкі войскаў, а на працягу пяцёх наступных год заключаныя амаль чатыры дзясяткі адпаведных дамоваў... Гладка было на паперы... Гэтыя цудоўныя дакумэнты былі створаныя з усёй вайсковай карпатлівасьцю і дэталізацыяй, упікнуць вайсковых спэцыялістаў няма ў чым, ды вось толькі ўсе яны, як адзін, не маглі быць рэалізаваныя з той простай прычыны, што аб’ектыўна патрабавалі зьмены нацыянальных канстытуцыяў Расеі і Беларусі, вайсковага заканадаўства і іншых законаў абедзьвюх дзяржаваў. З таго часу багата вады сплыло, але ніякіх, падкрэсьлім, ніякіх зьменаў у праўнай базе ў пляне зруху інтэграцыі ў гэтым кірунку зроблена не было. Да сёньня не прынятая нават вайсковая дактрына расейска-беларускай дзяржавы, ня кажучы ўжо аб стварэньні на практыцы сумесных абарончых рубяжоў. Хаця, пры такім падыходзе да канстытуцыйных асноваў і да задачаў аб’яднаньня, дактрыну, у выпадку яе прыняцьця, напаткае такі ж незайздросны лёс, які напаткаў і ранейшыя аснаватворныя акты. Час зразумець, нарэшце, што нельга ажыцьцявіць захады вайсковага будаўніцтва ў саюзнай дзяржаве без папярэдняга рашэньня галоўных палітычных і канстытуцыйных пытаньняў, якія пяць год настойліва ігнараваліся.
 

загадчык аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краін СНД. Артыкул перакладзены з ласкавай згоды названага інстытуту.
   

Апошнім часам шмат і правільна гаварылася пра ўмацаваньне заходніх межаў расейска-беларускай дзяржавы. З 1996 г. памежныя органы дзьвюх краінаў працуюць у межах праграмы “Абсталяваньне межаў”, а з 1997 г. быў створаны памежны камітэт супольнасьці Беларусі і Расеі. Гады прамінулі, час падвесьці вынікі сумеснай дзейнасьці. Яны настолькі “ўражваюць”, што могуць выклікаць шок: па-ранейшаму ня вырашаны пытаньні фінансаваньня і службы ў рамках розных заканадаўстваў, што рэгулююць ахову межаў; абсталяваныя адна камэндатура (у мястэчку Вопса) і дзьве памежныя заставы (у Савейках і Лынтупах). За пяць год у расейскіх ВНУ падрыхтавалі, увага, 18 (!) беларускіх афіцэраў-памежнікаў і патрапілі, нарэшце, арганізаваць адзін гадавальнік для службовых сабакаў.

Падкрэсьлім галоўнае — усе памежныя, кантрольна-прапускныя аб’екты абсталёўваліся выключна на беларуска-літоўскай і беларуска-латыскай межах. А як жа мяжа саюзнай дзяржавы з Польшчай, якая пасьпела ўступіць у NАТО? А ніяк. Сумесная ахова мяжы з краінай паўночнаатлянтычнага альянсу ні ў адной з дамоваў ці пагадненьні паміж Расеяй і Беларусяй не прадугледжваецца. Памежнікі тут ні пры чым, паколькі адпачатку вышэйшае палітычнае кіраўніцтва абедзьвюх дзяржаваў даволі выбарачна падыходзіла да ўзмацненьня заходніх межаў супольнасьці-саюзу-саюзнай дзяржавы — каб, крый Божа, не падумалі чаго на Захадзе, каб, барані Божа, не перайсьці т. зв. “чырвонай рысы”. Калі ж расейскія і беларускія кіраўнікі перастануць быць наіўнымі прасьцякамі ў міжнароднай палітыцы? Бо тыя ж палякі ў апошнія гады плянамерна і не зважаючы ні на што, узмацнялі межы з саюзнай дзяржавай. Цяпер, напрыклад, канчаецца абсталяваньне згодна з апошнімі стандартамі на польска-беларускай мяжы яшчэ дзьвюх новых заставаў з абарончымі ўмацаваньнямі і самым сучасным электронным кантролем (Нароўка і Пляска).

Па-другое, пераход да адзінай валютнай палітыкі і ўвядзеньне адзінай грашовай адзінкі ў саюзнай дзяржаве лічацца самым яскравым пацьвярджэньнем дзейснасьці інтэграцыйных намаганьняў ужо ў пэрыяд прэзыдэнцтва Ў. Пуціна. Ці так гэта? У сярэдзіне сакавіка ў інтэрвію газэце “Союз” першы намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Беларусі Павал Калаўр яшчэ раз (сьпярша — у нацыянальным сходзе Беларусі) пацьвердзіў, што пагадненьне з Расеяй зусім не азначае, што з 1 студзеня 2005 г. расейскі рубель стане выконваць функцыі адзінай валюты. Паводле словаў гэтага высокапастаўленага ўрадоўца, які агучыў пазыцыю рэспубліканскага кіраўніцтва, Беларусь захоўвае для сябе “варыянтнасьць выбару”, паколькі ня можа прыйсьці да пагадненьня з Расеяй у пытаньні адзінага эмісійнага цэнтру.

Больш за тое, беларускі бок яўна спрабуе адцягнуць нават першыя крокі ў рашэньні гэтай праблемы, адкладваючы іх да пэрыяду распрацоўкі канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы. Гэты дакумэнт яшчэ толькі неабходна распрацаваць у сьценах саюзнага парлямэнту, але, як вядома, ён дагэтуль ня створаны, акурат выбары ў дадзены заканадаўчы орган зь віны Адміністрацыі прэзыдэнта А. Лукашэнкі ўвесь час пераносяцца на няпэўную пэрспэктыву. І, думаецца, зусім не задаволіць Расеі прапанаваная саюзьнікамі схема, паводле якой у нейкі адзіны эмісійны цэнтар уліюцца цэнтральныя банкі абедзьвюх дзяржаваў. Старшыня праўленьня НББ Пётра Пракаповіч у канцы сакавіка таксама заявіў, што ЦБ Расеі ні пры якіх умовах ня стане адзіным эмісійным цэнтрам саюзнай дзяржавы, бо гэта пярэчыць саюзнай дамове і беларускай канстытуцыі. У гэтым пытаньні кіраўніка НББ падтрымала і міністэрства юстыцыі Беларусі.

З заяваў Калаўра і Пракаповіча можна выснаваць, што і ў расейскім крэдыце ў цьвёрдай валюце Беларусь ня мае патрэбы. Гэта і нядзіўна — крэдыт ураду Расеі (першую траншу ў памеры 30 млн. даляраў) зьяўляецца зьвязаным і можа выкарыстоўвацца толькі на падтрымку беларускага рубля ў пераходны да адзінай валюты пэрыяд. НББ здолеў шляхам немудрагелістых спэкуляцыйных апэрацыяў у лютым крыху папоўніць уласныя рэзэрвы (на 15—18 млн. даляраў) і цяпер поўніцца аптымізмам. Паколькі Беларусь працягвае раздумваць і валаводзіць з нагоды расейскага крэдыту, то ствараецца ўражаньне, што акурат гэты крэдыт ёй у найбліжэйшы час сапраўды не патрэбны.

Зьвернем увагу, што замена нацыянальных валют адзінай павінна спалучацца зь іншымі кірункамі эканамічнай і фінансавай інтэграцыі, найперш з утварэньнем і пачаткам функцыянаваньня двухадзінай сыстэмы цэнтральных банкаў РФ і Беларусі. Без такой сыстэмы гаварыць аб пераходзе на адзіную валюту, а на добры лад і аб практычным стварэньні саюзнай дзяржавы, няма сэнсу. Задачы такой банкаўскай сыстэмы відавочныя: рэалізоўваць адзіны мэханізм плацяжоў, падтрымліваць неабходныя і дастатковыя ўзроўні золата-валютных рэзэрваў, ажыцьцяўляць узгодненую валютную палітыку, уключаючы сумесныя вонкавыя фінансавыя апэрацыі.

На Цэнтральны банк Расеі саюзным кіраўніцтвам павінна быць ускладзена галоўная функцыя — рэгуляваньне цэнавай палітыкі і падтрыманьне стабільнасьці саміх цэнаў, прадухіленьне інфляцыі. Для гэтага ЦБ РФ павінен быць незалежны як у прыняцьці рашэньняў, так і ў пляне кадравай палітыкі. А якраз на гэта кіраўніцтва Беларусі, мяркуючы з усяго, і не гатовае, таму што прывыкла дэталёва кантраляваць уласную нацыянальную банкаўскую сыстэму і яе кіраўніцтва. Ёсьць і яшчэ адзін немалаважны аспэкт. Пераход вагароў валютнай палітыкі да ЦБ РФ адразу пазбавіць вярхі Беларусі магчымасьці затуляць бюджэтныя дзіры і выплачваць вонкавую запазычанасьць (найперш саюзнай Расеі) у адвольным парадку.

Не задавальняе беларускай эліты і іншае — непазьбежнае надзяленьне Цэнтрабанку Расеі новым прававым статусам, улучна з правам беспасярэдняга распараджэньня фінансавымі патокамі, нерухомасьцю на ўсёй саюзнай тэрыторыі, улучна, натуральна, з тэрыторыяй Рэспублікі Беларусі. Апроч гэтага, будзе цалкам заканамерна, калі ЦБ РФ стане зусім самастойным у пытаньнях разьмеркаваньня капіталаў, разьмяшчэньня валютных укладаў, вылучэньня крэдытаў, правядзеньня трансфэрных апэрацыяў і апэрацыяў з рэзэрвовымі фондамі ў межах саюзнай дзяржавы. Нідзе ў сьвеце, як вядома, вышэйзгаданы шэраг рашэньняў не прымаецца выходзячы з прынцыпу “сувэрэннай роўнасьці” (на чым зацята працягваюць настойваць у Менску). Няма падставаў для выключэньняў і ў выпадку з Цэнтральным банкам Расеі, мэханізм прыняцьця рашэньняў якога будзе завязаны на фінансавым патэнцыяле канкрэтнай краіны-саюзьніцы і яе рэальнай долі ў статутным капітале саюзнага (у яго ролі — Цэнтральнага банку Расеі) банку.

Такім чынам, усе крокі саюзнага банку павінны будуць вызначацца ў першую чаргу прадстаўнікамі статутнага капіталу, а ў другую — акцыянэрамі (паводле схемы простай бальшыні). Беларускі бок да такога павароту ня толькі не гатовы, але ня можа прыняць такую пабудову сыстэмы ў прынцыпе: у Беларусі, як вядома, рашэньне такіх фінансавых праблем застаецца за праўленьнем НББ, якое прызначаецца і кантралюецца кіраўніцтвам Рэспублікі, галавой дзяржавы. Пры гэтым прэзыдэнт і ўрад Беларусі захоўваюць ня проста кантроль за прынцыпамі палітыкі НББ, але і магчымасьць апэратыўнага ўмяшаньня ў яго дзейнасьць.

Цікава, што ў ходзе барацьбы за вагары кіраваньня эмісійным цэнтрам Расея і Беларусь нібыта забыліся пра такую актуальную праблему саюзнай дзяржавы, як заснаваньне Інстытуту інвэстыцый. Між тым інвэстыцыйны цэнтар саюзнай дзяржаве вельмі патрэбны, ягонае стварэньне ня можа адкладацца да лепшых часін, пераносіцца на нейкі наступны этап інтэграцыі. У прыватнасьці, інвэстыцыйны цэнтар спрыяў бы, не падмяняючы нацыянальных інвэстыцыйных праграмаў і інвэстыцыяў з саюзнага бюджэту, засяроджаньню намаганьняў на разьвіцьці новых відаў і формаў учыннай актыўнасьці, мадэрнізацыі прамысловага патэнцыялу і прыярытэтным ажыцьцяўленьні тых бізнэс-праектаў, якія ўяўляюць сабой асаблівую цікавасьць для ўдзельніцаў саюзнай дзяржавы. Адзначым, што ў дзейнасьці такога інвэстыцыйнага цэнтру, у яго рэсурсах і крэдытах зацікаўлена найперш Беларусь. Але і тут уся тая ж перашкода — інвэстыцыйны цэнтар значыць аўтаномнасьць з пазыцыяў статусу і функцыянаваньня, а кіраваньне ім — максымальную самастойнасьць.

Яшчэ адзін вузел застарэлых супярэчнасьцяў паміж Расеяй і Беларусяй хаваецца ў сфэры рэгуляваньня працэсу руху капіталаў. Увесь папярэдні досьвед у дадзеным пытаньні — нэгатыўны. Беларускі бок з зайздроснай упартасьцю адхіляе ўдзел расейскіх дзелавых колаў у прадпрымальніцтве і, тым больш, набыцьці імі акцый суб’ектаў гаспадараньня на сваёй тэрыторыі. Выключэньні, праўда, датычаць прамых інвэстыцыйных уліваньняў і прадастаўленьня крэдытных лініяў пад кантролем нават ня ўраду, а непасрэдна прэзыдэнта.
 

 
   

Зразумець такую пазыцыю кіраўніцтва Беларусі, вядома, можна, улічваючы дзяржаўную ідэалёгію, але яна ўяўляецца неапраўданай, урэшце зьнікае магчымасьць прасоўваньня па шляху набыцьця якасьці канвэртаванасьці для валюты, выкарыстоўванай у абарачэньні ў Рэспубліцы. Без дасягненьня ўзаемнай свабоды перасоўваньня капіталаў нельга перайсьці і да больш высокага аб’яднаньня, якое павінна характарызавацца перадачай з-пад нацыянальнага кантролю ажыцьцяўленьня шэрагу плацяжоў, у першую чаргу ў сфэрах таварамены і аказаньня паслугаў. Сёньня аб разумнай палітыцы ў галіне плацяжоў у межах саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі даводзіцца толькі марыць.

Па-трэцяе, як бы вырашаным лічыцца пытаньне аб фармаваньні саюзнага парлямэнту, абраньні дэпутатаў яго ніжняй палаты. Дзярждума РФ, прынамсі, ухваліла летась (праўда, толькі ў першым чытаньні) праект адпаведнага закону з расейскага боку. Але на гэтым усё і спынілася. Адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі, нягледзячы на ўсе запэўніваньні, да сёньня ня ўнесла аналягічнага законапраекту ў палату прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі. Чаму працэс стварэньня парлямэнту саюзнай дзяржавы спыніўся? Ён жа мог запрацаваць яшчэ ў мінулым годзе. Адказ, на наш погляд, крыецца ў тым, што (пры ўсёй абмежаванасьці паўнамоцтваў) у самой сутнасьці расейска-беларускага заканадаўчага органу адпачатку і аб’ектыўна закладваецца магутны патэнцыял народаўладзьдзя, сапраўднай дэмакратыі. Элітам дзьвюх дзяржаваў гэта ня надта даспадобы.

Апроч таго, дзейнасьць саюзнага парлямэнту спрыяла б узмацненьню дзяржаўных асноваў новага расейска-беларускага ўтварэньня. Парлямэнт, як усім добра вядома, — гэта неабходны элемэнт сыстэмы кіраваньня дзяржавай. З другога боку, акурат парлямэнт — найбольш пэўны паказьнік гатоўнасьці палітычнага кіраўніцтва абедзьвюх дзяржаваў да стварэньня не на паперы, а ў рэчаіснасьці акурат супольнай, саюзнай дзяржавы (няхай у форме фэдэрацыі). Натуральна, што больш слабым формам партнэрства, і нават канфэдэрацыі, ніякі заканадаўчы орган ня толькі не патрэбны, але ён варожы іх сутнасьці.

Відавочна, палітычныя вярхі Расеі і Беларусі пакуль не гатовыя да фармаваньня саюзнай дзяржавы. Вось чаму іх працягвае задавальняць бледая імітацыя парлямэнцкай дзейнасьці ў выглядзе функцыянаваньня парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі. Ягоная структура, парадак фармаваньня, прынцыпы і паўнамоцтвы ў свой час былі няўдала “сьпісаныя” з Усеагульнай асамблеі Эўрапейскага аб’яднаньня вугалю і сталі (ЭАВС), якое даўно перастала існаваць. Як і там, дэпутаты парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі не абіраліся народамі дзяржаў-саюзьніцаў, а прызначаліся, кааптаваліся нацыянальнымі органамі. Гэты сурагат, варты жалю правобраз парлямэнту ніколі не прадстаўляў і не прадстаўляе цяпер нікога, апроч самога сябе, ня мае практычна ніякіх паўнамоцтваў, уласьцівых заканадаўчаму органу. Дарэчы, для аматараў бяздумна капіяваць заходні досьвед, падкрэсьлім, што ў самой Заходняй Эўропе, якая імкнецца да кансалідацыі, ужо амаль чвэрць стагодзьдзя насельніцтва абірае свой парлямэнт (Эўрапарлямэнт) на прамых і ўсеагульных выбарах. Гэтаму не замінаюць і розныя выбарчыя сыстэмы: мажарытарная, прапарцыйная, мяшаная. Значыцца, якраз тое, што пры распрацоўцы законапраектаў выбараў у саюзны парлямэнт шмат кім разглядалася як галоўная цяжкапераадольная перашкода, якая патрабуе шматгадовай, працяглай працы для ўніфікацыі выбарчых кодэксаў абедзьвюх краінаў.

Нельга выключаць, што пэўныя колы вышэйшых чыноўнікаў і ў Беларусі, і ў Расеі не сьпяшаюцца з абраньнем саюзнага парлямэнту адно з тае прычыны, што такія выбары непазьбежна прывядуць да падвышэньня інтарэсу практычна ўсіх слаёў актыўнага насельніцтва сваіх краін да праблемы аб’яднаньня ў адну дзяржаву, да ўсьведамленьня праўдзівых чыньнікаў гамаваньня інтэграцыйнага працэсу, сярод якіх адзін з галоўных — чынавенскі падыход. Ня варта выключаць і імкненьня кіраўніцтва абедзьвюх краін пазьбегчы абвастрэньня многіх праблемаў унутрыдзяржаўнага характару, якія непазьбежна ўсплывуць, вылезуць у працэсе шырокай выбарчай кампаніі.

Саюзны парлямэнт зможа прадстаўляць інтарэсы грамадзян абедзьвюх краін, адстойваць іх перад найвышэйшай дзяржаўнай радай, саюзным урадам і інш. саюзнымі і нацыянальнымі органамі. Ён будзе прадстаўляць ужо не парлямэнты Расеі і Беларусі, а беспасярэдне народы РФ і Беларусі, што аб’ектыўна зробіць парлямэнт саюзнай дзяржавы больш аўтарытэтным і незалежным, дэмакратычным і легітымным. Галоўнае — грамадзяне расейска-беларускай дзяржавы паступова прыйдуць да ўсьведамленьня сябе як адзінага народу, які мае права і магчымасьць мець свой парлямэнцкі орган. З часам саюзны парлямэнт можа, хаця шмат каго “наверсе” гэта палохае ўжо цяпер, ператварыцца ў найвышэйшы орган заканадаўчай улады. Ну, а ў расейска-беларускай саюзнай дзяржаве, якая існуе толькі на паперы, зьявіцца найважнейшая прыкмета рэальнай дзяржавы.

І, нарэшце, па-чацьвертае, праблема адзінай канстытуцыі. Пакуль яе ў саюзнай дзяржавы проста няма. Таму саюзны парлямэнт павінен разглядацца як найважнейшы інстытут інтэграцыі, паколькі гэты карпаратыўны орган мае распрацаваць канстытуцыю саюзнай дзяржавы, канстытуцыйны акт. Без канстытуцыйных асноваў прасоўваньне па ўсім фронце інтэграцыі, ува ўсіх сфэрах палітычнага, фінансава-эканамічнага, вайсковага ўзаемадзяньня немагчымае. У адваротным выпадку ўсе намаганьні інтэгратараў будуць па-ранейшаму зводзіцца на нішто канстытуцыйнымі непаразуменьнямі.

Канстытуцыя неабходная саюзнай дзяржаве, паколькі толькі яна ў стане зацьвердзіць прававыя асновы палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сыстэмаў расейска-беларускай дзяржавы. Сёньня, калі канстытуцыя адсутнічае, любыя спробы радыкальных зьменаў дзяржаўных сыстэмаў Расеі і Беларусі ў мэтах інтэграцыі формаў кіраваньня, арганізацыі, усталяваньня і кампэтэнцыі уладных органаў бессэнсоўныя. Эўропа ўжо з пачатку ХІІІ ст. ішла па шляху станаўленьня канстытуцыйнага права, усе эўрапейскія дзяржавы маюць канстытуцыі, і саюзнай дзяржаве ў гэтым пляне ня варта прыпадабняцца нейкаму Аману, які ня мае канстытуцыі.

Вядома, распрацоўку і прыняцьцё канстытуцыі ня варта спрашчаць, паколькі гэта вельмі складаны, доўгі і цяжкі працэс. Навідавоку і перашкоды, бо канстытуцыя прадугледжвае замацаваньне прынцыпаў разьдзяленьня ўладаў, дэмакратызацыю прававой сыстэмы, мэханізму дзяржаўнага кіраваньня, нутраной і вонкавай палітыкі, а таксама пашырэньне правоў і свабодаў асобы. Неабходна будзе закласьці прававыя гарантыі вяршэнства саюзнай канстытуцыі ўва ўсёй сукупнай сыстэме крыніцаў права, яе прыярытэтнасьці што да ўсіх іншых законаў і нормаў, якія рэгулююць сацыяльнае жыцьцё. Гэта запатрабуе намаганьняў, ня столькі чыста заканатворчых, але, у першую чаргу, рэалізацыі цалкам пэўнай палітычнай волі.

Пакуль жа, наадварот, усё больш сьведчаньняў прыхільнасьці найвышэйшай улады абедзьвюх краінаў да пазыцыі непарушнасьці нацыянальных канстытуцыйных асноваў, старых канстытуцыяў, якія набываюць якасьць “сьвятарнай каровы”. Чуйна ўлавіўшы гэты настрой “вярхоў”, частка правазнаўцаў Расеі і Беларусі працягвае даводзіць, што канстытуцыю часта мяняць нельга, яе ўвогуле лепш не чапаць (інакш — сацыяльны выбух, хваляваньні і інш.).

Насамрэч прычына палягае ў іншым: у цяперашніх канстытуцыях Расеі і Беларусі ўстаноўлена і замацавана адна форма дзяржаўнага кіраваньня — прэзыдэнцкая. Адсюль і ўся арганізацыя сыстэмы найвышэйшых органаў дзяржаўнай улады, дзе прыярытэт, натуральна, аддадзены прэзыдэнту як кіраўніку дзяржавы. Таму меркаваць, што ў гэтых рэаліях зьмены ў нацыянальных канстытуцыях і прыняцьцё саюзнай канстытуцыі будуць праходзіць гладка і лёгка, а адпаведны рэфэрэндум абвесьцяць заўтра, — небясьпечная і вялікая аблуда. Існуючыя рэзкія, часам незамірэнчыя супярэчнасьці паміж палітычнымі элітамі Расеі і Беларусі робяць парлямэнцкі шлях усталяваньня канстытуцыйных асноваў саюзнай дзяржавы адзіна магчымым. Апошняя, сьнежаньская 1999 г. дамова паміж Рэспублікай Беларусяй і Расейскай Фэдэрацыяй з усёй нагляднасьцю прадэманстравала, што спадзявацца на паяву варыянту падоранай вярхамі канстытуцыі, падрыхтаванай у нетрах прэзыдэнцкіх адміністрацый, дарэмна.

Такім чынам, вышэй былі разгледжаны толькі тыя праблемныя вузлы аб’яднаўчага працэсу, па якіх, як пераконваюць грамадзкасьць абедзьвюх краін, дасягнуты значны прагрэс. Яго насамрэч няма. Што ж у такім выпадку казаць пра іншыя кірункі інтэграцыі?

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (17) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 29-07-2001