A R C H E S k a r y n a № 3 (17) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ЛЯВОН ЮРЭВІЧ
Вокладка ARCHE Skaryna 3-2001.

   Мінулыя нумары:

   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Лявон Юрэвіч
 
Сьвет эміграцыйнага эпісталярыю
З матар’ялаў архіву Рады БНР1


Вядомы факт: беларуская кніжка нарадзілася на эміграцыі. Гісторыя беларускай палітыкі ў першую чаргу — гэта таксама эміграцыя: Рыга, Коўна, Бэрлін, Парыж, Прага… Не апошнім месцам, дзе людзі на выгнаньні змагаліся за незалежную Беларусь, была і ёсьць Амэрыка.

Калі на пачатку 1993 году я прыехаў у Злучаныя Штаты, яшчэ жылі Натальля Арсеньнева, Антон Адамовіч, Вітаўт Тумаш, Мікола Ганько. Яшчэ жыла мастачка Галіна Русак, сястра таго Ўсевалада Родзькі. Яшчэ пісалі вершы Янка Золак, Масей Сяднёў. Гэта было неверагодна: людзі таго часу, гістарычныя людзі, якія самі сабою, сваім існаваньнем набліжалі той час, урэчаісьнівалі гісторыю, рабілі яе амаль што свойскаю.

Пэўна штосьці падобнае мусілі вычуваць яны самі, калі ў 1952 годзе сабраліся ўсе разам каля Ніягары на Першую Беларускую Сустрэчу ды ўбачылі на ўласныя вочы Янку Чарапука-Змагара (такую мянушку яму даў Іван Луцкевіч — гэта вядома са словаў Міколы Абрамчыка), прадстаўніка Ўраду БНР — Ураду Ластоўскага, Ураду Луцкевіча.

Ёсьць небясьпека падацца троху патэтычным, але бачыцца ў гэтым пераемнасьць, своеасаблівая повязь ня розных часоў, а людзей адной справы, імя якой — Беларуская Народная Рэспубліка.

Дзеля трываласьці гэтай еднасьці, лучнасьці, сувязі ўчора й сёньня, каб было заўтра, варта памятаць усіх, хто належаў да БНР. Асабліва такіх асобаў, якім быў Янка Чарапук-Змагар.

Янка Чарапук, Антонаў сын, нарадзіўся ў каталіцкай сям’і 12 жніўня 1896 году ў мястэчку Новы Двор Сакольскага павету2. Пачатковую адукацыю атрымаў у расейскамоўным Навадворскім Гарадзкім вучылішчы, скончыў Гарадзенскую гімназію, у 1914 годзе паступіў у Пецярбурскі Ўнівэрсытэт на юрыдычны факультэт. Напэўна, менавіта ў гэтым горадзе, тады адным з цэнтраў беларускага адраджэньня3, Янка далучыўся да нацыянальна-вызваленчага руху беларусаў і ўкраінцаў. Вось як ён сам пісаў пра гэта ў анкеце: „У 1917 г. быў Сакратаром Украінскай Місіі ў Пецярбурзе, затым быў адкамандзіраваны да М[іністэрства] З[амежных] С[праў] Укр. Н. Рэсп.; у Бел. Урадзе быў за часоў Кабінэту Луцкевіча Дыпляматычным кур’ерам, затым Чыноўнікам спэцыяльных даручэньняў, за Ўрадам Ластоўскага Сакратаром Місіі ў Латвіі і Эстоніі, затым Дэлегатам Міністэрства Загран. Спраў“4. У грамадзкіх арганізацыях „у Пецярбурзе зьяўляўся Тав. старш. Культ.-Прасьвет. Тав. „Вольных Беларусоў“, у Кіеве Сябром Бел. рады на Ўкраіне і Сябром Рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны. …Зарганізаваў на Ўкраіне бел. парт. незалежных рэвалюцыянэраў, пасьля ў 1918 г. ўступіў да б.п. сац.-рэв.“5. Друкаваўся ў газэце „Беларусь“, у „Родным Краі“, „Нашай Думцы“.
 

архівіст Рады БНР, супрацоўнік Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі. Аўтар гістарычных кніг "Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускае Моладзі" ("Энцыклапедыкс", 2001), "Барыс Рагуля. Жыцьцё пад агнём" (ARCHE, 1999), зборніку літаратура-знаўчых артыкулаў "Камэнтары" (Менск, 1999).

1 Усе спасылкі, за выняткам адмыслова пазначаных, — на Архіў Рады БНР, які пачаў нанова зьбірацца ад 1997 году згодна з пастановай, прынятай на ХХІІ Сэсіі Рады БНР (30—31 жніўня 1997 г.). Архіў часова перахоўваецца ў Л. Юрэвіча, прызначанага на тым самым сходзе архівістам Рады БНР.









2 Гл. успаміны Баляслава Грабінскага „Сакольшчына-Горадня-Вільня“, надрукаваныя ў „ARCHE“, № 5, 2000. С. 179—208. Таксама: Грынкевіч С. Тры спатканьні / / Бацькаўшчына, № 51—52, 1957. С. 6.

3 Гл.: Семашкевіч Р. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе. Менск, 1971.







4 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Том 1. Кніга 2. Вільня—Нью-Ёрк—Менск—Прага, 1998. С. 1084.



5 Тамсама.
   

Але дзейнасьць Янкі Чарапука да выезду ў Амэрыку — тэма асобнага дасьледаваньня6. Зараз жа нас цікавіць амэрыканскі пэрыяд ягонага жыцьця, а яшчэ больш дакладна — паваенны этап (да таго ж у тых фрагмэнтах, якія дазваляе задакумэнтаваць архіў БНР), калі пасьля другой сусьветнай вайны ў Злучаныя Штаты пачала прыбываць новая хваля беларускай эміграцыі.

Трэба сказаць, што кон, захаваўшы Янку Чарапука ад рэпрэсій на бацькаўшчыне, тым ня менш ня надта песьціў на берагох Амэрыкі. Ад 1936 году да пэнсіі ён працаваў на дрэваапрацоўчай „Chicago and Riverdale Lumber Company“, што гарантавала пэўны мінімум на жыцьцё, але ня болей. Беларуская дзейнасьць, як вядома, на выгнаньні ня столькі прыносіць прыбытак, колькі вымагае як грашовых ахвяраў, гэтак і побытавага аскетызму.

Магчыма, менавіта гэта сталася падставаю й сямейных складанасьцяў. У 1949 годзе жонка Янкі Чарапука, Клара Змагар (менавіта пад гэтым прозьвішчам яна зафіксавана ў судовых паперах), 53 гадоў, падала на развод. Яна адсудзіла сабе сямейны дом на Прынстан Авэню коштам у $20000, дом, які гаспадар мусіў пакінуць у 24 гадзіны з $500, выплачанымі жонкаю, ужо былой, у якасьці кампэнсацыі за супольную маёмасьць, таксама былую.

У 1951 годзе чыкагскія газэты абышоў здымак: жанчына з павелічальным шклом узіраецца ў здымак палонных. „Яна верыць, што гэта яе зьніклы сын“, — сьведчылі подпісы. І распавядалі наступную гісторыю: на вочы Клары Змагар трапіў здымак палонных амэрыканцаў у Карэі, зроблены ў агітацыйных мэтах кітайскім урадам. Яна пазнала (ці ёй здалося, што пазнала) у адным з палонных свайго сына, Адрыяна, зьвестак аб якім не было ад траўня 1950 году — менавіта тады яна атрымала апошні ліст сына, 29-гадовага ваеннага мэдыка з 24-й Дывізіі, залічанага ў войска 1 траўня 1943 г., напісаны зь Японіі, перад адпраўкаю ў Карэю. Сын лічыўся зьніклым бязь зьвестак з 16 ліпеня 1950 году. „Я абсалютна пераканана, што гэта ён. Бачыце, можна разгледзець нават шнар на ягоных вуснах“, — цытавалі газэты словы маткі.

Магчыма, што гэта насамрэч быў ён. Але амэрыканскае ваеннае камандаваньне прытрымлівалася іншай думкі. У 1954 г. Клара Змагар атрымала паведамленьне, што ейны сын, Adrian J. Kusiolek, быў забіты 16 ліпеня 1950 г. Сымбалічныя паховіны адбыліся 28 жніўня 1954 г.

Гэта што да жыцьця прыватнага. Жыцьцё грамадзкае было таксама няпростым. Натуральна, яно не было лёгкім ад самага пачатку: нястача людзей, грошай, інфармацыі — усё гэта не спрыяла прадуктыўнай дзейнасьці першага амбасадара БНР у Злучаных Штатах. Але пасьля вайны праблемы набылі іншы кірунак. І „чалавечы фактар“ ня быў тут апошнім: ад першай хвалі новых эмігрантаў зь Беларусі Янка Чарапук апынуўся паміж варагуючымі кааліцыямі, згуртаваньнямі, аб’еднаньнямі і задзіночаньнямі, прычым сутнасьць той варажнечы часта заставалася для яго невытлумачальнай. Дый як было зразумець падзел такой вялікай, выраслай кагорты нацыянальна сьведамых беларусаў на крывічоў і зарубежнікаў, на ўсходнікаў і заходнікаў, на БЦР і БНР. Пра рэлігійны падзел, асабліва сярод праваслаўных, ужо й гаварыць не выпадала: часам здавалася, што менавіта адтуль ішла небясьпека расколу для беларускага руху.

Падтрымкі Чарапука-Змагара шукалі розныя колы, царкоўныя — не ў апошнюю чаргу. Адным зь першых зьвярнуўся да яго япіскап Васіль (Тамашчык):


„Высокапаважаны сп. Я. Змагар!

Хаця мы асабіста яшчэ не знаёмы, а ўсё ж — як бы браты; таму й пішу Вам пару слоў. Я чуў аб Вас ужо нямала добрага ад М. Дзямідава яшчэ ў Нямеччыне, а тут — ад майго прыяцеля др. С. Грынкевіча. Апошні апавядаў мне ці мала цікавых рэчаў аб Вашай дзейнасьці, чым незвычайна заахвоціў мяне да беспасярэдняй сувязі з Вамі.

На жаль, я точна ня ведаю дасюль Вашага асабістага становішча да нашае сьвятое БАПЦ, таму ня ведаю, як і што сказаць Вам адносна яе й майго цяпер тут палажэньня ў Нью-Ёрку.

Калі знойдзеце магчымым адпісаць мне на гэты ліст і Вас будзе крыху цікавіць мая дзейнасьць і стан БАПЦ — з прыемнасьцю дам Вам адказ.

Тымчасам быў бы Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы знайшлі магчымым падзяліцца са мною весткамі аб Вашай дзейнасьці па лініі ірляндцаў і інш. Я быў бы таксама ўдзячны Вам, калі б Вы захацелі даць мне пару радкоў адносна амэрыканскага жыцьця пад кутом гледжаньня характару маёй дзейнасьці як духаўніка, бо я ўважаю, што Вы тут маеце ўжо добрую практыку і ўсякія адпаведныя „разлады“, а я толькі ведаю пагаворку: „Што край, то абычай“.

Быў бы Вам таксама ўдзячны, калі б Вы мне піснулі пару слоў адносна сп. М. Дзямідава, бо я ўжо чуў тут пра яго ўсякія дзіўныя рэчы і ня ведаю, што праўда, а што не. Гэта мне асабліва важна ведаць, бо ён заклікае мяне да вас — у Чыкага.

За ўсё буду Вам вельмі ўдзячны.

Яшчэ раз прашу мне выбачыць, што першы пішу да Вас, але гэта мне станоўча парадзіў др. С. Грынкевіч.

Шчыра й сардэчна вітаю Вас.
Бог Вас благаславіць.
З малітвамі й любоўю ў Хрысьце,

Ваш Япіскап Васіль.
Бруклін, 3.08.1951.“

 


6 Зацікаўленых чытачоў адашлем да артыкулу В. Пануцэвіча „Янка Чарапук-Змагар“ у газэце „Бацькаўшчына“, № 51—52, 1957 і публікацыі С. Шупы „Лісты Янкі Чарапука-Змагара з Амэрыкі (1922—1923)“ у „Запісах БІНІМ“, № 21, 1994. С. 125—137.
   

Янка Чарапук адказаў хутка:


„Яго Эксцэленцыі
Вельмі паважанаму Васілю — Япіскапу БАПЦ.

Прывет шчыры й радасны.

Дзякую за Ваш мілы ліст да мяне з дня 3.08.1951. Я ня мог адказаць Вам зараз жа, бо ня быў дома — быў у разьездах.

Я, як беларус-дзяржаўнік, уважаю гістарычны акт абвяшчэньня Аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы як другі важны акт пасьля акту абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Падзіўляю Ваш чын — пасьвяціцца Службе Божай і службе роднаму Вам і мне Беларускаму Народу — цяпер тут, на сапраўды вольнай і дэмакратычнай зямлі Вашынгтону, а з часам — дасьць Бог — на роднай Вам і мне Беларускай-Крывічанскай зямельцы. Памагай Вам Бог зьдзейсьніць Вашы намер і жаданьні! Я меў нагоду нядаўнімі днямі пахваліцца майму Высокаму Рыцару Калюмба аб Вашай Асобе і аб маім прыязным становішчы да Вас. Мой Высокі Рыцар адказаў, што „калі Япіскап Васіль зьяўляецца беларускім патрыётам і выказаў сілу волі і настойчывасьці ў навуках і ў грамадзкай працы, значыцца, заслужыў, каб беларусы-патрыёты лажылі яму найвышэйшы гонар“. Далей мой Высокі Рыцар сказаў, што маім (Я.Ч.-З.) абавязкам ёсьць зарэкамэндаваць Вас, Уладыка, у Міністэрстве Спраў Загранічных, і тады у МЗС будуць так паважна Вас трактаваць, як Вы на гэта заслужылі ў ведамых там прадстаўнікоў БНР. Да выкананьня гэнай добрай рады, згоднай з маім жычэньнем і намерам, я ўзяўся па-прыяцельску да Вас.

Далей ён мне парадзіў, каб я Вам прыпомніў, што пажаданым ёсьць, каб Вы ад сябе злажылі ў МЗС мэмарыял аб Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве наагул (гісторыя, цяперашняе становішча на чужыне, усюды і асабліва ў ЗША) і аб відах на прышласьць тут.

Я ня знаю Вашых плянаў, ня ведаю, дзе мае быць цэнтар Вашай душпастырскай працы — ці ў Нью-Ёрку, ці ў Чыкага, ці дзесь у іншым горадзе, наагул, мала маю інфармацый пра Вас асабіста, так што пра Вас мала маю чым пахваліцца. Між іншым, хацеў бы ведаць, ці можаце прамаўляць па-ангельску?

Ваш прыезд у Чыкага пажадана ёсьць каб адбыўся на запросіны спэцыяльнага Камітэту — каб паважней выглядала дзеля Вашай Япіскапскай павагі і дзеля грамадзкага абавязку праваслаўных беларусаў. Аб такім камітэце тут цяпер ідуць нарады. На гэтым тыдні ад М. Дзямідава даведаюся — аб канчатковым выніку гэтых нарад.

Ён, М. Дзямідаў, характару парывістага: часамі добрую прыслугу можыць зрабіць, а часамі — хоць уцякай ад яго. Усё залежыць ад настрою, а настрой ад напою — ці ў меру, ці празь меру. А часамі настрой залежыць і ад „залежнасьці“, і ад аўтарытэту. Настрой яго ўмерыць я стараюся, велічаючы яго тытулам палкоўнік.

А што да пагаворкі „што край, то абычай“, дык усё ж такі й тут, як і шмат дзе ў іншых краёх, імпануе стройны выгляд, бодры й вясёлы настрой, бойкі, жывы паварот, спагада да дабрабыту, гутаркі адрывістыя з гумарам, строй элеганцкі напаўсьвецкі, нахіл да прыяцельскага знаёмства й хатняга госьця. І — убок ад зацятай дыскусіі.

Ведама, быў бы рады пазнаёміцца з Вашым мэмарандумам, таму прашу надзяліць мяне копіяй.

Дзямідаву маніцца ў канцы гэтага тыдня выслаць Вам ад сябе нейкія інфармацыі, так што я на гэтым кончу.

Бывайце здаровенькі і ўсяго Вам найлепшага!
Слава Хрысту!
Хай жыве БНР!
Паддаюся Вашым малітвам.

Ваш прыяцель Янка Чарапук- Змагар.
Чыкага, 15.08.1951.“

 
 
    У сваім адказе Янка Чарапук задаволіўся такой паўжартоўнай ацэнкаю характару М. Дзямідава. Але зерне сумневу, недаверу, закінутае япіскапам Васілём, дало свае ўсходы, што і адбілася ў лісьце да генэрала Андэрса ад 10.09.1952:


„Вельмішаноўны пан Генэрал,

ад імя Рады БНР у Чыкага маю гонар зьвярнуцца да Пана Генэрала з просьбаю асабістай апініі пра асобу М. Дзямідава, знаёмага з часоў супольнага сядзеньня ў Маскве на Лубянцы.

Збор незалежнай інфармацыі пра вышэйназванаю асобу, якая зараз жыве ў Чыкага, ёсьць для нас надта важным“.


Адказ зь Лёндану, з Waverton Street 7, дзе жыў генэрал Андэрс, прыйшоў праз 10 дзён:


„Wielce Szanowny Panie Prezesie,

W odpowiedzi na list Pański z dn. 10 sierpnia b.r. uprzejmie komunikuję:

Będąc w więzieniu w Moskwie na Łubiance przebywałem czas jakiś w jednej celi z niejakim panem, który podawał się za Diemidowa, o ile sobie przypominam Mikołaj Iwanowicz. Wspominał, że brał udział w ruchu Białoruskim. Muszę zaznaczyć, że mam o nim jaknajgorszą opinię. Nie tylko ja, ale i wielu współwięzniów w celi było przekonanych, że p. Diemidow donosi wszystkie rozmowy do NKWD.

Wracając ze śledztwa, przynosił zawsze ze sobą papierosy i jabłka, co sie nikomu nigdy nie zdarzało. Wielokrotnie też podkreślał, że zawsze współpracował i miał kontakty z Sowietami. Jestem głęboko przekonany, że tak było, zresztą wiem z całą pewnoscią, że został z więzienia zwolniony po rozpoczęice się wojny niemiecko-sowieckiej. Jest to ostatni człowiek, do którego — moim zdaniem — można by mieć zaufanie.

Nie dziwiłbym się zupełnie gdyby to była wtyczka bolszewicka.

Dla informacji podaję, że ów p. Diemidow był raczej mniej niż średniego wzrostu, o nalanej twarzy, ciemnych włosach, nieprzyjemnych oczach i bardzo gadatliwy. Nie moglibym wprost zrozumieć, żeby p. Diemidow mógł się dostać normalną drogą do Stanów Zjednoczonych.

Łączę wyrazy poważania.

Gen. Dyw. W. Anders“.

 
 
    Перад тым, як вярнуцца да ліставаньня зь япіскапам Васілём ды наагул да кантактаў з прадстаўнікамі паваеннай эміграцыі, неабходна зрабіць невялікі адступ ды патлумачыць часты зварот рэспандэнтаў Янкі Чарапука як „Рыцара Беларусі“. У гэтым звароце — ня толькі выяўленьне пашаны, але й канкрэтнае ўказаньне на рыцарства — Рыцарства Калюмба.

Арганізацыя „Рыцары Калюмба“7 была заснаваная 2 кастрычніка 1881 году невялічкаю групаю людзей, аб’яднаных ідэяй абароны сваёй краіны, сваіх сем’яў і сваёй Веры, аб’яднаных імем Хрыстафора Калюмба, чалавека, які прынёс у іхную краіну, у Амэрыку, Веру. З часам гэтае братэрства сталася найбольш уплывовай каталіцкай арганізацыяй, дзейнасьць якой не абмяжоўвалася адной толькі Амэрыкаю. У 1900 годзе, 22 лютага, да трох галоўных прынцыпаў (і адначасна Ступеняў) Ордэну — Цноты, Еднасьці, Братэрства — быў дададзены яшчэ адзін: Патрыятызму. Гэты прынцып мянуецца Чацьвёртаю Ступеньню й зьяўляецца па сёньня найвышэйшым у Ордэне. Калюмбавым Рыцарам Чацьвёртай Ступені быў Янка Чарапук.

Але вернемся да падзей 1951 году, калі вакол Янкі Чарапука адбываліся эпісталярныя двубоі.

Амаль адначасна зь япіскапам Васілём падтрымкі ў Чыкага, толькі ўжо ў інтарэсах сваёй групы, Беларускага Кангрэсовага Камітэту8, пачаў шукаць доктар Мікалай Шчорс. Трэба сказаць, што Я. Чарапук напачатку намагаўся застацца ўбаку ад тых спрэчак, неаднаразова прапаноўваючы др. Шчорсу сустрэцца ня толькі зь япіскапам Васілём, але й з раднымі БНР, каб высьветліць і зьліквідаваць усе непаразуменьні дзеля супольнай справы. Такія сустрэчы адбыліся, толькі жаданага плёну не прынесьлі.

Гэтак, др. Шчорс пісаў (18.10.1951):


„Ваша Дастойнасьць.

Беручы пад увагу выказанае Вамі падчас мае бытнасьці ў Чыкага заінтарасаваньне справай кансалідацыі нашага грамадзянства ў межах ЗША, нягледзячы на неатрыманьне адказу на мой апошні да Вас ліст, пішу ізноў. Хацеў бы давесьці да Вашага ведама факт спатканьня і адбыцьця даўжэйшае гутаркі між Вашым слугою й старшынёй Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сп. інжэнэрам Гарошкам. Хаця гутарка насіла, так сказаць, шчупальны характар, можна аднак на яе падставе зрабіць наступныя вывады: незаінтарасаваньне ў кансалідацыі нашых сьціплых сілаў гэтак званае крывіцкае стараны. Спадар Гарошка на проціўлеглым ад майго пункце гледжаньня. Я прапанаваў і далей прапаноўваю кансалідацыю й супрацоўніцтва на плошчы нацыянальна-грамадзкіх і культурных дачыненьняў, уважаючы, што апошняе ёсьць шмат лягчэйшым да прывядзеньня ў практычнае жыцьцё з прычыны адсутнасьці спэцыяльных разыходжаньняў. Сп. Гарошка ўважае, што трэба спачатку скансалідавацца на палітычным адрэзку, і нават запрапанаваў „просты“ рэцэпт практычнага яго вырашэньня: зьліквідаваць БЦР і прызнаць гэтак званую БНР.

Тэарэтычна рэцэпт сапраўды просты, нават вельмі просты — толькі што нерэальны. Кансалідацыя й супрацоўніцтва нармальна базуюцца на пэўных кампрамісах, уступствах кантрагентаў, а не на бескампрамісных праектах самаліквідацыі. Каб апошняя наступіла, ня трэба гутарак аб супрацоўніцтве. Патрэба толькі пераконаньня аб фальшывасьці займанага становішча, а гэтага ніхто зь людзей, гуртуючыхся вакол БЦР, ня мае й мець ня будзе. БЦР — гэта не тэстамэнтавы твор, гэта таксама й ня твор эміграцыйны, падобна гэтак званай Радзе БНР, якая паўстала у сарамлівых абставінах і паўкансьпірацыйна праведзеным зьезьдзе аднае крывіцкае групоўкі ў Остэргофэне (Нямеччына). БЦР — гэта ўстанова, пакліканая й пацьверджаная воляй, калі ўжо не ўсяго беларускага народу, то прынамсі ўсяго яго актыву. 1039 дэлегатаў у сталіцы Беларусі Менску — гэта ня некалькі дзясяткаў эмігрантаў аднае групоўкі ў задрыпаным нямецкім гарадзішку. Параўнаньня тут ня можа быць ніякага! БЦР не паўстала воляй эміграцыі й ня можа быць воляй эміграцыі зьліквідавана. Яе можа зьліквідаваць ІІІ Усебеларускі Зьезд на Бацькаўшчыне, толькі й вылучна“.

 




7 Гл.: http://www.kofc.org/knights






8 На той час Раду Кангрэсовага Камітэту складалі: М. Шчорс — прэзыдэнт, І. Лобач і Б. Кіт — віцэ-прэзыдэнты, сябры Рады — М. Філіповіч, С. Коўш, А. Русак, М. Сенька, А. Сабаленскі, С. Жамойда.
    Што М. Шчорс не атрымаў адказу ад звычайна пунктуальнага й акуратнага ў такіх справах Янкі Чарапука, не было выпадковым. У гэты час ён актыўна ліставаўся зь япіскапам Васілём, выпрацоўваючы ўласную пазыцыю. А Васіль пісаў9:


„Ваша Эксцэленцыя, Дарагі й Нязломны Рыцару Беларусі.

Шчыра дзякую за Ваш мілы ліст і за незвычайна цікавыя лісты др. Шчорса. Згодна з Вашым пажаданьнем прыйшоў да Стася10, прачыталі мы яшчэ супольна дзівачныя творы гэтага знамянітага „палітыка“ й хочам сказаць Вам пару аб’ектыўных слоў. Нас перадусім незвычайна дзівіць „шчырае“ жаданьне гэтага панка адносна аб’еднаньня беларускіх сіл. Што гэта за круцельства й шарлатанства зь ягонага боку, хочам Вам падаць хаця б наступныя тры прыклады.

1. Гэты панок у свой час належыў да нашае нацыянальнае Рады й нават да Ўраду БНР. Гэтыя свае функцыі, аднак, з часам пакінуў дзеля таго, што нічога ніколі не хацеў рабіць, а займаныя ім пасты яго ніколі не задавальнялі, бо, бачыце, усё яму здавалася, што яны (пасты) не адпавядалі яго амбіцыі, дадаем — шалёнай амбіцыі, бо та ж над ім усё яшчэ быў нехта вышэйшы — гэта значыць спадар Прэзыдэнт М. Абрамчык. Тады, спачатку, тэстамэнт сп. Прэзыдэнта ня выклікаў у яго ніякіх сумлеваў, але калі яго дзікія амбіцыі былі не задаволеныя, ён ня толькі адышоў ад адзінае нашае тады канкрэтнае працы, але перайшоў да ворагаў нашага вызвольнага руху на чале з панам Астроўскім, бо, бачыце, яму далі функцыю „віцэ-прэзыдэнта“. Але мала таго, ён пасьля праздрадзіў ворагам нашым усе тайны нашае працы й нашага змаганьня.

2. У 1948 г. мы гатаваліся да перавыбараў нашага Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэту на Нямеччыну. Панок Астроўскі з гэтым вось панам Шчорсам ужо разьвярнулі сваю незвычайна разбуральную працу. Нягледзячы на гэта, беларускія патрыёты, жадаючы адзінства ўсіх беларускіх сіл, зрабілі спробу вяртаньня адзінага беларускага фронту й правядзеньня супольных выбараў у Цэнтральны Камітэт. Да пана Шчорса быў выдэлегаваны др. В. Войтанка. Др. Шчорс паставіў яму шмат вымогаў „дэмакратычнага“ характару, і ўрэшце яны дагаварыліся, што калі наша Цэнтральная Выбарчая Камісія прыме гэтыя ягоныя вымогі, тады В. Войтанка яму затэлефануе й нашая Камісія пачакае на назначэньне парытэтнай колькасьці іх кандыдатаў для правядзеньня супольных выбараў. Калі В. Войтанка зрэфэраваў камісіі пастаноўку пытаньня, была праведзеная грунтоўная дыскусія й прынятая пастанова-згода. Др. Войтанка пайшоў затэлефанаваць аб гэтым др. Шчорсу. Хутка ён вярнуўся й сказаў, што др. Шчорс нічога канкрэтнага не сказаў. Так вось выглядала „шчырасьць“ пана Шчорса. Але можа яна выглядала лепей у пытаньні царкоўнай справы.

3. Ня будзем Вам тут апісваць працэсу здрады беларускіх япіскапаў — пераходу іх да расейскай царквы й гэтым ліквідацыі нашага царкоўнага жыцьця. Скажам толькі, што гэтыя здраднікі пачалі арганізоўваць антыбеларускі фронт, на чале якога пазьней стаў пан Астроўскі й да якога далучыўся яго „віцэ-прэзыдэнт“ пан Шчорс“.


Але, відаць, Васілю аднаго ліста падалося недастаткова для вытлумачэньня, і ён дасылае наўздагон другі, ужо толькі ад свайго імя:


„Ваша Эксцэленцыя!

Учора мы з Стасем улажылі Вам пэўныя выясьненьні на ліст др. Шчорса. Магчыма, гэтыя нашы выясьненьні ня вышлі так гладка й грунтоўна, як бы нам хацелася, бо пісалі мы іх, можна сказаць, экспромтам. Таму хачу дадаць да іх яшчэ пару слоў.

Я сам асабіста ня толькі хацеў і хачу аб’яднаць усіх нашых сіл у адную нашу сямейку, але асабліва, калі ўступіў на духоўны шлях, усімі сіламі імкнуся да гэтага. Толькі пры гэтым я мушу прыймаць пад увагу думкі людзей, якія з самага пачатку й цяпер дзейна дапамагаюць мне будаваць нашу вялікую й слаўную справу — БАПЦ. А думкі іх такія: др. Шчорс і кампанія — гэта толькі малая частка нашых сіл. І запраўды: ён хваліцца, што ў яго на сьвяце было каля 150 асобаў! На гэта скажу: гэта ўсё, што яны тут маюць, ну, няхай яшчэ 50 асоб. Тым часам я быў нядаўна ў нашых людзей у Нью-Брансўіку каля Нью-Ёрку, і там у мяне было на Службе Божай каля 150 асоб, а пасьля на абедзе каля 100 асоб, а крыху больш гэтага ёсьць у Нью-Ёрку, а Кліўленд, а іншыя аддзелы БАЗА? А па-за Амэрыкаю? Нашы арганізацыі ў Канадзе (ужо запрашаюць ехаць), у Аргентыне, у Францыі, Бэльгіі, Англіі (у дзьвёх апошніх краінах ёсьць Царква БАПЦ), у Нямеччыне ўсё яшчэ выходзіць „Бацькаўшчына“, у Італіі, у Аўстраліі. Гэта яшчэ ня ўсе краіны, дзе працуюць нашыя людзі. Толькі студэнты, якія ідуць з намі, налічваюць 150 асоб. А што ўжо гаварыць пра сп. М. Абрамчыка, які быў ужо ўва ўсіх сталіцах заходняга сьвету й быў прыняты самым Папам!

Якою ж мухаю выглядае др. Шчорс з сваімі 150—200 чалавек і ня быўшы ні ў адной сталіцы заходняга сьвету!“

Нарэшце Я. Чарапук дасылае адказ М. Шчорсу, напісаны ў адпаведнасьці з парадамі япіскапа Васіля:


„Паважаны др. М. Шчорс.

У апошнім сваім лісьце да мяне Вы пішаце, што я вам не адказаў на папярэдні Ваш ліст. Так, гэта праўда. Чаму я Вам не адказаў на яго? Я, як беларус-дзяржаўнік, быў яшчэ тады на раздарожжы. Ня ведаў, што Вам сказаць. Але апошнія падзеі ў Чыкага канчаткова пераканалі мяне, што Вы й Ваша арганізацыя ня хочаце служыць беларускім інтарэсам, наадварот, Вы — саюзьнік расейцаў. Што сталася? Мы ў Чыкага чакалі на япіскапа Васіля. Даведаліся аб гэтым і расейцы. Нашы людзі тут, праваслаўныя беларусы, плянавалі адцягнуць ад расейцаў адну іх царкву, дзе выключна старыя беларусы. І вось расейскія манархісты зараз жа пасьпяшаліся паслаць сюды самога Анастасія, каб перашкодзіць беларусам. Ну, што ж, расейцы як расейцы, яны робяць сваю варожую нам работу. Ня гэта страшна, але страшна тое, што Ваш сьвяшчэньнік Лапіцкі зараз жа пасьпяшыў памагчы расейцам сваёй злобай і брудам на нашу дзяржаўную рэч — сьв. БАПЦ і япіскапа Васіля. Стварыўся адзіны фронт расейцаў і Вас! Гэтага для мяне даволі! Бо ж і для мяне ўжо ясна, што расейцы атакуюць толькі тое, што для іх шкодна, а для нас карысна. Вось жа, не хачу болей бачыць такіх „белоруссов“, якія памагаюць нашым вечным ворагам“.


Ліст скончваўся патрабаваньнем канкрэтнага адказу, па сутнасьці, выбару паміж БНР і БЦР, а яшчэ больш дакладна — выбару Царквы. Гэта было разрывам адносінаў ня толькі з Шчорсам, але й з усімі беларусамі, што стаялі за ім.

Да разьбежнасьцяў паміж БЦР і БНР на эміграцыі дадаваліся несуцяшальныя зьвесткі з Бацькаўшчыны. У лісьце да невядомага адрасата 6 чэрвеня 1954 г. Янка Чарапук пісаў:

„Паважаны Спадару! Я атрымаў Ваш ліст з 27 красавіка, дзякую. У мяне быў прадстаўнік беларускай арміі ад імя Вітушкі. Ён прадставіў мне ўсю справу, якая эгзыстуе на Беларусі. Я быў зьдзіўлены, ногі яго былі адмарожаныя. Гэта быў праўдзівы прадстаўнік беларускай арміі. Я даў яму прытулак. Чакаю на выпадкі міжнародныя. Здаецца, будзе ізноў адозва да беларускага сьвету. Генэрал Вітушка шле таксама прывітаньні Абрамчыку“.


А ўжо 26 чэрвеня ён пісаў да Віталя Кажана (скарбніка рады БНР):


„Ваша Дастойнасьць, у адказ на Вашае другое пісьмо маю гонар давесьці да Вашага ведама як сябру Рады БНР, што Вітушка, галоўны правадыр Беларускіх Паўстанцкіх Сіл, не прызнае ніякіх дагавораў, зробленых Прэзыдэнтам Рады БНР Міколам Абрамчыкам, ані Радаславам Астроўскім, прэзыдэнтам БЦР.

Ягоны прадстаўнік Антон Лабенец, які знаходзіцца ў Чыкага, сугеруе мне, каб выдаць адозву да беларусаў сьвету аб стварэньні Дзяржаўнага Фонду, так як маюць іншыя нацыі. Гэты Фонд павінен быць выкарыстаны толькі на патрэбу Беларускіх Паўстанцкіх Сіл і Беларускай Народнай Рэспублікі.

Я маю засьцярогу, што ў выпадку такой адозвы гэта выкліча вялікую рэакцыю з боку бальшавіцкіх прадстаўнікоў Беларускай Рэспублікі Кісялёва й Грамыкі. Чакаю адказу й Вашага погляду, як заставацца да сытуацыі“.

 


9 Ліст ад 6.09.1951 г. падпісаны япіскапам Васілём і С. Грынкевічам.



10 С. Грынкевіча.
    Але, верагодна, найбольш балела за справы ў сваім Чыкага. Так атрымалася, што найбліжэйшы (і найстарэйшы) паплечнік, Я. Варонка, пачаўшы ад выданьня расейскамоўнай „Белорусской Трибуны“, паступова ўсё больш аддаляўся ад беларускіх спраў, заняўся расейскім радыё, якое закранала беларускія праблемы адно напачатку й тое — зрэдку, а пазьней не хацеў нават чуць, каб даць эфір М. Дзямідаву альбо самому Чарапуку, які губляўся ў здагадках: што гэта, стомленасьць ад нацыянальнай працы, якая быццам бы аказалася бясплённай, страх перад усёмагутнымі бальшавікамі (хадзілі нават чуткі, што Варонка перадаў ім некаторыя паперы з асабістага архіву і архіву БНР), уплыў сям’і, далёкай ад беларускіх праблемаў?

Гэтая тэма ня раз закраналася і ў ліставаньні з Прэзыдэнтам БНР Міколам Абрамчыкам, які ў лісьце ад 6.04.1950 г. пісаў у Чыкага:


„Высока паважаны й дарагі Рыцар, толькі што атрымаў Ваш ліст, дзякую. Выбачце, што адказваю на такой паперы. Якраз мушу сядзець у хаце, чакаць нейкага журналіста — Шварцара з Вашынгтону. Ён даведаўся аб маім тут побыце і прасіў інтэрвію; дык не магу выйсьці з хаты і хочу выкарыстаць час, каб Вам адказаць.

Чыкага! Калісьці я захопліваўся ягонай разьлеглай прыгажосьцю! Праўда, было й так, але было інакш часамі. Часамі й сьціскалася сэрца. Але я, даражэнькі Рыцар, наўчыўся за сваіх асабліва сем апошніх гадоў рэагаваць ня сэрцам. Можа сказаў трохі замоцна, „навучыўся“, лепш сказаць „хачу“ рэагаваць ня сэрцам.

Кастусь Каліноўскі на судзе сказаў маскалям, што „прайгралі паўстаньне таму, што ягоныя саюзьнікі-палякі мелі сэрца не ў грудзях, а ў галаве“. У гэтых простых словах Каліноўскага крыецца глыбокі сэнс палітычнай філязофіі.

Мець сэрца „не ў галаве“ сапраўды рэч ня лёгкая. Палітыка, на жаль, патрабуе гэтага амаль што як асноўнай рэгулы. Трымаць моцна сэрца на сваім месцы, не дапускаць яго падымацца, а капітуляваць і абыходзіцца толькі сухім розумам — бяз помачы, без уздыму сэрца. Я вось і намагаюся, стараюся й вучуся гэтак дзеяць.

Прыглядаючыся да палітычнай сфэры — сьвету рафінаванага ў гэтым сэнсе, мы знойдзем, што яны сапраўды так дзеюць, так навучыліся дзеіць, як быццам таго сэрца й зусім ня маюць. Можа гэта і не прыгожа ўжо так выглядае, але ж ня нам зламіць гэтыя векавыя традыцыі, векавыя рэгулы. Непрыгожыя традыцыі ў змаганьні — войны, забіваньні людзей, але покуль такі сьвет існуе, не абыдземся мы без такой формы змаганьня.

У мабілізацыі сягоньня нашых сілаў мусім вэрбаваць ня толькі рыцараў аж 100% беззаганных нацыянальна і ахвярных людзей. Такіх людзей у кожным грамадзтве, кожным народзе няшмат.

Пішаце, Чыкага ня шэнціць на нашу інтэлігенцыю. Праўда, моцна ня шэнціць!

Варонка, безумоўна, наша трагедыя, і, магчыма, гэта трагедыя для яго самога яшчэ большая. Я ведаю, на ягоным месцы Вы б зарэагавалі начы. Вы б загаварылі на ўсе дзьве гадзіны так, як гавораць нямногіх 10% адданых ідэі нашай вызвольнай справы. Я ад Варонкі гэтага не спадзяваўся, балела сэрца, але цешыўся, што будзем мець ад яго хоць нейкія 3% — на сухі палітычны розум рахавалася й гэта здабыткам. Па Вашым апошнім лісьце ставіцца й гэта пад сумнеў.

Відаць, на Варонку не зрабіў і я ўплыву, а калі гэты ўплыў быў, дык толькі хвілёвы11.

Што ж цяпер рабіць? Падняць проці яго апазыцыю, пачаць біць яго на разе ня выгадна нам.

Але трэба аднак яго Вам, узяўшы моцна „сэрца ў жменю“, старанна трымаць пры сабе, хоць на 10% ці 5% выкарыстоўваць. А галоўнае — тармазіць яго, каб іншыя % не выкарыстоўвалі чужыя.

Калі б Варонка не займаў у нашай гісторыі такога месца, безумоўна, гульні такой, цацканьня такога зь ім мець не было б сэнсу. Або калі б гэта было ў Бацькаўшчыне, таксама загаварылі б зь ім іншымі мовамі. Ня выключана, што зьменяцца абставіны й тут. Сэрцам нават загаворым да яго!

Іншая рэч, калі заўважыце, што Варонка нас ашуквае й дзець там. Тагды ўжо безумоўна мусім прыступіць да апэрацыі, хоць як бы балючай яна ні была.

Палкоўнік12 добры чалавек, толькі яго безумоўна добра трэба трымаць за полы. У яго выяўляюцца нравы, якія бываюць у многіх старых людзей. А ён моцна стары.

Згодзен, што Вам патрэбна помач. Яе чакаем. На жаль, ня ўсё гэта залежыць ад нас. <…>

А пакуль бывайце здаровенькі і ня падайце духам, Рыцару. „Яшчэ мы прыйдзем палямі ўзорнымі“ да тых вёсак. І тэй вёскі Гародзеншчыны з касьцёлкам Беларускім. Ці ж ня верыце ў гэта, Рыцар? Я моцна веру.

Жыве БНР!

Ваш М. Абрамчык“.


Найбольш шчыльна Я. Чарапук ліставаўся з Станіславам Грынкевічам, сваім далёкім сваяком, якому шмат дапамагаў парадамі, афармленьнем папераў „на доктара“. У першую чаргу ад яго даведваўся ён пра падзеі ў нацыянальным актыве ў гады вайны, у лягерох ДП, ад яго атрымліваў інфармацыю пра новых, невядомых яму дзеячоў руху (а такіх была пераважная большасьць). Напэўна, ня будзе перабольшаньнем сказаць, што С. Грынкевіч у значнай ступені фармаваў пагляды Чарапука на новую беларускую сытуацыю. Лісты рознабаковыя, інфармацыйныя, часам іх можна назваць у пэўнай ступені сэнсацыйнымі; яны дадаюць багата што да роздуму пра іх аўтара й адрасата.

„Мой даражэнькі Братка!

Вярнуўся з одпуску, зь вялікай радасьцю браў да рук чакаючыя на мяне апошнія Твае пісьмы. Калі чытаў іх, з кожным прачытаным сказам узрастала маё глыбокае задавальненьне, што нягледзячы на гады і адарваньне ад свайго асяродку, Твой энтузіязм, як і глыбокая нацыянальная маральнасьць і патрыятызм у нічым не прытупіліся, а наадварот, у Тваей асобе праявілася далеказорная палітычная сьпеласьць пры ўдалым дыпляматычным падыходзе. Таму, здаецца, толькі Ты адзін у часе апошняе вайны ўмеў заняць такое становішча, якое й сёньня актуальнае. <…>

Сёньня сьпяшу пісаць Табе на тэму нашых міжнародных зносінаў.

Кантакт з Ізраілем ды Ірляндыяй зьяўляецца для нас амаль ключавой пазыцыяй, таму Твая ініцыятыва небывала шчасьлівая ды карысная. Таму гэтыя дзьве дзялянкі трактуй як надта важныя ды справу беспрарыўна пхай наперад. Я тут пастараюся коратка гэтыя дзьве справы з Табой прадыскутаваць.

Ірляндыя. Засьцярогі ірляндцаў у адносінах да нас зусім неапраўданыя. БНР ад часоў яшчэ Ластоўскага глядзела зь вялікай пашанай на Ватыкан. А й цяпер нашыя адносіны да Апостальскага пасаду як найлепшыя. Пэўна ведаеш, што яшчэ ў 1946 г. наша дэлегацыя ў асобе кс. Чарняўскага ды інж. Рыдлеўскага была прынята Папам Піюсам ХІІ. Ватыкан даў стыпэндыі для некалькіх дзясяткаў нашых студэнтаў на ўнівэрсытэце ў Лювэне, выдае на нашай мове малітоўнікі, газэту „Зьніч“, радыёвыя аўдыцыі. Апрача гэтага, нядаўна й сам Прэзыдэнт Абрамчык быў прыняты надта цёпла гэтым жа Папам. Дык як бачыш, каталіцкія пачуцьці ірляндцаў надта зусім ня будуць абражаныя.

Што датыкае нас, дык мы ў сваіх асяродках яшчэ ў Нямеччыне пашыралі сымпатыі да ірляндцаў. Ды гэту сымпатыю маем і цяпер. У часу акупацыі нямецкай, калі ірляндзкая грамадзянка, жонка др. Антановіча, была пасаджана ў канцэнтрацыйны табар, беларускі актыў на чале з сьв. п. В. Іваноўскім выступіў гэтак рашуча перад немцамі, што апошнія выпусьцілі ўвязьняную, хаця гэткія ануляваньні выдадзеных загадаў немцы былі непрывыкшы рабіць. Тут варта надмяніць, што адзін толькі Ермачэнка стаяў наўбаку справы асвабаджэньня ўвязьнянай. Наадварот, таму, што др. Антановіч стаяў на чале Беларускага Чырвонага Крыжа й стараўся ўтрымаць арганізацыю на яе самарытанскай чысьціні, Ермачэнка супольна зь немцамі разграміў арганізацыю, робячы зь яе карыкатуру ў форме Самапомачы.

У канклюзіі йшло б нам пра навязаньне прыязных адносінаў з ірляндзкім урадам, як і мясцовымі тут арганізацыямі. Заўтра адразу пішу сп. Абрамчыку, каб у найкаротшым часе пастараўся адведаць Ірляндыю. Тым больш гэта будзе карысным, бо ў пачатках зімы сп. Прэзыдэнт мае адведаць ізноў ЗША.

Аднак, магчыма, больш важна, чымся справа нашых адносінаў з ірляндцамі, справа зносінаў з Ізраілем.

Прасьледаваньне жыдоў у царскай Расеі, магчыма, было прычынай утварэньня выняткова добрых адносінаў між прыгнечаным нашым народам з жыдамі. Таму й нашая краіна сталася амаль маткай сёньняшняму Ізраілю. Хопіць толькі паглядзець на пэрсанальны склад сёньняшняга ўраду Ізраіля а пабачым, што ў бальшыні яны паходзяць зь Беларусі. І гэта непрыпадкова, у нас былі найвышэйшыя жыдоўскія школы, адсюль і выходзіла вярхушка жыдоўскай інтэлігенцыі. Пагромы ў нас няведамыя. Памятаеш адносіны БНР да жыдоў ад самага пачатку, памятаеш таксама пастанову нашага Ўраду адносна Балаховіча, які ў той час быў так патрэбны, а Ўрад яго ўвольніў за жыдоўскія пагромы ў Пінску. Варта надмяніць, што адкінутага Балаховіча палякі прыгарнулі да сябе. Пад Польшчаю Беларускі Народ ніколі не запаліўся да моднага ў Польшчы антысэмітызму, а наадварот, пасіўна падтрымліваў жыдоў. Важны факт у сэрыі гэтых зносінаў, што дэлегатам да зносінаў зь Вялікай Брытаніяй ад імя БНР быў пасланы жыд, якога прозьвішча прыпадкова забыў.

У часу жыдоўскае трагедыі-гітлераўшчыны ізноў беларусы спагадаюць жыдом, дзе толькі магчыма, з собскай небясьпекаю жыцьця хаваюць жыдоў (як інж. Душэўскі, які сам прыплаціў жыцьцём). Найболей яскравым фактам гуманных адносінаў нашага народу да жыдоў можа гэты факт, што немцы не змаглі нашымі рукамі ліквідаваць жыдоў, а былі прымушаныя ўзяць батальёны нашых суседзяў, як летувісаў, латышоў ды расейцаў (Камінскі). Нат у нас, у Новым Двары, раскідаць жыдоўскі магільнік не знайшлі ахвотнікаў за грошы ды спэцыяльныя прыдзелы картачак, а пагналі людзей паліцыяй. А потым, як наш селянін ласы на зямлю, хаця немцы аддавалі дармо зямлю, ніхто яе ня ўзяў. Гэтаксама немцам не ўдалося спрычыніць паўстаньне беларускае нацыянал-сацыялістычнае партыі. Пробаваў няўдачна рабіць гэта Акінчыц, але справа скончылася толькі лідэрам, безь сяброў партыі.

Безумоўна, зусім дапушчальныя прыпадкі спарадычных асабістых прыпадкаў расправы з жыдамі, як высказ помсты. Але гэта жыды самыя разумеюць, бо нямала іх суродзічаў як савецкія камісары мелі нямала на сваім сумленьні беларускага жыцьця. Таму гэтыя прыпадкі ня ўлічваюцца, бо беларусы ліквідавалі й сваіх камуністаў.

Таму ў імя тут коратка накінутай мною мінуўшчыны адносінаў беларуска-жыдоўскіх з жыдоўскага боку належыцца нам пэўнае забавязваньне ў форме помачы, якую на сёньняшні дзень мы можам толькі ад іх дастаць. Узамен за гэта мы забавязваемся, што ня то жывыя, а нат і памёршыя на нашай зямлі ня будуць спрафанаваныя. Справа адносінаў міждзяржаўных — гэта справа ўжо будучыні. Разумею, што пры сучаснай палітычнай сытуацыі прызнаньне de jure нашага Ўраду немагчымае. На сёньняшні дзень нам надта патрэбна матэрыяльная падтрымка ў наступнай форме:

1. Зарганізаваць тут на ўсходнім узьбярэжжы, а мо нават і ў Чыкага штодзённую гадзіну камэрцыйных перадачаў, як гэта тут практыкуецца. Фірмы, якія гэта возьмуць на сябе, зь цягам часу пакрыюць свае кошты, бо гэтых радыёвых перадачаў будуць слухаць соткі тысяч людзей.

2. Сваймі ўплывамі дапамагчы нам дастаць месца ў „Голасе Амэрыкі“.

3. Даць магчымасьць у жыдамі кантраляванай прэсе ў ангельскай мове час ад часу папулярызацыю ў нашай справе.

4. Матэрыяльную помач, у форме падарку або доўгатэрміновае пазыкі, у вышыні $40000 на куплю царквы або дому, што зьяўляецца нам неабходным дзеля адваяваньня старое эміграцыі.

Праўда, гэта немалыя вымаганьні, але адначасна й невялікія для гэтак магутнай жыдоўскае супольнасьці. Дзеля гэтага чым хутчэй старайся ўвязацца з адпаведнымі жыдоўскімі дзейнікамі, пераконваючы іх у карыснасьці гэтае справы для абодвух бакоў. Калі б удалося нам асягнуць усе чатыры мной пададзеныя пункты, на Новы год мы ўжо змаглі б выдаваць сваю штодзённую газэту, а Задзіночаньне налічвала б якія тысячы сяброў. Гэту справу разглядай як надта важную, бо акрамя Цябе, здаецца, ніхто іншы ня зможа яе правесьці.

На днях атрымаў пісьмо ад сп. Абрамчыка. Ён успамінае аб былым консулу БНР Альбэрце Курляндзкім, які рэпрэзэнтаваў наш Урад у Данцыгу. З Курляндзкім ён апошні раз бачыўся ў 1948 г. у Даніі. Тады сам Курляндзкі падымаўся нашу справу прадставіць жыдам, жыдоўскай прэсе пашыраць паясьненьні аб Беларусі.
Жыве БНР.

Твой Стась.
17.7.1951.“

 

























11 М. Абрамчык быў у Чыкага ў сакавіку 1950 году. Тады ж была арганізавана радыёперадача ў праграме Я. Варонкі — прамова Прэзыдэнта БНР да беларусаў Чыкага, прысьвечаная 32-й гадавіне абвешчаньня незалежнасьці.






12 М. Дзямідаў.
   

„Мой даражэнькі Яначка!

Дзякую за апошнія пісьмы. Я надта рады, што Ты бачыш, якая перамена наступіла ў нацыянальным усьведамленьні нашага народу. Ужо зьявішча патрыятычных сем’яў не зьяўляецца ў нас рэдкасьцю. Палітычная рамантыка ахапіла ў нас ня толькі хлапцоў, як гэта было раней, а й дзяўчаты таксама пачэсна трымаюць крок у маршы наперад за лепшую будучыню. І Жанна д’Арк зьяўляецца ў нас ужо даволі частым прыметнікам. Я ганаруся, што гэты прыметнік быў некалі ўжыты на азначэньне патрыятызму мае жонкі, нат і зь нямецкага боку.

Тут пасылаю Табе з гэтым пісьмом мае спасьцярогі адносна аднае зь фігураў зарубежжа — Каўша. Прачытай і падумай, як пагадзіць гэтыя ўсе спасьцярогі і які мімахоць накідаецца выснаў.

Думаю, ведаеш, ён зьяўляецца сынам праваслаўнага сьвятара, які амаль што адзін прызнаваўся да беларускасьці й нат актыўна працаваў. З гэтае прычыны й не любілі яго сябры-маскалі або маскафілы-сьвятары. З прыходам на Беларусь немцаў у 1941 г. айцец Коўш таксама маніфэстуецца сваёй беларускасьцю, дастае прыход, і было б усё карысна. Але трэба трагедый. Трудна мне сказаць, якімі матывамі кіраваўся а. Коўш, але ён пачынае хрысьціць жыдоў, выстаўляючы ім мэтрыкі. Тыя, хто знаў яго лепш, казалі, што ён гэта рабіў за золата (як вядома, хрысьціянская мэтрыка давала жыдам магчымасьці ратунку ад сьмерці). А мо ён гэта рабіў з гуманнага пачуцьця. Як весткі кажуць, праваслаўныя сьвятары данесьлі аб гэтым немцам і апошнія зьнішчылі а. Каўша ў 1942 г. Усе, якія ведалі а. Каўша, вестку аб ягонай сьмерці прынялі надта горка, у гэтым ліку і я, хаця асабіста й ня ведаў яго.

Цяпер на фоне гэтае падзеі здарылася зусім парадаксальнае зьявішча. Дзеці зьнішчанага немцамі бацькі йдуць да апошніх на службу, і то як агенты гестапа! Сучасны супрацоўнік др. Шчорса Сьвятаслаў Коўш працуе ў аддзеле гестапа, а ягоная сястра Зоя Коўш як гестапаўскі агент устаўляецца ў Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні як сакратарка. Др. Грабінскі як старшыня Камітэту меў нямала зь ёю клопатаў, бо сваёй пазыцыяй у немцаў ня раз паважна шантажавала. Аб гэтым цяпер можа расказаць др. Грабінскі, які жыве ў ЗША. Таму Камітэт быў прымушаны насіцца з Зояй, як з „балячкаю“. Усе беларусы, якія зналі а. Каўша, а тым больш, што нашыя палітычныя разыходжаньні зь немцамі ўжо на самым пачатку зусім выявіліся, таму паводзіны дзяцей а. Каўша ўсім выдаліся зусім ненатуральнымі, проста хвараблівымі. Бо няхай і была б нейкая палітычная канцэпцыя карысная, але нармальнай людзкой рэакцыяй ёсьць, што калі нейкая ўлада зьнішчыць бацьку, у такім прыпадку з такой уладай супрацоўніцтва актыўнае зусім не да падуманьня.

Зоя, ведамая са сваіх афіцыйных і цёплых кантактаў зь немцамі, ужо ў гадох партызаншчыны 1943—44, быццам у характары чорнага гандлю разьяжджае ў партызанскія камуністычныя раёны й вяртаецца жывая. На гэта ў пачатках не зьвярнулася ўвагі — мо мае шчасьце. Потым, ня ведаю якой дарогай, яна зьяўляецца пачаткова ў Менску, а потым, летам 1944, ужо ў Бэрліне сакратаркаю Астроўскага. Якім парадкам гэта сталася, ці немцы Астроўскаму ўціснулі, ці ён сам яе ўзяў, на гэта не магу сказаць. У Бэрліне Зоя, сама як дзяўчына непрыгожая, часта паказвалася крыху ў рамантычнай форме з Жданюком, сярэдняй катэгорыі агентам гестапа, таксама. На гэта не зьвярталася ўвагі. Дзяўчына хоча мець хлопца, а й супольная дзялянка працы лучыць — усё ўзноў лягічна ды ясна. Але тут узноў іншы інцыдэнт.

Ведамы ў нашым жыцьці мэцэнат Шкялёнак, вяртаючыся раз поўначы а другой гадзіне ночы, застае Зою, перадрукоўваючую пратаколы БЦР. Зьляпаная на гарачым сьледзе, дзяўчына растрацілася, але псыхалягічна апанаваны Шкялёнак ня даў па сабе пазнаць, што зарыентаваўся ў яе акцыі. На другі дзень ён расказаў мне аб гэтым. Мэта яе работы здавалася быць зусім ясна — рабіць копіі для немцаў, на жаданьне ад яе самой ці на заказ ад Жданюка, каб гэты мог паказацца актыўнасьцю. У тагачасных умовах немагчыма было нейкае больш рашучае пастанаўленьне адносна Зоі, было праведзена на жаданьне Шкялёнка найбольш лагоднае, перанесена яе з канцылярыі Астроўскага да аддзелу Сацыяльнае дапамогі — да Сабалеўскага. На гэтым адрэзку Зоя працуе аж да капітуляцыі немцаў.

З прыбліжэньнем бальшавікоў пад Бэрлін пры помачы нямецкай, значыць, безь ніякіх асабістых клопатаў БЦР за ўсімі сваімі аддзеламі эвакуявалася на Захад Нямеччыны. У агульным ліку працаўнікоў паехала туды й Зоя, але скора вяртае ўзноў да Бэрліну й тут застаецца. Паколькі маем весткі, бальшавікі адразу, як толькі прыйшлі да Бэрліна, адразу зьнішчылі ўсіх беларусаў, якія не пасьпелі сваечасна пакінуць Бэрлін. У ліку зьнішчаных надта важны малады дзеяч — Пётра Бачак, Амельяновіч ды іншыя. Зоі не сталася нічога. Прыхавацца ёй як немцы амаль немагчыма. Перша — фізычна адменны тып, а да таго ж і слабое валоданьне нямецкай мовы. Узноў — мо мае шчасьце.

Але тут ужо зусім нешта незразумелае. Калі пару тыдняў па капітуляцыі Бэрлін быў падзелены на акупацыйныя сэктары, усе чужынцы, якіх ня здолелі вылапаць бальшавікі, адразу перасяліліся ў заходнія сэктары, як ангельскі, амэрыканскі ці францускі. Зоя тым часам зусім сябе бясьпечна й добра пачувае ў савецкім сэктары, дзе пражывае да канца 1946-га.

Восеньню 1946 г. я выйшаў з інтэрнаваньня й даведаўся такія рэчы: у ангельскай зоне ў Ватэнштаце Сьвятаслаў Коўш, які ад самага пачатку як камэндант беларускага лягеру13 надта пазытыўны быў пад кожным паглядам, у апошнім часе пачаў рабіць небывала нізкія інтрыгі, проста маральна й арганізацыйна пачаў развальваць лягер. Даведваюся, што гэтага самага Каўша нядаўна адведала ягоная сястра з Бэрліна, што расказвала жудасныя рэчы пра бальшавікоў і што пастанавіла перабірацца ў амэрыканскую ці ангельскую зону. Адно толькі, таму, што там, у Бэрліне аставіла „лахі“, паедзе яшчэ раз туды, прадасьць усё, а потым прыйдзе назад.

Вартасных рэчаў яна не магла там мець. А „лахаў“ Коўш у той час як камэндант лягеру ёй мог даць цэлы самаход, бо ўсё УНРРАўскае майно было ў ягоных руках. А далей, ведаючы, што там — бальшавікі, дык пускаць сястру на гэтакую небясьпеку зусім не па-братэрску. Коўш, аднак, пускае сястру і ад гэтага часу сам мяняецца.

Па нейкім часе прыходзіць вестка ў заходнія зоны Нямеччыны, што Зоя пайшла на „чорны рынак“ на Аляксандарпляц і была арыштаваная бальшавікамі й вывезеная ў невядомым кірунку. Коўш цяпер пачаў рэклямаваць мучальніцкую сьмерць сястры за Бацькаўшчыну. І ад гэтага часу пачаў праводзіць такую работу, якую можна назваць толькі бальшавіцкай агентурай, а пра сутнасьць работы, дык, думаю, Ты даволі зарыентаваны ад Пануцэвіча й Жызьнеўскіх. Таму аргумэнтаў на гэту тэму ня буду падымаць.

Коўш уключаецца як адзін з арганізатараў зарубежжа. Астроўскі ды Шчорс таксама. Ведаючы тэхніку арышту на рынку, як заключаны можа сам паведаміць? Хто тады паведаміў? І нашто? На гэта няма як дастаць адказу.

Зарубежжа пачалося афармляцца, і толькі ў канцы 1947 году рэпатрыюецца ў Саюз паэтка Таполя14 з найбліжэйшымі, а трэба зазначыць, што Коўш да іх быў надта прыхільны.

Цяпер перакінем абзэрвацыю да вашага Чыкага. Па радыёвым выступленьні Варонкі выглядала, што гэты апошні, хаця й цяжка было, але здабыўся на адвагу й парваў усе ніткі з бальшавікамі, якія яго няслаўна зьвязалі па ягонай згодзе. І бачыў, колькі розных пасланцоў з Нью-Ёрку прыяжджала да Варонкі, зьвярнулі яго са шляху павароту на паўдарозе.

Тут разгледзеў я толькі аднаго, а да кожнага зь іх маем не асабістыя прэтэнзіі, а вылучна прынцыпова маральныя матывы, таму я сам асабіста пераконаны, што тут ніякага ня можа быць паразуменьня.

Твой Стась
8.16.1951.“

 
13 Гл.: S. Cous. The Story of the Byelorussian Camp Watenstadt, Germany. 1945—1949. A Picture Album in Byelorussian. USA, 1981. 112 p.










14 Гл.: Л. Юрэвіч. Зацемкі на маргінэсе найноўшае гісторыі: Вольга Таполя. Лісты да Юркі Віцьбіча // Запісы БІНІМ, № 24, 1999. С. 184—235.





   

Так пачыналіся для Янкі Чарапука 50-ыя гады. Можна толькі гадаць ды здагадвацца, якім быў бы ягоны ўваход у жыцьцё й справы маладой беларускай эміграцыі. Маладой — таго, паваеннага часу.

Але другая палова пяцідзясятых была надта неспрыяльнай для ўжо немаладога дзеяча. 6 кастрычніка 1955 г. па дарозе на чарговае паседжаньне „Рыцараў Калюмбу“ Я. Чарапук быў зьбіты аўтамабілем. Апынуўся ў шпіталі са зламаным каленам. Ляжаў больш за тры месяцы, потым, пасьля апэрацый, яго выпісалі дахаты, але само лячэньне заняло яшчэ блізу год.

Магчыма, гэтае здарэньне падштурхнула Янку Чарапука да напісаньня тэстамэнту (12.12.1955):

„Я маю гонар Вас прасіць у выпадку маёй сьмерці выпаўніць ніжэйпададзенае: я хачу быць пахаваным на ўкраінскім каталіцкім цэмэнтары. Жалобнае набажэнства павінна быць адпраўлена ў рымска-каталіцкім касьцёле (нягледзячы да якой народнасьці належыць) сьвятаром пры галоўным аўтаром езуітам, а каб маліліся сьвятар-беларус і сьвятар-украінец. Я ў труне хачу быць убраны як 4 Degree Knights of Columbus. Труна павінна быць пакрыта беларускім дзяржаўным сьцягам. <…> Пастаўце скромны помнік: Ян Чарапук-Змагар, Беларус. 1896—195...“.

Напэўна, адчуваў, што гэта будуць пяцідзясятыя гады. Так і адбылося: Янка Чарапук-Змагар памёр 16 лістапада 1957 году.

Але мы — не таго мы шукаем,
Не таго на чужыне нам трэба…

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (17) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 29-07-2001