A R C H E S k a r y n a № 3 (17) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

 
Вокладка ARCHE Skaryna 3-2001.

   Мінулыя нумары:

   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Палеміка
  Да рэцэнзіі на кнігу Ю. Гарбінскага


У № 8 Вашага выдання за мінулы год змешчана вялікая рэцэнзія Юрася Лаўрыка “Даведнік з памылкамі“ на кнігу Ю. Гарбінскага “Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя“, выдадзеную ў 1999 г. у “Менску—Мюнхене“. Пасля васьмі старонак крытычных заўваг, якія ў пераважнай большасці я падзяляю (і нават мог бы дадаць нямала сваіх), сярод іншых высноў робіцца і такая: “Шкода таксама, што дактары навук Ул. Конан і А. Мальдзіс, імёны якіх, як сяброў Навукова-Рэдакцыйнае Рады, значацца ў кнізе (...), не паставіліся належным чынам да сваіх абавязкаў (можа, прывычка быць “вясельнымі генэраламі“ прывучае думаць пра свой навуковы аўтарытэт як пра нешта незварушнае і непрамінучае?)“

Аплявуха ў цэлым слушная, і павінен быў бы я прыняць яе з хрысціянскай пакорлівасцю, калі б не адна, мабыць, невядомая аўтару рэцэнзіі і, тым больш, чытачам “дробязь“. “Вясельны генерал“ звычайна прысутнічае на вяселлі, запрошаны на яго загадзя, а часам у яго нават “і па барадзе цячэ“. У мяне ж была зусім іншая сітуацыя: калі мне сказалі, што дзеля грыфу я павінен стаць адным з трох навуковых рэдактараў кнігі, у патрэбнасці якой, па-мойму, ніхто не сумняваецца, я згадзіўся: “Добра, нясіце мне на які тыдзень рукапіс“. Пасля доўгага чакання мне паказалі “нявесту“ (яна ж будучая кніга) на якія трыццаць хвілінаў. Але нават гэтага часу мне было дастаткова, каб заўважыць асноўныя хібы: няпэўнасць крытэрыяў адбору, недастатковую сістэмнасць, кур’ёзнасць бібліяграфічнага апісання. І запатрабаваў, каб мне была прадастаўлена магчымасць не “генеральскага“, а сапраўднага рэдагавання. У адказ пачуў: “Позна.. Кніжка ўжо друкуецца...“ З “нявестай“ жа я грунтоўна пазнаёміўся — пасля настойлівых патрабаванняў — толькі праз два месяцы. Так што на “вяселлі“ я так і не змог папрысутнічаць. Сёння пра гэта пішу крыху з гумарам, няхай і змрочным, а раней толькі самабічаваўся: чаму не запратэставаў?! Мусіць, таму, што палічыў: у кніжцы ўсё ж сабраны значны фактычны матэрыял, яна ўсё ж можа стаць падставай для будучага паўнацэннага даведачнага выдання. Калі аўтар-укладальнік прыме крытыку і зробіць з яе належныя вывады. Бо сама задума, само імкненне былі патрэбныя, “міленійныя“.

Адам Мальдзіс

 
 
   

Яшчэ раз пра вясельле і вясельных маршалкаў

У № 8 Літаратуры і Мастацтва за гэты год зьявіўся допіс Уладзімера Конана “Драма беларускага хрысьціянскага адраджэньня“, прысьвечаны кнізе “Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя“ і маёй крытычнай рэцэнзіі на яе. У гэтай публікацыі доктар Конан, відаць, пакрыўдаваўшы на тое, што я назваў яго “вясельным генэралам“, паставіў за мэту ўсялякім чынам пераканаць чытача, што мая рэцэнзія — тэндэнцыйная, а мае цьверджаньні — няслушныя.

Частку артыкулу, мне прысьвечаную, д-р Конан пачынае з абвінавачваньняў у тэндэнцыйнасьці і “саветызьме“, але ніякіх цытатаў не падае. Д-ру Конану дастаткова некалькі разоў паўтарыць слова “тэндэнцыйнасьць“ — і справа зроблена, усе перакананыя! Мусіць, таксама дзеля гэтай пераканальнасьці, ён і адказ свой апублікаў не ў ARCHE-Скарына, у якім дыскусія была распачатая, а ў ЛіМе — то бо, выданьні з зусім іншай чытацкай аўдыторыяй, якая маёй рэцэнзіі не чытала і ня зможа параўнаць.

У сваім адказе д-р Конан вельмі спрытна абмінае пытаньне вялікай колькасьці памылак, што прысутнічаюць у рэцэнзаваным даведніку. Гаворачы пра энцыкляпэдычныя выданьні са “шматлікім штатам рэдактараў і сотнямі аўтараў“, ён адзначае, што й там “не абыходзіцца без памылак, недакладнасцяў“. Рацыя — не абыходзіцца! Толькі праўда такая, што выраз “не абыходзіцца“ мае наўвеце невялікую колькасьць памылак, а я ў сваёй рэцэнзіі даводжу, што “ўся даведачная частка (кнігі “Беларускія рэлігійныя дзеячы...“) прасякнутая памылкамі наскрозь“ (С. 53—54). Каб там усяго толькі “не абышлося без памылак“, я нават і не падумаў бы марнаваць свой час на напісаньне такой рэцэнзіі.

Далей апанэнт распавядае, што “Юрась Гарбінскі адзін выдаў кнігу“, а таксама скардзіцца на ўмовы, у якіх аўтару і добраахвотным рэдактарам прыходзілася працаваць. Згадвае ён і пра тое, што сп-ру Гарбінскаму “прыходзілася спяшацца, як і кожнаму даследчыку, хто сёння хоча выдаць кніжку ў Беларусі. Адкладзеш на год — наяўныя грошы сублімуюцца (выветрываюцца, выпараюцца)“.

На маю думку, гэта ўсё гучыць бязглузда.

Абсалютна не разумею, чаму сп. Гарбінскаму так закарцела менавіта “сёння... выдаць кніжку ў Беларусі“, а не давесьці яе да ладу ды выдаць “заўтра“, каб сапраўды яму ўсе сказалі дзякуй?! Наяўныя грошы тут апраўданьнем служыць ня могуць, бо яны, да ведама майго апанэнта, маюць уласьцівасьць няблага перахоўвацца ў выглядзе валюты.

Д-р Конан выказвае поўны брак арыентацыі ў матэрыялах, пра якія выказваецца, найперш у пытаньні бібліяграфіі.

Тым ня менш, ёсьць у словах апанэнта адна думка, зь якой я не магу не пагадзіцца — лепей не зьмяшчаць ніякага бібліяграфічнага апісаньня ўвогуле, чым даваць яго з памылкамі.

Да слова мушу тут зазначыць, што ўвесь свой “бібліяграфічны“ пасаж быў адрасаваны ня столькі Ю. Гарбінскаму, колькі таму адмысловаму “рэдактару-бібліёграфу“, імя якога значыцца на адвароце тытульнага ліста кнігі. Бо для мяне гэта нонсэнс, што выданьне мае адмысловага рэдактара па бібліяграфічных пытаньнях (рэч даволі рэдкая!), а само ажно “роіцца“ бібліяграфічнымі памылкамі — і то прынцыповымі! Да таго ж, у мяне і ў думках не было абвінавачваць Ю. Гарбінскага ў тым, што ён не паставіў свайго імя на тытульным лісьце — я лічу гэта цалкам нармальным. Але, разам з тым, я не ўважаю гэты момант за “сведчанне беларускай і хрысціянскай сціпласці Ю. Гарбінскага“ — гэта проста нармальная навуковая карэктнасьць. І я зусім не разумею, пры чым тут алюзіі паважанага апанэнта да нацыянальнасьці ды рэлігіі аўтара.

Іду далей. Некалькі разоў д-р Конан ужывае адзін і той жа прыём: сьпярша замоўчвае асноўнае маё цьверджаньне, нібы яго і не было, а пасьля — з большай ці меншай рацыяй — пачынае чапляцца да цьверджаньня другаснага. Часта пры гэтым нават абцінаючы частку сказу, калі яна яму ня выгадная. Вось, напрыклад, піша: “Ю. Лаўрык крытыкуе загаловак кнігі “Беларускія рэлігійныя дзеячы“, кажучы, што “пры такой назьве ў кнізе мусяць быць зьмешчаны пэрсаналіі рабінаў ды імамаў зь Беларусі, чаго, аднак, не назіраецца“. Мабыць, рэцэнзент не ведае нашай Бацькаўшчыны. То я напомню: у нас няма беларускіх вернікаў ісламскага і юдэйскага веравызнання, як няма беларускіх імамаў і равінаў, якія б прапаведавалі Каран і Талмуд па-беларуску. (...) Вось калі Ю.Лаўрык захоча выдаць даведнік “Рэлігійныя дзеячы ў Беларусі ХХ стагоддзя“, то гэтая наіўная ў нашым кантэксце заўвага набудзе сур’ёзны змест“.

Пішучы ўсё гэта, шаноўны доктар чамусьці “забыўся“ вытлумачыць, за што канкрэтна я крытыкую назву, і ў выніку ўсё выглядае так, нібы мне не даспадобы адсутнасьць сярод пэрсаналіяў гэтых самых імамаў ды рабінаў. От жа ж не: выбар крытэраў — справа аўтара; ён можа абмежавацца толькі хрысьціянскімі канфэсіямі, а можа ахапіць і прадстаўнікоў іншых рэлігіяў — ягоная воля! Праблема ў іншым — у тым, каб назва кнігі адпавядала зьместу. Тутака ж мы маем сытуацыю, калі кніга падрыхтавана выключна на хрысьціянскім матэрыяле, а ў тытуле значыцца: “рэлігійныя“ — што мае наўвеце значна шырэйшы кантэкст. (Я думаю, што пры такім зьмесьце лепей падышла б назва “Беларускія хрысьціянскія дзеячы“). І каб д-р Конан быў добрасумленным апанэнтам, ён мусіў бы альбо прызнаць маю рацыю, альбо аспрэчыць яе, калі мае на тое адрозныя меркаваньні, — але ні ў якім разе не рабіць выгляд, што я казаў нешта іншае.
 

 
   

Аднак нават абцінаючы мой сказ, паважаны доктар не ўсьцярогся, каб не ўвайсьці ў супярэчнасьць са сваімі ўласнымі словамі; бо на пачатку свайго артыкулу ён піша наступнае: “Этнічнае паходжанне і нацыянальная прысутнасць далёка не адно і тое ж. Асноўны крытэр тут — жыццё і творчасць у кантэксце нацыянальнай мовы і культурнай традыцыі беларусаў. Сярод нашых рэлігійных дзеячоў былі і, верагодна, будуць палякі, украінцы, рускія, латышы, літоўцы“. Дык скажыце, тады за што такая дыскрымінацыя ў адносінах да татараў? За тое, што яны ўжо ў XVII ст. мелі Каран па-беларуску1 (а жыды, дарэчы, — шэраг біблійных кніг нават у XVI-м2)? Ці за тое, што гэтыя самыя татары як не ад XV-га, дык, прынамсі, ад XVІ стагодзьдзя стваралі, перакладалі і камэнтавалі па-беларуску рэлігійныя тэксты?3 Ці, можа, для майго шаноўнага апанэнта ў навіну тое, што гэтыя тэксты, зьмешчаныя ў Аль-Кітабах ды Хамаілах, ажно да пачатку ХХ стагодзьдзя ўключна стала ўзнаўляліся4 — а значыць, і выкарыстоўваліся ў рэлігійнай практыцы? Няўжо ж усё пералічанае ня сьведчыць пра “жыццё і творчасць у кантэксце нацыянальнай мовы і культурнай традыцыі беларусаў“? Я працытую меркаваньне д-ра Янкі Станкевіча, які ў 30-ых гадох ХХ стагодзьдзя пісаў пра сучасных яму беларускіх татараў, адназначна называючы іх “беларускімі мусульманамі“: “Як калісь, так і цяперака просты беларускі народ заве мусульманаў Татарамі, разумеючы пад гэтым назовам іх належнасьць да ісламу. І, таксама як калісь, мусульмане беларускія ўважаюць гэты назоў за зьнявагу, заяўляючы, што яны мусульмане, а не Татары. Беларускія мусульмане апрычоных звычаяў, абрадаў, убораў і пад. ня маюць і ўва ўсім, апрача веры, ня розьняцца ад іншых Беларусаў5 . (Падкрэсьліваньні мае — Ю.Л.).

Бадай, лішне дадаваць, што, напрыклад, цяпер перада мной на стале ляжаць тры выпускі Бейраму (квартальнік Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі і Беларускага згуртаваньня татараў-мусульман “Аль-Кітаб“) за 1999 год, дзе большасьць матэрыялаў апублікавана па-беларуску, і сярод іх, між іншым, прысутнічае сучасны беларускі пераклад Карану (Кур’ану), а таксама некаторыя іншыя рэлігійныя тэксты.

Што да беларускасьці тутэйшых жыдоў у ХХ стагодзьдзі, дык я, трэба прызнаць, падобных сьведчаньняў ня маю (хоць ёсьць пэўныя як ускосныя, так і беспасярэднія зьвесткі, раскіданыя па часе ад ХІІ да ХІХ стагодзьдзяў6). Тое праўда, што ў наш час жыды хутчэй зрусіфікаваныя, але тым ня менш, іхная “небеларускасьць“ цягам усяго разгляданага ў даведніку пэрыяду зусім не зьяўляецца для мяне рэччу ані адназначнай, ані даказанай..

У сваім артыкуле мой апанэнт увесь час спрабуе прыпісаць мне “мэту — выкрыць аўтара кнігі“. Мушу падкрэсьліць, што ў маёй крытыцы не было нічога асабістага. Мая рэцэнзія была скіраваная не супраць асобаў, а супраць непрафэсіяналізму — непрафэсіяналізму тых спэцыялістаў, што гэтую кнігу рыхтавалі: аўтара, бібліёграфа, адказнага рэдактара... Гамонка йдзе не пра асобы, а пра справу. А справа — факт застаецца фактам — зробленая недасканала!

У пытаньні пра тэрмін “беларускі хрысьціянскі рух“ д-р Конан спачатку зазначае, што я аспрэчваю прымальнасьць аднясеньня згаданага тэрміну да XVIII–ХІХ стагодзьдзяў, а пасьля, спасылаючыся на аўтарытэт кс. Адама Станкевіча, пералічвае асобаў, якія, на ягоную думку, да гэтага руху належалі ў названы пэрыяд, і на заканчэньне падсумоўвае: “Наш рэцэнзент альбо не чытаў гэтай грунтоўнай кніжкі, альбо не захацеў спрачацца з яе аўтарам“.

Па-першае, цікава, дзе ж падзеліся XVI і XVII стст., якія я таксама згадваў? Па-другое, проста захапляе тая бязьмежная даверлівасьць, зь якой д-р Конан прымае кожнае цьверджаньне названага аўтара, мянуючы яго зь невымоўным піітэтам “першадаследчыкам“.

Кнігі А. Станкевіча — сапраўдная скарбніца фактаграфіі па гісторыі хрысьціянства ў Беларусі. Аднак гэта не азначае, што мы павінны бескрытычна прымаць усе ягоныя тэарэтычныя палажэньні. За тыя 60 зь лішкам гадоў, што прамінулі ад часу выхаду ягоных прац у сьвет, у мэтадалёгіі гістарычнае навукі адбыліся пэўныя зьмены, і мы павінны на гэтыя зьмены зважаць. Сёньня ніводзін сур’ёзны дасьледчык ня будзе спрачацца зь цьверджаньнем, што нельга ацэньваць мінуласьці паводле крытэраў сучаснасьці. Мы можам дашуквацца ў папярэдніх вякох вытокаў тае ці іншае мадэрнае зьявы, але ня можам пераносіць на рэаліі XVІІІ ці ХІХ ст. тэрміны, якія датычаць рэаліяў стагодзьдзя ХХ-га. Гэта будзе анахранізм з увагі на адрозныя палітычныя, эканамічныя ды культурныя ўмовы, а тым болей — з увагі на сутнасны зьмест апісванае зьявы; і беларускага хрысьціянскага руху гэта датычыць у першую чаргу!

Два абзацы д-р Конан прысьвячае бск. Лазінскаму. Пачынае апанэнт з апісаньня маіх пачуцьцяў, пра якія — у каторы раз — яму вядома болей, чым мне самому: “Не спадабаўся рэцэнзенту біскуп Лазінскі, і ён палічыў за памылку ўключэнне гэтага дзеяча ў даведнік“.

Па вялікім рахунку, калі ён хоць нешта зрабіў для Бацькаўшчыны, дык мае права быць узгаданы. Але я не магу зразумець, чаму для яго — пры ўсіх ягоных прапольскіх поглядах і дзейнасьці — Ю. Гарбінскі знайшоў час і месца, тады як пра а. Яна Матусевіча, які не адзін дзясятак гадоў аддаў сьвятарскаму служэньню ды ўдзельнічаў ледзь не ўва ўсіх буйных адраджэнскіх імпрэзах канца 1980 — пачатку 1990­х, няма ні ўзгадкі, а Ю. Рапецкі і Э. Сабіла не ўвайшлі ў даведнік “з тэхнічных прычынаў“!

Абгрунтоўваючы патрэбу наяўнасьці біяграмы З. Лазінскага ў даведніку, д-р Конан спасылаецца на кнігі А. Станкевіча, а таксама на даведку ў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“ — але ці то ня ведае, ці то сьвядома ігнаруе факт, што праз увесь час З. Лазінскі быў вядомы як польскі патрыёт, і толькі ў 1918 г. выступіў раптам як дабрадзей беларушчыны ў Каталіцкім Касьцёле. Ува ўсёй літаратуры перажоўваецца толькі адзін рэальны факт ягонае беларускае дзейнасьці: дазвол прапаведаваць па-беларуску ў межах Менскае дыяцэзіі ды ўласныя казаньні на адпраўленай разам з а. Абрантовічам імшы ў сакавіку 1918 г. (Беларускасьць заснаванай ім Менскай сэмінарыі — гэта міт; там не было ані выкладаньня па-беларуску, ані нават беларускай мовы як прадмету!) Прычына беларускіх казаньняў простая: у лістападзе 1917-га Папам Бэнэдыктам XV была рэактываваная Менская рыма-каталіцкая дыяцэзія, якую царскія ўлады жывасілам скасавалі ў 1869-ым. Адначасова на ейны пасад быў намінаваны ардынар — кс. З. Лазінскі. Гэта быў час спадзяваньняў беларусаў на ўласную дзяржаўнасьць. Сьнежань 1917-га: Усебеларускі Зьезд і яго разгон бальшавікамі. Люты-сакавік 1918-га: акупацыя большай часткі Беларусі немцамі, Устаўныя граматы, абвяшчэньне БНР. Ужо на пачатку сакавіка ўсё гаворыць за тое, што беларуская дзяржава паўстане. Што мае рабіць у такой сытуацыі яшчэ не зацьверджаны канчаткова біскуп новаўтворанае дыяцэзіі? Разумеючы, наколькі хісткае ягонае становішча, ён захоча прадэманстраваць сваю ляяльнасьць да будучых уладаў. Вось бск.. Лазінскі і знаходзіць спосаб гэта зрабіць — адпраўляе мшу сумесна з а. Абрантовічам (якога ведаў яшчэ па Пецярбургу) і гаворыць беларускае казаньне. Дазваляе таксама і іншым сьвятаром сваёй дыяцэзіі прамаўляць з амбоны па-беларуску. Але толькі напачатку — пакуль шанцы на ўмацаваньне беларускае дзяржаўнасьці падаюцца істотнымі. Нават калі прыходзяць бальшавікі і пачынаюць будаваць ува Ўсходняй Беларусі савецкую ўладу, ён яшчэ нейкі час талеруе беларушчыну — зрэшты, нядоўга. Як толькі ён пачынае разумець, што БССР — рэспубліка больш савецкая, чым беларуская, ягоная палітыка зноў набывае выразны прапольскі (чытай: антыбеларускі) характар.

Увесь артыкул майго апанэнта пабудаваны альбо на перакручваньнях, альбо на спробе маніпуляваць эмоцыямі чытача. Д-р Конан піша: “Што ж датычыцца “факталагічных і тэрміналагічных памылак“, то спадзяюся, мне ўдалося пераканаць чытача: яны маюць пераважна ідэалагічны і ацэначны характар, нечым нагадваюць (не зместам, а “пафасам“) бальшавіцкую крытыку“.

Безумоўна, гэтак няцяжка пераканаць чытача ў чым заўгодна, асабліва калі ад яго схаваць арыгінальны тэкст, а пасьля — пачынаючы ад спрытна падабранага эпіграфу з Эвангельля і заканчваючы “малітвай прымірэньня“ пры канцы допісу — даводзіць, што зробленая сьвятая справа, але ёсьць у краіне цёмныя сілы, якія ня дрэмлюць... Вельмі ўдалы ход, і вельмі “па-хрысьціянску“ — сьпярша выставіць свайго апанэнта дурнем, а пасьля сказаць: “Браце, я Табе дарую!“

Юрась Лаўрык, Лёндан

 

Водгук

Паважаны галоўны рэдактар!

Дазвольце падзякаваць Вам і спадару Юрасю Лаўрыку за рэцэнзію на кнігу Алены Яскевіч (ARCHE, 2001, № 1). Год таму ў адной з мінскіх кнігарняў я з жахам перагартаў гэты ейны “вучоны“ опус, дзе пазначана было і маё імя. Я напісаў абвяржэнне. За ім, аднак, аўтарка падняла “справу“ на прыступку вышэй, уводзячы ў беларускае “літаратуразнаўства“ вучонага-славіста Яраслава Альбертавіча Чыквіна. Няма такога ў прыродзе! Поўная містыфікацыя!!! Падобна як няма ў прыродзе прафесаркі Сарбоны Шэр (апошні раздзел у кнізе)!

Шкада, што аўтарка ўвяла ў зман і Інстытут літаратуры НАН, і выдавецтва.

Ян Чыквін, Бельск-Падляскі

 

Удакладненьне

Першы абзац майго артыкулу ў мінулым нумары “ARCHE-Скарыны” трэба чытаць гэтак: “Чаму беларускую культуру так кепска ведаюць у сьвеце? Чаму яна застаецца нават для суседзяў такой безаблічнай? Пры словах “польская культура“ адукаваны эўрапеец узгадвае Шапэна і Кесьлёўскага, пры словах “нарвэская культура“ — Мунка і Грыга. Пры словах “беларуская культура“ масквіч узгадае хіба фольк-рокераў з папулярнага ў савецкі час гурту “Песьняры“, а вось ужо ў бэрлінца найхутчэй увогуле ня ўзьнікне ніякіх асацыяцый, апроч Чарнобылю й Лукашэнкі”.

Андрэй Дынько

 






1 Станкевіч Я. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. Вільня, 1933. С. 8.

2 Wexler P. Christian, Jewish and Muslim translations of the Bible and Koran in Byelorussia: 16—19 centuries // The Journal of Byelorussian Studies. 1988, Vol. VI, No. 1, pp. 12—19; Altbauer M. The Five Biblical Scrolls in a Sixteenth-century Jewish Translation into Belorussian (Vilnius Codex 262). Jerusalem, 1992.

3 Станкевіч Я. Там жа.; Meredith-Owens G.M., Nadson A. The Byelorussian Tartars and their Writings // The Journal of Byelorussian Studies. 1970, Vol. II, No. 2, pp. 141—176; Думін С.У., Канапацкі І.Б. Беларускія татары: мінулае і сучаснасць. Менск, 1993. С. 173; Рошчын М. Духоўная літаратура кітоўскіх татараў як фэномэн этнаканфэсійнай сьведамасьці // Спадчына. 1997. № 6. С. 114—122.

4 Гл., напр.: Рукапісныя і друкаваныя кнігі беларускіх татараў: Каталог выставы. Менск, 1997. С. 6—14.

5 Станкевіч Я. Там жа. С. 12.

6 Гл., напр.: Wexler P. Jewish, Tatar and Karaite Communal Dialects and their Importance for Byelorussian Hіstorical Linguistics // The Journal of Byelorussian Studies. 1973, Vol. III, No. 1, pp. 41—54; Brzezina M. Polszczyzna żydów. Warszawa-Kraków, 1986. S. 124, 506.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (17) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 04-08-2001