A R C H E | S k a r y n a | № 3 (17) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ГЕНАДЗЬ САГАНОВІЧ | |||||
|
Генадзь Сагановіч |
супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук, галоўны рэдактар "Беларускага Гістарычнага Агляду". У 2001 годзе мае выйсьці ягоны фундамэнтальны "Нарыс гісторыі Беларусі (да канца XVIII ст.)". 1 Настаўніцкая газета. 1991, 30 лістапада. 2 Праграма па гісторыі для базавых агульнаадукацыйных школ. Менск, 1995. |
У жніўні 1995 г. Галоўнае ўпраўленне грамадска-палітычнай інфармацыі на чале з Уладзімірам Замяталіным праз дзяржаўныя мас-медыі паведаміла пра рашэнне прэзідэнта забараніць выкарыстанне новых падручнікаў па гісторыі і вярнуць у школы старыя, савецкага ўзору. Міністэрства адукацыі ахапіла сапраўдная паніка, бо такое рашэнне было немагчыма выканаць нават з чыста тэхнічных прычынаў. Усвядоміўшы гэта, А. Лукашэнка публічна заявіў, што на самай справе распараджэння пра забарону новых падручнікаў не існуе. Спецыяльная нарада прэзідэнта з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі 23 жніўня 1995 г. вырашыла часова дазволіць карыстацца “нацдэмаўскімі” падручнікамі, а новыя, альтэрнатыўныя, падрыхтаваць на наступны год. Для праверкі і выпраўлення навучальнай літаратуры па гісторыі стварылі спецыяльную Дзяржаўную камісію пры Кабінеце Міністраў, якую ўзначаліў сам У. Замяталін. У склад камісіі ўвайшла пераважна старая прафесура сталінска-савецкай школы, у прыватнасці гісторыкі Пётр Петрыкаў, Аляксандр Філімонаў, Валеры Чарапіца, філосаф Вячаслаў Дашкевіч і інш. Так у Беларусі быў адкрыта ўзяты курс на перавод гістарычнай адукацыі на новыя (старыя!) ідэалагічныя рэйкі, а фактычна — на яе рэсаветызацыю, на вайну з беларускай гісторыяй. Праз тры гады на афіцыйнай нарадзе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прэзідэнт А. Лукашэнка ўрэшце публічна сказаў пра сутнасць дзяржаўнай палітыкі ў сферы гуманітарнай адукацыі, калі пахваліўся тым, што “за последние годы преодолена деидеологизация средней и особенно высшей школы”3. Узяўшыся прасейваць тэксты школьных выданняў праз сіта ідэалагічнай цэнзуры, Дзяржаўная камісія дбала пра адпаведнасць іх зместу не столькі гістарычнай праўдзе, колькі ідэалагічнай лініі Лукашэнкавага рэжыму. Аднак нават адцэнзураваныя дапаможнікі не задавальнялі многіх членаў камісіі. Не выключана, што яны самі інспіравалі скаргі на ўжо прынятыя імі ж кнігі. У прэсе з’яўляліся лісты і публікацыі ад імя “ветэранаў” і “настаўнікаў”, якія выкрывалі крамольныя выданні. Асаблівую ролю ў кампаніі супраць новых падручнікаў і нацыянальных падыходаў у гістарыяграфіі выконвала грамадскае аб’яднанне “Гістарычныя веды”, створанае ўвесну 1996 г. Згуртаваўшы некалькі дзесяткаў навукоўцаў старога веку, якія абвясцілі сябе “защитниками и сторонниками советской государственности и советской власти”4, яно прысвоіла сабе ролю своеасаблівага экспертнага органу, які стаў надзіва аўтарытэтным у дзяржаўных вярхах... У праграмным звароце, апублікаваным у прэсе, гэтая група, узначаленая прафесарам Адамам Залескім, заявіла, што будзе весці “борьбу против фальсификаций событий прошлого”, выкарыстоўваючы “мировой опыт революций и контрреволюций”5. Невыпадкова “барацьбітоў з фальсіфікацыяй” найбольш непакоіла асвятленне падзей апошняй вайны, ацэнка партызанскага руху і савецкага ладу. Аднак займала іх і далёкае мінулае. Напрыклад, у падручніку “Гісторыя Беларусі ХVІ—ХVІІІ стст.” для 7 класу (аўтар П. Лойка) крытыкі бачылі “русафобства”, не прымалі станоўчай ацэнкі царкоўнай уніі 1596 году і г. д., у “Гісторыі Беларусі. Канец ХVІІІ ст. — 1917 г.” (аўтар М. Біч) зноў жа катэгарычна не прымалі “русафобскіх” пазіцый аўтара і таго, што ён пакінуў без станоўчай ацэнкі “великое событие” — падзелы Рэчы Паспалітай і ўключэнне Беларусі ў склад Расійскай імперыі, а ў падручніку для 9 класу “Гісторыя Беларусі 1917—1992 гадоў” (аўтары В. Сідарцоў і В. Фамін) іх раздражняла адно ўпамінанне пра тое, што ў савецкай дзяржаве існавалі “антынародны таталітарны рэжым” ды “нацыянальны і культурны прыгнёт”6. Дзяржаўная камісія ўважліва сачыла за зместам навучальных выданняў не толькі па беларускай, але і па сусветнай гісторыі. Так, з падручніка “Сусветная гісторыя найноўшага часу” для 9 класу (Менск, 1998) яна выкрасліла як тлумачэнне тэрміну “таталітарызм”, так і ўсё, што сведчыла пра супрацоўніцтва Савецкага Саюзу з гітлераўскай Нямеччынай, а таксама пра негатыўную ролю Сталіна і яго віну ў развязванні другой сусветнай вайны7. Адначасова з крытыкай “крамольных” выданняў прадстаўнікі старой савецкай школы пачалі пісаць свае, сапраўды альтэрнатыўныя дапаможнікі, у якіх ацэнкі падзеям і эпохам расстаўляліся ў поўнай адпаведнасці з ідэалагічным курсам рэжыму. Напрыклад, у дапаможніку Васіля Мілаванава “Гісторыя Беларусі. Канец ХVІІІ ст. — 1917 г.” для 8 класу, які выйшаў у 1998 годзе, падзелы Рэчы Паспалітай трактуюцца як “прагрэсіўнае дзеянне”, што дало беларусам “магчымасць скінуць з сябе прыгнёт польска-літоўскіх феадалаў” (с. 4). Наступнай альтэрнатывай для вучняў 11 класу стала “Гісторыя Беларусі. Канец ХVІІІ ст. — 1999 г.” пад рэдакцыяй Яўгена Новіка. Расійскі генерал Міхаіл Мураўёў, якога за жорсткасць пры падаўленні нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863—64 гадоў празвалі “вешальнікам”, у гэтым дапаможніку паўстаў “энергічным дзяржаўным дзеячам, які з веданнем справы рабіў тое, да чаго быў закліканы”, а дэнансацыя дагавору аб утварэнні СССР, заключанага ў 1922 г., і паўстанне СНД названыя дзяржаўным пераваротам8. |
3 Веды. № 43—44 (1998). 4 Залесский А. Как хочу, так и ворочу // Народная газета. 1996, 24 мая. 5 Заявление научного объединения “Исторические знания” // Народная газета. 1996, 16 августа. 6 Чернявский В. В чем же альтернатива? // Веды. № 25—26 (10 верасня 1999 г.). 7 Згода. № 4. 15—31 сакавіка 1999 г. 8 Гісторыя Беларусі. Канец ХVІІІ ст. — 1999 г. Вуч. дапаможнік для 11 кл. Пад рэд. Я. К. Новіка. Менск, 2000. С. 59, 183. |
Пад не менш пільнай увагай уладаў апынулася і гістарычная адукацыя ў вышэйшай школе. Яшчэ да пачатку яе рэсаветызацыі Інстытут гісторыі НАН Беларусі паспеў выпусціць “Нарысы гісторыі Беларусі” у 2-х частках (Менск, 1994—95), якія грунтуюцца на нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі. Гэта была першая сінтэза айчыннай гісторыі, створаная ў суверэннай Беларусі. Некалькі гадоў яна выкарыстоўвалася як дапаможнік для студэнтаў ВНУ, што зусім не адпавядала новай дзяржаўнай палітыцы ў галіне вышэйшай адукацыі. Выпраўляць сітуацыю ўзяліся “прыдворныя” гісторыкі, і ўжо ў 1998 г. у якасці ідэалагічнай антытэзы акадэмічным нарысам выйшаў дапаможнік для ВНУ “Гісторыя Беларусі” ў 2х частках, падрыхтаваны калектывам гісторыкаў-выкладчыкаў. Яго аўтары настолькі захапіліся выкананнем палітычнай замовы, што дапусцілі безліч фактаграфічных памылак, асвятляючы беларускае мінулае з пазіцый старой расійскай і савецкай гістарыяграфіі. Атрымалася мяккая рээдыцыя гісторыі “Паўночна-Заходняга краю”, якая выклікала абурэнне не толькі навуковай грамадскасці, але і студэнтаў. Аднак у адказ на прадметную крытыку за безліч памылак і адкрытае падладжванне гісторыі пад ідэалагічны заказ рэжыму, змешчаную ў часопісе “Беларускі Гістарычны Агляд” і ў Штогодніку Інстытуту гісторыі, аўтары дапаможніка выступілі з палітычным даносам на сваіх апанентаў: “Часопіс [БГА] рэдагуецца прадстаўнікамі замежных краін, ... мае сваіх людзей у ЗША і краінах Еўропы”, “вядома, хто ім заказвае музыку, хто плоціць за яе...”9, гэта орган “празаходняй, БНФ-аўскай палітыка-ідэалагічнай арыентацыі, які друкуецца за мяжой і завозіцца ў Беларусь”10. Супрацоўнікаў Інстытуту гісторыі на старонках прэзідэнцкага перыёдыка “Беларуская думка” прыраўнялі да “агентаў заходніх спецслужбаў”, якія сваёй канцэпцыяй гісторыі спрабуюць “не дапусціць стварэння саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі”11. На жаль, палітычнаму курсу прэзідэнта, а не праўдзе гісторыі стараюцца дагадзіць і іншыя новыя дапаможнікі з грыфам “дапушчана Міністэрствам адукацыі”, такія, напрыклад, як “Очерки истории Беларуси” П. Чыгрынава (Менск, 2000). Пасля абвяшчэння курсу на перагляд падручнікаў і з’яўлення публікацый членаў клубу “Гістарычныя веды” з палітычнымі абвінавачваннямі апанентаў у сферы гістарычнай навукі і адукацыі запанавала нездаровая атмасфера. Сітуацыю асабліва абвастрыла публікацыя адкрытага ліста групы старых гісторыкаў-артадоксаў да А. Лукашэнкі з красамоўнай назвай “Работа по восстановлению исторической правды подвергается яростному сопротивлению со стороны национал-экстремистов” 12. У адказ Рада Беларускай асацыяцыі гісторыкаў выступіла з заявай, у якой рашуча пратэставала супраць навешвання ярлыкоў і спробаў вярнуць гістарычную навуку Беларусі да часоў бальшавізму13. Аднак улады адкрыта занялі бок невялікага кола савецкіх артадоксаў, што ўзяліся “ўзнаўляць гістарычную праўду”. Ва ўзніклых умовах кожная спроба пераглядзець савецкую гісторыю сутыкалася з бурнай рэакцыяй ветэранаў вайны і актыўных прыхільнікаў Лукашэнкі са славяна-патрыятычных колаў. Асабліва паказальны прыклад з даследчыкам сталінскіх рэпрэсій Ігарам Кузняцовым, які з-за сваіх публікацый быў так ашальмаваны імі ў прэсе, што мусіў бараніць свой гонар у судзе. У 1998 г. у адказ на правядзенне навуковай канферэнцыі “Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі: 1917—1997 гады”, арганізаванай беларускімі гісторыкамі, старшыня згаданага аб’яднання “Гістарычныя веды” Адам Залескі14, мастак Міхась Савіцкі і іх калегі звярнуліся да Генеральнага пракурора Беларусі з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці аўтараў апублікаваных матэрыялаў — каб “защитить честь и достоинство президента А. Лукашенко” (?!). У гэтай жа справе кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Міхаіл Мясніковіч накіраваў у Інстытут гісторыі ліст з загадам “разабрацца з супрацоўнікамі” ды “прыняць меры”. За “справу гісторыкаў” узялася і пракуратура. Калі раней толькі ветэраны і створаная імі з савецкіх артадоксаў грамадская камісія (В. Корзун, А. Залескі ды інш.) сцвярджалі, быццам расстрэламі ў Курапатах займаліся фашысты, дык цяпер і Генеральны пракурор Алег Бажэлка заявіў, што яшчэ невядома, хто ў сапраўднасці пахаваны ў Курапатах, бо, маўляў, да 1995 г. расследаванне праводзілася скрайне неаб’ектыўна, паколькі ім займаліся “специалисты из Института археологии Академии наук во главе с Зеноном Пазьняком”15. Так стала афіцыйна сцвярджацца “новая праўда” пра Курапаты. Фактычна з таго ж 1996 году ў Беларусі была ўведзена палітычная цэнзура на гістарычную літаратуру. Адной з першых з планаў выдавецтва “Мастацкая літаратура” на 1996 г. чыноўнікі выключылі ўжо падрыхтаваную да друку кнігу Ў. Арлова і Г. Сагановіча “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” (а таксама творы Васіля Быкава і Ларысы Геніюш), якая, на іх думку, была “напісаная тэндэнцыйна ў русафобскім напрамку”, хоць праца прайшла сур’ёзную экспертызу ў Інстытуце гісторыі, які рэкамендаваў яе да выдання. У 1997 г. пасля негалоснага рашэння невядомых адпаведных асобаў быў спынены продаж папулярнай кнігі Ў. Арлова “Адкуль наш род”. Але сапраўдным сімвалам увядзення цэнзуры ў краіне стала выдаленне гербу Пагоня з вокладкі чарговага, трэцяга тому “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” (1996). Гэта зрабіла новае кіраўніцтва выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”, намеснікам галоўнага рэдактара якога быў прызначаны Пётр Петрыкаў — былы дырэктар Інстытуту гісторыі, адзін з самых актыўных апалагетаў савецкага мінулага. Ён выступіў з жорсткай крытыкай ранейшага кіраўніцтва энцыклапедыі, сцвярджаючы, што галоўнай адметнасцю першых тамоў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” быў “ярка выражаны антырусізм, а ў многіх выпадках зацятая русафобія”16. Прывёўшы ў прыклад некаторыя артыкулы, напісаныя супрацоўнікамі Інстытуту гісторыі, П. Петрыкаў абвінаваціў гэтую ўстанову ў тым, што яна ажыццяўляе “татальную фальсіфікацыю” гісторыі. Беспадстаўны і палітычны характар падобных закідаў паказалі дырэктар Інстытуту гісторыі Міхаіл Касцюк і яго намеснік Міхаіл Біч, якія ўступілі ў палеміку з былым калегам17, аднак гэта не адвяло хмараў, якія пагрозліва згушчаліся над дырэкцыяй інстытуту. |
9 Новік Я., Марцуль Г., Зуева З., Качалаў І., Лютава В. Спрэчныя альтэрнатывы і звычайная фальсіфікацыя // Адукацыя і выхаванне. Чалавек, грамадства, свет. 2000. № 2. С. 116, 128. 10 Новік Я. Пісаць і выкладаць праўдзівую гісторыю, а не ствараць новыя міфы // Беларуская думка. 2000. № 10. С. 158. 11 Тамсама. С. 164. 12 Народная газета. 19 чэрвеня 1996 г. 13 Заява Рады Беларускай асацыяцыі гісторыкаў // Народная газета. 1996, 24 ліпеня. 14 Лідэр аб’яднання “Гістарычныя веды” ў 1999 г. у Менску выпусціў уласную кнігу з красамоўнай назвай: “И. В. Сталин и коварство его политических противников”. 15 Пракаповіч А. Пракуроры ўзяліся за гісторыкаў // Навіны. № 119 (6 лістапада 1998 г.). 16 Петрыкаў П. Туман русафобіі ахутаў Беларускую Энцыклапедыю // Беларуская думка. 1996. № 3. 17 Касцюк М. Палітызаваная гісторыя не можа быць сапраўднай навукай // Голас Радзімы. 1996, 8 жніўня; Біч М. Туман дылетанцтва і тэндэнцыйнасці // Голас Радзімы. 1996, 12 верасня. |
Пры новых кіраўніках выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя” канцэпцыя чарговых тамоў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” на хаду мянялася, і нават падрыхтаваныя да друку артыкулы вярталіся на цэнзуру. П. Петрыкаў, напрыклад, паўсюль выкрэсліваў слова “русіфікацыя”, не прапускаў ніякай крытыкі ў бок Расіі ды савецкай улады і г. д. З-за грубага ўмяшання ў тэксты многія гісторыкі (у прыватнасці, Валянціна Вяргей, Андрэй Кіштымаў, Уладзімір Конан, Мікола Крывальцэвіч, Генадзь Сагановіч і інш.) адмовіліся ад далейшага супрацоўніцтва з выдавецтвам і забралі адтуль свае артыкулы. Наступным ударам па нацыянальнай гістарыяграфіі стала атака на рэдакцыю гістарычна-дакументальнай хронікі “Памяць”. Члены аб’яднання “Гістарычныя веды” К. Дамарад і А. Хахлоў у 1998 г. накіравалі ліст у Адміністрацыю прэзідэнта і ў Дзяржкамдрук РБ, у якім з жорсткімі абвінавачваннямі абрынуліся на выданні гэтай хронікі і асабліва на кіраўніка яе арганізацыйна-метадычнага цэнтру Алеся Петрашкевіча, які, па іх словах, належаў да “реакционного направления во всей исторической науке Беларуси”, што аформілася пасля “контрреволюционного переворота, совершенного в октябре 1991 г.”18. Выданню інкрымінаваліся ўсё тыя ж абвінавачванні: маўляў, раённыя “Хронікі” не раскрываюць сусветна-гістарычнага значэння рэвалюцыі 1917 г., прыніжаюць ролю камуністычнай партыі, сацыялістычнага будаўніцтва і перамогі ў вайне, раздзімаюць тэму сталінскіх палітычных рэпрэсій, праслаўляюць эксплуататараў (князёў і паноў), распальваюць антырасійскія настроі. У выніку гэтага даносу вядомы беларускі драматург і гісторык А. Петрашкевіч быў звольнены з пасады кіраўніка важнага энцыклапедычнага цэнтру. Кампанія супраць галоўнай фартэцыі “фальсіфікатараў” — акадэмічнага Інстытуту гісторыі, які сапраўды з’яўляўся цэнтрам гістарычнай навукі, бо сабраў найлепшыя кадры краіны, пачалася таксама яшчэ ў 1995—96 гадах, і пакуль не скончылася. Чаго толькі ні пісала афіцыйная прэса, абразліва называючы флагман беларускай гістарыяграфіі “националистическим заповедником”, або заяўляючы, што яго дзейнасць “супярэчыць гістарычнай праўдзе, палітыцы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” 19. Асабліва высільвалася газета “Веды” — перыядычны орган Нацыянальнай акадэміі навук і Міністэрства адукацыі, рэдактарскае крэсла ў якой было аддадзена члену той самай Дзяржаўнай камісіі па падручніках В. Дашкевічу. Найбольш паслядоўна і груба крытыкаваліся акадэмічныя “Нарысы гісторыі Беларусі”, у віну якім ставілася тая ж “антыруская накіраванасць і прыніжэнне ролі савецкага перыяду”20, скажэнне гісторыі наагул. Крытыкі імкнуліся давесці, што гісторыкі з Акадэміі навук прафесійна непрыдатныя, а найбольш вінаваты дырэктар інстытуту акадэмік Міхаіл Касцюк. Публікуючы дылетанцкія, часта антынавуковыя матэрыялы членаў клубу “Гістарычныя веды”, у якіх пераважалі эмоцыі і палітычныя штампы, галоўны рэдактар “Ведаў” абяцаў стварыць з іх спецыяльны навучальны дапаможнік, “азнаямленне з якім павінна стаць абавязковым у сярэдніх школах і ВНУ”21. Каб не дапусціць чарговага абрання дырэктарам М. Касцюка, Прэзідыум Акадэміі парушыў свой жа Статут і не абвясціў конкурсу на замяшчэнне вакантнай пасады. Больш за тое, у кастрычніку 1999 г. на ўрачыстасцях з нагоды 70-годдзя гэтай установы прэзідэнт НАН Беларусі Аляксандр Вайтовіч выступіў з жорсткімі палітычнымі абвінавачваннямі ў адрас дырэкцыі Інстытуту, якія даходзілі да абразаў, а праз месяц уласным загадам прызначыў на пасаду выканаўцы абавязкаў дырэктара Інстытуту гісторыі прафесара Мікалая Сташкевіча — былога супрацоўніка Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Выразным сімвалам арганізаванага наступу на Інстытут гісторыі стала прымацаваная на яго будынку на самым пачатку 2000 г. расійскамоўная мемарыяльная дошка колішняму прэзідэнту Беларускай Акадэміі Паўлу Горыну — акурат той асобе, якой у 1930-х бальшавіцкая ўлада даручала граміць нацдэмаўшчыну і арганізаваць акадэмію “сапраўдную камуністычную, падпарадкаваную інтарэсам сацыялістычнага будаўніцтва”22. Пакуль можна канстатаваць, што М. Сташкевіч не выканаў ускладзеных на яго задачаў па “перавыхаванні” акадэмічных гісторыкаў. Жыццяздольнасць калектыву Інстытуту гісторыі і неэфектыўнасць палітыкі застрашвання засведчылі выбары яго навуковай рады, праведзеныя на пачатку 2000 г. У выніку тайнага галасавання ў раду ўвайшлі пераважна супрацоўнікі з выразнымі прафесійна-грамадзянскімі і нацыянальнымі пазіцыямі. Таму Прэзідыум НАН, які абяцаў правесці афіцыйныя выбары дырэктара Інстытуту гісторыі ў канцы 2000 г., так і не адважыўся даць яго супрацоўнікам законную магчымасць абраць сабе кіраўніка. Наадварот, прэзідэнт НАН А. Вайтовіч публічна прыгразіў, што мае план ліквідацыі Інстытуту гісторыі і стварэння замест яго “Нацыянальнага інстытуту гісторыі пры Адміністрацыі Прэзідэнта”, у які будуць набірацца кадры толькі адпаведнай палітычнай арыентацыі. Пэўна, гэта адзіная магчымасць пазбавіцца тых, хто з прафесійнага абавязку не пагаджаецца паставіць гістарычную навуку на службу палітычнаму рэжыму. Калі падобны план перадачы кантролю над гістарычнай навукай Адміністрацыі прэзідэнта рэалізуецца, можна толькі здагадвацца, што панапісваюць пра мінулае Беларусі наваспечаныя спецыялісты ад гісторыі! Крэда “правільнага” асвятлення беларускай гісторыі (а фактычна — хімера ўбогай версіі “западно-руссизма” і панславізму) нядаўна было выкладзена адным з такіх “знаўцаў” у выданні Інстытуту сацыяльна-палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: “Белорус... по своей теоретической и практической жизни является русским человеком”, а варожы славянам Захад “ведет тотальную информационно-психологическую войну против общерусского мировоззрения нашего народа”23... Каментар тут даваць немагчыма, можна толькі ставіць дыягназ. Гэты тэкст, як і артыкулы
|
18 Петрашкевіч А. Стары абруч манкурта зноў навіс над галавой беларуса // Народная воля. 1998, 22 снежня. 19 Петрыкаў П. Туман русафобіі ахутаў Беларускую Энцыклапедыю // Беларуская думка. 1996. № 3. 20 Залескі А. Наконт “нацыянальнай канцэпцыі” // Веды. 1999, 24 верасня. 21 Веды. 2000, 28 студзеня. 22 Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Менск, 2000. С. 65. 23 Криштапович Л. Е. Белоруссия и Русская цивилизация. Русь и Беларусь. Менск: Институт социально-политических исследований при Администрации президента РБ, 1999. С. 134—135. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (17) – 2001 |
|
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |