A R C H E S k a r y n a № 3 (17) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

АЛЯКСЕЙ ЗНАТКЕВІЧ
Вокладка ARCHE Skaryna 3-2001.

   Мінулыя нумары:

   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Аляксей Знаткевіч
 
Любымі даступнымі сродкамі


Паглядзеце на гэтыя твары: у іх няма нічога чалавечага, толькі прага разбурэньня“, — кіпеў увечары камэнтатар БТ. На экране тым часам паказвалі твары маладых людзей з тых тысячаў, што рушылі па праспэкце Скарыны ў Менску падчас сьвяткаваньня Дня Волі 23 сакавіка 1997 году. Вядучы не шкадаваў словаў для шальмаваньня „падагрэтых гарэлкай хуліганаў, якія падпальвалі камэрцыйныя кіёскі“. Каб давесьці слушнасьць абвінавачваньня, камэра спынілася на лапіку агню на асфальце — хутчэй за ўсё гарэў плякат з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі. Якраз перад тым улады абавязалі вывесіць такія партрэты ва ўсіх установах. Нягледзячы на мірны характар пратэсту, у той дзень міліцыя неаднаразова атакавала дэманстрантаў, зьбіваючы гумавымі дручкамі ня толькі „трэніраваных адмарозкаў“, калі карыстацца выразам Зімоўскага, але й жанчын, і старых.

Некалькі гадоў запар мірныя антыўрадавыя дэманстрацыі — лідэры дэмакратычнай апазыцыі настойвалі на неабходнасьці выключна негвалтоўных мэтадаў супраціву — зь нязьменнай жорсткасьцю разганялі, арыштоўваючы найбольш актыўных удзельнікаў. Пры гэтым амаль пасьля кожнай акцыі некаторых затрыманых зьбівалі ў пастарунках. Паступова сярод часткі ўдзельнікаў, не ў апошнюю чаргу тых, што прайшлі праз турмы, высьпявала думка, што посьпеху можна дасягнуць толькі адказваючы гвалтам на гвалт.

Два гады пазьней, 17 кастрычніка 1999 году каля 20 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Менску, каб запатрабаваць адстаўкі Лукашэнкі, выступіць супраць ягоных плянаў аб’яднаньня з Расеяй, а таксама запатрабаваць расьсьледаваньня зьнікненьняў вядомых палітыкаў і спыненьня палітычна матываваных рэпрэсій. Гэтым разам частка дэманстрантаў была гатовая да бойкі. Калі падчас першай сутычкі на рагу Фрунзэ й Першамайскай адзін зь міліцыянтаў упаў на зямлю, яго зьбівалі нагамі. Як міліцыя атрымала загад атакаваць, прыкладна тысяча дэманстрантаў — большасьць зь іх складалі маладыя хлопцы — замест таго, каб разьбегчыся, як гэта найчасьцей бывала раней, узяліся за камяні і калы. Балазе побач апынуўся кантэйнэр з тратуарнай пліткай (як сьцьвярджае былы міліцыянт і сёньняшні палітэмігрант Алег Батурын, адмыслова падвезенай уладамі, каб справакаваць жорсткія сутыкненьні). Першая атака амонаўцаў была адбітая. Паводле прэс-рэлізу ўладаў, 53 міліцыянты атрымалі пашкоджаньні, а чацьвёра трапілі ў шпіталь. Пазьней стала вядома, што затрыманых падчас гэтай дэманстрацыі катавалі сьпярша ў міліцэйскіх машынах, а пасьля ў пастарунках.

Лукашэнка любіць паўтараць, што ягоны ўлюбёны праект — беларуска-расейская саюзная дзяржава, якая павінна пераняць лепшае з Савецкага Саюзу — падтрымліваецца ўсімі беларусамі. Аднак дасьледаваньні недзяржаўных сацыялягічных службаў паказваюць, што грамадзтва падзялілася ў адносінах да гэтага пытаньня. Пры гэтым маладзейшыя рэспандэнты часьцей выступаюць за захаваньне поўнае незалежнасьці Беларусі.

Сярод студэнтаў, напрыклад, рэдка знойдзеш такіх, якія б адчувалі настальгію па Савецкім Саюзе. І менавіта студэнцтва актыўна ўдзельнічала ў пратэстах супраць першага беларуска-расейскага саюзнага пагадненьня ўвесну 1996 году. Тады дэманстрацыі ў Менску зьбіралі ад 10 да 50 тысяч удзельнікаў, нягледзячы на арышты соцень людзей. Студэнтаў тузінамі выключалі з унівэрсытэтаў, а настаўнікі па загадах з аддзелаў адукацыі рабілі ўсё, каб утрымаць вучняў ад выхаду на дэманстрацыі.

Сёньня, калі мінулася пяць год, многія маладыя людзі расчараваліся ў традыцыйнай беларускай апазыцыі, арганізатарцы тых пратэстаў у 1996 годзе. Многія юнакі лічаць яе слабой і неэфэктыўнай. Некаторыя зь іх эмігравалі, некаторыя адышлі ад палітыкі, але ёсьць і такія, што далучыліся да арганізацый, якія лічаць гвалт адным з магчымых мэтадаў вырашэньня сёньняшніх праблем Беларусі.

 
супрацоўнік агенцыі навін БелаПАН і карэспандэнт Інтэрнэт-часопісу Transitions Online (www.tol.cz), што асьвятляе падзеі ў 28 краінах былога сацыялістычнага блёку і СНД. "Любымі даступнымі сродкамі" - гэта дапрацаваная вэрсія артыкулу, апублікаванага Transitions.
   

Нататкі з падпольля

Сябры арганізацый „Край“ і „Белы легіён“ актыўна ўдзельнічалі ў сутыкненьнях зь міліцыяй у кастрычніку 1999-га. Гэтыя тыповыя для Беларусі „праварадыкальныя“ арганізацыі не дэкляруюць ідэі перавагі беларусаў над іншымі нацыянальнымі супольнасьцямі. Яны не вызнаюць расізму ані шавінізму (хоць пры гэтым часам ужываюць жорсткую антырасейскую — у сэнсе антыімпэрскую — рыторыку). У гэтым іхнае прынцыповае адрозьненьне ад радыкальнай правіцы на Захадзе — яны, як правіла, не шукаюць сабе ворагаў сярод меншасьцяў (прынамсі пакуль). Яны таксама не прапагандуюць гвалт дзеля гвалту. Але з гледзішча сёньняшніх беларускіх уладаў яны ўяўляюць небясьпеку для дзяржаўнага ладу, і таму іх сябрам даводзіцца захоўваць кансьпірацыю, каб ня трапіць пад каптур КДБ. Калі ў „Белым легіёне“, прынамсі, кіраўнік вядомы грамадзкасьці, дык кіраўнікі „Краю“ дагэтуль захоўваюць інкогніта. Таму сябры „Краю“ не адгукнуліся на просьбу Transitions аб інтэрвію. Але калі меркаваць па нешматлікіх заявах „Краю“ для прэсы, іхных падпольна друкаваных бюлетэнях і Інтэрнэт-сайце, ідэалёгія арганізацыі дастаткова блізкая да ідэалёгіі „Белага легіёну“, чые налепкі і ўлёткі з нумарам пэйджэра і словамі „Радзіма альбо сьмерць!“ можна пабачыць у мэтро і на будынках у Менску.

„Белы легіён“ узначальвае 33-гадовы Сяргей Чыслаў, які быў адным зь лідэраў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ) на пачатку 90-х. Большасьць чальцоў БЗВ была вымушаная сысьці з войска пад ціскам кебічаўскае адміністрацыі або пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады. Чыслаў заснаваў „Белы легіён“ разам з часткай маладзейшых сяброў БЗВ. Паводле словаў Чыслава, сёньня ў арганізацыі каля 200 чалавек па ўсёй краіне — большасьць зь іх мужчыны да 30 гадоў.

Чыслаў кажа, што „Белы легіён“ аб’ядноўвае патрыётаў Беларусі як дзяржавы, якія, у адрозьненьне ад груповак кшталту „Русского национального единства“ (РНЕ) — нэанацысцкай арганізацыі, імпартаванай у Беларусь з Расеі, адмаўляюць этнічны нацыяналізм. Як і беларускія радыкальныя арганізацыі, РНЕ не зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі. Аднак ёсьць шмат сьведчаньняў таго, што арганізацыя атрымоўвае фінансаваньне з Расеі, і хадзілі чуткі, што яе чальцоў трэніравалі афіцэры беларускіх спэцпадразьдзяленьняў міліцыі і войска, што часткова пацьвердзілася з арыштам былых байцоў спэцгрупы Міністэрства ўнутраных справаў „Алмаз“ В. Ігнатовіча ды ягоных калегаў у сувязі са справай З. Завадзкага.

„У адрозьненьне ад РНЕ, мы не пытаемся ў людзей, што хочуць да нас далучыцца, напрыклад, ці ёсьць у іх сэміцкая кроў“, — кажа Чыслаў. Ён дадае, што згодны з многімі праграмнымі ідэямі традыцыйнай беларускай апазыцыі, але ня верыць яе лідэрам. Паводле ягоных словаў, многія зь іх задаволеныя сёньняшняй сытуацыяй у Беларусі, бо яна дае ім магчымасьць атрымоўваць заходнія гранты як „змагарам з рэжымам“.

„Белы Легіён“ ніколі не рабіў спробаў афіцыйна зарэгістравацца, у адрозьненьне ад Беларускай партыі свабоды (БПС), якая падавала адпаведную просьбу і якой было адмоўлена ў рэгістрацыі. „Сёньня немагчыма дзейнічаць у адпаведнасці з законам, — кажа лідэр БПС, 29-гадовы Сяргей Высоцкі. — Як толькі вы пачынаеце падпарадкоўвацца існуючым законам, рэжым адразу прыдумае для вас новыя, яшчэ больш жорсткія. Да таго ж, аддаць сьпісы сяброў уладам [што неабходна для рэгістрацыі] значыла б фактычна „здаць“ іх.“

Высоцкі кажа, што ягоная партыя мае каля 200 актывістаў у Менску і некалькі суполак з пару тузінаў чалавек у іншых гарадох Беларусі. Абсалютная бальшыня чальцоў — маладыя хлопцы.

Высоцкі ня згодны з тымі лідэрамі беларускай апазыцыі, якія кажуць аб неабходнасьці „аксамітнай рэвалюцыі“. „Тыя, хто рыхтуецца да „аксамітнай рэвалюцыі“, не атрымаюць ніякай“, — лічыць ён. Аднак пры гэтым ён не ўважае сяброў БПС ультрарадыкаламі. „Мы — дзесьці паміж традыцыйнымі эўрапейскімі кансэрватарамі і „новымі правымі“… Беларусь, магчыма, адна зь нешматлікіх краінаў Эўропы, якой патрэбны нацыяналізм. Як і любая кансэрватыўная партыя, мы падтрымліваем беларускую дзяржаўнасьць і лічым, што абараняць яе трэба любымі мэтадамі.“

БПС была заснаваная ў 1992 годзе групай студэнтаў Менскага пэдінстытуту, дзе ў той час вучыўся Высоцкі. У 1993-м яны наладзілі першую невялікую мірную дэманстрацыю пратэсту, патрабуючы вываду расейскіх войскаў зь Беларусі. У лістападзе 1996-га Высоцкі выйшаў у другі тур на давыбарах у Вярхоўны Савет, апярэдзіўшы свайго суперніка (у Менску ў Зялёным Лузе). Але давыбары праходзілі адначасова з рэфэрэндумам, пасьля якога Лукашэнка дадаў сабе два гады прэзыдэнцтва, распусьціў аднапалатны Вярхоўны Савет і абраў 110 ляяльных дэпутатаў зь Вярхоўнага Савету ў ніжнюю палату новага парлямэнту. Такім чынам другі тур давыбараў быў скасаваны.

Высоцкі кажа, што было б наіўна спадзявацца на тое, што цяпер сытуацыю можна будзе зьмяніць праз выбары. „Трэба рыхтаваць нацыянальныя сілы, бо сілу можна перамагчы толькі іншай сілай.“ Ён кажа, што згубіў павагу да многіх памяркоўных лідэраў апазыцыі пасьля лістападаўскага крызысу 96-га году. „Я бачыў камандзіраў вайковых частак і дэлегацыі шахтароў, якія прыходзілі ў Вярхоўны Савет і вызываліся бараніць яго. Але кіраўніцтва Вярхоўнага Савету адмаўлялася ад такіх прапаноў і ехала ў Маскву кансультавацца і прасіць дапамогі.“

У краіне, дзе беларускую мову рэдка пачуеш на вуліцах пасьля двухсотгадовай русіфікацыі і дзе нават беларускія культурныя ініцыятывы часта бэсьцяцца афіцыёзнымі СМІ як „праявы нацыяналізму“, БПС выступае пад адкрыта нацыяналістычнымі лёзунгамі. Партыйны бюлетэнь „Наш шлях“ выходзіць пад эпіграфам „Беларусь вышэй за ўсё!“ і часам зьмяшчае фота самога Высоцкага ў „фюрэрскай“ позе. Пры гэтым у бюлетэні не сустрэнеш адкрытага расізму ці этнічных фобіяў (за выняткам слова „маскалі“, якое сёньня, бясспрэчна, набыло адмоўныя канатацыі).

Высоцкі кажа, што сябры ягонай партыі ня раз мелі сутычкі з чальцамі РНЕ. Пры гэтым ён ганарыцца тым, што БПС здолела стварыць канкурэнцыю РНЕ ў асяродку менскіх футбольных фанатаў.

 
 
   

Зьмены пачынаюцца з сэрца

У той час як значная частка маладых апазыцыйных актывістаў радыкалізуецца, лідэр найбуйнейшай і найбольш вядомай апазыцыйнай моладзевай арганізацыі „Малады фронт“ у пошуку адказаў на сёньняшнія праблемы Беларусі зьвяртаецца да Бога.

24-гадовы Павал Севярынец далучыўся да моладзевай фракцыі Беларускага Народнага Фронту у 1995 годзе і браў актыўны ўдзел у масавых пратэстах апазыцыі ў 1996—1998 гадох. „У той час для нас галоўным было прарвацца празь яшчэ адзін міліцэйскі кардон, падысьці на дзесяць мэтраў бліжэй да будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі, — кажа Севярынец. — Асноўныя ідэі фармуляваліся „ад зваротнага“: супраць дыктатуры, супраць расейскага імпэрыялізму.“ Севярынца некалькі разоў затрымлівалі ў 1997 годзе за ўдзел у шэсьцях і мітынгах. У 98-м супраць яго завялі крымінальную справу па абвінавачваньні ў „злосным хуліганстве“ (разам з хаўрусьнікамі ён сарваў канцэрт у падтрымку беларуска-расейскага саюзу, які меркавалася правесьці 2 красавіка 1997 году на плошчы Якуба Коласа). Яго кінулі ў Валадарку, але выпусьцілі праз два месяцы пад ціскам, як ён лічыць, грамадзкіх пратэстаў у Беларусі і за яе межамі.

Калі 236 дэлегатаў з усёй Беларусі сабраліся на ўстаноўчы сход „Маладога фронту“ ў 1997 годзе, менавіта Севярынец быў абраны старшынём новай арганізацыі. Сёньня большасьць сяброў „МФ“ — а іх каля 1500 ува ўсёй краіне — маладзейшыя за 21 год, а амаль палова — маладзейшыя за 18. У адрозьненьне ад „Белага Легіёну“ і БПС, значная частка чальцоў „МФ“ — дзяўчыны.

„Малады фронт“ імкнецца весьці апазыцыйную дзейнасьць новымі для Беларусі мэтадамі, напрыклад, правядзеньнем дыскатэк і віктарынаў. Час ад часу актывісты арганізацыі ўночы масава вывешваюць на будынках па ўсёй краіне тузіны бел-чырвона-белых сьцягоў.

„У 1999-м годзе перад намі паўстаў выбар: ці мы проста застаемся ў апазыцыі з ранейшай плятформай, ці мы прапануем альтэрнатыву, — кажа Севярынец. — Традыцыйныя ідэі дэмакратыі, адкрытага грамадзтва і рынкавай эканомікі недастатковыя для стварэньня такое альтэрнатыўнае плятформы. Ідэі хрысьціянства, якія маюць глыбокія карані ў беларускай гісторыі, далі нам адказ.“

Лідэр „Маладога фронту“ лічыць, што асноўныя праблемы Беларусі глыбейшыя за аўтарытарную ўладу і пагрозу расейскага рэваншызму — гэта брак духоўнасьці і „вакуум бязьвер’я“. Севярынец кажа, што паважае людзей зь „Белага легіёну“, БПС і „Краю“, куды сыходзяць некаторыя актывісты „МФ“. „Я ведаю многіх людзей з гэтых арганізацый, і я не магу сказаць, што яны нясуць разбуральныя ідэі, — кажа ён. — Яны таксама прысягаюць на вернасьць Богу і Беларусі. Але яны памыляюцца, думаючы, што сілы нянавісьці можна перамагчы з дапамогай гвалту“. Аднак Севярынец прызнае, што многія людзі ў „МФ“ не падзяляюць гэтай ягонай думкі.

Вінцук Вячорка, лідэр БНФ, сьцьвярджае, што радыкальныя моладзевыя арганізацыі ёсьць натуральнай рэакцыяй на сёньняшнюю антыбеларускую палітыку ўладаў Беларусі. Ён дадае, што, калі Расея анэксуе Беларусь, яна павінная быць гатовая да партызанскага руху, бо нават сёньняшнія памяркоўныя сілы будуць ужываць любыя мэтады, каб аднавіць незалежнасьць краіны.

Аднак Севярынец кажа, што нават калі Беларусь зробіцца часткай Расейскай Фэдэрацыі, ён ўсё роўна будзе выступаць за негвалтоўнае змаганьне за незалежнасьць. Многія актывісты апазыцыі мяркуюць, што ад такога падыходу патыхае здрадніцтвам. Але Севярынец пярэчыць: „Паглядзеце на краіны Прыбалтыкі. Яны доўга былі пад акупацыяй, але здолелі захаваць нацыянальную тоеснасьць. Калі мы ня хочам, каб Расея захапіла Беларусь, нам патрэбныя духовыя пераўтварэньні“.


P. S. З часу, калі гэты артыкул быў апублікаваны ў Transitions Online, многае ў апазыцыйным моладзевым руху Беларусі зьмянілася — раскалолася БПС, частка чальцоў „Маладога фронту“ адышла ад арганізацыі, незадаволеная Севярынцам, узяўшы ўдзел у стварэньні новай арганізацыі „Зубр“, што ўсё гучней заяўляе аб сабе.

Увідавочнілася таксама і зьява, якая ставіць пад сумнеў адну з галоўных тэзаў артыкулу — аб тым, што беларуская радыкальная правіца ня ёсьць ксэнафобскай і расісцкай. Шэраг бачынаў у Інтэрнэце, гаспадары якіх дэкляруюць скрайне правую ідэалёгію (прыкладам „Правае Рэха“ ці „Слова Нацыі“), часьцей абрынаюцца на такіх ворагаў, як гомасэксуалісты, жыды ці беларуская лібэральная апазыцыя, чым на кіраўнічы рэжым. Цяжка сказаць, наколькі яны адлюстроўваюць настроі беларускага правага руху, але гэтыя бачыны зроблены больш прафэсійна й цікава за многія іншыя ў беларускім сеціве, а падчас дыскусіяў іхныя аўтары часьцяком выступаюць больш аргумэнтавана за апанэнтаў. Таму яны непазьбежна будуць прыцягваць увагу чытачоў і фармаваць погляд на беларускую радыкальную правіцу.

Я далёкі ад таго, каб абвяшчаць такія выданьні „відавочнымі гэбэшнымі правакацыямі“, як гэта часта робіцца ў нас у адносінах да любога радыкалізму. Але ж дзіўнавата чытаць, калі людзі, якія называюць сябе беларускімі нацыяналістамі, „выкрываюць“ лібэральныя хібы газэты „Наша Ніва“, „мангалёіднасьць“ рэдактара ARCHE Валеркі Булгакава ці жыдоўства і шкодныя напрамкі ў музыцы Лявона Вольскага.

І яшчэ адзін факт: „Белы Легіён“ ня мае Інтэрнэт-старонкі, „Край“ займеў сваю старонку толькі нядаўна (www.spa-kraj.org), як: БПС (www.bps-belarus.narod.ru). Тады як беларускамоўныя бачыны, на якіх спавядаюцца шавіністычныя ідэі, прадстаўленыя ў Сеціве несувымерна больш, чым у грамадзтве (большасьць „груповак“, якія іх выдаюць, складаецца зь некалькіх чалавек). Гэта стварае ўражаньне, нібыта большасьць беларускай радыкальнай правіцы лічыць, што ўсе цяперашнія беды Беларусі з-за таго, што Лукашэнка ды ягонае атачэньне — гэта жыды, якія начамі п’юць кроў хрысьціянскіх / паганскіх і славянскіх / балцкіх немаўлятак. На шчасьце, рэальная беларуская правіца ня ўпала ў такія трызьненьні, як віртуальная.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (17) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 29-07-2001