A R C H E | S k a r y n a | № 4 (18) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ДАНІЭЛЬ БАВУА | |||||
|
Даніэль Бавуа
|
дасьледчык гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, прафэсар унівэрсытэту Пантэон-Сарбона. Аўтар кніг “Барацьба за зямлю ўва Ўкраіне” (1993) і “Гісторыя Польшчы” (1995). |
2. Гісторыя чэхаў і палякаў, якую захопнікі ці прыбышы перакульвалі дагары нагамі, перапісваючы або папросту адмаўляючы на карысьць гісторыі “народу-пераможцы”, палітызавалася ўжо на пачатку ХХ стагодзьдзя. Нямецкая й расейская гістарыяграфіі не адзначаліся схільнасьцю прызнаваць мінулае “негістарычных” народаў. Kulturkampf з аднаго боку й русіфікацыя — зь іншага, наступствы векавога ўсебаковага зьнішчэньня культуры, у прыватнасьці, поўнай ліквідацыі вышэйшае асьветы на польскай і чэскай мовах, выявіліся вельмі эфэктыўнымі мэханізмамі асыміляцыі, зьмякчонай хіба што дазволам Аўстрыі вучыцца па-польску ў Кракаўскім унівэрсытэце ды мажлівасьцю атрымаць асьвету прыватна або за мяжой. Гэтым карысталіся непахісныя абаронцы нацыянальнай гісторыі, якая, як і належыць контракультуры, цалкам супярэчыла гісторыі афіцыйнай. У выніку чаго ў назіральніка, што прагне захаваць нэўтра-літэт або знайсьці “ісьціну” non varietur, такія радыкальна адрозныя пастуляты ня могуць не выклікаць сумневаў. Польскай гістарыяграфіі, спароджанай фрустрацыяй, цяжка было пазьбегчы нацыянальнага мазахізму ці, наадварот, услаўленьня пакутніцтва з абавязковым прамэтэізмам і мэсіянствам. Прыклад, узяты з падруч-ніка Сяргея Платонава па расейскай гісторыі (1898), самага папулярнага ў царскай імпэрыі, паказвае, як вялікарасейская ідэалёгія трактавала падзелы Польшчы канца XVIII стагодзьдзя, абгрунтоўваючы расейскую анэксію. Маладых расейцаў вучылі гэтак (і на працягу ХХ стагодзьдзя гэтыя аргумэнты яшчэ ня раз прыдаліся): “разбэшчаная” шляхта парушала правы чалавека, у прыватнасьці, праваслаўных, якія скрозь сутыкаліся толькі з “праявамі самаўладзтва й жорсткасьці”, “нідзе не знаходзячы абароны ад несправядлівага прыгнёту й перасьледу”, вось Кацярына ІІ і мусіла ўмяшацца ў справы сваіх суседзяў-палякаў, каб пакласьці край “анархіі” ў іхнай краіне. За 125 год пасьля Вальтэра, які за пэўны ганарар апеў Кацярыніны “арміі міру”, Платонаў без аніякага аналізу палітычных абставінаў апраўдвае арышт “бунтаўнікоў” з Барскай канфэдэрацыі, што выступілі супраць Расеі, і вайсковую акупацыю дзеля задушэньня паўстаньня. Пяцістаронкавае апісаньне аднае з самых скандальных анэксій найноўшых часоў расейскі гісторык завяршае фальшыва-наіўным тлумачэньнем: усталяваньне міру заслугоўвала, маўляў, “кампэнсацыі за страты й стараньні”, вось частка Рэчы Паспалітай і была анэксаваная; адно шкада, што гэтай нагодай скарысталася Прусія, а Аўстрыя нават захапіла “расейскую” Галічыну. Толькі адышло ў нябыт гэтае прадыктаванае палітычнай гегемоніяй Расеі тлумачэньне, як гістарыяграфія адноўленай у 1918 годзе Польшчы распадаецца, адпаведна, на дзьве асноўныя палітычныя тэндэнцыі. Крыніцы падганяюцца або пад “легітымную” ад XVI стагодзьдзя, нібыта талерантную і адкрытую ягайлаўскую візію полікультурнай Польшчы, куды ўваходзяць розныя, добраахвотна ўзьяднаныя меншасьці, або пад “легітымную” цэлае тысячагодзьдзе візію “пястаўскаю”: дзяржаўнае адзінства й польскае дамінаваньне ў апошняй цэмэнтуе яе, нівэлюючы любыя адметнасьці. Гісторыя часоў Пілсудзкага жывілася першай канцэпцыяй, выкарыстоўваючы спароджаны Рэнэсансам міт фэдэратыўнасьці, і была такой сама спрэчнай, як і гісторыя à la Дмоўскі, якая апэлявала да нібыта гамагеннае нацыі, створанай дынастыяй Пястаў, эпохі Позьняга Сярэднявечча. Зрэшты, абодва падыходы, кожны зь якіх прадугледжваў выразна тэндэнцыйнае выкарыстаньне крыніцаў і мітаў, пратрымаліся толькі два дзесяцігодзьдзі. Падзел краіны паміж Нямеччынай і СССР у 1939—1941 гадох, а пасьля й нямецкае панаваньне да 1945 году выклікалі новае руйнаваньне гісторыі, запраграмаванае палітычнымі рэжымамі, што адмаўлялі палякам нават у захаваньні знакаў іхнае калектыўнае памяці. Зачыняліся ўнівэрсытэты ды школы, што там — нават музэі ды бібліятэкі, зьнішчаліся й замяняліся на сымбалі таталітарнае ўлады мэмарыяльныя знакі. Знайшоўшы прытулак у падпольных школках, гераічна культываваная гісторыя магла карыстацца толькі спрошчанымі, часта маніхейскімі схемамі, што адмаўлялі саму магчымасьць якіх бы там ні было плённых нямецка-польскіх ці расейска-польскіх стасункаў. |
3. Тым часам, пачынаючы з 20-х гадоў, пад кіраўніцтвам палітызаваных дазваньня ідэолягаў Пралеткульту, Расея распрацавала марксісцкую вульгату ўласнае гісторыі, згодна зь якой уся мінуўшчына ўяўлялася толькі доўгім, зь безьліччу пастак, шляхам расейцаў да выратавальнага сьвятла пралетарскае рэвалюцыі. Народ, пераважна пасыўныя сяляне, даведаўся, што ягоныя продкі-прыгонныя яшчэ паўстагодзьдзя таму толькі й марылі, што пра барацьбу на барыкадах пад кіраўніцтвам рабочае эліты. Усё, што яны шанавалі стагодзьдзямі — цар, пан, поп, — тут жа адпрэчвалася. Не марнуйма часу на агульнасьці: савецкая гістарычная навука прагнула стаць вянцом гісторыі. Марксізм раскрываў “сэнс гісторыі”, а кожнага, хто гэта аспрэчваў, зьмятаў са шляху ейны “лякаматыў”. Аднак суперніцтва, а пасьля й канфлікт гэтага таталітарызму з нацызмам адрадзілі патрыятычныя й імпэрыялістычныя матывы, што даказалі выразную пераемнасьць савецкае і колішняе вялікарасейскае ідэалёгіі. “Культ асобы” (фактычна — абагаўленьне) Сталіна мог даць фору культу цара. Шэраг мітаў і стэрэатыпаў паходжаньнем з царскіх часоў і надалей рабілі гісторыю дапаможным сродкам замежнай і нацыянальнай палітыкі Крамля. Галоўным лёзунгам, як і за царскіх часоў, было яднаньне вакол Масквы ў “адзінае цела й душу” захопленых нерасейскіх тэрыторыяў; у падручніках па гісторыі савецкая імпэрыя вярнулася да падставовых мітаў царскага “единонеделимства”: пра так званую Кіеўскую Русь, пра “Маскву — трэці Рым” ды пра “зьбіраньне” земляў сібірскіх, “вяртаньне” земляў “літоўска-рускіх”, “добраахвотнае” далучэньне Грузіі й г. д. З таго часу даўнейшая асымілятарская роля праваслаўя перайшла да марксізму — новае дзяржаўнае рэлігіі, што цэмэнтавала савецкую радзіму. |
4. Пасьля 1945 году незьлічоная армія гісторыкаў Цэнтральна-Ўсходняе Эўропы, вымушаных падкрэсьліваць сувязі сваіх краінаў з колішняй Расеяй ці сёньняшнім СССР, распачала легітымізацыю беспрэцэдэнтнай савецкай экспансіі на Захад. Намаганьнямі польскіх гісторыкаў, згуртаваных у пэўных інстытутах (Уроцлаў, Катавіцэ), Сылезія і Ўсходняя Прусія згадалі сваё славянскае мінулае, пра якое анігадкі не было восем стагодзьдзяў; сталінскія анэксіі абгрунтоўваліся й ідэямі расейскіх панславістаў ХІХ стагодзьдзя, хоць у царскія часы нельга было ўявіць большых рэтраградаў і нацыяналістаў, чым гэныя. Канцэпцыі славянізму, навязаныя пасьля далучэньня “зямель адзысканых”, дазволілі “аднавіць” адчуваньне “відавочнай” прыналежнасьці да польскага (а праз гэта й славянска-савецкага) сьвету тэрыторыяў, афіцыйна выкрасьленых з памяці ў цяжкія для Польшчы часы. Імпэрская ідэя, гэты стрыжань расейскае палітыкі — царскай, камуністычнай і, як штодня пераконваемся, посткамуністычнай, — абапіралася й надалей здольная абапірацца толькі на адмаўленьне й скрыўленьне гісторыі земляў, якіх Расея прагне “ўзьяднаць”, то бок паглынуць і асыміляваць. Гісторыя Ўкраіны асабліва паказальная з пункту гледжаньня такой гістарычнай апрацоўкі (тут слова “апрацоўка” набывае вузкамэдыцынскі сэнс ампутацыі памяці, лабатаміі). З-за забароны ўкраінскае мовы ў часы Кацярыны ІІ, калі гэты край толькі перайшоў пад расейскі ўплыў, напісаць гісторыю ўласнай краіны ўкраінцы змаглі толькі пры канцы ХІХ стагодзьдзя, і то на аўстрыйскай тэрыторыі (Антановіч, Грушэўскі). На землях, далучаных да Расейскае імпэрыі, улада і ейныя падбрэхічы-гісторыкі насаджалі ўяўленьне, нібыта тутэйшы люд складаўся з адных сялянаў і, пазбаўлены эліты, ня меў уласнае гісторыі. Дзякуючы ўмела закручанай блытаніне, што была выкліканая перш за ўсё лексычным і фанэтычным падабенствам ува ўкраінскай і расейскай мовах словаў “руський” і “русский”, гісторыкі-панславісты да 1917 году лічылі ўкраінцаў часткай “русского народа”, а Пераяслаўская дамова 1654 году, якая нібыта містычна змацавала ўзьяднаньне (усё яшчэ нетрывалае) Кіева з Масквою, а адсюль і Санкт-Пецярбургам, разглядалася як падзея непрапарцыйна вялікага, амаль тэлеалягічнага значэньня. |
5. Міжнародная палітыка таксама істотна ўплывала на замежнае (у прыватнасьці, заходняе) бачаньне славянскае гісторыі. Скажам, калі ў 1892 годзе Францыя шукала, куды б інвэставаць капіталы і з кім бы ўтварыць моцны саюз супраць Нямеччыны, яе зусім не зьбянтэжыла, што Расея — аўтакратычная й ксэнафобская дзяржава антысэмітаў і рэтраградаў. Абклаўшыся належнымі дакумэнтамі, падсунутымі Пецярбургам, францускі гісторык пачынае ляпіць гэтаму калёсу на гліняных нагах вобраз спакойнага волата. “Імпэрыя цароў і расейцы” Анатоля Лёруа-Бальё (A. Leroy-Beaulieu. L’Empire des tsars et les Russes, 1894) — люстэрка, у якім расейцы выглядаюць так, як ім даспадобы, — сьцьвярджае, што інкарпараваная Польшча раскашуе, а праглынутая Ўкраіна цалкам скарылася. Якраз гэтая кніжка (перавыдадзеная й напрыканцы ХХ стагодзьдзя) стварыла ў Францыі вобраз Украіны, які расейская ўлада падтрымлівае дасёньня: “Калі нават уявіць сабе, што хтосьці, скажам, паэт Шаўчэнка альбо ўкраінафілы, захацеў бы, вяртаючыся да плянаў Мазэпы й Хмяльніцкага, зрабіць Маларосію незалежнай як ад Расеі, так і ад Польшчы, гэтыя мроі знайшлі б сярод маларосаў гэткі ж нязначны водгук, як і праекты Паўднёвай лігі на поўдні Францыі ў 1870—1871 гадох... Украінафільства й маларасійскія паэты пагражаюць Расеі ня больш, чым адраджэньне правансальскае літаратуры — адзінству Францыі...” |
6. Інтэлектуальная млявасьць Захаду й нежаданьне ўскладняць зручныя дыпляматычныя зносіны з маналітнай дзяржавай выклікалі наўмысную абыякавасьць да ўкраінскага пытаньня (Францыя ненадоўга зацікавілася ім хіба што ў 1919 годзе, калі маладой савецкай уладзе было не да таго). Такі падыход толькі ўзмацніўся ў сталінскую й пасьлясталінскую эпохі. Аднак уражвае й унутраная цэнзура ўкраінскага гісторыка, які, напісаўшы ў 1960 годзе найбольшае расейскамоўнае дасьледаваньне пра сялянства Правабярэжнай Украіны ў ХІХ стагодзьдзі, не згадаў нацыянальных украінскіх рэалій (гл. Пойда В. Крестьянское движение на Правобережной Украине в пореформенный период, 1860—1900. — Днепрапятроўск, 1960). На той час савецкая палітыка выпрацавала догму “сусьветнага” адзінства ўсіх працоўных. То бок можна было вывучаць толькі недыфэрэнцыяваны сялянскі сьвет, не падкрэсьліваючы культурных адметнасьцяў украінцаў, расейцаў, палякаў, жыдоў і немцаў, якія жылі на гэтых землях разам. Вылучалася толькі — вядома, у паяднаньні з рабочым рухам — сялянства, якое празь незьлічоныя стыхійныя паўстаньні праставала (нас запэўнівалі, што цалкам сьвядома) да рэвалюцыйнага апатэозу лістапада 1917 году. Гэтая маніхейская “лёгіка гісторыі”, што не дапускае аніводнага плюралістычнага падыходу, ня так даўно займела пасьлядоўнікаў на Захадзе. Як Лёруа-Бальё, што апяваў французам, прагным да прыбытковых інвэстыцыяў, магутнасьць царызму, гэтак і амэрыканскія гісторыкі-марксісты нават у 1987 годзе не ўяўлялі сабе Ўкраіны іначай, як “Паўднёва-Заходняй Расеі”. Паслужліва перапісваючы працу згаданага Пойды (ці іншых савецкіх спэцыялістаў у сялянскім пытаньні), гэныя гісторыкі й за тры гады да абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны маглі прапанаваць амэрыканцам толькі карыкатурны савецка-імпэрскі мэтад мэханічнага падліку сялянскіх паўстаньняў (гл., напрыклад Edelman R. Proletarian Peasants: the Revolution of 1905 in Russian South-West, 1987). Дык ці варта зьдзіўляцца, што, ня ведаючы — а хутчэй не жадаючы ведаць — гісторыі, нашыя дыпляматы ў Дамове 1992 году пра дружбу між Францыяй і Расейскай Фэдэрацыяй афіцыйна пагадзіліся прызнаць “дзяржавай-правапераемніцай” СССР тую самую Расею, якая ў хуткім часе засьведчыла ў Чачэніі поўнае нежаданьне дэкалянізавацца? Тое, што цытаваная вышэй кніжка, у якой паслухмяна паўтараецца прадыктаваная Масквой лекцыя, належыць амэрыканцу, не азначае, што француская гістарыяграфія здолела пазьбегчы небясьпекі мімэтычнае гісторыі, якой кіруюць з дапамогай палітычнага пульту. У сталінскую й пасьлясталінскую эпоху расейскую гісторыю ў Францыі выкладалі так, як гэтага жадаў СССР. Ж.-Ф. Сырынэлі, П. Ары, Ф. Фюрэ й іншыя слушна пісалі пра савецкія ўплывы на францускую думку ў 1950—1970 гадох. Гэты ўплыў a fortiori можна знайсьці ў дасьледчыкаў Усходняй Эўропы. Ён прысутны і ў выдаваным Вышэйшай школай дасьледаваньняў з грамадзкіх навукаў часопісе “Cahiers du Monde russe et sovéitique”, які толькі нядаўна пачаў ацэньваць аб’ект свайго дасьледаваньня больш аб’ектыўна і многія рэдактары якога ўваходзілі ў таварыства “Францыя—СССР”. Калі на чале катэдры гісторыі славянаў, створанай у Сарбоне ў 1960 годзе, стаў Ражэ Парталь, яна амаль цалкам ператварылася ў асяродак расейскай і савецкай гісторыі. Прыкра, але такія асацыяцыі гэты цэнтар, які я маю гонар узначальваць, шмат у каго выклікае дагэтуль. Надзвычай выразным прыкладам уплыву палітыкі на гістарычнае дасьледаваньне зьяўляецца апошні разьдзел Парталевай кніжкі “Славяне” (Portal R. Les Slaves, peuples et nations, 1965). У гэтым аб’ёмным дасьледаваньні, якое мае падзагаловак “Да зьбіраньня славянскіх народаў у 1917—1960 гадох”, гучна заяўляе пра сябе “лёгіка інтарэсу”, якая мелася прывесьці да стварэньня “сымбіёзу” народаў, кіраваных “аўтарытэтнай савецкай мадэльлю”. Пасьля зьненавіднай эпохі нацыяналізмаў ХІХ стагодзьдзя, што спарадзілі комплексы вышэйшасьці ў пэўных членаў славянскае сям’і, зьявіўся “чалавек-камуніст”, пазбаўлены гэтых забабонаў. Пасьля гэтага сталася магчымым ажыцьцяўленьне “сацыялістычнай мары братніх народаў”, і пачалося гэта з “народнага саюзу” з Украінай і Беларусяй. Вайна, лічыць Парталь, “засьведчыла сілу сувязяў, што зьядналі расейцаў і ўкраінцаў у адзіным патрыятычным пачуцьці” — насуперак украінскаму незалежніцкаму руху й супрацоўніцтву з нацыстамі; дзякуючы вайне, “апазыцыя засталася ў мінулым”. Ня згадваючы пра жахлівыя наступствы выкліканага прымусовай калектывізацыяй галадамору, Парталь сьцьвярджае, што дзякуючы рэвалюцыі 1917 году ўкраінская культура “ўсё ж у цэлым выйграла”. І хоць згаданае дасьледаваньне Парталя, што доўга заставалася адзіным на гэтую тэму, было напісанае ў 60-х, аўтар знаходзіў у Сталіна толькі “старэчыя выбрыкі” і зь відавочнай паслужлівасьцю апяваў дух савецкай культуры, якая нібыта выкарыстоўвае лепшыя славянскія рысы для дасягненьня высокіх ідэалаў. Іншыя славянскія народы Парталь апісвае таксама ў поўнай адпаведнасьці з накінутым маскоўскай палітыкай канонам, і зноў ягоная хлусьлівая паблажлівасьць ператварае гісторыю ў гімн савецкай “пратэкцыі”. Вочы на лоб лезуць, калі чытаеш сёньня, што польская культура ў 1945—1949 гадох раскашавала “ў атмасфэры свабоды слова” — дастаткова згадаць насаджваньне аднапартыйнасьці якраз у той час. Здаецца, што трызьніш, калі чытаеш во гэткае: пасьля 1949 году ў Польшчы “не прыціскалі вольнай думкі”, а пабудова мэталюргічнага комплексу ў Новай Гуце, за два крокі ад Кракава, сівое сталіцы Кароны, была, уласна, удалым спосабам “надаць дынаміку” гэтаму “месту пэнсіянэраў”. Тут бачым поўную адпаведнасьць зь лёзунгамі камуністычнай прапаганды. Адначасова ў гэтага францускага гісторыка, што ня грэбуе стэрэатыпамі, міжволі праглядаецца атавістычны недавер расейцаў да палякаў: гэтыя заходнія славяне, піша ён, “занадта зацятыя і няўрымсьлівыя”. Гісторыю славакаў падсумоўвае карыкатура з славацкай камуністычнай газэты: трыюмф працаўніка над капіталістамі, завадатарамі гонкі ўзбраеньняў. Гісторыя баўгараў і югаславаў перакручаная не настолькі, але таксама адлюстроўвае “набліжэньне да сацыялізму”. Агульная выснова Парталя надзвычай дакладна дэманструе, якую палітычную лінію навязваў гэты тып гістарыяграфіі: “Тое, што новы (мар-ксісцкі) досьвед чалавецтва паўстае акурат у Эўропе, перадусім сярод славянскіх народаў, схіляе да думкі, што, хоць бацькам марксізму й быў немец, само вучэньне ўпершыню было ажыцьцёўленае ў расейскіх рэаліях...” |
7. Мінулі тры дзесяцігодзьдзі. Цяпер такому погляду на гісторыю замінае крах савецкага міту, але жывучасьць расейскага імпэрыялізму не кранае толькі францускіх дыпляматаў. Сёньня, як і раней, Вялікая Расея выклікае захапленьне; поруч з працамі, цалкам вольнымі ад гэткай залежнасьці, зноў выходзяць кніжкі, дзе ці то з прычыны інэрцыі, ці то з прычыны нежаданьня зьвяртацца да арыгінальных дакумэнтаў, у галовы францускіх студэнтаў убіваюць імпэрскае бачаньне разь-віцьця Расеі, такое любае шмат якім расейскім палітыкам. (Гл. напрыклад: M.-P. Rey. De la Russie A l’Union Soviétique: la construction de l’empire 1462—1953. — Paris, 1994.) Аўтарка сабрала тут усе клішэ панславісцкае й савецкае гістарыяграфіі: яна цьвердзіць пра існаваньне Кіеўскай Русі, разглядае падзел Польшчы як справядлівае вяртаньне тэрыторыяў, а экспансію на Ўсход ня лічыць калянізацыяй, ігнаруе рэлігійныя й міталягічныя чыньнікі ў разуменьні імпэрыі, заяўляючы, што “імпэрыя... зважала на нацыянальную спэцыфіку”, і робіць шэраг памылковых ацэнак, самая прыкметная сярод якіх — ацэнка савецкай інтэрвэнцыі ў Польшчу ў 1939 годзе). Вядома, дзіўная жывучасьць поглядаў адпавядае млявай талерантнасьці нашых палітыкаў да злачынставаў расейскага імпэрыялізму. Мажліва, усё памяняецца з адбыванай на Захадзе зьменай інтэлектуальнага шаблёну? Шанцаў на такі варыянт меней у саміх славянскіх краінах, дзе палітыка па-ранейшаму нашмат больш уплывае на навуку, чым нам гэта звычайна здаецца. |
8. Разгром гістарычнай навукі ў былых савецкіх рэспубліках, несумненна, дагэтуль належна не апісаны. Беларускі навуковец Валянцін Грыцкевіч кажа, што мэта выкладаньня гісторыі ў Менску, як і ў Маскве палягала найперш у перадачы тых надзвычай абмежаваных ведаў, якія замкнулі б студэнтаў у глухім ідэалягічным коле легітымізацыі дзейнага ладу й апалягетызацыі пралетарскага руху й клясавае барацьбы. Якраз дзеля гэтага й марнавалі час на вывучэньне нідзе больш не вядомых дысцыплінаў — гісторыі КПСС, “марксісцка-ленінскай філязофіі”, палітэканоміі сацыялізму, а пасьля нэасталінісцкай рэформы Суслава — навуковага камунізму, марксісцкай эстэтыкі, прынцыпаў навуковага атэізму. І, як вынік — закасьцянелы дагматызм, а для некаторых з часам шызафрэнія. У такіх абставінах выкладчыкі ператвараліся ў такую сабе ідэалягічную паліцыю. Таму, паглынуты ўсяладнай палітыкай гісторык не патрабаваў ужо ні архіваў, ні бібліятэкаў, а па пераліку ягоных працаў цалкам зразумела, якія “спэцыялізацыі” яшчэ нядаўна шанаваліся ўладай. У 1991 годзе ў Беларусі налічвалася 1200 гісторыкаў з унівэрсытэцкай асьветай, зь іх 600 кандыдатаў навук і 80 дактароў. 90 % дысэртацыяў было прысьвечана Савецкай Беларусі, 58 % — гісторыі партыі. Яшчэ дасьледавалі розныя аспэкты выкананьня пляну бягучай пяцігодкі. У 1985—1986 гадах Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт меў дзьве катэдры гісторыі партыі, дзе працавалі 48 асобаў, зь іх 6 дактароў і 33 кандыдаты навук. Акрамя таго, на трох катэдрах гісторыі Савецкай Беларусі й СССР былі сабраныя 33 “навукоўцы” (сярод іх 4 дактары й 26 кандыдатаў). У 1989 годзе, напалоханыя дэмантажам старых структураў, гэтыя спэцыфічнага кшталту навукоўцы стварылі таварыства гісторыкаў, якія паставілі сабе за мэту “крытыку рэакцыйных і нацыяналістычных тлумачэньняў гісторыі”. Насуперак эфэмэрным посьпехам нешматлікіх удзельнікаў шматдысцыплінарнай Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, узначаленай высокапаважаным прафэсарам Мальдзісам, старыя кадры ўзялі верх пасьля вяртаньня Беларусі пад расейскі ўплыў. Вядома, малаверагодна, што ў новыя часы могуць стаць зноў запатрабаваныя тэмы-лёзунгі “Гістарычная праўда супраць фальсыфікатараў”, “Пад кіраўніцтвам Ленінскай партыі”, “Разьвіцьцё дэмакратычных прынцыпаў у кіраваньні калгасамі” ці “Навуковы падыход у партыйнай працы”, але брак належнай адукацыі, мэтадаў ды ініцыятывы, відаць, выкліча значнае зьніжэньне інтэлектуальнага патэнцыялу, узмоцненае адарванасьцю ад сьвету й няведаньнем заходніх моваў. Вельмі мала ў Беларусі гісторыкаў, здольных працаваць у расейскіх, чэскіх, польскіх ці ўкраінскіх архівах, а дапасьці да заходняга часопісу сёньняшнія фінансавыя абмежаваньні перашкаджаюць ня менш, чым колішнія ідэалягічныя. Прыкрая звычка перапісваць папярэднікаў можа трываць і далей, таму нялішне будзе ў сябе запытацца, ці ня зробіць вяртаньне пад засень расейскага гіганта старую мэтодыку вечнай. |
9. Спробы пранікнуць у гісторыю Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы звонку, пераадолеўшы заслону сакрэтнасьці й расейскіх фальсыфікацыяў, заўжды былі надзвычай рызыкоўнымі, хоць і не безнадзейнымі. Ад часоў “Расеі ў 1839 годзе” маркіза дэ Кюстына вядома, што засакрэчанасьць і хаваньне крыніцаў зьяўляюцца складнікамі мясцовага спосабу кіраваньня: улада тым страшнейшая, чым менш вядома, на што яна здольная. Жалезная заслона мела адно-аднюсенькае прызначэньне: дэманізуючы сьвет за ёй, ня даць усьвядоміць, “што дзеецца ў нас”. ...Шматлікія фонды расейскіх архіваў, зачыненыя за царскім часам, засталіся закрытымі і ў савецкія часы: напрыклад, ні габрэйскія справы, ні матэрыялы, зьвязаныя з экспансіяй на Каўказе, у Казахстане й на Далёкім Усходзе так і ня трапілі ў рукі замежных дасьледчыкаў. Дый Сібір, калі б не дысэртацыя Ф.-К. Какена 1969 г. (F.-X. Coquin. La Sibérie: peuplement et immigration paysanne au XXe siécle), так і засталася б заімглёным і мітычным абсягам катаргі й ссылкі, а неўзабаве й злавеснай туманнасьцю Архіпэлягу Гулаг. Да незьлічоных сацыяльных маніпуляцыяў часоў Мікалая І дадаліся сталінскія дэпартацыі, якія мелі на мэце “канчатковае вырашэньне” некаторых нацыянальных праблемаў. Увогуле, такія рэчы здараліся й раней, але да канца ХХ стагодзьдзя заставаліся малавядомымі. Напрыклад, гісторыя дэклясацыі й драматычнай барацьбы 450 тысячаў украінскіх палякаў, якіх у 1831—1850 гадох поўнасьцю пазбавілі свабоды, прыпісаўшы да сялянаў, заставалася ахутанай заслонай маўчаньня, і гэта пры тым, што ў 1870—1900 гадох іх manu militari выгналі са сваіх дамоў. А што казаць пра “навяртаньне” ў праваслаўе адным росчыркам пяра двух з паловай мільёнаў літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх сялянаў-уніятаў у 1839 годзе? Абрысы гэтай вялізнай калектыўнай драмы, схаванай дзякуючы непранікальнасьці расейскай мяжы й абыякавасьці Захаду (які заўжды лічыў гэтую частку Эўропы іншым сьветам, дзе можна ігнараваць уласныя ж прынцыпы), пачынаюць вымалёўвацца толькі цяпер, калі палітычны кантроль за доступам да расейскіх архіваў саслабнуў. Дваццаць год таму, калі, пачаўшы вывучаць невядомы тады пагром польскай культуры ў ХІХ стагодзьдзі на літоўска-беларускіх землях, анэксаваных Расейскай імпэрыяй, я намагаўся высьветліць, як галоўны асяродак гэтай культуры, Віленскі ўнівэрсытэт, і сотні пачатковых і сярэдніх школаў былі поўнасьцю “стэрылізаваныя” ў 1831—1832 гадох, перада мной паўстала безьліч палітычных перашкодаў. Патрэбныя архіўныя матэрыялы дагэтуль не вывучаліся, бо сьведчылі пра страшнае вынішчэньне культуры пасьля паўстаньня 1831 году. Акрамя замоўчваньня з-за салідарнасьці савецкай улады з царскім рэжымам, дадалося яшчэ й табу, зьвязанае з паўторнымі сталінскімі анэксіямі Вільні й Літвы ў 1940 і 1944 гадох. Чалавек з Захаду, хай сабе яму трэ былі толькі гістарычныя зьвесткі (а можа якраз таму, што трэ былі гістарычныя зьвесткі), выклікаў найгоршыя падазрэньні. У тыя часы палітычныя перашкоды на шляху гістарычнае веды ставілі адкрыта і ўпэўнена. Гісторыкам вядомы цэлы арсэнал перашкодаў, вынайдзеных уладамі. Найпрасьцей было прыдушыць ініцыятыву, не адказваючы на просьбы падаць інфармацыю паводле каталёгаў, абагульненых і заблытаных настолькі, што ніхто ня мог знайсьці справы без дапамогі. Часам пасьля доўгіх пісьмовых просьбаў прыходзіў адказ з пазнакай нерэальнага тэрміну. Звычайна расчараваньне прымушала пакідаць спробы, хоць самыя ўпартыя нястомна зьвязвалі разарваную нітку й дабіваліся-ткі паездкі на месца як, скажам, прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтру навуковых дасьледаваньняў або іншых інстытуцыяў (варта адзначыць, што англасаксы тут былі заўжды больш упартымі, чым французы). Для перамоваў з пэрсаналам архіву аднаго толькі веданьня мовы было замала. Дасьледчык мусіў навучыцца падкупаць супрацоўнікаў ніжэйшага зьвяна, якім інструкцыя загадвала выдумляць безьліч ускладненьняў, каб нададзены заходняму навукоўцу час марна сплываў у хлусьлівых абяцаньнях і бясконцым чаканьні. Калі ж “навуковы кіраўнік”, які нібыта лепей ведаў, што трэба дасьледаваць, раз у год і выдаваў табе стос справаў, аказвалася, што яны зусім не па тэме. Час мінаў і паступова аддалялася небясьпека, што прыхадзень нешта знойдзе. А калі ён патрабаваў нейкую канкрэтную справу, яму адказвалі, што яна зьнішчаная падчас вайны, перададзеная на рэстаўрацыю або выдадзеная камусьці з савецкіх калегаў. Ці ня самай паказальнай палітычная залежнасьць была ў Кіеве. Неяк, заўважыўшы маю роспач, дырэктарка архіву з кранальнай адкрытасьцю патлумачыла, што якраз зьдзяйсьненьне такой абструкцыі й ёсьць заданьнем архівістаў, бо “гісторык-замежнік можа апублікаваць факты насуперак інтарэсам нашага ўраду”. Ведаючы, што замежныя навукоўцы часта ідуць на хітрыкі, зьмяняючы тэму сваёй працы, каб яна стасавалася з марксісцка-ленінскім пустаслоўем (маё дасьледаваньне польскай шляхты ва Ўкраіне афіцыйна было прысьвечана капіталістычнай эксплюатацыі сялянаў панамі), дырэктарка адразу ж падала прыклад абсалютнага зла: амэрыканскі дасьледчык, які нібыта вывучаў жыцьцё ўкраінскай жанчыны ў ХІХ стагодзьдзі, меў нахабства напісаць, што ў ХХ стагодзьдзі яе лёс істотна не зьмяніўся. Таму, цалкам у нацыянал-бальшавіцкім духу падвяла рысу начальніца, “ня варта гаварыць пра тое, што перашкаджала разьвіцьцю Ўкраіны ў мінулым”. Аднак хаваньне інфармацыі не было ўсёахопным. Немажліва было пераканаць усіх архівістаў у тым, што хлусьня й хітрыкі зьяўляюцца выкананьнем важнай палітычнай і патрыятычнай місіі: падазронасьць і замоўчваньні ўрэшце надакучвалі. Кожны дасьледчык, хай нават і патэнцыйны “вораг”, мусіў памятаць, што ў краіне Гогаля яму заўжды прыдасца эфэкт “рэвізора”: дастаткова прыпісаць сабе таямнічую і значную ролю ў гіерархіі, каб заўважыць боязь у вачах суразмоўцы й атрымаць раней недасяжныя скарбы. Нарэшце, дапамагала й своечасова падсунутая банкнота — хабары, распаўсюджаныя ў царскай Расеі, заставаліся рухавіком грамадзкага жыцьця і ў камуністычныя, і ў посткамуністычныя часы. |
10. Можна шмат чаго напісаць пра расейскую схільнасьць да сакрэтнасьці, гэтую сапраўдную нацыянальную манію. Маем ужо дастаткова дасьледаваньняў пра жахлівыя фальсыфікацыі й замоўчваньні ў савецкай гістарыяграфіі, як у выпадку з таямнічымі пратаколамі да пакту Рыбэнтропа-Молатава, існаваньне якіх адмаўлялася да 1989 году, або з адмовай СССР прызнаваць сваю адказнасьць за масавыя забойствы ў Катыні, ці са зьнікненьнем і зьяўленьнем на групавых фатаздымках выяваў рэпрэсаваных, а пасьля рэабілітаваных палітыкаў і г. д. Апісанае й тое, як стваралася ў літаратуры, кіно, выяўленчым мастацтве й музыцы іканаграфія “пазытыўных герояў”. Такім чынам, зьяўляецца вельмі спакусьлівая думка, што ўсё ўжо сказанае альбо будзе сказанае, бо няма больш ні абмежаваньняў, ні перашкодаў. Першымі на Ўсходзе гэтай эўфарыі паддаліся палякі. Яшчэ ў 1956 годзе камуністы-рэвізіяністы адчынілі шафу гісторыі, дзе на працягу двух дзесяцігодзьдзяў пыліліся невядомыя шкілеты: якраз тады Польшча пачула імёны партыйных дзеячаў, зьнішчаных Сталіным у 1937—1938 гадох; пазьней надышоў час рэабілітацыяў, вяртаньняў зь лягераў, ушанаваньня Арміі Краёвай і некамуністычнага Супраціву. Паступовае ўзмацненьне супярэчнасьцяў у часы Гамулкі й Герка засьведчыла, што гісторыя можа ўзяць рэванш над палітыкай: Курань, Мадзалеўскі, Міхнік, Герэмэк былі прафэсійнымі гісторыкамі. Стварыўшы ў 1976 годзе Камітэт абароны працоўных (КOR), інтэлектуалы справакавалі выбух грамадзянскага патрыятызму; першыя публікацыі ў самвыдаце выліліся хутка ў вялізную хвалю брашураў і часопісаў, якія ўрад вымушаны быў трываць: “Zapis”, “Puls”, “Spotkania”, “Głos”, “Droga”, “Krytyka” і г. д. Паступова адбываецца новае вяртаньне гісторыі й запаўненьне прагалінаў, пакінутых трыма дзесяцігодзьдзямі сьвядомай амнэзіі. Пасьля ўздыму “Салідарнасьці” ў 1980 годзе сьвядомыя гісторыкі адным са сваіх галоўных заданьняў бачылі арганізацыю дыскусіі пра перагляд навучальных праграмаў і падручнікаў гісторыі. Ува ўнівэрсытэтах прайшоў шэраг калёквіюмаў, прысьвечаных “белым плямам”. Трыццаць пяць год палітычнага маніпуляваньня гісторыяй аказаліся марнымі. Нягледзячы на вайсковае становішча, за часоў генэрала Ярузэльскага праца памяці працягвалася. У 1982 годзе пад рэдакцыяй Пятра Міцнэра пачаў выходзіць ценкі часопіс “Karta”, які памнажаўся на рататоры. У ім, між іншага, друкаваліся літаратурныя нарысы пра савецкія лягеры. Сьведчаньняў пра перажытае шторазу большала, і ў 1987 годзе яны акрэсьлілі спэцыфіку часопісу, які адмыслова стварыў для гэткіх задачаў “Archivum wschodni”. Адзначым, што ў той самы час расейскія гісторыкі, цалкам незалежна, але з аналягічнай мэтай, заснавалі “Мэмарыял”. Яны таксама пачалі выдаваць часопіс і неўзабаве займелі вялізную сетку дапісчыкаў. Абедзьве рэдакцыі цяпер актыўна супрацоўнічаюць, гэткая самая структура створаная ў Кіеве, і ў гэтым трыкутніку працягваецца плённы абмен інфармацыяй. Ці азначае гэта, што палітыка ўжо не мяшаецца ў справы гісторыі? Зрабіўшыся не такім відавочным, палітычны ўплыў хіба толькі стаў больш далікатным. Дый хіба можна сабе ўявіць гісторыю па-за павевамі эпохі? Хіба можна было пазьбегчы гісторыі зьвядзеньня рахункаў, якая першай пачала стварацца пасьля вырашальнага пералому 1989—1990 гадоў? “Аўтэнтычная”, “сапраўдная” гісторыя, абвешчаная новымі гісторыкамі (часьцяком, уласна, старымі — эманцыпаванымі або апартуністамі) адразу спавясьціла пра ганебны характар і злачынствы папярэдняга пэрыяду, і помсьлівы дух новае гістарычнае эпохі выклікаў ува ўрадавых і партыйных установах паніку, у выніку чаго апошнім злачынствам старога рэжыму стала зьнішчэньне дакумэнтаў (прынамсі, тых, што кампрамэтавалі адказных асобаў). Іх выводзілі са звароту, выкрадалі, зьнішчалі. Давялося ствараць адмысловую камісію для нагляду за рухам матэрыялаў у Міністэрстве ўнутраных справаў. Хутка зьнішчаць дакумэнты забаранілі заканадаўча. У 1991 годзе рэформу польскай архіўнай сыстэмы ўзначаліў вядомы гісторык, прафэсар Ежы Скаўронак. Партыйныя архівы перайшлі ў распараджэньне Акадэміі навук. Аднак паўстаў цэлы шэраг праблемаў, якія досыць хутка паказалі, што стэрылізаваная гісторыя, пазбаўленая зацікаўленага дасьледаваньня бяз пэўных асноваў, непрымальная. Перш за ўсё, нягледзячы на паўсюдны трыюмф рынкавай эканомікі, адбылося агульнае зьбядненьне. Мала таго, што брак сродкаў адбіваўся на колькасьці архіўных працаўнікоў, гісторыі была нанесеная шкода і новымі нечаканымі падыходамі. Некаторыя несумленныя архівісты скарысталіся надыходам эры панаваньня грошай і “прыватызавалі” фонды, а потым прадалі на вагу золата каштоўныя дакумэнты, якія вельмі хацелі атрымаць суседнія краіны. Калі ў Польшчы да ўлады прыйшла кааліцыя сялянаў і сацыял-дэмакратаў (за ўраду Паўляка), сама польская дзяржава, якой бракавала цьвёрдай валюты, практыкавала “дараваньне архіваў”, запачаткаванае ў часы флірту з гонэкераўскай Усходняй Нямеччынай. Пры канцы 1994 году атрымала розгалас таямніца яшчэ часоў другой сусьветнай вайны: у Ягелёнскай бібліятэцы ў Кракаве апынуліся каштоўныя рукапісы Моцарта, Мэндэльсона, Гётэ, Гайнэ з бэрлінскай Прускай бібліятэкі, знойдзеныя ў Крэшыўскім кляштары, куды нацысты прывезьлі іх у 1945 годзе. Гэтыя скарбы сталіся прадметам даволі брыдкага гандлю зь Нямеччынай. Спыненьне мэцэнацтва дзяржавы што да ўсіх гістарычных публікацыяў міжволі выклікала зьяўленьне вялізнай колькасьці нізкаякасных брашураў, зьвязаных з нацыяналістычнымі рухамі дакамуністычных часоў. Як і ўся выдавецкая справа, кніжка па гісторыі мусіла падпарадкоўвацца законам рынку, спусьціўшыся да ўзроўню сярэдняга малапатрабавальнага чытача, якому хацелася гісторыкаў. Непасрэдным вынікам новай палітыкі зьяўляюцца загалоўкі-заклікі й пасрэдны зьмест. Добрыя гісторыкі з прычыны малога заробку часьцяком кідаюць свой занятак і шукаюць іншай працы. У выніку расейскія бібліятэкі затапілі ідэалізаваныя аповеды пра імпэратарскую сям’ю ды генэалёгію дваранаў, якімі так захапляецца прыніжаны на працягу 70 гадоў народ. Калі мінула цяга да псыхадрамаў пакутаў і лягерных жахаў, людзям закарцела гісторыі падменаў, захацелася цешыцца прыдумкамі на тэму жыцьця цароў і агіяграфіяй. Самыя сур’ёзныя дасьледчыкі, якія і далей хочуць вывучаць сапраўдныя спружыны нядаўняга мінулага, мусяць шапкаваць перад фінансавымі інстытуцыямі, а тыя, зразумела, гнуць сваю палітыку. Скажам, праграму супрацоўніцтва “Karty” й расейскага “Мэмарыялу” фінансуе Фундацыя Сьцяпана Батуры разам з вашынгтонскім National Endow-ment for Democracy, які, хоць і ня ўмешваецца ў працу, але вызначае напрамак і характар дасьледаваньня. |
11. Застаецца фундамэнтальная праблема абмежаваньняў на раскрыцьцё гістарычных таямніцаў, якія ў новай сытуацыі можа накладаць палітыка, дбаючы пра сацыяльную стабільнасьць і грамадзянскі мір. З гэтай праблемай Францыя сутыкнулася, калі спрабавала вырашыць пытаньне сумленьня, зьвязанае з рэжымам Вішы. Ува ўсходнеэўрапейскіх краінах яно выглядае непараўнальна больш складаным. За семдзесят год камунізму ў СССР (ці сорак у краінах-сатэлітах) літаральна кожны йшоў на нейкі кампраміс з рэжымам. Што варта казаць пра мінулае, а пра што лепей маўчаць? Акрамя таго, ці можна пагадзіцца з услаўленьнем дакамуністычнай эпохі, у якой таксама хаваецца дастаткова пагрозьлівых фантомаў? Прадстаўнікі новай улады вагаюцца між двума патрабаваньнямі: празрыстасьці й згоды, — абмяжоўваючы гісторыкаў дасьледаваньнямі зусім нядаўняй гісторыі і заклікаючы іх даваць скідку на час і прастору. Чэхія, Расея, Польшча вырашылі не рабіць усіх высноваў з гісторыі, якая нібыта можа дазнацца адразу пра ўсё. На прыкладзе Польшчы добра відаць, як розныя ўрады ставіліся да магчымасьці абмяжоўваць ці не абмяжоўваць гістарычныя веды. Першы некамуністычны кіраўнік, асьцярожны Мазавецкі, інстынктыўна адчуў патрэбу пэўнага дазаваньня новых таямніцаў. Ягоная формула зрабілася знакамітай: ужо ў 1989 годзе ён сказаў, што мусова падвесьці “тоўстую рысу” пад некаторымі паскудзтвамі нядаўняга мінулага, іначай невядома, як доўга зацягнецца чыстка кадраў, а пасьля й саміх выканаўцаў гэтае чысткі. Добра ведаючы, што такое эпоха судовых працэсаў, ён не хацеў стаць арганізатарам яшчэ аднаго такога. Паляваньне на вядзьмарак магло дэстабілізаваць краіну, заблытаць гісторыю і судовую сыстэму, ператварыўшы гісторыкаў у пракурораў, ці, яшчэ горай, пракурораў у гісторыкаў. Пры канцы 1991 году надышоў час першых цалкам вольных парлямэнцкіх выбараў. Альшэўскі, прэм’ер-міністар, якога тады падтрымаў Валэнса, запатрабаваў больш суровага стаўленьня да ўчорашніх прыгнятальнікаў. На ягоную думку, вызначаць ступень адказнасьці нескладана. Краіне прапаноўвалася заглыбіцца ў сваю нядаўнюю гісторыю. Адбылося тое, чаго баяўся Мазавецкі. Усе пачалі падазраваць адзін аднаго, падазрэньне ўпала й на самога прэзыдэнта. Пачвары сталі вылазіць са скрынкі Пандоры. Пагроза вяртаньня ў іншай форме нянавісьці сталінскіх часоў прымусіла адмовіцца (прынамсі, часова) ад імкненьня да празрыстасьці й абсалютнай памяці і зьмірыцца зь няпоўнай ведай. За паўгоду Альшэўскі пайшоў у адстаўку. Ты палітыку за дзьверы, а яна праз акно. Заслона, наўмысна накінутая на ўчорашнія злоўжываньні, робіцца ўмовай існаваньня для ўсіх цывілізаваных краінаў. Адкладзены на трыццаць год доступ да архіўных дакумэнтаў дыктуецца патрабаваньнем грамадзкага спакою. Пасьля пэрыяду абурэньня надыдзе час аналізу, які наўрад ці будзе суцяшальным. Гучны посьпех кніг генэрала Ярузэльскага й тэлеперадачы з панэгірыкамі яму падаюцца такімі сама недарэчнымі, як аналягічныя маніфэстацыі памяці Пэтэна, аднак Польшча абрала хутчэй такую па-блажлівасьць, чым надмерны маралізм і злосьць. Гэта ізноў цалкам рэальны ўплыў палітыкі на нашы веды, хоць і гэтай палітыцы, як і ранейшым, калісьці надыдзе канец, і тады нашы веды зьменяцца. Некаторыя даўнейшыя пэрыяды, якімі тэарэтычна нішто не перашкаджае займацца ў новых палітычных умовах, дагэтуль застаюцца недасьледаванымі з палітычна-нацыянальных прычынаў. Расея й Украіна так і не наважыліся цалкам высьветліць усе чорныя плямы сваёй гісторыі да 1950 году, у прыватнасьці, тое, што тычыцца антысэмітызму (тое самае, уласна, і ў Польшчы). У габрэйскім сьвеце гэта часьцяком выклікае несправядліва агульнае асуджэньне, якое ігнаруе шматлікія выпадкі дапамогі габрэям у гады вайны й багацьце палітры габрэйска-польскіх адносінаў. Насамрэч, палітычная асьцярожнасьць тут досыць часта замаруджвае пошук ісьціны. Ужо згаданая “Karta” не збаялася апублікаваць у рамках выдатнай сэрыі “Польскія габрэі” сьведчаньне пра забойства габрэяў Арміяй Краёвай падчас Варшаўскага паўстаньня 1944 году. Нядаўна рэдактар часопісу заявіў, што цяпер можна скласьці кнігу, памерам ня меншую за кнігу Барташэўскага пра ратаваньне габрэяў у Польшчы (W. Bartoszewski. Zegota: Juifs et Polonais dans la résistance 1939—1944. Paris, 1992), якая засьведчыць, колькі габрэяў палякі аддалі на сьмерць. “Аднак, — дадае Міцнэр, — калі дойдзе да шырокай дыскусіі, бурныя эмоцыі зробяць немагчымым пошук ісьціны”. Французам вельмі нялёгка даецца прызнаньне істотнага ўдзелу сваіх суайчыньнікаў у дэпартацыях габрэяў, а стрыманасьць некаторых знаных дасьледчыкаў у ацэнцы палітычных наступстваў публікацыі такіх фактаў таксама зьяўляецца цалкам відавочнай. Гэтая самацэнзура робіцца ўнутранай цэнзурай дзяржавы. Сытуацыя старая, як сьвет: historia sacra прызначаная для тых, для каго адкрытая таямніца, і вольных ад лішніх пачуцьцяў, а historia profana — для тых, хто падпадае пад уплыў эмоцыяў у палітыцы. Вось тут і бачым, наколькі мужным павінен быць гісторык, каб дзейсна й настойліва несьці суайчыньнікам асьвету: пасьля публікацыі малацікавых згадак сьведкі з габрэйскай паліцыі варшаўскага гета Міхнікава “Gazeta Wyborcza” на пачатку 1994 году распачала вялікую дыскусію пра стаўленьне палякаў да габрэяў падчас зьнішчэньня гета, а таксама ў часе Варшаўскага паўстаньня. Допісы чытачоў засьведчылі ўсю жорсткасьць тае эпохі і, адначасова, сталасьць народу, які паступова наважваецца на нялёгкае прызнаньне як сваіх памылак, так і шчырых аблудаў. |
12. Хоць 1989—1990 гадамі пазначаны неверагодны паварот у гісторыі Ўсходняй Эўропы, палітыка заўжды будзе намагацца перашкодзіць гістарычнаму спазнаньню. Як пісаў пры канцы XVIII стагодзьдзя Ян Патоцкі, “шасьцёх месяцаў дастаткова, каб ня толькі народная радасьць згасла, але й сам народ расчараваўся ў найпрывабнейшай рэвалюцыі, якая, зрэшты, ніколі не прынясе абяцанага шчасьця, а толькі спародзіць іншы спосаб жыцьця, дзе заўсёды ў той самай меры будуць спалучацца дабро і зло”. Праўдзівасьць такога рэлятывізму эпохі Асьветніцтва пацьвярджаецца, калі заўважыць, колькі трыюмфатараў сыходзіць са сцэны з чарговым паваротам кола фартуны. Нам цяжка прызнаць, што гістарычная веда не бывае статычнай: прымхлівая муза Кліё несупынна тлумачыць і ператлумачвае, а чалавек заўжды прагне канструяваць і дэканструяваць. З-за “гульняў памяці” гістарычнае спа-знаньне падаецца дастаткова ўразьлівым, а гісторык (хай сабе ён і завецца навукоўцам) толькі дэманструе маскі, з-пад якіх выглядае і пад якімі зьнікае заўжды зьменлівая і няўлоўная ісьціна. Бо зьмяняюцца ня толькі перашкоды на шляху да гістарычных ведаў, але й самі веды могуць рабіцца больш рытарычнымі й узважанымі. “Аўтэнтычнасьць” або нават “ісьціна” для гісторыкаў недасяжныя на калектыўным узроўні, як для псыхолягаў — на індывідуальным. Арсэнал гісторыка заўжды складаецца на карысьць часовага кансэнсусу, дзе вялікую, хоць і не галоўную, ролю адыгрывае, несумненна, палітыка. Перагук між Вальтэравым скептычна-гульнёвым бачаньнем рамяства гісторыка і постмадэрнісцкімі тэорыямі сапраўды ўражвае. Урэшце, усе верагодныя перашкоды, што замінаюць гістарычнаму спазнаньню, скіраваныя на тое, каб захаваць мэту, зманлівую ўжо саму па сабе. А калі веды ёсьць толькі адбіткам ці мэтафарай, дык гісторыя (як яе вызначае, напрыклад, Рыкёр у “Часах і аповедах”) — гэта апавяданьне, якое мае ўласную сэмантыку, гэта “творчая імітацыя”, якая прагне дэміюргічнай ролі, насуперак усялякім цяжкасьцям. Запамятаем, што марыянэтак, якіх мы прымушаем рухацца, торгаючы матузкі, можна перафарбаваць, зьмяніць ці патрушчыць, а тэатар Кліё, нязьменны й упарадкаваны на першы погляд, заўтра можа зрабіцца арэнай жорсткіх бітваў. Нават такі спустошаны і неспасьцігнуты, як у посткамуністычнай Усходняй Эўропе, ён будзе зьмяняцца і ў будучыні. Гэта ніякім чынам не здымае адказнасьці з гісторыка і не пазбаўляе ягонага рамяства права на існаваньне. Адсюль вынікае толькі — і гэта ўжо шмат!, — што прадмет нашых дасьледаваньняў заўжды хісткі, a Splendor Veritatis недасягальная, бо навукоўцу да твару сьціпласьць.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (18) – 2001 |
|
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |