A R C H E S k a r y n a № 4 (18) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ВАЛЕРЫ ПАЗЬНЯКОЎ
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2001.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (3-2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Валеры Пазьнякоў
 
Крыху пра нашы нацыянальныя рысы 
 А. І. Лакотка. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. —
Менск: Ураджай, 1999.



Архітэктура — застылая музыка.

Фрыдрых Шэлінг

Архітэктура — мастацтва каралёў.

Невядомы мысьляр

Архітэктура — гэта альфабэт волатаў, набор самых вялікіх знакаў, якія калі-небудзь бачыў чалавек.

Гілбэрт Чэстэртан

Вялікая архітэктура — гэта найвялікшае сьведчаньне чалавечай велічы.
Франк-Лойд Райт

Архітэктура — выразьніца нораваў.

Анарэ дэ Бальзак

Існуе процьма сьведчаньняў пра адметнае значэньне архітэктуры. Эпіграфы можна доўжыць і доўжыць, калі няма ўласных думак. Ёсьць яшчэ адно вызначэньне: архітэктура — выразьніца нацыянальнага духу. Прыкладна так называецца апошняя кніга Аляксандра Лакоткі.

Такая кніга павінна была зьявіцца даўно. Хаця, ці мала якія кнігі павінны былі зьявіцца даўно, а мы іх яшчэ ня маем? Архітэктуру, дойлідзтва разглядалі як праяву народнага ці прафэсійнага мастацтва, як этнаграфічную зьяву. Цяпер — быццам як увасабленьне духу народу.

Якія ж такія нацыянальныя рысы мае беларуская архітэктура? А простага адказу кніга не дае. Такое адчуваньне, што ўсё, што адбылося ў дойлідзтве, для аўтара і ёсьць праявай нацыянальных асаблівасьцяў беларусаў. З такім жа посьпехам “Нацыянальнымі рысамі” можна было б назваць любую абагульняльную кнігу па беларускай архітэктуры. Ёсьць падазрэньні, што аўтар пайшоў менавіта па такім шляху. То бо, узяў сваю папярэднюю кнігу “Дойлідзтва” (з сэрыі “Беларусы”, у 8-мі тамах) і пераназваў яе, заадно перакампанаваўшы. Ці выявіліся пры гэтым нацыянальныя рысы?

Аўтар вырашыў увесь наяўны матар’ял разьмеркаваць па разьдзелах: “Вёска”, “Мястэчка”, “Горад”. Вядома, калі размова йдзе пра нацыянальную ідэю, то гэта патрабуе пэўнага “лёзунгавага” мысьленьня, і такая разьбіўка архітэктуры ўпісваецца ў “лёзунгавы” стыль. Бяда ў тым, што чым прасьцейшая схема (а тры часткі — гэта вельмі проста), тым болей шанцаў, што яна акажацца няслушнай.

кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік выдавецтва “Беларуская Энцыкляпэдыя”, сталы рэцэнзэнт гістарыяграфічнае літаратуры ў газэце “Наша Ніва”.
   

Пачынаецца кніга зь “Вёскі”. Шмат хто з сучасных беларусаў выйшаў зь вёскі. А вось уся Беларусь сукупна — наўрад ці. І аўтар пачынае свой расповед з гарадзішчаў, то бо з старажытных гарадкоў жалезнага веку. Потым пераходзіць да старажытнарускіх часоў. Нельга сказаць, што тут усё бездакорна. Сьцьвярджэньне, што “ў адрозненне ад пагосту сяло не абшчынны, а вотчынны цэнтр” парадаксальнае сваім супрацьлеглым рэчаіснасьці сэнсам. Пераходзячы да XVI ст., аўтар заняўся фальваркамі, бо трохчленная схема кнігі патрабавала далучыць іх да вёсак. Ну, гэта стары хіб беларускай гістарыяграфіі. І толькі на старонцы 56 аўтар упершыню адкрыта ставіць пытаньне па тэме кнігі: якія нацыянальныя асаблівасьці мелі драўляныя цэрквы Беларусі. Іх своеасаблівасьць А. Лакотка бачыць у прымяненьні бруса замест круглякоў, ашалёўцы, каскадах і ярусах у вышынным разьвіцьці аб’ёмаў, раньнім адмаўленьні (у параўнаньні з расейскім дойлідзтвам) ад грувасткіх самцовых дахаў. Лёгка заўважыць, што гэтыя рысы ў большасьці сваёй выкліканыя ўплывам мураванай архітэктуры. Гэты факт не адзначаны аўтарам, відаць, таму, што ён прыступіць да разгляду мураваных сьвятыняў пазьней, пры асьвятленьні забудовы мястэчак і гарадоў. А хіба ў вёсках не было мураваных цэркваў і касьцёлаў? Вось адзін зь недахопаў такога падзелу кнігі. І яго працяг — аповед пра драўляныя касьцёлы. Аўтар зьмясьціў яго ў разьдзеле пра вёскі, хоць большасьць прыведзеных прыкладаў — местачковыя. Так прынцып “усе драўляныя збудаваньні — вясковыя” яшчэ раз сябе абвергнуў. Зноў жа, драўляныя касьцёлы капіявалі мураваныя, пра якія гаворка будзе наперадзе. Чым адметныя драўляныя касьцёлы Беларусі, аўтар ня здолеў ратлумачыць: у Расеі іх няма, а зь іншых суседніх зямель зьвесткі не абагульненыя.

Разам зь вёскамі ў першым разьдзеле кнігі аб’яднаныя панскія сядзібы. Такое няўдалае абагульненьне прыводзіць да сьмешнага. Напрыклад, у энцыкляпэдыях часам паведамляецца, што нейкі фэўдал нарадзіўся... у вёсцы. Як працяг тэндэнцыі — аб’яднаньне ў кнізе А. Лакоткі разам зь вёскамі і сядзібаў лясьнічых. На жаль, аповед аўтара пра панскія дамы не дайшоў да завяршэньня, а менавіта “панская” архітэктура Беларусі — цалкам адметная старонка нашага дойлідзтва ў параўнаньні з суседнімі народамі. Беларускія этнографы заўсёды не любілі паноў, хоць панская культура зь цягам часу становіцца ўсё больш прывабнай і блізкай сучаснаму чалавеку.

Пра гэта сьведчыць і сёньняшняе будаўніцтва катэджаў. Яно асьветлена таксама ў разьдзеле “Вёска”, хоць па-сучаснаму гэта ў большасьці прыгарадныя пасёлкі. І тут аўтарская характарыстыка гэтага дойлідзтва вельмі сьціслая: “Апошняе вылучаецца немэтазгоднымі і завышанымі аб’ёмамі і плошчамі, на забеспячэнне якіх не разлічаныя мясцовыя сеткі водазабеспячэння, ацяплення”. І гэта ўсё пра найбольш пэрспэктыўны кірунак нашага будаўніцтва? А дзе аналіз архітэктуры? Не дарма ж колькі гадоў таму “Народная газета” зьмяшчала фота найбольш адметных катэджаў пад красамоўнай назвай “Замкі Беларусі”.

Пэрлам сучаснай вясковай архітэктуры аўтар лічыць забудову Росі. Архітэктура сапраўды неблагая, толькі нясе яна выразны гарадзкі характар. А словазлучэньне “жылы гарадок у пасёлку Рось” не бянтэжыць? Як гэта гарадок можа быць унутры пасёлку? Гарадок па-нашаму — гэта мястэчка. Дый сама Рось здавён была мястэчкам. Так што сучасная забудова Росі — гэта своеасаблівае “мястэчка ў мястэчку”. Пры чым тут вёска?

У “вясковы” разьдзел аўтар палічыў патрэбным уключыць зьвесткі пра сьціплыя будынкі рэлігійнага прызначэньня — капліцы, ці, па-расейску кажучы, часоўні. Чаму раптам спатрэбілася расейская мова? А чаму ў кнізе спатрэбіліся самі капліцы? Аўтар прыводзіць каля дзясятка вызначэньняў, што такое капліцы — і ўсё з расейскіх слоўнікаў. Згаданы нават расейскі ўказ Пятра І пра капліцы з 1723 г. Апатэозам каплічнай “русафіліі” стаў абзац: “Што ўяўляла сабою праваслаўная капліца ў XVIII ст., добра відаць з апісанняў царкоўнага гісторыка К. Нікольскага Георгіеўскай капліцы ў вёсцы Першынскі Пачынак Валагодскай губерні...” (далей цытата цягнецца яшчэ на паўстаронкі). Карацей, уся размова круціцца вакол праваслаўнай расейскай часоўні, так што міжволі ўзьнікае пытаньне: а ці ўласьцівыя яны Беларусі? І чым праваслаўная часоўня адрозьніваецца ад каталіцкай капліцы (дарэчы, называць праваслаўную ўстанову каталіцкім імем — нонсэнс). Далей, як мае быць, ідзе аповед пра крыжы: прыдарожныя, могілкавыя, памятныя... І скончваецца ўсё мэмарыяльным комплексам у Хатыні.

Мястэчкі... Рамантычная старонка беларускай нацыянальнай архітэктуры. Можа, яна страчаная назаўсёды: усе намаганьні аднавіць тэрмін і зьяву ў рэчаіснасьці пакуль марныя. Аляксандар Лакотка зьмясьціў разьдзел пра мястэчкі акурат паміж “Вёскай” і “Горадам”. У фізычных адносінах (памеры і г. д.) яно сапраўды так, але ў гістарычна-генэалягічным — зусім не. Былі часы (да XV ст.), калі была вёска, быў горад, а мястэчка не было. Яно ўзьнікла пасьля як зьвяно паміж буйным горадам і навакольнымі вёскамі, і было, па сутнасьці, малым горадам. Цяпер, як вядома, на зьмену ўрбанізацыі настае суцэльная вёскавізацыя. На гэтым гістарычным тле пляны адраджэньня мястэчак могуць сапраўды ня зьдзейсьніцца.

 
   

Паколькі кніга Лакоткі не гістарычная ў дакладным сэнсе слова, то тэме шляхоў зьяўленьня мястэчак у ёй адведзена няшмат радкоў. Аўтар мяркуе, што зь некаторых мястэчак утварыліся гарады. Так яно магло быць, так і было, але гэта не выпадак Клецку, Крычава і Быхава. Клецак прайшоў адваротны шлях: гэты старажытны горад з XVIII ст. у дакумэнтах пачынае паступова называцца мястэчкам. Яшчэ больш дзіўнай прадстаўлена ў кнізе гісторыя Турава, які, маўляў, “балотнае мястэчка”, што разьвілася на аснове буйной вёскі. На падставе апошніх прыкладаў, дарэчы, можна вылучыць яшчэ адзін шлях утварэньня мястэчак, не адзначаны А. Лакоткам: у выніку заняпаду гораду (у час агульнага заняпаду Беларусі з другой паловы XVII ст.). І яшчэ адзін шлях паходжаньня мястэчак, добра вядомы паводле крыніц і адсутны ў кнізе — іх узьнікненьне “на сырым корані”, то бо фактычна на пустым месцы. Сярод мястэчак XVII ст. у кнізе дзіўным чынам апынуўся Нясьвіж, наша некаранаваная сталіца. У ХІХ ст. за мястэчкі аўтар уважае пазаштатныя гарады. Відаць, прычына такой блытаніны мястэчак і гарадоў у суб’ектыўным успрыняцьці невялікіх гарадкоў з пункту погляду сучаснага чалавека, гараджаніна. Але пункт погляду павінен быць гістарычным.

Каб удала разабрацца зь мястэчкамі, аўтар прапануе падзяліць іх храналягічна-мастацка на 3 групы: гатычныя, рэнэсансныя, барочныя. Выглядае лягічна і прыгожа, але пасьля нават нядоўгіх разважаньняў зьяўляюцца сумненьні. Схема абрываецца на XVIII ст., але ж мястэчкі існавалі нават да сярэдзіны ХХ ст. Гэта быў які стыль: клясычны, мадэрновы, ці нічога істотнага не было прыўнесена ў гісторыю мястэчак у ХІХ—ХХ стст.? Увогуле, крытэры падзелу мястэчак на прапанаваныя тры групы вельмі няясныя. Нясьвіж пры гэтым фігуруе і як рэнэсанснае, і як барочнае мястэчка (нагадаем, што гэта ў сапраўднасьці горад на ўсім працягу сваёй гісторыі).

Мястэчкі зьніклі з мапы Беларусі ў ХХ ст. Яны сталі вёскамі, сёламі, гарадзкімі пасёлкамі, некаторыя — гарадамі. Яны згубілі сваю асноўную функцыю — быць цэнтрам мясцовага рынку (прыгадайма, што рынкаў любых формаў у СССР дужа не любілі). І аўтар сьведчыць: “Характэрная і арыгінальная рыса местачковай забудовы — дамы-крамы — канчаткова сталі гістарычнай спадчынай”. І раптам аптымістычнае: “У сучасных умовах... магчыма адраджэнне некаторых функцый, уласцівых былым мястэчкам... Архітэктарамі сёння прапрацоўваюцца варыянты катэджаў, якія сумяшчаюць функцыі жылля і гандлёвай кропкі”. Значыць, надзея на адраджэньне мястэчак яшчэ канчаткова не памерла? А вось наконт катэджаў-крамаў... Бачыў у “мястэчку” Нясьвіж дзівосную рэч. Камэрсанты выкупляюць на цэнтральнай плошчы (той, дзе аўтавакзал) кватэры на ніжніх паверхах, падводзяць да іх з вуліцы лесьвіцы і робяць тамака крамы (гэта пры тым, што, здаецца, яшчэ ніхто не адмяніў забароны выкарыстоўваць жылы фонд не па прызначэньні). Вось вам і жытлы — гандлёвыя кропкі.

Замкі. Яшчэ адна рамантычная старонка нашай даўніны. Яны апынуліся ў разьдзеле пра мястэчкі, хоць замак — зусім асобнае паселішча. Яны маглі быць ля мястэчак (Мірскі замак каля мястэчка Мір), а мястэчкі маглі быць умацаванымі, як замкі (тое ж мястэчка Мір). Некаторыя замкі стаялі зусім асобна. Карацей, спроба ўключыць у разьдзел “Мястэчка” ўсё, што відавочна ня вёска і ня горад, пераканаўчай не выглядае. А што да нацыянальных рысаў нашых замкаў... У кнізе яны няўлоўныя... Дом-замак у Гайцюнішках збудаваў галяндзкі інжынэр — гэта беларускае? Хай сабе, бо тая камяніца стаіць доўга і, пэўна, служыла ўзорам для іншых. А вось драўляныя замкі, пабудаваныя на Полаччыне акупацыйным войскам цара Івана Жахлівага... Якія ж нацыянальныя рысы яны маюць? Дарма што драўляныя, яны ўвекавечаныя на гравюрах. Таму хоць яны і прыдатныя для шматлікіх “Гісторый” беларускай архітэктуры, але для “Нацыянальных рысаў” зусім не падыходзяць (дарэчы, іх “нацыянальнасьць” А. Лакотка і не пазначыў). Вось для прац пра расейскія нацыянальныя рысы — калі ласка, і яны скарыстаныя, скажам, у маскоўскай манаграфіі “Русское деревянное оборонное зодчество”.

Палацы, панскія сядзібы трапілі зноў жа ў разьдзел “Мястэчка”, нягледзячы на тое, што былі і цалкам асобныя “дварцы” (тэрмін XVI ст.), панскія двары, “гасподзкія двары” (гэта ўжо ХІХ ст.). Аўтар чамусьці мяркуе, што палацы паходзяць ад замкаў: “Выходзячы каранямі з нетраў замкавага дойлідства, палацы яшчэ захоўваюць часам і абарончыя рысы”. Як прыклад прыведзены той самы гайцюніскі дом-замак, карані якога ў Галяндыі. Не, панскія сядзібы хутчэй выйшлі зь нетраў сялянскай хаты. Зусім нечакана выклад гісторыі палацаў аўтар спыняе на пачатку ХІХ ст. Шкада, што мы не даведаліся пра гэты від нацыянальнай архітэктуры тых часоў, калі ўласна і склалася наша нацыя.

Як мястэчка няма без царквы ці касьцёлу, то аўтар даволі падрабязна спыняецца на сакральным будаўніцтве. Аднак яно разьбіта па двух разьдзелах: “Мястэчка” і “Горад”, — і суцэльнай карціны няма. Становішча не ратуе тое, што да местачковых аднесены некаторыя гарадзкія сьвятыні (напрыклад, з Давыд-Гарадку). Адна блытаніна.

Досыць спрэчна ў кнізе пра нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры разглядаць мячэты татараў і сынагогі жыдоў. Не беларусы яны, хоць і размаўлялі па-нашаму. І зважайма на тонкія акалічнасьці: жыды і татары жылі ў мястэчках, але трапілі туды рознымі шляхамі: татары — з малых вёсак, а жыды — зь вялікіх гарадоў. Аднак у разьдзелах пра вёску і горад гэтыя нацыянальныя меншасьці ня згадваюцца. Іх архітэктура (вядома, яна зь вялікім уплывам беларускай) сабрана аўтарам пад шыльдай местачковай, і ў дзіўным гэтым зборы можна натрапіць і на гарадзкія (Наваградак, Слонім) мячэты і зноў жа на гарадзкія (Быхаў, Друя, Наваградак) сынагогі.

Тут жа, у “местачковым” асяродзьдзі, разглядаюцца гандлёвыя рады, корчмы, рудні, гуты, паташні, бровары. Было, усё было ў мястэчках. Ды ня толькі ў іх.

 
   

Горад — вяршыня беларускага дойлідзтва, згустак беларускага нацыянальнага духу. Старыя ўяўленьні, што горад Беларусі — твор духу польскага, расейскага, жыдоўскага, адкінутыя пасьля таго, як пасьляваенны горад стаў менавіта беларускім. Беларуская нацыя стала гарадзкой, значыць, горад стаўся беларускім, прынамсі ў вачах большасьці нацыі.

Шлях гораду — адбітак шляху станаўленьня дзяржавы. Думаецца, тут А. Лакотка выбраў цалкам слушны накірунак аналізу нашай архітэктуры. На жаль, былі скарыстаныя састарэлыя археалягічныя зьвесткі пра старажытную гісторыю беларускіх гарадоў, таму агульная карціна гарадзкой цывілізацыі атрымалася трохі скажоная. Трэба слушна расставіць ідэалягічныя акцэнты зьяўленьня на нашых землях мураванай архітэктуры. Узьвядзеньне Сафійскіх сабораў у Кіеве, Ноўгарадзе і Полацку — гэта не дэманстрацыя сяброўства трох братніх славянскіх народаў. Па сутнасьці, будаўніцтва Сафіі ў Кіеве было выклікам Бізантыі, царскаму Канстанцінопалю, імкненьнем стаць зь ім на адзін узровень у царкоўнай табэлі аб рангах. Будоўля наўгародзкай Сафіі — гэта выклік Паўночнай Русі “царскаму” Кіеву, ну а Полацкая Сафія — гэта дэманстрацыя незалежніцкіх імкненьняў Полацкай Русі перад Кіевам і Ноўгарадам. Тры Сафіі — тры сымбалі раздору. Меркаваная чарнігаўская Сафія ніколі не існавала, тамтэйшая вярхушка, каб дапячы Кіеву, збудавала велічны сабор Збавіцеля. Нельга пагадзіцца з ацэнкай гэтай архітэктуры як “белакаменнай”. Тут бачны рэцыдыў выкарыстаньня штампу расейскага прыгожага пісьменства, які дарэчы адно пры апісаньні пазьнейшага расейскага храмабудаўніцтва: яно сапраўды вялося зь мясцовага белага каменя-вапняку. Кіеўская і Полацкая Сафіі і сучасныя ім цэрквы ўзводзіліся з цэглы-плінфы ў тэхніцы “схаванага шэрагу”, так што выглядалі дробна-паласаценька, агульная гама колераў — збольшага ружовая ці жоўтая (дарэчы, крыху ніжэй аўтар сам сябе абвяргае наконт колеру).

Увогуле адчуваецца нейкая няўпэўненасьць аўтара ў “гарадзкіх кварталах”. Не было таго, што ў Тураве мураваны храм пачалі ўзводзіць у ХІІ ст. ды так і ня скончылі. Скончылі, але ён пасьля разваліўся, як мяркуюць, ад землятрусу. Не было скончана мураваньне менскага і ваўкавыскага храмаў (таму фраза, што мураваная царква ў Ваўкавыску існавала, па сутнасьці няслушная). Характарыстыка самых адметных гарадзенскіх цэркваў атрымала надзіва адвольную інтэрпрэтацыю: быццам муроўка іх — спалучэньне палявога каменя з плінфаю, а фасады і інтэр’еры ўпрыгожаныя дэкаратыўнай мазаікай з маёлікі. Няма там палявога камяню, ёсьць адно дэкаратыўныя ўстаўкі з шліфаваных валуноў на фасадах. Няма там мазаікі ні звонку, ні знутры, адно ўстаўкі з паліваных керамічных плітак. Пра раманскі ўплыў з Заходняй Эўропы гарадзенскія пабудовы ня сьведчаць, затое полацкі ўплыў вельмі адчувальны.

Зусім няўдалым атрымаўся пасаж пра старажытную царкву Друцку: “Паводле летапісных крыніц, тут у ХІ ст. узводзіцца драўляная царква”. Няма такіх летапісных крыніц. Толькі ў пэргамэнным Друцкім эвангельлі ХІV ст. адзначана пабудова ў 1001 г. царквы. “Факт вельмі важны, бо сведчыць аб тым, што драўляныя царкоўныя збудаванні на тэрыторыі Беларусі ўзніклі адначасова з мураванымі.” Крыху вышэй А. Лакотка паказаў, што першы мураваны храм — Полацкі Сафійскі сабор — таксама быў збудаваны ў ХІ ст. Але не было зроблена ўдакладненьне — ён зьявіўся ў 1050—1060-х гг., гэта значыць, праз паўстагодзьдзя пасьля Друцкай царквы. Дзе ж тут адначасовасьць? Празь некалькі старонак аўтар ужо схільны лічыць, што драўляныя цэрквы ўзводзіліся раней за мураваныя. Пярэчаньняў тут быць ня можа.

Вельмі не пашанцавала ў кнізе А. Лакоткі пэрліне беларускай архітэктуры — Камянецкай вежы. Зразумела, гэта помнік не раманскага, а гатычнага дойлідзтва. Сьцьвярджэньне, што “яна ўзнікла на напрамку пастаянных набегаў на ўсходне-славянскія землі рыцараў Тэўтонскага ордэна” грашыць анахранізмам. Дастаткова зазірнуць у Іпацьеўскі летапіс, каб пераканацца яшчэ раз, што была яна збудаваная супраць літоўцаў. Тое, што Камянецкая вежа ня Белая (г. зн. не была атынкаваная і пабеленая аж да ХІХ ст.), здаецца, напісана ва ўсіх кнігах па беларускай архітэктуры за апошнія 30 гадоў, дзіўна, што А. Лакотка не зьвярнуў на гэта ўвагі.

Усю інфармацыю пра гарады да ХІІІ ст. А. Лакотка зьмясьціў у разьдзеле “Ўсходнеславянскі горад”. Наступны разьдзел — “Рэнесансны горад”. Такім чынам, гарадзкое дойлідзтва XIV—XV стст. апынулася ў ценю (зьнік “гатычны горад”!). Яшчэ больш прыкра, што зьнік магчымы разьдзел “Барочны горад”, хоць раней аўтар вылучыў і рэнэсансныя, і барочныя мястэчкі. Рызыкнем сьцьвярджаць, што барочны горад мае найбольш шанцаў стаць адным з сымбаляў нацыянальнай архітэктуры Беларусі. “Класічны горад” А. Лакотка вызначае межамі канца ХVIII — пачатку XX ст. (як вынікае з матар’ялу гэтага разьдзелу). Але ў гэты час існавалі розныя мастацкія плыні: ампір, мадэрн, розныя рэтраспэктыўныя накірункі...

Нарэшце, “Сучасны горад” — прыкладна з канца першай чвэрці ХХ ст. Няясна, ці быў гэта час уздыму архітэктуры ці заняпаду. Тут выяўляюцца цікавыя акалічнасьці, уласьцівыя будаўніцтву ўсіх народаў і часоў: пра ўзровень архітэктуры сьведчаць найперш прэзэнтабэльныя, манумэнтальныя будынкі, а масавая забудова застаецца збольшага па-за ўвагай. А. Лакотка прыняў такія правілы аналізу, як і эстэтыку “сталінскага ампіру”. Адсюль тэза: “Ансамбль забудовы Ленінскага праспекта (зараз праспект Ф. Скарыны) 50-х гг. становіцца ўзорам дойлідства краіны і ператварае Мінск у адзін з прыгажэйшых гарадоў Еўропы”. Аўтарскія ацэнкі менскіх будынкаў 1980-х гг. часьцяком суправаджаюцца эпітэтам “унікальны”. Не тлумачыцца толькі, у чым палягае ўнікальнасьць, што было б дарэчы: унікальны — значыць, адметны, пэўна не падобны на іншаземныя пабудовы. Іншую нацыянальную адметнасьць беларускіх гарадоў А. Лакотка вызначыў вельмі дакладна — гэта адсутнасьць у гарадах “комплексаў архітэктурна-гістарычнай спадчыны”, “...у той час, як у суседніх краінах... да пачатку 80-х гг. ужо меліся прыклады рэстаўрацыі”. Адрозьненьні бачныя і ў паверхавасьці жылых будынкаў. Калі ў нас увайшлі ў моду жылыя хмарачосы, то ў астатняй Эўропе назіралася цалкам супрацьлеглая тэндэнцыя. Гэта важная рыса нацыянальнай беларускай архітэктуры. А. Лакотка прыводзіць некаторыя зьвесткі пра “традыцыйныя” рысы сучаснай масавай забудовы, увогуле ўніфікаванай і безаблічнай: імкненьне да замкнёнага двара, адмаўленьне ад “парадных” пад’ездаў, імкненьне да закрытых бальконаў і інш. Карацей, ёсьць тэндэнцыя “мініятурызаваць” аграмадныя камяніцы і ствараную імі культурную прастору. Ад сябе адзначым яшчэ некаторыя рысы нашых гарадоў, якіх вырашыў не заўважаць А. Лакотка. Гэта бронзавы (гіпсавы) істукан на цэнтральным пляцы. Там жа месьціцца шэры безаблічны будынак гарадзкога начальства (у народзе вядомы як “дом саветаў” ці “белы дом”). І яшчэ: колішні цэнтральны пляц, здавён прызначаны для гандлю, застаецца сакральнай пустэчай. Тут яркае нацыянальнае адрозьненьне ад, скажам, польскіх ці нямецкіх гарадоў і гарадкоў, дзе на цэнтральных пляцах па-ранейшаму гандлююць.

Сучаснае культавае будаўніцтва не зацікавіла аўтара, затое пачэснае месца адведзена Палацу Рэспублікі ў Менску. А. Лакотка даволі стрыманы ў ацэнцы гэтай “унікальнай” будыніны: “Велізарная маса Палаца ў цэлым успрымаецца нейтральна... аднак значна горш успрымаецца... з раёнаў гістарычнай забудовы” (г.зн. з тылу). Ні слова пра мянушку “саркафаг”, дарэчы, вельмі трапную. Нешта ёсьць у Палацы падобнае да маскоўскага маўзалею. А вось тое, што Палац — амаль копія маўзалею Ататурка ў Анкары, ніхто не заўважае. Становішча жахлівае. Выправіць яго можна хіба зносам аднаго з маўзалеяў. Як з анкарскім тое зрабіць немагчыма, застаецца “саркафаг”.

Агульныя высновы свайго дасьледаваньня А. Лакотка паспрабаваў падвесьці на трох старонках, дзе пададзены нарыс зноў жа архітэктуры ўласна Беларусі. Некалькімі словамі адзначана, што населеныя пункты Беларусі мелі свае асаблівасьці ў параўнаньні з украінскімі і расейскімі, шмат запазычылі з Захаду і адрозьніваліся адзін ад аднаго ў некаторых рэгіёнах унутры Беларусі. У канцы ўзьнёсла: можна “...зрабіць выснову, што беларускае дойлідства сапраўды існуе як суб’ект культурна-гістарычнага працэсу, як адна са складаючых частак сусветнай культуры... Дойлідства прадстае як адна з найбольш выразных культурных прыкмет беларускага народа”. На гэтай аптымістычнай ноце, нікім сёньня не аспрэчанай, сканчаецца дасьледаваньне А. Лакоткі. Толькі ці ёсьць падставы для аптымізму?

Кніга пакідае супярэчлівыя ўражаньні. Багацьце сабранага пад адной вокладкай матар’ялу не адлілося ў важныя высновы па тэме, якая заяўлена ў назьве кнігі — менавіта пра нацыянальныя рысы. Тыя меркаваньні, што дастаткова сабраць наяўныя матар’ялы зь Беларусі, а яны скажуць самі за сябе, і гэта будзе голас нацыі, — наіўныя. І шлях, абраны аўтарам для гэтага, — простая перакампаноўка сваёй ранейшай кнігі — сябе ня спраўдзіў. Па-першае, з чыста тэхнічнага боку. Па-другое, папярэдняя кніга была, хутчэй, вузка-этнаграфічная, а нацыянальнае — гэта ня толькі этнаграфічнае. Трэба памятаць, што архітэктура — гэта яшчэ і від мастацтва. Магчыма, калі б за тэму “Нацыяналныя рысы беларускай архітэктуры” ўзяўся мастацтвазнаўца, ён раскрыў бы яе інакш.

Дарэчы, такая спроба ўжо была. Гэта клясычная праца Міколы Шчакаціхіна “Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва” (1928), якая прысьвечана галоўным чынам дойлідзтву. Адной з прычын посьпехаў Шчакаціхіна ў высьвятленьні вытокаў нацыянальнай архітэктуры беларусаў была тая, што ён зьвярнуўся перш за ўсё да віленскага дойлідзтва, паказаў, што менавіта ў Вільні бяруць пачатак многія характэрныя рысы нашага будаўніцтва. А дасьледаваньне А. Лакоткі жорстка абмежавана межамі сучаснай Рэспублікі Беларусі, і калі для высьвятленьня нацыянальнага аблічча вясковай архітэктуры гэтага аказалася дастаткова, то для выяўленьня асаблівасьцяў гарадзкой архітэктуры гэта адыграла фатальную ролю. Карацей, без уліку Вільні нельга напісаць заяўленае дасьледаваньне.

І яшчэ. Перагартаўшы кнігу А. Лакоткі, можна ўпэўніцца, што ў ёй адсутнічае такая яскравая старонка нашага нацыянальнага будаўніцтва, як дачныя пасёлкі. Калі раней паміж горадам і вёскай стаяла мястэчка як прамежкавы тып паселішча, то цяпер такую ролю прынялі на сябе менавіта дачныя пасёлкі. Іх сацыяльны зьмест, вядома, зусім адрозны ад местачковага. Яны зьявіліся ў эпоху “разьвітага сацыялізму” як сродак “вырашэньня харчовай праблемы”. Ну, хто цяпер адважыцца сказаць, што “дачны” лад жыцьця — гэта ня наша нацыянальная рыса?

Дык якой моваю “прамаўляюць” нашыя камяніцы? І якую музыку “граюць” нашыя кварталы? Якая яна, нацыянальная архітэктура беларусаў? І раптам разумееш, што адказу менавіта на так пастаўленае пытаньне А. Лакотка і не імкнуўся даць у сваёй кнізе, прысьвечанай “нацыянальным рысам архітэктуры”.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (18) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 06-10-2001