A R C H E | S k a r y n a | № 4 (18) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АМАНДЗІНА РЭГАМЭ | |||||
|
Амандзіна Рэгамэ
|
дактарантка Інстытуту палітычных дасьледаваньняў у Парыжы. У 1994—1997 гадох выкладала ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Менску. Артыкул перакладзены зь нязначнымі скаротамі. |
Аналіз показак як праявы грамадскай думкі сутыкаецца, аднак, са шматлікімі праблемамі метадалагічнага характару. У самой іх кваліфікацыі як праявы грамадскай думкі існуе пэўная парадаксальнасць (бо апавядаюцца яны, галоўным чынам, у прыватных абставінах). Апроч таго, і ўзнікаюць яны не ў шырокіх “слаях народу”, а хутчэй — у пэўных групах. У Савецкім Саюзе палітычныя анекдоты былі пашыраныя збольшага сярод гарадскога насельніцтва, іх распавядалі ў чэргах, на сяброўскіх вечарынах, падчас сходак “на кухні”. Найчасцей гэта, вядома, жарты аб праблемах дэфіцыту, дурасці сацсістэмы ды асобе Брэжнева. Што да іншых сюжэтаў — такіх, як культ Леніна, змест ідэалогіі ці гераічны чырвоны камдзіў Чапаеў, — дык яны былі аб’ектам кпінаў, бадай, толькі ў пэўных колах. Сабраныя ў гэтым артыкуле анекдоты пра А. Лукашэнку і беларусаў былі запісаныя падчас некалькіх паездак у Беларусь паміж 1996 і 1999 гг. У параўнанні з жартамі пра былых савецкіх кіраўнікоў яны не такія шматлікія. Чуць іх даводзілася ў студэнцкіх колах, ва ўніверсітэтах, сярод інтэлігенцыі, а таксама ў колах беларускай апазіцыі. Цалкам верагодна, што сярод тых, хто падтрымлівае А. Лукашэнку і з’яўляецца ягоным прыхільнікам, яны не апавядаюцца. Не пашыраныя яны, верагодна, і ў іншых колах — сярод вайскоўцаў, рабочых, сялянаў. З іншага боку, ці можна сказаць, што анекдот адлюстроўвае пэўнае меркаванне? Дапусцім, што нават калі анекдоты й не з’яўляюцца вынікам пэўным чынам збудаванага палітычнага дыскурсу, але ўсё ж яны — плён тых ці іншых развагаў і спосабу мыслення на пэўную тэму. Аналіз усякага выказанага меркавання вымагае ведання таго, каму і кім апавядаецца гісторыя, а таксама абазнанасці ў культуры і ў культурных алюзіях, у якія гэтая гісторыя ўпісваецца. Прычыны, з якіх анекдот выклікае смех, аналізаваліся шматлікімі аўтарамі. Паводле Фройда, анекдот дазваляе чалавеку здаволіць свае памкненні (у выпадку палітычнага анекдоту — агрэсіўнасць): псіхічнае напружанне, неабходнае для гамавання гэтых памкненняў, знікае, і распружанне адбываецца праз смех. На думку іншых, смех выклікаецца за кошт прыніжэння таго, што высмейваецца, ці выкрыцця пустапарожнасці або механічнасці таго, што здаецца з выгляду важным. Анекдот выклікае смех і таму, што слухач раптам адкрывае для сябе ягоны падтэкст — тэкст, што “схаваны” за тэкстам самой гісторыі. “Дэтанатарам” тут служыць пэўнае слова ці выраз, якія дазваляюць выкрыць гэты падтэкст за тэкстам “вонкавым”. Менавіта падтэкст і можа разглядацца як меркаванне, што выказваецца апавядальнікам жарту і падзяляецца тым, хто смяецца. Смех, у сваю чаргу, дазваляе правесці аналіз “вонкавага” тэксту ўжо на другім узроўні, і гэты аналіз часцяком яшчэ больш падкрэслівае меркаванне, выказанае ў тэксце “схаваным”. Так, калі мы вернемся да працытаванага вышэй жарту, то заўважым, што яго “вонкавы” тэкст палягае ў высвятленні, каго з двух прэзідэнтаў — расійскага ці ўкраінскага — будуць шкадаваць больш. Але тут адразу бачыцца іронія, і мы разумеем, што, калі самалёт разаб’ецца, ніводнага з двух прэзідэнтаў іх народы шкадаваць не будуць. А дэтанатар — “таму, што іхняга прэзідэнта ў самалёце не было” — адкрывае падтэкст: беларусы любяць свайго прэзідэнта яшчэ менш, чым першыя два народы — сваіх прэзідэнтаў. Выказванне грамадскай думкі аб прэзідэнту адбываецца й праз апісанне яго партрэту: памяшчэнне Аляксандра Лукашэнкі ў разнастайныя абставіны дазваляе выявіць пэўныя рысы яго асобы, якія лічацца за найбольш характэрныя1. Выява прэзідэнта, якая паўстае з анекдотаў, з’яўляецца пэўным адказам на той імідж, які стварае яму афіцыйная ўлада. З анекдотаў вымалёўваецца і карціна таго, як ставяцца беларусы да свайго прэзідэнта, і партрэт саміх беларусаў. |
1 Апісанне асобы з дапамогаю дзвюх-трох “асноўных характэрных рысаў” з’яўляецца, дарэчы, спецыфічнай уласцівасцю ўсякай вуснай культуры: для вобразу Хрушчова гэта глупства, лысіна і супярэчлівыя ініцыятывы, для Брэжнева — склероз і любоў да ўзнагародаў і г. д. |
А. Лукашэнка — уладарны невук-мегаламан Паклікаў Бог да сябе Клінтана, Ельцына і Лукашэнку і кажа ім: так і так, праз два дні адбудзецца канец свету. І выправіліся тры прэзідэнты назад, каб паведаміць пра пачутае сваім народам. Выступае перад амерыканцамі Клінтан, кажа: “Маю для вас дзве навіны: адну добрую і адну кепскую. Кепская навіна ў тым, што праз два дні адбудзецца канец свету. А добрая ў тым, што Бог усё-ткі існуе, бо ён сам мне пра гэта паведаміў”. Выступае перад расійцамі Ельцын, кажа: “Маю для вас дзве навіны: адну добрую і адну кепскую. Кепская навіна ў тым, што за два дні адбудзецца канец свету. А добрая ў тым, што запасаў гарэлкі да таго часу ўсім хопіць удосталь”. Выступае Лукашэнка: “Дарагія маі ізбірацелі! Маю для вас добрую навіну: я буду вашым прэзідэнтам да канца свету”. Гэты жарт, пачуты неўзабаве пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 г., кідае святло на тое, як ён сам ставіцца да свайго прэзідэнцтва: ён часта гаворыць пра сябе ў трэцяй асобе (“прэзідэнт”) і выстаўляе сябе за адзінага на што-кольвек здольнага палітыка ў Беларусі, які, нягледзячы на бяздарнае атачэнне, сам змагаецца супраць змоваў, што нясуць краіне пагрозу. Ён уяўляе дэмакратыю як палітычна цэнтралізаваную сістэму, у якой “блізкі” да народу прэзідэнт, што сам з народу й “паходзіць”, упаўнаважаны вырашаць усё, бо яму вядома, што для народу добра, а што не. Месца для якой бы там ні было апазіцыі ў такой сістэме няма. У парадыйнай форме гэтую канцэпцыю ўлады ілюструе камедыя “Смерць тырана, або МакДональдз зачыняецца”2, напісаная групкай менскіх анархістаў. Гэтая п’еса была пастаўленая 1 сакавіка 1997 г. на плошчы Волі, каб адзначыць угодкі забойства эсэрамі цара Аляксандра ІІ ў Санкт-Пецярбургу 1 сакавіка 1881 г. Намёк на “цара Аляксандра” — вельмі празрысты, і ўрачыстая прамова, якую ён трымае перад “беларускім народам”, што сабраўся яго паслухаць, уяўляе сабой пародыю на лукашэнкаўскае разуменне дэмакратыі: “Как не выпалніць все пажэланья людзей? Я такіх пажэланій вам спісак саставіл. Чэм вам думаць самім, дык так будзе скарэй. …Із-за всех эціх труднасцей прошлай весной, із-за вашых валненій? Зачэм валнавацца? Пусць валнуецца цар, у нево долг такой. С нім не скора, я думаю, мне расставацца. …Важна быць заадно, зра не нада галдзець, вы пайміце, цару эта толька мешает. Ведзь за блага людзей он гатов умерэць, да здаровье пака ешчо не пазваляет”. У той непасрэднай сувязі паміж прэзідэнтам і народам, на якую прэтэндуе А. Лукашэнка, месца для якіх-кольвек прамежкавых уладных структураў проста няма. Гэта праяўляецца і ў рэформах інстытуту ўлады (змяншэнне ролі парламенту, увядзенне “прэзідэнцкай вертыкалі” ў рэгіёнах), і ў некаторых сымбалічных актах: маланкавых рэйдах прэзідэнта па раёнах, дзе “нешта ідзе не так”, разносных заявах на адрас “бяздарных бюракратаў”. Такое стаўленне да прамежкавых эшалонаў улады яўна нагадвае палітыку Сталіна, што не ўнікла ўвагі сатырычнай газеты “Навінкі”3, якая ў нумары за чэрвень 1999 г. змясціла артыкул пад назваю “Кланіраваць прэзыдэнта”: “Вынікі апошняй сэлектарнай нарады па аграрных пытаньнях у чарговы раз засьведчылі бесьсьмяротнасьць сталінскай формулёўкі “кадры вырашаюць усё”. […] Кожная клетачка краіны жыве ў напружаным працоўным графіку: своечасова выходзіць на пасяўныя, галасуе на рэфэрэндумах, кляйміць дэмакратычных вырадкаў”. Прэтэндуючы на цэнтральную ролю ў краіне, адсланяючы на задні план розныя міністэрствы, А. Лукашэнка можа рабіць гэта, толькі падкрэсліваючы свае кіраўнічыя здольнасці і дасведчанасць ва ўсіх галінах. Менавіта на гэтым факце пабудаваны наступны жарт: Некалькі журналістаў маюць гонар узяць інтэрвію ў прэзідэнта Лукашэнкі. “Аляксандр Рыгоравіч, скажыце, вось вы ж спецыяліст у эканоміцы…” “Ешчо бы, я і ў эканоміке разбіраюсь, і ў банкаўскам дзеле, і ў фінансах…” “І ў сельскай гаспадарцы!” “А ў сельскам хазяйстве лучшэ всево! Ты ж знаеш, я лічна вазглавлял бітву за ўражай эцім летам.” “А скажыце, Аляксандр Рыгоравіч, ці праўда, што вы некалькімі мовамі валодаеце?” “Ешчо бы! Пяцью!” “Пяццю? А не маглі б вы пералічыць, якімі?” “Пажалуста: беларускай уснай, беларускай пісьменнай, рускай уснай, рускай пісьменнай і англійскай.” “Англійскай! Аляксандр Рыгоравіч, а не маглі б вы сказаць што-небудзь па-ангельску для слухачоў нашага радыё?” “Да сколька угодна: хэндэ хох!” “Так, але ж, Аляксандр Рыгоравіч, э-э, але ж… гэта па-нямецку.” “А, па-нямецку? Ну, значіт, шэсцью.” Гэты жарт, пачуты ў 1998 г., перадусім паказвае, як А. Лукашэнка паводзіць сябе з журналістамі: ён абыходзіцца з імі за панібрата, кожнаму тыкае, імкнецца ператварыць усіх у рупар сваіх ідэяў і не церпіць пытанняў, у якіх ёсць хоць бы намёк на крытыку. Выкрываны ў жарце факт, што прэзідэнт не валодае ніводнай замежнай мовай, ставіць пад сумненне і ўсе астатнія ягоныя нібыта здольнасці: няма сумнення, што ў эканоміцы ці фінансах ён разумее не больш, чым у нямецкай ці ангельскай мовах. Аднак і выбар замежных моваў “скідае з прэзідэнта маску”, ён не выпадковы. Сама Лукашэнкава манера гаварыць часта з’яўляецца аб’ектам кпінаў: ён гаворыць па-расійску з моцным беларускім акцэнтам і часам пераходзіць на трасянку4. З іншага боку, уменне гаварыць на замежнай мове ёсць зарокам адкрытасці да Захаду: такім чынам, тут тонка намякаецца й на Лукашэнкаву палітыку збліжэння з Расіяй5. Прэзідэнт у анекдоце не толькі вызначаецца невымернымі амбіцыямі, але й паказаны як чалавек вельмі недалёкі. Аналіз жартаў пра “дурняў” ці “дурныя” нацыянальныя ці сацыяльныя групы праведзены К. Дэвіс6. Жарты на гэтую тэму яна разглядае як праяву пачуцця трывогі ўва ўмовах рацыяналізаванага свету, у якім увесь час трэба захоўваць дзеяздольнасць і карыснасць, і як спосаб сцвярджэння ўласных здольнасцяў за кошт высмейвання іншых. Кпіны з неразумных кіраўнікоў у такім выпадку могуць разглядацца як спосаб выказаць гэтую занепакоенасць і як усведамленне патрэбы ў кіраўніках, якія “адпавядалі б узроўню” сучаснай рацыяналізаванай сістэмы грамадства. Аналіз жартаў пра савецкіх кіраўнікоў, праведзены згаданаю аўтаркай, можа быць перанесены й на А. Лукашэнку, і той факт, што беларускі прэзідэнт не гаворыць ні на воднай замежнай мове, можа інтэрпрэтавацца як занепакоенасць апавядальнікаў жарту за будучыню краіны. Анекдот паказвае, што ў адрозненне ад вобразу, які Лукашэнка спрабуе стварыць пра сябе ў прамовах і шматлікіх тэлевізійных выступленнях, анекдоты малююць цалкам адваротную, перагорнутую карціну. Калі А. Лукашэнка напірае на сваю блізкасць да народу і сваё народнае паходжанне, разглядаючы гэтую блізкасць як нешта станоўчае, дык анекдоты робяць з яго селяніна-невука, ствараючы яўна адмоўны партрэт: 60-ыя гады. “Вы слухаеце канцэрт па заяўках “Жадаю Вам”. Юны піянер Саша просіць уключыць у нашу праграму яго ўлюбёную песню “Валенкі”. Што ж, дарагі Саша, калі ласка, слухай сваю ўлюбёную песню. 70-ыя гады. “Вы слухаеце канцэрт па заяўках “Жадаю Вам”. Намеснік камандзіра Н-скай заставы па палітчастцы Аляксандр Лукашэнка просіць уключыць у нашу праграму яго ўлюбёную песню “Валенкі”. Што ж, дарагі Аляксандр, калі ласка, слухайце сваю ўлюбёную песню. 80-ыя гады. “Вы слухаеце канцэрт па заяўках “Жадаю Вам”. Дырэктар саўгасу “Гарадзец” Аляксандр Рыгоравіч просіць, каб для яго прагучала яго ўлюбёная песня “Валенкі”. Што ж, дарагі Аляксандр Рыгоравіч, калі ласка, слухайце сваю ўлюбёную песню. 90-ыя гады. “Вы слухаеце канцэрт па заяўках “Жадаю Вам”. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка просіць, каб для яго прагучала песня Beatles “Yesterday”. Дарагі Аляксандр Рыгоравіч, з задавальненнем уключаем для вас запіс Вашай улюбёнай песні “Валенкі”. |
2 П’еса была пастаўленая пасля адкрыцця ў Менску рэстарану “МакДональдз”. Гэтая падзея выклікала такі ажыятаж, што міліцыянтам давялося разганяць натоўп гумовымі друкамі. 3 “Навінкі” — беларускамоўная сатырычная газета, якая нібыта дэкляруе абсалютную падтрымку прэзідэнту, але робіць гэта ў такой гратэскнай і гіпербалічнай форме, што ўспрымаць іх усур’ёз немагчыма. 4 У п’есе “Смерць тырана, або МакДональдз зачыняецца” цар гаворыць па-расійску з тыповым беларускім вымаўленнем (дз, ч; а замест о; ы замест і і да т. п.) і заяўляе: “Язык ваш можна выучыць за ноч, хоць гаварат, што он цяжолый. Лож!” Гэта ўжо нават не трасянка, бо тут няма ніводнага беларускага слова. 5 Выраз “Хэндэ хох” вядомы ўсім беларускім дзецям, якія, гуляючы ў вайну, дзеляцца на немцаў і партызанаў. Такім чынам жарт намякае й на “савецкае” мінулае Лукашэнкі. Гэты выраз можа разглядацца й як алюзія на дыктатуру. 6 Davies, Christie. Stupidity and Rationality: Jokes from the Iron Cage // Powell, C., Patton, G. E. Humor in Society Resistance and Control, Op. сit. |
Храналагічныя этапы ў гэтым жарце, які, пачынаючы з 1997 г., мне даводзілася чуць шмат разоў, не абавязкова супадаюць з рэальнай біяграфіяй А. Лукашэнкі, але ў ім падкрэсліваюцца два факты: Лукашэнкава прывязанасць да савецкага мінулага (“піянер”, “намеснік камандзіра па палітчастцы”, а таксама назва песні — “Yesterday”) і ягоная прыналежнасць да сялянскага асяроддзя. Ён быў дырэктарам саўгасу, а яго ўлюбёная песня — народная... Можна сказаць, што анекдоты — гэта “фальклёр інтэлігенцыі”. І сапраўды з анекдотаў паўстае даволі пагардлівы партрэт сялянства. Зрэшты, згаданы вышэй жарт перапрацаваны, мяркуючы па ўсім, з анекдоту савецкіх часоў, у якім селянін Іван Пархомавіч просіць у Разанскага радыё (а Разань — сімвал “расійскай глыбінкі”), каб для яго прагучала “Балеро” Равэля, але яго адразу абсякаюць: — Няма чаго выдурвацца. Слухай свае “Валенкі”! Гэтаму вобразу “А. Лукашэнкі — невука, хворага на манію велічы, селяніна і тыповага саўка” — нібыта супярэчыць вобраз “А. Лукашэнкі — новага рускага”. Сёння анекдоты пра новых рускіх распавядаюць у Расіі і іншых краінах СНД, несумненна, часцей за іншыя. Новы рускі — гэта нуварыш, тыпус7, які характарызуецца сваім глупствам, безгустоўнасцю, малінавым пінжаком, мабільнікам і абмежаванасцю лексічнага запасу, які збольшага зводзіцца да турэмнага арго. Большасць анекдотаў паказваюць яго як чалавека, надзеленага сапраўднай уладай. Новыя рускія часта фігуруюць у анекдотах разам з прадстаўнікамі палітычнай улады ці міліцыянтамі, якіх ім удаецца падкупіць8. Найлепшай ілюстрацыяй іх усёмагутнасці служыць жарт, у якім новы рускі выступае побач з традыцыйным персанажам расійскіх казак залатой рыбкай, што здольная выканаць жаданні ўсякага, хто яе злавіў: Выправіўся новы рускі на рыбалку. І злавіў ён залатую рыбку. Зняў ён яе з зазубня, узяў двума пальцамі дый кажа: “Ну што, залатая рыбка, кажы, што табе трэба”. Ніжэй змешчаны жарт, пачуты ўвосень 1998 г., які прыраўноўвае да новага рускага А. Лукашэнку: Маладзенькі даішнік стаіць на ўзбочыне і пільнуе якую-небудзь машыну, каб здзерці штраф. Вечарэе, мароз, снег ідзе. Раптам бачыць: на поўнай хуткасці ляціць навюткі “мэрс”. Ён адразу хапаецца за жазло. “Мэрсэдэс” спыняецца, і з яго выходзіць чароўная дзяўчына, голая, у адным толькі шыкоўным футры. Малады міліцыянт кажа: “Вашыя дакументы, тэхпашпарт”. Дзяўчына падае яму паперы — там усё ў парадку. “А адкуль у вас такая машына?” — “Дайце, я патэлефаную?” Набірае нумар па сотавым: “Алё, Саша? Саша, скажы, адкуль у нас гэтая машына? Нам падарылі?.. Нам падарылі”, — адказвае яна міліцыянту. Той неахвотна яе адпускае. Назаўтра той самы міліцыянт зноў пільнуе на ўзбочыне. Халодна… І раптам ён зноў бачыць, як да яго на вялікай хуткасці ляціць навюткая “Таёта”. Ён яе спыняе. З машыны выходзіць тая самая дзяўчына, што ўчора, на ёй зноў амаль нічога няма, апроч ужо іншага вельмі дарагога футра. Паўтараецца ўчорашняя сцэна. З паперамі ўсё ў парадку, дзяўчына тэлефануе Сашу, пытаецца, адкуль машына, і зноў адказвае: “Нам яе падарылі”. Міліцыянт зноў ня хоча, але мусіць яе адпусціць. На трэці дзень той самы міліцыянт ізноў пільнуе на ўзбочыне. Ляціць навюткая “Альфа-Рамэо”. З яе выходзіць тая самая чароўная дзяўчына. Яна зноў вымае свой сотавы: “Алё, Саша…” Міліцыянт не вытрымлівае, выдзірае ў яе з рук тэлефон і крычыць: “Саша, ты вось мне скажы, як гэта ў цябе выходзіць…” І тут голас на другім канцы дрота яго абсякае: “Для каво Саша, а для каво — Александр Грыгор'эевіч!” “Аляксандр Рыгоравіч” атаясамліваецца з А. Лукашэнкам з такой самаю пэўнасцю, як і ягонае прозвішча. У згаданым жарце імя і імя па бацьку служаць “дэтанатарам” і дазваляюць нанава перачытаць яго змест ужо не як эпізод узаемадачыненняў новых рускіх з міліцыяй, а як вызначэнне ладу жыцця А. Лукашэнкі. І ў гэтым выпадку анекдот працуе як перагорнуты люстраны адбітак: у сваіх прамовах А. Лукашэнка выстаўляе сябе за чалавека простага і сціплага. А жарт робіць з яго нуварыша. Адначасова ў ім адчуваецца намёк на зробленыя яму падарункі (Ельцын, напрыклад, падараваў яму верталёт), а таксама на тыя велізарныя сумы грошай, якімі ён завалодаў пасля свайго прыходу да ўлады, узяўшы пад кантроль значную частку дзяржаўных рэсурсаў. Але і тут галоўнае значэнне мае не так рэальнасць яго багацця, як народнае ўяўленне аб тым, што палітыкі “думаюць перадусім, як набіць уласныя кішэні”, што й схіляе часам выбаршчыкаў галасаваць за тых, хто ўжо стаіць пры ўладзе, бо “гэтыя, прынамсі, ужо накраліся”. Трэба адзначыць, што прэзідэнт у згаданым анекдоце па-сапраўднаму на сцэне не з’яўляецца, ён толькі згадваецца. Можа быць, гэта тлумачыцца тым, што яго вонкавы выгляд і вобраз, які ён стварае, надта далёкія ад выгляду і вобразу новых рускіх, каб яго можна было ўявіць у такой ролі. Аднак параўнанне дазваляе выкрыць яго багацце і галоўнае — паказаць тую вялікую ўладу, якую ён мае ў сваіх руках. Сексуальная прыгажуня ў жарце — ніхто іншы, як прэзідэнтава каханка, бо “ўсе ж ведаюць”, што жонка Лукашэнкі засталася жыць у вёсцы са сваёй кароваю Мілкай. Распаўсюджаныя ў Беларусі чуткі пра дачыненні прэзідэнта з жанчынамі пакідаюць дваістае ўражанне. Кажуць, што пасля ўжо таго, як ён стаў прэзідэнтам, яго жонка нібыта забараніла яму пераступаць парог свайго дому і “паслала яго” (інфармацыя, паведамленая быццам бы адным з Лукашэнкавых целаахоўнікаў). Гэтаму вобразу ўсёмагутнага палітыка, але ні на што не здольнага мужа, слабейшага за ўласную жонку, процістаяць шматлікія чуткі пра яго перамогі над жанчынамі, у якіх ён прадстае “сексуальным гігантам”. Шмат хто забаўляецца тым, што збірае яго выслоўі з сексуальным ухілам. Аднойчы А. Лукашэнка заявіў (гаворачы пра сябе ў трэцяй асобе): “Прэзідзент не п’ёт, прэзідзент в рот не берот”. Іншы раз ён заявіў, што будзе ператрахіваць увесь Савет Міністраў. Цалкам верагодна — гэтак, прынамсі, мяркуюць некаторыя, — што гэтыя “перлы” ён выдае знарок: яны ўмацоўваюць яго пануючае сексуальнае становішча, сцвярджаючы, няхай і ў грубай, але недвухсэнсоўнай форме, тую ўладу, якой ён валодае. Так, у час сваіх сутычак з парламентам у 1996 г. ён нібыта аднойчы выдаў: “Я ў парламент не пайду, там адні петухі”. Слова “пятух ” з’яўляецца ў лагерным і турэмным арго моцнай абразай, азначаючы пасіўнага гомасексуаліста. Такім чынам, тут зноў-такі ўладнае палітычнае становішча сцвярджаецца праз намёк на панаванне ў сексе. |
7 Новы рускі — не нацыянальнасць, а сацыяльная група, пра што сведчыць і наступны жарт (які паралельна закранае пэўныя іншыя нацыянальныя стэрэатыпы): “Тата, а ты грузін?” — “Так, сынку, грузін.” — “А мама, яна — грузінка?” — “Так, сынку, грузінка.” — “А я — таксама грузін?” — “І ты грузін, сынку.” — “І мой брат Гогі — грузін?” — “Не, сынку, твой брат — новы рускі”. 8 Гэта паказана ў наступным жарце: Па дарозе ляціць “Мэрсэдэс”. Даішнік яго спыняе, машына тармозіць, але з яе ніхто не выходзіць. Афіцэр чакае. Па-ранейшаму — нікога. Тады ён падыходзіць да “Мэрсу”, а новы рускі крычыць яму з акна: “Ну, я не паняў, каму тут патрэбныя грошы?” |
Стаўленне да прэзідэнта: непрыманне, страх і ліслівасць Сексуальныя намёкі сустракаюцца і ў жартах, дзе гаворка вядзецца пра дачыненні прэзідэнта з яго атачэннем ці ўвогуле з беларусамі. Вось адзін такі жарт, пачуты ў студзені 2000 г.: Прэзідэнт Лукашэнка на аглядзе ў медкамісіі. Пасля агляду ў лекараў разгублены выгляд, яны чухаюць патыліцу, пераглядаюцца… Лукашэнка не вытрымлівае: “Ну давайце уж, гаварыце праўду, што у меня?” “Разумееце, Аляксандр Рыгоравіч, у вас… у вас няма анальнай адтуліны.” “Вот блін, залізалі, гады! Думка пра тое, што ў лукашэнкавым асяроддзі — адны “задалізы”, падаецца тут у літаральным сэнсе; і ў гэтым можна бачыць асучаснены варыянт некаторых жартаў савецкага часу, дзе гаворка вядзецца, у прыватнасці, пра Брэжнева: Брэжнеў ляжыць на пляжы дому адпачынку Палітбюро, накрыўшы твар панамай. Раптам падбягае сабака, абнюхвае яго і пачынае лізаць яму яйцы. Брэжнеў, не зварухнуўшыся, ленавата пратэстуе: “Ну, таварышы, я вас прашу, гэта ўжо занадта! Ці яшчэ: Таварыш Жыўкаў неўзабаве мае перанесці цяжкую хірургічную аперацыю: аддзяленне свайго языка ад задніцы Брэжнева. Часта ліслівасці спадарожнічае страх, і калі вышэй згаданыя жарты ўзыходзяць да часоў Брэжнева, дык тыя, у якіх згадваецца страх, з’яўляюцца асучасненым варыянтам анекдотаў сталінскага перыяду. Амерыканец, новы рускі і беларус спрачаюцца: што такое шчасце. Амерыканец кажа: “Шчасце — гэта калі ты купляеш білет на самалёт, ляціш да мора, здымаеш вялікі нумар у 5-зоркавым гатэлі і табе прыносяць бутэльку шампанскага. Вось гэта шчасце”. Новы рускі не пагаджаецца: “Не. Шчасце — гэта калі ты вырашаеш паляцець да мора, купляеш самалёт, прылятаеш, купляеш 5-зоркавы гатэль і скрыню шампанскага. Вось гэта шчасце”. “Нічагусенькі вы не разумееце, — кажа беларус. — Шчасце — гэта калі ты на сваім лецішчы абганяеш у агародзе бульбу і бачыш, як пад’язджае варанок. З яго выходзяць трое ў плашчах і пытаюцца ў цябе: “Гэта Садовая, 8?” — А ты ім адказваеш: “Не, гэта Садовая, 7”. Вось гэта — шчасце.” У даўнейшым варыянце гэтага анекдоту падобная гісторыя адбываецца ў часы вялікага тэрору ў канцы 1930-х. Людзі тады бялелі, пачуўшы на лесвіцы чужую хаду, бо гэта маглі ісці па іх. Яны баяліся быць наступнымі ў спісе арыштаваных. І шчасцем было, калі чалавек, якога шукалі, аказвалася, жыў паверхам вышэй9. Урэшце, ёсць жарты, якія проста сведчаць пра поўнае непрыманне прэзідэнта. Гэта ілюструе і першы з цытаваных анекдотаў пра двух прэзідэнтаў, што ляцяць у самалёце. Гэта паказвае і наступны жарт: Гарбачоў, Рэйган і Лукашэнка апынаюцца на тым свеце і спадзяюцца патрапіць у рай. І каб высветліць, якія ў іх шанцы патрапіць у кампанію абраных, яны пытаюцца ў Хрыста, у чым іхняе шчасце. “Госпадзе, скажы, у чым маё шчасце?” — пытаецца Гарбачоў. “Тваё шчасце ў тым, — адказвае Хрыстос, — што, хоць ты й нарабіў памылак, але ж ты хацеў дабра і стараўся даць людзям большую свабоду”. Тады Рэйган задае такое самае пытанне. “Тваё шчасце ў тым, — адказвае Хрыстос, — што хоць ты й зрабіў шмат кепскага, калі хацеў павялічыць узбраенні, але ж ты не распачаў вайны”. Нарэшце задаць пытанне настае чарга ў Лукашэнкі. І Хрыстос адказвае яму: “А тваё шчасце, што ў мяне рукі да крыжа прыбітыя!” Калі ўжо Лукашэнка нарабіў столькі глупства, што цярпенне скончылася нават у Хрыста, які, дараваўшы грахі прынамсі двум іншым прэзідэнтам, у гэтым выпадку больш не вытрымлівае, дык ясна, што беларусаў ён увогуле давёў да шаленства, хоць у жартах пра саміх сябе яны якраз падкрэсліваюць сваю лагоднасць і вялікую цярплівасць. Беларусы пра сябе У жартах фігуруюць не толькі кіраўнікі, але й народ, якім яны кіруюць. Распавядаюць такія жарты і беларусы, пакепліваючы ў іх з сябе і свайго “нацыянальнага характару”. Расіец, беларус і ўкраінец едуць у цягніку. З адной лавы ў вагоне тырчыць цвік. Расіец сядае на яго, адразу ўскоквае, страшна мацюкаецца, выдзірае цвік і, гэтак сама мацюкаючыся, выкідае яго ў акно. Украінец, сеўшы на цвік, устае, акуратна дастае цвік з лавы і кладзе яго ў кішэню: “Яшчэ прыдасца”. Беларус сядае на цвік, крыху ўздрыгвае і застаецца сядзець: “Ну што, а мо яно так і трэба”. Як мы бачым, расіец паказаны ў гэтым жарце як чалавек вельмі эмацыйны, гатовы выбухнуць пры найменшай нагодзе, калі нешта не так, украінец — наадварот, як ашчадны і запаслівы, нават скнарлівы; што да беларуса, дык гэты здольны сцярпець усё. Лагоднасць і цярплівасць вельмі часта вызначаюцца як характэрныя рысы беларусаў. Гэты вобраз, што паўстае з анекдоту, супадае з тым, які імкнуцца стварыць свайму народу кіруючыя ўлады: ва ўсіх прамовах, што гучалі падчас першага святкавання Дня Рэспублікі 3 ліпеня 1997 г., беларускі народ характарызаваўся як “працавіты” і “цярплівы”. Уладамі гэтыя рысы ацэньваюцца як пазітыўныя. На думку ж беларускіх апазіцыянераў, “памяркоўнасць” беларусаў — гэта праблема грамадства. Прынамсі, думка, што праводзіцца ў анекдотах,— ясная, паколькі гаворка тут вядзецца пра самавысмейванне. Народ смяецца з тых рысаў характару, якія прыпісвае сабе сам або пагаджаецца, калі яму іх прыпісваюць іншыя, але цяжка сказаць, наколькі гэтыя рысы сапраўды ўспрымаюцца ўсур’ёз і ці ацэньваюцца яны як адмоўныя ці як станоўчыя. Чэрвень, 1941 г. Нямецкія войскі акупуюць савецкую Беларусь, чырвоная армія адступае. Каб задушыць усякія спробы супраціву, фашыстоўцы вешаюць у невялічкай вёсцы некалькі чалавек на навуку іншым. Чэрвень 1944 г. Памацнелая савецкая армія вызваляе тэрыторыю савецкай Беларусі. Дабраўшыся да маленькай вёскі, вайскоўцы здымаюць целы шыбенікаў, якія ўсё яшчэ вісяць. Першы ж зняты беларус крыху пракашліваецца і сцягвае з шыі вяроўку. “Як жа ты вытрымаў?” — здзіўляюцца вайскоўцы. “Ну, як — спярша муляла, а пасля прывык,” — адказвае беларус. Безумоўна, вобраз Беларусі, што паўстае з жартаў, апавяданых беларусамі, — гэта вобраз крытычны: з аднаго боку — пасіўны народ, здольны ўсё сцярпець, з другога — аўтарытарны прэзідэнт-невук, хворы на манію велічы. Беларусы, што распавядаюць гэтыя анекдоты, разумеюць, як працуе сістэма прэзідэнцкай улады і малююць у сваіх жартах яе перагорнутую выяву. Яны кпяць з уласных “рысаў нацыянальнага характару”. Але ці можна з гэтага напраўду зрабіць выснову, што гэтыя жарты ва ўмовах сучаснай беларускай дыктатуры маюць пэўны падрыўны патэнцыял? Яны, бясспрэчна, з’яўляюцца праявай крытычнага мыслення і адначасова сведчаць пра тое, што такое мысленне шмат каму ўласцівае. Тыя, хто чуе гэтыя жарты і з іх смяецца, гэтаксама разумеюць іхні “падтэкст”, што хаваецца за “вонкавым” тэкстам. Смех аб’ядноўвае, у той час як любы аўтарытарны рэжым імкнецца, наадварот, раз’яднаць людзей, каб яны адзінцом не маглі супрацьстаяць уладзе. З іншага боку, анекдот — гэта не выбудаваны палітычны дыскурс. Ён выказвае думку, меркаванне, але яно не аргументаванае. Часцяком змагацца з тым, што высмейваецца, ужо цяжка, бо смех — гэта ж і своеасаблівы “клапан для выпуску пáры”, які дазваляе трываць цяжкасці, не змяняючы ўмоваў жыцця, пра што сведчыць і наступны жарт: “Тата, а чаму ў Беларусі ўвесь час такая хлюпота? Чаму тут увесь час так халодна і ўвесь час лье дождж?” — “Ну, разумееш, сынку, усё гэта тлумачыцца складанымі атмасфернымі працэсамі, зменамі ў паветраных масах, непрадказальнымі ваганнямі тэмпературы. Карацей, сынку, якая краіна — такі й клімат!”
|
9 Існуе падобны жарт і пра трох расійцаў, у якім шчасце — гэта “калі ў твае дзверы звоніць граміла з аўтаматам, што прыйшоў парахавацца, але высвятляецца, што яму патрэбен твой сусед зверху. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (18) – 2001 |
|
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |