A R C H E S k a r y n a № 4 (18) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Кнігі — Рэакцыі

 
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2001.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (3-2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Уладзімер Сакалоўскі
 
Вырваны з агню
  Müller Werner. Aus dem Feuer gerissen.
Dittrich Verlag: Köln, 2001.



Кніга “Вырваны з агню”, падрыхтаваная Вэрнэрам Мюлерам, убачыла свет у вядомым нямецкім выдавецтве Dittrich. Яна вяртае нас да падзей другой сусветнай вайны і на прыкладзе жыцця габрэя Пятра Рубцэвіча (Рабінава) і яго сям’і апавядае пра драматычны лёс габрэяў Усходняй Еўропы. Апісанні ўсіх тых жахлівых акцый, у час якіх тысячы габрэяў былі па-зверску расстраляныя, разрываюць сэрца.

На фоне нязноснага жыцця ў гета і масавых знішчэнняў габрэяў Пінску і яго ваколіц разгортваецца дзівосная гісторыя выратавання нямецкім афіцэрам габрэйскага юнака Пятра. Многія людзі і да сёння не вераць, што такое магло адбыцца. Таму Пятро Рабцэвіч прыклаў усе сілы, каб свет даведаўся пра гэтую трагічную і ў той жа час гераічную гісторыю, бо хацеў захаваць памяць пра жудасныя злачынствы і пра пакуты ні ў чым не вінаватых людзей, сцвердзіць уласную годнасць, вартую свайго выратавальніка. І ён не толькі знайшоў Гюнтэра, але і аддзячыў яму тым, што гэтая незвычайная гісторыя не памерла разам з ім, а ў людской памяці застанецца імя “чалавека-праведніка” — Гюнтэра Круля.

Кніга Мюлера — гэта спроба аднавіць у памяці вобраз габрэйскай грамады, якая ўжо больш не існуе.

Кніга пачынаецца з эмацыйнага аповеду пра Пятровых бацькоў, якія падчас першай сусветнай вайны з Валыні пераехалі ў Беларусь і пасяліліся ў вёсцы Мокрая Даброва, дзе жыло каля 200 габрэйскіх сем’яў, былі тры сінагогі і дзве габрэйскія разніцы. Грунтоўна апісваецца беднае жыццё вясковай габрэйскай сям’і. Узяць, напрыклад, навучанне дзяцей: іх даводзілася вучыць спярша ў польскай школе, а пасля з “дарэктарам” перавучваць дома, каб яны не страцілі роднай мовы. Апавядальнік даволі падрабязна апісвае габрэйскія рэлігійныя святы, паказвае антысеміцкую палітыку польскай улады, якая не цуралася нават падбухторвання да габрэйскіх пагромаў. Іх учыняў ОЗН (Абоз Нацыянальнага Задзіночання). Да 1935 г., пакуль жывы быў Пілсудскі, адкрытага антысемітызму не дапускалі. Пасля яго смерці на сценах з’явіліся плакаты “Бацька габрэяў памёр”, а ў школах пачалі цкаваць габрэйскіх дзяцей. Ва ўніверсітэтах студэнты-габрэі маглі сядзець толькі на апошніх лавах, паступіць туды габрэям было надзвычай цяжка. Многія студэнты з багатых габрэйскіх сем’яў з’язджалі вучыцца за мяжу.

 
   

У кнізе дадзены партрэт Пінску 1938—39 гадоў. Асаблівую ўвагу апавядальніка прыцягваюць палітычныя і канфесійныя адносіны ў ім, расклад палітычных сілаў. У горадзе выдавалася 5 габрэйскіх газетаў. Такое стабільнае, хоць і далёкае ад дасканаласці жыццё закончылася з пачаткам савецка-польскай вайны.

Апісваючы пачатак другой сусветнай, апавядальнік пункцірна пазначае тагачасны палітычны кантэкст: захоп Чэхаславаччыны Нямеччынай, аншлюс Аўстрыі, патрабаванне Гітлера перадаць Нямеччыне Данцыгскі калідор, сакавіцкая мабілізацыя ў Польшчы. У пачатку верасня ў Пінску з’явіліся першыя цягнікі з параненымі, першыя ўцекачы, асабліва габрэі, якія ратаваліся ад нямецкай навалы. Польскія габрэі апавядалі жудасныя гісторыі пра расправы нацыстаў. За гэта іх дэпартоўвалі ў Сібір ці Казахстан на той падставе, што яны агітавалі супроць Гітлера і нямецкага вермахту, “сяброў Савецкага Саюзу”.

З 20 верасня 1939 г. пінчукі сталі савецкімі грамадзянамі і атрымалі савецкія мясцовыя пашпарты, аднак такі пашпарт без спецыяльнага пасведчання не даваў права выезду за былую савецка-польскую мяжу. Жыццё ў Пінску мянялася, але не сказаць, што ў лепшы бок. Усё габрэйскае трапіла пад забарону. За кароткі час былі зачыненыя ўсе сінагогі і ешывы. Габрэйскія святы нельга было святкаваць, калі яны не супадалі з савецкімі. Зачыніліся габрэйскія газеты. Засталася толькі адна, а навіны на габрэйскай мове перадавалі на радыё толькі раз у дзень, хаця бальшыню насельніцтва гораду складалі габрэі.

Распачалася нацыяналізацыя габрэйскіх крамаў, прадпрыемстваў. Усіх дамаўласнікаў абвясцілі буржуазіяй і дэпартавалі ў Сібір ці Казахстан. Зрэшты, некаторыя засталыя ў Пінску габрэі нават зайздросцілі ім, казалі, што гэтыя людзі прынамсі будуць жыць.

Пачатак савецка-нямецкай вайны выклікаў чарговы прыліў страху ў габрэйскага насельніцтва. Людзі хацелі ўцякаць, але савецкія памежнікі не пускалі іх далей за былую савецка-польскую мяжу.

Захапіўшы Пінск, немцы адразу пачалі расстрэлы мірнага насельніцтва. А ў жніўні яны перайшлі да акцый масавага знішчэння. Адначасова габрэям было забаронена карыстацца магазінамі, прадукты яны маглі купляць толькі на рынку. 7 жніўня быў агучаны першы злавесны загад: усе габрэі, што не працуюць, павінны а восьмай раніцы з’явіцца на вакзале: іх адправяць на працу. Некалькі соцень чалавек прыйшлі, але іх павезлі не на працу, а на бульбянішча, дзе і расстралялі. Некалькі чалавек цудам ацалелі і апавялі, на якую такую “працу” іх павезлі. Назаўтра загад паўтарыўся ізноў, але ніхто не прыйшоў. Тады немцы пачалі ўрывацца ў дамы. Забіралі ўсіх мужчын, у тым ліку хлапцоў і старых, хворых стралялі на месцы. Гэтым разам каля 10000 габрэяў-мужчын завезлі з Пінску пад Казляковічы і там 9 жніўня расстралялі. Дамы нябогаў пасля гэтага зрабавалі: асабліва квапіліся на золата, срэбра, медзь і парцаляну. 10 жніўня немцы загадалі ацалелым габрэям нашыць на левым баку грудзей жоўтую зорку — “зорку Давыда”. Габрэям забаронена было вольна перасоўвацца па горадзе за межамі гета, забаронена хадзіць па тратуарах, толькі па праезнай частцы, забараняліся кантакты паміж юдзеямі і хрысціянамі. На рынак габрэям таксама ўрэшце забаранілі хадзіць, і, такім чынам, яны былі асуджаныя на галодную смерць. Не дазвалялася нават купляць дроваў. У верасні 1941 г. у габрэяў забралі пашпарты і выдалі замест іх пасведчанні на жоўтай паперы са штампам “Юдэ”. Мясцовая ўкраінскамоўная і польскамоўная прэса палівала габрэяў брудам.

Апавядальнік дае даволі падрабязную карціну жыцця ў гета. Туды назганялі гэтулькі людзей, што на чалавека прыпадала не больш за паўметра жылой плошчы. Пятро з роднымі (усяго шасцёра) туліліся ў адным пакойчыку. Аперазанае калючым дротам і абстаўленае вартавымі гета нагадвала канцлагер. Колькасць габрэяў у ім стала павялічвалася, бо ўвесь час з мястэчак і вёсак прыганялі новых людзей. Выходзіць з гета было дазволена толькі тым, хто працаваў, таму толькі гэтыя людзі мелі мажлівасць здабыць сёе-тое з прадуктаў у дадатак да мізэрнага рацыёну. У гета звялася нават трава, яе з’ядалі на корані. Многія насельнікі гета хварэлі на дызентэрыю і дыстрафію. Бальніцы ж у гета не было. Немачы не шкадавалі старых і дзяцей: яны мёрлі найперш. Штодня хавалі ад 100 да 150 чалавек. Заходзіць у гета маглі толькі габрэі, на ўваходзе іх абшуквала польская паліцыя. Калі знаходзілі што-кольвек забароненае, расстрэльвалі на месцы. Хлебны паёк у гета складаўся з 80 г хлеба на дзіця, 120 г — для непрацоўных дарослых, 200 г — для працуючых. Раз на тыдзень у краму “габрэйскай рады” (“юдэнсрату”) прывозілі гэты рацыён хлеба. Ды яго яшчэ й не ставала на ўсіх. У чарзе таўкліся тысячы, і сачыць за парадкам, каб хто каго не забіў за кавалак хлеба, мусіла габрэйская самаахова.

Самым страшным днём была нядзеля: не ставала вады, ежы. За тых, хто ішоў на працу, штодзень бралі ў закладнікі 300 чалавек. Калі нехта з працы не вяртаўся, то расстрэльвалі яго сям’ю і 300 закладнікаў. “Я мог бы збегчы, — з сумам канстатуе Пятро, — але як падумаю, колькі народу пазабіваюць з-за мяне... Вольна выйсці адсюль было немагчыма, як і правесці акты тэрору ці сабатажу. У гета ўсе былі роўнымі. Гаварылі ціха, каб іншыя не чулі.”

 
   

Сярод людзей панавала пачуццё безнадзейнасці. Усе ведалі, што яны асуджаныя на расстрэл. Гэта з жахам усведамляў кожны. Нават дзеці трох-чатырох гадоў гулялі толькі ў такія гульні, у якіх расстрэльвалі габрэяў. “У нас не было аніякай надзеі. Мы на гарызонце бачылі толькі адно — смерць. У нас заставаўся толькі адзін шлях — у магілу”, — кажа Пятро.

Ляжаць бы Пятру ў адным з незлічоных равоў, калі б у Пінск не прыехаў новы начальнік вайсковага ўпраўлення водных шляхоў Гюнтэр Круль. Гэта быў малады нямецкі афіцэр. З’явіўшыся ў горадзе, ён адразу распарадзіўся карміць работнікаў-габрэяў і выдаваць ім поўную зарплату. Рэжым памякчэў: габрэям дазволілі есці ў сталоўцы.

Пятро пазнаёміўся з Крулем, калі падлучаў тэлефон у ягоным пакоі. Тут і адбылася першая размова паміж імі. Круль пачаў з таго, што аддаў Пятру загад зняць куртку з жоўтай нашыўкай. Гэта паўтарылася і на другі дзень. На трэці раз Пётр загадзя пакінуў куртку ў калідоры. З цягам часу звычныя працоўныя кантакты перараслі ў нешта большае.

Неўзабаве Круль сказаў Пятру: “Я хачу цябе выратаваць. Толькі не ведаю, як гэта зрабіць”. Падумаўшы, ён прапанаваў перасяліць Пятрову сям’ю ў іншы горад: Кобрынь, Берасце ці Кіеў. Пятру не верылася ў магчымасць паратунку. Сумневы знікалі ў меру таго, як Круль распавёў пра сваю сям’ю і пра тое, што ён ужо выратаваў двух габрэяў і, каб мог, выратаваў бы ўсіх. А калі Пётра запытаўся, чаму ён хоча выратаваць яго, той адказаў: “Ты мне казаў, што Гітлер хоча знішчыць увесь габрэйскі народ, каб праз сотні гадоў ніхто й не ведаў, што такі народ быў. Думаю, што ў сваім сэрцы ты не забудзеш сваёй габрэйскасці. Вось чаму я хачу цябе выратаваць”. Круль казаў, што не разумее, чаму Гітлер знішчае габрэяў і іншыя народы. Гюнтэру было 25 гадоў, Пятру 19. Між імі завязалася сапраўдная дружба, яны сустракаліся кожны дзень.

У жніўні 1942 году пайшлі чуткі пра блізкую ліквідацыю гета: пра гэта гаварылі і хрысціяне, і габрэі, прыбылыя з іншых гарадоў. Пінскія габрэі жылі ў прадчуванні смерці. Пётра доўга не насмельваўся гаварыць з сям’ёй пра свой шанец ацалець. Дзень масавага забойства між тым няўмольна набліжаўся. Ужо былі знішчаны габрэі ў Дарагічыне. Круль падганяў Пятра, патрабаваў, каб ён хутчэй пагаварыў з бацькамі. Вечарам, калі Пётр паведаміў бацькам пра магчымасць ад’езду, маці сабрала яго ў дарогу і сказала адно: “Вельмі добра, што ты знайшоў выхад. Ратуйся”.

На пачатку верасня 1942 году з Кіева на вайсковым караблі прыплыў унтэр-афіцэр Фругаўф, які з групай рабочых аднаўляў водную артэрыю Кіеў—Пінск. Пінск пры нямецкай акупацыі адмінстрацыйна ўваходзіў у склад Украіны, і ў Кіеве знаходзілася транспартная ўправа, якой падпарадкоўваўся горад на Піне. Круль папрасіў Фругаўфа, каб той дамовіўся з начальнікам тэлефоннай сеткі Кіева зондэрфюрэрам Штойдэ аб пераводзе Пятра на працу ў Кіеў.

У кастрычніку на былым аэрадроме Пінску пачалі капаць равы. Працавалі сяляне з бліжніх вёсак. Пайшлі чуткі, што іх капаюць для габрэяў. Круль падрыхтаваў для Пятра спецыяльнае пасведчанне — начны пропуск. Цяпер яго не суправаджалі ні на працу, ні з працы. Гэтак доўжылася да 28 кастрычніка. У той дзень Пятро бачыў сваякоў у апошні раз.

Пятро з болем у сэрцы ўспамінае: той ноччу ён якраз блага спаў. А 5-й раніцы пачуліся стрэлы, звяга. Зондэркаманды і паліцыя абкружылі гета. Круль ледзьве паспеў вывесці Пятра да сябе на кватэру. Праз дзве гадзіны пасля таго, як замкнуліся дзверы гэтай утульнай кватэркі ля гмаху Калегіюму, на аэрадроме ўжо гучалі першыя стрэлы. З габрэяў пакінулі ў жывых толькі каля 150 кваліфікаваных рабочых, якія працавалі на заводзіках і ва ўстановах, што абслугоўвалі патрэбы вермахту. Пінскага гета, у якім жыло каля 28000 чалавек, не стала. “За адзін дзень 29 кастрычніка былі знішчаны ўсе мае родзічы, мае сябры і знаёмыя і ўсё маё жыццё.”

На працы не ведалі, куды знік Пятро. А ён з 29 кастрычніка да 22 лістапада таіўся на кватэры ў Круля. Усе надзеі былі на ліст з Кіева. “Пэўна, Круль мог сказаць мне: я выратаваў цябе, а цяпер ідзі, куды хочаш, аднак ён так не зрабіў, хаця я нават настойваў на гэтым”, — кажа Пятро.

22 кастрычніка Круль нарэшце атрымаў ліст з Кіева, зрабіў для Пятра новы аўсвайс на прозвішча Рабцэвіч. З таго часу апавядальнік стаў Пятром Рабцэвічам. Круль адвёў яго на вакзал, пасадзіў у вагон з нямецкімі салдатамі і на ўсякі выпадак даў пісталет.

Прыбыўшы ў Кіеў, Пятро ўладкаваўся на працу, карыстаючыся пратэкцыяй зондэрфюрэра Штойдэ. Аднойчы Пятро сустрэў унтэрафіцэра Фругаўфа, але той зрабіў выгляд, што яны не знаёмыя.

У чэрвені 1943 г. Пятро апошні раз сустрэўся з Крулем, які быў у Кіеве. Пасля Курскай бітвы нямецкую транспартную ўправу эвакуявалі ў Польшчу. Пятро ж застаўся ў Кіеве. Калі 6 лістапада 1943 г. Кіеў быў вызвалены, ён адразу пайшоў уладкоўвацца на працу. Для гэтага неабходна было напісаць падрабязную аўтабіяграфію і запоўніць анкету для НКВД. У аўтабіяграфіі ён напісаў чыстую праўду — як з габрэя стаў славянінам — і што хоча зноў стаць габрэем. Пятро звярнуўся ў міліцыю, але яму не раілі мяняць прозвішча да вызвалення Пінску. Толькі ў 1956 г., калі наступіла хрушчоўская адліга, ён стаў Пятром Рувінавічам Рабцэвічам, пашпартным габрэем.

За год да гэтага, летам 1955 г., Пятро Рабцэвіч зноў адведаў Пінск. “Калі я выйшаў з цягніка, у мяне было пачуццё, нібыта зямля паплыла ў мяне з-пад ног. З вакзалу Глафіра Сцяпанаўна (былая суседка) вяла мяне вуліцамі, дзе размяшчалася гета. Усю дарогу я толькі плакаў... Ісці па вуліцах, дзе хадзілі мой бацька, мая матка, мае сёстры і браты, дзе я жыў, было невыносна.”

Пасля ён паехаў на месца, дзе габрэяў расстрэльвалі. На месцы расстрэлаў ізноў размясцілі аэрадром. Збудаваць помнік, натуральна, ніхто не даўмеўся. Толькі праз нейкі час паставілі камень з надпісам: “Памяці 30 тысяч савецкіх грамадзян, замучаных і расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1942—43 гадах у гэтым раёне”. Пра тое, што савецкія грамадзяне былі ўсе габрэямі, не згадвалася. Цяпер побач стаіць новы помнік, дзе на трох мовах (беларускай, ідышы і габрэйскай) напісана, што тут былі расстраляныя больш за 22000 габрэяў (хаця іх было 28000), а таксама партызаны і палонныя.

А ў Пінску, “сталіцы гуркоў”, на месцы былога гета цяпер віруе базар. Пятро Рабінаў штогод у кастрычніку прыязжджае ў Пінск, каб ушанаваць памяць палеглых. Выратавальнік жа Пятра, Гюнтэр Круль памёр у 1979 г., а яго сям’я жыве недалёка ад Кёльну.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (18) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 06-10-2001