A R C H E S k a r y n a № 4 (18) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

СЯРГЕЙ СМАТРЫЧЭНКА
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2001.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (3-2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Юлія Канцэвіч, Сяргей Сматрычэнка
 
Летаргія беларускай лінгвістыкі 
 Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси.
НАН РБ, Ин-т языкознания им. Якуба Коласа, Бел. респ. фонд фундамент. исслед. Под ред. А. Булыко, Л. Крысина.
— Менск: Беларуская навука, 1999.



Добра, калі ўсё робіцца ў час. Калі ў час выдаюцца людзям заробкі, пенсіі ды стыпендыі, своечасова гаворацца патрэбныя словы, прызначаюцца выбары, выдаюцца кнігі. Добра, але не ўсім і не заўжды ўдаецца трымацца гэтага правіла. Вось і гэтая рэцэнзія ўжо мо прыпазнілася, але кніга, на якую яна напісана, мусіла выйсці год 10 таму.

Кніжка называецца “Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси”. Цана, як для 1999 году выдання, зусім не малая — 2 761 000 рублёў, яшчэ старымі грашыма. Гляньма ж бліжэй на гэты “шэдэўр” лінгвістычнае думкі, праца над якім доўжылася 5 год (з 1986 да 1991), перагорнем старонкі з шэрай газетнай паперы, сабраныя пад мяккай вокладкай.

Што адразу кідаецца ў вочы — манаграфія надзвычай няроўная і разнародная. Зрэшты, гэта заганная ўласцівасць многіх калектыўных працаў, напісаных людзьмі з рознымі навуковымі поглядамі і падыходамі. Загладзіць гэтую няроўнасць асобных частак — справа рэдактара. Горш, калі і рэдактараў адразу ажно пяць — ім бы між сабой разабрацца (на тытульным аркушы пазначаны навуковыя рэдактары А.М. Булыка і Л.П. Крысін, у выходных звестках кнігі як рэдактары значацца В.Г. Колосовская і Г.В. Малахова, а ва ўводзінах яшчэ чытаем: “Всю работу, связанную с изданием монографии, а также ее окончательное редактирование осуществил кандидат филологических наук А.А. Лукашанец”).

Манаграфія складаецца з дзвюх частак — “Сопоставительная структурно-типологическая характеристика белорусского и русского языков” і “Функциональная характеристика языков, распространенных на территории Беларуси”. Пачнем па парадку.

перакладчык, выкладчык БДУ, сталы супрацоўнік часопісу “ARCHE”.

ЮЛІЯ КАНЦЭВІЧ
выпускніца філялягічнага факультэту БДУ.
   

На самым пачатку кнігі знаходзім заяву рэдактараў аб прэтэнзіі на “полноту и объективность исследования” (с. 3), аднак ужо ў другім раздзеле, “Сопоставительная характеристика морфологических систем”, досыць падрабязна, на 12 старонках, супастаўляюцца марфалагічныя сістэмы расійскай і беларускай моваў, але… толькі на ўзроўні назоўнікаў, прыметнікаў ды дзеясловаў. А затым, на с. 30—31, чытаем наступны пасаж: “Нами приведены далеко не все расхождения в морфологических системах сопоставляемых языков. Наречия, например, в целом отличаются или звуковым оформлением, или наречными суффиксами, которые отражают расхождения во флексиях изменяемых слов, от которых образованы наречия”. А дзе ж дэклараваная паўната даследавання? Цікава, што ўвогуле ані слова не сказана пра супастаўленне, напрыклад, дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў, пра што ў першую чаргу гаворыцца студэнтам-філолагам ва ўсіх універсітэтах краіны на занятках стылістыкі, бо ўтварэнне, пашыранасць і ўжыванне гэтых дзеяслоўных катэгорый у расійскай і беларускай мовах значна адрозніваюцца. Ёсць у гэтым раздзеле і звычайныя недагляды, напрыклад: “Значение высокой, предельной степени качества усиливается присоединением приставки наи- к форме на -ейш-: наибольший, наилучший(с. 27). Няўжо лучший і больший — гэта формы на -ейш-? Або вось яшчэ вясёленькі прыклад: “Хлопчык жывейшы за дзяўчынку; хлопчык жывейшы, як (чым) дзяўчынка”. Нават расійска-беларускі слоўнік пад рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі, які нярэдка справядліва крытыкуецца за мноства русізмаў, падае да расійскага слова живой у значэнні проворный, быстрый толькі адпаведнікі жвавы, рухавы, а ў значэнні оживленныйжвавы, бойкі. Так што прыклад атрымаўся з разраду “Ленин — живее всех живых”. Дарэчы, а дзе ж “хлопчык жывейшы ад дзяўчынкі”? Здаецца, спадарыня Г. Вештарт, аўтарка дадзенага раздзелу манаграфіі, забылася згадаць яшчэ і такі спосаб утварэння параўнальных канструкцый у беларускай мове, які ў дыялектнай мове нямала пашыраны.

Наступны раздзел — “Сопоставительная характеристика лексики”, выклікае яшчэ больш пытанняў. Атрымліваецца, што амаль уся лексіка для аўтаркі (гэтым разам спадарыні В. Нікалаевай) зводзіцца да стараславянізмаў. Безумоўна, ахапіць усю лексіку кожнай з дзвюх моваў — задача невыканальная ў межах адной манаграфіі, аднак навошта тады так прэтэнцыёзна называць раздзел і ўвогуле замахвацца на “паўнату і аб’ектыўнасць” даследавання. Нават студэнты пры пэўнай неадпаведнасці назвы дыпломнага даследавання яго зместу маюць вялікія непрыемнасці пры яго абароне, а тут — сур’ёзная праца, напісаная супрацоўнікамі беларускай Акадэміі навук. Таксама дзіўна, чаму аналіз лексікі (на прыкладзе пераважна стараславянізмаў) мае аднабаковую скіраванасць — толькі ад расійскай мовы да беларускай. Зважаючы на ўсё гэта, нам падаецца залішне смелым цверджанне, што прыведзеная “система корреляций русских и белорусских параллельных форм отразила своеобразную картину их взаимоотношений, а также более отчетливо выявила особенности каждого языка” (с. 43). Няўжо пэўная колькасць стараславянізмаў, прысутных у расійскай мове і адсутных або не цалкам адэкватных (“по известным причинам” (с. 36)) у беларускай, можа выявіць асаблівасці ўсёй беларускай мовы? У недасведчанага чалавека гэта можа выклікаць хіба ўражанне яе непаўнавартаснасці. Цікава, дарэчы, якія ж такія асаблівасці выявіла згаданая сістэма карэляцый? Вось жа: “…для русских старославянизмов характерна бóльшая способность образовывать многочисленные словообразовательные связи” (с. 43). Слушна. Аднак нам даводзілася займацца супастаўляльным даследаваннем безэквівалентнай лексікі і словаўтваральных лакун у чэшскай, расійскай і беларускай мовах, і мы можам з упэўненасцю сказаць, што ў гэтым плане беларуская мова значна багацейшая за расійскую (пра чэшскую цяпер гаворкі няма, хаця і ў гэтым выпадку параўнанне было б не на карысць расійскай) і ў яе значна шырэйшыя словаўтваральныя магчымасці. У гэтым кожны можа пераканацца, пагартаўшы хаця б слоўнічак І. Шкрабы “Самабытнае слова”. Вось так: варта толькі абстрагавацца ад стараславянізмаў (а мо яны былі выбраныя наўмысна?), як усё можа паўстаць у цалкам іншым святле. Дарэчы, пра слоўнікі. Зусім незразумела, якімі слоўнікамі карысталася спадарыня Нікалаева, прыводзячы некаторыя пары расійска-беларускіх адпаведнікаў, напрыклад: вожделение — хаценне (а дзе пажадлівасць, жаданне, жадоба, прагнасць, якія мо лепш пасуюць у гэтым выпадку? (усе гэтыя прыклады ўзятыя намі толькі са слоўніка пад рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі, каб не наклікаць на сябе абвінавачанні ў карыстанні нацыяналістычнымі слоўнікамі кшталту Байкова–Некрашэвіча ці, барані Божа, В. Ластоўскага, або, урэшце, слоўнічкам біблійнае лексікі, складзеным некалі А. Разанавым і публікаваным у часопісе “Крыніца”, № 9, 1994)), возопить — закрычаць (залямантаваць, загаласіць?), врата — дзверы (вароты, брама?), благодеяние — дабро (дабрадзейства?), враг — нячысты, нячысцік (!?) (вораг?), изречь — рэкнуць (!?) (вымавіць, сказаць, выказаць?), разверзаць — разяўляць (раскрываць, расчыняць?). Слова варвар у спадарыні Нікалаевай таксама называецца стараславянізмам (с. 37), хоць гэта, відавочна, запазычанне са старжытнагрэцкай, якое ў беларускую мову, дарэчы, трапіла напачатку праз польскую ў форме барбар. І яшчэ: як у гэтым раздзеле, так і ў некаторых іншых (гл., напрыклад, с. 43, 59), неаднаразова прыводзяцца звесткі вынікаў нейкіх таямнічых анкетаванняў і тэстаў, і пры гэтым у пераважнай бальшыні выпадкаў няма ніякіх тлумачэнняў, хто, дзе, калі і кім анкетаваўся (тэставаўся). Для навуковай працы гэта, мякка кажучы, некарэктна.

Каб скончыць з “паўнатой і аб’ектыўнасцю”, згадаем, што ў раздзеле “Формы и типы интерференции при других видах двуязычия и многоязычия” поўна і аб’ектыўна разглядаецца польска-беларускі білінгвізм, менш поўна, але не менш аб’ектыўна — літоўска-беларускі, і гэтак сама поўна і аб’ектыўна ігнаруюцца ўсе астатнія (у тым ліку ўкраінска-беларускі). Згадваецца толькі, што “кроме белорусско-литовской интерференции существуют также польско- и русско-литовская” (с. 111), а таксама, што “кроме двуязычия на территории республики существует и многоязычие. Трехъязычными бывают чаще всего польскоязычные жители, владеющие также белорусским и русским языками. К четырехъязычным в большинстве случаев относятся представители литовского населения: кроме своего родного языка они в той или иной степени (достаточной, однако, для общения в большинстве коммуникативных ситуаций) знают русский, белорусский, в меньшей мере польский” (с. 111).

 
   

Астатнія раздзелы першай часткі (“Сопоставительная характеристика фонетических систем”, “Сопоставительная характеристика синтаксиса”, “Формы и типы интерференции при белорусско-русском и русско-белорусском двуязычии”, “Смешанные формы речи”) не выклікаюць вялікіх пярэчанняў, аднак і ў іх не абышлося без ляпаў. Напрыклад, цікава было б даведацца, у якіх слоўніках былі знойдзены беларускія формы піццявы (пітны?) (с. 13), шчавель (шчаўе?) (с. 13), мягкі (мяккі?) (с. 71), спінý (правільна спíну) (с. 54). Расійскія словы гуща і пуща, паводле Л. Мельнікавай, вымаўляюцца як пу[ш¯’]ча і гу[ш¯’]ча (правільна пу[ш¯’]а, гу[ш¯’]а). А што такое vyp’él’pačšdí (у польскай транскрыпцыі; с. 106) — для нас і дасюль застаецца таямніцай. Як бачым, расійска-беларуская інтэрферэнцыя ўплывае не толькі на паддоследных мышак — “белорусов-билингвистов” (с. 53; цікава, што гэта за жывёлы такія?), але і на саміх даследчыкаў, між іншым, кандыдатаў і дактароў навук.

Другая частка — яе можна ўмоўна назваць статыстычнай — шмат весялейшая за першую, бо чытаецца амаль як справаздача да чарговага з’езду партыі. Яшчэ ў слове “ад рэдактараў” робіцца папярэджанне, што “при подготовке рукописи монографии авторы монографии не могли учесть процессы, происходившие в Беларуси в последующие годы: приведенные в книге данные характеризуют функциональное соотношение белорусского и русского языков во второй половине 80-х годов. При этом авторы привлекают частично материалы Всесоюзной переписи населения 1979 г., поскольку итоги переписи 1989 г. к моменту завершения работы над рукописью были опубликованы лишь выборочно (нагадаем: праца пісалася ў 1986—1991 гадах — Аўт.) (с. 4). І далей: “Сделанные оговорки необходимы, чтобы предупредить возможные упреки читателей по поводу второй части данного исследования, которая содержит разнообразный материал, характеризующий национальный и социальный состав населения республики, соотношение белорусского и русского языков в различных сферах общения и др.” (с. 4—5). Аднак без папрокаў, відаць, абысціся нельга, нягледзячы на ўсе папярэджанні і тлумачэнні. Пры далейшым уважлівым чытанні выяўляецца, што ў кнізе, здадзенай у друк 02.08.1999, прыцягваліся матэрыялы перапісу не толькі 1979 г., але нават 1970 г.: “Цифры приводятся по данным переписи населения 1970 г., поскольку в материалах последних двух переписей, 1979 и 1989 гг., представленных в открытой печати, нет необходимых сведений по вопросам языка (?), однако есть все основания предполагать, что языковая ситуация мало изменилась со времени переписи 1970 г. (тут і далей вылучэнні нашы — Аўт.)(с. 119). І тут аўтары не здолелі дамовіцца між сабой, змяняецца ўсё ж моўная сітуацыя ў Беларусі ці не. Далей чытаем: “Те данные, которые были получены в 1987—1988 гг., на начало 1991 г. могут в значительной мере не соответствовать реальной языковой ситуации” (с. 213), або: “Поскольку языковая ситуация в республике в настоящее время интенсивно меняется, было бы полезно провести повторное обследование с целью выявления динамики двуязычия в Беларуси” (с. 220). Займальна: за два—тры дзесяцігоддзі “ситуация мало изменилась”, але за тры гады з 1988 да 1991 — змянілася “в значительной мере”, і таму нават “полезно” было б правесці “повторное обследование”. Дык і правялі б — на гэта шаноўныя аўтары манаграфіі мелі 8 гадоў.

Нацыянальнасць Колькасць, тыс. чал.
  1959 г. 1970 г. 1979 г. 1989 г. 1999 г.

Беларусы

6 532 7 290 7 568 7 905 8 159

Расійцы

660 938 1 134 1 342 1 141

Палякі

539 383 403 418 395

Украінцы

133 191 231 291 237

Габрэі

150 148 135 112 28

Іншыя
нацыянальнасці

42 53 61 84 80

Цалкам

8 056 9 002 9 532 10 152 10 045


 
   

Дзеля цікавасці мы адмыслова знайшлі ў бібліятэцы вынікі перапісу насельніцтва 1999 г., каб прасачыць, як усё ж такі змяніўся ў параўнанні з 1979 і 1989 гадамі нацыянальны склад насельніцтва Беларусі і, адпаведна, моўная сітуацыя. У выніку да табліцы, прыведзенай на с. 113 манаграфіі, дадалася яшчэ адна калонка:

Як нам падаецца, прыведзеныя ў табліцы звесткі досыць паказальныя і не патрабуюць адмысловага каментару. Для цікавасці прывядзем яшчэ некалькі лічбаў са звестак перапісу насельніцтва 1999 г.:

беларусаў, што назвалі беларускую мову роднай — 85,6% (у 1979 г., адпаведна, — 83,5%, у 1989 г. — 80,2%);

расійцаў, што назвалі роднай мовай беларускую, — 9,1% (103 723 чалавекі) ад усіх расійцаў Беларусі (у 1989 г. — 1,52% (17 341 чалавек; у кнізе, дарэчы, памылкова пазначана 1 734));

украінцаў, што назвалі роднай мовай расійскую — 42,8% ад усіх украінцаў Беларусі (у 1989 г. — 51%); беларускую — адпаведна 14,3% (у 1989 г. — 6%);

габрэяў, што назвалі роднай мовай ідыш — 5,4% ад усіх габрэяў Беларусі; (у 1989 г. — 11,2%), расійскую — 77 % (у 1989 г. — 89%), беларускую — 17,1% (у 1989 г. — 2%; у кнізе памылкова пазначана лічба 20%);

жыхароў Беларусі, што маюць вышэйшую адукацыю, — 1 133 500 чалавек (134,5% ад 1989 г.).

Супярэчнасцяў не ўдалося пераадолець нават у межах аднаго раздзелу. Так, спадар І. Войніч на с. 235 піша, што “польское население в Беларуси в большинстве своем выходцы из Польши”, а праз 4 старонкі, як бы ў апраўданне, дадае: “Тот примечательный факт, что подавляющее большинство поляков по национальности назвали своим родным языком белорусский, свидетельствует о зависимости национальной принадлежности от традиционного католического вероисповедания. Это находит свое подтверждение в устных высказываниях населения: “Ну какой я поляк? Записали поляком — вот я и поляк””. Дык мо ўсё ж большасць польскага насельніцтва — тутэйшыя акаталічаныя беларусы?

Цікавая сітуацыя атрымалася з габрэямі. Агульная іх колькасць зменшылася ў цяперашні час да 27 800 чалавек (1999 г.) — г. зн. да 0,28 % ад агульнай колькасці насельніцтва Беларусі, або ў 4 разы ў параўнанні з перапісам 1989 г., звесткі якога ў дадзеным выпадку выкарыстоўваюцца ў манаграфіі. А ці здагадаюцца чытачы, куды пераважна мігруюць габрэі? Ахвотна працытуем: “С конца ХІХ в. их численность уменьшилась в результате миграции в Америку, в советское время — в результате миграции в центральные районы бывшего СССР, в Крым и на Дальний Восток” (с. 236). Вось жа — пра Ізраіль ані згадкі.

Другі раздзел другой часткі, “Функционирование белорусского и русского языков в основных сферах общения”, можна чытаць адно як гістарычную ілюстрацыю, гэтак, як мы чытаем падручнік гісторыі, але не болей за тое. Таму дзіўна і няўцямна для нас гучаць асобныя месцы, дзе пра наяўную на мяжы 1980—1990 гадоў моўную сітуацыю гаворыцца ў цяперашнім часе. Напрыклад: “Двуязычие в сфере массовой коммуникации представлено четырьмя подсферами — печатью, телевидением, радиовещанием и кино. В звукозаписи оно представлено в минимальной степени, так как лишь единичные пластинки с белорусскоязычными произведениями, литературными и песенными, выпущенные центральными предприятиями, изредка появляются в розничной торговле” (с. 120); “Теперь из 11 республиканских газет на белорусском языке издаются 6” (с. 125); “Местное телевидение ведет трансляцию по трем программам: двум общесоюзным и одной республиканской” (с. 136); “За последние 10 лет Госкомиздатом БССР выпущено 38 словарей на белорусском языке, но все они в основном являются узконаучными, для школ же выпущено только 5: русско-белорусский словарь для начальных классов (1985), орфографический словарь для начальных школ (1977), толковый словарь белорусского языка для средней школы (1979), орфографический словарь для средней школы (1978), словарь физических и астрономических терминов (1979)” (с. 143; вельмі дзіўна, дарэчы, чаму напісана “за последние 10 лет”, тым часам як матэрыял відавочна пісаўся не ў 1987, а ў 1990 ці 1991 годзе, пра што сведчаць спасылкі на 1990 год у іншых месцах гэтага самага падраздзелу манаграфіі); “В настоящее время в школах Минска, Новополоцка, Бреста, Барановичей, Витебска, Гродно, Лиды, Новогрудка, Бобруйска открыты 1-е классы с белорусским языком обучения, но эти классы еще очень малочисленны (в некоторых из них обучается всего лишь по 10—13 школьников)” (с. 146). Вельмі дзіўнае пачуццё ахоплівае, калі чытаеш у сучаснай кнізе падобныя словы. Нібы трапляеш на пачатак апошняй беларусізацыі, калі ніхто яшчэ нават не ўяўляў, што міне колькі год і ў краіне запануе Лукашэнка. Некаторыя абзацы навейваюць лёгкую настальгію, часам з налётам гаркоты: “С января 1988 г. на двух языках стал выходить журнал для юношества и молодежи “Крыніца” (“Родник”), издание современное по своей общей позиции, по поднимаемым проблемам. Белорусский язык “Крыніцы” отличается от других изданий общей тенденцией к большей дифференциации от русского языка. Тираж этого журнала достиг в 1990 г. 61 550 экземпляров” (с. 124); “Двуязычными передачами часто являются “Сельская раніца”, “Мікрафон перабудовы”, “Навука, тэхніка, вытворчасць”, “Мінскія навіны”, “Дзень нашага жыцця”, “Беларуская маладзёжная”, “Увайсці ў кожны дом” и др.” (с. 134). Дзе тыя наклады тае “Крыніцы”, дзе тая “Беларуская маладзёжная” і пазнейшае Радыё 101,2!

Нас, учорашніх студэнтаў і аспірантаў, не могуць пакінуць абыякавымі і словы пра тое, што “к 1992 г. планируется укомплектовать все школы учителями белорусского языка и литературы за счет увеличения набора на соответствующие отделения. Открыто вечернее отделение по этой специальности в Белгосуниверситете, расширен прием в аспирантуру. С каждым годом растет число различных курсов по обучению белорусскому языку. В пединститутах и на педагогических потоках университетов в ближайшее время намечается большинство общественных дисциплин преподавать на белорусском языке, чтобы ими могли свободно владеть учителя-предметники. Вводится вступительный экзамен по белорусскому языку в этих вузах” (с. 147). Так, не сакрэт, што на пачатку 1990-х набор студэнтаў на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры быў значна пашыраны, аднак пераважная большасць выпускнікоў апошніх гадоў цяпер па сваёй спецыяльнасці сталася незапатрабаванай, бо колькасць гадзін беларускай мовы і літаратуры ў школах была рэзка зніжана. Разам з тым, з 1996 году ў ВНУ краіны вернута абавязковае размеркаванне, таму няшчасным выпускнікам даводзіцца адпрацоўваць два гады, калі не настаўнікамі роднае мовы, дык хоць настаўнікамі фізкультуры (яны больш патрэбныя), або нават і выхавальнікамі ў дзіцячых садках.

Уражанне адноснай ідэалагічнай адстароненасці і гістарычнай аб’ектыўнасці дадзенага раздзелу манаграфіі канчаткова знікае пасля таго, як спадарыня Т. Салавянчык на с. 148 сцвярджае, што “наука в Беларуси стала развиваться только после установления советской власти” (?!) (с. 148).

Як і ў першай частцы манаграфіі, у другой таксама маюцца пэўныя памылкі, прычыну якіх мы сваім розумам не можам растлумачыць інакш, як невалоданнем літаратурнай мовай: “Незнание правильных регулярных образований характерно при употреблении названий детенышей животных: цыпленок — цыплянё, утенок — квачонак, качаня (с. 166). Даруйце, што ж няправільнага ў беларускім слове качаня? А напісанне па-расійску назвы цэнтральнай беларускай кінастудыі “Беларусьфільм” праз о“Белорусьфильм” (с. 167) можна растлумачыць хіба жаданнем аўтара выглядаць ісцінна рускім чалавекам.

Пасаж на с. 147 увогуле выклікае сумнеў у тым, што шматлікія рэдактары (і карэктары — калі яны ўвогуле былі) уважліва чыталі манаграфію. Цытуем цалкам: “В республике ведется большая работа по подготовке новых учебников, пособий, словарей. Издаются журналы “Беларуская мова і літаратура ў школе”, “Спадчына”, в которых публикуются многочисленные материалы в помощь учителю. Для учителей белорусского языка и литературы издана научно-методическая библиотечка, а для школьников — серия книг “Скарбы мовы” и “Народныя пісьменнікі Беларусі”. Подготовлены и утверждены новые учебные планы для общеобразовательных школ с русским и белорусским языками обучения, в которых увеличено количество часов на изучение белорусского языка в 6—7 классах. С 1989/90 г. предусмотрено изучение белорусского языка со 2-го класса в школах с русским и белорусским языками обучения. Для этого подготовлены необходимые учебно-методические пособия. Укрепляется также учебно-материальная база преподавания. Во всех школах города созданы кабинеты белорусского языка и литературы. По словам учителей, вырос интерес учеников к изучению родного языка и литературы. Уже три года подряд городская команда старшеклассников занимает призовые места на Республиканской олимпиаде школьников по белорусскому языку. Есть надежда, что в ближайшие годы языковая ситуация в республике изменится”. Зусім незразумела, які горад маецца на ўвазе. І прычым тут увогуле нейкі горад, калі гаворка ў даследаванні ідзе пра ўсю Беларусь. Здаецца, абсалютна заканамерна, што каманды старшакласнікаў пэўных гарадоў (ці раёнаў) займаюць прызавыя (як, зрэшты, і ўсе астатнія) месцы на Рэспубліканскай алімпіядзе старшакласнікаў па беларускай мове.

Апрача ўжо згаданых вышэй памылак і чыпятак, яны сустракаюцца таксама на с. 14, 15, 23, 53, 54, 108, 110, 121, 131, 134, 165, 220 (напрыклад, адсутнасць пазначэння мяккасці гуку [дз’] у транскрыпцыі, напісанне слова каралі праз рускае и, няправільная пастаноўка націску, пастаноўка дужак толькі з аднаго боку, напісанне слова беларуская з двума с і г. д.).

Аўтары манаграфіі маюць пэўныя праблемы не толькі з пісьменнасцю, логікай, веданнем гісторыі, але і з матэматыкай. Вось некаторыя прыклады блытаніны ў лічбах: “Так, на вопрос, какое из трех словосочетаний является правильным: Три белых облачка, Три белые облачка, Три белые облачки, 89 % реципиентов городских школ подчеркнули первое — Три белых облачка, т. е. выбрали правильное для русского языка словосочетание, но 12 % учащихся посчитали правильным Три белые облачки <…>” (с. 92). 89 % + 12 % = 101 % са 100 % магчымых, і гэта пры тым, што не ўказваецца, колькі ж працэнтаў школьнікаў выбрала трэцюю магчымасць — тады набралося б усіх 110 %. Яшчэ прыклад: “За указанный период почти в 6 раз снизилась численность поляков, считающих свой язык родным (с 48,6 (у названай табліцы, дарэчы, падаецца лічба 46,8 — Аўт.) до 13,1%)” (с. 237). Між тым, калі мы не памыляемся, 48,6 : 13,1 = 3,7. Чытаем далей: “Вслед за белорусскоязычными еврейские школы занимали второе место по численности: в 1928 г. — 209 человек, в 1929 г. — 224, в 1930 г. — 274, в 1932 г. — 221” (с. 241). Мо маецца на ўвазе колькасць не чалавек, а школ? Яшчэ прыклад: “Миграция из сел в города достигла значительных размеров — 42% (по данным на 1970 г.)” (с. 177—178). Зусім незразумела, што паказвае лічба 42%. Аднак найвялікшы перл трапіўся нам на с. 171: “Чаще всего численность организации 7,13 человек”. Каментар, думаем, непатрэбны.

Увогуле, кніжка вельмі павучальная. Па яе прачытанні мы ў чарговы раз пераканаліся ў слушнасці правіла, што ўсё добра ў свой час. Пераляжала кніга — лепей яе ўжо не чапаць. Калі ж вырашылі выдаваць, зрабіце ласку, прывядзіце матэрыял у адпаведнасць актуальнаму стану і сучасным патрабаванням, тройчы вычытайце (балазе на тое было 8 год), а тады ўжо сцвярджайце, што застарэлыя звесткі “нисколько не умаляют научный потенциал данной работы” (с. 4). Як на наш роздум, дык вельмі нават змяншаюць. А яшчэ больш змяншаюць яго абсурдныя агульныя фразы супрацоўнікаў вядучай даследчай установы краіны пра тое, што “Белорусский литературный язык — национальная гордость белорусов. …И все же наш прекрасный белорусский язык имеет право на жизнь” (с. 155). Дык не пакідайце ж мовы нашай беларускай!

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (18) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 06-10-2001