A R C H E | S k a r y n a | № 4 (18) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Генадзь Туровіч
|
Цалкам зразумелая заклапочанасьць аўтара сучасным станам беларускага грамадзтва, але засяроджанасьць, калі не сказаць зацыкленасьць аўтара на адных і тых жа зьявах (напрыклад, амаль што ў кожным сваім творы пісьменьнік узгадвае “апушчаных”) прымушае пісьменьніка таптацца на месцы. Пісьменьнік, што доктар, павінен ня толькі вызначыць дыягназ, але і прапанаваць лекі для вылечваньня хваробы. На жаль, у аповесьцях Ю. Станкевіча гэтага нямашака, ён засяроджвае ўвагу на праблемах і не паказвае выйсьця. Таму незразумела, навошта ён наагул пісаў свае аповесьці. Тое, што наша грамадзтва цяжка хворае, вядома было і да Ю. Станкевіча. І хварэць яно пачало не ў 1994 годзе, як падаецца многім, у тым ліку і празаіку. І ад таго, што пісьменьнік ужывае багата экзатычных словаў, лепей нам ня стане. “Псэўдапрэзыдэнт, псэўдадзяржава, псэўданацыя, псэўдалітаратура...” (с. 250—251) — гэта ўсё пра нас, а што далей? Ну, зафіксавалі мы на паперы розныя жудасьці, так, жывем дрэнна, а будзем жыць яшчэ горш, што далей? Дзе выйсьце з тупіка? Няўжо ў расізьме і барацьбе супраць засільля “чорных”? Зразумела, чаму прозай Дастаеўскага захапляюцца на Захадзе, чаму Мэрылін Манро гэтак марыла выканаць ролю Грушанькі з “Братоў Карамазавых”. Людзі спрабуюць зьмяніць сьвет, і раз-пораз у іншых краёх гэта ім удаецца, а нашае грамадзтва застаецца нязьменным, адкрытае для ўсялякіх прайдзісьветаў і шэльмаў, усялякай набрыдзі, якая запаланіла яго і гвалціць удзень і ўночы. Гэтая набрыдзь сталася нават сакрэтнай зброяй улады. Ёй адкрыта пужаюць Захад. Але самае складанае і цяжкае на нашай зямлі — зьмяніць чалавека. Мінаюць стагодзьдзі, а чалавек застаецца. Нейкім чынам яго прызвычаілі да тэхнічных выгод і іншых дасягненьняў заходняй цывілізацыі, але далучыць да агульначалавечых вартасьцяў немагчыма без мэтанакіраванай палітыкі ўлады. У гэтым сэнсе патас раману Ю. Станкевіча можна разглядаць як заклік да згуртаваньня найлепшых сілаў грамадзтва з мэтай нешта зьмяніць у лепшы бок. І калі у нейкага палітыка, што ідзе на выбары, нямашака ўласнай праграмы, хай прачытае кніжку Ю. Станкевіча, яна дапаможа яму ўбачыць некаторыя праблемы сучаснага беларускага грамадзтва — наркаманію, прававую безабароннасьць простага чалавека перад гвалтам міліцыянтаў, дэмаграфічную палітыку ўладаў, міграцыйныя працэсы, выміраньне людзей у раёнах, забруджаных радыёнуклідамі. Аповесьць “Рыфма” — не дэтэктыў, а ўсё тая ж простая канстатацыя факту. Аповед пра вельмі здольную ў мовах дзяўчыну, якая робіць спробу ажыцьцявіць мару беларуса — даказаць, што чалавек, які мае розум, знойдзе спосаб вырвацца з гэтай брыдоты, зьедзе на Захад і займее там прыстойнае (заможнае) жыцьцё. Такім чынам, адзіны сродак выйсьці ў людзі — мець добрыя веды. Вось якім чынам гераіня Ю. Станкевіча апавядае пра свае “ўнівэрсытэты”: “Мае бацькі сьпіваліся. Я ратавалася ў бібліятэках. Мне проста пашанцавала, што школа, куды я пайшла вучыцца, была побач, і ня простая, а спэцыялізаваная, з ангельскай мовай. Там вучыліся дзеці, якія зімой, у перапынак, елі апэльсыны, былі такія прыкінутыя, я маю на ўвазе іх вопратку, што мне было сорамна сядзець зь імі побач. За сябе, вядома. Я магла вызначыцца нечым іншым. Гэтым іншым была мова (тут і далей вылучана намі — Аўт.). Пасьля школы я ішла ў чытальную залю. У выхадныя — чытальная заля з раніцы. Да закрыцьця. Дома былі залётныя госьці, п’янь, тлум і бруд. Я сама вывучала мову. Перачытала шмат кніг. Я магу цытаваць з Хопкінса, Хаўсмана, Батлера, Эліёта, Рыльке” (с. 163). Рыльке, праўда, аўтар не ангельскі, а нямецкі. Гэтая памылка застаецца на сумленьні аўтара, як і пасаж пра зімовыя апэльсыны. Здаецца, ужо гадоў дзесяць гэта зусім ня дзіва, хутчэй гэты эпізод патрэбна разглядаць як уласна пісьменьніцкую настальгію па ня надта заможным дзяцінстве... Ня будзем рабіць камэнтару наконт таго, што нешта вельмі падобнае пісаў Я. Еўтушэнка ў “Ягадных мясьцінах”. Ну хай сабе, гэта невялікія прабелы, але ж чаму, калі яна мае магчымасьць чытаць у арыгінале, дык усе цытаты з Рыльке (с. 161, 165) па тэксьце прыведзеныя на расейскай мове безь перакладу на беларускую ці ангельскую? Заўважыў я і яшчэ адну паказальную памылку. “Грошы яны забралі, а пячатку пачалі круціць у руках і чыталі ўголас: “Бізнэсмэн Хведар Рыгоравіч Сак”” (с. 263). Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусі, на ёй павінен быць надпіс: “Прыватны (ці індывідуальны) прадпрымальнік Хведар Рыгоравіч Сак”, і ніякіх там “бізнэсмэнаў” нашае заканадаўства не прадугледжвае. Гэта, зрэшты, тыя рэаліі беларускага жыцьця, якія Ю. Станкевіч праз свае чорныя акуляры якраз не заўважае.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (18) – 2001 |
|
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |