A R C H E S k a r y n a № 4 (18) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2001.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (3-2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Даніла Жукоўскі
 
Пасткi на хайвэі постмадэрнізму


Аб’ектыўная, а можа i адзiная мера перспектыўнасцi — вольны рынак сусветнай грамадскай думкi. Аблiчча, якое мы дэманструем свету, пераважна правiнцыйнае. Тое, што нам гэта накiнулi, не падлягае сумненню, але не мяняе факту... На вольным рынку толькi нехта сапраўдны знойдзе прызнанне, i ўсе спробы падмянiць сусветныя стандарты чымсьцi iншым — цi то асветаю, цi хатняю другаснасцю — асуджаныя на няўдачу...

Рыгор Грабовiч, дырэктар Iнстытуту ўкраінскіх даследаванняў пры Гарвардскiм унiверсiтэце, ЗША

Думаеце, гэта здань? Можа i так, — сказаў Сiльвер, — але я не разумею аднаго. Мы ўсе чулi рэха. А хiба ж бачыў хто-небудзь, каб у зданяў быў цень? Дык адкуль тады ўзяцца рэху, калi не можа быць ценю? Не, хлопцы, так не бывае...

Р. Л. Стывенсан. Выспа скарбаў


1

Што за нялад такi ў Беларускiм каралеўстве, чаго бракуе беларушчыне, каб шырыцца i заваёўваць прыхiльнiкаў, што замiнае радаваць заўзятараў, якiя жыць без яе не могуць, але часцяком з прыкрасцю адкладаюць газету цi кнiжку замест таго, каб параiць яе сябрам i знаёмым? Адказ даць нялёгка, больш — адказы могуць рознiцца. Я хачу засяродзiць увагу чытача на адным аспекце справы: дачыненнях памiж аўтарамi ды аўдыторыяй.

Блукаючы па небагатых аазiсах беларускай публiцыстыкi час ад часу можна назiраць, як сярод бляклых фарбаў пустэчы раптам без дай прычыны шыбуюць угару раслiны нечуваныя, кiдкiя, запавядаючы радыкальныя змены. Але яскравыя кветкi хутка знiкаюць, прыгожае лiсце засыхае — i маем чарговы, знаёмы да болю, скручаны барацьбой з асяроддзем беларускi саксаул. Арыгiнальнасць i экстрэмiзм, што так уражвалi ў першае iмгненне, падаюцца пазней дзiцячым выбрыкам.

Бязглузда смелыя фармулёўкi i “небяспечныя” заклiкi. Уважлiвы чытач адразу адчувае: калi б нехта, крый Божа, пачаў дзейнiчаць паводле выказаных адважным аўтарам прынцыпаў, той апынуўся б у першых шэрагах напужаных i разгубленых. Як, для прыкладу, пачувалiся б сур’ёзныя дзядзькi i цёткi, што спрабуюць даводзiць нiжэйшасць расейскае мовы за мову беларускую, калi б iхнiя дзецi прынеслi са школы заданне напiсаць сачыненне на гэткую тэму?

інжынэр, публіцыст, жыве ў Горадні. Публікуецца ў газэце “Наша Слова” і бюлетэні “Трэці Сэктар”. Пашыраная вэрсія гэтага артыкулу зьмешчаная на Інтэрнэт-старонцы sektar.cjb.net.
   

Нашы экстрэмiсты перакананыя ў немагчымасцi ўласнае перамогi. Гэта надае iм смеласць то Пушкiна назваць “някепскiм паэтам”, то выкласцi ў газеце думкi пра iнтымнае жыццё калегi, то даць палiтычны прагноз, якi не мае дачынення да рэальнасцi, але спраўна працуе на ненавiснiкаў Беларусi. Калi няма сiлы, то ўсё дазволена — на словах — гэтакi дадатак да здабыткаў “някепскага пiсьменнiка” Дастаеўскага. Баль безадказнасцi!

Я назваў гэтую хваробу Сiндром Непераможнага Ворага (СНВ). Ейныя характэрныя рысы знаёмыя кожнаму, хто памятае нядаўняе савецкае мiнулае. Тады, каб аслабiць татальны цiск афiцыйнае дагматыкi, людзi тлумна кпiлi з яе. Адзiнае на той час выйсце. Сiтуацыя змянiлася, звычка засталася. Смех ёсць зброяй апошняга шанцу, эфектыўнай, калi небяспека вiдавочная i немагчымыя iншыя спосабы пратэсту. У iншых умовах ён прыпадабняецца да безадказнасцi. Корань лiха, я лiчу, у таемнай непавазе да сябе, у захапленнi сiлаю ворага, прыгажосцю i магутнасцю злога. Тая прыгажосць i моц кiдае барвовыя водблiскi на постаць змагара з iм, дадаючы каларыту ягонай мiзэрнасцi. Гларыфiкацыя ворага штурхае да адмовы ад сапраўднае барацьбы, да стварэння фантастычных праектаў, да спадзявання на цуд або да апакалiптычнага вiзiянерства.

Усё гэта скрайныя праявы хваробы, ейная вострая форма. У ёй маецца добры бок — “вынаходствы” лёгка заўважыць i пазнаць. Больш прыхаваныя, больш фундаментальныя праявы мае хранiчны варыянт СНВ. Цi iснуе, напрыклад, для чалавека з такiм светапоглядам псiхалагiчная магчымасць пагадзiцца калi-небудзь, што вораг не ёсць непераможным? Цi не лагiчны для яго пошук хаўрусу з “меншым” злом дзеля аховы ад “большага”? Гiсторыя даводзiць, што iдэалагiчна абгрунтаваная логiка можа часам перамагчы жыццёвыя рэалii, i чалавек памрэ ад смагi пасярод возера з “няправiльнаю” вадою. Небяспека фальшывых крокаў рэальная i для мастака, i для палiтыка, i для простага чалавека — выбаршчыка i спажыўца культуры.

Адным з яскравых (бо адным з найбольш шкодных) спосабаў хаўрусавання з д’яблам з найлепшых меркаванняў я лiчу некрытычнае ўслаўленне беларускiх арганiзацый, створаных акупацыйнымi нямецкiмi ўладамi ў другую сусветную вайну. “Яны так любiлi Беларусь, што пайшлi служыць да немцаў.” Няма горшага спосабу прапаганды патрыятызму, няма лепшага спосабу адштурхнуць чалавека ад беларушчыны, паглыбiць той раскол у грамадстве, якi кожны сапраўдны патрыёт, тым болей нацыяналiст, мусiць iмкнуцца зменшыць. Немагчыма растлумачыць захапленне лёсам няшчасных людзей, якiя апынулiся перад жудасным выбарам памiж дрэнным i горшым, акрамя як лiхаманкавым пошукам сiлы, здольнай падмацаваць падупалы ў змаганнi з непераможным ворагам, знявераны ва ўласных сiлах дух.

СНВ штурхае на шлях, запраграмаваны супрацiўнiкам, накiдвае няшкодныя для ворага спосабы барацьбы ў той час, калi адказ паводле сваiх магчымасцяў мог бы даць доўгачаканы плён. Шчыры аналiз сiтуацыi, у якой людзi бралi ўдзел у фармаваннях тыпу БКА, супакоiў бы душы i сумленнi тых, хто быў па абодвух баках фронту ды iхнiх нашчадкаў, i гэткiм супакаеннем было б дасягнута значна болей, чымся ўпартым эпатажам, той самаю да абсурду даведзенаю несавецкасцю, якая мiжволi прымушае захопленага такою гульнёю чалавека паблажлiва глядзець на тое, на што паблажлiва глядзець нельга. За захапленнем ворагам iдзе сакралiзацыя працэсу бясконцага змагання. Пытанне эфектыўнасцi змагання (i якасцi твораў) адыходзiць на апошнi план. Нягледзячы на бутафорскi характар дзеянняў немагчыма цалкам адкiнуць аўтэнтычныя звычкi вайны, перадусiм звычкi партызанскiя, падпольшчыцкiя, дзеля таго, што вораг непераможны. Закрытасць, недавер, бясконцая перасцярога, боязь незнаёмых людзей патрэбныя ў падполлi, але якая iхняя вартасць у культуры?

Пад уплывам СНВ адбываецца спецыфiчная пераацэнка вартасцяў. Змаганне з мэтаю шкодзiць ворагу фактычна адкідаецца, як немагчымае. Фармуецца асаблiвы вобраз iдэальнага барацьбiта: на першы план выходзiць рамантычны аспект, спрыяючы iдэалiзацыi самотнiка, вузкага кола аднадумцаў, абсалютызацыi выпрацаваных у малым коле вартасцяў, без выхаду на шырэйшыя, значныя для грамадства абагульненнi.

Пасля сустрэчы з маладымi прадстаўнiкамi “новае хвалi” беларускае культуры, рэдактарамі “ARCHE” і “Нашай Нівы”, я доўгi час не мог упарадкаваць свае ўражаннi, пакуль не знайшоў вобразу: партызанcкi атрад на варожай тэрыторыi. Вялiкая зямля так далёка, што яе нiбыта няма. Вакол дзiкi лес i варожыя засады. Нiякiх саюзнiкаў. Тыя, хто выходзiць на кантакт, — падазроныя па вызначэннi. Нават тыя, дзеля каго iдзе змаганне, падаюцца часам зданямi. Самотнае змаганне поруч з выжываннем. Людзi жывуць у паўтарамiльённым Менску, выдаюць газету, часопiс i лiчаць сябе прадстаўнiкамi еўрапейскае культуры (пра што будзе гаворка пазней), але iхняя свядомасць там, у лесе з назваю СНВ.


 
   

2.

Схiльнасць да прымiтывiзму, iдэйныя спрашчэннi ёсць простым шляхам да ўтопii, а далей — да таталiтарызму. Беларускi светапогляд без меры абцяжараны такою спадчынай i мусiць пашырацца за кошт нетаталiтарных канцэпцый. Яны мусяць утрымлiваць плюралiзм, павагу да iндывiдуальнага, прызнанне вынiкаў рынкавай канкурэнцыi (то бо выбару спажыўца), iмкненне да ўлiку нават супрацьлеглых iнтарэсаў.

У нас жа адбылася спецыфiчная мутацыя ў грамадстве: знiкла здольнасць i нават разуменне вартасці для грамадства кансенсусу i дыялогу. Апошняе дзесяцiгоддзе адбываецца трансфармацыя, выклiканая зменаю палiтычнага рэжыму i грамадскага ладу. Цiск улады на грамадства i творцаў зменшыўся, але яны, цалкам натуральна, дзейнiчаюць пад уплывам ранейшага досведу.

Сённяшнiя рэдактары з незалежных выданняў не могуць прэтэндаваць на ўладу, якую мелi колiшнiя з дзяржаўных. Але для iх з’явiлася iншая спакуса: вызвалiцца ад усiх забавязанняў, самавыявiцца ў абсалютнай свабодзе.

“Перабудова” выявiла найглыбейшы крызiс культуры беларускага грамадства. Знiшчаныя, лiчы, усе аўтарытэты (акрамя хiба класiкаў — Купалы, Коласа, Багдановiча). Дзеючыя пакаленнi творчае iнтэлiгенцыi апынулiся ў незайздросным становiшчы. Старэйшыя скампраметаваныя сваёю савецкасцю, адсутнасцю духоўнага супрацiву, малым наробкам вольнае культуры. (Прыгадаем у чарговы раз, што ў беларускай лiтаратуры амаль няма твораў з шуфляды, там iншы раз хаваюцца найбольш iдэалагiзаваныя тэксты — цiкаўным раю дзённiкi П. Панчанкi, надрукаваныя ў “Полымi” за 1998 год.) Маладзейшыя не падрыхтаваныя да ролi правадыроў нацыi, без традыцый вольнасцi, без канструктыўнае праграмы. Пачуццё адасобленасцi паглыбiлася пасля 1994 году з надыходам рэваншу. Творцы схiльныя лiчыць сябе цэнтрам сусвету, самотны творца — пагатоў.

Лозунгi постмадэрнiзму лёгка знаходзiлi дарогу да сэрцаў, спавiтыя прывабным вэлюмам “заходняе штучкi”. Першая спакуса “постмадэрнiзму” — iсцi лёгкiм шляхам. Навошта вырашаць праблему сталення нацыi сучаснымi сродкамi i катэгорыямi? Можна ўзняць “сучасную” тэму (прыкладам, гомасексуалiзм). Праблему сталення трэба вырашаць самім. Гатовага рашэння няма, бо амаль усе народы Еўропы (i не толькi) прайшлi гэта дзесяцiгоддзi (цi стагоддзi) таму. Другое можна перанесцi цалкам, амаль не перарабляючы, бо гэтым сёння занятыя людзi там, дзе праблемы iншага плану даўно прайшлi фазу першаснага развязання.

Няма забароненых тэм. Ёсць тэмы важныя, ёсць важнейшыя. Постмадэрнiзм робiць выгляд, што гэта не так.

Пытаннi нацыянальнага вызначэння закранаюць усiх насельнiкаў Беларусi. Але ўздымаць iх па-новаму — найцяжэйшая справа. Спакуслiва абысцi перашкоду дужа сучасным спосабам.

Постмадэрнiзм па маiм меркаваннi — адна з тэхналогiй дасведчанае культуры, якая зужыла iншыя сродкi, апрацавала сваю нiву (то бо сваё грамадства), даследавала традыцыйнымi спосабамi ўсё i, адчуўшы невычэрпнасць пазнання, спрабуе неразвязаныя таямнiцы адолець новым прыёмам. Дадаючы да творчага арсеналу адну маленькую прыладу, постмадэрнiзм стварае шматлiкiя спакусы. Iдэя зыгнараваць звыклую iерархiю мае глыбокi сэнс, але ўжываць яе трэба з розумам: лёгка прыпадобiцца да лекара, якi робiць пацыенту касметычныя працэдуры, калi таго трэба цягнуць на хірургічны стол. Выданнi поўняцца творамi малых жанраў, але вялiкiх амбiцый. Дзённiкавыя запiсы, падарожныя нататкi, абразкi, афарызмы... Бiзнэсмен-лiтаратар дае вострыя характарыстыкi не толькi жывым братам па варштаце, але й класiкам сусветнае лiтаратуры. Дужа рэвалюцыйны шмат у якiх пытаннях паэта публікуе падрабязнасцi асабiстага жыцця калегаў, за якiя класiкi забiлi б яго на дуэлi цi без яе. Жанр, прызначаны выключна для дужа аўтарытэтнага чалавека, стаў здабыткам шырокiх пiсьменнiцкiх масаў. Сапраўднае ж крытыкi страшэнны дэфiцыт. Такое ўражанне, што ў большасцi аўтараў своечасова нешта ампутавалi, i яны няздольныя да крытычнага думання. Для iх iснуюць толькi два спосабы ацэнкi: для сваiх — стос камплiментаў, для чужых — агульнае адмаўленне. “Шэдэўраў я не пабачыў”, — заўважыў калiсьцi вядомы бард-журналiст. А цi парупiўся ён пераканаць нас, што мае да гэтага здольнасцi? Калi меркаваць па ягоных творах — хутчэй наадварот. Сваiм правяць такiя камплiменты, што дзiвуешся. Карцiць прывесцi прыклады, але лепей стрымацца. Важна, што оргiя ўзаемнага задавальнення не ўлiчвае наяўнасці трэцяга боку — чытача, спажыўца.

Часам пры чытаннi цi слуханнi чарговага опусу з’яўляецца адчуванне, што з цябе здзекуюцца, робяць з цябе дурня. Невыпадковае адчуванне: грамадства, хочацца каму цi не, мае выпрацаваныя жыццём вартасці. Калi ж хто насмiхаецца цi здзекуецца з iх, то трэ папрацаваць, каб пераканаць чалавека, што ўсё робiцца яму на карысць.

Пры чым тут увогуле постмадэрнiзм, скажа нехта. Хiба гэтак нельга паводзiцца пры сацрэалiзме, класiцызме цi рамантызме? Хiба гэта нельга назваць уласным iмем — бойкай правiнцыйных снобаў за манаполiю? Натуральна, што можна. “Постмадэрнiзм” — маскiровачная сетка. Штука ў тым, як выдатна ён надаецца для гэтае ролi. Местачковасцi ён стварае фiласофскi базiс, маразму дапамагае выглядаць творчым пошукам, непавагу да чытача выстаўляе клопатам пра ягонае культурнае развiццё. У сённяшнiх умовах даволi лёгка кiнуць з высока ўзнятаю галавою непадмацаваную думку (прыгожа гэта робiцца ў “Вострай браме” — пад гукi велiчнае мелодыi).

Нескладана арганiзаваць, каб не было як публiчна аспрэчыць гэтую думку (чытайце ў “Нашай Ніве” адказы на лiсты на апошняй старонцы: “Наша меркаванне не супадае з вашым”. Усё. Кропка). Цяжэй растлумачыць, чым гэта рознiцца ад практыкi вядомых, зусiм не прагрэсiўных, колаў. Постмадэрнiзм служыць рэцэптам у такой патрэбе.

Трэба перастаць хавацца за постмадэрнiзм i звярнуцца да вырашэння даўно наспелых праблем. Неабходна пагадзiцца з тым, што на highway постмадэрнiзму нельга трапiць, абмiнуўшы тракт Багушэвiча. Не трэба нiчога адрынаць. Калi новы арсенал дапаможа — выдатна. Калi не — абмяжуемся старым. Але праблемы мусяць быць вырашаныя. Бо, як казаў апостал, “калi Хрыстос не ўваскрос, то й вера нашая дарэмная”.

Беларускiя пiсьменнiкi мусяць звярнуцца да патрэбаў грамадства. Распаўсюджаная дзiўная думка, быццам яны абслугоўваюць вёску. Цi ж вясковыя дзецi не хочуць чытаць прыгоднiцкiя кнiгi? Цi грэбуюць вясковыя падлеткi фантастыкаю? Цi дарослыя пагарджаюць дэтэктывам, любоўным раманам? Чаму ж тады беларускiя пiсьменнiкi, якiя iх нiбыта абслугоўваюць ужо не адно пакаленне, не зрабiлi амаль нiчога ў гэтых жанрах? Чаму сёння не робяць? Заклiкi ствараць творы для масавага чытача — неад’емны атрыбут кожнай дыскусii пра беларускую мову, дзе бярэ ўдзел хаця б адзiн “чалавек з вулiцы”, спажывец культурнага прадукту. А што ж пiсьменнiцкая грамада? Маўчыць.


 
   

3.

Увесь гэты “постмадэрнiзм” маладых, гэтаксама як дэманстратыўны традыцыяналiзм старых, ёсць сублiмацыяй прыгнечаных СНВ жаданняў. Гэта тая ж хвароба: iмкненне ўхiлiцца ад непрыемных чыннiкаў змушае творцаў дэфармаваць iдэi так, што губляецца грамадскi рэзананс, а значыць, змяншаецца небяспека. Гэтая тактыка ў апошнiя гады пазбавiлася рэшткаў апраўдання.

Раней улада трымала ўсiх у рызах, але з меркаванняў прэстыжу лiчыла неабходным кармiць. Цяпер яна дазваляе больш свабоды, але адмаўляецца фiнансаваць жыццядзейнасць свабодных творцаў. Асцярожная форма губляе сэнс, калi гаварыць пра стаўленне дзяржавы, i ўплывае згубна, калi гаварыць пра спажыўца — адзiны грунт творцы дзеля апраўдання iснавання i дзейнасцi. Спажывец хоча, як хацеў раней, каб мастацтва задавальняла ягоныя патрэбы, адказвала на балючыя пытаннi, закранала душу. Раней ён лiчыў, што творца раздзiраецца памiж сваімi жаданнямi i патрабаваннямi ўлады, i таму з удзячнасцю лавiў нат асобнае смелае слоўца. Сёння, разгортваючы незалежнае выданне, ён хоча, каб яно арыентавалася на яго i толькi на яго. Яму незразумела, ад каго хавае аўтар свае сапраўдныя думкi.

Беларускай культуры трэба засяродзiцца на пошуку апiрышча. Якая сацыяльная група будзе падтрымлiваць новую беларускую культуру? Трэба тэрмiнова адказваць — словам i справай. Праблема грунту пад нагамi iстотная для ўсяго беларускага руху. Мне ўяўляецца фiгура “беларуса”, якi абапiраецца на дзве аддаленыя адна ад адной кропкi: традыцыяналiсцкую (з мянушкаю “вёска”) i авангардысцкую (з мянушкаю “моладзь”). Памiж iмi большасць насельнiцтва з мянушкаю “балота”. Без апоры на народныя гушчы рух немагчымы, але стоячы трываць можна. Бяда толькi, “вясковая” купiна паступова раствараецца ў навакольным “балоце”, i хутка “беларус” будзе стаяць на адной назе, як бусел. Авангардысты — асяроддзе капрызнае, утрымацца на iхняй купiне будзе складана.

Прыклад з галiны, што ў апошняе дзесяцiгоддзе развiвалася цi не найбольш дынамiчна: гiстарычныя веды. Зроблены велiзарны крок ад забыцця i замоўчвання пэўных тэм i постацяў нашае мiнуўшчыны да iхняе прэзентацыi шырокiм колам. Вiдавочныя змены да лепшага. Але ж... Названыя нiжэй часавыя межы, безумоўна, будуць рознымi ў розных людзей, але з’ява закранула амаль усiх, хто меў адпаведныя зацiкаўленнi.

Спачатку, недзе да 1992 году, усё, што тычылася беларускае гiсторыi, чыталася нагбом. Кожны артыкул быў адкрыццём, факт — падзеяй. Мiнуўшчына набiрала больш акрэсленыя рысы, засялялася выдатнымi асобамi. Пачалi з’яўляцца новыя пытаннi: ужо не “хто?” i “што?”, але “як?” i “чаму?”. На гэтыя пытаннi здавальняючых адказаў за ўсе гады з’явiлася вельмi мала.

У беларускай культурнай дзейнасцi з зразумелых прычынаў непрапарцыйна шмат месца мае першасная iндактрынацыя i асветнiцтва. Гэта ледзьве не ўсё, на што свядомыя беларусы былi здатныя ва ўмовах уцiску. Зразумела i даравальна. Iншая справа, у свядомасцi беларускай грамады амаль не прысутнiчае разуменне, што такая практыка заганная, што яна ставiць пад пытанне наша права звацца нацыяй.

Сапраўдная, але збольшага патэнцыйная, база беларушчыны — не мiфiчная вёска i не менш мiфiчная моладзь. Гэта сярэдні клас, што складаецца з культурных людзей, якім недастаткова простых адказаў на складаныя пытаннi, прапанаваных ім мас-культурай. Гэтыя людзі патрабавальныя. Да іх трэба звяртацца сур’ёзна, з поўнаю самааддачаю. Яны патрабуюць сапраўдных сэнсу i пачуцця, бо ў іх ёсць выбар: яны могуць шукаць задавальнення сваiх патрэбаў па ўсiм свеце. Iмiтацыi іх адстрашваюць.

Творцы нашыя схiльныя да нарцысiзму. Яны так шмат увагi аддаюць сабе i сваiм калегам, што часам забываюцца на навакольны свет. А потым, схамянуўшыся, крычаць “Бяз нас! (краiна жыве — Аўт.)” i сыплюць недарэчныя папрокi сабе ды iншым: “Калi фармавалiся iдэi Адраджэньня (Iдэальнай Беларусi), хiба можна было ўявiць сабе такую канцэпцыю Беларускай Дзяржавы, якая б адначасна спалучала ў сабе плён савецкай, супольнай беларуска-расейскай i нацыянальна-гiстарычнай спадчыны. Хiба што як здзек тады магла быць успрынятая прапанова задзiночыць у межах аднаго дыскурсу ВКЛ i БССР, Слуцкае паўстанне i савецкую партызанку, Астроскага i Жукава, Рэч Паспалiтую i СССР, Скарыну i трактар “Беларусь”, Грунвальд i вясну 45-га, Дамейку i Чэрскага...”, — як піша Валянцін Акудовіч у артыкуле да 10-годдзя аднаўлення “Нашай Нівы”. Хiба можа быць плённым для грамадства дыскурс, якi не спалучае гэтых нiбытных антыномiй? Хiба наша нацыянальна-гiстарычная спадчына не ўтрымлiвае ў сабе ХIХ i ХХ стагоддзяў? У савецкiя часы выключалi адну палову спiсу, у парыве вызваленчых эмоцыяў — другую. Гэта нармальна — для групы пад уплывам эмоцый. Для элiты нацыi — не. Калi жарсцi прыцiхлi, трэ было працаваць, каб сiнтэз таго, што гiсторыя незваротна спалучыла ў жыццi, адбыўся і ў галовах. Не зрабiлi. Не адчулi неабходнасцi. Не пачулi заклiкаў перакiнуць масток памiж незалежнасцю і кілбасою (а колькi было тых заклiкаў!), мовай i дабрабытам, Скарынам i масавай культураю. Грунвальд i вясну 45-га не раз згадвалi разам як прыклады змагання з немцамi. Але мусiць ініцыятары гэтага “блюзнерства” не ўваходзяць у “Мы” Валянцiна Акудовiча.

Не завязаўся шырокi дыялог, i кандыдаты ў iдэолагi засталiся кожны на сваёй купiне са сваiм экстрэмiзмам. А для мяне няма безданi памiж Дамейкам i Чэрскiм.

Сёння сп. Дынько заклiкае да стварэння мастацтва супрацiву. Добры заклiк. Голы пратэст малапрыдатны. Нельга апеляваць толькi да разбуральных памкненняў. Мастацтва мусiць арыентавацца на стварэнне ў грамадстве новае якасцi шляхам задавальнення патрэбаў: старых i тых, што паўсталi ў новай сiтуацыi. Ён пiша: “Перад сучаснай беларускай культурай стаiць шэраг задач. Задача “разьдзяржаўлiваньня” культуры, падтрымкi незалежнай iнiцыятывы. Таксама — праца па запаўненьнi лякунаў, што ўтварылiся ў вынiку саветызацыi: толькi карпатлiвай будзённай працай, ад перакладу сусьветнае клясыкi на беларускую мову да распрацоўкi новых навучальных курсаў, можна дабiцца культурнай паўнакроўнасьцi. Важна таксама пераадолець палiтычны нiгiлiзм, тую алергiю мастацтва на палiтыку, што выпрацоўвалася як рэакцыя на савецкi iдэалягiчны прымус. Нагвалт патрэбная ангажаванасьць дзеячаў культуры ў грамадзкiя справы. На парадку дня стаiць стварэньне мас-культуры. Ад яе будзе залежаць ня толькi самааздараўленьне культурных мэханiзмаў як такiх, унезалежненьне iх ад дзяржаўнага кантролю, але i, напэўна, умацаваньне беларускай дзяржаўнасьцi”.

Я маю намер дадаць некалькi сваiх пажаданняў творцам. Перш за ўсё — сцiпласцi. Разумення таго, што аўдыторыя не саступае iм у адукацыi i мастацкiм гусце. Большай увагi да спажыўца (як казаў Л. Баршчэўскi, пiсаць трэба не для народу, а для чытача). Аўдыторыя ў нас не распешчаная. Гэта даводзiць фенаменальная папулярнасць твораў У. Караткевiча. Нягледзячы на фантастычнасць i вiдавочную ўтапічнасць некаторых ягоных гiстарычных канцэпцый, Караткевiч зрабiўся культавай фiгурай для сведамых беларусаў, а пэўныя падкрэслена несавецкiя аўтары выклiкаюць хутчэй неразуменне, а то й агiду.

Я заклiкаю творцаў мацаваць i дасканалiць сваю нацыянальную свядомасць. Лічыцца, шго ў беларусаў у цэлым яна слабая, але ў творцаў-нацыяналiстаў моцная. Гэта памылковае меркаванне. У апошніх яна таксама слабая. Калi параўнаць моц карпаратыўнай салiдарнасцi i братнiх пачуццяў да сваiх супляменнiкаў, то першае ў 999 выпадках з 1000 будзе мацнейшым. Гэта норма для беларусаў (тыя, хто служыў у савецкiм войску, лёгка прыгадаюць, што толькi дзве нацыi не гуртавалiся па нацыянальнай прыкмеце: расійцы i беларусы). Гэтую норму трэба змянiць.


 
   

4.

Мацнейшая нацыянальная свядомасць будзе падштурхоўваць творцаў больш цвяроза ацэньваць дзейнасць сваiх калегаў прынамсi публiчна, у друку, i прыслухоўвацца да спажыўцоў, нават калi яны кажуць непрыемнае. Мы, беларусы, маем супольныя праблемы, iх нельга вырашыць для нейкае групы, не вырашыўшы для ўсяе нацыi. I ёсць падставы меркаваць, што нацыi гэта па сiлах. Каб дасягнуць вышэйпамянёнай “культурнай паўнакроўнасцi” шмат трэба зрабiць і збольшага вядома, што. Пытанне, як гэта рабiць, чаму гэта не робiцца? I вось тут мне прыгадваецца славуты аргумент Джона Сiльвера. Менавiта Рэха i ёсць той нястачай. Рэха — водгук, якi мусiць мець падзея, каб стацца падзеяй, каб адчуць, што слова трапiла паводле прызначэння. Як караля стварае атачэнне, так культурным i iншым справам дае жыццё грамадскае рэха. (Для беларусаў гэта заўжды было праблемай. “Людзьмi звацца!”, “А хто там iдзе?”, “Я ж цiха йграю, хто ж цiхiх прымеце?”, — цi гэта не прага водгукаў, цi не пошук рэакцыi атачэння?) Рэха няма, калi вакол крынiцы гуку няма аб’ектаў. Дзiўна цi не, але Ю. Станкевiч у “Крынiцы” прапанаваў менавiта такi выраз: Вялiкая Iнтэлектуальная Пустэча.

Наймацней гэта б’е па тых, чые словы гiнуць без знаку ў наваколлi, i выклiкае шэраг хваравiтых рэакцый. Лягчэй за ўсё заўважыць празмерную вастрыню некаторых выказванняў, непатрэбную правакацыйнасць. Чалавек не хоча заставацца без рэха i пачынае завастраць фармулёўку, крычаць, вырабляць розныя штукi, каб прыцягнуць увагу. Гэта не толькi праявы безадказнасцi, пра што гаварылася раней. Я схiльны бачыць у такiх публiкацыях акт адчаю спакутаваных без Рэха людзей.

Наўпроставым наступствам нястачы Рэха з’яўляецца, мiж iншым, страта творцамi пачуцця маштабу. Сталыя рэпéры стварае толькi жывая аўдыторыя, здольная жвава рэагаваць. Iнакш не могуць iснаваць крытэрыi грамадскай вартасцi i мастацкай якасцi! Акцэнты змяняюцца пад уплывам чыннiкаў, што дзейнiчаюць у межах вузкага кола i, непазбежная ў прынцыпе, неадпаведнасць памiж iм i аўдыторыяй павялiчваецца да непрымальных памераў. Дыспрапорцыi робяць творчую прадукцыю нецiкавай. У нармальнай сiтуацыi скрыўленні былi б пастаўлены на вартае iх месца, але тут яны без перашкод набываюць статус творчых ды грамадскiх з’яў – і паспяхова адстрашваюць людзей ад беларускага слова.

Заканамерная сцяна неразумення, што iснуе памiж “ахопленымi беларушчынай” i “несазнацельным населенiем”. Каб пачаць чытаць па-беларуску, патрэбны стымул. Пакуль чалавек не зацiкавiўся, ён не ведае, а таму i не ўлiчвае i не паважае беларускiх справаў. Няма розгаласу — няма цiкавасцi — няма суперажывання. Iншымi словамi — усяго таго, за што нiбыта змагаецца беларуская грамада. Я не бачу такой спакусы, якая прымусiла б расійскамоўных жыхароў Беларусi тлумна iсцi да Беларушчыны, каб, так бы мовячы, не адстаць ад жыцця. Так было ў свой час з творамi Караткевiча, здараецца — з творамi Быкава, але гэтага мала, каб прыцягнуць увагу патрэбнай колькасцi людзей да культуры, пазбаўленай Рэха.

Развiццё беларушчыны iдзе дрэнна, i гiстарычны досвед тлумачыць, што вынiкам такога стану будуць вялiкiя непрыемнасцi.

Польскi даследчык Павел Ясянiца пiша пра гэта ў эсэ “Польская анархiя”, аналiзуючы прычыны згубы Рэчы Паспалiтай у XVIII стагоддзi. Пiша з забойчай дакладнасцю: “... Так званы жыццёвы i палiтычны рэалiзм часам нагадвае слепату. Хворыя на яго людзi не заўважаюць вiдавочнага, таго менавiта, што гуманiстыка ёсць магутнаю сiлай, здольнай займаць пазiцыi, абсалютна недасяжныя для палiтыкаў, генералаў i тэхнакратаў. Таго, хто стварае i раздае культурныя вартасці, паўсюдна цэняць. Такому народу лягчэй прабачаюць, дапамагаюць, цяжэй пагаджаюцца з ягонай крыўдай... Свет прызвычаiўся лiчыць, што ў краi надвiслянскiм ды наднёманскiм нiчога вартага не паўстае. Калi ж можна без Польшчы абысцiся ў культуры, дык гэтак жа лёгка можна i на палiтычнай карце”.

Вызначаная панам Грабовiчам (глядзi эпiграф) задача пераарыентацыi элiты нацыi з парадыгмы выжывання да парадыгмы развiцця ў Беларусi не выконваецца. З гэтай прычыны культура наша сёння ў стагнацыi, i менавiта культура, зразуметая ў шырокiм сэнсе, i цягне сёння на дно беларускую справу. Такiя ў яе вага i кошт. Прачытаўшы ўсё вышэйсказанае, шмат хто, магчыма, скажа абурана: “Ды мы ж пра гэта колькi думалi, начэй не спалi, сэрца сабе ірвалi! А нас тут папракаюць”. Не пра тое гаворка. Патрабуецца Рэха, публiчная дыскусiя на вачах досыць шырокай зацiкаўленай аўдыторыi. I трэба выконваць правiлы гульнi.

Дыскусiя мусiць iсцi публiчна i наконт вядомых грамадскасцi фактаў, усе бакi павiнны разглядацца як роўныя i г. д. Iмiтацыi, накшталт вядомых адказаў на лiсты ў “Нашай Ніве”, дзе чытач бачыць толькi катэгарычны водгук i па iм змушаны меркаваць пра твор, непатрэбныя i шкодныя.

Патрэбна пэўная абазнанасць з думкамi калегаў i гiстарычнае вымярэнне. Не варта рабiць выгляд, што аўтар першым у свеце ўзняў нейкую праблему i адразу ж вычарпаў яе дарэшты. Я б зарызыкаваў такую параду: кожны аналiтычны артыкул мусiць утрымлiваць некалькi цытатаў iншых аўтараў — проста для стварэння рэха. Выдатна было б, каб калегi нагадвалi аўтарам iхнiя ранейшыя заявы i цверджаннi. Гэта зрабiла б рэвалюцыю ў нашай палiтычнай думцы, дзе прароцтвы толькi зрэдку бываюць правiльнымi, але амаль заўсёды фармулююцца надзвычай катэгарычна.

Асаблiвасцю метаду дыскусii (або дыялогу) ёсць дадатковыя магчымасцi: паводле сваёй прыроды дыскусiя асвятляе больш за свой непасрэдны прадмет. Абмяркоўваючы досыць нявiнную справу, напрыклад, асабiстае жыццё нейкага беларускага магната, можна без праблем асвятлiць розныя пытаннi гiсторыi Рэчы Паспалiтае. Абы ставала квалiфiкацыi. Можна ў гаворцы пра беларускi жывапiс ахапiць i разрабаванне расійцамi беларускiх збораў, i асаблiвасцi нашага Мастацкага музею, i адсутнасць галерэяў у абласных цэнтрах, i Бог ведае што яшчэ. Абы стала iмпэту.

Людзi, якiя выказваюцца публiчна, сваiм прыкладам вучаць iншых цiкавiцца беларускiмi справамi. Дзеля гэтага iм самім трэба вызначыцца: цi ёсць у iх самiх такая цiкаўнасць. Стаўленне да ўзнятае праблемы адчуваецца адразу. Дрымотныя перыяды вядомага палiтолага на Радыё “Свабода” не могуць выклiкаць у слухача ўздыму нацыянальнага пачуцця з прычыны свайго гучання. Яны не выклiкаюць мабiлiзацыi, бо не разлiчаныя на водгук. Трэба вучыцца, трэба распрацоўваць метадалогiю развiцця дыялогу. У iдэале кожны арыгiнальны беларускi твор мусiць мець некалькi публiчных водгукаў. Безумоўна, пакуль усё гэта чыстая мара. Але рацыянальная мара. Гэта не панацэя. Наяўнасць Рэха, або — без метафар — дыскусii ёсць неабходнай умовай нармальнага развiцця. Iснуе безлiч iншых рэчаў, якiя таксама патрэбныя, але яны працуюць слаба, калi няма жывой размовы пра iх. Толькi дыскусiя можа абудзiць беларускую грамадскасць, дапамагчы вызначыцца з аўтарытэтамi, мэтамi, сродкамi, адным словам — стварыць для беларусаў рэальны шанс на мадэрнiзацыю i адраджэнне.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (18) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 06-10-2001